epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Хурсік

Янка з Падлесся

Неасяжная далячынь.

Дзесьці далёка перасеклася неба з зямлёю. А дзе - не відно. Там кволіцца сінь. Мітусіцца, трапечацца, як летуцень. Трывожыць думы і жаданні, як песня ціхая, што боль заспакойвае, абяцае штосьці нязнанае і прыгожае ды вабіць, цягне да сябе, як ласка дзявочая.

На зялёнай роўнядзі пчаліным роем рассыпаліся хутары, вёскі.

Злева - смяецца, звіваецца, як бліскучы каснік, жыццярадасная ціхаплыўкая рэчка. Далей - бясконцыя пярэстыя палі.

З правага боку - стары магутны лес. Ціхая задума агарнула яго. Лес маўчыць і марыць аб чымсьці, і не пазнаць весела ці сумна яму.

У тахт яго думкам штапуе паветра белымі стрэламі пары бойкі паравік прыватнага млына, што прытуліўся к узлеску каля дарогі.

Сёння, як і заўсёды, каля млына шмат народу.

Паабсыпаныя цёплым пылам белай мукі, абліваючыся гарачым салёным потам, снуюць яны сюды-туды з цяжкімі мяшкамі. Некаторыя спакойна чакаюць свае чаргі. Збіраюцца ў кучкі, гутараць. Часам доўга і горача спрачаюцца.

Вось і зараз пад дзвюма соснамі, што схіліліся адна да адной зялёнымі галовамі, сабралася грамадка - чалавек дзесяць - завознікаў.

Стары Максім, аброслы, як дзікун, калматымі і рыжымі валасамі, адважна, бы добры прамоўца, махнуў у паветры рукою, выскачыў наперад.

- Дык падумайце ж самі, мужчынкі, - моцна гукнуў ён, звяртаючыся да грамадкі, - як цяпер жыць? Ну, як жыць?

Пераставіў кашлатыя ногі, падняў угару палец.

- Ета, скажам, я... Пудоў трыста аднаго толькі жыта намалаціў...

На момант спыніўся і самаздаволеным позіркам акінуў прысутных. Хітрыя вочкі яго нібы пыталіся: «Што? Можа хто з вас, галаты, больш мае?» Раптам прыгнуўся ды прытка выставіў наперад сагнутую рогам рыжую бародку.

- Дык вось... у першую рату, значыцца, і кладзі пудоў пяцьдзісят жыта, бо грошай жа сваіх німа... Перад калядамі - зноў кладзі, у марцы месяцы - зноў!.. А што ж самому есці? Чым скаціну карміць?

Прысутныя маўчалі, слухалі.

- Ета, я разумею, - галёкаў далей Максім, - на заводзе: восем гадзін адпрацаваў ды ўбірайся к чортавай матары... А прыйдзе палучка - дай сюды, гэтак, рублікаў сто!.. Чаму ж не? Гэтак можна працаваць. Дай і мне сто рублёў на месяц, дык на чорта мне і гаспадарка тая будзе, я ўсё аддам і зямлі нават выракуся!..

- Вось чаго захацеў, - кпліва заўважыў тонкі высокі мужчына ў шэрым фрэнчыку. - Ты там не рабіў, а я рабіў. На заводзе спіцыяльнасць патрэбна - галава граматная ды рукі ўмелыя... Там работа не такая, як наша. Здаецца толькі, што глупства, лёгка, а ты паспрабуй, дык і шлунне хутка згубіш... Не, чалавеча, не...

- Ну, добра! - крычыць Максім. - Няхай ужо ў горадзе на заводзе будзе так, а чаму ж у сяле ўся пралітарыя бімбікі б'е?.. Падавалі ім зямлі, прыдналог скідаюць, калі што... А ты, стары гаспадар, цягні лямку адзін: усім давай, усіх кармі... А вачэй у людзі не паказвай - кулак!.. Ах, каб вам пад бакамі кулакі пасталі!.. Сам век працую, а дзецям прыйдзецца старцамі ў свет ісці: усю зямельку святую паразбіралі... Дый як? Задарма!

