epub
 
падключыць
слоўнікі

Тарас Шаўчэнка

Цары

Сястра старая Апалона!

Калі б вы часам, хоць на час,

Прыдыбалі б такі да нас,

Ды, як бывала у дні оны,

Узвысілі б свой божы глас

Да оды пышна-баявое,

Дый захадзіліся абое

Цароў, напрыклад, апяваць!

Бо як папраўдзе вам сказаць,

Дык вельмі ўжо і мне самому

Абрыдлі тыя мужыкі,

Пакрыткі, панічы, панкі;

Хацелася б сагнаць аскому

На каранованых галовах,

На тых памазанніках божых...

Ды што ж? Не ўтну! А як паможаш,

Пакажаш птахаў тых упрах

Скубці і патрашыць, дык, можа,

Й мы патрымаем у руках

Памазаннікаву чупрыну.

Пакіньце ж свой святы Парнас,

Прыдыбайце хоць на гадзіну

Ды хоць старэнькі божы глас

Узвысьце, дзядзіна! Ды ладам,

Ды добрым складам, хоць на час,

Хоць па гадзіначку у нас

Мы венцаносную грамаду

Пакажам спераду і ззаду

Сляпым людзям. У добры час

Давай пачнём, мая парада!

 

I

 

У Ерусаліме не бачна нікога.

Вароты замкнёны, як быццам чума

Ў Давідавым месце, захованым богам,

Сядзіць на пляцы. Не, чумы — дык няма!

А горшае ліха, благая часіна

Пакрыла Ізраіль: царова вайна!

    Князі царовы, і ўсе сілы,

    I юнакі, і ўвесь народ,

    Замкнуўшы ў горадзе ківот,

    Гурмой у поле павалілі

    I там у бітвах сірацілі

    Маленькіх дзетачак сваіх.

    А ў месце маладыя ўдовы,

    Ў сваіх святліцах адмысловых

    Замкнуўшыся, дзяцей малых

    Калышуць, плачучы. Прарока,

    Давіда, прагнага цара,

    Клянуць свайго гаспадара.

    А ён, узяўшыся у бокі,

    Па даху кедравых палат

    У срэбнай рызе пахаджае

    I, нібы кот той, пазірае

    На сала, на зялёны сад

    Суседа Гурыя. А ў садзе,

    У тым зялёным вертаградзе,

        Вірсавія купалася,

        Як у райскай плыні,

        Таго Гурыя сябрыня,

        Царова рабыня;

        Купалася сабе з богам,

        Грудзі свае мыла

        I цара свайго святога

        У дурні пашыла.

Сцямнела, і, цемрай кругом ахінёны,

Сумуе ў дрымотнасці Ерусалім.

У пышных палацах, нібыта шалёны,

Давід пахаджае — о цар неўпынёны!

I сам сабе кажа: «Я... Мы павялім!

    Я цар над божым над народам!

    I сам я — бог маёй зямлі!

    Я — ўсё!..» А трохі потым

    Рабы вячэру падалі

I кубак добрага сікеру...

I цар сказаў, каб на вячэру...

Рабы рабыню прывялі,

Такі ж Вірсавію. Няўрокам —

Да божага цара-прарока

Сама Вірсавія прыйшла

I павячэрала, сікеру

3 прарокам выпіла й пайшла

Крыху спачыць пасля вячэры

3 сваім царом. I Гурый спаў.

Яму й не снілася, вядома,

Што ціха дзеялася дома,

Што з дому цар яго украў

Не золата, не серабро,

А лепшае яго дабро,

Яго Вірсавію украў.

А каб не ведаў ён аб шкодзе,

Дык цар забіў яго, і годзе!

А после цар пры ўсім народзе

Заплакаў трохі, абдурыў

Псалмом старога Анафана...

I зноў вясёлы, і зноў п'яны

Каля рабыні захадзіў.

 

Святыя так цары жывуць.

