epub
 
Падключыць
слоўнікі

Тарас Шаўчэнка

Каўказ

З украінскай — Т. Шаўчэнкі

 

 

Шчыраму майму Якаву дэ Бальмэну

 

 

Кто даст главе моей воду и очесем

моим источник слез, и плачуся и

день и нощ о побиенных...

 

 

Иеремий, глава 9, стих 1

За гарамі горы хмараю спавіты,

Засеяны горам, крывёю паліты!

Спакон веку Праметэя

Там арол карае,

Штодзень божы яму рэбры

Й сэрца разбівае;

Разбівае, ды не вып’е

Крыві жывой з сэрца,—

Ізноў яно ажывае

Ды ізноў смяецца.

Не ўмірае душа наша,

Не ўмірае воля;

І пражора не выара

На дне мора поле,

Не скуе душы жывое

І слова жывога,

Не паганьбіць славы Бога,

Вялікага Бога.

Не нам у спрэчку з табой стаці!

Не справы нам твае судзіць!

Нам толькі плакаць, плакаць, плакаць

І хлеб штодзённы замясіць

Крывавым потам і слязамі.

І каты бэсцяцца над намі,

А праўда наша п’яна спіць.

Калі яна пратрэ вочы?

Калі адпачыць

Ляжаш, стомлены ты, Божа,

І нам дасі жыці?

А мы верым тваёй сіле

І духу жывому;

Праўда ўстане! Воля ўстане!

І табе адному

Памоляцца ўсе языкі

Вавекі і векі.

А пакуль што цякуць рэкі,

Крывавыя рэкі!..

 

*

За гарамі горы хмарамі спавіты,

Засеяны горам, крывёю паліты!

Вось тамка міласцівы мы,

Бо тую лань у чыстым полі,

Злавілі залатую волю

Дый цкуямо... Лягло касцьмі

Людзей муштрованых нямала.

А слёз? Крыві? Ўсіх напаіць

Тут імператараў бы стала,

З дзяцьмі і ўнукамі ўтапіць

У ўдовіх слёзах... А дзявочых,

Пралітых скрытна сярод ночы?

А матчыных гарачых слёз,

А бацькавых, старых, крывавых?

Не рэкі — мора... Льецца скрозь

Крывёю мора! Слава! Слава!

Хартам, і гончым, і псарам,

І нашым бацюшкам — царам!

Слава!

 

І вам слава, скалы, горы,

Снягамі спавітым,

І вам, рыцарам вялікім,

Богам не забытым!

Змагайцеся, а зможаце:

Вам Бог памагае!

За вас праўда, за вас слава

І воля святая!

 

Чурэк і сакля — ўсё тваё:

Яно не прошана, не дана,

Ніхто й не возьме за сваё,

Не павядзе цябе ў кайданах.

А ў нас!.. На то ж пісьменны мы,

Чытаем божыя глаголы!

I ад глыбокае турмы

Ды да высокага прастола —

Усе мы ў золаце і голы.

Да нас вучыцца! Наўчым мы,

Пачым і хлеб, і соль пачым!..

Мы хрысціяны: цэркваў ўволю,

Усё дабро, сам Бог у нас!

Нам толькі сакля вочы коле:

Чаго яна стаіць у вас,

Не намі дана? Чаму вам

Чурэк жа ваш ды вам не кінем,

Як таму псу! Чаму вы нам

Плаціць за сонца не павінны,—

Ці ж гэта ўсё!.. Мы не пагане,

Сапраўдныя мы хрысціяне —

Крыхой мы сыты! А зато,

Як бы вы з намі падружылі,

Мы шмат чаго б вас навучылі!

У нас жа й свету... Як на то —

Адна Сібір неісхадзіма!

А турм? А люду? Што й лічыць!

Ад малдаваніна да фіна

Ўсё на ўсіх языках маўчыць...

Бо благадзенствуе... У нас

Святую Біблію чытае

Святы чарнец і навучае,

Што цар якісь-та свінні пас

Ды, ўзяўшы сабе жонку ў друга,

Забіў ён друга й валацуга

На небе сеў, так як і ў нас

Сядзяць на небе! Вы йшчэ цёмны,

Святым крыжом не прасвяшчоны.

Навучым мы! У нас дзяры,

Дзяры ды дай

І проста ў рай,

Хоць і радню ўсю забяры!

У нас! Чаго толькі не ўмеем?

І зоры лічым, грэчку сеем,

Французаў лаем. Прадаём

Або і ў карты прайграём

Людзей... не неграў... а такіх,

Хрышчоных жа... але прастых,

Мы не гішпаны! Крый нас, божа,

Крадзенае перакупляць,

Як гандляры: мы па закону!..

Па закону апостала

Вы любіце брата?

Суясловы, ліцамеры,

Госпадам пракляты!

Вы бо любіце на браце

Не душу, а скуру,

Дый лупіце па закону:

Дочцы на мундурык,

На пасаг байстручаняці,

Жонцы на гарсэцік,

Для сябе ж — аб чым не знаюць

Ні жонка, ні дзеці!

За каго ж ты распінаўся,

Хрысце, сыне Божы?

За нас добрых ці за слова

Ісціны? Ці, можа,

Каб мы цябе асмяялі?

Яно ж так і стала!

 

Капліцы, храмы і іконы,

І свечкі, і кадзіла дым,

І перад вобразам тваім

Бесперапынныя паклоны —

За крадзеж, за вайну, за кроў,—

Каб братнюю праліць кроў, просяць

І после ў дар табе прыносяць

З пажару ўкрадзены пакроў!!

 

Прасвяціліся!.. Ды хочам

Для другіх прасветы,

Сонца праўды паказаці

Сляпым, бачыш, дзеткам...

Ўсё пакажам! Толькі дайце

Сябе ў рукі ўзяці.

Як і турмы мураваці,

Кайданы каваці

І насіць як... І як плесці

Кнуты з вузлаваццем,—

Ўсяго наўчым! Толькі дайце

Свае скалы, горы

Астатнія... бо ўжо ўзялі

І поле, і мора!

 

*

І цябе загналі, мой дружа ядыны,

Якаве мой добры! Не за Ўкраіну,

А за яе ката прыйшлося праліць

Светлую сваю кроў,— атрутай запіць —

З маскоўскае чашы атрутны напітак!

О мой дружа добры! дружа незабыты!

Жывою душою на Ўкрайне вітай;

Лётай з казакамі па-над берагамі,

Разрыты магілы ў стэпе назірай,

Заплач з казакамі дробнымі слязамі

І мяне з няволі ў стэпе выглядай!

 

А пакуль што — мае думы,

Маё злое гора,

Зіяць будуць і растуць хай

Ды з ветрам гавораць...

Вецер ціхі з Украіны

Панясе з расою

Мае думы да цябе аж!

Братняю слязою

Ты іх, дружа, прывітаеш,

Веру, не прагоніш...

І магілы, стэпы, мора,

І мяне ты ўспомніш.

 

1938



Пераклад: Янка Купала

Беларуская Палічка: http://knihi.com