epub
 
падключыць
слоўнікі

Тарас Шаўчэнка

Неафіты

Паэма

I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV


 

Сия глаголет господь:

сохраните суд и сотворите правду,

приближибося спасение мое прийти, и

милость моя открыется.

 

Ісаія, глава 56, ст. 1

 

 

М. С. Ш Ч Э П К І Н У

 

На памяць 24 снежня 1857

 

Мой друг, абраннік муз і грацый!

Цябе чакаю, ціха плачу

I думу смутную маю

Тваёй душы перадаю.

 

Прывітай жа ты зычліва

Маю сіраціну,

Наш вялікі цудадзею,

Дружа мой адзіны.

Прывітаеш: убогая,

Горкая, з табою

Пераплыве яна Лету;

I агнём-слязою

Упадзе ў свой час на землю

I прытчаю стане

Распінацелям народным,

Катам і тыранам.

 

Даўно ўжо я сяджу ў няволі,

Нібы той злодзей пад замком,

На шлях гляджу я ды на поле,

Ды на варону над крыжом

На могілках, і больш нічога

З турмы не згледзіш; дзякуй Богу

I за гэта. Ды жыве

I Богу моліцца і мрэ

Хрышчоны люд.

А крыж высокі,

Як вартавы і трохі збоку,

Там, на тых могілках, стаіць.

Відаць, багаты тут ляжыць.

I намалёвана: распяты

За нас Сын Божы на крыжы.

I дзякуй сіратам багатым,

Што крыж паставілі. А я...

Такая долечка мая.

Сяджу сабе ды пазіраю

На гэты крыж з свае турмы...

Гляджу, малітвы пасылаю.

I гора, горачка маё,

Як выгадованы дзіцёнак,

Заціхне трохі. I турма

Нібы пашырыцца. Спявае

I плача сэрца, ажывае,

I ў цябе, Божа, і ў святых

Ды праведных тваіх пытае:

Што ён зрабіў ім, той святы,

Той Назарэй, той сын адзіны

Богам абранае Марыі,

Што ён зрабіў ім? I за што

Яго, святога, мардавалі,

У путы кавалі

I галаву яго чэсную

Цернем увянчалі?

I вывелі з злодзеямі

На Галгофу-гору

I павесілі між імі.

За што? Не гаворыць

Ні сам сівы верхатворац,

Ні яго святыя —

Памочнікі, паборнікі,

Кастраты нямыя.

 

Благаславенная ў жэнах,

Святая праведная маці

Святога Сына на зямлі!

Не дай мне марна прападаці

I дні мае ў няволі траціць.

Балесных радасць! Ты пашлі,

Пашлі і мне святое слова,

Спрадвечнай праўды голас новы!

I слова розумам святым

Ты ў сэрцы ажыві маім!

I раскажу я людзям гора,

Як тая маці рэкі, мора

Слёзы крывавыя ліла

Так, як і ты, і прыняла

Ў жывую душу свет нявідны

Сына, распятага пастыдна.

Ты, Маці Бога на зямлі,

Ты слёзы матчыны да краю,

Да кроплі выліла. Рыдаю,

Малю, рыдаючы: пашлі,

Падай душы убогай сілу,

Каб агнявіста гаварыла,

Каб слова полымем гуло,

Каб людзям сэрцы растапіла

I па Ўкраіне паплыло,

I на Ўкраіне каб свяціла,

Як тое Божае кадзіла,

Кадзіла ісціны. Амін.

 

 

I

 

Не ў нашым краю, Богу мілым,

А ў рымскіх ідальскіх краях,

Не за гетманамі й царамі,

Бяззакань гэтая тварылась.

Ці то за Дэцыем-царом?

Ці за Неронам-ўладаром?

Сказаць напэўна не здалею.

Няхай за Неранам!

Расеі

Тады й на свеце не было,

Як у Італіі расло

Дзяўчо малое. I красою,

Святою, чыстаю красою,

Як тая лілія, цвіло.

Уцеху мела з яе маці,

Аж маладзела, ды дзяўчаці

Людзей шукала, і знайшла.

Хвалу аддаўшы Гіменею

У тым вясёлым гінекею,

Яго чужому адвяла.

