epub
 
падключыць
слоўнікі

Тахір Малік

Фалак

1
2
3


1

 

Хмары, якія нізка плылі над палямі, раз-пораз сеялі халодным дажджом, а калі заляпаная гразёю машына заехала на ўскраіну Булакбашы, пайшоў снег. У белай імгле патанулі бурыя груды, саманныя домікі, якія ляпіліся па ўступе рачнога берага, і толькі голыя галіны дрэў цягнуліся да дарогі са снежнай мітульгі, як рукі, што просяць міласціну.

Султан не адводзіў позірку ад дарогі, што бегла пад колы машыны, Асад, ён сядзеў побач, мо пяты раз пераказваў гісторыю саркафага:

- Я ўжо дахаты збіраўся, а тут званок. «Таварыш Мулаеў, гэта з Булакбашы вас турбуюць. У нас нейкую скрыню знайшлі - экскаватар капаў на старых могілках і вывернуў каменную пліту. Падышлі паглядзець, а там літары старадаўнія...»

Пліта была аперазана вяззю арабскіх літар. Прысеўшы каля знаходкі на кукішкі, Султан паказаў на ледзь заўважную паласу, што ішла ўздоўж саркафага:

- Шво замазана. Значыцца, вечка не ссунута.

Асад схіліўся побач і правёў далоняй па шурпатай паверхні саркафага:

- Колькі ж яму гадоў? Здаецца, цімурыдскіх часоў.

Калі знаходку ачысцілі ад гліны, Султан, павольна абыходзячы саркафаг, пераклаў надпіс, які яго апаясваў:

- «Мір праху высокавучонага Шамсібека, Ісмаілавага сына, забітага дэрвішамі ў ноч месячнага зацьмення восьмага дня месяца хамола 835 года хіджры... Алах разважыць, чыя праўда... Збудавана гэтая грабніца загадам наймудрэйшага, найдабрэйшага Ўлугбека, Шахрухавага сына, у трыццаць дзевяты год яго ўладарання...»

Праз некалькі дзён у Акадэміі навук Узбекістана адбылося абмеркаванне булакбашскіх знаходак.

- Дарагія калегі, - сказаў Султан Умрзакаў, - мне выпаў гонар расказаць вам пра самае выдатнае археалагічнае адкрыццё нашага часу.

Зала адгукнулася на гэтыя словы ўзбуджаным гулам.

- У адным з саркафагаў, знойдзеных у Булакбашы, выяўлена цела (яно цудоўна захавалася) вучонага Шамсібека, што загінуў ад рук рэлігійных фанатыкаў, сучасніка і, мяркуючы па некаторых дадзеных, супрацоўніка вялікага астранома Ўлугбека. Пры пахаванні труп забітага быў пагружаны ў мёд, апрача таго, з саркафага было поўнасцю выпампавана паветра. У суседнім захаванні знойдзены рэшткі Шамсібекавай жонкі, да таго ж у яе грабніцы выяўлена ўнікальная ядвабная хустка, што вельмі нагадвае сучасны фалак - абавязковую прыналежнасць пасагу нявесты. Але калі знаёмы нам усім фалак уяўляе сабой сіметрычна размешчаны па блакітным фоне россып кветак або каляровых колаў, то малюнак хусткі з саркафага Махфузы надта нагадвае схему руху планет вакол Сонца. Пра гэта сведчыць, на мой погляд, тое, што ў цэнтры гэтага «фалака» - залатое сонца з промнямі, а не стылізаваная кветка, як на сучасных фалаках. І магчымыя «планеты» размешчаны вакол гэтага сонца не сіметрычна, а так, як маляваў іх на сваёй гелеацэнтрычнай мадалі Капернік. Да таго ж памеры гэтых планет адносна адна адной дакладна адпавядаюць нашым сённяшнім уяўленням пра велічыню планет Сонечнай сістэмы...

Прафесар біяхімічнага інстытута Ахмад Закіраў казаў пра тое, што Шамсібекаў саркафаг уяўляе сабой невядомы да гэтага спосаб захавання ў мёдзе... Гісторыя ведае, што цела Аляксандра Македонскага, які памёр у Вавілоне, было дастаўлена на бацькаўшчыну ў незвычайнай ванне з мёдам, але знаходак, падобных да булакбашскай, мы яшчэ не сустракалі. Адразу, як адчынілі саркафаг, мёд меў празрыста-жоўты колер, але праз некалькі ж хвілін пашарэў і крышталізаваўся. Шамсібекавы вантробы, у тым ліку і кішэчнік, з вялікім умельствам былі таксама запоўнены мёдам, так што ў нашым распараджэнні мелася абсалютна нятленнае цела чалавека, што памёр амаль шэсць стагоддзяў назад.

Аналіз мёду выявіў, што ў яго склад уведзены нейкі кансервант, які пакуль не паддаецца вызначэнню.

Але самае сенсацыйнае паведамленне зрабіў біяфізік Джагангір Аліеў:

- Прысутныя тут ведаюць, што ў нашым інстытуце ўжо шмат гадоў ідзе праца па стварэнні элаломы - электроннага робата, здатнага «здымаць» з клетак кары галаўнога мозгу ўвесь свет думак і пачуццяў чалавека. Да сённяшняга дня наша задача ўяўлялася нам вузка-практычнай - дапамагчы крыміналістам узнаўляць па «ўспамінах» загінуўшых карціну злачынства. Гэтае абмежаванае прымяненне элаломы дыктавалася прычынамі фізіялагічнага характару - клеткі чалавечага мозгу пачынаюць распадацца праз некалькі ж гадзін пасля смерці, і аднавіць карціну жыцця загінуўшага магчыма толькі ў тым выпадку, калі яго мозг будзе замарожаны пасля смерці альбо захаваны яшчэ якім-небудзь чынам... Першыя доследы, якія мы правялі, дазволілі даведацца пра думкі і зрокавыя вобразы людзей за некалькі секунд да іх гібелі. Элалома можа пакуль успрымаць толькі самыя яскравыя ўражанні, якія ляжаць на паверхні мозгу і належаць да апошніх момантаў яго жыцця. Для таго каб пранікнуць далей, у глыбіню бачанага і асэнсаванага чалавекам, нам трэба прарабіць яшчэ вялізную працу... Шамсібекаў мозг захаваўся дастаткова добра, і гэта дае нам надзею на аднаўленне калі не ўсіх, то самых важных абставін яго жыцця, што найбольш моцна адбіліся ў свядомасці вучонага. Нашаму электроннаму мозгу патрэбна каласальная колькасць энергіі, яе льга супаставіць адно з энергіяй, якую спажываюць наймагутныя прыспяшальнікі элементарных часцінак. Поспех працы залежыць ад таго, ці палічыць Акадэмія навук магчымым выдаткаваць нам на стварэнне дасканалай элаломы неабходныя сродкі.

Пасля гарачых і бурных спрэчак акадэмія дазволіла эксперымент.

Праз два месяцы новая элалома была ў асноўным зманціравана. Яе апаратура змяшчалася ў некалькіх залах падвальнага паверха інстытута. Джахангір Аліеў, асветлены россыпам рознакаляровых агнёў, што бегалі па пультах кіравання, хадзіў з памяшкання ў памяшканне, усюды знаходзячы сабе справу. Усе апошнія дні перад доследам ён спаў урыўкамі, а пра ежу ўспамінаў толькі тады, калі жонка нагадвала яму пра гэта па тэлефоне. Твар вучонага асунуўся, на лбе прарэзаліся глыбокія складкі. Сябры казалі яму: «Ты, відаць, рыхтуешся стаць наступным аб'ектам эксперыментаў для элаломы? Плюнь на ўсё і выберыся на які тыдзень у горы - адаспіся, пагультайнічай...» Джахангір з усмешкай адмахваўся: «Вось скончым з працай - на два месяцы ўцяку ў асабістае жыццё. Тады абцугамі мяне з санаторыя не выцягнеце».

Нарэшце надышоў дзень, калі Аліеў змог далажыць, што элалома готовая да доследу.

- Вы мяркуеце пачаць у бліжэйшы час? - спытаўся прэзідэнт акадэміі.

- Мы можам распачаць дослед хоць зараз. Але без спецыяліста па гісторыі сярэдневяковага Ўсходу не абысціся. Элалома «здыме» ўсе ўражанні і вобразы Шамсібекавай свядомасці ў адваротным парадку, і ўзнаўляць іх мы будзем пасля запісу ў ячэйках памяці электроннага мозгу, «пракручваючы» ў храналагічнай паслядоўнасці. Вось тут і неабходны знаўца гісторыі мусульманскага свету - бо ж тое, што для Шамсібека была звыклая паўсядзённасць, для нас, незнаёмых у дэталях з варункамі тагачаснай рэчаіснасці, можа быць абсалютна незразумелае... Я прапаную, каб групу ўзначаліў акадэмік Джамшыд Акбараў, які можа скаардынаваць нашы ўражанні. А дзённік эксперыменту весці будзе малады пісьменнік Тулкун Мансураў...

 

2

 

Да медрэсэ* падышоў, ведучы на павадку каня карабаірскай пароды, малады чалавек у новым ядвабным халаце. Спыніўшыся, ён зачаравана агледзеў гмах. Велізарнае збудаванне з чатырма купаламі і двума мінарэтамі захапіла яго. Прыгадаліся бацькавы словы: «Калі мінеш султанаў палац, убачыш - яны стаяць адно проці аднаго - медрэсэ і ханаку**. Іхняй красе, як гавораць мудрыя, зайздросціць само неба...» Вандроўніку здавалася, што бірузовыя купалы медрэсэ зліваюцца з пранізлівым блакітам вечаровага неба і што агромністы будынак, пакрыты павуціннем арнаментаў, падтрымлівае не толькі гэтыя купалы, але і ўвесь купал неба. І мроілася: пад яго цяжарам напружана гудзе зямля. Паліва на сценах і мінарэтах палымнела ў праменні заходу...

* Мусульманскае духоўнае вучылішча.

** Прытулак дэрвішаў.

Юнак накіраваўся насустрач статнаму барадачу ў доўгім халаце, з вялікай белай чалмой на галаве, які выйшаў з медрэсэ. З пашанай павітаўшыся, вандроўнік пачуў у адказ прамоўленае нараспеў прывітанне і тады сказаў:

- Шаноўны, не палічыце за дзёрзкасць, але мне хацелася б пабачыцца з адным выхаванцам медрэсэ...

- З кім менавіта?

- З мулой* Абдулвахабам.

