epub
 
падключыць
слоўнікі

Тарас Шаўчэнка

Прычынна

З украінскай — Т. Шаўчэнкі

 

Раве ды стогне Днепр шырокі,

Сярдзіты вецер вые, дзьме,

Гне ў дол галіны верб высокіх,

Угору хвалі ўзносіць, рве;

І месяц бледны ў тую пору

З-за хмар дзе-недзе выглядаў,

Бы човен хісткі ў сінім моры

То выныраў, то зноў знікаў.

Йшчэ трэці пеўні не спявалі,

Не гаманіў ніхто, не пеў,

Адно сычы ў гаю гукалі,

Ды ясень раз-параз скрыпеў.

 

*

У такі час пад гарою,

Каля таго гаю,

Што чарнее над вадою,

Хтось белы блукае.

Мо русалачка там выйшла

Матулі шукаці,

А мо казака чакае,

Каб заласкатаці.

Не русалачка блукае:

То дзяўчына ходзіць

І не знае (бо вар’ятка),

Што такое робіць.

Так зрабіла варажбітка,

Каб журбы не знала,

Каб, ходзячы апаўночы,

Спала й выглядала

Казачэньку маладога,

Што летась пакінуў,

Вярнуціся абяцаўся,

Ды, мабыць, і згінуў!

Не кітайкаю пакрылі

Казацкія вочы,

Не памылі і твар белы

Слёзанькі дзявочы:

Арол выняў кары вочы

Яму ў чужым полі,

Бела цела ваўкі з’елі —

Такая ўжо доля.

Дарма штоноч дзяўчыначка

Яго выглядае...

Не вернецца чарнабрывы,

Дый не прывітае,

Не распусціць касы доўгай,

Хусткі не завяжа;

Не на ложка,— ў дамавіну

Сіратою ляжа!

 

*

Такая ёй доля... О Божа мой мілы,

За што ты караеш яе маладу?

За то, што так шчыра яна палюбіла

Казацкія вочы?.. Не крыўдзь сірату!

Каго ж ёй любіці? Ні бацькі, ні маці:

Адна, нібы птушка ў далёкім краю!

Яна маладзенька — пашлі ж ты ёй шчасце,—

Бо людзі чужыя яе засмяюць.

Ці ж вінна галубка, што голуба любіць?

Ці ж вінен той голуб, што сокал забіў?

Сумуе, варкуе, белым светам нудзіць,

Лётае, шукае, думае — зблудзіў.

Шчасліва галубка: высока лятае,

Памчыцца да Бога мілога пытаць.

Каго ж сіраціна, каго запытае?

І хто ёй раскажа, і хто тое знае,

Дзе мілы начуе: ці ў цёмным гаю?

Ці ў быстрым Дунаі ён коніка поіць?

Ці, можа, з другою, другую кахае,

Яе, чарнабрыву, забыўся ўжо з тою?

Як жа б прыдаліся арліныя крылы —

За сінім бы морам мілога знайшла;

Жывога б любіла, другую забіла,

А да нежывога у яму б лягла.

Не так сэрца любіць, каб з кім падзяліцца,

Не так яно хоча, як Бог нам дае;

Яно жыць не хоча, не хоча журыцца.

А думка — «журыся!» жалю задае.

О Божа, такая, мабыць, твая воля,

Такое яе ўжо і шчасце, і доля!

Яна ўсё ходзіць, з губ ні пары.

Шырокі Днепр не гаманіць;

Разбіўшы вецер чорны хмары,

Лёг каля мора адпачыць.

А з неба месяц так і ззяе;

І над вадою, і над гаем —

Кругом, бы ў вуху, ўсё маўчыць...

Аж бульк — з Дняпра павыныралі

Малыя дзетачкі вясёла.

«Хадзема грэцца!—закрычалі.—

Зайшло ўжо сонца!» А ўсе голы,

З асокі косы (бо дзяўчаты).

…......................................................

«Ці ўсе вы тутка?» — кліча маці.

«Хадзем вячэраць пашукаці.

Паскачэма, пагуляйма,

Ды песеньку заспявайма:

Ух, ух!

Саламяны дух, дух!

Мяне маці спарадзіла,

Нехрышчону палажыла,

Месячык!

Галубочак!

На вячэру хадзі ў госці;

У нас казак у чароце,

У чароце, ў асацэ,

Срэбны персцень на руцэ;

Маладзенькі, чарнабровы,—

Знайшлі ўчора ля дубровы.

