epub
 
падключыць
слоўнікі

Тарас Шаўчэнка

Думка

Цяжка-цяжка жыць на свеце

Сіраце без роду:

Няма куды прыхіліцца, -

Хоць з гары ды ў воду!

Утапіўся б маладзенькі

У той быстрай рэчцы;

Утапіўся б - цяжка жыці,

І няма дзе дзецца.

Ходзіць доля ў каго полем,

Каласкі збірае,

А мая дзесь, нягодніца,

За морам блукае.

Добра таму багатаму:

Яго людзі знаюць;

А са мною сустрэнуцца -

Вокам абмінаюць.

Багатага, губатага

Дзяўчына шануе;

З мяне, сіраты гаротнай,

Смяецца, жартуе.

«Ці я ж табе не прыгожы,

Ці не ў цябе ўдаўся,

Ці не люблю цябе шчыра,

Ці з цябе смяяўся?

Любі ж сабе, маё сэрца,

Любі, каго знаеш,

Але з мяне ты не смейся,

Калі ўспамінаеш.

А я пайду на край свету...

На чужой старонцы

Знайду лепшую ці згіну,

Як той ліст на сонцы».

Пайшоў казак сумуючы -

Нікога не кінуў;

Шукаў долі ў чужым полі

Ды там і загінуў.

Уміраючы, ўглядаўся,

Дзе сонейка ззяе...

Цяжка-цяжка уміраці,

Цяжка ў чужым краі!

 

Гатчына, 1838



Пераклад: Янка Купала