epub
 
падключыць
слоўнікі

Тацьцяна Барысік

Няўдалы прарок

Маладзёнам Паўла назваць было цяжка: - першая сівізна кранула скроні, дзеці ягоныя ўжо ў школу бегалі. Але сам Паўлік лічыў інакш. І дасюль пачуваўся юнаком, ледзьве не падлеткам, асобай творчай, пакуль малавядомай але з вялікай будучыняй і усеагульным прызнаннем у перспектыве.

Нездарма ж з маленства чуў ад бацькі:- “Мой Паўлік нас на ўвесь свет праславіць! ”. У школьныя гады хлопец наведваў і мастацкую студыю і музычную школу і ў хоры спяваць спрабаваў. Ды толькі нідзе надоўга не затрымаўся. А калі дзесяты клас заканчваў, дык вылепіў на лецішчы сабаку Рэкса з гліны- ну, як жывы! Абяцаў шчэ і ката Мурзіка зрабіць. Вось нагледзеўшыся на таго сабаку, бацькі і вырашылі – сын мусіць паступаць у вучэльню, дзе на скульптара вучаць. Інстытут маладому таленту не свяціў усё роўна- адны траякі ў атэстаце. Але ж як кажуць - ня лёс. На адзін экзамен Паўлік праспаў, на другі- забыўся. Па восені ў войска забралі. Адслужыў, вярнуўся дадому. Пагуляць хацелася, глузды засохлі. Кар’ерны рост спыніўся так і не пачаўшыся. А тут Ларыса Мацьвеенка з першага пад’езду – вочы блакітныя, валасы бялявыя, бацькі заўсёды на лецішчы. А грошай няма! Вось тады і ўзгадаў Паўлік пра сілу мастацтва ды свае музычныя здольнасці. Пазычыў гітару ў суседа – і да Ларысы. Штовечар прыходзіў і ўсё граў, граў, пакуль тая Ларыса не зацяжарыла. Што рабіць, ажаніўся, бацька ўладкаваў на завод вучнем слесара. Пацягнулася шэрая будзённасць. Тут ужо не да музыкі!

-Дрыньканнем гэтым сыты ня будзеш, -бурчэла цешча.

-Песні твае мне заўжды да лямпачкі былі, замуж хацелася, дурніцы, вось і слухала-прызналася Ларыса.

Але творчы пачатак упарта не даваў сябе забіць. Унікаючы ад хатніх клопатаў, прыахвоціўся Паўлік цягацца ў інтэрнат да сябра Васі, халасцяка і шырокай душы чалавека. У каторага тады магнітафон зламаўся, а сяброў і выпіўкі –быў поўны пакой. Паўлікавы спевы і гранне там шанавалі! На адной з бяседаў пазнаёміўся музыка з Васевай сяброўкай Марынай. Марына працавала выкладчыцай у пэтэвэ і ў адрозненні ад прадавачкі Ларысы умела цаніць мастацтва, а галоўнае самога Паўла.

Цяпер ідучы да каханкі Паўлік заўжды цягаў з сабою гітару, выдумляючы неіснуючыя рэпетыцыі самадзейнага аркестра, гастролі на раёне. Ларыса не крыўдавала і нават , здаецца была задаволеная, ня п’е, у хаце не дрынькае-што яшчэ трэба! А вось сябар Вася задаволены ня быў. Прыраўнаваўшы Марыну, ён патэлефанаваў Паўлавай жонцы ды распавёў пра ягоныя “музычныя захапленні”. Ларыса выперла мужа з хаты, з Марынай таксама нешта разладілася. Абедзьве падалі на аліменты. Давялося да бацькоў вяртацца. “Такі хлопец, такі хлопец, а вось з жонкамі не шанцуе, ” – уздыхала маці. На працы Паўлік пасварыўся з майстрам і звольніўся. Спачатку патужыў трохі, а потым зразумеў – не так то яно і блага! Талерка супу заўжды ёсць, аліменты бацька з пенсіі плоціць, каб сына не пасадзілі. Дзеці гадуюцца самі сабою. Вольнага часу шмат- а гэта важна для творчага чалавека. Узяўся нейкія кітайскія таблеткі для пахудзення распаўсюджваць, заробак абы-што, але на кішэнныя расходы хапае. Грошы ж у жыцці не галоўнае. На жаль песні ягоныя ў інтэрнаце ўсім абрыдлі, ды і з Васем пасварыліся, а гітару скраў нехта. Тады Павел пачаў цікавіцца містычнымі вучэннямі і пісаць вершы. Толькі бацька ўжо не пахваляўся таленавітым сынам, а ўсё часцей наракаў на ягонае раздзяўбайства і ляноту ды абцяжарваў земляробчымі клопатамі. Вось і сёння прымусіў ехаць да бабы Валі капаць бульбу, папярэдзіўшы: “Будуць усе, дзядзя Валера з сям’ёй прыедзе, толькі паспрабуй праспаць! ”І Паўлік пагадзіўся, бо меў наконт гэтых дакопак таемны намер. Не так даўно ён напісаў даўжэзную паэму на ўвесь сшытак. Як вядома, душа паэта патрабуе прызнання. Вось ён і вырашыў, што кампанія сваякоў за сталом можа стацца удалай аудыторыяй для літаратунага дэбюту.

