epub
 
падключыць
слоўнікі

Тарас Шаўчэнка

І мёртвым, і жывым, і ненароджаным землякам маім на Ўкраіне і не на Ўкраіне маё сяброўскае пасланне

Аще кто речет, яко люблю Бога,

а брата своего ненавижу, ложь есть.

Соборное послание Ионна. Глава 4, с. 20.

 

І змяркае, і світае,

Дзень божы мінае,

Зноў і стомленыя людзі,

І ўсё спачывае.

Толькі я, нібы пракляты,

І дзень, і ноч плачу

На шматлюдных раздарожжах,

І ніхто не бачыць.

І не бачыць, і не знае -

Аглухлі, не чуюць,

Кайданамі мяняюцца,

Праўдаю гандлююць

І Госпада зневажаюць, -

Людзей запрагаюць

У ярмо; аруць жа ліха,

Ліхам засяваюць,

А што ўродзіць? Пабачыце,

Што за жніва будзе.

Схамяніцеся ж нарэшце,

Вырадкі - не людзі!

Паглядзіце на рай ціхі

Вы, на Украіну,

Палюбіце вялікую

Гэтую руіну!

Раскуйцеся, на чужыне

Братацца пачнеце

І таго вы не шукайце,

Чаго няма ў свеце, -

Не знайсці таго ніколі

На чужыне ў полі.

Свая ж хата - свая праўда,

Свая сіла й воля.

 

Няма другое Украіны,

Другога не знайсці Дняпра,

А вы працеся да чужыне

Шукаць там добрага дабра,

Дабра святога. Волі! волі!

Братэрства братняга. Знайшлі,

Прынеслі к нам з чужога поля:

На Украіну з той зямлі

Вялікіх слоў прынеслі многа,

Нічога больш. А крычыце,

Што не затым вы жывяце,

Каб кланяцца няпраўдзе ў ногі,

І хіліцеся горш былога!

І зноў вы скуры дзераце

З братоў няшчасных, грэчкасеяў,

І сонца праўды сузіраць

Туды, да немцаў-дабрадзеяў,

Працеся зноў вы. Каб забраць

Маглі нікчэмнае з сабою

І крадзенае ўсё дабро,

Тады б астаўся сіратою

З святымі горамі Дняпро!

 

Каб вам не вярнуцца, каб так яно стала!

Каб там і здыхалі, дзе вы параслі;

Не плакалі б дзеці, маці не рыдала,

І словы б знявагі не чутны былі.

І сонца б не грэла смярдзючага гною

На чыстай, шырокай, на вольнай зямлі.

Не ведалі б людзі, што вы за арлы,

І не паківалі б на вас галавою.

 

Майце розум і сумленне,

Бо ліха вам будзе!

Раскуюцца неўзабаве

Скованыя людзі.

Суд настане, загавораць

І Дняпро, і горы!

Кроў пацячэ дзяцей вашых

У сіняе мора

Сторэкамі... І не будзе

Каму ратаваці:

Адцураецца брат брата

І дзіцяці маці;

І дым хмараю заслоніць

Сонца перад вамі,

Будзеце навек пракляты

Сваімі сынамі!

Умыйцеся! Вобраз Божы

Не паганьце самі!

Не дурыце дзяцей вашых,

Што яны панамі

Быць над іншымі павінны,

Бо простае вока

У душу пранікнуць можа

Глыбока! глыбока!

Дазнаюцца небаракі,

Чыя на вас скура,

І асудзяць... І прамудрых

Простыя абдураць.

 

Каб вы вучыліся як трэба,

То й мудрасць бы была свая,

А то залезеце на неба:

І мы - не мы, і я - не я!

І я ўсё бачыў і ўсё знаю:

Няма ні пекла, ані раю,

Няма і Бога, толькі я!

Яшчэ куртаты, хітры немец,

А больш нікога!

Як жа скеміць,

Што ты такое?

Я не знаю -

Няхай скажа немец!

Так праходзіце навуку

У чужым вы краю!

Немец скажа: «Вы - манголы!»

«Манголы! манголы!»

Залатога Тамерлана

Я патомак голы!

Немец скажа: «Вы - славяне!»

«Славяне! славяне!»

Слаўных прадзедаў вялікіх

Праўнук я паганы!

І Колара чытаеце

Вы з усяе сілы,

І Шафарыка, і Ганку,

І ў славянафілы

Вы працеся, і ўсе мовы

Славянскіх народаў

Ведаеце, а сваю як?

Дасць Бог, год ад году

І па-свойму загаворым,

Як немец пакажа -

І тым часам гісторыю

Нашу нам раскажа.

