epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Вясны характар

У поле выйдзі — парацца узгоркі

Ад веснавога мяккага цяпла...

Як гаспадыня рупная, уборку

Вясна ў прыродзе смела пачала.

 

Бяліць абрусы счэзлыя сабрала,

Каб замяніць іх зыркім дываном,

На вербы панавешала караляў —

Бліскучым надарыла серабром.

 

Працерла неба мяккай ватай хмараў,

Сыпнула сінькі ў чорныя віры

І з клопатам аб закаханых парах

Пайшла расціць пралескі у бары.

 

А тут наспела і за фарбы брацца

І падсушыць шырокія палі...

Як многа у вясны клапот і працы,

Каб даць жыццё абуджанай зямлі.


1960?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 133
Крыніца: скан