А як жа простыя? Не знаю,

I раю вам таго не знаць

Ды і ні ў кога не пытаць,

Каб не зашкодзіла, бывае!..

 

II

 

Давід, святы прарок і цар,

Не вельмі быў благачасцівы.

Была дачка ў яго Фамар

I сын Амон. I нам не дзіва:

Бываюць дзеці і ў святых,

Ды не такія, як другіх,

А іншыя... Амон шчаслівы,

Прыгожы першы сын яго,

Ляжыць, хварэючы чагось.

Давід і стогне, і рыдае,

Рве рызу, попел пасыпае

3 бяды сабе на галаву:

«Я без цябе не пажыву

I дня адзінага, мой сыне,

Мой лепшы, дарагі хлапчына!

Не ўбачу сонца і зару,

Я без цябе памру, памру!»

I, плачучы, ідзе да сына,

Ажно трушком нібы бяжыць,

А той, бугай сабе здаровы,

У харомах сваіх кедровых

Ляжыць,— аж стогне, а ляжыць.

Смяецца з дурня; аж галосіць,

Аж плача, бедны, бацьку просіць,

Каб да яго Фамар прыйшла.

«Мой добры бацька і мой цару!

Скажы сястры маёй Фамары,

Каб коржыкаў мне напякла

Ды каб сама і падала,

Пакаштаваўшы іх, устану

I ачуняю я». Назаўтра рана

Фамар спякла і падала

Для брата коржыкі. За рукі

Амон бярэ яе, вядзе

Ў пакоі цёмныя, кладзе

Сястру на ложак. Ломіць рукі,

Сястра рыдае і, рвучыся,

Крычыць да брата: «Схамяніся!

Амоне, браце мой здрадлівы!

Адзіны браце мой! Я... Я...

Сястра адзіная твая!

Дзе дзецца мне? Дзе грэх жахлівы

I сорам дзець? Цябе самога

I бог, і людзі праклянуць!..»

Не памагло-такі нічога!..

Вось так царэвічы жывуць,

Дурэючы на свеце.

Любуйцеся, людскія дзеці.

 

III

 

I вось пражыў Давід на свеце

Ужо нямала год.

Абнядужаў, пакрывалі

Старога рызамі яго.

А ўсё ж такі не награвалі

Ката блудлівага свайго.

Вось хлопцы і прымеркавалі

(Натуру воўка добра зналі!)

I, каб нагрэць яго, ўзялі

Найлепшых за царыц красою

Дзяўчат старому навялі —

Хай грэюць кроўю маладою

Свайго цара. I прэч пайшлі,

Замкнуўшы дзверы за сабою.

Аблізаўся кот нядошлы

I распусціў сліны.

Кіпцюры распасцірае

Да Саманцяніны,

Бо была сабе на ліха

Лепшая між імі,

Між дзяўчат,— нібы лілея

Пышная ў даліне

Паміж кветак. Ды яна вось

I грэла сабою

Цара свайго, а дзяўчаты

Між сабой гулялі

Голенькія. Як яна там

Грэла, я не знаю,

Знаю толькі, што цар грэўся

I... і не позна ю.

 

IV

 

Па двары ціха пахаджае

Стары вясёлы Рагвалод,

Дружына, юнакі, народ

У золаце навокал ззяюць.

У князя свята: выглядае

3 Літвы ён князя-жаніха

У сваты да дачкі Рагнеды.

 

Перад багамі Лель і Лада

Агонь Рагнеда развяла,

Алеем пахкім паліла

I сыпала на вугаль ладан,

Нібы валькірыі, навокал

Танцуюць, цешацца дзяўчаты

        і прыпяваюць:

        «Гой, гоя, гоя!

        Новыя пакоі

        Кветкамі ўбіраці

        Ды гасцей чакаці!

 

За Полацкам, як тая хмара,

Чарнее пыл. Бягом ляцяць

Хлапцы і сівыя баяры

3 Літвы вясельных сустракаць.

Сама Рагнеда з Рагвалодам

Пайшла з дзяўчатамі, з народам.