- Хопіць і з цябе, хопіць! - нечакана абурана накінуўся на Максіма былы матрос пасялковец Янка. Добрыя сінія вочы яго ўраз запалалі, як пара вугольчыкаў. - З цябе ўсё мала. Не хапае?! Дваццаць дзесяцін у цябе - і не хапае?! А?!

- Чаму не хапае? - асеў раптам Максім. - Хапае... Але ж чаму дарма зямлю абы-каму параздавалі? За што?

- За што? Ты яшчэ пытаеш - за што? Ты - цэлы, а ў мяне грудзі, як рэшата! Скажы, за што гэта? А? За што?!

- Ці ж я ведаю? - паспрабаваў апраўдвацца збіты з панталыку Максім, хацеў яшчэ штосьці сказаць, але, угледзеўшы пад самым носам аграмадны кулак Янкі, злякана азірнуўся на прысутных, адхіснуўся назад.

- Ты не ведаеш, каб ты свету не ведаў!.. Гэта ж уласць бралі, кроў, як ваду, пралівалі!..

- Дык я ж нічога супроць гэтага, а наконт зямлі ўсё-ткі крыўдна...

- Крыўдна! - перадражніў Максіма Янка. - А мне не крыўдна, што я з дзяцінства па шляхтах парабкам рабіў, з голаду марнеў, столькі на франтах папабіўся... Цяпер далі кавалачак зямлі, дык вось такія зладзіякі, як ты, згубілі!.. Мне не крыўдна?! Ых, гадзюкі!..

- Адкуль сам? - перабіў Янку запытаннем высокі тонкі мужчына ў шэрым фрэнчыку.

- Здалёку, браце, - адказаў Янка, нават не зірнуўшы на таго, хто запытаў яго. Адпляваўся і дадаў: - З Падлесся, вёрст пятнаццаць адгэтуль. Вось гэты ведае, - ткнуў ён пальцам у Максіма.

Максім адышоўся ад гаворкі, непрыкметна знік у натоўпе завознікаў.

- От меле языком, - сказаў Янка, закурыўшы. - А як ён раней жыў, каб вы ведалі? Адно страхаццё. Цяпер от, як дзеці падраслі, крыху ўзняўся на ногі... і лае, сам не ведаючы каго і за што.

- Гэта самому зямлі далі? - зноў запытаў у Янкі мужчына ў шэрым фрэнчыку.

- Далі, - адказаў Янка, сурова нахмурыўшы бровы, - далі, ды толькі жыць няма як.

- А што?

- Каб, ведаеш, дзе напаткаў, здаецца, гада гэтага паўзучага, у шматкі разарваў бы.

- Хтосьці ў знакі даўся?

- Справа такая, - адказаў, хвіліну падумаўшы, Янка. - Гісторыя доўгая. Але час ёсць... Ты што, на заводзе раней рабіў?

- У Петраградзе на Пуцілаўскім, але ў грамадзянскую вайну прыпсаваў на фронце Ўрангель мне руку, ну і цяпер вярнуўся дадому, трэба якога толку шукаць...

- А я ўвесь час з маленства парабкаваў: бацька загінуў на фронце, ну, а маці, што яна, адна жанчына... У дзевятнаццатым годзе, як белапалякі наступалі, пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Усюды давялося пабыць. Адзін цікавы выпадак - якраз дарэчы - хачу табе расказаць.

- Прашу. Вельмі цікава... На, махоркі закуры, а то тут усё самасад ды самасад.

Закурылі.

- Дык вось, - пачаў Янка, пусціўшы праз нос дым, - біліся мы з Калчаком. Не біліся, а проста, як звяры, грызлі адны другіх за глоткі. Наважылі былі мы ў адным раёне адабраць ад калчакоўцаў вёску, дзе б можна было і адпачыць крыху і абагрэцца (гэта было неяк у пачатку зімы).

За вёскай пачыналася тайга, па-нашаму пушча, і навокал на дзесяткі, а мо і на сотні вёрст ні адной хаткі. Таму і біліся мы не на жыццё, а на смерць. Як сунемся да вёскі - дык як сыпануць адтуль з кулямётаў, проста як дажджом пальюць. А тут сівер такі золкі, сцюдзёны, зуб на зуб не пападае...

Біліся дзень, другі. На трэці дзень, к вечару, як сцямнела, нечакана ўзнялася ўтрапёная завіруха. Духу не звесці. Хоць лажыся ды памірай. Не стрывалі нават нашы некаторыя маладыя байцы.

- Пагінем тут, як мухі на марозе, - крычаць. - Дакуль жа гэтак сядзець будзем?

І тут каманда: станавіся! Пастроіліся.

- Наступаць! - ціха пранеслася па шэрагах.

Падзяліліся мы на тры часткі і пайшлі. Узвод, у якім я быў памкамузводам, пайшоў да тайгі, каб зайсці ворагу ў тыл. Снегу намяло - ног не змяніць. А мяцеліца не ўнімаецца. Толькі вецер пачаў дзьмуць не ў твар, а збоку. Амаль пад самы дзень удалося нам, нарэшце, дабрацца да гэтай чортавай тайгі. Ні хвілінкі не спачыўшы, зноў павярнулі ў поле. Ідзём. Дыхаць цяжка, хоць цяпер і за ветрам ідзём. Аж лёгкія пачалі балець. Ведаеш, холад, а пот сыплецца, быццам мы толькі што з лазні выскачылі. А тут вецер гэты твар сячэ, з ног валіць...

- Ту! Ту! - даляцелі раптам да нас два глухія гарматныя стрэлы: сігнал, значыць...

- Бягом! - скамандаваў узводны, і мы, не чуючы пад сабою ног, кінуліся наперад...

- Агонь! - зноў пачулася каманда нашага ўзводнага.

Страляючы, урываемся ў вёску.

- Рукі ўгору!.. Стой!.. Здавайся!.. - чутны там-сям паасобныя выкрыкі, дзе-нідзе - стрэлы. Белыя здаваліся пачкамі. Самыя заядлыя адбіваліся. Гэта больш афіцэры. Аперацыя была хутка закончана, бойка сціхла.

Раненых знеслі ў хаты, а забітых кінулі там, дзе каго смерць сустрэла...

Расставіўшы паставых, разыходзімся па кватэрах. Хоць бы таго хатняга паху нюхнуць, абагрэцца крыху. Са мною чалавек так з пяток ідзе. Толькі што мы думалі зайсці ў хату, як нас спыніў адзін наш маладзенькі чырвонаармеец.

- Гляньце, хлопцы! - крыкнуў ён, падбег да ляжачага ў снезе калчакоўца (па адзенню відаць, што калчаковец) і пырнуў яго ў плечы штыхом. Той дзіка заенчыў, забіўшыся на зямлі.

- Кінь! - сказаў я чырвонаармейцу.

- А ты чаго заступаешся? - закрычаў на мяне баец. - Ён жа, свалата, жывы быў, прыкідваўся толькі мёртвым...

- Усё роўна, - адказаў я, - у палон возьмем, не ўсе ж яны заядлыя белякі, шмат сярод іх і сіламоць мабілізаваных.

Я прыўзняў з зямлі параненага, паклікаў двух чырвонаармейцаў, і мы адвялі яго ў хату. Пачалі перавязваць.