I неўзабаве стала маці

З тае прыгожае дзяўчаці:

Дзіцёнка-сына прывяла.

Малілася сваім пенатам

I ў Капітолі прынясла

Ахвяр нямала. Упрашала

Капіталійскі той сінкліт,

Каб першачка яе віталі

Святыя ідалы. Гарыць

I дзень і ноч у яе хаце

Святы агонь. I рада маці,

Алкідам сын яе расце,

Расце... Аж падаюць гетэры

I перад вобразам Венеры

Лампаду паляць.

 

 

II

 

Тады ўжо ўсходзіла зара

Над Віфлеемам. Праўды слова,

Святое праўды і любові

Зара ўсясветная ўзышла

I мір і радасць прынясла

На землю людзям. Фарысеі

I ўся мярзота Іудзеі

Заварушылася, раўла,

Як тая гадзіна ў балоце,

I Сына Божага ва плоці

На той Галгофе распяла

Паміж зладзеямі. I спалі,

Упіўшыся крывёю, каты,

Тваёй крывёю. А ты

Паўстаў з труны. I слова ўстала,

I слова праўды паняслі

Па ўсёй нявольніцкай зямлі

Твае апосталы святыя.

 

 

III

 

Тады ж якраз яе Алкід,

А з ім гетэры маладыя

Ды пʼяны дзед — казліны від —

На самым Апіевым шляху

У гаі слаўна разлягліся

Ды яшчэ лепей напіліся,

Хвалу прыносячы Прыапу.

Аж зірк! Ідзе святы Пятро

Ды, ў Рым ідучы з Божым словам

Звярнуў у гай — пад яго сховам

З дарогі адпачыць.— Мір вам! —

Сказаў утомлены апостал

I оргію благаславіў.

Ды словам ціхім і лагодным

Ім звеставаў, як блізкім, родным,

Любоў і праўду і дабро,

Дабро найлепшае на свеце —

То браталюбства. I той сыты

I пʼяны, голы як ёсць Фаўн,

I сын Алкід твой, і гетэры —

Пападалі ўсе да зямлі

Перад Пятром і павялі

К сабе у тэрмы на вячэру

Таго апостала...

 

 

IV

 

I ў тэрмах оргія. Зіхцяць

Палацы ў пурпуровых шатах.

Амфоры курацца. Дзяўчаты

Траха не голыя стаяць

Перад Кіпрыдаю і ў лад

Спяваюць гімн. Тут угатован

Вясёлы баль. I паляглі

На ложах госці. Рогат. Гоман.

Гетэры госця прывялі

Сівабародага. I словы

З вуснаў апостала святога,

Як рэчка срэбра, пацяклі.

I сціхла оргія. А жрыца

Кіпрыды, оргіі царыца,

Панікла радасным чалом

Перад апосталам. I ўстала,

I ўсе за ёю паўставалі

I за апосталам пайшлі

У катакомбы. I адзіны

Твой сын Алкід пайшоў за імі

I за апосталам святым,

За тым настаўнікам сваім.

А ты вясёлай выйшла з хаты —

Ці не ідзе к сваім пенатам

Алкід твой з гаю... Не, няма!

I ўжо не будзе! Ты сама

Памолішся сваім святыням.

Вячэраць сядзеш, ды без сына,

I не вячэраць, а рыдаць,

Рыдаць і долю праклінаць

I век зжываць адной. I гора!

Памрэш адна ў глухой цішы,

Як у праказе!

 

 

V

 

На крыжы

Пятра, апостала святога,

Распялі долу галавой,

А неафіты ў Сіракузы

Адведзены ў кайданах. Твой

Алкід, твая дзяціна,

Твая адзіная радзіна,

Любоў адзіная твая,

Гніе ў няволі, ў кайданах.

А ты, гаротная, не знаеш,

Дзе ён канае, прападае.

Ідзеш шукаць яго ў Сібір,

Ці як там... Скіфію... I ты...

I ці адна ты? Божжа Матка!

I заступі нас і укрый.

