epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Здзічэлы сад

Я кідаю балючы пагляд —

Сад здзічэлы, здзічэлы сад...

Дзе твае паясы ярка-белыя

І, як ядры, антонаўкі, бэры?

Ці ж не ўчора яшчэ, не ўчора

Гнуў у лук ты тугія падпоры?

Падаў яблык — дык быў жа выбух!

Сёння ж ты бы са строю выбыў...

У лісці стала менш аксаміту,—

Быццам шротам яно пабіта.

Заскарузлым голлем зарос,

Лёгкі ветрык цябе абтрос,

І не тыя плады твае ўжо —

Зараджай хоць ты імі ружжо...

Сад здзічэлы...

Глухі, таямнічы...

Без мяне ты вярнуўся да дзічак.


1968?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 94
Крыніца: скан