epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Замежнаму турысту

Калі ты з чыстым сэрцам з-за мора

Завітаў у мой сонечны Мінск,

Я гатоў паказаць табе горад

І з яго пазнаёміць людзьмі.

 

Ім, як пчолы, руплівым, старанным,

Здзейсніць подзвіг любы па плячы.

...Над сталіцай займаецца ранак,

«Мінскі вальс» задуменна гучыць.

 

Пра зялёныя паркі, алеі,

Дзе мядовыя ліпы цвітуць...

Тут ад водару проста хмялееш,

І становішся лірыкам тут.

 

Бачыш, кранаў у небе багата —

За паверхам кладзецца паверх.

Іншы з вашых бубніць:

«Прапаганда...»

Прапаганда!

Такая — не грэх.

 

Пра зубра беларускага чуў ты!..

Ён жыхар нашай пушчы старой.

Паказаць бор сасновы хачу я —

Тут не злічыш сталёвых зуброў.

 

Я гатоў расказаць табе многа —

Ты запомніш не ўсё на хаду.

І на плошчу імя Перамогі

Я, вядома, цябе прывяду.

 

Тут агонь калыхаецца Вечны,

Спяць спакойна Радзімы сыны...

Зруйнаваны навек і знявечан

Быў мой горад жалезам вайны.

 

Госць замежны, ты гэта запомні,

У блакнот запішы і здымі:

Мы героям паставілі помнік,

Помнік працы натхнёнай —

наш Мінск.


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 153-154
Крыніца: скан