epub
 
падключыць
слоўнікі

Тафілія Сабоцкая

Ліхія прыгоды Генрыха Войніча, злодзея і прайдзісьвета

Дэтэктыўная аповесьць

1. ПІЦУНДА
2. МЕНСК
3. ВЕТКА
4. МЕНСК
5. НЯСЬВІЖ
6. МЕНСК
7. БРАСЛАЎШЧЫНА
8. МЕНСК
9. НЯСЬВІЖ
10. МЕНСК
11. НЯСЬВІЖ
12. МЕНСК


Усе героі гэтай аповесьці прыдуманыя і дачыненьня да рэальных асобаў ня маюць, усе магчымыя супадзеньні выпадковыя і ненаўмысныя, але...

 

1. ПІЦУНДА

 

Арсен і Генрык на зялёных бамбукавых прутках смажылі сала, агню амаль не было, і над пякельным, нібы пацягнутым чорнай сеткаю, вугольлем курчыліся й скварчэлі жаўтаватыя шкваркі. Генрык зьбіў буйныя кроплі гарачага тлушчу на паўмесяц лавашу. Арсен уваткнуў пруток у папялова-шары жвір і выцер далоні аб брызэнтавыя шорты:

- Па пяцьдзесят грамаў - і ў мора?

- На гэтых дровах толькі вустрыц пражыць.

Арсен лінуў па шклянках каньяк і адставіў бутэльку ў цемру.

За дваццаць крокаў ад іх гурбілася й выгіналася шумная стужка прыбою. Па-за ёю прысядалі баранчыкі хваляў. Начны брыз падхопліваў попел. Арсен выпіў, высака закінуўшы голаў, і глянуў на начное неба праз донца шклянкі, як астраном у акуляр тэлескопу.

Генрык адпіў глыток і выліў рэшткі каньяку на вугольле. Стэрыльны сполах блакітнага полымя ўзьняўся над папялішчам. Босы, у шортах і стракатай кашулі Генрык глядзеўся каляніяльным вайскоўцам на адпачынку - худы і апалены, як драўляны муштук. Драпежны, разьняволены і зьдзічэлы, ён плаваў, нібы марскі коцік - вада за ім усьпеньвалася кіпенем і сьвяцілася жарынкамі ўспуджаных марскіх сьветлякоў. Там, дзе хвалі набывалі гумовую пругкасьць і холад, Генрык паварочваў і плыў паралельна берагу. Узьбярэжжа растваралася ў субтрапічнае цемры, і ён арыентаваўся на чырвоныя сполахі маяка.

Арсен жа ніколі ня плаваў уздоўж берагу, а заўсёды кіраваўся ў адкрытае мора, покуль хвалі не зьліваліся з асьнежанымі вяршынямі Каўказа. Вось і цяпер ён, шырока раскідваючы рукі, кіраваў на Зорку Вэнэру, што зьзяла над далягладам.

- Чым на моры смажыцца, лепш паехаў бы да сябе ў Гарошкаў. - Арсен накінуў кашулю на вільготныя плечы. - У мяне там возера - не пераплыць.

Са змроку зьявіліся постаці, і пачулася:

- Даволі дзіўна: каля мора гучыць беларуская мова. - Да вогнішча падышла дзяўчына ў шоўкавым кімано, з доўгімі сьветлымі валасамі, забранымі пад плецены з залацістае саломкі абруч. На яе смуглым твары бліснула ўсьмешка. Сьледам да агню выйшлі двое ў спартовых гарнітурах. Адзін ва ўзросьце пад шэсьцьдзесят, коратка стрыжаны, цёмныя з мэталёвай сівізною валасы нагадвалі чарнабурку, у вузкім разрэзе бясколерных вачэй адчуваліся перасьцярога і недавер. Такія ва ўсіх бачаць ворага.

«Трымаецца ўпэўнена, як чучала зубра - тыповы «гэбіст» з «Самшытавай выспы», - зазначыў Генрык і паварушыў дровы, - а дзеўка яму ані дачка, ані сакратарка, гэтыя заўсёды мусяць адпачываць з жонкамі - пакутнікі ўласнай сыстэмы».

Другі, яшчэ больш нявыразны, з пшанічнымі вусікамі і высокімі залысінамі, удвая маладзейшы за першага, быў на падпітку, але імкнуўся ўдаваць цьвярозага.

«Яны без лампасаў ня людзі, хай сабе нават і на спартовых нагавіцах».

- Беларуская мова - адзіная, што гучыць для мяне натуральна, - сказаў Генрык знарок несур'ёзна.

- Вы, відаць, пісьменьнікі, з літфондаўскага пансыянату, - зазначыў старэйшы.

- Арсен - паэт, а я - вольны мастак, - зьвярнуўся Генрык да дзяўчыны, - і ў нас не пансыянат, а Дом творчасьці.

- А вы - дзеці Чарнобыля, якім летась абяцалі аддаць гмах «Самшытавай выспы»? - нязлосна адзначыў Арсен.

- Арсен Прус, аўтар знакамітага «Пана Гувняжа»? - зьдзіўлена спытала дзяўчына ў Генрыка. Паэт страпянуўся і акрыяў:

- За знаёмства някепска і выпіць каньяку.

- Дзякуй за прапанову, але сёньня мы п'ем мадэру, - адказаў за ўсіх старэйшы і дастаў са скураное валізкі пузатую з тонкім рыльцам бутэльку.

- Сядайце, дзе хто стаіць. - Генрык па-гаспадарску выкаціў з-пад вогнішча бамбукавым прутком абвугленую бульбіну. - Спадзяюся, землякі не адмовяцца.

Густая мадэра запалымнела ў шклянках.

- Калі выпілі за знаёмства, варта назвацца: Генрык Войніч, - кіўнуў ён дзяўчыне.

Яна азвалася адразу:

- Данута Адамовіч - журналістка, Аляксей - мой муж.

Маладзейшы заківаў у адказ.

- Каспар Францавіч, - назваўся старэйшы.

У шклянках адбівалася вогнішча. Пяць доўгіх ценяў клаліся ў кола на хвалісты жвір дзікага пляжа, што падступаўся пад балота, заціснутае паміж упарадкаваным да штучнасьці паркам Дома творчасьці і люстранымі вежамі ўрадавага пансыяната «Самшытавая выспа». Высока над імі ў нябачных гарах мігцелі між зораў пунсовыя агеньчыкі тэлерэтранслятара, якіх ніхто не заўважаў, покуль яшчэ было віно. Калі ж яно скончылася, размова спынілася сама сабою. Каб пазьбегнуць няёмкага маўчаньня, Аляксей узгадаў традыцыйную ў такіх выпадках банальнасьць:

- Дзьве рэчы зачароўваюць позірк - мора і полымя.

- Я ведаю трэцюю - дасканалы жаночы твар. - Генрык глядзеў на Дануту.

- Наогул ёсьць толькі дзьве рэчы - жанчына і мора, - падтрымаў Генрыка Каспар Францавіч.

- Жанчына - ня рэч, - абурылася Данута.

 

* * *

 

Кожную раніцу Генрык бегаў у вёску па малако і вяртаўся пляжам. Невысокае яшчэ сонца залаціла люстраную вежу пансыяната, ружаватыя карпусы абапал яе ашчэрваліся бязьлюднымі скрынямі лоджый. Ён мінуў зарасьці алеандраў і апынуўся на дзікім пляжы. Верх стромага адхону ўкрывалі шчыльныя бамбукі. На месцы ўчарашняга вогнішча самотна курыўся скарлючаны корч. Попел разьдзьмуў ранішні вецер. Генрык накрыў ад сонца слоік з малаком кашуляю й шортамі. Па-свойску спакойнае мора пацягнула лёгкай сеткаю рабаціньня. Плаваў ён нядоўга, бо яшчэ з вады заўважыў знаёмую постаць. Але нават нясьпешна ісьці заўсёды хутчэй, чым плыць. Калі стомлены Генрык выплыў да берагу, Данута ўжо сядзела каля ўчарашняга вогнішча. Доўгя валасы былі заплецены ў касу й укладзены вянцом. Замест вычварнага кімано да яе дзявочага яшчэ цела шчыльна прыставалі джынсавыя шорты й квяцістая кашуля:

- У Менску я магла-б сказаць, што забылася пальчаткі і прыйшла па іх, - глядзела на яго зьнізу Данута - але тут усё прасьцей...

- І дзякуй Богу. Піць будзеш?

- З ранку?

Генрык згарнуў кашулю й прапанаваў ёй малако. Данута манерна схілілася да белага слоіка і адпіла, як пакаштавала. Над ружовымі вуснамі засталася вузкая сьметанковая паска. Данута са смакам зьлізнула яе кончыкам гострага языка. Генрык піў доўга й не адрываючыся, як п'юць дзеці.

- Учора так і не прыдумаў, як прызначыць табе спатканьне.

- Як бачыш, прызначыў.

- А ў твайго мужа часам няма падзорнае трубы? - Генрык сеў поруч.

- А ў тваёй жонкі?

- Ніколі не пасьпяваў ажаніцца.

- Затое я пасьпяваю ўсюды. У мяне яшчэ й сын застаўся ў Менску.

- Пойдзем на каву? - пачаў зьбірацца Генрык.

- На каву з малаком? - удакладніла Данута.

- То пайшлі.

- Ня зараз.

- Увечары?

- Удзень.

- Апоўдні на пірсе.

 

* * *

 

На пірсе кожны меў свой занятак: старыя з вудамі лавілі срабрыстых стаўрыдак. якіх Войнічу было нязвыкла бачыць жывымі, а толькі заледзянелымі ў рыбных крамах; малыя скакалі й скідвалі адзін аднаго ў зеленкаватую глыбокую ваду. Адзін Генрык вылучаўся паважнай урачыстасьцю й нецярплівасьцю. Данута відавочна не сьпяшалася на сустрэчу. Нарэшце яна зьявілася, калі змораны сьпёкаю Генрык ужо зьбіраўся разьдзецца й скочыць у ваду.

- У нас часу да вячэры, - павіталася Данута.

Брукаванай абкатаным марскім каменьнем сьцежкаю яны выйшлі на прамэнад. За жываплотам застаўся сьпякотлівы палудзенны пляж. У засені аплеценага шыпшынаю бамбуку патанаў мазаічны ходнік. Час ад часу даводзілася схіляць галовы, каб мінуць гострае, як шаблі, бамбукавае лісьце. Ярусам вышэй млосна квітнела акацыя. Зацішныя пергалы трымалі на сваіх кратах цяжар трапічнай зеляніны. Вузкі праход быў забраны панцырнай сеткаю, за якою разьлягалася керамічнае пакрыцьцё тэніснага корту. Па сетцы віліся, а дзе-нідзе й ўрасьлі ў дрот тоўстыя канаты лазы, абсыпаныя буйным загостраным лісьцем.

- Ледзь-ледзь дайшоў стомлены падарожнік да начлега, і раптам... Гліцыній квецень! - Генрык крануў вузлаватую лазу. - Гэта гліцынія, а ў траўні яна не квітнее.

- Гэта Басё, - падтрымала настрой Данута.

- Бачыш чэзлую вярбу з дробным, як парэзаным нажніцамі, лісьцем? То яна тут чамусьці называецца алеандрам, а той дробны хмызок пад ім - хенамеліс.

Данута заінтрыгавана глядзела на Генрыка.

- Трохі далей пальмы: як бочка - буцыя, а тонкая калматая - кардзіліна.

- А гэта? - Данута паторгала доўгую гострую расліну, што расла купінаю, не раўнуючы гіганцкі дзікабраз.

- Пампаская трава, - не вагаючыся адказаў Генрык. - або новазеландскі лён, - удакладніў ён. - Летась тут паўсюль былі шыльдачкі, а гэтыя стаялі побач.

- А дзе летась была шыльдачка з хайку Басё? - пацікавілася Данута.

- Хайку я прачытаў у жаночым календары, відаць, як і ты.

Са сьцябліны пампаскай травы ўзьняўся начны матыль з крыламі, як жаночыя далоні, і паляцеў да крытага басэйну.

У бары было пуста, цёмна й самотна, як у вечаровым лесе. Генрык замовіў звычайныя ў такіх выпадках шампанскае й шакалад. Прысадзістыя скураныя крэслы з гнутай нікеліраванай арматураю здымалі напружаньне й расслаблялі, маленькі круглы столік на дваіх і цяжкая крышталёвая попельніца стваралі штучны інтым і замаруджвалі час.

- Раскажы пра сябе, - папрасіла Данута.

- Я больш люблю слухаць. - Генрык расчыніў плоскі срэбны партсігар з выгравіраваным на вечку коньнікам у латах і запаліў папяросу з доўгім папяровым муштуком.

- Я нарадзілася ў Менску й не разумею, чаму мы мусілі сустрэцца менавіта тут?

- Відаць, нашыя жыцьці ў розных плоскасьцях, і аб'ядноўвае нас толькі адпачынак.

- Я журналістка й вяду ў штотыднёвай газэце крымінальную хроніку. - Данута паклала на стол пачак мэнтолавых цыгарэт.

- А як-жа-ж, чытаю твае матэрыялы: «Студэнтка Дз. у ванным пакоі адрэзала геніталіі свайму каханку студэнту-афрыканцу Дж., бо той адмовіўся ажаніцца й забраць яе ў Афрыку». Такія показкі табе, відаць, цягае муж са службы. Ты пішаш, а потым хаваеш ад сына газэты?

- Сыну сем гадоў, і матэрыялы я знаходжу сама, - абурылася Данута. - Я працую ў «Нашай ніве», а ня ў брудным «Прыватным дэтэктыве», дзе «вясною ў вадасховішчах рэспублікі тапельцы выскокваюць з-пад вады нібы мячыкі».

- А ты такога ня пішаш?

- Спадзяюся, што не. У гэтым няма нічога цікавага. Мяне вабіць толькі тое, што тычыцца культуры: выкраданьне леанардаўскай «Джаконды», зьнікненьне кароны Вітаўта Вялікага, крыж Ефрасіньні Полацкай.

- І як посьпехі? Справы-ж безнадзейныя.

- Журналіст - ані сьледчы, ані судзьдзя, ані кат. Сэнс не ў пакараньні злачынцы, зладзействы твораць ня людзі, а рэчы, якія мацнейшыя за нас. Гэта выпрабаваньне на трываласьць, і мяне ў тым ліку.

- Гэта занадта адасоблена ад рэальнасьці, сапраўдную каштоўнасьць маюць толькі грошы, бо яны ўніверсальныя й здатныя пераўтварацца ў рэчы й забіраць жыцьцё. - Генрык зьбіў попел, і агеньчык папяросы паўтарыўся на гранях крышталёвага арнамэнту. - Мастацтва ўнікальнае, але золата ўніверсальнае.

- Няма пра што спрачацца. Літаральна месяц таму з Радзівілаўскага палаца ў Нясьвіжы зьнікла радавая калекцыя зброі, якая лічылася лепшай калекцыяй старажытнай зброі ў Эўропе. Вядома, што яе раскралі ў час вайны савецкія афіцэры - у палацы месьціўся штаб першага Беларускага фронту на чале з маршалам Жукавым. Пасьля іх палац застаўся абрабаваны і зьнявечаны ўшчэнт. Магчыма, і цяпер нашчадкі савецкага маршала гуляюць з Радзівілаўскімі шаблямі й алебардамі. Нядаўна высьветлілася, што меншую, але найбольш каштоўную частку калекцыі пасьпеў перахаваць княскі бібліятэкар Сідарэвіч, ён і дагэтуль працуе ў палацавай бібліятэцы. Месяц таму ён нарэшце прызнаўся, што сорак сем гадоў хаваў зброю Радзівілаў ад камуністаў. Прызнацца яго прымусіла тое, што зброю ўкралі з тайніка, але крымінальную справу так і не ўзбудзілі, бо ў яго не было доказаў існаваньня калекцыі - фотаздымкі, зробленыя ў пасьляваенны час, зьніклі таксама.

- Ты ў гэтым пераканана? Быццам-бы справу не ўзбудзілі з-за адсутнасьці доказаў існаваньня калекцыі?

- Я разумею, што пабаяліся, каб за вялікімі каштоўнасьцямі ня выплылі вялікія людзі, да таго-ж была цудоўная фармальная зачэпка. - Данута адсунула на сярэдзіну століка пусты келіх.

- І ты вырашыла прыватным чынам разблытаць гэтую справу й знайсьці смарагдавы стылет Бенвенута Чэліні з радзівілаўскай калекцыі?

- Так... Адкуль ты...

- Я ня раю табе займацца гэтым. - Генрык падняўся і ўкінуў у кішэню партсігар. - Пасьля шампанскага някепска будзе выпіць кілішак яечнага лікёру, хадзем да мяне, ёсьць пляшка шатландзкага разьліву.

 

* * *

 

З лоджыі Генрыкавага нумару праглядаліся ў дзеннай смузе парослыя калматай зелянінаю горы, нізкія вяршыні якіх патаналі ў сьвежых аблоках. Паміж шашою й гарамі зелянела глянцавітае футра мандарынавых плянтацый. У рэдкіх плямінах балотцаў адбіваўся шкляны блакіт нябёсаў. За спартовай пляцоўкаю бялелі крэйдавыя камяні пляжа. На моры панаваў мэлянхалічны штыль.

Генрык расклаў шэзлонгі й паставіў зь лядоўні на стол распачатую кварту лікёру. Густы й водарны трунак апёк вусны. Данута правалілася ў шэзлонг і ўсьпёрла мыскі басаножак у балконныя краты. Сонца пазалаціла бліскучую скуру лытак.

Генрык адной рукою фамільярна расшпіліў дробныя гузікі на Дануцінай кашулі. Каўнер разышоўся й вызваліў смуглыя плечы. Паміж цнатліва-спакусьлівых грудзей алейна блішчэў бурштынавы крыжык на залатым ланцужку. Данута прагнулася і ўзяла з падваконьня вайсковы бінокль:

- Ты падглядаеш за чужымі жонкамі? - Яна навяла аб'ектывы бінокля на вежу пансыянату. - Шкада, не чуваць гукаў.

- Паглядзі куды бліжэй і пашкадуеш, што не адчуваеш дотыкаў. - Генрык скінуў зь яе кашулю.

- Глянь, ці не шакал гэта на балоце ў жоўтых кветках? - Данута перадала яму бінокль.

- Па начах каля возера крычаць паўліны. - Генрык нядбала зірнуў у акуляр і раптам зьмяніўся з твару:

- У цябе такі выгляд, быццам ты глядзіш у твар нябожчыку. - Данута ўстрывожана ўзяла яго за руку.

- Ты зьмяніла ўсе мае планы на адпачынак. - Ён пасьпешліва пачаў адзявацца. - Ты бачыла, як цьвітуць каноплі?

