epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Землякам

Не тым, хто ў страху

бег у край чужы

Ад гневу справядлівага,

расплаты,

Не тым, хто распісаўся на ілжы

І стаў народа ворагам

заклятым.

А вам, сумленным, шчырым

землякам,

Хто родны кут пакінуў

не па волі,

Хто з торбачкай паплыў

за акіян

У пошуках лягчэйшай долі;

Хто быў занесен

хвалямі вайны

У немаведама якія далі...

У вас ёсць ўнукі,

дочкі і сыны,

Вы ім пра край свой родны

расказалі?

Пра шум бароў,

пра водар медуніц,

Пра квецень веснавога саду,

Пра звон руччоў

і чысціню крыніц,

Пра залатыя іскры

лістапада.

Ці расказалі дзецям пра буслоў,

Ці матчыну спявалі калыханку,

Што сплецена з дзівосных

красак-слоў,

Смугой спавітых,

быццам луг уранку?

Вы раскажыце, раскажыце ім

Пра гоні, пушчы,

па якіх хадзілі,

І стане вам лягчэй

тады самім,

Агорне болем

смутак па Радзіме.


1965?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 95-96
Крыніца: скан