 

На бабіных сотках пачынаючы літаратар не дужа каб шчыраваў, але мяшкі з бульбаю пацягаць усё ж давялося, куды ж ты падзенешся. А ўжо селі за стол, яго нібы прарвала. Гаманіў без перапынку, ніхто слова ўставіць не мог. Спачатку бубнеў пра нейкія звышчалавечыя здольнасці, паралельны свет і акультызм. Сваякі рэагавалі па-рознаму. Баба Валя праз слова перапытвала: - “ Га, унучак? ”. Стрыечная сястра з цёткай цішком пасміхаліся, прыгадваючы колішнія бацькавы словы: - “Да, праславіў бацьку з маткай , дык праславаіў – нарабіў дзяцей па ўсім свеце! ”. “Якой халеры ты тут выдзелваешся? У цябе ж нават гэпэтэвэ за плячыма няма! ”-прамовіў уголас дзядзька Валера, не вытрымаўшы пляменнікавага маналогу.

Далей маўчаць пра паэму не было як. “Трэба неадкладна ратаваць свій гонар, ”- падумаў Паўлік, выпіў чарку і ўрачыста абвесціў:

-Я вось кнігу напісаў!

-Ну, і пра што? -запытаўся дзядзька дзеля прыліку.

-Пра маё жыццё.

-Ты што, Ленін хіба? Чым тваё жыццё знакамітае? -задаўшы рытарычнае пытанне дзядзька павярнуўся і пайшоў валюхаючыся да канапы.

Стратаю аднаго слухача Паўлік асабліва не засмуціўся, але дарма. Хаця й быў абазнаны ў містыцы, інтуіцыя ягоная пакідала жадаць лепшага. Ня змог прадбачыць што слухачоў не застанецца ўвогуле літаральна праз некалькі хвілін. Чытаць напісанае глухой бабе Вале не мела сэнсу. Маці паэзіяй не цікавілася, затое ўмела добра закатваць памідоры, і са школьных гадоў мо і літары пазабывала, бо з кніжкай яе ніхто ніколі не бачыў. Бацька буркнуў: -“Ачарцеў ты мне са сваімі вершамі і ўтаропіўся ў тэлевізар. Цётка пабегла на паратунак дзядзьку, той зваліўся з канапы і ніяк не мог ускараскацца назад. А сястра настолькі замарылася пакуль капала бульбу, рыхтавала пачастунак, падавала кожнаму то лыжку, то гурок з кладоўкі, што ў канцы бяседы страціла магчымасць успрымаць навакольны свет наогул, а ўжо пра Паўлікавы вершы дык няма чаго й казаць. Хацеў непрызнаны паэт у роспачы узяць рэштку паўлітры і пайсці да суседзяў з паэмаю, але дзядзька Валера ўсё выжлукціў. А куды ты з пустымі рукамі пойдзеш.

Тады Паўлік мармытнуўшы нешта пра нейкага прарока ў сваёй айчыне са злосцю шпурнуў сшытак у грубку. А засынаючы, прыгадаў ката Мурзіка, якога ў юнацтве так і не вылепіў, хаця ў абяцаў . Ці вартай была паэма? Гэтага мы ўжо ніколі не ўведаем – рукапіс згарэў дашчэнту.

 


2010

Тэкст падаецца паводле выдання: Барысік Т. Жанчына і леапард: апавяданні / Таццяна Барысік. - Минск : Кнігазбор, 2014. - 131 с.