Данута паціснула плячыма.

- То паглядзі. - Генрык вярнуў бінокль. - Цэлае мора канопляў. Гэта сапраўдная каўкаская анаша, а тут яе - за год не спаліць.

- Ты паліш анашу? Можа, ты наркаман? - Данута, вагаючыся, зашпільвала кашулю.

- Калі не падабаецца слова анаша, то называй яе марыхуанаю. - Генрык укінуў нож у палатняную торбу й пацягнуў Дануту з нумару.

На краі балота Данута спынілася:

- Далей не пайду.

- Дарма. Далей кайф, без умоўнасьцяў і этыкетаў. - Генрык расьцёр далонямі жоўтую квецень і прыклаў рукі да твару. - Гэта-ж рай, зямны рай.

- Але рай на аднога...

Першую папяросу ён набіў пыльцою анашы, калі асляпляльны сонечны шар крануў вершаліны рэліктавых соснаў. Данута зачаравана сачыла за сьвятадзействам ператварэньня папяросы ў забаронены наркатычны плод. Ён двойчы зацягнуўся, затрымаў дыханьне й перадаў папяросу. Яе ўзяло зь першай зацяжкі. Душа адасобілася ад цела, мятны водарны дым паплыў над вадою. З кожным уздыхам яны адыходзілі ў сьвет мрояў. Цені дрэваў даўжэлі й незаўважна накрывалі пляж. Спакваля з гор на ўзьбярэжжа спускалася цемра. Але ім удваіх не было самотна - ярка сьвяціўся магічным крышталём агеньчык папяросы. Яны распусьціліся ў прасторы, адчулі сябе адначасна й распаленым жвірам пляжу, і музычным рытмам прыбою, і задушліва вільготным паветрам, яны ўзьняліся над сьветам, і нават зоры, як мігатлівыя сьветлякі, здавалася, былі ў іх пад нагамі. У кайфе, зьведаным імі, не было нічога фізычнага, зьнікла жаданьне кіраваць сваім целам, яны ляжалі абняўшыся на мулкім каменьні, і не было патрэбы ў большае асалодзе, ім здавалася, што яны і так дасягнулі шчасьлівага сэнсу жыцьця.

Першым іх заўважыў генэрал унутраных войскаў Каспар Францавіч Матрашыла, пасьля таго як яны разам з Аляксеем у пошуках Дануты абышлі ўсе тамтэйшыя бары і вярталіся берагам да пансыянату.

Аляксей ашчадна ўзяў жонку на рукі й панёс да «Самшытавай выспы». Генрыка гэта адно забаўляла. Ён забіў кайфам яшчэ адзін «касяк», і толькі на досьвітку яго знайшоў Арсен.

 

2. МЕНСК

 

Канструктывісцкія аб'ёмы Дому Ўрада люстрыліся цёплым таніраваным шклом. Раманскія вежы касьцёла сьвятых Сымона і Алены падбіраліся да цэмэнтовых навальнічных хмараў. Ранішні холад спараджаў прадчуваньне залевы: здавалася, неба вось-вось апусьціцца на галоўны пляц рэспублікі. Генрык набыў у кіёску пачак газэтаў і ўзьняўся шырокімі гранёнымі сходамі да чарады бакавых дзьвярэй, аб'яднаных вузкаю шыльдаю «Рада міністраў». У шкляной паверхні дзьвярэй адбілася Генрыкава постаць у твідавым двубортным гарнітуры і ў рудых чаравіках кракадзілавай скуры, каўнер шоўкавай смарагдавай кашулі сьціскаў чырвоны гальштук з турэцкім арнамэнтам.

Створкі хуткаснага ліфта рассунуліся, адкрыўшы латунную, нашмараваную, як салдацкая спражка, шыльду «Міністэрства культуры».

Сакратарка міністра Тася, пышная бляндынка, ветліва прапанавала фатэль і націснула клавішу сэлектара:

- Кім Сымонавіч, да вас Генрык Войніч.

- Няхай зойдзе празь пяць хвілін, - прагучаў з дынаміка роўны прафэсарскі барытон - з такім тэмбрам толькі чытаць лекцыі па гісторыі мастацтва.

Генрык паклаў перад сакратаркаю празрысты футаральчык з абхаскім самшытавым грабеньчыкам са срэбным аздабленьнем. Тася задаволена аглядала падарунак.

- Памятка з Каўказу. - Генрык рабіў падарункі знаёмым жанчынам ня з пэўнымі мэтамі, а так, як госьці прыкормліваюць гаспадарскіх сабак.

- Памятка дзен, што ў нябыт уцяклі, - працытавала Тася і ўкінула грабеньчык у рыдыкюль. - Няўжо так можна загарэць у траўні?

- Гэта не пасьпеў сысьці леташні загар.

- А я апальваюся блага, цела занадта пяшчотнае, баіцца сонца. - Яна пульхнай рукою з памаранчыкавымі пазногцямі паправіла высокую фрызуру.

- Загарайце пры сьвятле месяца. Шкада, што мы не адпачывалі разам.

- А дзе вы былі?

- У канапляным раі.

Сакратарка зьдзіўлена зірнула ўсьлед Генрыку, калі ён заходзіў у кабінэт да міністра.

Кім Сымонавіч Валовіч падняўся ва ўсю веліч свайго двухметровага росту і выйшаў з-за ампірнага стала, які раней аздабляў сама меней бібліятэку князёў Патоцкіх.

- Я-ж прасіў, каб цябе бязь пільнай патрэбы ў міністэрстве ня бачылі. - міністар падаў руку, на ягоным па-конску выцягнутым твары адбілася незадаволенасьць. Ён адкінуў з ілба пасму сівых, як выбеленых вапнаю, валасоў. Мажны, ён аднолькава добра глядзеўся як у тэатральным інтэр'еры свайго кабінэта, так і на адкрыцьці манумэнтальных мэмарыялаў.

- Вы-ж самі выклікалі мяне з адпачынку тэлеграмаю. Міністар адчыніў схаваныя за дубоваю панэльлю дзьверы й запрасіў Генрыка ў пакой для адпачынку. Пакой нагадваў запасьнік мастацкага музэю: шкляны стэлаж са стосамі каралеўскае парцэляны, на сьцяне над гасьцявой канапаю - цьмяны барочны габелен пастаральных матываў, у драўлянай падстаўцы каласіўся размаітымі эфэсамі пук рапіраў і шабляў.

- Пяройдзем да справы. - Міністар адчыніў бар у сакрэтніку й паставіў на мармуровы столік калекцыйную бутэльку грузінскага каньяка. - У мяне ёсьць пэўны заказчык на пару-тройку старадрукаў зь Веткаўскага музэю. Можаш разьлічваць на дваццаць працэнтаў.

- Вы-ж ведаеце, што я працую за цьвёрды ганарар, зь цьвёрдым авансам. - Генрык пакаштаваў каньяк.

- Вось сьпіс патрэбных мне кніжак. - Міністар падаў аркуш. - Часу ў цябе - тыдзень. Цяпер наконт ганарара... - Міністар насьцярожана змоўк і ўсклаў акуляры.

- Пяць тысяч даляраў наперад, астатнія потым. - Генрык яшчэ раз напоўніў чарку й выпіў.

Міністар адмоўна пахістаў галавой:

- Днямі празь Вярхоўны Савет прайшло адсяленьне Веткі за межы забруджанай радыяцыяй зоны. У музэі звычайная сыгналізацыя. Я магу заплаціць цяпер сама болей тры. Ветка ня Луўр, і ты ідзеш не па Джаконду. - узвысіў голас міністар.

- Мне трэба агледзецца на месцы. - Генрык падняўся. - Я вам перазваню.

 

3. ВЕТКА

 

Сьвятло фараў выхапіла зь цемры дарожны ўказальнік з назваю мястэчка «Ветка», перакрэсьлены люмінісцэнтнай чырвонай стужкаю. Генрык настроіў прыёмнік на начную музычную хвалю й глянуў у пукатае люстэрка задняга агляду. Джып Генрыка пакідаў за сабою ярка асьветленую галагеннымі ліхтарамі местачковую вуліцу й набіраў хуткасьць на роўным асфальце шашы. Мініяцюрныя калёнкі прыёмніка пульсавалі шлягерам «А я лягу-прылягу...». Праз колькі тактаў радыёперашкоды зьнішчылі музыку, дынамік затрашчаў, як смалісты корч у каміне. Генрык глянуў у акно: шашу перасякала высокавольтная лінія электраперадач. Далёка ў лагчыне бліснула рачулка, на падыходзе да яе шаша была перасыпана гурбамі жвіру, у адной зь якіх крыва тырчэў указальнік аб'езду. Над паўразабраным мастом навісала тонкая страла аўтамабільнага крану. Пад штабелем гравію бязжыцьцёва блішчэла адпаліраванае лязо нярухомага бульдозера. Генрык аб'ехаў стос жалезабэтонных панэляў і прыпыніў джып у цемры пад цыліндрамі цэментасховішчаў.

Сіняя МАЗаўская кабіна была замкнёная на навясны замок. Генрык падчапіў яго арматураю і сарваў без асаблівых намаганьняў. Зь незапаленымі фарамі Генрык вывеў МАЗ на асфальт. Неўзабаве ён збочыў на палявую дарогу і ўзьехаў на пагорак, за якім разьлягаліся агні Веткі. Ён узьняў страпу крана, стаў на падножку кабіны й рззка таргануў рычаг хуткасьцяў. Машына з высока ўскінутай стралою ірванулася зь месца. Генрык саскочыў у колкае жыта. МАЗ, валюхаючыся на ральлі, набіраў разгон. Раптам неба асьвяцілася маланкавымі сполахамі, феерверк электрычных разрадаў выбухнуў у паветры. Кран абарваў лінію электраперадачы, алюмініевыя драты разьляцеліся ў бакі і зьвіліся ў сьпіралі. Пад сарваным дротам закурэла й запалымнела зямля. Генрык падняўся, абтрос калені і азірнуўся - Ветка патанала ў цемры.

Генрык спыніўся на пляцы перад музэем і з цыліндрычным сакваяжам у руцэ выйшаў да тэлефона-аўтамата. У вокнах мястэчка дзе-нідзе ўжо пазапальваліся газьніцы й сьвечы. Слухаўка маўчала, як душ з адключанай вадою. Разам з тэлефоннай станцыяй у Ветцы адсекла й музэйную сігналізацыю.

Войніч нетаропка абыйшоў музэйны будынак і спыніўся перад службовым уваходам. Рука ў пальчатцы сьціснула адмычку, падобную да прымітыўнага хірургічнага інструмэнту.

Шчыльны прамень кішэннага ліхтарыка сьлізгануў па паркетных сходах, адбіўся ў вітрынным шкле. Шыхты зжоўклых фаліянтаў у грувасткіх скураных пераплётах і важкіх каштоўных абкладах займалі цэлую сьцяну. Рабаўнік павёў ліхтарыкам, зь цемры зазьзялі золатам німбаў праваслаўныя абразы. Ён выняў вітрыннае шкло і, зьвяраючыся са сьпісам, пачаў пакаваць кнігі ў свой ёмісты сакваяж, калі адчуў, як мулкі зрэз рулі драбавіка 16-га калібру прыткнуўся да ягонае патыліцы.

- Не варушыся, паскуда, бо калі стрэлю, застанешся без галавы, - рэзка выбухнуў за сьпіною голас вартаўніка.

- Адкуль ты ўзяўся? - шчыра зьдзівіўся Генрык і асьцярожна паставіў на падлогу сакваяж.

- Хэндэ хох! - чамусьці па-нямецку загадаў вартаўнік.

- Гітлер капут, - у тон яму адказаў Генрык і ўзьняў рукі.

- Старога партызана-чэкіста не абдурыш, я на сваім вяку ў «сьмершы»* і немцаў, і паліцаяў, і нацыяналістаў пастраляў, не зьлічыць, рука ня схібіць. А ты спрытны бандзюга - і сьвятло адрубіў, і тэлефон, але аднога не ўлічыў, што стары партызан на варце. Пайшоў наперад. Крок улева, крок управа - лічу за ўцёкі, - падштурхнуў вартаўнік руляю Генрыка.

* Сьмерш - карнае падразьдзяленьне Народнага Камісарыята Ўнутраных спраў - «Сьмерць шпіёнам».

Выйшлі на сходы, ледзь асьветленыя праз гатычныя вокны ільдзяной поўняю.

- Каб на лепшыя часы, то на месцы-б і прыстрэліў...

Генрык перапыніў сэнтыментальныя ўспаміны старога: рэзка прыгнуўся і перахапіў рулю драбавіка. Акаваны жалезам прыклад зброі глуха садануў у сківіцу былога партызана, і ягоная штучная пашчэнка з жалезнымі ікламі паскакала сходамі. Вартаўнік сеў на дупу і, вылупіўшы вочы, сачыў за Генрыкам, які, бы егер на панскім паляваньні, ускінуў стрэльбу на плячо. Стары ціснуўся да сьцяны, сьлізгаючы па паркеце скуранымі абцасамі мяккіх юфцевых ботаў. Цёмныя завялікія галіфэ целяпаліся на ўсохлых сьцёгнах, на плячыстым фрэнчы блішчэлі, як цукерачныя фаньцікі, ордэнскія планкі, з-пад казацкага картуза выбіваліся рэдкія сівыя валасы. Ён плямкаў бяззубым ротам, пад якім калмацілася стараверская барада.

- Ты, відаць, яшчэ і ў Бога верыш? - спытаў Генрык.

- Веру, сынок, а як-жа ня верыць? - пасьпешліва заківаў стары.

- Старавер? - удакладніў Генрык.

- Так, па старому абраду.

- А на абразы пляваць будзеш? - падступіўся да яго Генрык.

- Буду. Чаму-ж ня плюнуць?

- То які зь цябе старавер. - Генрык адкінуў лязо нажа й нахіліўся над старым - Мацней трымайся за бараду. - Ён узмахнуў нажом, і пук валасоў задрыжэў у сьціснутай руцэ вартаўніка.

 

4. МЕНСК

 

Міністар па-прафэсарску замілавана гартаў старадрукі. Генрык нясьпешна смакаваў сухі херас са срэбнага кубка, аздобленага гербам. Вокны Генрыкавай кватэры выходзілі на Кальварыйскія могілкі, што ўзнімаліся над катлаванам метрабуда асьнежанымі тапалёвым пухам шагамі дрэваў. Над званіцаю касьцёла спуджана кружляла зграя варон. Раптоўная пройма занесла ў пакой пёркі пуху. Генрык зачыніў акно й зашморгнуў фіранкі, міністар паклаў на стол пачак зялёных банкнотаў, перацягнуты аптэкарскай гумкаю. - Ёсьць наступны заказ. Войніч ад'ехаў ад стала ў фатэлі, маленькія колцы мякка пракаціліся па высокай футры кіліма, што ўсьцілаў усю падлогу. Над вузкай канапаю вісеў гарадзкі краявід у дубовай раме: пахмурнае неба над дахамі старога Менску, бязьлюдныя вуліцы, самотны трамвай.

Міністар прабегся вачыма па кніжных паліцах і задаволена спыніў позірк на томіку з уласным прозьвішчам на карэньчыку.

- Пакіньце аўтограф, Кім Сымонавіч, - зразумеў Генрык думкі міністра.

- Другім разам, - ён павярнуўся да Генрыка. - Наступны заказ - кватэра мастака Вашчылы. Возьмеш графічныя лісты Малевіча, - міністар паказаў Генрыку фотаздымкі малюнкаў.

 

Навэла пра тое, як злодзей стаў міністрам

 

Сярод злодзеяў няшмат міністраў, затое сярод міністраў шмат злодзеяў. Хіба зможа прыстойны чалавек абмінуць перашкоды дзяржаўнай машыны, пацучыную валтузьню бюракратычных кулюараў і займець міністэрскі кабінэт. На такі подзьвіг здатны толькі вытанчаны лісьлівец і прайдзісьвет, рафінаваны бюракрат і хітры служака... Каму не хапае гэтых азначэньняў, разгарніце слоўнік сінонімаў і паглядзіце разьдзелы на словы: злодзей, свалата, паскуднік, пярэварацень, ліхадзей, падла, шэльма, прахвост, латрыга, злыдзень. жываглот, псялыжнік, зьмей, зьвер, сабака, гніда, сукін сын, тарбахват, і нікога ня зьдзівіш спалучэньнем гэтых словаў з пасадай міністра.

Біяграфію міністра, як і ўсіх іншых прадстаўнікоў вышэйшае ўлады, прынята падаваць у жанры жыція сьвятых: угоднікаў, пакутнікаў і цудатворцаў разам узятых. Адно пэўна, што спраўна служылі яны ня Богу, а чорту лысаму.

Кім Сымонавіч Валовіч нарадзіўся ў 1930 годзе ў Кажан-Гарадку ў беднай, гаротнай, шматдзетнай сям'і. Бацька міністра Сымон Валовіч гнуў сьпіну і на цара-Расею-айчыну, і на той яшчэ кайзэраўскі фатэрлянд, і на тых пілсудчыкаў - польскіх легіянэраў, якім, як выхваляўся мінстраў бацька, далі пад сраку, і на тыя саветы, якія ў трыццаць дзевятым годзе польскіх асаднікаў шаблямі пасеклі, і нават на гэтых немцаў-фашыстоўцаў, бо ў вайну абіралі Сымона Валовіча бургамістрам. А як пачалі гады праз два немцаў прыціскаць, спаліў Сымон управу, сышоў у партызаны і яшчэ пасьпеў перахапіць пару чырвоных ордэнаў.

Маці Алена Валовіч, у дзявоцтве Рэпка, нарадзіла сямёра дзяцей і ўсіх выгадавала. Ніхто не памёр, і лічылі яе ў мястэчку вядзьмаркаю.

Кім Сымонавіч Валовіч нарадзіўся першым, і далі яму імя Адольф, у гонар дзеда, які ў сваю маладосьць служыў у гусарскім палку й нават меў мэдаль «За усмирение бунта 1863 года». Кожную раніцу рабіў дзед Адольф гімнастыку з шабляю, быў чалавекам рахманым і лагодным, пражыў пад сто гадоў.

Перад тым як спаліць управу й сысьці ў партызаны, Сымон Валовіч справіў новыя дакументы, у якіх «паганскае» сынава імя зьмяніў на Кім і ператварыўся Адольф у Камуністычны Інтэрнацыянал Моладзі.