Цяжка ўздыхнуўшы, паранены слаба прыўзняў вейкі, на момант шэрымі бліскучымі вачыма ўставіўся на мяне. Штосьці нібы знаёмае нагадала мне яго аблічча. Але, думаю, ці мала на свеце бывае сходных людзей... Адышоўся я, тупаю па хаце, грэюся. Калі праз некалькі хвілін зноў падышоў да параненага, ён назваў мяне па імені. Цяпер і я яго прызнаў: Дашэўскі, сынок майго суседа, заможнага шляхціца. Як ён папаў да калчакоўцаў, аж у Сібір, - хто тут разгадае? Яму прыемней было б да пана Пілсудскага, але чаго на свеце не бывае... Ва ўсякім разе, служыць у Калчака лепей, здалося яму, чым у Чырвонай Арміі...

Пасля перавязкі Дашэўскі спачатку быў нічога, нават гутарыў крыху, але хутка страціў прытомнасць і пачаў блузніць.

Назаўтра яго, бяспамятнага, адправілі ў горад, у шпіталь. Аж пакуль і вайна не скончылася, я з ім нідзе ўжо болей не сустракаўся і нічога аб ім і не чуў і не ведаў.

 

Праз два гады пасля незабытнае сустрэчы на калчакоўскім фронце з Дашэўскім я вярнуўся дадому. Дома - адна старая маці. Жыла яна без мяне - адно толькі званне, што жыла. Хадзіла па людзях, памагала сёе-тое рабіць і так перабівалася.

Гаспадарка, якая была, разбурылася ўшчэнт. Дый якая там гаспадарка! Адзін агародзік ды з прадраным шчытам хатка. Калісьці была кароўка, але як загінуў бацька, не было чым карміць, і матка збыла яе. Значыць, прыйшоў я дадому, запалі - не трэсне.

Паглядзеў я, памаракаваў... Што рабіць? Нават есці няма чаго... Куды кінуцца, за што рукі зачапіць? Пайшоў у заработкі, у лес. Сяк-так пачалі перакідацца, жыць.

Надыходзіць вясна. Пачынаюць людзі варушыцца, да палявой працы рыхтавацца. А я ўсё ў лес ды ў лес...

Надзяляць людзям зямлю пачалі. Ды добра ж таму, хто хоць што-колечы мае ці дапамога якая адкуль-небудзь ёсць. А што ў мяне?

Думаў-думаў і парашыў нарэшце і я пайсці ў выканкам ды папрасіць кавалачак зямлі. Трэба, думаю, гаспадаркаю абзавесціся: усё ж ткі і хлеб будзе і к хлебу якая скварка.

Напісаў заяву, прыходжу ў выканкам да старшыні, прашу.

- Зямлі - можна, - кажа старшыня. - Як чырвонаармейцу - у першую чаргу.

А сам ён, старшыня, таксама былы вайсковец. Значыць, свой чалавек.

- Ось, кажу, - каб мне як-небудзь бліжэй да дому ды каб хаця балота якога, злыбяды не нарэзалі...

- Не бойся, - кажа старшыня, - ты хлопец вайсковы, заслужаны. Табе дамо найлепшае месца. Ты вось прыйдзі, - кажа, - заўтра да мяне, а я тут параюся з маім земаддзелам, і ўсё ўпарадкуем.

Рад я. На дварэ вясна, а на сэрцы і таго большая. Усё роўна як на свет нанаў нарадзіўся...

Прыходжу назаўтра ў выканкам.

- Ну, брат, - кажа старшыня, - знайшлі мы табе такое месца: проста маліна! Ведаеш, дзе мы думаем табе даць?

- Дзе?

- Мы думаем табе, браце, у шляхціца Дашэўскага дзесяцінак гэтак з дзесятачак адрэзаць... Ну, як? Здорава?

А мяне дык аж у пот кінула, як ён гэта сказаў. Чалавек, які за вярсту са мною вітаецца, бо я ж сына яго выратаваў тады, на фронце, дый сын вярнуўся таксама жывы, здаровы... І вось цяпер трэба стацца нібы ворагам да іх...

