epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

"З дому ліст..."

З дому ліст...

А на ім — дзіцячая ручка

І каракулі —

«ТАТА...».

О як такі ліст хваляваў

Франтавога салдата!

Можа, сёння,

як пушча, зарослы геолаг

Атрымаў

вось такое ж пісьмо...

О колькі цяпла

прынесла яно!

І марозны палярнік

сагрэты таксама:

На лісце ж —

ручка малога сынка,

Яе абвяла старанна

мама,

Маміна ласкавая рука...

Просяць рукі дзіцячыя

проста

Скараціць хутчэй усе ростані.

Ды зрабіць гэта

нельга татам —

Ім трэба быць салдатамі,

Ім трэба плаваць па моры,

Варочаць горы,

Пакараць неба...

Ім многае, многае трэба!

Як праменьчыкі ў час дакукі

Для іх пісьмы,

дзіцячыя рукі...


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 77
Крыніца: скан