А пачатковую адукацыю Адольф-Кім атрымаў у хедэры - рэлігійнай габрэйскай школе, нягледзячы на тое, што габрэем ніколі ня быў. Бо маці Алена працавала прыбіральшчыцаю ў хедэры і лічыла, што няма розніцы, на якой мове вучыцца, абы адукацыю атрымаць. Вучыўся Кім Сымонавіч добра, і прыдалася яму навука ў хедэры: як ні дзіўна. калі прыйшлі немцы, ён легка перавучыўся зь ідзіша на дойч, дзякуй Богу, мовы аднаго кораня, і пачаў падзарабляць перакладамі ў бацькавай управе. Першым грамадзказначным учынкам, зь якога пачалося ўзыходжаньне Кіма як бюракрата-чыноўніка, было складаньне па загаду жандармерыі дакладнага сьпіса выкладчыкаў хедэра. З заданьнем ён справіўся выдатна - выкладчыкаў назаўсёды зьвезлі ў гэта.

Пасьля вайны з афіцыйнай папераю, што ён былы партызанскі сувязны, Кім прыехаў у Менск і паступіў у мастацкую вучэльню, пасьля якой падаўся на мастацтвазнаўчы факультэт інстытута мастацтваў, дзе і прыжыўся: паступіў у асьпірантуру, застаўся выкладчыкам, абараніў дысэртацыю «Партызанскі фальклор у выяўленчым мастацтве» і хутка ўзьняўся да рэктара (звычайна творчыя ўстановы ўзначальваюць не мастакі, а мастацтвазнаўцы). Вось на пасадзе рэктара і акрэсьліліся крымінальныя здольнасьці Кіма Сымонавіча. Завяла яго ў ліхі бок страсьць калекцыянэра - зьбіраў ён кнігі, абразы і розную драбязу: ордэны, мэдалі, грошы. Усе ягоныя заробкі разам з прэміямі й ганарарамі ішлі на зьбіральніцтва.

Аднойчы агледзеўся Кім Сымонавіч, што ў немалой прафэсарскай кватэры не разьвярнуцца ад грувасткай антыкварнай мэблі, стэлажоў зь кнігамі й калекцыямі, і задумаў ён перабрацца ў магнацкі катэдж, не раўнуючы як у намесьніка старшыні Рады міністраў. Пачаў ён прыглядацца да ўрадавых маёнткаў і ўпадабаў двухпавярховую сядзібу ў цэнтры Менску, дзе жыла сям'я нябожчыка акадэміка Мікольскага - былога прэзыдэнта Акадэміі навук.

У Мікольскіх не было сваіх дзяцей, і перад вайною ўзялі яны сабе зь дзіцячага дому дзяўчынку-габрэйку Сарачку. А як пачалі немцы бамбіць Менск, паскідаў акадэмік рэчы ў машыну й падаўся з жонкаю ў Маскву, а Сарачку кінулі на лецішцы з пакаёўкай Янінаю. Не дачакалася пакаёўка сваіх гаспадароў і павяла дзяўчынку да сябе ў вёску. А каб не дазналіся фашыстоўцы, што Сарачка габрэйка, перахрысьціла яе Яніна ў касьцёле. Пасьля вайны Мікольскія знайшлі й забралі дачушку ў Менск.

Неўзабаве акадэмік сканаў, а Сара пайшла замуж за гандляра. А як памерла акадэмікава жонка, то ў той-жа дзень выкінула Сарачка на сьметнік яе канапу, і гэта прыгадаў Валовіч у сваім артыкуле, калі патрабаваў адчыніць у сядзібе Мікольскіх музэй акадэміка. Сабралася Сарачка і падалася зь сям'ёю на зямлю сваіх продкаў у Ізраіль. Застаўся маёнтак без гаспадароў. Тут і забыўся Валовіч на музэй Мікольскага і ў чарговым артыкуле сумленна «прыклаў» нябожчыка-акадэміка. Неўзабаве Кім Сымонавіч усяліўся ў той маёнтак, які вымяняў у гарадзкіх улад на чатыры кватэры, што выдзеліла дзяржава для выкладчыкаў Акадэміі мастацтваў. А каб запакаваць неабсяжныя пакоі адпаведным начыньнем, прафэсарскай зарплаты яўна не хапала, і пачаў Кім Сымонавіч круціць далей дробныя афэры: пускаў налева кватэры, машыны і іншыя даброты, што давала дзяржава Акадэміі.

На адным з урадавых банкетаў пазнаёміўся Валовіч зь нямецкім прамыслоўцам-калекцыянэрам і пачаў выхваляцца сваімі здабыткамі. Нямецкі прамысловец зацікавіўся калекцыяй Валовіча і прапанаваў прадаць колькі рэчаў. Кім Сымонавіч спакусіўся на салідныя замежныя банкноты з выяваю Лютара. Незаўважна ён апынуўся ў той паўсфэры жыцьця, якой раней старанна пазьбягаў. Зь цягам часу ператварыўся Кім Сымонавіч з калекцыянэра ў абароцістага і выкшталцонага гандляра антыкварыятам.

Чым вышэй узьнімаўся Валовіч у дзяржаўных структурах, тым большай рабілася патрэба ў памагатым - прафэсійным злодзеі. Тут і падвярнуўся прайдзісьвет Генрык Войніч.

 

* * *

 

Кватэра мастака Вашчылы стаяла на сігналізацыі. Генрыку давялося корпацца гадзіну ў сутарэньнях, каб падключыцца да тэлефона мастака. Часам ішлі выклікі, але з кватэры ніхто не адказваў. Генрык у зялёнай сьпяцоўцы і з манцёрскай тэлефоннай трубкаю сядзеў на цыратавым чамаданчыку побач з адчыненым камутатарным шчытом. Бліскучыя клемнікі-кракадзілы драпежна сьціскалі галоўкі кантактаў.

Генрык згадаў, як яму скардзіўся адзін кампанейскі літаратар у Піцуньдзе, у якога перад самым ад'ездам абрабавалі кватэру, што таксама лічылася на сігналізацыі. Ягоная жонка жахліва баялася злодзеяў, і літаратар паставіў двайныя, абабітыя бляхаю дзьверы, завёў дабермана-пінчэра. Удзень ім пазванілі, літаратар адчыніў і нават не пасьпеў як сьлед згледзець наведніка, як атрымаў гарматны ўдар кулаком у твар і праляжаў хвілін дзесяць у глыбокім накаўце. Злодзей зьняў са зьнямелае жонкі ўсе каштоўнасьці й замкнуў яе ў прыбіральні. Сыходзячы з кватэры, зьвёў і сабаку.

Нарэшце ў навушніку застракатаў набор дыска - Генрык запісаў нумар і пачуў пароль, якім гаспадар кватэры паведаміў дзяжурнаму ў пастарунку, што дахаты вярнуўся менавіта ён. Цяпер сыгналізацыя Войніча не турбавала.

Наступнай раніцай Генрык расьціснуў гідраўлічным дамкратам дзьвярную раму ў кватэры Вашчылы, выпхнуў дзьверы і ад імя гаспадара зьняў кватэру зь сігналізацыі. Па ягоных падліках, Вашчыла мусіў вярнуцца не раней, чым пад вечар. Генрык зьняў дамкрат, і дзьверы вярнуліся на свае месца, нібыта да іх ніхто не датыкаўся. Кватэра падалася яму занадта мяшчанскаю. Сьцены гасьцёўні былі задрапіраваны квяцістым паркалём, на падлозе ляжаў пярэсты пэрсіцкі дыван, цёмную мэблю аздаблялі бронзавыя лісты аканта, з дубовае панэлі піяніна анёльскімі крылцамі тырчэлі пазалочаныя бра зь вітымі парафінавымі сьвечамі.

Генрык запаліў сьвечы, адкінуў вечка інструмэнта і рукою ў хірургічнай пальчатцы ўзяў колькі акордаў. Піяніна азвалася глуха, як з-пад вады. Ён прысеў і зьняў ніжнюю дэку. Да літой рамы са струнамі прытулілася кардонная папка з ядвабнымі матузкамі й выціснутым скрыпічным ключом. Пад тым ключом Генрык і знайшоў перакладзеныя папяроснай папераю малюнкі Казіміра Малевіча.

Яшчэ ў студэнцкія гады Генрыка запрашаў да сябе дадому сын аднаго знакамітага мастака-манумэнталіста. То там у піяніна маўчалі ўсе клавішы. Сын казаў, што гэта не музычны інструмент, а бацькаў кашалёк, адкідаў верхняе вечка і з пыхаю дэманстраваў роўныя, як у сэйфу, стосы банкнотаў.

Папку з малюнкамі Войніч павесіў на ласіныя рогі ў вітальні, вярнуўся ў гасьцёўню, уставіў кампакт-дыск у лазерны прайгравальнік, і кватэру запоўніла па-змоўніцку сьцішанае «Балеро» Равеля.

«Пад музыку весялей нішчыць», - падумаў Генрык. Ён адчуў патрэбу ў разбурэньні бюргерскага спакою. Утульны мяшчанскі дабрабыт быў яму агідны. Цюбікам з бурачковай фарбаю ён дамаляваў на аўтапартрэце Вашчылы вусы і асьліныя вушы й накрэсліў: «Вучыся маляваць. К.Малевіч». Стаўшы на плюшавую абіўку фатэля, паабрываў крышталёвыя падвескі жырандолі й разам з багемскім шклом, што згроб з буфэту ў ільняны абрус, запхнуў на кухні ў сьмецьцеправод. Секачом для мяса пазьбіваў бронзавыя накладкі з мэблі. Шырокае лязо скальпеля ўспарола абіўку крэслаў і канапы, з разрэзаў павісьлі жоўтыя кілбасы паралону. Як бутэлька шампанскага, стрэліў прабіты фотаапаратам кінескоп тэлевізара. Альбомы па мастацтву згроб на персідскі кілім - і, заправіўшы іх густым сінтэтычным клеем з трохлітровага слоіка, амаль супакоіўся. На развітаньне закінуў зь вітальні ў гасьцёўню, як тэрарыст бомбу, распоратую падушку. Пухавая завіруха асьнежыла пагромлены пакой.

Нотную папку з малюнкамі Генрык загарнуў у шчытную белую паперу й перацягнуў шпагатам. Ліфт быў заняты, і Генрык спусьціўся пралётам ніжэй. Празь сетку ліфтавай шахты ён убачыў, што кабіна спынілася насупраць кватэры Вашчылы. Між парэнчамі мільганула жанчына. Яна націснула гузік званка й дастала з торбачкі зьвязку ключоў. Генрык адступіў да сьцяны, каб згледзець твар, і пазнаў сакратрарку міністра Тасю. Яна ўпэўнена павярнула ключ у замку і зайшла ў кватэру - пачуўся здаўлены крык.

Генрык зьбег яшчэ на пралёт і выклікаў ліфт. Праз паверх створкі кабіны рассунуліся: перад ім у парозе Вашчылавай кватэры знерухомела пераляканая Тася - на высокай фрызуры трапятапася колькі белых пёрак.

- Вось дзе ня думаў спаткаць цябе. - Генрык зьняў зь яе карункавага каўняра пёрка і зьдзьмухнуў яго ў пралёт. - Спадзяюся, Вашчыла ўжо вольны... Ён што, пакрыўдзіў цябе? У цябе выгляд згвалчанай настаўнікам школьніцы. - Войніч зазірнуў у кватэру. - Там што, чэрці балявалі?

Тася ня вытрымала й заплакала. Генрык абняў яе за плечы і завёў у ванны пакой. Калі яна змыла размазаны макіяж і асьцюдзіла расчырванелы ад плачу твар, ён асьцярожна пацікавіўся, навошта яна ўчыніла гэты пагром і што цяпер зьбіраецца рабіць. Тася зноў заплакала, і Войнічу давялося запэўніць, што ня верыць у яе вінаватасьць і, калі Тася хоча, то зараз-жа пазвоніць у міліцыю і пацьвердзіць, што яны прыйшлі сюды разам. Ад сустрэчы з уладамі Тася адмовілася і, забыўшыся на палюбоўніка-мастака, ахвотна пагадзілася паехаць да Генрыка. Яны селі ў джып. Па дарозе Войніч набыў бутэльку сухога марціні. Позна ўвечары ён адвёз Тасю дадому.

Генрык ужо пасьпеў прыбраць са стала й перасьцілаў ложак, калі зазьвінеў тэлефон.

 

* * *

 

Пад чорным плашчом у міністра быў спартовы гарнітур. Ключ ад машыны ён трымаў на мезенным пальцы, не распранаючыся сеў за Генрыкаў стол, так, нібыта знаходзіўся ў сваім кабінэце, адчужана перагартаў малюнкі, адсунуў іх набок і павярнуўся да гаспадара:

- Вось ганарар і аванс за наступнае заданьне.

- «Цо залішне, то нездрова» - я не пасьпяваю змарнаваць грошы, а саліць іх не навучаны.

- Мяркую, нам ня варта губляць сувязь з добрым заказчыкам. Я атрымліваю заказы на пэўныя рэчы і ў пэўны тэрмін мушу адправіць іх па прызначэньні. Ты выконваеш - ён плоціць...

- Але і той, хто перапраўляе рэчы за мяжу, таксама мае свой немалы працэнт?

- Так, але гэта не павінна цябе хваляваць. - Міністар зьняў са стэлажа том Беларускай энцыкляпэдыі.

- Я хачу ведаць, хто ён, - настойваў Генрык.

- Адзін высокі чыноўнік зь міністэрства ўнутраных спраў. Не хвалюйся, усё сапраўды ідзе ў замежжа. Прыватныя калекцыі. Тут табе нічога не пагражае. - Міністар знайшоў у энцыкляпэдыі патрэбны артыкул. - Вось новы заказ - Нясьвіскі касьцёл езуітаў. Ты возьмеш партрэт фундатара касьцёла Мікалая Радзівіла, ён вісіць у трансэпце - у нішы паміж дзьвюх пілястраў з чорнага італьянскага мармуру. Вось тут. - Міністар накрэсліў пазногцем на плане касьцёла крыжык. - Ты мусіш зрабіць гэта тэрмінова. Партрэт патрэбны пасьлязаўтра.

- Без падрыхтоўкі працаваць небясьпечна, я не аматар, - пахістаў Генрык галавою.

- Заўтра выяжджай у Нясьвіж, каб патрапіць на ранішнюю імшу.

 

5. НЯСЬВІЖ

 

Войніч прыпаркаваў машыну пад помнікам Сымону Буднаму, калі званы абвясьцілі пачатак набажэнства. Ён апусьціў у касьцёльную скарбонку скрутак даляраў: большасьць злодзеяў, якія ня выйшлі ў міністры, - сэнтыментальныя й глыбока рэлігійныя людзі.

Пад час імшы ён стараўся ўспомніць калісьці завучаныя лацінскія словы «Авэ Марыя» ў падсьвядомым спадзяваньні, што за імі Бог ня здолее прачытаць яго патаемных думак, а Генрык ужо пасьпеў прыгледзець, што каваны замок XVII стагодзьдзя ў касьцёльнай браме ніякімі адмычкамі ня возьмеш, але просты, як усё геніяльнае, ён адчыняецца пальцам.

У нішы паміж чорнымі пілястрамі Генрыку па-змоўніцку ўсьміхаўся партрэт фундатара Мікалая Радзівіла: карункавы каўнер, як німб, што споўз на шыю, фаўстаўскі твар у аблямоўцы роўна выстрыжаных чорных валасоў, на аксамітным камзоле спачываў тоўсты, як турэмныя краты, ланцуг з ордэнам Залатога руна.

Ксёндз Міцкевіч у новым нягнуткім, відаць, нядаўна прывезеным з Ватыкана арнаце адпраўляў высокім тэнарам імшу. Ягоная мажная постаць зь неабсяжным жыватом і шырачэзнай дупаю была жывою ілюстрацыяй да навэл Джавані Бакачыё або да беларускай казкі «Як ксяндзы езьдзілі на воды лячыцца». У звычайныя дзьверы ксёндз Міцкевіч прабіраўся ў два прыёмы: спачатку праходзіў жывот, а за ім, бокам, дупа.

Генрык прайшоўся па горадзе, паабедаў у рэстарацыі й да самай цемры праседзеў на беразе возера ў замкавым парку. Калі гадзіньнік на замкавай вежы адбіў палову на адзінаццатую, ён грэбляю праз возера выйшаў да баракальных муроў касьцёла. За мураванай агароджаю праступалі зь цемры крыжы на ксяндзоўскіх магілах. На імгненьне яму здалося, што ў высокіх цьмяных вітражах прабіўся прамень ліхтарыка, але гэта ўзьнялася над закінутым кляштарам бенедыктынак жоўтая поўня.

Войніч засунуў у замочную адтуліну два пальцы і адцягнуў рыгель. Апынуўшыся ў касьцёле, ён зачыніў дзьверы на засаўку і, скіраваўшы прамень ліхтара ў маёлікавую падлогу, прайшоў у левае крыло трансэпта, да месца, азначанага міністрам пазногцем на пляне ў энцыкляпэдыі. Ільдзяным бляскам заіскрыліся мармуровыя пілястры, але партрэта не было, адно праступаў цьмяны прамакутнік, адзінае, што засталося пасьля яго на сьцяне. Войніч згасіў ліхтарык і азірнуўся - на сярэдзіну касьцёла праз вокны купала падала расфарбаванае вітражамі сьвятло поўні, і прастора сабора здалася яму ня домам Божым, а студняю ў замагільны сьвет. Анёлы й сьвятыя на фрэсках бачыліся пачварамі, скульптуры біскупаў паплылі ў прахалодным паветры, патрасаючы кіямі, як дзідамі, баракальныя валюты пульсавалі ў прывідным сьвятле скручанымі спружынамі гіганцкіх гадзіньнікаў, алтарны крыж захістаўся, як стрэлка мэтранома, пад рытмічнае патрэскваньне перасохлае мэханікі, твар расьпятага Хрыста абліло чырвоным сьвятлом. Генрык крадком адступіў пад калёну й дакрануўся плячыма да драўлянае разьбы спавядальні. Праз гафтаваныя краты акенца на Генрыка гпядзелі шырока раскрытыя вочы ксяндза, ягонае сытае цела застыла на лаўцы спавядальні. Войніч крануў ксяндза за плячо, галава хінулася ўбок, і зь цемры выплыла доўгае касьцяное дзяржальна шыла, што тырчэла з ксяндзоўскага вуха.

За касьцельнай брамаю пачуліся галасы, з-пад яе прабіўся агонь ліхтара, у замку скрыгатнуў ключ. Генрык выбег на сярэдзіну касьцёла і ўбачыў, як пахіснуліся ад грукату дзверы, але расхінуцца ім не дала каваная засаўка.

- Ламіце, - пачулася з вуліцы, у філёнгі грымнуў удар.