* Адукаваны чалавек.

- Абдулвахабам?! - Барадач спахмурнеў і нейкім новым позіркам агледзеў юнака з галавы да ног. - Хто ён вам? Ці не брат?

- Не, мы проста аднавяскоўцы. Хачу перадаць яму вестку ад бацькі.

- Абдулвахаба тут няма, - сказаў мужчына пасля нядоўгай развагі.

Малады чалавек пытальна пазіраў на яго.

- Ваш зямляк выявіў чорную няўдзячнасць... - неахвотна пачаў барадач. - Ён быў варты шыбеніцы, але, дзякуй Усявышняму, вялікі султан памілаваў яго... Не вучобе аддаў ён перавагу, а лайдацтву... Абдулвахаб пайшоў з медрэсэ.

- Ён вярнуўся дахаты?

- Вы можаце знайсці яго ў ханацы.

- Тут? - хлопец кіўнуў у бок ханакі, насупраць медрэсэ.

- Не, сюды ён не зазірае. Пашукайце яго на ўскраіне...

Да вечаровай малітвы яшчэ заставалася трохі часу, і малады чалавек вырашыў перш за ўсё дамовіцца наконт месца ў караван-сараі. Адыходзячы ў Самарканд, ён разлічваў, што яму паспрыяе Абдулвахаб: зямляк у чужым горадзе - немалая падмога. Цяпер жа даводзілася абыходзіцца сваімі сіламі...

Землі іхніх бацькоў былі побач. Але ўгоддзі Абдулвахабавага бацькі ў некалькі разоў большыя. На ягоных палях рабілі шмат жыхароў кішлака. А па перадгор'ях - ад Андзіжана да Оша - пасвіліся ягоныя статкі... Шамсібек вучыўся з Абдулвахабам у адной школе; баеў сын ужо тады не вызначаўся рупнасцю і кемлівасцю. Але тым не менш, выконваючы бацькаву волю, ён накіраваўся ў сталічнае медрэсэ. Уладкаваўшы сына, Байбува вярнуўся ў свой кішлак вельмі задаволены. З той пары яго нашчадка клікалі не іначай як «мула Абдулвахаб»...

Пакінуўшы каня ў стайні, малады чалавек заняў адзін з верхніх пакояў. Потым спусціўся ў двор і, памыўшыся з меднага кумгана, накіраваўся на малітву.

Дарогай ён разглядваў усіх сустрэчных у надзеі сустрэць знаёмы твар. Але Абдулвахаба не было відаць ні на вуліцы, ні ў шматлюднай мячэці.

Прачытаўшы малітву, юнак правёў далонямі па твары і разам з усімі стаў прабірацца да выхаду. Каля мінарэта ён убачыў двух дэрвішаў і рушыў да іх у надзеі даведацца пра свайго школьнага таварыша. Ён ужо адкрыў рот для прывітання, як адзін з дэрвішаў усклікнуў:

- Шамсібек!

Малады чалавек са здзіўленнем пазнаў у схуднелым пачарнелым абадранцу Абдулвахаба. Скура на скулах, што выпіралі з твару, лупілася, вочы глыбока запалі і ліхаманкава блішчалі...

Абняўшыся, землякі пакрочылі ў бліжэйшую чайхану. Абдулвахаб пажвавеў: не кожны дзень удаецца сустрэць аднавяскоўца! Шамсібек жа быў засмучаны: у гэтым ссохлым дэрвішу амаль нічога не нагадвала пра жыццярадаснага і квітучага хлопца, які шэсць гадоў назад пакінуў родны кішлак. Усеўшыся каля хауза*, сябры пэўны час маўчалі. Нарэшце Шамсібек спытаўся:

- Ты кінуў медрэсэ?

* Басейн.

- Я выракся блюзнерскага мудравання, якое пашыралі служкі пекла! - усклікнуў Абдулвахаб. - Але вера ў замагільную аддзяку прывяла мяне да піра*. Блажэнны той, хто вымольвае ва Ўсявышняга міласці для людзей, - няма справы больш пачэснай, як штодзённае, штогадзіннае служэнне Алаху!

* Духоўны настаўнік.

Ледзь заўважна ўсміхнуўшыся, Шамсібек адпіў глыток зялёнай гарбаты з піялы. Потым, гледзячы проста ў вочы дэрвішу, прачытаў:

 

Ты ж сам мяне з гліны зляпіў! - Што ж рабіць мне?

Мяне, як тканіну, саткаў. - Што ж рабіць мне?

І зло і дабро, што здзяйсняю, прадвызначыў ты.

Лёс мой сам ты накрэсліў на лбе маім! - Што ж рабіць мне?

 

Піяла заскакала ў Абдулвахабавай руцэ. У вачах яго ўспыхнуў змрочны агонь.

- Пабойся Алаха! - гучна прамовіў ён. - Малі яго: няхай ён даруе табе гэты грэх!

Людзі, што сядзелі на суседняй суфе*, з цікавасцю паглядзелі ў іхні бок.

* Земляное ўзвышша.

- Пра што ты гаворыш? - спакойна адказаў Шамсібек. - Гэта словы Амара Хаяма. Паэт кажа: усё, што ні ёсць на свеце, усё ад Бога. У тым ліку і нашыя грахі, і нашыя добрыя справы. Якая карысць у тым, каб, аддаўшыся багамоллю, адрачыся назаўжды ад весялосці? Хіба не грэх дарма губіць сваё жыццё?

- Прыкусі язык! Не слухайся падбухторвання служак пекла!

- Хай гэта словы д'яблапаклонніка, а праведны шлях - гэта шлях духоўнага ўдасканалення Хаджы Ахрора. Але як жа быць з тваімі ранейшымі заняткамі? Няўжо здабыццё ведаў - грэх?

Абдулвахаб непрыязна зірнуў на земляка, але змаўчаў. Размова іх перарвалася. Шамсібек паглядваў на прысутных у чайхане, а дэрвіш, утаропіўшыся ў зямлю, перабіраў ружанец.

Чайханшчык прынёс свежай гарбаты. Абдулвахаб узняў вочы на земляка:

- Навошта завітаў у Самарканд?

- Па загаду яго вялікасці султана... А прычыны гэтага мне і самому невядомыя.

- Давядзецца табе адправіцца ў Кухек.

- Што гэта такое?

- Султан амаль заўсёды там. Па начах ён гутарыць з чарцямі...

- Не разумею.

- Ён лічыць зоркі.

- І далёка гэты Кухек?

- Побач.

- Правядзеш мяне туды?

- Добра. Пойдзем рана.

Уранні яны сустрэліся каля мячэці. Павіталіся даволі холадна. У Абдулвахаба не было каня, таму Шамсібек ішоў з ім побач, ведучы свайго карабаіра на павадку. Па дарозе дэрвішу раз-пораз падавалі - хто кавалак ляпёшкі, хто манету. Шамсібек, трошкі адстаўшы, ішоў услед за Абдулвахабам, пакуль не выйшлі з горада. Апынуўшыся каля невялікай рэчкі, землякі збочылі ў прыдарожную чайхану. Памыўшыся халоднай вадой з арыка, яны ўселіся на суфе пад засенню вярбы. Курносы кульгавы хлопчык у выцвілай цюбецейцы прынёс гарбату і ляпёшкі.

Адзін са старых, што сядзелі на суфе каля арыка, узяў у рукі тамбур*. Загучала працяжная журботная мелодыя. Мужчына з круглявым тварам прысеў побач і, паклаўшы на калена цюбецейку, нягучна заспяваў:

* Музычны інструмент.

 

Хто губам чароўным усмех бесклапотнасці даў,

Хто як дар самотным тугу сардэчную даў?

Хай не даў ён нам шчасця, - даволі з нас супакою;

Шмат каму ён даў слёзы і пакуты вечныя даў.

 

Шамсібек заслухаўся... Але Абдулвахаб тут жа парушыў яго засяроджанасць:

- Божа праведны! Мусульмане весяляцца, не памятаючы пра будучую кару!

Дэрвіш забубніў штосьці незразумелае, перабіраючы ружанец. Раптам ён пранізліва зірнуў на Шамсібека:

- Дух уладарнага Кусама* пракляў нашага султана!

* Султан. Сваяк прарока Мухамеда, пахаваны ў Самаркандзе.

- Змоўкні!

- Не! Усякі валадар абавязаны штогод наведваць магілу святога. А наш султан парушыў сёлета свяшчэнны звычай. Ён палічыў прыніжэннем для сябе ўкленчыць перад вялікаснымі астанкамі...

- Адкуль ты гэта ўзяў?

- Наш мухтасіб* Саід Ашык маліўся ў мячэці, як раптам сярод яснага неба прагрымеў гром, а над палацам бліснула маланка. З магілы праведнага Кусама ўзняўся ягоны цень і, зірнуўшы на мухтасіба, сказаў: «Султан Улугбек пагарджае святымі магіламі - ён выпрабоўвае волю Алаха. Паведамі пра гэта мусульманам. Да той пары, пакуль самаркандцы не змыюць крывёю гэты грэх, іх будзе праследаваць лёс!..»

* Асоба, якая назірае за выкананнем рэлігійных абрадаў, прадпісаных шарыятам.

У гэты міг нечая магутная рука апусцілася на Абдулвахабава плячо. Павярнуўшыся, дэрвіш убачыў перад сабой скрыўлены гневам сіпахаў* твар.

* Прыдворны военачальнік.

- Хадзем са мною! Хай султан пачуе твае навіны, - плячысты воін добра трасянуў Абдулвахаба і паказаў яму на дарогу. Потым зірнуў на Шамсібека. - Ты таксама пойдзеш.

Абдулвахаб адразу прыкусіў язык і, уцягнуўшы галаву ў плечы, рушыў побач з сіпахам. Людзі, якія сядзелі ў чайхане, спрабавалі былі заступіцца: «Грэх чапаць дэрвіша!», «Адпусці слугу Алаха!» Але асілак адказваў на гэта: «Калі ён сапраўдны дэрвіш, то хай моліцца за людскі род, а не пэцкае свяшчэннае імя».

Варта ля брамы палаца бесперашкодна прапусціла іх - сіпах меў, відаць, права вольнага ўваходу і выхаду. Яны прайшлі цераз раскошны сад і ўбачылі дзівоснае збудаванне. Яно мела ўнушальныя памеры, было акружана каланадай, што падтрымлівала пляскаты дах тэрасы. Трошкі далей пераліваўся на сонцы празрысты купал Крыштальнага палаца. Шамсібек на хвіліну замёр перад каланадай гэтак жа, як напярэдадні перад Улугбекавым медрэсэ. Штурхнуўшы яго плячом, сіпах сказаў:

- Гэта Чылустун*. Варушыся.