Свяці доўга ў чыстым полі,

Нагуляцца каб даволі!

Пакуль ведзьмы йшчэ лятаюць.

Пакуль пеўні не спяваюць,

Пасвяці нам!.. Вунь штось ходзіць!

Вунь пад дубам штось там робіць!

Ух, ух!

Саламяны дух, дух!

Мяне маці спарадзіла,

Нехрышчону палажыла».

Зарагаталі нехрышчоныя...

Гай абазваўся; галас, крык —

Арда бы рэжа. Бы шалёныя,

Лятуць да дуба... і ні пік!..

Схамянуліся няхрысткі,

Глядзяць: штось мільгае,

Штосьці лезе ўверх па дрэве

Да самага краю.

Дзяўчыначка гэта тая,

Што соннай блудзіла:

Вось такую варажбітка

Ёй крыўду ўчыніла!

На самы верх на галінцы

Стала... Ў сэрцы квола.

Паўзіралася навокал

Дый лезе дадолу.

Русалачкі вокал дуба

Маўчалі, чакалі,

Ўзялі яе, гаротную,

Дый заласкаталі.

Доўга, доўга паглядалі

На яе уроду...

Трэці пеўні: кукарэку! —

Шаляснулі ў воду.

Зашчабятаў жаваронка,

Угару летучы;

Зязюлька закукавала,

На дубе седзючы;

Зашчабятаў салавейка —

Пайшло рэха гаем;

Чырванее за гарою;

Араты спявае.

Гай чарнее над вадою,

Дзе ляхі хадзілі;

Засінелі па-над Днепрам

Курганы-магілы.

Пайшоў шэлест па дуброве,

Зашапталі лозы;

А дзяўчына спіць пад дубам

Пры бітай дарозе,—

Добра спіць, бо кукавання

Не чуе зязюлі,

І не лічыць, ці жыць доўга...

Знаць, добра заснула.

 

А тым часам з-за дубровы

Казак выязджае;

Пад ім конік вараненькі

Насілу ступае.

«Замарыўся, мой таварыш!

Сягоння спачынем:

Блізка хата, дзе дзяўчына

Вароты адчыне.

А можа, ўжо адчыніла

Не мне, а другому...

Хутчэй, косю, хутчэй, косю,

Паспяшай дадому!»

 

Утаміўся вараненькі,

Ідзе, спатыкнецца,—

Каля сэрца казацкага

Як гадзюка ўецца.

«Вось і дуб той кучаравы...

Яна! Божа мілы!

Бач, заснула выглядаўшы,

Мая сізакрыла!»

Кінуў каня, да яе ўпаў:

«Божа ты мой, Божа!»

Кліча яе ды цалуе...

Не, ўжо не паможа!

«За што ж яны разлучылі

Мяне ды з табою?»

Зарагатаў, разагнаўся —

Ды ў дуб галавою!

 

Ідуць дзяўчаты ў поле жаці

Ды, знай, спяваюць ідучы:

Як праважала сына маці,

Як бой татарын вёў ўначы.

Ідуць... Пад дубам зеляненькім

Конь змардаваны чуць стаіць,

А каля яго маладзенькі

Казак ды дзеўчына ляжыць.

Цікавыя (ўсур’ёз нібыта)

Падкраліся, каб напужаць;

Калі зірнулі, што забіты,—

З перапалоху ну ўцякаць!

 

Збіраліся падружанькі

Слёзанькі ўціраюць;

Збіраліся таварышы

Ды ямы капаюць.

Прыйшлі папы з харугвямі,

Зазванілі звоны;

Пахавалі грамадою,

Як след, па закону.

Насыпалі край дарогі

Ў жыце дзве магілы.

Няма каму запытацца,

За што іх забілі?

Над казакам пасадзілі

Явар ды яліну,

А ў галовах у дзяўчыны

Чырвону каліну.

Прылятае зязюленька

Да іх кукаваці;

Прылятае салавейка

Штоноч шчабятаці;

I спявае, і шчабеча,

Пакуль месяц ўзыдзе,

Пакуль тыя русалачкі

З Дняпра грэцца выйдуць.

 

1938


1938

Пераклад: Янка Купала
Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў: У 9 т. - Т. 6. Паэмы, пераклады. - Мн.: Маст. літ., 1999. -430 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан