epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Весялуха

Весялуха, весялуха,

Ці на дождж, ці на суха?

Дзіцячая прымаўка

 

Не вясёлка — пэўна ж весялуха!

Пад тваёй дугой, крутой, выноснай,

Столькі срэбраных званочкаў

заліваецца...

 

Ты дачка дажджу і сонца, весялуха,

Хрэсніца сівога перуна

І маланак родная сястра.

Дзецям адкажы —

яны ж пытаюць,

Ці сваё вязьмо развяжа сонца,

Ці шнуркі распусціць дождж ізноў.

Прамаўчала, звонка пакацілася

Весялуха за гарбаты лес...

На пытанне адказала сонца.


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 84
Крыніца: скан