* Дом з сарака калонамі.

Сіпах яшчэ трохі паглыбіўся ў сад і перадаў дэрвіша і Шамсібека нейкаму чыноўніку ў залацістым халаце і на некалькі хвілін знік. Вярнуўшыся, ён павёў сваіх арыштантаў назад да Чылустуна.

Цяпер тут было шмат народу. Уся тэраса была запоўнена багата апранутымі саноўнікамі, пасярод якіх уссеў на дыван пажылы чалавек у блакітным халаце і з невялікай белай чалмой на галаве. Шамсібек адчуў моцны штурхель у спіну і схіліўся перад тэрасай.

Калі юнак зноў узняў галаву, ён сустрэўся вачыма з праніклівым позіркам някідка апранутага чалавека і ўгадаў, што перад ім сам султан.

- Навошта ты прывёў гэтых людзей, Камарыдзін? - спытаўся гарбаносы сівабароды стары, які сядзеў бліжэй за ўсіх да Ўлугбека.

Сіпах пакланіўся, адступіўшы на крок, і вымавіў:

- Найшаноўны, гэтыя сабакі знеслаўлялі імя вялікага султана...

Улугбек уважліва паглядзеў на дэрвіша і ўсміхнуўся:

- Ты прывёў старога знаёмага. Толькі раней ён хадзіў у вопратцы слухача медрэсэ... Ну што ж, ён знайшоў, магчыма, сваё прызванне... Дык пра што ён казаў?

- Ён прагне крыві... - Сіпах не адважыўся гаварыць далей. Але Ўлугбек і так усё зразумеў - гэта было відаць па ягоным кплівым позірку, скіраваным на дэрвіша.

У Шамсібека пахаладзела ўсярэдзіне. Ён чакаў, што султан вось-вось выбухне гневам, і нават зажмурыўся ад страху. Ды, на сваё здзіўленне, пачуў нягучны смех Улугбека.

- Усяго толькі? Выходзіць, ты дарэмна патурбаваў божага чалавека. - Султан весела паглядзеў на сіпаха. - Давай, раскажы нам, Абдулвахаб, з якой мэтай надзеў ты гэтую касматую шапку і рыззё.

- Дзеля таго, каб маліцца за прававерных і падрыхтавацца да вечнага жыцця...

- Святая мэта! Але ты забыўся, што кожнае дэрвішава слова тут жа дасягае прастола Ўсявышняга. А значыцца, за слоўны грэх цябе спасцігне цяжкая кара...

- Хай Алах захавае мяне ад усякага слова хлусні. Клапоцячыся пра спакой мусульман, я паведамляў ім жаданні ўладарнага духу...

- Пакінь мне клопат пра падданых Алаха. І скажы, як табе сталі вядомыя наказы святога? Ты сам бачыў яго?

- Яго бачыў мой пір.

- Ах, ён абраў у суразмоўнікі твайго піра! Іду ў заклад, што больш ніхто не бачыў ценю святога... Сам Усявышні сведка - у той дзень я маліўся ля магілы Шахі-Зінда*... Можаш сам выбраць сабе пакаранне...

* Вечна жывы цар (Кусам ібн-Абас).

За дэрвіша адказаў сіпах:

- О шахрыяр, у нас не знойдзецца такога тоўстага бізуна, які мог бы вылечыць вар'ята...

Улугбек знакам прымусіў яго змоўкнуць і ўтаропіў свой позірк у Абдулвахаба. Дэрвіш дзёрзка ўскінуў вочы на султана:

- Маё жыццё належыць Алаху. Магчыма, ён палічыць патрэбным пакараціць яго вашым мячом...

Улугбек з усмешкай адмоўна паківаў галавой:

- Я не крыважэрны... Мой дзед завяшчаў мне: не ўсякая шыя варта таго, каб тупіць аб яе султанаў меч... Завядзі яго за браму, Камарыдзін. Няхай сам Алах пакарае паганца...

Камарыдзін кіўнуў служкам, і яны кінуліся да дэрвіша.

Шамсібек таропка вымавіў:

- Шаноўны, у мяне ёсць просьба да вялікага шаха...

- Што такое?

Малады чалавек дастаў з-за пазухі згорнуты трубачкай ліст. Убачыўшы султанаву пячаць, сіпах адразу ж узяў ліст з Шамсібекавых рук і з пашанай паднёс яго Ўлугбеку.

Султан прабег вачыма некалькі радкоў і ўскінуў погляд на маладога чалавека:

- Дык ты і ёсць Шамсібек, сын Ісмаіла-Хаджы?

Замест адказу юнак яшчэ раз пакланіўся. Улугбек перадаў ліст пісару і, успёршыся на падушку, спытаўся:

- Чаму ты суправаджаеш дэрвіша?

- Мы аднавяскоўцы, валадар. Да таго ж мы разам вучыліся.

- Ну і вывучыліся. - Улугбек з хітрай усмешкай агледзеў людзей вакол. - Адзін падбухторвае да бунту, а другі ашуквае легкаверных...

Вялікія і малыя чалмы важна заківалі.

- Але, магчыма, гэта нечая выдумка, што ты ўмееш ператвараць медзь у золата? - працягваў султан.

- Не, апякун навук... Я сапраўды магу ператвараць медзь у золата...

- Ці вялікія тыя багацці, што ты сабраў, ашукваючы людзей?

- Я ніколі не выкарыстоўваў сваё мастацтва для ўзбагачэння. Калі б вашы словы пра ашуканства былі праўдай, то мае скарбы пераўзыходзілі б казну ўладара сусвету... Але ўсялякі раз, калі я браўся за працу, мой дзед, наставіўшы мяне ў вялікім мастацтве, чытаў наступныя радкі:

 

Я ў бестурботнасці віна ані глытка не піў,

Пакуль мне кубак бед пададзены не быў.

Хлеб у салонку не макаў, пакуль я не наеўся

Сваім жа лёсам, што душу аж дачарна спаліў.

 

На Ўлугбекавых губах мільгнула добрая ўсмешка. Пагладжваючы бараду, ён звярнуўся да аднаго з саноўнікаў, што акружалі яго:

- Ваша праніклівасць, шаноўны, вартая пахвалы. Мы не памыліліся ў гэтым юнаку.

Улугбек дакрануўся да Шамсібекавага пляча і прадставіў маладога чалавека прысутным. Павярнуўшыся да сіпаха, які стаяў у чаканні загадаў, султан сказаў:

- Камарыдзін, ты захапіў майго госця - даручаю яго тваім клопатам. Звадзі Шамсібека ў лазню, дай новую вопратку. І пасля таго, як ён адпачне, прыводзь яго на вечаровую гутарку.

Сіпах і яго падапечны пакланіліся і, не адважваючыся павярнуцца да султана спінаю, доўга адступалі назад.

 

* * *

 

На гэты раз Камарыдзін павёў Шамсібека не да Чылустуна, а ў глыбіню саду. Мінуўшы вялікі кветнік, яны выйшлі да авальнай пляцоўкі, пасярод якой біў фантан. Касыя промні сонца на заходзе, дробнячыся ў бруях вады, рассыпаліся жамчужнымі пырскамі над кустамі руж. У баку ад фантана на засланай дыванамі сафе сядзеў Улугбек. Ён засяроджана чытаў вялізны фаліянт.

Шамсібек спыніўся наводдаль, не жадаючы перашкаджаць султану. Але Камарыдзін шапнуў:

- Шахрыяр сам распарадзіўся прывесці цябе. Ідзі.

Малады чалавек наблізіўся да сафы і ўкленчыў.

Улугбек узняў галаву. Цяпер ён быў апрануты ў просты жоўты халат і быў падобны больш на настаўніка медрэсэ, чым на ўладара.

Шамсібек пацалаваў край яго халата. Султан моўчкі паказаў юнаку месца каля сябе і жэстам адпусціў Камарыдзіна.

- Сёння ўночы Мірых* пачне набліжацца да Зямлі, - сказаў Улугбек. - Я і мае астраномы рыхтуемся да гэтай сустрэчы. Але, пакуль зоркі не ўсеялі неба, у мяне ёсць час для больш блізкага знаёмства з табой.

* Марс.

- Маё жыццё належыць вам, валадар.

- Калі мне данеслі пра цябе, то сказалі, між іншым, што ты аблудны бязбожнік... Чым выкліканы гэтыя словы?

Шамсібек маўчаў пэўны час. Потым, нясмела гледзячы на султана, сказаў:

- Я прачытаў «Штукі прарокаў» і «Хітрыкі лжэпрарокаў» і растлумачыў сэнс гэтых кніг некаторым сябрам.

- Ты апаганіў святыя імёны прарокаў?

- Я па-свойму вытлумачыў думкі настаўніка, і толькі.

- Ты сказаў: настаўніка... Мінула чатыры сотні гадоў, як Абу-Бакір Мухамед ар-Разій перасяліўся ў сялібы праведных. Абу-Райхан Беруні вырак пра яго нямала каштоўных слоў... Так, гэта варты пашаны настаўнік.

Шамсібек кінуў міжвольны позірк на кнігу, што ляжала перад султанам. Улугбек заўважыў яго цікаўнасць і, усміхнуўшыся, сказаў:

- Гэта «Канон Масудзі» Абу-Райхана. А вось тут, - ён паказаў на невысокі васьмігранны столік, завалены кнігамі і пергаментнымі скруткамі, - тут ты бачыш «Аль-Мажысты» Батлімуса*...

* «Альмагест» Пталемея.

- Ар-Разій - вучоны, варты пазмагацца на полі ведаў з Батлімусам, Афлатутонам і Аклідусам!* - пад наплывам пачуццяў усклікнуў Шамсібек.

* Пталемей, Платон, Еўклід.

- Ты сказаў праўду! - пахваліў Улугбек, не звярнуўшы ўвагі на тое, што малады чалавек перабіў яго. - Пахвальна, што ты назваў ар-Разія сваім настаўнікам. Сам вялікі Ібн-Сіна схіляўся перад гэтым слаўным імем... Але мала, на жаль, засталося тых, хто ідзе па слядах мудрага...

- Затое нямала тых, хто дбайна служыць астраноміі...

