epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Вышыня

Спыніўся я на вуліцы шумлівай:

На плечы бацька хлапчука падняў,

Заліўся той усмешкаю шчаслівай,

Глядзіце, моў, якая вышыня.

 

...Ён хутка сам на дрэва узбярэцца,

Свавольнае малое хлапчанё,

Як птушка ў клетцы, затрапеча сэрца,

Захопленае гордай вышынёй.

 

А калі першы раз убачыць горы,

З вяршынь аслепіць снегу чысціня,

Тады ў вачах яго заззяюць зоры,—

Дык вось яна якая, вышыня...

 

Дарослым, можа, сігане пілотам,

Разбудзіць у міжзор’і цішыню.

І з-за аблокаў, пэўна, з самалёта

Жаданую адчуе вышыню.

 

А покуль што на вуліцы шумлівай

На плечы бацька хлапчука падняў,

Няўцям малому ў гэты дзень шчаслівы,

Што ўперадзе жыццё ўсё — вышыня.


1957?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 115
Крыніца: скан