epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Запіс у вайсковым білеце

«Да вайсковае службы не годзен»,—

Гэтак мне запісалі

ў білеце ваенным...

Перад гэтым я быў з паўгадзіны Адамам,

Што спакуслівы яблык

яшчэ не сарваў,

Бы яблык, ірдзеў, як мяне аглядалі

ўрачыхі.

Мне глядзелі у вочы,

шукалі ў іх мінусы,

Я ж дадатна на свет пазіраў.

Мне шаптала здалёк жанчына

Лічбы простыя па сакрэту,—

Я ж сакрэт той

услых выдаваў.

Доўга слухалі сэрца ўрачы...

Яно штосьці збівалася з рытму,

Як збіваецца з рытму

цяпер і мой верш.

І сказалі пасля:

— Не годзен.

Парадзела шарэнга салдатам

адным...

Парадзела?!

Не, гэта я хлушу,

Я стаю невядомы ў страі.

І як толькі навісне пагроза

Над маёю агністай Радзімай,

Я свой пункт прызначэння знайду.


1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 46
Крыніца: скан