Султан уважліва паглядзеў на юнака. Шамсібек вырашыў, што ён прамовіў нешта недарэчнае, падняўся са свайго месца і папрасіў прабачэння за дзёрзкасць. Улуг-бек жэстам загадаў яму сесці.

- Па-твойму, астраномія ніжэйшая за матэматыку, хімію альбо медыцыну? - спытаўся султан і, бачачы, што Шамсібек зноў парываецца ўстаць, дадаў: - Дык вось, зоркі і планеты не рассыпаны па небе проста так. У іх размяшчэнні ёсць нейкі парадак. Нейкія сілы дзейнічаюць паміж імі, гэтыя сілы - Любоў і Варожасць... Змены ў становішчы зорак могуць сказаць нам, якая сіла ў цяперашні час пануе ў свеце... Варожасць нясе разбурэнне, сваркі паміж людзьмі. Любоў прыносіць мір чалавецтву.

Памаўчаўшы, ён працягваў:

- Ці думаеш ты, што медыцына здольная падоўжыць чалавечае жыццё?

- Не, валадар.

- Дык ты лічыш, што вучэнне Ібн-Сіны памылковае?

- Наадварот! Вучэнне наймудрага з лекараў - адзіны шлях да даўгалецця. Толькі... толькі ніхто не стане садзейнічаць увасабленню ягоных думак на справе. І потым - трэба перамагчы старэнне цела. А мы нават не ведаем, з якога боку падступіцца да гэтага.

- Значыцца, усё-такі думкі вучонага - не прыгожы паветраны замак?

- Калі казаць пра магчымасць іх ажыццяўлення сёння ж, то праўда мовіць вуснамі апекуна мудрых... Я думаю, што даўгалецця можна дасягнуць, адно атрымаўшы ключ да чалавечай душы. Калі мы зможам лячыць душу, то цела будзе жыць вечна...

- Але ключ гэты ў руцэ Ўсявышняга! - узняўшы бровы, заўважыў Улугбек.

- Мажліва, Алах будзе мець ласку ўручыць яго вам - хай спрыяе ў тым сам прарок Мухамед...

- Слушныя словы! - ухваліў султан. - Твае сілы выяўляюцца ў тваіх думках... Скажы цяпер, якім чынам ты ператварыў медзь у золата?

- Я дасканальна вывучыў кнігу «Таямніца таямніц», напісаную настаўнікам ар-Разіем. Але галоўнае раскрыў мне мой дзед...

Ён на імгненне змоўк. Улугбек, падбадзёрваючы яго, кіўнуў, і юнак працягваў:

- Для таго, каб атрымаць сапраўднае золата, неабходна кроў чалавека.

- Кроў? - насупіўся султан.

- Так. Золата, з якога зроблены дасланы вам пярсцёнак, я апрацаваў сухой крывёй.

- Дзе ты ўзяў кроў?

- Гэта была мая кроў.

- Што ж, кожны раз, як ты робіш золата, ты выкарыстоўваеш уласную кроў?

- Я не так ужо часта раблю золата. Настаўнік пісаў, што кожны, хто ператварае веды ддя нажывы, будзе пакараны ў будучым жыцці...

У наступны міг пачуўся голас супі*, які склікаў на вечаровую малітву. Улугбек правёў па твары далонямі і ўзняўся з месца. Малады чалавек устаў услед за султанам.

* Служка ў мячэці.

Улугбек зрабіў некалькі крокаў у бок саду, але раптам спыніўся і, павярнуўшыся да Шамсібека, строга сказаў:

- Ад сёння забараняю табе выкарыстоўваць кроў для атрымання золата. У валадаранне Ўлугбека ніводная кропля чалавечай крыві не павінна пралівацца дзеля прыхамаці дужых. Жыццё таго, хто не паслухаецца гэтай забароны, будзе нядоўгае...

- Слухаюся, валадар...

- Заўтра можаш адпачываць. А з суботы зоймешся сваімі абавязкамі, рассарціруеш, як старшы над ювелірамі, золата і срэбра ў казне. Ды падбяры ў горадзе месца, дзе лепш за ўсё пабудаваць бальніцу...

- О ўпрыгожанне іслама, - схіліўся Шамсібек. - Вашая ласка не ведае межаў... Загадайце яшчэ зарэзаць некалькі баранаў.

- Навошта?

- Мяса трэба будзе развесіць ва ўсіх канцах горада на адкрытых месцах. Бальніцу лепей будаваць там, дзе яно захаваецца свежае як найдаўжэй...

- Твой розум варты пахвалы! Прасі ў мяне ўсё што хочаш!

- Мой валадар, я папрашу толькі пра адно: адпусціце мяне дадому пасля таго, як я спраўлюся з вашымі даручэннямі.

- Табе не падабаецца ў маім палацы? - Улугбекаў твар пасуровеў.

- Не пасуе вясковаму вераб'ю дзяўбці з залатой талеркі.

- Але на сельскім полі ён можа стацца здабычай каршуна... Я не хачу адпускаць цябе ад сябе. Калі ты сумуеш па родных, дык можаш з'ездзіць дахаты і перавезці сям'ю ў Самарканд.

 

* * *

 

Праз некалькі дзён, прачытаўшы ў мячэці Бібі-Ханум ранішнюю малітву, Шамсібек і Камарыдзін, які суправаджаў яго, рушылі ў дарогу.

Ускочыўшы на каня, малады чалавек раптам заўважыў дэрвіша, што сядзеў на кукішках каля запыленай вярбы.

- Абдулвахаб! - усклікнуў Шамсібек. - Куды ты знік? Я шукаў цябе ўсе гэтыя дні. Мы едзем дадому - гайда з намі!

- Не паспеў прыехаць у Самарканд і ўжо скачаш назад? - замест адказу спытаўся дэрвіш.

- Я неўзабаве зноў вярнуся, з сям'ёй.

- Думаеш, твае старыя захочуць пакідаць наседжанае месца?

- Прывязу хоць бы жонку і сына.

- Я не ведаў, што ты жанаты.

- Але, ужо трэці год. З дачкою ювеліра Шчарбека.

Абдулвахабаў твар раптам пацямнеў. Дэрвіш павярнуўся спінай і буркнуў:

- Едзьце. Гладкай дарогі...

- Абдулвахаб! - здзіўлена паклікаў Шамсібек. - Можа, перадаць што-небудзь бацьку?

- Скажы, што не бачыў мяне, - не павярнуўшыся, кінуў дэрвіш.

Толькі выехаўшы за гарадскую браму, Шамсібек здагадаўся, што выклікала раптоўны гнеў Абдулвахаба. Яшчэ перад тым, як паслаць сына ў медрэсэ, Байбува сватаў за яго Махфузу, Шчарбекаву дачку. Але ювелір адмовіў - ён аддаў перавагу як зяцю свайму вучню Шамсібеку.

 

* * *

 

Спадарожнікі далучыліся да вялікага каравана. Каля паўсотні вярблюдаў ішлі мерна, быццам разумеючы, што наперадзе доўгі і нялёгкі шлях. Званочкі на вярблюджых нашыйніках няспынна пазвоньвалі, пагоншчыкі працяжна пакрыквалі - больш для таго, каб перамагчы сон...

- Навошта ты хацеў узяць гэтага бруднага жабрака з сабой? - спытаўся Камарыдзін.

- Загіне хлопец у Самаркандзе.

- У цябе занадта добрая душа... Наш султан, няхай прадоўжыцца яго шчаслівае валадаранне тысячу гадоў, са сваёй ласкі даў занадта вялікую волю накшбандыям*. А яны замест таго, каб узносіць да Алаха ўдзякі-малітвы за апекуна прававерных, распаўсюджваюць пра яго самыя недарэчныя чуткі...

* Сябры дэрвішскага ордэна, заснаванага суфійскім настаўнікам Хаджой Накшбанды.

Памаўчаўшы. Камарыдзін дадаў:

- Чуў, як султан пасадзіў у лужыну мухтасіба?

- Не.

- Э-э, ды пра гэта гаворыць увесь Самарканд! Месяц назад, у пятніцу, яго вялікасць завітаў на малітву ў Бібі-Ханум. Пасля малітвы мухтасіб пры ўсім народзе хіліў да таго, што наш султан не надта набожны. Тады Ўлугбек устаў са свайго месца і накіраваўся да мухтасіба. Усе чакалі, што ён загадае пакараць мулу. Але замест гэтага султан звярнуўся да мухтасіба: «Ці праўда, што Хаджа Ахрор параўноўваў вас з прарокам Мусой?» Саід Ашык пацвердзіў гэта. Тады султан спытаўся: «Вы прымаеце яго ўпадабненне?» - «О не, - адказваў мухтасіб. - Я не варты нават цалаваць прарокаў след». - «Цяпер скажыце мне, - працягваў Улугбек, - хто больш вялікі - я ці старажытныя фараоны?» - «Вы, хто супакоіў сусвет!» - схіліўся Саід Ашык. Султан усміхнуўся і сказаў: «Усявышні даў наказ Мусе-прароку, каб ён не ганарыўся перад фараонам, а, наадварот, шанаваў яго. Дык чаму ж той, хто шмат ніжэйшы за прарока, адважваецца кідаць цень на таго, хто пераўзыходзіць фараона?» Мухтасіб гатовы быў скрозь зямлю праваліцца.

Камарыдзін, як выявілася, быў разумны і цікавы суразмоўца. У гутарцы з ім Шамсібек не заўважыў, як мінаюць дні. Сіпах быў адзін з найдужэйшых людзей Самарканда - мала каму ўдавалася пакласці яго на лапаткі. Гледзячы на магутную постаць спадарожніка, Шамсібек думаў: «Калі б ён не нарадзіўся асілкам, дык нарадзіўся б вучоным».

 

* * *

 

Увечары чацвёртага дня, калі караван ступіў ужо на ўрадлівыя землі Ферганскай даліны, спадарожнікі заўважылі мноства агнёў у баку ад дарогі.

- Здаецца, вяселле, - кіўнуў у бок агнёў Камарыдзін.

- Непадобна, - запярэчыў Шамсібек. - Не бачу вялікага вогнішча. Мне здаецца, у кішлаку нейкая банда.

- У такім выпадку давай завітаем.

Прышпорыўшы коней, яны паскакалі да паселішча. Чым бліжэй яны пад'язджалі да кішлака, тым гучнейшы чуўся ім шматгалосы гоман натоўпу, што сабраўся вакол вогнішчаў. Вось ужо спадарожнікі маглі адрозніць у цэнтры зборышча гліняную сценку, а каля яе высачэзнага хлопца ў ірваным халаце і з сінякамі на твары. Рукі і ногі яго былі звязаныя. Побач сядзела танюткая дзяўчына, якая прыкрывала твар касніком. Трохі наводдаль стаяў, перабіраючы ружанец, чалавек з чорнай барадой, у вялікай чалме.