Генрык успомніў у дэталях плян касьцёла з энцыкляпэдыі, на якім значыўся толькі адзін выхад, і за якім цяпер былі людзі. За алтарнаю балюстрадай ён заўважыў нявысокі праём у абсідзе й сходы ў сутарэньні. Генрык ускінуў нябожчыка на плечы й паспрабаваў данесьці да сходаў, але заблытаўся ў дывановай дарожцы, скінуў непад'ёмнае цела й пацягнуў за сабою. У браму нарэшце ўдарылі нечым больш важкім - рыгель засаўкі выгнуўся, але спружыніў, яшчэ колькі ўдараў - і дзьверы ня вытрымаюць. Ад наступнага ўдара з аргана вырваўся спалоханы голуб і, лапочучы крыламі, пачаў біцца ў вітражнае шкло. Войніч у суцэльнай цемры сьцягнуў мерцьвяка па сходах у сутарэньні й запаліў ліхтарык. Ён апынуўся ў радавым княскім склепе - на высокіх пастамэнтах шыхты мармуровых саркафагаў з лацінскімі надпісамі. Генрык паспрабаваў прыўзьняць скульптурную пліту з княскай каронаю ў галавах магілы, але ня здужаў: мармуровае вечка саркафага важыла ня менш за паўтоны.

- Каб вы, пан пробашч, дапамаглі, мы-б яе скінулі, - зьвярнуўся Генрык да нябожчыка, што прываліўся да пастамэнту, выпрастаўшы на гранёных плітах ногі ў вастрадзюбых лакіраваных чаравіках з мэталічнымі падкоўкамі на абцасах. У дашчанае скрыні з засохлым растворам Генрык згледзеў рыдлёўку й паспрабаваў убіць яе пад пліту. Камень быў шчыльна падагнаны, і лязо адно слізгацела ўздоўж каменнага шва саркафага. Генрык пераходзіў ад аднаго надмагільля да другога - паўсюль тое-ж самае: дамавіны былі гермэтычна замкнёныя. Наверсе пад чарговым ударам ня вытрымалі і адкочылі з брусоў скобы засаўкі, і ў касьцёл уварваліся ўзброеныя мужчыны ў цывільным.

Лязо рыдлёўкі раптам як правалілася пад вечка, і Генрык са зьдзіўленьнем убачыў, як пліта без асаблівых намаганьняў адышла ўбок. Ён чакаў убачыць выскал Радзівілаўскай муміі, да якой зьбіраўся падсяліць труп ксяндза, але замест дамавіны яму адкрыўся вузкі праход у яшчэ адзін ярус сутарэньняў, пра якія не згадвалася ў энцыкляпэдыі. Ледзь уціснуўшы ў патаемны ход упруцянелага нябожчыка, Генрык адпусьціў яго, і той зьехаў у глыбокі дол. Сьледам за ім у студню заскочыў сам Генрык.

Пліта зьнерухомела на сваім месцы, калі княскі склеп асьвятлілі ліхтары пагоні. Ля падножжа саркафага застаўся ляжаць на бліскучай гранітнай падлозе ксяндзоўскі малітоўнік.

Трымаючыся за сьцены, Генрык усе глыбей спускаўся па цагляных сходах. Пераступіўшы цераз нябожчыка, ён апынуўся ў цесным цыліндрычным склепе. Перад ім чарнела, як жарало вясковай печы, вэнтыляцыйная адтуліна ў сьцяне, побач зь ёю поўніўся змрокам вільготны тунэль. Генрык асьвяціў няроўныя ў вапняных нацёках сьцены. Ліхтарны прамень зламіўся на павароце тунэлю. У вэнтыляцыйнай адтуліне пачуўся шоргат: Войніч пасьвяціў туды й прысеў, каб лепш бачыць. У пэрспэктыве шахты запаліліся лютасьцю вочы невядомай пачвары, сутаргавая хваля прабегла пад яе кароткай цёмнай шчэцьцю, драпежна выскаліліся шырокія жоўтыя зубы. Звер памерам з добрага сабаку засычэў і адступіў у змрок.

Генрык сьпешна вярнуўся, падцягнуў нябожчыка і пачаў запіхваць яго нагамі ў вэнтыляцыйную шахту, пакуль з адтуліны не засталася тырчэць адно ксяндзоўская галава з бліскучай танзураю.

Дзе па сухому, а дзе па калена ў вадзе Генрык выйшаў да завала са жвіру і цаглянага друзу. Ён упарта капаў, пакуль рыдлеўка не правалілася ў жвір па рукаятку - у прагале запалілася зорнае неба. Генрык выпаўз на стромы рачны адхон, за рэчкаю высіліся муры кляштара бенедыктынак.

 

6. МЕНСК

 

Генрык заехаў да сябе ў двор. Гадзіньнік на прыборным шчытку высьвечваў палову на першую ночы. У доме на добрым падпітку гуляла вясельле: сусед з другога паверху жаніў сына, на парэнчах балкона пара акустычных калонак грымела рытмамі леташніх шлягераў, каля пад'езда танчыла моладзь.

Генрык узьняўся на свой трэці паверх, павіншаваўшы па дарозе купку мужчынаў, якія палілі на пляцоўцы, за адчыненымі дзьвярыма суседзкай кватэры разьлягаўся вялізны стол зь вясковымі прысмакамі й нямудрагелістым пітвом.

Войніч толькі пасьпеў запаліць сьвятло ў вітальні, як яго схапілі хлопцы ў форме з кайданкамі напагатове. Генрык пасьпеў ударыць аднаго зь іх і заваліць на сябе дубовую шатню: з антрэсоляў пасыпаўся пральны парашок і гаспадарчы інструмент. З-пад завалу Генрык выбраўся першым, да яго па сходах ужо беглі двое, ён пераскочыў цераз парэнчы і апынуўся сярод вясельных гасьцей:

- Мужыкі! Памажыце - мянты прычапіліся! - Генрык схапіў з падваконьня недапітую бутэльку й шпурнуў у бліжэйшага амонаўца, што з узьнятай дубінкаю бег на яго. Чырвонае віно выбухнула ў сьцяну, цёмная пляма крывавым штандарам расьцеклася па атынкоўцы. Стомленыя доўгім вясельным бязьдзеяньнем і размораныя гарачым самагонам мужчыны імгненна запаліліся дурным байцоўскім агнём. Бойка пачалася ў пад'ездзе й паступова спаўзла ў двор. Група захопу з шасьці чалавек разам з двума патрульнымі амонаўцамі змагалася мужна і цьвяроза, але ў іх не было той шчырай самаахвярнасьці і спрадвечнай нянавісьці, якую мае падгулялы чалавек да міліцыянта. Біліся нядоўга, але жорстка. Генрык колькі разоў трапна пацэліў у твары захопнікаў і меў упэўненасьць, што нехта зь іх застаўся бяз пары пярэдніх зубоў. Апынуўшыся на вуліцы. Генрык рэціраваўся за паркан мэтрабуда, аббег катлаван і зьнік за могілкавай агароджаю паміж кальварыйскіх крыжоў.

 

* * *

 

Міністар спаў, шырока раскінуўшы рукі, на авальным ложку, нібыта стомлены касец на сенавале. Генрык запаліў таршэр і падаў выхапленаму са сну міністру прыгатаваны на ноч кубак з вадою.

- У вас здаровы сон уколатага наркамана. - Генрык закурыў і, ня згледзеўшы попельніцы, выкінуў запалку ў расчыненае вакно.

- Давай, тлумач. - Нават у піжаме і з ускудлачанай сівой чупрынаю Кім Сымонавіч глядзеўся паважна і аўтарытарна.

- Пачну з таго, што на ранішнім набажэнстве ў Нясьвіскім касьцёле партрэт Радзівіла вісеў на месцы, а калі я ўначы прыйшоў па яго, партрэта ўжо не было. Я не пасьпеў выйсьці, як у касьцёл началі ламіцца, толькі цудам уцёк. Дома мяне чакала новая засада з амонаўцамі. У трэці раз я ня здолею ўцячы, бо лавіць, відаць, будуць ужо з войскам.

- Нічога не разумею, пачакай. - Міністар выйшаў у кабінет і зьняў трубку з апарата ўрадавай сувязі.

Генрык крайком падабраўся да кабінета й пачуў барытон міністра:

- Каспар Францавіч, выбачай, што ноччу турбую, ведаю, дамаўляліся на заўтра, але тут няпрыемная нечаканасьць... Наш баец два разы трапіў у засаду... Вядома, уцёк... і там, і на кватэры... Добра, я чакаю твайго званка.

Калі Кім Сымонавіч выйшаў з кабінету, Генрык засяроджана вывучаў сямейны фотаздымак у багетавай рамцы: малады Кім Сымонавіч з жонкаю й дзіцем у тым анёльскім узросьце, калі немагчыма вызначыць, хлопчык гэта ці дзяўчынка.

- Пачакаем, мне перазвоняць. - Валовіч уключыў кававарку.

Ціха затрымцеў тэлефон. Праз пару хвілін міністар вярнуўся і ўзяў філіжанку з каваю:

- Наконт Нясьвіжа: ксёндз не прыйшоў на вячэру, і эканомка падняла гвалт, касьцёл быў замкнёны зь сярэдзіны й ніхто не азваўся, зламілі дзьверы, ксяндза дагэтуль не знайшлі. З касьцёла зьнік партрэт Радзівіла.

Генрык перарваў пратакольны маналёг міністра:

- Значыць, ксёндз украў партрэт і ўцёк.

Кім Сымонавіч не зрэагаваў на заўвагу Войніча й працягваў:

- Невядомы паведаміў, што ўкрадзены партрэт знаходзіцца ў цябе.

- Лухта...

- Партрэт Радзівіла знайшлі на тваёй кватэры. Заўтра супраць цябе ўзбудзяць крымінальную справу, і дарма ты спрабуеш мяне падманваць, мне здаецца, што партрэт усё-ж узяў ты. - зазлаваў міністар. - Зблытаўся зь іншымі заказчыкамі, і цябе здалі.

- Апроч вас я ні зь кім даўно не вяду справы. Адно відавочна: мяне сапраўды падставілі. І зрабіў гэта той, хто ведаў дакладна, калі я буду ў касьцёле, каб узяць пэўны партрэт. Вы мусіце, Кім Сымонавіч, адказаць, хто ведаў або мог даведацца пра ваш заказ. - У голасе Войніча прагучала пагроза.

- Партрэт замовіў адзін італьянскі калекцыянэр, але ў Беларусі апроч мяне ён нікога ня ведае й тут нават ніколі ня быў. Гэта надзейны й даўні заказчык. Пра заказ ведаем я, ты і чалавек зь міністэрства ўнутраных спраў, дзякуючы якому бясперашкодна вывозім рэчы за мяжу, напрыклад, тую-ж Радзівілаўскую калекцыю зброі. Вось і ўсе.

- Дык што, мне выбіраць з вас і чалавека зь міністэрства? Бо да італьянскага калекцыянэра я не дабяруся. - Генрык, не пытаючыся дазволу, адчыніў бар і наліў сабе джына.

- Які сэнс мне і яму цябе падстаўляць? - Валовіч таксама налў сабе трэць шклянкі. - Што ты зьбіраешся рабіць далей?

- Хавацца й разблытваць гэтую справу. І ня ведаю лепшай схованкі ў гэтай сытуацыі за вашае лецішча. Прынамсі, там засады ня будзе. - Генрык падняўся й стаў перад міністрам. - Ключы, калі ласка, праз тыдзень знайду што лепшае.

Валовіч вяла падаў вязку ключоў.

- І ад машыны таксама, а вам пакуль давядзецца карыстацца адно службоваю.

Міністар паглядзеў усьлед габарытным агням уласнага «рэно», якія зьніклі за літай агароджаю катэджа, і зноў зьняў тэлефонную трубку.

 

7. БРАСЛАЎШЧЫНА

 

Міністрава лецішча хавалася ў зацішным кутку на беразе аднаго зь вялікіх Браслаўскіх азёраў, якраз пад курганом латгальскага гарадзішча. Ахутанае да самага далягляду, ранішнім туманам возера нагадвала Генрыку мора. Дом стаяў на высокім падмурку, складзеным зь вялікіх валуноў, гладкая чырвоная цэгла сьценаў першага паверха блішчэла як сьвежаадрэстаўраваны замкавы мур, над ім узьнімаўся перакрыжаваньнямі каркаса атынкаваны й пабелены вапнаю прускі мур другога паверха пад белай дахавіцаю, над якою высіўся масіўны комін.

У пограбе Генрык знайшоў заўсёдны набор: мех бульбы, кансервы, крупы, скрыню гарэлкі і запыленыя бутлі з самаробным віном. У будынку даўно не палілі, і ад сьценаў патыхала холадам. Войніч наносіў дроваў, распаліў камін і печку. У міністравым кабінэце ён знайшоў папку з дакладам па праблемах барацьбы з парнаграфіяй, а ў шуфлядзе пісьмовага стала - стосы парнаграфічых часопісаў і адпаведную літаратуру. Генрык узяў з сабою колькі часопісаў.

У зале ён падсунуў канапу да самага каміна і, прыхапіўшы бутэльку гарэлкі і кус паляндвіцы, загорнуты ў фольгу, заваліўся на падушкі, выцерусіў з папяросы на далонь тытунь і, зьмяшаўшы яго яшчэ з той каўказскай анашою, прыгатаваў наркатычны набой. Мятны водарны пах каноплі зьліўся са смалістым дымам сасновых дроваў і пацягнуўся па яшчэ безжыцьцёвым будынку.

На ганку пачуліся нягучныя крокі. Генрык ускочыў з канапы і, сьціснуўшы ў руцэ нож, асьцярожна падняўся на другі паверх, дзе стаіўся за шафаю. Мяркуючы па гуках, у дом зайшоў адзін чалавек. Войніч зірнуў у паўкруглае акенца на двор - там ніякіх зьменаў не заўважыў. Гэта яго яшчэ больш насьцярожыла, і наркатычны дурман як адзьцяла. Чалавек унізе таксама затаіўся, але выдаў сябе неасьцярожным рухам - скрыгатнуў мэтал. Генрык паспрабаваў быў зазірнуць у залю, але сходы заварочвалі, і да павароту ён не дайшоў, як пачуў варожае рыпеньне драўляных прыступак. Ён не стаў вяртацца, а прысеў і прыціснуўся да сьцяны, згрупаваны да кідка. Раптам з-за рога над ягонай галавою ўспарола паветра дзюралевая дзіда са сталёвай дзюбаю. Войніч імгненна схапіў яе й таргануў на сябе. Сьледам выляцела з лыжнай палкаю ў руцэ пераляканая да роспачы дзяўчына і павалілася яму пад ногі. Генрык схаваў нож і паставіў дзяўчыну пад сьцяну. Яе скажоны сполахам твар прасьвятлеў:

- Дык гэта ты паліў анашу?

- Магу пачаставаць і цябе. - Генрык нарэшце пазнаў Дануту Адамовіч.

Пачатковая радасьць зьмянілася насьцярогаю:

- А што ты тут робіш?

- Шукаў і знайшоў цябе.

- З нажом у руках?

Войніч моўчкі спусьціўся ў залю.

- Спадзяюся, ты не рабаўнік?

- Вядома, рабаўнік, залез на міністрава лецішча, але загледзеўся парнаграфічнымі часопісамі гаспадара.

- Я думала, ты прынёс іх з сабою...

- У кабінэце іх яшчэ столькі-ж.

- Не спадзявалася, што мой бацька ўжо ў такім узросьце, калі пачынаюць цікавіцца парнаграфіяй. - Данута нарэшце паставіла лыжную палку на месца.

- Кім Сымонавіч твой бацька? - рашчараваўся Генрык.

- Але. Я ягоная дачка, прыехала да сябе на лецішча, а ты, гляджу, і не зьбіраешся тлумачыць, што тут робіш.

- А я тут жыву. - Генрык перадаў Дануце тэлефонную слухаўку. - Хочаш, звані бацьку, ён табе ўсе растлумачыць. Нумар на-дыктаваць?

- Хай лепш ня ведае, што я прыяжджала, - адхіліла прапанову Данута. - Ён не ўхваляе, калі я зьяўляюся тут у яго адсутнасьць, да таго-ж бяз сына.

- Відаць, у маладосьці ладзіла пагулянкі з оргіямі й шабашамі. - Генрык па-гаспадарску ўзяў у буфэце чарку. - А зараз варта выпіць за канчатковае знаёмства. Ты ўзяла што-небудзь паесьці?

- Пайшлі на кухню. - Данута прыўзьняла чарку, - Пачысьці сваім злодзейскім нажом бульбу, а я прыгатую індыка. - Яна паставіла валізку на кухонны стол.

- Індыка лепш гатаваць на шампуры ў каміне й заліваць хатнім віном.

- Ніяк не магу пазбавіцца прадчуваньня, што ты злодзей.

Генрык паставіў чыгунок з бульбаю за камінныя краты і павярнуў на шампуры расьпятага індыка, ужо пазалочанага хрумсткай скарынкаю. Данута сядзела, абкладзеная падушкамі, на канапе, укрыўшы падкурчаныя ногі вярблюжым пледам, і трымала аберуч керамічны кубак зь пякучым глінтвейнам.

- Затое ты - як пірат. - Данута паклала сваю руку на Генрыкаву, і яны разам узьнялі іх над ложкам.

 

Потым ён распарцэляваў падгарэлага з аднаго боку сакаўнога індыка, а яна ў хатніх джынсах і незашпіленай кашулі аздабляла зелянінаю рассыпчатую бульбу, што сыходзіла параю на вялікай круглай фаянсавай талерцы.

- Як ідуць пошукі Радзівілаўскай зброі? - Генрык адліў з бутлі віна ў збан.

- Дакладна пераканалася ў яе існаваньні, а цяпер зьбіраюся пераканаць і астатніх.

- Якім чынам?

- Дзеля гэтага я тут. - Данута ўзяла ягоны нож і накроіла хлеба.

- Забаўляешся са мною? - насьцярожана спытаў Генрык.

- Я прыехала на пару дзен, каб напісаць артыкул, але чаму цябе гэта непакоіць?

- Бацька ведае пра пошукі?

- Мы з-за гэтага пасварыліся. Ён сказаў тую-ж фразу, што і ты: ня раю гэтым займацца.

- А ты?...

- Мне не падабаецца, што вакол бацькі дзеюцца дзіўныя рэчы і зьяўляюцца зладзеяватыя тыпы накшталт цябе.

- Развагі не журналісткі, а жонкі міліцыянта.

- Ты ўжо другі раз за вечар згадваеш майго мужа, а піраты мусяць быць не раўнівымі, а помсьлівымі.

- Будзем лічыць, што за спляжаны канапляны рай я адпомсьціў разам з табою.

