epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

З пуцёўкай камсамола

Зноў кліча хлеб цалінны ураджаем,

Зноў у дарогу клічуць цягнікі.

І зноў з цаліннай песняй ад’язджаюць

У далёкі шлях дзяўчаты, юнакі.

 

На лета стэп ім стане блізкім домам,

Усіх сустрэне, як адну радню:

І тых, хто быў па працы ўжо знаёмы,

І тых, каго пазнае ўпершыню.

 

Яны прастор абудзяць шматгалоссем,—

За працай песням тут заўжды звінець...

Пшаніца ў рост паклоніцца калоссем,

Налітым сонцам і цяжкім, як медзь.

 

Тут, брат, адкінь папрокі ўсе на стому,

Працуючы да ночы ад відна,

Бо ведаў кожны шчэ тады ў райкоме,

Што не прагулка гэта — цаліна!

 

Здабудзе сілу тут нат самы кволы

З рыдлёўкаю на залатых таках...

Зноў кліча хлеб. З пуцёўкай камсамола

Зноў маладосць імкне ў далёкі шлях.


1957?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 118
Крыніца: скан