Прывязаўшы коней да дрэва, Камарыдзін і Шамсібек праціснуліся праз натоўп да барадача. Сіпах павітаўся і спытаўся:

- Шаноўны, што здарылася?

Агледзеўшы багата апранутых гасцей, чорнабароды асцярожна сказаў:

- Хто вы? Я павінен ведаць, з кім размаўляю.

- Па загаду султана мы накіроўваемся ў Андыжан, - адказаў Камарыдзін і дастаў з-за пазухі грамату, падпісаную Ўлугбекам. Пацалаваўшы яе, ён правёў ёю па вачах і перадаў грамату барадачу.

Той асцярожна прыняў скрутак, таксама пацалаваўшы і правёўшы ім па вачах. Потым разгарнуў і, убачыўшы султанаў подпіс, нізка пакланіўся:

- Гатовы служыць вам, найшаноўныя. Я мясцовы кадзін*.

* Суддзя.

Услед за ім увесь натоўп схіліўся перад гасцямі.

- Я хачу ведаць, - паўтарыў сваё пытанне Камарыдзін, - навошта тут гэтулькі людзей...

- Народ сабраўся пакараць тых, што парушылі прарокаў закон.

- У чым іх абвінавачваюць?

- Дзяўчына, якую вы бачыце, была заручана з джыгітам па імені Ахмадбайвачы. Гэты паганец, - барадач паказаў на пакрытага сінякамі гіганта, - закруціў ёй галаву і згаварыўся ўцячы разам з ёю напярэдадні вяселля. Іх схалілі і прывялі да мяне. Я пастанавіў пакараць іх смерцю.

У гэты час у натоўпе пачуўся шум, і праз хвіліну да гасцей праціснуўся худы сіваваты дэхканін. Ён упаў на калені перад Камарыдзінам:

- Выслухай мяне, надзелены даверам найвялікшага з падданых Алаха!

- Кажы! - сказаў сіпах.

- Дзяўчына, якую ты бачыш, - мая малодшая дачка. Гэта я віноўнік яе граху, я прымусіў яе згадзіцца на заручыны з Ахмадбайвачы. Загадай пакараць смерцю мяне, а яе адпусціць...

- Дык ты не давала згоды выйсці замуж за таго джыгіта, пра якога гаворыць твой бацька? - звярнуўся сіпах да дзяўчыны.

Яна, уздрыгваючы ад страху, адмоўна паківала галавой.

- Хто ты такі? - спытаўся Камарыдзін у аздобленага сінякамі асілка.

Гігант панура маўчаў, нават не зірнуўшы на таго, хто пытаўся.

- Гэта мясцовы полван*, - паспяшаўся растлумачыць дэхканін.

* Волат.

- О, гэта цікава, - прамовіў сіпах і падышоў да асілка. - Як цябе завуць?

- Ганімурад, - змрочна адказаў той.

- У Самаркандзе мала малайцоў, якія могуць пахваліцца тым, што яны мяне перамаглі, - сказаў Камарыдзін. - Калі ты будзеш у ліку тых шчасліўцаў, што змаглі прыціснуць да зямлі Камарыдзіна, Ібрагімавага сына, то атрымаеш ва ўзнагароду жыццё.

Сіпах павярнуўся да кадзія:

- Развяжыце яго.

Загад быў тут жа выкананы, і Ганімурэд пачаў расціраць зацёклыя рукі.

- Дайце яму памыцца і накарміце, - сказаў Камарыдзін. - Я не хачу перамогі над галодным джыгітам...

Тым часам кадзій паспеў распарадзіцца пра начлег для важных гасцей і, лісліва кланяючыся, паведаміў пра гэта сіпаху. Камарыдзін зычліва зірнуў на ўвішнага барадача і сказаў:

- Загадай накарміць нашых коней. Ды няхай прынясуць пояс гэтаму асілку, - ён кіўнуў у бок Ганімурада.

- Пояс! - крыкнуў кадзій, і з натоўпу зараз жа працягнулі некалькі паясоў.

- Ну трымайся, хлопец, - усміхнуўся Камарыдзін, перадаючы волату пояс.

Туга падперазаўшыся, малады чалавек выйшаў у сярэдзіну круга, вызваленага натоўпам для спаборніцтва. Камарыдзін зняў халат, працягнуў яго Шамсібеку. Асветленыя полымем вогнішча, барцы пачалі сыходзіцца. Бронзава-чырвоныя блікі гулялі на іх магутных торсах. Па натоўпе прайшоў міжвольны гул захаплення - праціўнікі відавочна не саступалі адзін аднаму ні ў прыгажосці, ні ў моцы.

Узяўшыся за паясы, волаты пэўны час не трывожылі адзін аднаго і толькі рэдкімі магутнымі рыўкамі спрабавалі ўстойлівасць суперніка. Нарэшце Камарыдзін рэзка ўпёрся падбародкам у плячо Ганімурада і з усяе сілы пацягнуў яго за пояс да сябе. Той не варухнуўся, быццам урос у зямлю. Барцы хутка пайшлі па крузе, раз-пораз спрабуючы адарваць адзін аднаго ад зямлі. Змаганне працягвалася некалькі хвілін. Страсці напаліліся. У натоўпе чуліся ўсклікі, што падбадзёрвалі таго ці другога праціўніка. Здавалася, што барацьба скончыцца ўнічыю. І раптам - Шамсібек не адразу ўсвядоміў тое, што адбылося, - магутнае Камарыдзінава цела хістанулася ў бок вясковага асілка, прыўзнялося над зямлёй, а ў наступнае імгненне гігант зноў стаяў на нагах.

Ганімурад мог кінуць праціўніка на зямлю, але не зрабіў гэтага. Камарыдзін ацаніў высакародны жэст і па-сяброўску абняў маладога чалавека.

- Толькі сапраўдны волат здатны на такі ўчынак! - сказаў сіпах.

Пасля Камарыдзін звярнуўся да натоўпу:

- Людзі! Вашы землякі - Ганімурад і гэтая юная дзяўчына - яны ж такія маладыя. Даруйце ім іхнія грахі! Тым болей што яны кахаюць адно аднаго, а юная сяброўка волата была засватана супроць сваёй волі... Няхай яны пажэняцца.

«Ды што там!», «Дараваць, вядома!», «Слушна вы сказалі, шаноўны!» - пачулася ў натоўпе. Камарыдзін зірнуў на кадзія. Той сумеўся і развёў рукамі.

 

* * *

 

Раніцай спадарожнікі рушылі далей у бок Андыжана. Недзе каля поўдня Шамсібек і яго спадарожнік аддзяліліся ад каравана і, прышпорыўшы коней, паскакалі ў бок вялікага паселішча, што патанала ў зеляніне садоў.

- Твой Булакбашы - сапраўдны рай, - заўважыў сіпах. - Цяпер я разумею, чаму ты так упарціўся, калі шахрыяр вырашыў пакінуць цябе ў Самаркандзе.

Ведучы коней на павадку, спадарожнікі прайшлі вузкай вуліцай да Шамсібекавага дома. Штурхнуўшы нізкія дзверцы, малады чалавек прайшоў у прасторны дворык, заценены вінаграднымі лозамі. Першымі, каго ён убачыў, былі гадавалы малы, які поўзаў каля суфы, і пажылая жанчына, што сачыла за ім.

- Мама! - нягучна паклікаў Шамсібек.

Жанчына павярнулася на ягоны голас і, ускрыкнуўшы, кінулася да сына. З дзвярэй дома ў двор павыходзілі бабуля, цётка, жонка Шамсібека.

- Жывы, жывы, сыночак! - паўтарала маці, пагладжваючы яго па плячы. - А мы ўжо столькі слёз па табе пралілі.

- Вы, жанчыны, заўсёды занадта шмат плачаце, - з усмешкай прамовіў Шамсібек і падхапіў на рукі дзіця. - Сын, ты ўжо зусім вялікі! Пара заводзіць для цябе каня...

 

* * *

 

Выявілася, што Шамсібекаў бацька паехаў на некалькі дзён па справах у Андыжан.

Да бацькавага прыезду малады чалавек нікому не казаў пра загад Улугбека перасяліцца ў сталіцу. Калі Ісмаіл-Хаджы даведаўся пра волю султана, ён сказаў:

- Алах спагадны да цябе, сынку. Вялікі Ўлугбек кліча цябе да служэння. Няхай беражэ цябе на ўсіх шляхах бацькава блаславенне.

Рассталіся на ростанях на ўзгорку. І доўга яшчэ стаялі бацька і маці, гледзячы, як маленькі караван з некалькіх павозак і двух коннікаў марудна цягнецца па вялікай гандлёвай дарозе, раз-пораз знікаючы ў клубах пылу.

Шамсібек і Камарыдзін дамовіліся заехаць па Ганімурада з жонкай. Сіпах думаў уладкаваць асілка ў асабістую султанаву гвардыю. Але калі праз два дні спадарожнікі прыбылі ў знаёмы кішлак і спыніліся перад брамай дома маладых, ніхто не выбег на шум. Камарыдзін прыўзняўся на стрэмях і зазірнуў цераз дувал у двор. Там нікога не было. Тады коннікі пазлазілі з коней і, прывязаўшы іх, увайшлі ў двор.

- Гаспадары! - паклікаў Шамсібек.

За спінай яго пачуўся нейкі шолах. Малады чалавек рэзка павярнуўся - з-за фіранкі, што закрывала ўваход на жаночую палову, выйшла Ганімурадава жонка. Твар яе быў адкрыты, валасы распушчаны. Шамсібек адвёў вочы ўбок. Раптам жанчына ўскрыкнула і кінулася ў кут двара. Праз імгненне адтуль пачуўся вар'яцкі рогат.

Шамсібек і Камарыдзін неўразумела зірнулі адзін на аднаго. У гэты час адчыніліся другія дзверы, і перад гасцямі з'явіўся сівабароды стары. Ён абапіраўся на тоўсты кій, на твары ягоным быў адбітак пакуты.

- Што з вамі, аксакал? - кінуўся да яго Шамсібек.

- А-а, што я... Вы б лепш спыталіся, што з нашым Ганімурадам.

- Што такое? - у адзін голас спыталіся Шамсібек і Камарыдзін.