 

8. МЕНСК

 

Генрык прачнуўся першым. Было сем раніцы. Зарослаю сьцежкаю ён зьбег да возера і з дашчатай кладкі кінуўся ў ваду, а расьціраючыся шорсткім ручніком, нарэшце ўсьвядоміў - цяпер у яго нічога не засталося, нават няма ў што пераапрануцца: апроч джынсаў, швэдра, вязкі адмычак і пачка даляраў, - грошы і дакумэнты ён ніколі не пакідаў дома. Данута згатавала каву й накрыла сьняданак.

- Абед можаш не гатаваць, усе мае рэчы засталіся ў Менску, я зараз еду. - Генрык дапіў каву і перакуліў філіжанку на сподак.

- Ты яшчэ вернешся?

- Увечары. Можа табе што прывезьці?

- Ты ўсё адно перабіў мне творчы настрой. Я еду з табою.

Вывеўшы машыну на шашу. Генрык вярнуўся да ўчарашняе размовы:

- Ты казала, што пераканалася ў існаваньні калекцыі зброі?

- Яшчэ адзін чалавек апроч радзівілаўскага бібліятэкара можа засьведчыць. Ён нават мае доказы. - Данута расшпіліла торбачку й дастала свой журналісцкі нататнік.

Генрык дадаў хуткасьці, і дзяўчыну ўціснула ў сядзеньне. За вокнамі машыны разгортваліся панарамы пагоркаў, парослых рэдкім ядлоўцам і ўсыпаных ледавіковымі валунамі.

- Калі не сакрэт, хто ён, гэты чалавек?

- Не хачу апярэджваць падзеі, мяне зь ім абяцаў зьвесьці твой сябра-паэт Арсен Прус.

- Дзіўна, што я пра гэта нічога ня ведаю. - Генрык дапытліва глянуў на Дануту.

- Ты й не цікавіўся.

- Апошнія дні я самаахвярна працаваў на культуру.

На Цэнтральным пляцы ў Менску Данута нечакана папрасіла яе высадзіць, і яны дамовіліся сустрэцца на гэтым самым месцы, каб разам паабедаць.

Генрык яшчэ квартал праехаў праспэктам і збочыў на бульвар, што выходзіў да Дзяржаўнага музэя, прыпаркаваўся насупраць цэмэнтовай калянады пад вокнамі прыватнай крамы «Беларускі сувенір». Шыльду ў прасьценку між вокнамі чамусьці аздаблялі тры матрошкі памерам з раставую мішэнь. Вітрыну крамы густа абселі пакарабачаныя праваслаўныя абразы, медзяныя самавары, парцэляна і іншы «кіч» мінулых стагодзьдзяў.

Генрык мінуў гандлёвую залю і апынуўся ў службовым пакойчыку. Закратаваныя вокны цокальнага паверху ўпіналіся ў цагляны паркан. Гаспадар крамы - Зьбігнеў Скіньдзер - з разьведзенымі нажніцамі ў руцэ кіўнуў Генрыку і мітусьліва папрасіў:

- Зачыняй дзьверы.

Войніч сеў у абдзёрты фатэль і агледзеўся: у расчыненай шафе на плечыках серабрылася папоўская рыза, з-пад столі й да падлогі зьвісаў княскі слуцкі пояс, у кардоннай скрыні пад акном, як мэталалом грувасьціліся рознапамерныя самавары, стэлаж займалі стосы абразоў. Рэштку памяшканьня запаўнялі акуратныя дыктавыя скрыні з пачкамі Біблій у пластыкавым фабрычным апакаваньні.

Скіньдзер адразаў нажніцамі тытульныя лісты Біблій і складаў абрэзаныя кніжкі пад стол.

- Што ты робіш? - зацікаўлена спытаў Генрык.

- Выразаю тытул, каб на яго месца ўклеіць новы. - Скіньдзер дастаў з шуфляды колькі разагнаных на ксэраксе тытульных старонак.

- Звар'яцеў? Ён такі-ж самы, - Генрык параўнаў аркушы.

- Глядзі ўважліва. На новых няма надпісу «Не для продажу. Толькі ў падарунак дзецям».

- І колькі табе скрыняў падарылі?

- Дзесяць тысяч асобнікаў атрымалі ад шведаў «Дзеці Чарнобыля», а раздарыць у іх рука не паднялася. Колькі маглі, самі расьцягнулі, а рэшту прадалі мне. А мяне ты ведаеш - знайшлося геніяльнае выйсьце - пераклеіць тытул. Цяпер не пабягуць скардзіцца, што гэта падарункі. - Скіньдзер задаволена выхваляўся Генрыку. Руды, з высокімі залысінамі, гадоў пад трыццаць, антыквар-кранік Зьбігнеў Скіньдзер любіў апранацца да няпрыстойнасьці багата, чаго ня можа дазволіць сабе аніводны сумленны чалавек.

- І даўно ты гэтым займаешся? - спытаў Войніч.

- Як толькі пачалася, так бы мовіць, гуманітарная дапамога Захаду. Але раней яны, халера, не друкавалі гэтай ідыёцкай заўвагі: «Толькі ў падарунак». А я рэалізоўваў Сьвятое пісаньне і Эвангельскаму таварыству, і розным чырвоным крыжам з паўмесяцамі, і фондам, і асацыяцыям, і камітэтам - усе хочуць падзарабіць.

- А Бога не баішся?

- Баюся, - прызнаўся Збігнеў. - Бачыш - рыза папоўская вісіць - тры кіляграмы срэбра, можаш узважыць. Каму толькі ні прапаноўваў, нават у гаспадарчы аддзел эпархіі, але яны ня ўзялі, кажуць, ня поўны гарнітур, не камплект.

- Дык пераплавіў бы - на мэтал заўсёды знойдзецца пакупнік.

- Я-ж кажу - баюся Бога, ніяк не магу наважыцца.

- Памятаю, ты некалі працаваў у рэстаўрацыйных майстэрнях. - Генрык узяў з паліцы пачак амэрыканскіх цыгарэт і запаліў. - Табе не даводзілася займацца жывапісам у Нясьвіскім касьцёле?

- Не, а што там цябе цікавіць?

- Партрэт фундатара Радзівіла.

- Ведаю. Цябе надурылі. У касьцёле вісіць копія васямнаццатага стагодзьдзя, а арыгінал невядома дзе.

- Гэта дакладна?

- Навошта тады пытацца? - пакрыўдзіўся антыквар.

- Я да цябе па справе. Памяняй даляры.

У такой жа напаўпрыватнай, напаўлегальнай, напаўпадвальнай крамцы, што гандлявала кантрабандай, Генрык набыў усё неабходнае, каб не выглядаць беглым бяздомным крымінальнікам. Зьмяніць сваю зьнешнасьць новай фрызурай і цёмнымі акулярамі ён лічыў залішнім, бо ў нашай дзяржаве злодзеяў ловяць хіба што выпадкова. Данута прыйшла на ўмоўленае месца раней тэрміну.

- Кім Сымонавіч не перадаваў мне прывітаньняў? - спытаў Генрык, калі яна села ў машыну.

- Я шукала Арсена.

- І, вядома, не знайшла.

- Ён у ад'ездзе?

- Будзеш ведаць наперад - ва ўсім трэба раіцца са мною.

З машыны яны выйшлі на гаспадарчым двары Дома актора.

- Мы зьбіраліся паабедаць? - спытаў Генрык.

- Я спадзявалася, што ты вязеш мяне да Арсена.

Яны апынуліся ў матавай ад тытунёвага дыму кавярні. Данута хацела сесьці за вольны столік, але Генрык павёў яе ў глыб залі. Пад круглым вітражным акенцам, з-за якога кавярню ў Доме актора звалі «Каламутнае вока», за невялікім, як спэцыяльна для яго пастаўленым столікам сядзеў ужо безуважны да ўсяго Арсен Прус. Адна пустая і адна недапітая пляшкі гарэлкі, як вежы мініяцюрнага сабора, узьнімаліся над талеркаю з параю парэзаных шпроцін, сьціпла ўкрытых лістком пятрушкі. Перад Арсенам на абрусе ляжалі тры пляскатыя цыгарэты бязь фільтра і попельнца, усланая недапалкамі.

- Частуйцеся, хлопцы. - Добра прытручаны алькаголем Арсен прапанаваў сесьці.

Стол заслалі сьвежым абрусам, прынесьлі халоднай цяляціны, канапкі зь ікрою і місу сьпечаных па Генрыкавай замове бульбяных дранікаў.

- Цябе шукалі. - Арсен, не пытаючыся, наліў усім па поўнай чарцы гарэлкі й выпіў.

- На мяне палююць. - Генрык пераклаў нажом чырвоную ікру з канапкі на дранік і, каб не нэрваваць Арсена, зрабіў выгляд, што пакаштаваў гарэлкі. Затое Дануце пад гіпнатычным позіркам паэта давялося выпіць чарку дарэшты.

У другім канцы залі за банкетным сталом весяліў падгулялую кампанію мастакоў і літаратараў расчырванелы бард у скураной камізэльцы на голае цела і з залатым ланцугом на шыі. Праз тлумнае гудзеньне кавярні раз-пораз вырываліся падхопленыя хорам радкі пра «кроплі крыві на сьнезе», «пагоню», «калючы дрот» і «зорачкі ясныя».

- А ты, дзеўка, усё сэнсацый шукаеш? - Арсен зноў наліў Дануце поўную чарку.

- Я шукаю зброю, і ты абяцаў дапамагчы - пазнаёміць з чалавекам, які пацьвердзіць яе існаваньне.

- Думаеце, я кінуць піць не магу? Магу, але не хачу - Арсен з дакорам падсунуў Генрыку яго поўную чарку.

- Так што, і з гэтым чалавекам зьвесьці можаш, але ня хочаш? - Данута вярнула замілаванага дранікамі Арсена да пастаўленага пытаньня.

- Ня хочацца ехаць далёка, а безь мяне ён вам нічога ня скажа, бо ня любіць такіх цікаўных, ды й мне зараз ня скажа, бо я п'яны.

- Хто ён? - спытаў Генрык.

- А хіба я не казаў? Ксёндз Міцкевіч зь Нясьвіскага касьцёлу. - На імгненьне на твары Генрыка адбілася непаразуменьне, але Арсен працягваў: - Скажыце яму, што прыехалі ад Арсена. Табе што, Генрык, сьвятары не падабаюцца? Ён добры дзядзька, толькі з Ватыкана вярнуўся, дамогся, каб Рымскі Папа блаславіў адкрыцьцё беларускіх касьцёлаў.

- То гэта ён у Ватыкане такі карак ад'еў? - Генрык прыгадаў непад'ёмнае цела нябожчыка.

- Не, тут, у Нясьвіжы. Ён яшчэ пры немцах пачаў служыць у езуіцкім касьцёле. А ты адкуль яго ведаеш? - спахапіўся Арсен.

- А ён адкуль пра зброю ведае? - перапытаў Генрык.

- Ён сябра бібліятэкара з замка, Сідарэвіча, таго самага, што зброю ад бальшавікоў хаваў, - растлумачыў Арсен.

Данута зірнула на гадзіньнік:

- Мы яшчэ па сьветламу пасьпеем у Нясьвіж.

- Можа, іншым разам? - цяжка ўздыхнуў Генрык.

- Тады я паеду аўтобусам. - Данута паднялася.

Генрык нагнаў яе на сходах:

- Добра, паехалі, я ўсё адно ў адпачынку. Але потым не крыўдаваць. Цябе папярэджвалі - гэтым не займацца.

 

9. НЯСЬВІЖ

 

Генрык, які быў заракаўся вяртацца ў Нясьвіж, зноў трапіў у гэты горад. Але, калі «рэно» зьнерухомела непадалёк ад плябані, ісьці ў госьці да ўжо знаёмага нябожчыка, разам зь якім перажыў непрыемныя гадзіны ў касьцёльных сутарэньнях, Войніч адмовіўся.

- Схадзі сама, - сказаў ён Дануце, - мяне гэта мала абыходзіць. Генрык праз акно машыны глядзеў на размову Дануты з жанчынаю ў доўгай цёмнай сукенцы зь белым карункавым каўняром і манжэтамі.

- Ты ведаў, што ксёндз Міцкевіч зьнік? - разьюшана ляснула дзьвёркамі машыны Данута.

- Не напэўна. Калі зьнікла калекцыя, то мусіў зьнікнуць і ксёндз, які ведаў пра яе. А што сказала эканомка?

- Заўчора ксёндз зачыніўся ў касьцёле й зьнік, дагэтуль ніхто ня ведае, дзе ён дзеўся.

- Анёлы на неба такі цяжар не ўцягнуць, значыць, зьнёс чорт. - Генрык завёў рухавік.

- Наведаем бібліятэкара Сідарэвіча, пакуль і яго твае чэрці ня зьнеслі, - глянула Данута ў люстэрка. - Здагадваюся, што ты ведаеш, дзе ён жыве.

Генрык рэзка вывеў машыну на сярэдзіну вуліцы і, абмінуўшы возера, спыніўся перад занядбалым флігелем каля падножжа замкавага бастыёна. У вэнэцыянскіх вокнах палілася сьвятло, у прагал паміж парцьерамі гаспадар прыглядаўся да іх машыны.

Данута пастукала ў дзверы, іх правёў у дом гаспадар: яшчэ моцнага складу стары, цалкам лысы, зь перабітым баксёрскім носам, у цёплай сьцёганай куртцы. Ён пасадзіў гасьцей на засланую даматканай радзюжкаю канапу, над якой вісела карціна, завешаная кавалкам палатна.

- Жывапіс псуецца ад сонечнага сьвятла, - адказаў Сідарэвіч на недаўменныя позіркі Дануты. - А што зноў прывяло да мяне спадарыню Адамововіч са спадаром?..

- Генрык Войніч, - кіўнуў ён старому.

- Парадаваць нічым не магу, - казала, як выбачалася, Данута. - Шчыра кажучы, мы ехалі, каб перагаварыць з ксяндзом Міцкевічам наконт калекцыі, што зьнікла з вашых сутарэньняў, але, - разьвяла яна рукамі, - мы спазьніліся.

- Не перакананы, што тут ёсьць сувязь, - хрыпатым барытонам адказаў Сідарэвіч. - Да таго-ж я не жадаю мець ніякіх стасункаў зь цяперашнімі ўладамі. Адзін раз я ўжо зьвярнуўся да іх па дапамогу, але ніхто не пажадаў займацца маёй справаю. Мне нават не паверылі, што існавала калекцыя зброі князёў Радзівілаў, тут у гэтым доме. - Стары пастукаў бамбукавай кавенькаю ў падлогу. Змрочны і адчужаны з выгляду, як высьветлілася, ён любіў пагаварыць: - Большасьць зброі з калекцыі князя пакралі чырвоныя генэралы, яны нават не ўсьведамлялі, што рабуюць буйнейшую ў сьвеце калекцыю зброі, проста расьцягвалі на сувэніры й забаўкі аздобленыя пярлінамі й камянямі рапіры й мушкеты, п'яныя стралялі з дуэльных пісталетаў па крышталёвых падвесках жарандоляў. Больш дзікунскага войска за чырвонае я ня бачыў. Гэта-ж немагчыма ўявіць, каб нямецкія ці польскія афіцэры дзеля забавы палілі каміны музычнымі інструмэнтамі. Вы не ўяўляеце, колькі італьянскіх інструмэнтаў пайшло дымам праз коміны Нясьвіскага замка падчас побыту тут чырвонага маршала.

Генрык слухаў бібліятэкара, угнуўшы голаў, стараючыся не сустрэцца позіркамі з Данутай.

- І так паўсюль нішчылася беларуская культура, - падтрымала старога Данута. - Жахліва, што і цяпер працягваецца генацыд беларусаў, за адно пакаленьне зь дзесяцімільённага народу нас, сьвядомых, засталося ня больш за пяцьсот тысяч.

- Дзякуй Богу, цяпер не зьнішчаюць творы мастацтва, яны толькі мяняюць гаспадароў, - заўважыў Генрык. - Пра гэта можна бясконца гаварыць, і ўсе-ж такі, якое дачыненьне да калекцыі меў ксёндз Міцкевіч?

- Ён у свой час дапамагаў мне яе захоўваць, а потым меў свой інтарэс, каб ня згадваць пра гэта, - адказаў Сідарэвіч. - Бальшавікі ніколі асабліва не шанавалі каталікоў.

- Чаму-ж на сьледзтве пан ксёндз не пацьвердзіў існаваньне калекцыі? - спытала Данута.

- А сьледзтва-ж не было, справу нават не ўзбуджалі.

- Чаму спадар Сідарэвіч згадвае ксяндза так, нібыта перакананы, што той ужо нябожчык? - спытаў Генрык.

- У мяне наконт гэтага ёсьць дзьве вэрсіі. Але чаму гэта вас так цікавіць?

- Я вяду журналісцкае расьследаваньне, - упэўнена сказала Данута.

- А маладога чалавека нанялі як прыватнага дэтэктыва? - Бібліятэкар гучна й раптоўна зарагатаў і, спахапіўшыся, падняўся. - Давайце я вас пачастую наліўкаю і ячменнай каваю.

- Данута вам дапаможа, - і ўжо шэптам Генрык папрасіў яе прынесьці з машыны бляшанку зь печывам.

Пакуль стары на кухні грымеў посудам, Генрык прыўзьняў палатно над карцінаю: на яго глянуў з партрэта добра яму вядомы фундатар Нясьвіскага касьцёла Мікалай Радзівіл. Такі-ж самы партрэт, які ён так і ня здолеў украсьці з касьцёла. Генрык пасьпешліва апусьціў палатно.

Бібліятэкар з Данутаю накрылі круглы стол, што стаяў пасярод пакоя. Уздоўж сьценаў цягнуліся зашклёныя стэлажы з падшыўкамі часопісаў і газэт, у прагале паміж вокнаў вісеў яшчэ адзін партрэт: моцны, з тварам рымскага легіянэра мужчына ў кірасе з узьнятай шабляю на белым кані, за ім ахоплены д'ябальскім полымем горад.

За сталом Генрык пачуваўся няўтульна, за сьпіною гучна шчоўкаў двухпавярховы гадзіньнік-куранты.

- Пачну з той вэрсіі, у якую сам менш веру, але якая здасца вам больш рэальнаю. - Сідарэвіч зноў зарагатаў, як опэрны пэрсанаж, і правёў рукою па лысай галаве. - Ксёндз ведаў калекцыю, як свой малітоўнік, хоць і сьвятар, але зброяй захапляўся нібы дзіця. Заходзіў да мяне, і пасьля тэалягічных дыспутаў за чаркаю наліўкі мы спускаліся ў сутарэньні, дзе перакладалі зброю, быццам адпраўлялі рытуальнае дзейства. Ён кожную рэч мог пазнаць навобмацак. Якраз на Вялікдзень пайшоў я ў касьцёл. А калі вярнуўся пасля набажэнства, гляджу, падлога ўзарвана і ў сутарэньнях адно пустая скрыня з-пад зброі. Каб мне таго злодзея ды зараз у рукі, - Сідарэвіч сьціснуў на стале па-старэчы жылістыя важкія кулакі, - я-б яго пацуку скарміў...

