epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Залаты акрайчык

Хлеб,

дажджамі дбайна паліваны,

Сонечнай спазнаўшы цеплыні,

Боханам духмяным,

паліваным

Лёг на стол

на белены ручнік.

Пёкся ў печы

на гарачым подзе

На далонях

клёнавых лістоў.

Адчуваю ў ім

дубровы подых,

Чуецца мне шэпт жытоў.

Тых жытоў,

што коцяцца бязмежна

Што не злягуць

У нядобры дзень...

Я акрайчык залаты адрэжу,

Прытуліўшы бохан да грудзей.

І маленства выплыве заранак,

І матулі ўспомніцца наказ,

Што акрайчык

нельга есці нанач,

Каб нідзе ніколі не блукаў.

Не, не заблуджуся,

вер мне, мама,

На пагорках бурнага жыцця,

Адшукаю сцежку,

выйду прама

На шырокі, як вясна,

прасцяг.


1964?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 105
Крыніца: скан