- Калі б ён паехаў тады з вамі, - стары паківаў галавой, - уранні пасля вяселля на нас напаў Ахмадбайвачы са сваімі галаварэзамі. Яны крычалі, што вяселле незаконнае... Ганімурада ўратавала толькі заступніцтва Алаха - іншы б на яго месцы даўно развітаўся з гэтым светам... Але ён вельмі слабы і ўжо колькі дзён ніяк не апрытомнее.

- А што з вамі?

- Баліць нага... Я не ведаю, як усё гэта здарылася. Памятаю толькі, што ўпаў ля парога нявесты...

- Ля парога нявесты?! Дык яны... уваходзілі на яе палову?!

Моўчкі стары кіўнуў і звесіў галаву...

Камарыдзін выхапіў з ножнаў крывую шаблю.

- Дзе гэтыя шакалы?!

Шамсібек спыніў яго рухам рукі:

- Алах ужо асудзіў іх на вечную муку. Хай зброяй яго хуткай помсты будзе суд султана!

- Ты добра сказаў! Хай закон знішчыць гэтых слуг шайтана!

А неўзабаве з цэнтра паселішча пачуліся гулкія ўдары барабана, і ўсё насельніцтва кішлака збеглася да вялізнага вогнішча, якое шугала пасярод пляца.

З натоўпу коннікаў аддзяліўся сіпах на гарачым жарабку. Грозна пабліскваючы бялкамі, ён павярнуўся тварам да натоўпу і паказаў бізуном на кучку раскудлачаных маладых людзей, што ціснуліся вакол Ахмадбайвачы.

Камарыдзінаў голас грымеў:

- Гэтыя паганцы пасягнулі на чужую жонку! Якога пакарання вартыя яны?

Натоўп зароў:

- Толькі смерць!

- А што скажа нам муфці? - спытаўся сіпах.

Паважны стары ў чалме ступіў з натоўпу і сказаў:

- Народ кажа правільна. Так загадвае закон.

- Чаму ж вы не засудзілі злачынцаў раней? Вы, кадзій і мула, - вось хто нясе адказнасць за тое, што вылюдкі ніяк не былі пакараныя.

Муфці не адказаў. Тады да вогнішча прабраўся суддзя і заявіў:

- Я наогул не чуў пра гэтую справу.

- Ну дык цяпер вы пра яе ведаеце. Злачынцы ва ўсім прызналіся.

Камарыдзін павярнуўся да сваіх джыгітаў і гучна прамовіў:

- Імем закону! Злачынцаў пакараць смерцю! Укрывальнікам злачынства - па пяцьдзесят бізуноў!

Натоўп з ухвалой зашумеў.

 

* * *

 

Маленькі караван, які складаўся з двух коннікаў і некалькіх арбаў, на якіх размясціўся Шамсібекаў скарб, а таксама ехалі яго жонка з дачкой і Ганімурад, дабраўся да Самарканда позна ўвечары. Павярнуўшы ў першы, які трапіўся, караван-сарай, стомленыя спадарожнікі прачыталі вечаровую малітву і адразу ж паваліліся спаць.

Уранні, пакінуўшы Махфузу з сынам і Ганімурада адпачываць пасля доўгай дарогі, Шамсібек і сіпах накіраваліся ў султанаву рэзідэнцыю. З'явіўшыся ў прыёмную Крыштальнага палаца, яны папрасілі дзяжурнага чыноўніка далажыць пра сябе Ўлугбеку. На здзіўленне саноўнікаў, што тут тоўпіліся, праз некалькі хвілін вяшчальнік выклікнуў імёны тых, што кагадзе прыбылі: Камарыдзіна ды яго падапечных.

Першае, што ўбачыў Шамсібек, калі за ім зачыніліся высокія разныя дзверы, быў трон. Але, наўздзіў маладому чалавеку, ён пуставаў. Султан, апрануты, як заўсёды, проста, стаяў убаку ля невялікага фантана, акружаны гуртам моладзі. Побач з імі прымасціўся пісец, што трымаў на каленях разгорнуты скрутак.

Улугбек кіўнуў Камарыдзіну і Шамсібеку і паказаў ім месца каля сябе. Наблізіўшыся, Шамсібек пачуў словы аднаго з маладых людзей, што сабраліся ля фантана:

- Вы казалі, шахрыяр, што раскажаце пра вярчэнне Зямлі вакол Сонца. Я правільна зразумеў ваш намер?

Камарыдзін нахіліўся да Шамсібека і шалнуў яму на вуха:

- Гэты юнак - адзін з найлюбімых вучняў султана. Яго завуць Мірам Чалабі. Ён унук Румі.

Улугбек, усміхаючыся, зірнуў на таго, хто задаў пытанне:

- А ці не наблізім мы свой смяротны час, калі будзем гутарыць пра тое, што Зямля круціцца вакол Сонца? - На хвіліну ён задумаўся, потым, пасур'ёзнеўшы, працягваў: - Дурні не зразумеюць нас. Гэтая думка можа быць успрынята толькі самымі мудрымі. Так што... - Улугбек павярнуўся да пісца. - Запішам: «Зямля ёсць цэнтр створанага Ўсявышнім свету. І хоць у яе не выяўляецца той сілы, якая магла б прыводзіць у рух іншыя нябесныя целы, навука лічыць яе сэрцам сусвету». Занясі гэта каліграфам. Хай да вечара перанясуць на пергамент.

Кінуўшы маладым людзям, што акружалі яго, ён аддзяліўся ад іхняга гурту і падышоў да Шамсібека і Камарыдзіна.

- Як прайшло падарожжа?

- Слава Алаху. Дзякуючы вашаму апекаванню мы з'ездзілі паспяхова. Акрамя таго, я прывёз вам пасланне ад намесніка Ферганы. - Сіпах падаў султану скрутак.

Разгарнуўшы ліст, Улугбек прабег яго вачыма і сказаў Шамсібеку:

- Намеснік піша, што возьме тваіх бацькоў пад сваё заступніцтва.

- Дзякуй вам, уладар.

- Шахрыяр, дазвольце заняць вашу ўвагу яшчэ на хвіліну, - звярнуўся Камарыдзін.

- Я слухаю.

- Мы прывезлі з сабой волата...

- Цудоўна. Заўтра ж наладзім спаборніцтва ў садзе.

- Гэта немагчыма, о наймагутны. Улугбек няўцямна паглядзеў на сіпаха.

- Справа ў тым, што волат паранены.

І Камарыдзін у некалькіх словах пераказаў гісторыю няшчаснай Ганімурадавай жаніцьбы. Даведаўшыся пра пакаранне смерцю Ахмадбайвачы і яго хаўруснікаў, султан усклікнуў:

- Усявышні бачыць, я не крыважэрны! Але тваёй рукой, Камарыдзін, рухала сама справядлівасць!

Улугбек двойчы пляснуў у далоні. У тое ж імгненне з-за ядвабнай заслоны ўзнікла фігура пісара.

- Склікаць лепшых лекараў Самарканда! Сёння пасля поўдня ў Чылустуне.

Пісар нізка пакланіўся і знік.

Султан накіраваўся да трона. Усеўшыся, ён з уздыхам прамовіў:

- Колькі ж яшчэ бедаў прынясе нам гэтая хвароба?

- Пра што вы гаворыце, шахрыяр? - нясмела спытаўся Шамсібек.

- Я кажу пра фанатызм, мой хлопчык, - сумна ўсміхнуўшыся, адказаў Улугбек.

Султан на хвіліну як бы забыўся пра сваіх наведвальнікаў і паглыбіўся ў роздум. Сіпах і Шамсібек з пашанай маўчалі, баючыся парушыць цішыню. Нарэшце Ўлугбек узняў вочы на юнака:

- А, ледзь не забыўся сказаць, мула Шамсібек. Месца для бальніцы ўжо выбрана. Так што парайцеся з архітэктарам і прымайцеся за работу. Ва ўсе канцы краіны накіраваны вяшчальнікі - яны збяруць найдасканалых лекараў. Гэта будзе не проста бальніца, а храм медыцынскай навукі, і слава яго разнясецца да крайніх межаў зямлі на Захадзе і Ўсходзе. Для такой справы мая казна заўсёды адчынена. Па ўсіх пытаннях, звязаных з лячэбніцай, можаце з'яўляцца да мяне ў любы час... А заўтра ўвечары вы павінны прысутнічаць на размове мудрых.

 

* * *

 

Архітэктар - уста* Хідзір - быў нашмат старэйшы за Шамсібека. Ён быў невысокага росту, але моцнага складу. На ягоным адкрытым твары застыў выраз спагады і дабрыні. Адзеты ён быў у сіні ядвабны халат, а на галаве ў яго красавалася невялікая зялёная чалма. Сціснуўшы ў сваіх шырокіх сялянскіх далонях руку маладога чалавека, дойлід сардэчна сказаў:

- Я вельмі чакаў вашага прыезду...

* Майстра.

Шамсібек адчуў сябе з уста Хідзірам так лёгка і проста, быццам яны былі знаёмыя шмат гадоў. Таму ён адразу перайшоў да справы.

- Дзе выбралі месца для лячэбніцы?

Архітэктар разгарнуў план горада і паказаў кружок на ўскраіне:

- Вось на гэтым узгорку. Тут, выявілася, самае здаровае паветра. Будынак будзе трохпавярховы - так загадаў шахрыяр.

- Чаму менавіта трохпавярховы? - недаўменна спытаўся малады чалавек.

- Бо так ён будзе выглядаць велічна і ўпрыгожыць сталіцу.

- Прабачце, уста Хідзір, але з якой мэтай будуецца гмах?

- Пра гэта вы павінны ведаць лепш за мяне. Мне было сказана, што тут будзе лячэбніца.

- Менавіта. Народ будзе прыходзіць лячыцца, а не для таго, каб падзівіцца з вышыні бальніцы. Дастаткова і аднаго паверха.

- Не зусім разумею вас.

- Вакол будынка абавязкова павінен быць сад. Кроны дрэў будуць засланяць лячэбніцу ад распаленых промняў сонца. А ў трохпавярховай будыніне хворыя будуць пакутаваць ад гарачыні больш, як ад сваіх хваробаў. Да таго ж узнімацца на трэці паверх ім будзе не так лёгка, як здаровым.

- Мудрыя словы, - кіўнуў дойлід. - Трэба будзе далажыць пра гэта султану. Яго вялікасць будзе сам зацвярджаць праект...