- Якому пацуку? - занепакоіўся Генрык і адчуў сябе яшчэ больш няўтульна.

- Пазьней раскажу. Гэта-ж самі бальшавікі і ўкралі. За мною даўно сочаць. Выйду ў краму, вярнуся, бачу: не газэты на часопісах, як пакінуў, а часопісы на газэтах ляжаць, а раз уначы прачнуўся - на кухні кран газавы адчынены, атруціць думалі.

Генрык згодна захістаў галавою, а сам наступіў Дануце на нагу пад сталом - маўляў, стары ў маразьме, а той працягваў:

- Спачатку заяву ў мяне прынялі, а потым афіцыйна паведамілі, што аніякае зброі ў мяне быць не магло. А ксёндз адразу язык прыкусіў, нібыта яго тут пры немцах і не было, ды я не крыўдую, дзе-ж ты прызнаешся, што капэлянам у батальёне Рагулі служыў?

- Натуральна, лепш немцам, чым саўдэпам служыць, - цынічна пагадзіўся Генрык.

- Усім блага: і тым, і гэтым. Беларус павінен служыць Беларусі - дэкляратыўна не ўтрымалася Данута.

- Падабаецеся вы мне. - Сідарэвіч усьміхнуўся залішне ясна, каб быць шчырым. - Калі атрымаў я адмову з пракуратуры, то ксёндз ужо быў у Ватыкане. А калі вярнуўся, то расказаў такое, што я адразу вырашыў - лепш далей ня лезьці. Быў ён у Рыме на прыёме там у аднаго мецэната, якога ведаў яшчэ з давайны, і згледзеў у яго ксёндз Міцкевіч паляўнічы радзівілаўскі стылет працы Бенвенута Чэліні, які яшчэ месяц таму сам разглядаў у маім доме. Пачаў ён распытваць мецэната, адкуль у яго гэты стылет. Той прызнаўся па-сяброўску, што набыў яго ў Менску ў аднаго высокага чыноўніка, так-бы мовіць, члена ўрада, і нават атрымаў ад яго афіцыйную паперу, што гэты смарагдавы стылет мастацкай каштоўнасьці не ўяўляе і можа быць вывезены за мяжу. - Сідарэвіч паківаў пальцам: - Гэта Чэліні ня мае каштоўнасьці? Расказаў мне гэта Міцкевіч, а я зразумеў, што ў такой сытуацыі трэба сядзець ціха й не высоўвацца, бо задзейнічаны вышэйшыя ўлады, якім нічога ня варта зьнішчыць нас. А ён мяне не паслухаў і паехаў у Менск дамагацца, каб калекцыю вярнулі з Рыма ў Беларусь, паехаў шукаць зацікаўленага чалавека й вярнуўся ні з чым. Можна дапусьціць, што ксёндз у Доме Ўрада спудзіў злодзея, і той, дзеля перасьцярогі, вырашыў зьнішчыць яго. Вось таму, скажаце вы, і зьнік ксёндз Міцкевіч. Але я бачу сэнс забіваць і мяне, і яго да таго, як зьнікла калекцыя і даведаліся пра яе існаваньне, а не цяпер, калі нават журналістка й прыватны дэтэктыў вядуць расьсьледаваньне.

- Але-ж ня чэрці яго зьнесьлі? - заўважыла Данута.

- Вось гэта больш выдае на праўду, - прыцішыў голас Сідарэвіч. - Яго зьеў пацук.

- А ў зубе пацука быў цыяністы калій, - ня вытрымала Данута й настушла Генрыку на нагу - маўляў, стары зноў у маразьме.

- Дарма кпіце, але што з вас узяць, я-б сам ня верыў, каб на свае вочы ня бачыў. Жыве пацук пад замкам і выходзіць з-пад зямлі толькі на поўню, каб зарэзаць авечку ці цялушку, што першым трапіцца. Памерам ён з добрага сабаку, толькі што лапы карацейшыя, аднак лютасьці й ненажэрнасьці ў ім на воўчую зграю. Даўно не здаралася, але расказвалі, што кідаўся й на людзей. Колькі палявалі на яго, але зьвер няўлоўны. Апошні раз яго бачылі на могілках, калі груд з капцамі падмыла паводка. Ён з трунаў выцягваў і жэр мерцьвякоў.

Данута зьдзіўлена глянула на Генрыка, які зь непадробнай сур'ёзнасьцю слухаў старога, і таму, каб вярнуць размову да рэчаіснасьці й не звар'яцець самой, спытала:

- Скуль узялася такая пачвара? Што, ворагі народа - генэтыкі вывелі?

- Можа, і так, але існуе колькі паданьняў наконт узьнікненьня пацука, - бліснуў мэталічнымі зубамі Сідарэвіч. - Вось што расказваў мне адзін з апошніх нясьвіскіх Радзівілаў: «Канцлер Вялікага княства Леў Сапега ў 1583 годзе езьдзіў з пасольствам у Масковію і атрымаў ад Івана Жахлівага сярод іншых падарункаў і такі: жалезную клетку з гіганцкім пацуком. Вяртаючыся ў Вільню, Сапега завітаў у Нясьвіскі замак і пазбавіўся ад гэтай поскудзі, ахвяраваўшы яе княскаму зьвярынцу.

Уначы вартаўнік пачаў зьдзеквацца, пароць яго шабляю. Разьюшыўся зьвер, але затаіўся, а калі вартаўнік заснуў, зламаў краты і зарэзаў яго, як авечку. З таго часу і вядзецца ў нясьвіскіх падзямельлях д'ябальская пачвара. Апошнім часам скардзіўся мне ксёндз Міцкевіч, што чуў, як той пацук шкрабецца пад касьцёлам, і нават бачыў сьляды ў алтары. Відаць, зачыніўся ён у касьцёле, каб зьвярнуцца да Бога на адзіноце, тут яго чорт і падпільнаваў, зацягнуў у нару й зжэр.

Генрык успомніў доўгае шыла, што тырчэла з ксяндзоўскага вуха, і падумаў, каб той пацук часам не праглынуў яго і ня выпруціўся дзе пад касьцёлам, і не засмуродзіў Божы храм. Бо знойдуць пацука, зразумеюць, куды падзеўся ксёндз, а гэта было Войнічу без патрэбы.

Данута ўжо даўно штурхала Генрыка ў бок і паказвала, што трэба сыходзіць. Падняўшыся, ён падзякаваў за гутарку й на разьвітаньне спытаў, ці ня ведае спадар Сідарэвіч імя таго чыноўніка, да якога ў Менску зьвярнуўся ксёндз Міцкевіч за тыдзень да зьнікненьня.

- Не, ня ведаю, - відавочна падмануў Сідарэвіч.

 

Навэла пра тое, як Генрык стаў злодзеем

 

«Публіка заўсёды чакае біяграфій галоўных герояў», - так сьцьвярджаў адзін рэдактар літаратурнага часопісу й прымушаў аўтараў дапісваць творы. Але хутчэй біяграфія кожнага чалавека можа зьвесьціся да пэўнага выразнага і па-мастацку зазначанага ўчынка. Напрыклад, студэнт Шч., паспрачаўшыся са студэнткаю Ю. на пляшку шампанскага, згасіў ватоўкаю «вечны агонь» каля абеліску Перамогі, студэнт атрымаў 15 сутак грамадзка-папраўчых працаў, мянушку Праметэй і заўсёднае азначэньне - гэта той, што згасіў «вечны агонь». Учынкі могуць быць і менш маштабныя, але ўнікальныя: навучэнец О. знакаміты тым, што, застаўшыся сам-насам у кабінэце біялёгіі, не стрымаўся, дастаў фікус з вазону, насерыў (інакш ня скажаш) туды й паставіў фікус на месца, пасля чаго прыдбаў азначэньне - гэта той, хто... А, знакаміты тым, што рабіў зь цьвіка нож і спусьціў з рэек вежавы кран; Б. згвалціў казу; В. смажыў і еў на балоце жабаў; і гэтыя ўчынкі настолькі-ж характарызуюць герояў, як агульнапрызнаныя: М. закрыў грудзьмі амбразуру дота, Г. скіраваў свой падпалены самалёт разам з экіпажам на калёну вайсковай тэхнікі, а хлопчык К. узарваў сябе і яшчэ шэсьць чалавек адной гранатаю, Х. расьпялі на крыжы.

Ёсьць людзі, знакамітыя не адным, а цэлым шэрагам разнастайных подзьвігаў і ўчынкаў.

Генрык Войніч нарадзіўся ў 1960 годзе ў мястэчку Заблудава ў нешчасьлівай сям'і. Генрыкаў бацька Пятро Войніч сканаў у турме, калі сыну ішоў шосты год. Адзінае, што запомнілася Генрыку пра бацьку, гэта як хадзілі яны разам да камбайнаў красьці з бункераў жыта. Бацька цягнуў на плячах мех, з малы Генрык нёс за ім дзіцячае вядзерца зь зернем, а ў другой руцэ сьціскаў цацачны савок.

Маці Юзэфа працавала на шклозаводзе. У Заблудаве апроч шклозавода нічога не было, і займаў завод плошчу ўдвая большую за само мястэчка. Яшчэ ў Генрыка была старэйшая сястра Рэгіна, на якую бацькава зладзейства паўплывала ў адваротным кірунку - стала яна пракурорам у Маладэчне і, здагадваючыся пра подзьвігі брата, аніякіх стасункаў зь ім мець не жадала.

Нягледзячы на тое, што Генрык прагульваў заняткі ў школе, курыў і паказваў з адхону пасажырскім цягнікам дупу, быў ён здольным і вучыўся добра. Ужо ў чацьвёртай клясе ён сам даўмеўся зь вечара кінуць пачак дрожджаў у настаўніцкую прыбіральню - каналізацыю ўспучыла так, што два дні не было заняткаў.

Генрыкаў характар сфармаваўся, і ён сам склаўся як асоба ў цырку Абеля, які існаваў пры шклозаводзе і нават меў званьне народнага калектыву. На манежы знаходзіла выйсьце і дурная энэргія хлопца. Цыркавая кар'ера Генрыка пачалася з матацыкла-ровара з адным колам. Аднойчы цырк прыехаў на выступленьні ў Менскі опэрны тэатр, але Генрыкаў сябар цыркавы атлет Хведар напіўся ў буфэце й ня змог падняць гіры, а потым, за кулісамі, на няпрыстойную лаянку кіраўніка Абеля паціскаў плячыма і супакойваў сам сябе: «Ну й што, што не падняў? Ну, выганіш ты мяне з цырку, але са скрыначнага ты мяне ўсе адно ня выганіш». Працаваў Хведар на Заблудаўскім шклозаводзе ў цэху, дзе рабілі скрыні. Сьледам за атлетам на сцэну выехаў Генрык на матацыкле і на першым павароце паваліўся, схапіў матацыкл і кінуўся ўцякаць за кулісы, але там яго злавіў Абель і зноў загадаў ехаць на сцэну. Пасьля матацыкла Генрык перакваліфікаваўся ў жанглёра і перад самым войскам дасягнуў вышэйшай кваліфікацыі - артыст арыгінальнага жанру. Пасьля Хыраўскага дэсантнага батальёну, дзе ён спраўна навучыўся біцца, страляць і ваяваць, вярнуўся ў Заблудава і ў багата аздобленым па ўсіх законах вайскова-прыкладнога мастацтва дэмбельскім парадным мундзіры зьявіўся ў клюбе на танцах. Пазьней Генрык так і ня мог успомніць, з-за чаго пачаў бойку з патрульнымі міліцыянтамі ў скверыку каля клюбу. Памятаў толькі, што зазлаваў, калі міліцыянт паспрабаваў па рацыі выклікаць машыну. Генрык разламаў рацыю і ўкінуў у фантан. На раніцу ён прачнуўся дома, сьціскаючы ў разьбітым кулаку міліцэйскі пагон. Начальнік міліцыі папярэдзіў Генрыкаву маці, што сына «пасодзяць», калі той праз дваццаць чатыры гадзіны ня зьедзе зь мястэчка.

Месцам выгнаньня Генрык абраў сталіцу. У Менску ён уладкаваўся электрыкам на трактарны завод, але доўга ня вытрымаў лазіць, мяняючы лямпы, па завадзкіх перакрыцьцях, хоць і падобныя яны былі да купала цырка. Выпадкова падвярнулася праца тэхніка ў Акадэміі мастацтваў. За дробныя паслугі рэктар Акадэміі Кім Сымонавіч уладкаваў Генрыка на завочнае адзьдзяленьне інстытута культуры.

Рабаваць цэрквы й касьцёлы Войніча прывучылі спэцыялісты з этнаграфічных экспэдыцый - зь першага-ж падарожжа ён прынёс Кіму Сымонавічу пару драўляных анёлаў ХVII стагоддзя, якіх зьняў з-пад купала вуніяцкай царквы, дзякуючы цыркавому таленту акрабата й вывучцы дэсантніка. Па ўласнай ініцыятыве Войніч вывеў у рэктарскі кабінэт камутатарны пульт, зь якога можна было праслухоўваць усе акадэмічныя тэлефоны.

Але ў нацыянал-патрыятычных колах Генрык Войніч быў знакаміты не рабаваньнем музэяў і сьвятых месцаў, і не адзіным вершам, які надрукаваў у альманаху, а тым, што разам з Арсенам Прусам на цэнтральнай магістралі сталіцы спыніў калёну танкаў. Напярэдадні вайсковага параду Генрык з Арсенам выпівалі да сярэдзіны ночы ў «Каламутным воку», а пасьля дванаццатай на праспэкце пачалася рэпэтыцыя параду. Генрык з Арсенам выйшлі на двор і ўбачылі, як да Дома Ўраду рухаецца танкавая калёна. «Не дадзім акупантам ладзіць мілітарысцкі шабаш», - загадаў Арсен, і яны леглі на шляху вайсковай калёны. Вайскоўцы, каб пазьбегнуць грамадзкага скандалу, упрошвалі іх падняцца, потым падасьпелі міліцыянты, адцягнулі пацыфістаў у цёмны сквер і ў кароткай бойцы Арсену зламалі палец. Акцыя набыла шырокае грамадзкае гучаньне, і іх подзьвіг ня раз паўтаралі іншыя патрыёты. Цяпер, калі згадвалі Войніча, звычайна дадавалі: гэта той, які спыніў калёну танкаў.

Сам Генрык лічыў найбольш удалай з усіх сваіх спраў выкраданьне калекцыі зброі з сутарэньняў бібліятэкара Сідарэвіча.

 

* * *

 

Генрык крануў машыну зь месца. Данута азірнулася й заўважыла бібліятэкара, які бязгучна варушыў вуснамі, стараючыся запомніць нумар іхняе машыны.

- Немагчыма паверыць ва ўсю гэтую гісторыю з пацуком. - Данута прыпаліла ад электразапальнічкі.

- Ёсьць рэчы, у якія табе будзе яшчэ цяжэй паверыць. - Генрык вырашыў усё расказаць Дануце, бо зразумеў, што яна зможа дапамагчы яму, а маўчаньне нічога ня дасьць - праз пару дзён яна здагадаецца сама, што Генрыка шукаюць, а яе бацька дазволіў злодзею схавацца на сваім лецішчы.

Войніч зрабіў кола па горадзе і, калі спыніўся недалёка рачнога адхону насупраць кляштару бенедыктынак, так і не прыдумаў нічога лепшага, як спытаць:

- Якія ў цябе адносіны з бацькам?

- Чаму мы спыніліся?

- Невядома, ці зможам мы пасьля гэтай размовы паехаць далей разам. Ты не адказала, - Генрык уключыў кандыцыянер і запаліў.

- Калі не адказала адразу, - адносіны ня зь лепшых.

- Чаму?

- Ён даўно з намі не жыве.

- Твае бацькі разьвяліся?

- Не разьвяліся, але разышліся, калі мне было дзесяць гадоў. Ты распытваеш так, нібыта сабраўся са мною ажаніцца. - Данута выйшла з машыны. - Ня зношу кандыцыяванага паветра.

- А дзе цяпер твой сын?

- Стасік у маці.

- Ты-б не магла на пару дзён забраць яго й зьнікнуць, нікому ня кажучы куды?

- Толькі ў тым выпадку, калі ты нарэшце растлумачыш, што адбываецца.

Генрык падвёў Дануту да рачной стромы:

- Калекцыю зброі ўкраў я.

Данута засьмяялася:

- Гэта ты меў на ўвазе, калі казаў, што мне цяжка будзе паверыць?

- Я ўкраў калекцыю зброі па заданьні твайго бацькі, а ён перапрадаў яе за мяжу з дапамогаю нашага агульнага знаёмага генерала Матрашылы. Ксёндз Міцкевіч убачыў у Рыме стылет і зьвярнуўся па дапамогу да твайго бацькі. Ксёндз забіты, і няцяжка прыйсьці да высновы, што забіў яго твой бацька.

- Ты вінаваціш яго ў рабаўніцтве й нават у забойстве? - абурылася Данута.

- Хочаш пераканацца, што ксёндз зьвяртаўся менавіта да твайго бацькі? - Генрык пацягнуў яе да машыны, узяў тэлефонную трубку й набраў нумар:

- Тася? Выбачай, што турбую позна. Ты не прыгадаеш, ці не прыходзіў тыдзень таму на прыём да Кіма Сымонавіча які-небудзь сьвятар?.. Ты ня знойдзеш у нататніку ягонае прозьвішча? Глянь, калі ласка. - Генрык перадаў трубку Дануце й спытаў яе:

- Голас бацькавай сакратаркі пазнаеш? Данута кіўнула, моўчкі выслухала Тасін адказ і паклала трубку.

- Ну што?

- Казачна тоўсты ксёндз з прозьвішчам Міцкевіч.

- Можа, скажаш, ты ні пра што не здагадвалася, ня бачыла бацькавага катэджу, ня ведаеш пра існаваньне гэтай машыны, і трохпавярховае лецішча вырасла, як бульба на градах?

- Але ксяндза ён не забіваў, да таго-ж ніхто ня бачыў яго мёртвым. У нас ёсьць што выпіць? - У яе калаціліся рукі.

- Я бачыў. Хадзем.

З багажніку Генрык дастаў сапёрную рыдлёўку, каністру з бэнзынам і скрутак брызэнту. Данута з крышталёвай чаркаю і бутэлькаю джына ў руках абыякава пайшла за Войнічам. Ён раскапаў уваход у падзямельле. Асьвятляючы дарогу зладзейскім ліхтарыкам, яны ішлі падземным ходам.