Няма сямʼі і няма хаткі,

Няма ні брата, ні сястры,

Каб з горам цяжкім не хадзілі,

Не катаваліся ў турме

Або ў далёкай старане

Ў брытанскіх, гальскіх легіёнах

Не мардаваліся... Нероне,

Нероне люты! Божы суд,

Праўдзівы суд, неспадзяваны,

Цябе асудзіць. Прыплывуць

I прыляцяць у славе-цвеце

Святыя мучанікі, дзеці

Волі святой. Каля адра

Каля смяротнага ў кайданах

Падыдуць і табе даруюць:

Яны браты і хрысціяне,

А ты сабака! людаед!

Сшалелы дэспат!

 

 

VI

 

Аж кішыць

Нявольнікаў у Сіракузах

Па лёхах, турмах. А Мядуза

Ў шынку пʼянюсенькая спіць.

Вось-вось прахопіцца... і потам

I кроўю вашаю, дэспоты,

Пахмелле справіць.

Скрозь шукала

Сыночка маці, не знайшла...

I ў Сіракузы паплыла.

Ды там яго ужо ў кайданах

Знайшла, пакутная, ў турме.

Не дапусцілі паглядзець,

I мусіла яна сядзець

Каля астрога і чакаць,

Як Бога з неба выглядаць

Свайго сына: аж покі то

Яго ў кайданах павядуць

Брук падмятаць.

А ў Рыме свята,

I немалое. Сціск народу,

Са ўсяго царства ваяводы,

Пратарыяне і сенат,

Жрацы і дзіктары стаяць

Ля Капітолія. I хорам

Спяваюць гімн і кураць дым

З кадзіл і амфар. З усім зборам

Ідзе сам кесар. Перад ім

З бронзы адлітую статую

Самога кесара нясуць.

 

 

VII

 

Напэўна выдумалі свята

Патрыцыі-арыстакраты

I мудры кесараў сенат.

Яны ж бо кесара ўслаўлялі

На ўсе лады, аж прыкра стала

Самім ім дурня выслаўляць,

Ды заадно, каб даказаць,

Яны на радзе й прысудзілі,

Каб проста кесара назваць

Самім Юпітэрам, ды годзе.

I напісалі ваяводам

З канца ў канец: моў, так і так,

Што кесар — Бог. Што больш ад Бога!

I тым майстрам далі каваць

Статую кесара. Да тога

Так note bene дадалі,

Што бронзавы той кесар будзе

Караць і мілаваць. I людзі

Нібы ў той вырай паплылі

У Рым па міласць. Паплыла

I тая з Сіракуз нябога

Прасіць і кесара і Бога.

А ці адна яна? Мой Божа!

Прыйшло іх тысячы ў слязах,

Прыйшлі здалёку.

Гора з вамі!

Каго прасіць, маліць прыйшлі?

Каму вы слёзы прыняслі?

Каму вы прыняслі з слязамі

Сваю надзею? Гора з вамі,

Рабы нязрачыя! Каго,

Каго вы просіце, дурныя,

Рабы, нявольнікі сляпыя?

Ці ж кат памілуе каго?

Маліцеся Богу адному,

Маліцеся праўдзе адной.

I на зямлі больш анікому

Не пакланяйцеся. Брахнёй

Гучаць — поп, цар...

 

 

VIII

 

Перад Неронам,

Перад Юпітэрам новым,

Паклоны білі сенаторы

I ўсе патрыцыі; і ўчора

Лілася Божжа благадаць.

Каму ці чынам, ці грашамі,

Каму ў арэнду Палестыну,

I байструкам кусок, каму

Зрабілі ласку самі даць

Сваю наложніцу за жонку,

Хоць падтаптаную. Нічога,

Абы з-пад цара. У другога

Сястру зрабілі ласку ўзяць

У свой гарэм. I то нічога —

На тое Бог ён, мы ж пад Бога

Сябе павінны падкладаць,

Не толькі сёстраў...

Пратарыяне папрасілі,

Пратарыянам даў указ:

Рабіце тое, што рабілі,

А мы памілуема вас.

I вы, плебеі, грэчкасеі,

I вы маліліся; ды вас

Ніхто не мілуе. Не ўмеюць

Дарыць вам міласці хоць раз.

 

 

IX

 

Ужо на трэці дзень пусцілі

Маліцца і за хрысціян.

