epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

"Уздыхае цяжка конь стрыножаны..."

Уздыхае цяжка конь стрыножаны,

Быццам кенгуру,

раз-пораз скокне...

Ён адзін цяпер

на лузе скошаным

Пад асенняю імжакай мокне...

 

Дзе сябры з іх крутагрудай сілай,

Што аж ніцма клаліся ў скаку?

Дзе яна, пужлівая кабыла,

Што, дзіця ратуючы, зрушыла

Горла ненажэрнаму ваўку?

 

Дзе табун —

круты цыганскі табар,

Што начамі цёмнымі не раз

У клубок збіраўся

слухаць,

мабыць,

Хлапчукоў віхрастых ля кастра?..

Уздыхае цяжка конь стрыножаны,

Быццам кенгуру, раз-пораз скокне...

Ён адзін цяпер на лузе скошаным

Пад асенняю імжакай мокне...


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 52
Крыніца: скан