 

* * *

 

Сонца ўжо садзілася, калі Шамсібек з'явіўся на размову ў Чылустун. На тэрасе сабралася каля двух дзесяткаў людзей усіх узростаў. На дыванах былі пасцелены абрусы, пастаўлены прысмакі. Каля васьміграннага століка, заваленага фаліянтамі, прымасціўся пісар.

- А вось і наш юны алхімік! - усміхнуўся султан, убачыўшы Шамсібека. - Здаецца, усе сабраліся?

Малады чалавек, якога Шамсібек бачыў мінулы раз у палацы, паказаў яму месца каля сябе і, калі юнак апусціўся на дыван, назваўся:

- Я Махмуд ібн Махмуд па мянушцы Мірам Чалабі.

- Вы ўнук Казізадэ Румі? - ветліва спытаўся Шамсібек. - Мне казалі пра вас.

Мірам стрымана кіўнуў і скіраваў погляд на Ўлугбека, які кагосьці шукаў вачыма.

- Не хапае яшчэ аднаго, - сказаў султан. - Дзе мой сын Аладзін Алі Кушчы?

- Я тут, мой уладар! - пачулася з зараснікаў руж, і на павароце сцяжынкі, што вяла да абсерваторыі, з'явіўся высокага росту смуглявы мужчына ў простым уборы, падобны хутчэй на рамесніка, чым на вучонага.

Алі Кушчы таропка наблізіўся да тэрасы і, цяжка дыхаючы ад хуткай хады, пакланіўся Ўлугбеку.

Султан паказаў яму месца побач з сабой. Цяпер Шамсібек атрымаў магчымасць бліжэй разгледзець шчасліўца, якога ўладар назваў сваім сынам.

Улугбек абвёў прысутных поглядам і сказаў:

- Вось ужо шэсць гадоў, як патрыярх наймудрых, Афлатутон нашых дзён Салахідзін Муса Казізадэ Румі пераступіў парог раю. Пасля яго смерці, а таксама пасля сканання Гіясідзіна Жамшыда мы моцна збяднелі. Для таго, каб запоўніць прагал, утвораны адыходам шматмудрых настаўнікаў, я вырашыў наступнае... - Султан на хвіліну змоўк, як бы збіраючыся з думкамі. - Я вырашыў заснаваць у Самаркандзе Байтул-хікма*. Калі ў ёй аб'яднаюцца сілы ўсіх вучоных і мудрацоў, якія будуць вызвалены ад турбот па здабыванні хлеба надзённага, то навукі і мастацтва расквітнеюць у Маверанахры так, як у ніводнай іншай дзяржаве мінулага і сучаснасці.

* Акадэмія.

Па тэрасе прайшоў ухвальны гул.

- Наша зямля асвячоная вялікімі імёнамі, - працягваў султан. - Гэта Абу-наср Фарабі, аль Харэзмі, аль Беруні, Ібн-Сіна. У гады валадарання ханаў, якія жадалі шчасця толькі самім сабе, гэтыя людзі былі чужакамі на роднай зямлі. Свой абавязак я бачу ў тым, каб зрабіць Самарканд айчынай усіх вучоных, а не толькі тых, хто нарадзіўся на гэтай зямлі. Сюды будуць з'язджацца лепшыя розумы з усяго свету...

 

* * *

 

Адны з першых заняткаў акадэміі Ўлугбека было вырашана правесці ў абсерваторыі. Шмат чуўшы пра гэты цуд Самарканда, Шамсібек з хваляваннем падыходзіў да трохпавярховага будынка, што ўзвышаўся над дрэвамі палацавага саду. Каля ўвахода яму сустрэўся уста Хідзір.

- Вось і цудоўна, што вы прыйшлі раней за прызначаны час, - сказаў архітэктар. - Я паспею павадзіць вас па абсерваторыі.

Калі яны ўзнімаліся па шырокіх мармуровых ступенях, дойлід несціхана расхвальваў вартасці гэтага ўнікальнага збудавання, якое ўзводзілася, вядома, пад яго кіраўніцтвам.

- Уявіце сабе, гэты будынак аніколькі не пацерпіць нават пад час самага моцнага землятрусу...

На кожным паверсе было па некалькі дзесяткаў пакояў, а пасярэдзіне размяшчаліся залы для сходаў. На сцэнах былі выявы ўсіх сузор'яў бачнага з абсерваторыі неба.

А на цэнтральным плафоне верхняга паверха Шамсібек убачыў Сонца і сем планет, што размяшчаліся вакол яго.

- Давайце выйдзем на тэрасу і палюбуемся відам горада, - прапанаваў уста Хідзір...

 

* * *

 

Час ішоў. Да пачатку зімы падмурак лячэбніцы быў гатовы, і муляры распачалі ўзводзіць сцены. Кожны дзень, вяртаючыся са сваей асноўнай службы ў казне, Шамсібек зазіраў на будаўнічую пляцоўку. Пагаварыўшы з уста Хідзірам, які нязменна кіраваў работамі, малады чалавек збочваў да Камарыдзіна - у яго на час папраўкі пасяліўся Ганімурад. Асілак амаль зусім паправіўся і даволі хутка рухаўся па двары на мыліцах. Але калі надышла чылля*, Ганімурад зноў злёг - на назе ў яго ўтварылася пухліна. Агледзеўшы пасінелую шчыкалатку асілка, Шамсібек сказаў:

- Трэба прыгатаваць мазь. Заўтра я прышлю вам яе. Да таго ж нагу неабходна аберагаць ад холаду.

* Перыяд самых моцных халадоў.

Калі госць накіраваўся да брамы, сіпах, які праводзіў яго, спытаўся:

- Што-небудзь сур'ёзнае? Пабачыўшы пухліну, ты змяніўся ў твары.

- Гэта гангрэна.

- А як яе лячыць?

- Баюся, што ніяк. Трэба адрэзаць нагу.

- Няхай Алах злітуецца над ім! Такія волаты, як Ганімурад, - вялікая рэдкасць. Якое няшчасце, што менавіта яму выпала выпіць горкі кубак!

Сябры памаўчалі, тужліва звесіўшы галовы.

- Дарэчы, - успомніў Камарыдзін, - я сустрэў твайго землячка.

- Абдулвахаба?!

- Але, менавіта гэтага лайдака...

Невясёлы прыйшоў Шамсібек дахаты. Махфуза падышла да мужа і ласкава спыталася:

- Што зрабіла змрочным ваш твар?

- З Ганімурадам зноў блага. Бядак, відаць, застанецца бязногім калекам.

- Кепская навіна, - панікла Махфуза. - А я хацела парадаваць вас...

- Што такое?

Не кажучы ні слова, Махфуза выйшла з пакоя. Праз хвіліну яна вярнулася з блакітнай ядвабнай хусткай у руках і разгарнула яе перад мужам. Шамсібек убачыў вышытае ў цэнтры яе залатое сонца, вакол якога размяшчаліся сем рознакаляровых планет.

- Ты сама вышыла гэта?

- Так. На мяне ваш расказ пра роспісы абсерваторыі зрабіў такое моцнае ўражанне, што я вырашыла вышыць яго на хустцы.

- Як ты назавеш гэты ўзор?

- Фалак*.

* Неба.

- Я пакажу султану. - З гэтымі словамі Шамсібек беражна згарнуў хустку.

Махфуза нясмела зірнула на мужа:

- У мяне таксама ёсць непрыемная вестка...

- Слухаю, - Шамсібек нахмурыўся.

- Па нашай вуліцы ўвесь час швэндаецца Абдулвахаб з гурмой нейкіх абадранцаў.

- Гэта накшбандыі.

- Яны паводзяць сябе абуральна - выкрыкваюць пагрозы нейкім грэшнікам, якія аддаліся ў рукі шайтану. Калі я чую іхні дзікі лямант, мне робіцца страшна...

- Нічога, - супакоіў яе Шамсібек. - Лайдакам проста няма чым заняцца.

- Ці не затаіў Абдулвахаб злосць на вас?

- Яму трэба было б злаваць перш за ўсё на самога сябе.

 

* * *

 

Аднойчы пасля размовы ў акадэміі Шамсібек падышоў да султана.

- Валадар, дазвольце адняць у вас хвіліну вашага вольнага часу.

- Я слухаю цябе, мой юны алхімік.

- Наш Ганімурад, пра якога вы гэтулькі чулі, стаў папраўляцца. Усё ішло выдатна, але вось цяпер раптоўна ў яго пачалася гангрэна.

- Якое няшчасце! - паківаў галавой Улугбек.

- Я задумаў прыгатаваць для яго лякарства, шахрыяр. Але для таго, каб мая задума ўдалася, мне трэба што-нішто даведацца ў вас...

- Пытайся пра што хочаш.

- На адной з вашых лекцый, о валадар, які ведае шляхі свяціл, вы казалі, што калі б Месяца не было, то ход жыцця на Зямлі быў бы зусім іншы і сілы, што дзейнічаюць на нас, зусім змяніліся б.

- Ты кажаш чыстую праўду.

- Я падумаў, мой валадар, што ў час зацьмення Месяца яго сіла знікае і што ўласцівасці рэчываў змяняюцца на гэты час. Жывёлы, напрыклад, адчуваюць нейкія змены ў свеце, якіх не адчувае чалавек, - сабакі пачынаюць брахаць як шалёныя, аслы равуць, коні ржуць у сваіх стайнях. Сама прырода ў дні зацьменняў вар'яцее - на морах бушуюць ветры, па зямлі пракочваюцца буры і ліўні.

- Што ж, твае меркаванні заслугоўваюць увагі.

- І я вырашыў, о шахрыяр, прыгатаваць лякарства для Ганімурада ў час месячнага зацьмення, у момант, калі ўласцівасці рэчываў змяняюцца. Можа, гэтае зелле прынясе вылячэнне нашаму волату... Але для гэтага мне хацелася б ведаць, ці хутка будзе такое зацьменне - вы ж казалі, што можаце прадказваць іх час.

- Але, мой дапытлівы ювелір, на тваё шчасце, зацьменне павінна быць зусім хутка - у восьмы дзень хамола*. Я абвяшчу пра гэта Самарканду. Увесь народ будзе маліцца ў мячэцях пра дараванне перамогі святлу над цемрай. І ты таксама павінен будзеш прысутнічаць на малебне. Інакш цябе палічаць ерэтыком.

* Першы месяц мусульманскага новага года, які пачынаецца 22 сакавіка.