- Я не да канца разумею тваю ролю ў гэтай справе. Магчыма, калі ты здатны ўкрасьці, то здатны й забіць. - Данута наліла джыну й выпіла.

- Каб забіваў, то ня вёў-бы паказваць.

- Ты й мяне заб'еш, - прызналася асьмялелая ад сьпіртнога Данута.

- Калі будзеш і надалей такой ідыёткай.

- Вядзеш жывую, бо лянуешся цягнуць труп.

Генрык азірнуўся й пасьвяціў ліхтаром ёй у твар. Данута была ўжо п'яная. Нізкія цагляныя скляпеньні прымушалі ісьці ўгнуўшы голаў, дзе-нідзе па сьценах сачылася грунтовая вада. Генрык адкінуў накрыўку з каністры і падрыхтаваў скрынку запалак.

Ксяндзоўская галава, выхапленая зь цемры ліхтаром, ашчэрвалася ва ўпруцянелай усьмешцы. Не зважаючы на ўражаную жахлівым відовішчам Дануту, Генрык выцягнуў мерцьвяка з вэнтыляцыйнай шахты. Зь цемры пачулася драпежнае сычэньне, разьюшаны зьвер зашархацеў цагляным друзам. Данута ўхапілася за Генрыкава плячо, але ён адштурхнуў яе й лінуў у шахту бэнзыну з каністры, кінуў запалку й адскочыў. Падхопленае проймаю полымя закруцілася вінтом, расьцяклося па сьценах вузкай шахты, у пякельных сполахах агню асьвяцілася пэрспэктыва пацучынага ходу. Генрык убачыў хіжую пысу з шырокімі лёзамі жаўтаватых разцоў, Данута сустрэлася позіркам са шклянымі вачыма істоты і ўскрыкнула. Уздыбіўшы поўсьць, пацук павярнуўся й пабег у чорныя глыбіні шахты, ударыўшы па сьцяне доўгім, як накрытым лускою, агідным хвастом.

Пасьля перажытага Данута ўжо даволі спакойна назірала за тым, як Генрык загарнуў у брызэнт моцна аб'едзены пацуком труп, зацягнуў яго ў адну з пустых нішаў і заклаў цэглаю. Скончыўшы пахаваньне, ён папрасіў Дануту:

- Палі мне на рукі джыну.

- Адкуль ты ведаў пра ксяндза?

- Калі я па справах уначы апынуўся ў касьцёле, то знайшоў яго няжывога ў спавядальні.

- Можа, яго і зарэзаў пацук? - Данута, далёка адставіўшы руку, тонкім струменьчыкам ліла джын у падстаўленыя далоні Генрыка.

- Яму ўваткнулі шыла ў вуха, і самае падазронае, што ў касьцёл мяне накіраваў твой бацька. Не пасьпеў я агледзецца, як у дзьверы пачалі ламіцца. Давялося схаваць нябожчыка і сысьці падземным ходам. Мне здаецца, што Кім Сымонавіч збіраўся перакінуць адказнасьць за гэтае забойства на мяне.

- Я ня веру. Гэта жахлівы зьбег абставін, у які ты хочаш ублытаць мяне й майго бацьку. - Цяпер па ёй было добра відаць, што яна дачка міністра.

- Апроч гэтага, забойца ўкраў з касьцёла партрэт і падкінуў на маю кватэру, а на мяне навёў міліцыянтаў.

- Я мушу падумаць.

Ужо ў машыне Данута спытала:

- Не баішся, што заб'юць і цябе?

- Хто, Кім Сымонавіч?

- Я перакананая, да забойства ён ня мае аніякага дачыненьня.

- У такім выпадку табе небясьпечна блытацца ў гэтую справу і заставацца навідавоку. Ты й твой Стасік - слабое месца. Наступнае няшчасьце можа адбыцца з вамі. - Генрык ужо напэўна ведаў, што так яно й здарыцца. Любымі сродкамі яму трэба было схаваць на пару дзен Дануту з сынам. - Вы мусіце зьнікнуць. Мне трэба два дні на тое, каб разабрацца. Я адзіны, хто зацікаўлены знайсьці сапраўднага злачынцу, усе астатнія палююць на мяне.

- Ці ведае бацька пра забойства ксяндза? - спытала Данута.

- Ён ня ведае, дзе падзеўся труп, - ня стаў удакладняць Генрык.

- Ты сапраўды перакананы, што мой бацька забойца?

- Ён адзіны, каму быў сэнс гэта рабіць. Ксёндз выйшаў на сьлед зброі, - разважаў Генрык, - і расказаў яму пра гэта. Калі ты зьнікнеш, паспрабую раскруціць яшчэ адну вэрсію, - пераконваў ён Дануту. - Тэлефануй маці й скажы, каб яна сабрала Стасіка. Я зайду па яго ў кватэру, ты застанешся ў машыне.

- Чаму гэта ты зойдзеш, а не я?

- Баюся, маці па тваім твары адразу здагадаецца, што ты толькі-толькі з пахаваньня ксяндза, на якім перапілася.

- А раптам да сына зайшоў Аляксей?

- Пра мужа даведаешся па тэлефоне.

Без усялякіх складанасьцяў Генрык забраў сямігадовага Стасіка ад бабулі і пасадзіў яго на задняе сядзеньне дзедавай машыны.

Данута маўчала, але нарэшце, калі яны выехалі на кальцавую дарогу спытала:

- Куды ты вязеш нас?

- Адпачнеце тры дні ў дзіцячым лягеры «Грунвальд».

- Ня думала, што першы раз у дзіцячы лагер траплю ў такім узросьце. Цікава, у якасьці каго?

- Уладкую пад выглядам сваёй жонкі. Ты ня супраць?

- Мама, - вымавіў Стасік, і стала відаць, што ў яго няма двух пярэдніх зубоў, - а гэты дзядзька, ён новы дзедаў шафёр?

- Не, ён наш з табою шафёр. Зараз адвязе нас у піянэрскі лягер.

- Не піянэрскі, а скаўт-летнік «Грунвальд».

 

10. МЕНСК

 

Ужо апрабаваным шляхам праз вакно Генрык а трэцяй ночы зноў апынуўся ў спачывальні Міністра. Кіма Сымонавіча мучыла пякучка пасля ўрадавага банкета. Са шклянкай содавай ён вярнуўся ў спачывальню:

- Мне абрыдлі твае злодзейскія манэры. Ты што, ня ўмееш зайсьці як прыстойны чалавек?

- Я не хачу згубіць кваліфікацыю. - Генрык стаў нагамі на падушку міністравага ложка і зняў са сьцяны важкую ўланскую шаблю, колькі разоў з халодным сьвістам расьцяў ёю паветра. Міністар адступіў да дзьвярэй.

- Ваш сябра мастак Вашчыла, аматар Малевіча, ня скардзіўся вам, што нехта расьцярусіў на пер'е ягонае мяшчанскае гняздо? - Генрык зухавата секануў шабляю й разваліў напалам плеценае крэсла. - Я бачу сэнс перайсьці ў кабінэт, там ёсьць да чаго прыкласьціся. - Генрык прыставіў вастрыё шаблі Кіму Сымонавічу да горла.

Зьбялелы міністар пасунуўся калідорам.

- Першай загіне, - агледзеўся Генрык у кабінэце, - гэтая каралеўская парцаляна й крышталь, за імі абразы, кнігі, мэбля, потым падпалю гэты маёнтак і засмажу вас, як пацука.

- Што ты хочаш? - Міністар асьцярожна абыйшоў Генрыка й сеў за стол.

- Спачатку вы мусіце выслухаць колькі няпрыемных рэчаў. - Генрык уваткнуў шаблю ў паркет і сеў насупраць. - Тры дні таму вы накіравалі меня ў Нясьвіскі касьцёл за партрэтам Радзівіла, які ня мае аніякае мастацкае каштоўнасьці - бо гэта не арыгінал, а копія, і вы не маглі гэтага ня ведаць. Па-другое, так прысьпешвалі, што на выкананьне ў мяне заставалася адна ноч, і вы дакладна ведалі, калі я буду ў касьцёле. Замест партрэта мяне чакаў труп ксяндза Міцкевіча.

- Раней ты пра гэта не казаў. - Міністар зьвёў бровы.

- Хіба вы пра гэта ня ведалі? Калі-б я быў менш увішны, мяне-б злавілі адразу ў Нясьвіжы. Пра маё яшчэ толькі запланаванае злачынства былі папярэджаныя ў Нясьвіжы і ў Менску. Мяне лавілі і ў касьцёле, і на маей кватэры. Гэта вы забілі ксяндза, бо той, па наіўнасьці, звярнуўся да вас па дапамогу і расказаў, што бачыў у Рыме стылет з радзівілаўскай калекцыі. Вы забілі ксяндза і хацелі перакласьці адказнасьць на мяне.

- Так, я ведаў, што ў касьцёле вісіць копія, але менавіта яна і была патрэбна заказчыку, ён не патрабаваў ад мяне арыгінала. - Міністар набіў люльку араматызаваным тытунём і прыпаліў ад настольнай запальнічкі. - Так, ксёндз сапраўды зьвяртаўся да мяне, але рэальнай небясьпекі ён не ўяўляў, бо ўсё грунтавалася толькі на словах, ніякіх доказаў ён ня меў і мець ня мог.

- Я не кажу, што вы яго забівалі сваімі рукамі. На такія справы ў вас ёсьць Каспар Францавіч.

- Магчыма. Але навошта яму забойства? Які сэнс? Яму, як і мне, нічога не пагражала. Я не разумею, чаго ты ад мяне хочаш. Мяне цалкам задавальняе тое, што ксёндз зьнік, - Міністар высунуў шуфляду пісьмовага стала і паклаў руку на касьцяную рукаятку рэвальвера, - мяне нават не цікавіць, куды ты схаваў труп. А што забіў яго ты, я не сумняваюся. - Міністар зьняў рэвальвер з засьцерагальніка.

Генрык сядзеў у глыбокім фатэлі ў тарцы стала й скептычна слухаў гаспадара, склаўшы рукі на эфесе шаблі:

- Але я не забіваў ксяндза.

- Мяне задаволіць, - міністар наставіў на Генрыка рулю зброі, - калі зьнікнеш і ты.

- Я ведаў, што да гэтага дойдзе. Таму прыдумаў для вас іншы занятак, - Генрык падняўся - да раніцы пашукайце свайго ўнука й дачку, і, калі ўзьнікнуць цяжкасьці, я змагу вам дапамагчы, бо ведаю - гэта адзінае, што на вас падзейнічае.

- Чаго ты дамагаешся? - Міністар апусьціў рэвальвер.

- Каб спынілі крымінальную справу. Але адкладзем мае справы да раніцы. Пачаць пошукі ўнука раю з вашай былой жонкі. Патэлефануйце, спытайце, каму яна аддала яго сёньня ўвечары. Генрык выйшаў, як і раіў яму міністар, празь дзьверы.

 

* * *

 

- Ты звар'яцеў, сярэдзіна ночы. - Тася ў сьцёганым квяцістым пеньюары, які выгодна падкрэсліваў рубенсаўскія формы яе цела, упусьціла Генрыка ў кватэру, - а ты падумаў, што сказаў-бы Кім Сымонавіч, калі-б раптам быў у мяне?

- Я толькі што ад яго.

- І ён дазволіў табе прыходзіць сюды ноччу?

- Ёсьць пільная справа. Ты мусіш неадкладна выклікаць сюды генэрала зь міністэрства ўнутраных спраў.

- Каспара Францавіча Матрашылу? - рашчаравалася Тася. - Зь якой нагоды?

- У мяне ёсьць даручэньне ад міністра, але запросіш генэрала ад свайго імя. Не пазьней як праз паўгадзіны ён мусіць быць тут, - загадаў Генрык. У яго быў настолькі сур'ёзны твар, што Тася нават не спыталася, ці не жартуе ён.

Каля Тасінага пад'езда Генрык пераняў генэрала:

- Каспар Францавіч, не забыліся? Мы з вамі сустракаліся ў Піцуньдзе. Гэта я прымусіў Тасю патэлефанаваць вам.

Генэрал у чаканьні далейшых тлумачэньняў моўчкі глядзеў на Генрыка.

- Я Генрык Войніч, які па даручэньні Кіма Сымонавіча вырашаў некаторыя далікатныя праблемы.

- Не разумею, што вы хочаце? - Генэрал схаваў рукі ў кішэні доўгага цывільнага плашча.

- Я хачу папярэдзіць, што вам пагражае небясьпека з боку вашага кампаньёна Кіма Сымонавіча. Зь Нясьвіскага касьцёлу зьнік ксёндз, і Данута, дачка Валовіча, дазналася, што ксяндза забіў яе бацька. Я быў сьведкаю, калі яна сёньня выказала сваю здагадку Кіму Сымонавічу. У яго не засталося выйсьця: або зьнішчыць Дануту - яна пагражала выкрыць яго, або перакласьці адказнасьць за забойства на каго іншага. Зрабіць злачынцу зь мяне не атрымалася ані ў яго, ані ў вас. Максімум, што мне магчыма інкрымінаваць, - крадзеж партрэту. Найбольш выгоднай кандыдатурай зьяўляецеся вы, Каспар Францавіч. У вас захоўваецца асноўны доказ злачынства, і ён-жа матыў - калекцыя зброі, зь якой вы пасьпелі прадаць адно смарагдавы стылет.

- Я не разумею, пра што вы гаворыце, - пакруціў генэрал галавою.

- Паколькі труп ня знойдзены, глядзіце, каб ён ня ўзьнік у небясьпечным для вас месцы і ў няспрыяльных для вас абставінах. Валовіч, баючыся дачкі, вырашыў апярэдзіць падзеі й запісаўся на прыём да прэзыдэнта.

- Нават калі дапусьціць, што ўсе вашыя фантазыі - праўда, а паверыць у іх немагчыма, я не магу зразумець, што вас прымусіла звярнуцца да мяне? - Генэрал адамкнуў сваю машыну, але сядаць ня стаў.

- Супраць мяне па недарэчнасьці ўзбуджана крымінальная справа, мяне вінавацяць у крадзяжы партрэта з таго самага Нясьвіскага касьцёла. Пасьля нашае размовы мне разлічваць на дапамогу міністра не выпадае. Прапаную чыста разумовы абмен, бо ўсё гэта, вядома, фантазіі. Я гарантую, што ксёндз так і застанецца бязь вестак зьніклым, а ўзамен вы дадзіце мне слушную параду. - Генрык зразумеў, што зацікавіў генэрала.

- Гандлюеш нябожчыкам? - павесялеў Каспар Францавіч.

- Чыста абстрактныя развагі.

- Тваёй справай займаецца пракуратура рэспублікі. Тут я ня ведаю, што і парадзіць.

- А калі ў адным з касьцёльных закуткоў, я нават скажу дзе - за шафаю ў прэсбітэрыюме - пасьлязаўтра знойдзецца партрэт Радзівіла, да таго ж арыгінал, а той, знойдзены на маёй кватэры, - усяго толькі пазнейшая копія, якую ксёндз, так-бы мовіць, перадаў мне на рэстаўрацыю? Ксёндз гэтага ня зможа абвергнуць, а ў мяне ёсьць аўтарытэтныя сьведкі.

- Пракуратура будзе мусіць вярнуць копію, а ты, адрэстаўраваўшы яе, вярнуць у касьцёл. А дзе ты возьмеш арыгінал?

- Гэта мае праблемы, да таго-ж у абстрактных развагах можна рабіць любыя дапушчэньні, - падтрымаў гульню ў няведаньне Генрык.

На скрыжаваньні Войніч спыніў таксоўку, назваў адрас генэрала і, паклаўшы на панэль соценную купюру, папярэдзіў шафера:

- Пагуляем у шпіёнаў.

Ужо паўгадзіны Генрык у форменнай таксісцкай фуражцы чакаў за рулём машыны ў тарцы генэральскага дома. Таксоўшчык спаў на заднім сядзеньні. На ветравым шкле дрыжэлі дробныя кроплі дажджу, у якіх адбіваліся й зіхцелі рэдкія асьветленыя вокны шматпавярховага дома. На капот асыпаліся зьбітыя ветрам цяжкія ад вільгаці пялёсткі шыпшыны. Вузкі праезд у двор нарэшце асьвятлілі фары легкавога аўто. Каспар Францавіч быў не адзін. Чалавека, які выйшаў сьледам за ім з машыны, пабачыўшы аднаго, Генрык і не пазнаў-бы, але ў кампаніі з генэралам адразу згадаў Дануцінага мужа - Аляксея Адамовіча, да таго-ж на ім быў той самы, зь Піцунды, спартовы гарнітур з шырокімі фельдмаршальскімі лямпасамі.

Мінула яшчэ дзесяць хвілін, і Каспар Францавіч з Аляксеем урачыста, як труну дэпутата, забітага тэрарыстамі, вынесьлі й пагрузілі ў машыну дашчаную вайсковую скрыню й сьпешна ад'ехалі.

Генрык выехаў у другую арку й паімчаў паралельнай вуліцаю. Праз два кварталы ў прагале паміж дамоў ён убачыў генеральскае аўто. Мінаючы наступнае скрыжаваньне, Генрык ужо дакладна ведаў, куды яны едуць, і апярэдзіўшы іх, спыніўся ў тым двары, адкуль гэтым вечарам забіраў Стасіка.

Матрашыла з Адамовічам выгрузілі скрыню й пацягнулі яе, але не ў пад'езд, а ў суседнія дзьверы, што вялі ў сутарэньні. Войніч счакаў, пакуль яны зьедуць, і аддаў фуражку таксоўшчыку.

Адамкнуўшы цьвіком нескладаны навясны замок на дзьвярах, зьбітых зь негабляваных дошак, на якіх крэйдаю быў выведзены нумар кватэры Дануцінай маці, Генрык апынуўся ў цесным неатынкаваным памяшканьні з пахам цьвілое бульбы і збуцьвелых газэт. Паміж стэлажоў з пустымі слоікамі й бутэлькамі стаяла стырчма толькі што прынесеная сюды вайсковая скрыня. Ён адкінуў вечка і адгарнуў парусіну.

Хаця Генрык і ведаў дакладна, што ўсярэдзіне, аднак усё адно непакоіўся, бо загарнуць у парусіну можна што заўгодна: труп Дануты або Кіма Сымонавіча, жывога пацука або самаробную бомбу. Але скрыня была начынена калекцыйнаю зброяй. Вярнуцца Генрык зьбіраўся настолькі хутка, што нават не зашчоўкваў замок.