I ты прыходзіла, маліла,

I міласэрны той балван

Загад даў весці з Сіракузаў

У Рым закутых хрысціян.

I рада ты, ты ажыла,

Ідалу нанова

Памалілася. Той ідал,

Юпітэр той новы,

Вось пабач, якое свята

Будзе задаваці

Ў Калізеі. А тым часам

Ідзі сустракаці

Свайго сына. Ды не дужа

Радуйся, нябога.

Бо ты новага не знаеш

Ласкавага Бога.

А пакуль што з мацярамі

Алкідава маці

Пайшла сыну на спатканне,

Святых прывітаці

На беразе. I ты пайшла,

Траха не спяваеш

Ды кесара-Юпітэра

Хваліш-выслаўляеш.

— Вось Юпітэр дык Юпітэр!

I назваць не шкода

Юпітэрам. Я ж, дурная,

Дурная ж урода,

У Афіны Юпітэра

Упрашаць хадзіла!

Ды ціхенька зноў кесара,

Як Бога, маліла.

I пайшла па-над балотам,

На Тыбр паглядае,

А на Тыбру з па-за гаю

Байдак выплывае,

Ці галера. На галеры

Вязуць твайго сына

З неафітамі ў кайданах.

Твой родны хлапчына

Да галеры прыкаваны —

Не неафіт новы,

А апостал вялікага

Хрыстовага слова.

Вось ён хто такі. Ці чуеш,

Спявае у путах

Твой мучанік:

— Псалом новы Богу духу

I новую славу

Заспяваем усе разам

Сэрцам чыстым, правым,

У псалтырах і тымпані

Бога ўсе уславім.

Бог карае непраўдзівых,

Памагае правым.

Прэпадобныя бо ў славе

I на ціхіх ложах

Радуюцца, славасловяць,

Хваляць імя Божжа.

I мячы ў святых руках іх

Праўдзе служыць будуць —

Для адпомсты злым народам,

Для навукі людзям.

Акуюць цароў праглівых

У кайданы-путы

I аковамі іх, слынных,

Ручнымі акруцяць.

I асудзяць няправедных

Судом сваім правым,

I навекі будзе слава,

Прэпадобным слава.

 

 

X

 

А ты на беразе стаяла,

Нібы панурая скала,

Не слухала і не рыдала,

А «алілуя» падала

За мацярамі хрысціянам.

Як звоны, загулі кайданы

На неафітах. А твой сын,

Адзіны твой, апостал новы,

Перахрысціўся, ўзгаласіў:

— Маліцеся, браты! Прасіце

За ката лютага. Яго

Ў сваіх малітвах памяніце.

Перад гардыняю ж яго

Не кланяйцеся, не маліце —

Малітва госпаду. А ён

Няхай лютуе на зямлі,

Няхай прарока пабівае,

Няхай усіх нас распінае;

Ужо бо зачаліся ўнукі,

I будуць сільныя іх рукі,

Ды не забойцы ўнукі тыя —

Хрыстовы воіны святыя!

I без нажа і без агню

Стратэгі Божыя паўстануць.

I цьмы і тысячы паганых

Перад святымі пабягуць.

Маліцеся, браты.

Малілісь,

Маліліся перад крыжом

У цяжкіх путах неафіты.

Малілісь радасна. Хвала,

Хвала вам, душы маладыя,

Хвала вам, рыцары святыя,

Ва векі вечныя хвала.

 

 

XI

 

I ў Рым галера прыплыла.

Мінае тыдзень. Пʼяны кесар,

Узвёўшы сам сябе ў Зевеса,

Задаў Зевесу юбілей.

Балюе Рым. Перад кумірам

Вязуць вазамі ладан, міро,

Гуртамі гоняць хрысціян

У Калізей. Як у разніцы

Кроў пацякла. Балюе Рым.

I гладыятар, і патрыцый —

Абодва пʼяныя. Кроў, дым

Іх упаіў. Руіну славы

Рым прапівае. Трызну правіць

Па Сціпіёнах. Лютуй! лютуй,

Старызна гнусны, і балюй

Ты па гарэмах. Там, з-за мора,

Святыя выплываюць зоры.