- Не, - кажу, - таварыш старшыня, каб у каго другога, а то нязручна...

- Чаму нязручна? - пытае старшыня. - Адна вярста ад твайго дома, зямля на яць...

- Бачыш, - кажу, - таварыш старшыня, я з яго сынам...

- Ведаю. Ты яго сына ад смерці выратаваў - гэта мне казаў мой земаддзел, - дык гэта ж яшчэ лепей... а апрача таго, і глядзець на яго не трэба: зямля народная!

Я даў згоду. Думаю, шкада будзе Дашэўскаму зямелькі, але куды ён дзенецца. Цераз пару тыдняў я ўжо і хатку пачаў перацягваць на свой надзел.

Спачатку Дашэўскі ветлівы быў.

- Ты ведаеш, браце, як я рад, што табе маёй зямлі парэзалі, а не каму другому: ты мне блізкі чалавек, табе не шкада, - казаў ён не раз, сустракаючыся са мною.

Калі ж мая хата вянок за вянком пачала расці на адрэзаным ад Дашэўскага надзеле, Дашэўскі раптам спахмурнеў. І прыйдзе іншы раз да мяне і гаворыць, здаецца, мякка, і раіць сёе-тое, нібы родны бацька, а вочы ўсё неяк убок адводзіць, рукі і ногі пачалі дрыжаць.

- Зямелька гэта, - кажа ён мне аднойчы, - гэта ж спадчына наша крэўная, спрэкувечная, ад дзядоў і прадзедаў дайшла, нам даравана... Але цяпер - усё прахам пайшло... Вам за нішто, дарма дастаецца.

- Што ж, цяпер усім так, дарма даюць: зямля народная, - кажу я.

- Так-так, час такі, уласць такая...

Іш ты, гад, думаю, не падабаецца табе ні час, ні ўласць... Але нічога, прывыкнеш...

Хутка да мяне яшчэ некалькі чалавек прысуседзілася. Арганізаваўся цэлы пасёлак. Значыцца, парадак. Стала весялей. Адно кепска, што ўся ваколіца на два лагеры падзялілася: шляхта і ўсякія кулакі і падкулачнікі - адзін лагер, а мы, пасялкоўцы і бедната, - другі. Ваяваць - не ваявалі, але і не па-прыяцельску жылі.

- Ну, што чуваць у вас, пралітарыя? - пытае звычайна хто-небудзь з іх, сустрэўшыся з кім-небудзь з нашых. - Ці праўда гэта, што вы сёлета ў споведзь не да папа, а да рабіна паедзеце?

- Мы дык ні да кога не паедзем, - адказаў я аднойчы аднаму такому «разумніку», - ні да папа, ні да рабіна, а вось вы глядзіце, каб вам не давялося куды паехаць.

З цягам часу такія сутычкі пачалі здарацца ўсё часцей і часцей і штораз - усё больш вострыя і варожыя. А што выраблялася ў нас на сходах ды на перавыбарах розных - і гаварыць не прыходзіцца.

З усіх пасялкоўцаў шляхта найбольш ненавідзела мяне, бо я хутка пасля звароту з арміі быў абраны старшынёю камітэта беднаты, а жонка стала дэлегаткай (увесну перад выхадам на пасёлак я ажаніўся быў).

Цяжэй было з усімі ладзіць, але куды ж ты дзенешся: пасада такая. Стараўся быць абыходлівым з кожным, але ж, сам разумееш, рэвалюцыя яшчэ да канца не даведзена, варожыя элементы як на ражон лезуць... Думаю, дабром усё гэта не скончыцца. І тут, як на ліха, яшчэ адно здарэнне. Прыязджае нешта раз да нас у Падлессе адна жанчына з выканкама, па жаночых справах. Нашых жанок склікалі на сход. Каля тае хаты, дзе адбываўся сход, з усяе ваколіцы сабраліся мужчыны: кожнаму цікава ведаць, аб чым тут у жанчын гамонка ідзе. Некаторыя заможныя «разумнікі» тут і разышліся: кпілі, рагаталі. А стары Дашэўскі з адным хлопцам, Яськам, дык нават у хату, дзе сход адбываўся, уварваліся і такі там вэрхал учынілі, што чуць сход зусім не сарвалі. Іх абодвух запісалі ў пратакол. Мая жонка, як на тое ліха якраз была старшынёю гэтага сходу.

