epub
 
падключыць
слоўнікі

Тарас Шаўчэнка

"Чыгрыне, Чыгрыне..."

* * *

Чыгрыне, Чыгрыне,

На свеце ўсё гіне!

I святая твая слава,

Як пылінка ў плыні,

За ветрамі халоднымі

Ў хмары прападае...

Над зямлёю лятуць леты,

Дняпро высыхае,

Рассыпаюцца магілы,

Курганы-магілы —

Твая слава... Пра цябе ўжо,

Старча маласілы,

Ніхто й слова не прамовіць,

Ніхто й не пакажа,

Дзе ты стаяў? чаго стаяў?

I на смех не скажа!!

 

За што мы біліся з ляхамі?

За што мы рэзалісь з панамі?

За што скародзілі капʼямі

Татарам рэбры?.. Засявалі,

I крывёю палівалі...

I шаблямі скарадзілі.

Што ж на ніве урадзіла?!

Урадзіла рута... рута...

Волі нашае атрута.

 

А я, неразумны, на тваіх руінах

Марна слёзы трачу; заснула Ўкраіна,

Бурʼяном укрыта, цвіллю зацвіла,

У балоце, лужы сэрца прагнаіла

I ў дупло гнілое гадзін напусціла.

А дзецям надзею ў стэпу аддала.

А надзею...

Вецер па полі развеяў,

Хваля морам разнясла.

 

Няхай жа вецер ўсё разносіць

На неакраеным крыллі!

Няхай жа сэрца плача, просіць

Святое праўды на зямлі.

 

Чыгрыне, Чыгрыне,

Дружа мой адзіны!

Ты праспаў лясы і стэпы

I ўсю Украіну.

Спі ж, павіты гандлярамі,

Покі сонца ўстане,

Покі тыя недалеткі

Падрастуць, гетманы.

Памаліўся б, і я б заснуў...

Дык думкі-закляцці

Рвуцца душу запаліць мне,

Сэрца разарваці.

Ды не рвіце, не паліце.

Мо вярну нанова

Маю праўду гаротную

I ціхае слова.

Можа выкую з яго я

Да старога плуга

Новы лемеш і нож востры,—

I ў ярме упруга...

Можа ўзару пералог той,

А на пералозе...

Я пасею мае слёзы,

Ды шчырыя слёзы.

Можа ўзыдуць і вырастуць

Нажы на два бокі,

Расчвартуюць гніласць сэрца,

Боль яго глыбокі.

I выцадзяць сукравіцу,

I нальюць жывое

Казацкае крыві свежай,

Чыстае, святое!

 

Можа... можа... А між тымі,

Між нажоў, нанова

Рута-мята разаўецца —

Забытае слова,

Маё слова смутку, суму,

Пакорнае Богу,

Успомніцца — і дзявоча

Сэрцайка з трывогай

Страпянецца, як рыбанька,

I мяне згадае...

Словы мае, слёзы мае,

Раю ты мой, раю!

Спі, Чыгрыне! Няхай гінуць

У ворага дзеці!

Спі, гетмане, покі ўстане

Праўда тут на свеце!

 

19 лютага 1844

Масква


1907; 1937-1940; 1951

Пераклад: Якуб Колас
Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 11