epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Вясновая лекцыя

На дварэ ківаюць ліпы веццем,

Быццам клічуць выглянуць з акна,

Уздыхнуў не ў жарт студэнт на лекцыі

І сказаў задумліва: «Вясна-а!»

 

І такая ў слове была радасць,

Што цяплом кранула ўсіх яна.

Нават лектар перарваў тыраду —

Паспяшыў пацвердзіць: «Так, вясна».

 

Ручкі ўбок — парушана маўчанне,

Нібы ветру наляцеў парыў.

І сівы прафесар пра каханне

Раптам з пачуццём загаварыў.

 

Аб сваёй прыпомніў маладосці

І аб самай памятнай вясне...

На ягоных скронях, мне здалося,

Пацямнеў тады бліскучы снег.

 

Пра любоў у захапленні лектар

Гаварыў, а сам — бы маладзеў...

І шкада, што з нас ніхто ў канспекты

Гэты вось не запісаў раздзел.


1958?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 127
Крыніца: скан