epub
 
падключыць
слоўнікі

Тарас Шаўчэнка

Іван Падкова

В. I. Штэрнбергу

І
ІІ


З украінскай — Т. Шаўчэнкі

 

І

 

Было калісь на Украіне —

Гарматы равелі;

Было калісь — запарожцы

Панаваць умелі!

Панавалі, здабывалі

І славу, і волю,—

Мінулася: засталіся

Магілы на полі.

Ой, высокія магілы

Ля долаў-байракаў,

Дзе казацкае спіць цела,

Спавіта кітайкай.

Ой, высокія магілы

Чарнеюць, як горы,

Ды пра волю сціха ў полі

З ветрамі гавораць.

Сведка прадзедавай славы

З ветрам размаўляе,

А касу ў расу нясе ўнук,

За імі спявае.

 

Было калісь на Украіне —

Гора танцавала,

Журба ў шынку мёд-гарэлку,

Як ваду, смактала.

Было калісь добра жыці

На той Украіне...

Дык успомнім, можа, сэрца

Хоць трохі спачыне.

 

ІІ

 

Чорна хмара з-за Ліману

Неба, сонца крые;

Сіне мора дзікім зверам

То стогне, то вые.

Дняпра вусце затапіла...

«Нуце, хлопцы-брацці,

На байдакі! Мора грае —

Хадзем пагуляці!»

Высыпалі запарожцы —

Ліман чоўны ўслалі.

«Грай жа, мора!» — заспявалі,

Пайшлі пенай хвалі;

Кругом хвалі, нібы горы,—

Ні зямлі, ні неба.

Сэрца млее, казакам жа

Таго толькі й трэба—

Плывуць сабе ды спяваюць;

Рыбалка лятае;

Атаман стаў на сам-перад,

Вядзе, куды знае.

Пахаджае ўздоўж байдака,

Гасне люлька ў роце;

Пазірае сюды-туды —

Дзе-та быць рабоце?

Закруціўшы чорны вусы,

За вуха чупрыну,

Падняў шапку — чоўны сталі.

«Няхай вораг гіне!

Не ў Сінопу, атаманы,

Панове-малойцы!

А ў Цараград да султана

Паедзем у госці!»

«Добра, бацька-атамане!» —

Кругом заравела.

«Дзякуй жа вам!» Надзеў шапку.

Ізноў закіпела

Сіне мора. Ўздоўж байдака

Ізноў пахаджае

Пан атаман ды на хвалю

Моўчкі паглядае.

 

[1938]


[1938]

Пераклад: Янка Купала
Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан