epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

"Вёску бралі без бою..."

Вёску бралі без бою —

Вёску бралі з болем.

Вёску бралі раніцай спелай —

Вёска ж ноччу трывожнай чарнела.

Дуб старэчы за суткі высах —

Асыпаў сівізну сваю прысак...

І стаялі счарнелыя печы

З пераваранай бульбай,

З выкіпеўшай капустай,

З акамянелым хлебам,

З падгарэлымі дранікамі

І яшчэ, яшчэ з нечым...

Вёску бралі без бою —

Вёску бралі з болем.

Не бывае салёнага дажджу,

Пот салёны бывае...

Па зямлі я палескай хаджу,

З нетраў слова сваё здабываю.

Я збіраю крышталь зімой,

Ізумрудам дзіўлюся летам...

Ходзіць поруч надзея са мной —

Мне хоць крышку б знайсці

самацветаў.


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 62
Крыніца: скан