- О аздоблены прамудрасцю, няўжо Алах не верне нам Месяц, калі я буду адсутнічаць на малітве? Я думаю, яму пажадана будзе дапамагчы вылечыць таго, хто нявінна цярпеў.

Улугбек тонка ўсміхнуўся і прамовіў:

- Я нічога не чуў... У цябе ўсё?

- Не, валадар. Я хачу паказаць вам вось гэта. - Шамсібек дастаў з сумкі хустку, вышытую Махфузай, і разгарнуў яе.

Улугбек нешта здзіўлена выгукнуў і спытаўся:

- Хто зрабіў гэта?

- Хустку вышыла мая жонка.

- Але адкуль ёй вядомыя рэчы, даступныя толькі разуменню мудрых?

- Я расказаў ёй пра роспісы ў вашай абсерваторьгі, шахрыяр. І яна з маіх слоў уявіла сабе ўсё дакладна так, як яно ёсць на самай справе.

Султан на хвіліну задумаўся. Раптам твар яго прасвятлеў.

- Мне прыйшла ў галаву адна думка. Я пастанаўлю, каб кожная нявеста прыносіла з сабой у жаніхоў дом такую хустку... Як яна, дарэчы, называецца?

- Фалак.

- Вось-вось. Каб кожная дзяўчына, што збіраецца замуж, мела такі фалак. Інакш жа людзей не прымусіш купляць гэтыя хусткі, я не кажу ўжо пра карты зорнага неба або схемы руху планет. Нічога не трэба тлумачыць напачатку, бо нас могуць абвінаваціць у сувязі з шайтанам. Уяўленні пра Сонца як цэнтр свету павольна, паступова замацуюцца ў свядомасці народа - бо кожны дзень, гледзячы на фалак, што вісіць на сцяне, чалавек незаўважна для сябе засвоіць тое, што здабыта намі навуковым шляхам. І толькі тады ён зможа прыняць і тлумачэнні вучоных... Даю табе выключнае права на выраб фалакаў. Няхай твая жонка нагледзіць некалькі добрых майстрых і завядзе майстэрню. Гэта, думаю, і дапаможа вам паправіць свае грашовыя справы...

Шамсібек пакланіўся.

 

* * *

 

Настаў вечар восьмага дня месяца хамола. За некалькі гадзін да пачатку зацьмення Шамсібек прыгатаваў на століку пасярод двара розныя травы і яшчэ шмат чаго. Усё гэта ён збіраўся расцерці ў ступцы і змяшаць у той момант, калі цень Зямлі закрые начное свяціла...

Падзьмуў лёгкі ветрык. Край месячнага дыска, што ззяў у бясхмарным вечаровым небе, раптам запунсавеў, быццам дакрануўся да жару. Шамсібек тут жа падкінуў дроў у вогнішча, разведзенае побач са столікам, і сунуў у агонь медны сасуд з настоем з траў. А калі чырвоны колер заліў палову Месяца, юнак склаў у ступку муміё, воск, паленае пер'е арла - і падрыхтаваўся стаўчы ўсё гэта, як толькі настане поўнае зацьменне.

А над горадам нарастаў невыносны гармідар: авечкі бляялі ў загарадзях, сабакі, надрываючыся, брахалі, а людзі - тыя, хто не змог па нямогласці пайсці ў мячэць, - з усіх сіл лупілі ў сваіх дварах па металічных тазах і выкрыквалі заклінанні, каб адпудзіць шайтана, які паквапіўся на Месяц.

Пасярод гэтага грукату Шамсібек не пачуў, як адчыніліся вароты і ў яго двор хлынуў натоўп дэрвішаў. Малады чалавек якраз толькі ўзяў цяжкі таўкачык, каб стаўчы прыгатаваную сумесь. У гэты момант нехта кінуўся на яго ззаду і вырваў таўкачык з рукі. Павярнуўшыся, вучоны ўбачыў скрыўленыя гневам твары абадранцаў. Адзін з іх, закруціўшыся на месцы, дзіка завішчаў:

- Прававерныя! Гэты сын пекла хоча выклікаць канец свету! Ён у змове з самім шайтанам і заклінае нячыстую сілу!

З натоўпу высунуўся высокі дэрвіш. Шамсібек адразу ж пазнаў у ім аднасяльчаніна. Абдулвахаб узмахнуў над галавой цяжкай дубінай і крыкнуў.

- Божыя людзі! Не дапусцім здзейсніцца благой справе! Толькі знішчыўшы служку пекла, вы ўратуеце свяціла...

Страшэнны ўдар апусціўся на галаву Шамсібека. Апошняе, што ён убачыў, быў вялізны шар Месяца...

 

3

 

Стаяла позняя восень. Але дажджоў было мала; часта выпадалі ясныя халаднаватыя дні, і тады з акна санаторыя відаць былі ва ўсіх падрабязнасцях горныя ланцугі Паміра.

Джахангір Аліеў падоўгу блукаў па наваколлі, гуляў у тэніс і... нічога не чытаў. Гэтае апошняе патрабаванне галоўнага доктара санаторыя было самым катэгарычным. Пасля ўсіх пературбацый апошніх месяцаў, пасля эксперыменту і звязанага з ім ужыўлення правадоў у мозг вучонаму неабходна было некалькі тыдняў не даваць сабе ніякай інтэлектуальнай нагрузкі. Менавіта таму доктар поўнасцю забараніў Джахангіру прымаць наведвальнікаў, а таксама даў указанне дасылаць назад адрасаваныя яму лісты.

І ўсё-такі ў адзін з такіх празрыстых халодных дзён да Аліева з'явіўся госць. Нягледзячы на пільнасць персанала, у нумар да вучонага прабраўся Тулкун Мансураў. Убачыўшы яго, Джахангір радасна ўскочыў з крэсла. Сябры абняліся і прайшлі да акна.

- Ды тут проста рай, - сказаў пісьменнік, агледзеўшы пейзаж, які адкрыўся перад ім.

- Сумняваюся, каб у раі магло быць так сумна, - усміхнуўся Аліеў. - Нават газет не даюць. Зусім здзічэю да канца месяца.

- Калі вернешся ў Ташкент, наладзім для цябе лекцыю: што здарылася на белым свеце за час тваёй адсутнасці.

- Ты надоўга? - спытаўся Джахангір. - Можа, уцячом на пару дзён у горы? Я пазнаёміўся з чабанамі. Можна будзе пажыць у іх, калі, вядома, яны яшчэ не спусціліся са статкам у даліну.

- Не, дарагі. Прабуду толькі да вечара. Бо я ж у цябе праездам - мяне чакаюць у Ошы.

Размова перайшла на іншыя тэмы, і незаўважна сябры вярнуліся да падзей, што адбыліся ў ноч месячнага зацьмення, калі Шамсібек упаў, звалены рукой фанатыка.

- Ведаеш, Тулкун, у мяне часам баліць галава ў тым месцы, куды прыйшоўся ўдар, - сказаў Джахангір.

- Ды і я, прызнацца, усё блытаю свае ўспаміны з успамінамі Шамсібека. Нават вырашыў як-небудзь прыгатаваць мазь, якую не ўдалося зрабіць яму. Можа, яна сапраўды будзе валодаць цудатворнымі ўласцівасцямі?

- Ну, гэта ты дарма. Зразумела, што Шамсібек падзяляў памылковыя ўяўленні свайго часу - дастаткова згадаць, што ён усур'ёз верыў у лекавыя ўласцівасці паленага пер'я. Але табе ж павінна быць відавочна, што многія яго думкі былі антынавуковыя.

- Магчыма, тут ты і маеш рацыю. Я не вучоны і спрачацца з табой не буду. Але скажы тады, як быць з ператварэннем медзі ў золата? Усе навуковыя аўтарытэтыў адзін голас заяўляюць, што гэтая выдумка з сухой крывёю нейкая лухта... Але ж юнак не стаў бы хлусіць султану, мы ж з табой ведаем, наколькі ён быў сумленны...

- На жаль, ударам быў пашкоджаны менавіта той участак мозгу, што кіруе працоўнымі звычкамі чалавека, - гэта, як кажуць, «тэхналагічны аддзел». Таму мы і не змаглі спазнаць многія сакрэты вучонага. А ў гутарцы з султанам, у якой «бралі ўдзел» і мы з табой, ён, па сутнасці, не адкрыў ніякіх падрабязнасцей. Я падазраю, што Шамсібеку нейкім чынам удавалася змяняць атамную вагу медзі. Хоць гэта не пад сілу і сучаснай навуцы. Застаецца палічыць магчымым, што недзе ў Булакбашы ў яго было нешта накшталт тэрмаядзернага рэактара... Трэба правесці сур'ёзныя раскопкі.

- Але тэхніка таго часу - і... рэактар?!

- Згодны. Але я проста не знаходжу іншых тлумачэнняў усяму гэтаму... Можа, Шамсібекаў дзед быў спадчыннікам таемных ведаў халдзеяў?

- Выходзіць, наш эксперымент прынёс мала карысці навуцы?

- Ты, я бачу, маеш на ўвазе пад навукай толькі хімію, фізіку альбо медыцыну. Але ты забыўся пра гісторыю. Бо мы ведаем цяпер, што Ўлугбеку за шмат гадоў да Каперніка была вядомая схема руху планет вакол Сонца. Аднак султан не мог адкрыць свае веды ў эпоху, калі вакол панаваў дзікі рэлігійны фанатызм. Са смерцю Ўлугбека рэакцыя пагасіла каганцы ведаў, запаленыя асвечаным уладаром. Мы ведаем пра тую нецярпімасць да заняткаў навукай, якая стваралася такімі духоўнымі правадырамі, як Хаджа Ахрор. Бо султан паў ахвярай фанатыкаў на наступны год пасля Шамсібека... Слабыя ўсходы асветы былі затаптаныя, і адным з нешматлікіх сведчанняў тагачаснага змагання святла і цемры і ёсць нашы фалакі. Але гэта можна зразумець толькі дзякуючы назве - за шмат стагоддзяў вышыўка фалака нагэтулькі змянілася, што мы ніколі б не пазналі ў сённяшнім узоры з кветак мадэль Сонечнай сістэмы, якая некалі ўпрыгожвала абсерваторыю Ўлугбека.

- Ты маеш рацыю, - згадзіўся пісьменнік.

- Акрамя таго, не забывайся, Тулкун, што ў нашай навуковай справаздачы нямала такога, што не ўвайшло ў твой дзённік падарожжа ў часе...



Пераклад: Павел Марціновіч
Падрыхтавана: Уладзімір Васькоў