Вось тады мы завінемся!

Завіхацца сталі:

Па нямецкаму загаду

Так забалбаталі,

Што аж сам не ўцяміць немец -

Вучыцель вялікі,

А ўжо дзе там простым людзям!

А гвалту, а крыку!

«І гармонія, і сіла,

Музыка, дый годзе!

А гісторыя? - Паэма

Аб вольным народзе!

Што рымляне побач з намі!

Бруты-недарэкі!

У нас Бруты і Коклесы

Слаўныя навекі!

Воля ў нас расла і твар свой

Дняпром умывала,

Пад галовы горы слала,

Стэп - ёй пакрывала».

Кроўю твар яна ўмывала,

А спала на купах,

На казацкіх вольных трупах,

Абкрадзеных трупах!

Прачытайце толькі добра,

Разбярыце зноў вы

Тую славу ды чытайце

Ад слова да слова,

Ані цітла, ані коскі

Нідзе не мінайце,

А тады - хто мы такія -

Пра сябе спытайце.

Чые сыны? Якіх бацькоў?

Кім, за што закуты?

Дык пабачыце, што вось хто

Вашы тыя Бруты.

Рабы, падлізы, гразь Масквы;

І гетман ваш яснавяльможны -

Варшавы панскай бруд падножны.

Чаго ж вы хваліцеся - вы,

Сыны Украіны гаротнай?

Што добра ходзіце ў ярме,

Лепш нават, як бацькі хадзілі?

Дарэмна: з вас дзяруць рамень,

А з іх, бывала, лой тапілі.

 

Можа, гонар вам, што брацтва

Веру бараніла,

Што Сінопам, Трапезонтам

Галушкі варыла?

Праўда, праўда, яны елі,

А вам цяпер шкодзіць,

І на Сечы мудры немец

Бульбу ўжо разводзіць,

А вы яе купляеце,

Ясцё на здароўе

Ды славіце Запарожжа.

А чыёй жа кроўю

Зямля гэта напоена,

Што так бульба родзіць?

Усё роўна вам, каб толькі

Радзіла ў гародзе.

Хваліцеся, што мы Польшчу

Некалі звалілі!..

Польшча ўпала, ды абломкі

Вас жа раздушылі!

Дык вось як кроў бацькі лілі

І за Маскву і за Варшаву!

І вам, сынам, перадалі

І кайданы свае, і славу!

 

Дазмагалася Ўкраіна

Да самага краю.

Горш за ляха свае дзеці

Яе распінаюць.

Замест піва кроў з рабрынаў

Праліваць ахвочы,

І сучаснымі агнямі

Мацерыны вочы

Прасвятляюць: хай за векам

Крочыць недарэка,

Хай за немцам патрапляе

Сляпая калека!

Што ж, вядзіце, паказвайце!

Хай старая маці

Навучаецца дзяцей тых

Новых даглядаці.

Паказвайце! За навуку

Маці добра вельмі

Вам заплаціць калі-небудзь:

Распадуцца бельмы

На вачах паганых вашых;

І жывую славу

Дзядоў сваіх пабачыце,

Бацькоў хітрых справу.

Не дурыце самі сябе!

Думайце, чытайце,

Пераймаючы чужое,

Свайго не кідайце.

Бо, хто маці забывае,

Таго Бог карае,

Таго дзеці цураюцца,

Ў хату не пускаюць.

Чужаніцы праганяюць,

І няма ліхому

На зямлі на ўсёй бяскрайняй

Прытульнага дому.

Я рыдаю, як згадаю

Ці як мне прысніцца

Мінулае Украіны.

Каб яго забыцца,

Я аддаў бы вясёлага

Веку палавіну.

Вось якая наша слава,

Слава Украіны!..

Вось і вы так прачытайце,

Каб наяве снілі

Усе крыўды. Каб усталі

Тыя, што ў магіле,

Перад вашымі вачамі,

Каб вы распыталі

Пакутнікаў: каго, калі,

За што распіналі!

Абніміце ж, браты мае,

Найменшага брата, -

Няхай маці слёзы вытра,

Бо ліла багата.

Хай сыноў благаслаўляе

Дужымі рукамі

І дзетачак пацалуе

Вольнымі губамі.

І забудземся пра сорам

Даўняе гадзіны,

І паўстане наша слава,

Слава Украіны.

Промень ясны, невячэрні

Ціха нам засвеціць.

Абніміцеся ж, малю вас,

Адной маткі дзеці!

 

14 снежня 1845, Уюнішча



Пераклад: Кандрат Крапіва