epub
 
падключыць
слоўнікі

Тарас Шаўчэнка

Думка ("Вецер буйны, вецер буйны!")

 

З украінскай — Т. Шаўчэнкі

 

Вецер буйны, вецер буйны!

Ты з морам гаворыш.

Збудзі яго, зайграй ты з ім,

Спытай сіне мора.

Яно знае, дзе мой мілы,

Бо яго насіла;

Яно скажа, сіне мора,

Дзе яго згубіла.

Калі мілага ўтапіла —

Разбі сіне мора!

Пайду мілага шукаці,

Ўтаплю сваё гора,

Ўтаплю сваю нядоленьку,

Русалкаю стану,

Пашукаю ў чорных <хвалях>,

На дно мора кану.

Знайду яго — прытулюся,

На сэрцы замлею,

Тады, хваля, нясі з мілым,

Куды вецер вее!

Калі ж мілы на тым боку —

Вецер буйны, знаеш,

Дзе ён ходзіць, што ён робіць,

Ты з ім размаўляеш.

Калі плача, то й я плачу;

Калі не — спяваю;

Калі згінуў чарнабрывы,

То й я прападаю.

Тады нясі маю душу

Туды, дзе мой мілы,

Чырвонаю калінаю

Пастаў на магіле.

Лягчэй будзе ў чужым полі

Сіраце ляжаці:

Будзе над ім яго міла

Кветкаю стаяці.

Зацвіту калінай-кветкай,

Каб мілага грудзі

Не пякло чужое сонца,

Не тапталі людзі.

Вечарам я пасумую,

Раніцай паплачу;

Сонца ўзыйдзе — утру слёзы,

Ніхто й не пабача.

 

Вецер буйны, вецер буйны!

Ты з морам гаворыш.

Збудзі яго, зайграй ты з ім,

Спытай сіне мора!..

 

[1934]


[1934]

Пераклад: Янка Купала
Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан