epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Зрэбная нітка

Вытанчаная з мяккай сівой кудзелі

Добрымі пальцамі маці,

Кожная кастрычынка ў табе

выгрызена зубамі...

Зрэбная нітка!

Цякла ты на верацяно бухатае,

Кружыла ў танцы

нязграбнае матавіла,

Намотвала арбіты на клубок.

Спляталася потым у асновы

Тугія, як дзявочыя косы,

І залацістыя грэбні бёрдаў

Суладна часалі іх...

 

Ты нітка зрэбная, трывалая,—

Мае дзіцячыя штонікі,

Карою дубоваю фарбаваныя,

Не рваліся

на самых калючых платах...

 

Ты нітка рэзкая,

Парваць не парвеш —

рукі парэжаш,

І нават перарэжаш ты

Горла бутэльцы —

толькі дзынкне ў вадзе яно!

Ссуканая ў дратву

у некалькі столак,

Навошчаная да скрыпаты,

Ты лямец валёнка прыхопіш,

Нібыта зубамі воўк...

Кажуць, што ты цяпер устарэла,

Больш далікатныя ніткі

лезуць у вушкі іголак.

Што ж, надышоў іх чарод...

І толькі шаршаткі помняць

Цябе, бо для іх ты — радня.


1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 37-38
Крыніца: скан