Не громам праведным, святым

Цябе забʼюць — нажом тупым

Цябе зарэжуць, як сабаку,

Забʼюць абухам.

 

 

XII

 

Другі дзень

Раве арэна. На арэне

Лідзійскі залаты пясок

Пакрыўся пурпурам чырвоным,

З крывёй змяшаўшыся людской,

А сіракузскіх назарэяў

Яшчэ не відна ў Калізеі.

На трэці толькі дзень закутых

Іх стража з голымі мячамі

Гуртом на бойню прывяла.

Арэна зверам зараўла.

А сын твой горда на арэну,

Псалом спяваючы, ўзышоў.

I пʼяны кесар, як шалёны,

Стаў рагатаць. I леапард

На сцэну ўскочыў разʼяроны,

Ступіў, зірнуў... I палілася

Святая кроў. Па Калізеі

Грымучым шумам праняслася

I сціхла бура. Дзе ж была?

Дзе ты схавалася, нябога?

Чаму на кесара святога

Не кінулася? Не магла,

Бо варта пільна сцерагла

Зевеса гэтага. За ім,

Тваім Юпітэрам святым,

I браму зараз зачынілі.

I засталася ты адна,

Адна-адненькая у дворы.

I што ты зробіш? — Гора! Гора!

О гора лютае маё!

Мая ты доля! Без яго

Што мне рабіць? I да каго

Я прыхілюся?..— I нябога

Вакол зірнула і аб мур,

Аб мур старою галавою

Ударылася, трупам пала

Пад самай брамай...

 

 

XIII

 

З відовішча надвячоркам

У тэрмі схаваўся

Святы кесар з ліктарамі.

Калізей застаўся

Без кесара і без рымлян

I быццам заплакаў

Адзінокі. I гарою

На полі чарнее

Калізей той сярод Рыму.

Ціха, ціха вее

Свежы вецер з-за Альбана

Над знямелым Рымам.

А над чорным Калізеем,

Быццам бы з-за дыму,

Плыве месяц круглаліцы,

I свет першатворны

Адпачыў на лоне ночы.

Толькі мы, Адаме,

Твае дзеці бяспутныя,

Не адпачываем

Аж да самай дамавіны

У праспаным раі.

I грыземся, як сабакі

З-за косткі смярдзячай,

I самога зневажаем,

Праойча лядачы.

 

 

XIV

 

Трохі адпачыла.

Стара маці-недабітка.

Жывучую сілу

Сіла ночы ажывіла.

Устала, пахадзіла

Каля брамы замкнёнае

Ды штосьці шаптала.

Ці не кесара святога

Моўчкі праклінала?

Можа і так. Ціхусенька

Каля брамы стала,

Паслухала і са смехам

Нешта прашаптала,

Слова нейкае. I ціха

Каля брамы села

I журыцца. Неўзабаве

Браму расчынілі

I на вазах, на калясніцах

З той калізейскае разніцы

Святыя вывезлі цяла

I павязлі на Тыбр. Цяламі

Святых забітых гадавалі

Для таго ж царскага стала

У Тыбры рыбу. Ўстала маці,

Вакол зірнула і ўзялася

За голаў бітую рукамі

I ціха, моўчкі за вазамі

Марою чорнаю пайшла.

I не адзін скіф шэравокі,

Што целы вёз — апошні раб,—

Падумаў тут: сястра Марока,

Прыйшла аж з пекла правадзіць

У пекла ж рымлян. Паскідалі

У ваду трупы дый назад

З вазамі скіфы павярталі.

I засталася ты адна

На беразе. I ты глядзела,

Як круг за кругам анямела

Ішоў, знікаючы над ім,

Над сынам праведным тваім.

Глядзела ты, пакуль не стала

I следу іх сярод вады.

I усміхнулася тады

I цяжка, страшна зарыдала,

I першы раз ты ўзнесла рукі

Таму, хто выбавіў ад мукі

Цябе — распяты Сын Марыі,

I словы ты яго жывыя

Ў жывую душу прыняла.

I ты ў палац і ў дом убогі

Жывога ісціннага Бога

Са словам праўды панясла.

 

1857, 8 снежня

Ніжні Ноўгарад


1907; 1937-1940; 1951

Пераклад: Якуб Колас
Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 11