 

* * *

 

- Пазнаеце, Кім Сымонавіч? - Генрык адкінуў парусіну. Міністар асуджана глянуў на зброю:

- Матрашыла з Аляксеем вырашылі мяне патапіць і ўблытаць у гэта Дануту?

- Для вас засталося адно выйсьце - сустрэцца з Каспарам Францавічам і пераканаць, што вы апярэдзілі яго - ва ўсім прызналіся прэзыдэнту. Вы скажаце яму, што існуе відэазапіс таго, як ён з Адамовічам перахоўваў калекцыю.

Генрык зь Кімам Сымонавічам выйшаў у двор і селі ў «рэно».

- Я хачу ведаць, што з маёй дачкою і ўнукам. - Другая бяссонная ноч зламала міністра: упершыню Генрык бачыў яго няголеным.

- Яны ў мяне, але дзе - я ўдакладню пасьля вашае гутаркі з генэралам.

- Які табе ў гэтым сэнс? Навошта?

- Гэта маральная кампэнсацыя за мае вымушаныя прыгоды й сапсаваную рэпутацыю. А зброя ў якасьці матэрыяльнай кампэнсацыі пяройдзе ў маю ўласнасьць, і яшчэ раз папярэджу вас: калі са мною нешта здарыцца ў бліжэйшы час, то Дануту й Стася вы больш ня ўбачыце.

Далей яны ехалі моўчкі чыста вымытымі начным дажджом вуліцамі да самага дома Матрашылы.

- Машыну вярну разам з Данутай і Стасікам. - Генрык падняў шкло й пакінуў міністра ў падсьветленай нэонавымі лямпамі арцы генэральскага дома.

 

11. НЯСЬВІЖ

 

Узьехаўшы пярэднім колам на ганак бібліятэкарскага флігеля ў Нясьвіскім парку, Генрык пасігналіў, быццам наважыўся бамперам машыны выламіць дзьверы. Бібліятэкар у начным каўпаку з шоўкавым кутасікам і ў ільняной сарочцы да лытак, асьлеплены фарамі, разгублена спытаў:

- Хто гэта?

- Ксёндз Міцкевіч! - Генрык увапхнуў Сідарэвіча ў гасьцеўню. Перш чым гаспадар пасьпеў абурыцца, Войніч сарваў палатно з партрэта і падступіўся да старога.

- Вы расказалі мне дзьве цікавыя вэрсіі пра зьнікненьне ксяндза, а цяпер я раскажу трэцюю. - Генрык сеў на край стала.

- Калі вас бянтэжыць партрэт, - акрыяў Сідарэвіч, - то ён не цяпер узяты з касьцёлу, там вось ужо два стагодзьдзі вісела дакладная копія, а гэты арыгінал знаходзіўся ў замку. Я ўратаваў яго ў час вайны.

- А гэта можа пацьвердзіць ксёндз Міцкевіч, якога зьеў пацук. Але мяне больш не цікавяць вашыя байкі, я прыйшоў, каб расказаць трэцюю вэрсію. Ксяндза забілі вы. Не дзеля таго, каб нешта ўкрасьці, бо патрыёты маюць манэру караць здраднікаў.

- Навошта мне забіваць сябра? - адразу здрабнеў бібліятэкар.

- Ксёндз пахваліўся ў Менску Арсену, што ведае, у каго знаходзіцца калекцыя, і паабяцаў пасьля вашае сьмерці перадаць яе дзяржаве, і ў выніку калекцыю ўкралі. Вы не маглі гэгага дараваць яму. Я разумею, сэнс жыцьця, нянавісьць да ўладаў, вы ўсе жыцьцё ахоўвалі радзівілаўскія скарбы й раптам так безнадзейна страцілі іх. Я падазраю - вы і ёсьць той пацук. Вы не даравалі здрадніку і адпомсьцілі, закалолі яго сваім канцылярскім шылам.

- Але, я хацеў забіць. Такое дараваць нельга. Празь ягоны доўгі язык зьнікла тое, чаму я прысьвяціў сваё жыцьцё. Але я так і ня здолеў пакараць, - Сідарэвіч сьцягнуў і скамечыў каўпак, - мяне апярэдзіў пацук. Ён ведае сваю справу - людажэр.

- У вас часам няма шыла? Доўгага, з касьцяным дзяржальнам?

- Навошта?

- Каб уваткнуць у вуха, - Генрык быў перакананы, што не памыляецца.

Сідарэвіч кіўнуў і бліснуў лысінаю:

- Было падобнае, але яго перад сьмерцю пазычыў ксёндз.

- І гэтым шылам скончыў жыцьцё самагубствам? Не дачакаўшыся вас, сьмяротна паранены запоўз у пацучыную нару?

- Можа й так, - паспакайнеў бібліятэкар, - я разумею, уначы знайсьці ў спавядальні няжывога ксяндза - такое запамінаецца. Але, па-першае, у вас няма ніякіх доказаў, і па-другое - аніякі вы не дэтэктыў, а злодзей, які ўкраў партрэт.

- Толькі ў адным вы памыліліся, - Генрык падняўся, - партрэта я ня краў, але калі вы мяне так назвалі, я падтрымаю гэтую вэрсію.

Генрык стаў на крэсла й зьняў са сьцяны Радзівілаўскі партрэт:

- Спадзяюся, другога шыла вы не прыхавалі?

Генрык кінуў партрэт на задняе сядзеньне машыны і ад'ехаў. Пад замкавым бастыёнам прасторны цагляны флігель здаваўся склееным з кардону цацачным дамком, бібліятэкар на ганку ў ільняной сподняй сарочцы - белым лябараторным пацуком.

Мінуўшы баракальную Слуцкую браму гарадзкіх умацаваньняў, Генрых скіраваў да езуіцкага касьцёлу.

З партрэтам пад пахаю Войніч зноў апынуўся ў саборы. Над ім у вышыні зьзялі прасьветленыя ранішнім сонцам вітражы гранёнага барабана. Трывожна пачырванелі мармуровыя алтары ў трансэптах. Стаіліся, нібыта ў чаканьні Сыходжаньня, скульптуры ў глыбокіх нішах. Сьценапіс у зманлівым паўзмроку праяўляўся і пачынаў набіраць колер. Генрык падцягнуў да сьцяны лаўку, павесіў партрэт на яго спрадвечнае месца і адышоўся, каб паглядзець, ці роўна.

З-за калоны бязгучна зьявілася постаць. Генрык яшчэ пасьпеў зрабіць крок назад, як на яго галаву абрынуўся цяжкі ўдар. У апошнія імгненьні яму здалося, што маёлікавая падлога раптоўна паднялася і ўдарыла яго па твары, і тут ён канчаткова зьнепрытомнеў.

Сьвядомасьць вярнулася да Генрыка гэтаксама раптоўна, як і зьнікла. Ён ляжаў пад амбонаю са зьвязанымі за сьпіною рукамі, і нехта з паціру ліў яму на твар халодную ваду. Сьвятая вада дапамагла, і Генрык акрыяў настолькі, што пазнаў Аляксея Адамовіча. Той адставіў пацір і, схапіўшы Генрыка за плечы, пасадзіў пад сьцяну. Войніч паспрабаваў выслабаніць рукі, але вяроўка толькі мацней зацягнулася.

- Гэтым разам не ўцячэш. - Аляксей піхнуў яго нагой.

- А, гэта ты, зьнішчальнік канопляў, цябе-ж генэрал Матрашыла паслаў сюды па іншае? - Перасохлы язык Генрыка ледзь рухаўся.

- Куды дзеў труп ксяндза?

- Пацукі зьелі, ці павукі зьнеслі. Пашукай сам. Са зьвязанымі рукамі нічым не магу дапамагчы.

Аляксей яшчэ раз пырам ударыў Генрыка па галаве:

- Дзе труп?

- Усё адно на мяне забойства не павесіш. Бібліятэкар мне прызнаўся, што ён адпомсьціў Міцкевічу за крадзеж зброі.

- Гэты лысы вар'ят прызнаўся? Але ён не заўважыў, што ксёндз ужо быў няжывы.

- Навошта ты прызнаешся ў забойстве? - Генрык паспрабаваў падняцца.

- Так, я задавіў гэтага тоўстага ксяндза. Я ведаў, што ў тую ноч ты будзеш у касьцёле, і зрабіў усё так, каб толькі цябе абвінавацілі ў забойстве. Я вырашыў зьнішчыць цябе, але не спадзяваўся, што ты такі спрытны. Цяпер давядзецца ўсё раскручваць па другім коле.

- А ты зь генэралам не падумаў, што я пацягну ўсю вашую кампанію сьледам за сабою?

- А мяне не абыходзіць генэрал. - Аляксей паставіў Генрыка на ногі, - Ты пакажаш, дзе ксёндз?

- Дык ты, раўнівы раганосец, вырашыў мне за жонку адпомсьціць? - нарэшце здагадаўся Генрык.

Аляксей зьбіў вязьня з ног і націснуў каленам на горла:

- За Дануту я цябе прыдушу.

- Пакажу, - прахрыпеў Генрык, і той адпусьціў.

Войніч падвёў Адамовіча да сходаў у сутарэньні:

- Сюды. Але, прызнаюся, ня думаў, што давядзецца загінуць праз жанчыну.

- Пойдзеш першым. - Адамовіч штурхануў Генрыка ў плечы. - Сьвяці пад ногі.

Сярод мармуровых надмагільляў панавала спрадвечная цемра. Іхныя твары ў слабым ліхтарыкавым сьвятле здаваліся такімі-ж безжыцьцёвымі, як каменныя скульптуры на магілах. Перад адным з надмагільляў Генрык спыніўся:

- Адвярні пліту.

- Жартуеш? - Адамовіч скептычка агледзеў манументальнае надмагільле з княскай каронаю.

- Не трымці. - Генрык упёрся абцасам і адсунуў пліту трохі ўбок.

Вязень і кат апынуліся ў другім ярусе сутарэньняў, там, дзе няроўна выкладзеныя цэглаю сьцены ніколі ня бачылі сонечнага сьвятла.

- Труп я зацягнуў сюды, - Генрык падвёў Адамовіча да вентыляцыйнае шахты, круглая адтуліна якой яшчэ адчувальна патыхала спаленым бензінам.

Аляксей прысеў і пасьвяціў ліхтарыкам у зломкія лябірынты падзямельных нетраў. Ягоныя напружаныя рухі выдавалі неспакой і перасьцярогу. Разам з проймаю падзімала небясьпекаю, але ягоныя жахі яшчэ не зматэрыялізаваліся, а Генрык ужо згледзеў глыбокія сьляды кіпцяў пачвары на размяклае ад вільгаці цэгле.

- Там пуста. - Аляксей ударыў Генрыка сьвятлом у твар.

- Далей, за паваротам, знойдзеш у нішы. - Войніч адвярнуўся ад сьвятла й згледзеў, што пад сходамі з-пад цаглянага друзу, якім ён сам надоечы засыпаў нябожчыка, вытыркаецца пашкамутаны зубамі мысок лакіраванага ксяндзоўскага чаравіка, і зразумеў, што калі Аляксей не паверыць яму зараз-жа, то праз хвіліну сам дазнаецца праўды і знойдзе сьпешна схаванага мерцьвяка.

- Сам палезеш, - загадаў Адамовіч.

- Развяжы рукі, зубамі яго ня выцягну, - асьцярожна прапанаваў Генрык. З вольнымі рукамі ў яго зьявіліся-б шанцы на паратунак.

- Зробім інакш. - Аляксей агледзеў сьцены й падцягнуў Генрыка да іржавага крука. - Застанешся тут, пакуль я ня выцягну нябожчыка. - Ён прывязаў скручаныя за сьпіною рукі вязьня капронавым шнурам да крука - Згніеш тут з кляпам у роце, мяне задаволіць і гэта.

- Калі ксёндз не акрыяў і не сыйшоў сваім ходам, то ён у шахце. Не разумею, навошта табе гэты мярцьвяк?

- З-за Дануты, каб яна пераканалася, што ты забойца.

Аляксей укленчыў перад жаралом шахты і выпрастаў наперад руку з ліхтарыкам. Памеры шахты дазвалялі толькі паўзьці.

Апошнімі зьніклі ў тунэлі Аляксеевы шнураваныя боты, з-пад халявы вытыркалася наборнае дзяржальна саматужнага зэкаўскага нажа.

У насьцярожаным чаканьні Генрык прыслухоўваўся да кожнага руху, што даносіўся з шахты. Яшчэ раз зацяпліўся слабы водбліск ліхтара, і Генрык апынуўся ў суцэльнай антрацытавай цемры. І ўжо адчужана адзначыў, што недалёка ад яго ляжыць пакінутая Данутай бутэлька з-пад джыну.

Раптам зрабілася ціха, а пасля сутарэньні скалануліся ад паталагічнага мужчынскага крыку. Рэха шматкротна памножыла перадсьмяротныя хрыпы й стогны Адамовіча, які марна спрабаваў адарваць ад параненага горла ашалелага ад цёплай чалавечай крыві пацука-людажэра. Прастора, забраная ў камень, поўнілася, як сабор арганнай месаю, гукамі сьмерці. Здавалася, што канае сама цемра.

Перажыты шок памножыў Генрыкавы сілы, ён напружыўся й з усяе моцы ірвануўся, зьедзены іржою крук выскачыў з муроўкі. Навобмацак Генрык знайшоў бутэльку і асколкам шкла перацяў шнур, што сьцягваў рукі.

Калі, вольны, ён падняўся на ногі і парэзанымі пальцамі пстрыкнуў запальнічкаю, у шахце чуліся толькі сытае вурчэньне й нявыносныя для слыху пацучыныя шоргат і валтузьня.

 

* * *

 

Зь Нясьвіжа Генрык прыехаў у скаўцкі летнік «Грунвальд» і якраз патрапіў на ўрачысты пад'ём нацыянальнага сьцяга. Ён спыніў машыну перад пашнураванымі ў «харугвы» дзяцьмі. Сьціснутымі ў кулакі рукамі будучая нацыянапьная гвардыя салютавала пасястаму штандару, што пад воклічы «Жыве Беларусь!» узьнімаўся над лесам.

Падманутыя салідным выглядам машыны, дзеці чакалі ўрачыстай прамовы. Але з «рэно» вылез два дні ня голены, перапэцканы глеем, зь неахайна забінтаванай рукою і цяжкім, як касьцельныя званы, позіркам Генрык. Не зьвяртаючы ані на кога ўвагі, ён моўчкі пасадзіў у машыну Дануту й Стасіка.

Адразу за лягерам Генрык спыніў машыну, выйшаў сам і паклікаў Дануту. Яна не на жарт перапалохалася, калі ён, не адрываючыся, выпіў з рыльца бутэльку лікёра й злосна садануў шкло аб асфальт.

- Слухай, пакуль я цьвярозы. Далей машыну павядзеш сама. Заедзеш да сваёй маці й пакінеш Стасіка, а заадно паглядзіш, што схавана ў тваім падвале ў вайсковай дашчанай скрыні. Адтуль паедзеш да бацькі і толькі там мяне пабудзіш. Дарэчы, твой бацька нікога не забіваў. - Генрык заваліўся на задняе сядзеньне. Яму хацелася дадаць, што сапраўднага забойцу зжэр пацук, але ён пабаяўся, што гэта прагучыць залішне цынічна, і таму сказаў:

- Баюся, алькаголь мяне ня возьме. Забойца пакараў сябе сам.

 

12. МЕНСК

 

Прачнуўся Генрык ад таго, што нехта хвастаў яго па твары і паліваў халоднай вадою. Ён сеў. За расчыненымі дзьверцамі машыны бялела тэраса міністравага катэджа.

- Прыехалі. - Данута плесканула яму ў твар рэшткі вады з конаўкі. - Навошта ты падмануў бацьку, сказаў, што ўкраў нас?

- Гэта я цябе падмануў, калі сказаў, што хачу, каб вы проста адседзеліся ў «Грунвальдзе».

У кабінэце Кім Сымонавіч папрасіў Дануту пакінуць іх зь Генрыкам сам-насам. На стале і на крэслах грувасьціліся стосы папер, дзьверцы стэлажоў былі незачыненыя, здавалася, рэчы часова занялі не свае месцы, складалася ўражаньне, што гаспадар некуды зьехаў і нехта чужы навёў тут свае парадкі.

- Матрашыла застрэліўся, - гледзячы ў вакно, сказаў міністар.

- З чаго гэта раптам? Такія людзі не прывучаны паміраць самастойна. Яны няўміручыя, бо іх існаваньне назваць жыцьцём немагчыма.

- Ён застрэліўся, - не зрэагаваў на заўвагу міністар.

- Часам ня з вашага рэвальвера? - Генрык перагнуўся цераз стол і зазірнуў у пустую шуфляду. - Зрэшты, мяне цікавіць вынік.

На тэрасе ў плеценым з лазы фатэлі чакала Данута. Перад ёю на круглым століку паравала кававарка й паблісквалі гарачым сырам засмажаныя канапкі. Пераплеценыя хмелем драўляныя шпалеры расьсейвалі і сьцішалі гарачае сонца. Генрык сеў на балюстраду і адмовіўся ад пачастунку.

- Як я разумею, ты аддаеш калекцыю зброі мне? - Данута ўсе-ж наліла яму каву.

- Рабі зь ёю што хочаш.

- Шкада, што не хапае смарагдавага стылета Бенвенута Чэліні, але я прыкладу ўсе намаганьні, каб вярнуць яго ў Беларусь. Нельга дазволіць, каб нацыянальнае багацьце зьнікала за мяжою.

- Супакойся, ты гаворыш, як твой бацька ў парлямэньце, але гэтая танная ўзьнёсласьць не замінала яму красьці разам з Матрашылам і тваім мужам. А што тычыцца стылета, будзем лічыць - Чэліні вярнуўся на радзіму, італьянскае мусіць належаць Італіі.

- Думаеш, я не падазравала, што Аляксей са сваім начальнікам ублыталі майго бацьку ў брудныя справы? Таму я і ўзялася за гэтае расьсьледаваньне, каб уратаваць яго. Гэта я ва ўсім вінаватая.

- Не кажы глупства. Ты нічога не магла зьмяніць. - Генрык адставіў пустую філіжанку і правёў далоняю па няголенай шчацэ.

- Я вырашыла канчаткова разысьціся з мужам і хацела, каб ты...

- ...Зрабіў прапазыцыю. - Ён ледзь не праглынуў цыгарэту. - Гэта немагчыма. Ты ўжо ніколі ня зможаш разьвесьціся.

Генрык пакінуў Дануту ў разгубленасьці і, пераскочыўшы праз балюстраду, зьнік у завулку.


1990?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая
Падрыхтавана: Ёмкі Дзядзька, Раман Кардонскі