 

Не з Літвы йдзе князь спадзяваны,

Шчэ незнаёмы, ды чаканы,

А там з Кіева турам-буйвалам

Па Рагнеду йдзе, ідзе вепрышчам

Владзімір князь з кіяўлянамі.

 

    Прыйшлі, і горад абступілі

    Кругом, і горад запалілі,

    Владзімір князь перад народам

    Забіў старога Рагвалода,

    Паця народ, княжну пая.

    Адыдзе ў воласці свая —

    Адыдзе з шумам. I растлі ю,

    Рагнеду тую маладую,

    I пражане ю, і княжна

    Па свеце блукае адна,

    Не зробіць з ворагам нічога.

    Дык вось наколькі ў іх святога

    У тых царах!

 

V

 

Бадай іх каты расціналі

Усіх цароў, гадзюк людскіх!

Дакука з імі, каб вы зналі!

Як дурань ходзіш каля іх,

Не знаеш, як і дзе ступіці!

Дык што, парайце, мне рабіці

Цяпер з паганымі? Скажы,

Сястра старая Апалона!

Наўчы, галубка! Памажы

Палазіць трохі каля трона!

Каралечкі, як зараблю,

Табе к Вялікадню куплю.

Дык пададзімся ж у лакеі

I дбайна ў новенькай ліўрэі

Пачнем цароў сваіх любіць.

Шкада і алавок тупіць,

Бо дзе няма святое волі,

Не будзе там дабра ніколі.

Навошта ж нам сябе дурыць?

Хадзем у селішчы, там людзі,

А там, дзе людзі,— добра будзе;

Там будзем жыць, людзей любіць,

Святога госпада хваліць!

 

 

Каментары

 

У рукапісе Шаўчэнкі гэты твор не мае назвы.

Апалон — бог сонца і мастацтва ў старажытных грэкаў. Яго сёстры — музы (іх было дзевяць) — пакравіцельніцы розных відаў мастацтва.

Парнас — гара ў Грэцыі, дзе па ўяўленні старажытных грэкаў жылі Апалон і яго сёстры — музы.

Давід — ізраільскі цар (з 1055 па 1015 да н. э.). Лічыцца, што ён валодаў паэтычным дарам і складаў рэлігійныя песні — псалмы.

Гурый — военачальнік пры цару Давідзе. Вертаград — фруктовы сад, вінаграднік.

Вірсавія — жонка Гурыя, а пасля яго смерці — цара Давіда, маці цара Саламона.

Сікер — хмялёвы напітак.

Абдурыў псалмом старога Анафана — біблейскі прарок часоў Давіда, абвінавачваў цара ў забойстве Гурыя. Цар, каючыся, напісаў пакаянны псалом.

I сын Амон — старшы сын цара Давіда. Быў забіты сваім братам, які помсціў за сястру Фамар.

Саманцяніна — Авісага Сунаміцянка, дзяўчына з палесцінскага племені сунаміцян. Ю (царк.-слав.) — яе. Рагвалод — полацкі князь канца X ст. Рагнеда — дачка Рагвалода.

Перад багамі Лель і Лада — у славян Лада — багіня вясны і кахання, Лель — яе сын.

Валькірыі — у скандынаўскай міфалогіі ваяўнічыя дзевы, якія пераносілі душы загінуўшых герояў з поля бою ў Вальхалу — мясціну, дзе жылі багі.

Уладзімір — вялікі князь кіеўскі. 3 яго імем звязана хрышчэнне Русі. Царква абвясціла яго святым.

Паця (царк.-слав.) — парэзаў, пабіў.

Пая (царкв.-слав.) — узяў.

Растлі ю — згвалціў яе.

Пражане ю — прагнаў яе.



Крыніца: Шаўчэнка, Тарас Рыгоравіч. Вершы. Паэмы : з украінскай / Тарас Шаўчэнка. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1989. - 461, [1]с., [4]л. іл. - ( Скарбы сусветнай літаратуры).