Праз месяц Дашэўскага і Яську выклікалі ў суд і далі кожнаму па два тыдні прымусовых работ.

Вось пасля гэтага і пайшла пісаць губерня. Дашэўскі і Яська проста ўчарнелі ад злосці. А ўся ваколіца аж памірае са смеху.

- Нічога... Прыйдзе каза да воза... Гэта яшчэ толькі кветачкі... Пабачым! - кінуў аднойчы Дашэўскі ў адказ на кпінку, што бабы ў прымусоўку засудзілі.

Ніхто тады і ўвагі ніякай на яго пагрозу не звярнуў. Рагаталі толькі, пацяшаліся.

Аднак мяне гэта пагроза насцярожыла. Але што ж будзеш рабіць? Думаю, урэшце, улада наша, за нас. Нічога ён не зробіць, хоць і злуецца... Так і супакоіўся.

Надышла восень. Я ўжо, як і ўсе людзі, з поля ўсё сабраў, нават бульбу выкапаў. Ну, пачаў рыхтавацца да зімы. Усё на лад ідзе нібы.

І вось паехаў я аднойчы на начлег. Сам паехаў, бо жонку ж не выправіш.

Ноч была цёмная, бы нетра. А тут яшчэ вецер узняўся ды дожджык зацерушыў.

Расклалі мы агеньчык (са мною было яшчэ траіх пасялкоўцаў). Сядзім, гутарым. Пасля паляглі. Мае хаўруснікі спяць, а я варочаюся з боку на бок. Штосьці трывога мяне агарнула, зрабілася моташна, ды так, што хоць ты жывы ў дамавіну лезь. Па скуры дзікі шораст ідзе. Раптам чую: «А-я-я-яй!.. Лю-у-дзі!..»

Падхапіўся, гляджу і вачам сваім не веру. Як змей чырвоны, полымя: палыхае-гарыць мая хата!..

- Што ты кажаш?! - жахаецца мужчына ў шэрым фрэнчыку. - І хата згарэла?

- Да звання.

- Як жа гэта здарылася?

- Як здарылася... Падпалілі!.. Назаўтра непадалёк нават бутэльку з-пад газы знайшлі...

- І хто гэта зрабіў? Не даведаліся?

Янка жорстка засмяяўся.

- Хто зрабіў - я ведаю, але паспрабуй давесці!

- Значыцца, адплацілі за паратунак сына?

- Выходзіць - так. Але, я думаю, не ў гэтым справа: мы там, на фронце, былі ворагамі, мы імі і тут засталіся... Галоўнае тут - зямля, прыватная ўласнасць на зямлю. Вось што!..

- Аб гэтым і гамонкі быць не можа, - пацвердзіў мужчына ў шэрым фрэнчыку.

- Не, - разважаў далей Янка, - рэвалюцыя яшчэ не даведзена да канца. Разбілі Калчака, Дзянікіна, Урангеля... Але давядзецца, бадай, яшчэ і з гэтымі крывасмокамі схапіцца...

- Вось гэта факт! - горача згадзіўся з Янкам яго субяседнік, мужчына ў шэрым фрэнчыку. - Справіліся на франтах, а тут і рабіць няма чаго...

Завознікі пачалі паціху разыходзіцца.

А бойкі паравік, як і раней, да поту завіхаўся, заўзята прастрэльваў белай парай празрыстае асенняе паветра.

 

1927 г.


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая