epub
 
падключыць
слоўнікі

Таўрус

Банкет

І
II


І

 

Радасны і вясёлы пад'язджаў Пятрусь у сваё сяло, каторага ён не бачыў ад самых каляд. Вырваўшыся з душнага горада, дзе за дамамі не ўбачыш ні далёкага лесу, ні раздолля шырокіх палёў, і апынуўшыся сярод знаёмых узгоркаў і хвайнякоў, Пятрусь пачуўся вольна і лёгка. Яго так і цягнула ў гэтыя кусты на беразе рэчкі, на зялёны шырокі луг, бо тут кожны куст, кожнае дрэва і грудок былі яго добрымі старымі знаёмымі.

Едучы, ён закідаў пытаннямі іх парабка Андрэя, як і што дома. У гэтых пытаннях адбіваўся мужычы дух, моцна зросшы з зямлёй, з родным сялом.

Вот і сяло, вот і іх хата. Бацька даўно ўжо тупаў па двары, не раз паглядаючы на дарогу. Ён сам адчыніў вароты і выйшаў за браму на спатканне сыну. Пятрусь борздзенька саскочыў з каламажкі і кінуўся да бацькі.

Сын-гімназіст і бацька, ужо паджылы сталы селянін-хлебароб, абняліся і моцна пацалаваліся.

- Ну, як жа здароў, Пятрусь? Як пашанцавалі экзамены?

Пятрусь наскора адказаў бацьку і пабег да маткі. Яна ўжо даўно стаяла каля парога, загадзя абцёршы губы фартухом, і не спушчала вачэй з сына.

- А сыночак ты мой! а маё ты панянятка! - гаварыла маці, цалуючы хлопца.

І сапраўды Пятрусь у форме гімназіста зусім быў, як паніч. Нават папоў сын - бурсак, равеснік Петрука, адступаў перад ім на задні план і касаваўся. Дык і не дзіва, што маці так цешылася, гледзячы на сына-гімназіста.

Увайшоўшы ў хату, Пятрусь агледзеў усе куты, кожную новую рэч у хаце. Пры гэтым ён расказваў пра гімназію, пра горад, пра сваіх новых сяброў, пра ўсё тое, што цікавіла там яго самога. Але яму не сядзелася ў хаце, яго цягнула на двор, на волю, і праз паўгадзіны ён ужо шворыўся ў садку; адтуль, пералезшы цераз плот, выбег на вуліцу. Праз паркан суседскага садзіка на яго пазірала колькі пар вачэй яго равеснікаў. Пятрук зараз жа заўважыў іх. Адзін з хлапцоў высунуў галаву з-за паркана і моўчкі прыглядаўся да Петруся. Зараз жа паказалася другая галава ў старой шапцы, праз дзіркі якое прабіваліся космы светлых валасоў, парыжэўшых на канцах ад сонца.

Ні Пятрук, ні хлопцы нічога не гаварылі. Петруку хацелася прылучыцца да іх кампаніі, але ён чуў, што як бы нешта лягло між ім і хлопцамі, і ў яго неставала смеласці падысці да сваіх даўнейшых сябрукоў. Кругом усе былі проста адзеты, і толькі ён адзін кідаўся ў вочы ўсім сваёю формай. Ён дагадаўся, што гэта форма і клала той рубеж між ім і хлопцамі, каторы і стрымліваў яго падысці да іх, як даўней, і пачаць разам гульню. Трохі пастаяўшы і падумаўшы, Пятрусь пабег зноў у хату, скінуў свой мундзірчык, нацягнуў свой стары каптанік, узяў яшчэ колькі цікавых кніжак з рысункамі і зноў выбег на вуліцу. Цяпер ён смела падбег да хлапцоў і, падышоўшы, хацеў сказаць ім «здрастуйце», як гаварыў ён у гімназіі да сваіх таварышаў, але ў сяле між малымі такога звычаю не вялося, і ён проста сказаў:

- Хадзем пагуляем. Я пакажу вам цікавыя малюнкі.

Хлопцы пералезлі цераз паркан і падышлі да Петруся. Трохі счакаўшы, яны ўжо бегалі на задворках і агародах, рвалі моркву, скраблі яе трэсачкамі або проста абціралі аб сваю адзежу і елі. Пятрусь ад іх не адставаў. Цяпер на яго галаве сядзела шапка з чужой галавы, а ў яго шапцы бегаў адзін з таварышаў. Хлопцы гаварылі, крычалі, шумелі. Між імі пачалася гульня. Кожная старана старалася выказаць найцікавейшыя штукі і гэтым самым выклікаць у другіх зайздрасць і здзіўленне. Гаворка іх была самая жывая і борзда пераскоквала з аднаго на другое, і такім парадкам праз колькі хвілін хлопцы сталі гаварыць аб дужанцы.

- Ну, давайце падужаемся! - гаварыў Пятрусь і выставіў уперад адну нагу і напляваў на рукі.

Зірнуўшы ў акно, Петрукоў бацька ўбачыў, як яго сын качаўся з хлопцамі ў пяску.

- Пятрусь! Пятрусь! што ты гэта робіш?

Яму здавалася, што яго сыну непрыстойна займацца гэткім глупствам і, звярнуўшыся да жонкі, сказаў:

- Зусім ён тут адзічэе, паглядзі: і форму сваю скінуў, ледзьве пазнаў.

- А што ж там такое, калі пагуляе? Вядома, дзіця яшчэ, - заступілася маці.

Паклікаўшы Петруся, бацька строга сказаў:

- Табе, Пятрук, не надта прыстойна качацца па пяску. Убачаць людзі - смяяцца будуць. Скажуць - такі самы мужык.

- А хіба ж я пан?

- Павінен быць лепшы за пана! Што там пан? Усякі сам сабе пан. А ты вось што: сягоння ў нас будуць госці, дык ты прыбярыся і, глядзі, трымайся так, каб ніхто не смеў на цябе тыкаць пальцам! А госці будуць не простыя.

 

II

 

Вечарам на змярканні пачалі збірацца госці. Першымі прыйшло колькі сталых, паважных гаспадароў, а потым сталі збірацца і госці вышэйшага стану: сядзелец, пісар са старшынёй, ураднік, дзяк.

Гэтыя паны-госці варты таго, каб аб іх сказаць хоць колькі слоў.

Пісар быў мужчына гадоў за трыццаць. Ён лічыў сябе чалавекам, цэлай галавой большым ад усіх і самым патрэбным у гасударстве. Бо і праўда, чаго ні краніся - усюды пісар. Хто галоўная труба ў валасным судзе? - пісар. Хто робіць раскладкі? - зноў пісар. А хто выдае пашпарты? - пісар жа. Адным словам, куды ні павернешся - пісар і пісар. Дык і не дзіва, што гэты пісар так многа забраў сабе ў галаву. Ураднік жа часам казаў яму за чаркай:

- Што пісары валасныя? - затыклы, папіхачы.

Але пісар на гэта адказваў:

- Ну, гэтага не скажы! А вось з цябе, то карысць невялікая: кожны валасны стораж патрапіць споўніць ураднікаву «хункцыю».

Сядзелец больш маўчаў, і ажыў толькі тады, як на стале станавілася добрая закуска і выпіўка. Тады яго вочы блішчалі, і ён пачынаў што-небудзь хлусіць. Дзяк быў вядомы ў сяле тым, што раз, прабіраючы мужыкоў, што ніхто з іх не ўмее гаварыць пацеры, узяўся сам паказаць, як трэба гаварыць пацеры, і збіўся, а ўсе паднялі яго на смех, бо дзяк часта любіў умешвацца не ў сваё. А пра ўсіх разам можна было сказаць, што гэта былі людзі, якія ад доўгай сваёй практыкі прывыклі пры спатканні з чалавекам перш паглядзець на яго рукі і кішэні, а потым ужо пазіраць яму ў вочы.

Спачатку гаворка не так-то клеілася. Пісар дыміў папяросай і, трымаючы яе ў зубах, гаварыў з фельчарам, як з самым вучоным тут. Дзяк расказваў старшыні і сядзельцу, як ён у маладосці быў у архірэйскім хоры і дзёр баса.

Тады толькі госці ажывіліся, як гаспадар і гаспадыня пасадзілі іх за стол, загружаны закускамі і выпіўкай. А як чарка зрабіла колькі кругоў, то гаворка так палілася, што некаму было і слухаць. Сядзелец пачаў расказваць, як ён у хвоі знайшоў гняздо куніц і голай рукой выцягнуў з дупла цэлых шэсць штук. А што гэта была праўда, то ён паднёс да самага носа старшыні руку, на якой яшчэ і цяпер быў знак, як укусіла яго куніца.

Цяпер толькі госці заўважылі Петруся і зірнулі на яго вокам ласкі.

- Дзякуй богу! перайшоў у чацвёртую клясу, - гаварыў бацька. - Не мне будзе раўня. Даўней не так спрытна вучылі, як цяпер, хоць пападаліся і добрыя дарэктары. Я вот памятую, як сам хадзіў вучыцца. Бывала, калі залепіць табе гэты самы дарэктар па патыліцы, скарэй плюшч вочы, каб не павыскаквалі з лобу; а ўсё ж такі вучні не так-то добра зналі, хоць па зім пяць вучыліся. А цяпер, бачыш, і не б'юць, а вучацца.

- А ты думаеш, гэта лепш, што не б'юць? - спытаў дзяк. - Калі, бывала, давалі лупцоўку, то і людзі былі. А цяпер што? Глядзіш, чуць відзен ад зямлі, а ўжо нос задзірае, ніякага паважання к старшым. А ў школах што вытвараюць? Забастоўкі робяць. Вот бы гэтакага забастоўшчыка разлажыць на столак, ды закасаць кашулю, ды ўсыпаць - і бунт бы ўвесь прайшоў. От узяць бы к прыкладу хоць мяне: білі і ў людзі вывелі.

- Які ты ў чорта людзі? - спытаў яго пісар. - Ты - чвэрць чалавека.

Усе зарагаталі.

- Ну, а ты - цэлы чалавек! А вот давай паспорым: «Жэзл во образ тайны прыемлецца, празябеніем бо прэдразсуждает свяшчэнніка...» Што гэта азначае?

- Жэзл - гэта палка, - пачаў тлумачыць пісар і спыніўся.

- Гэта і дурань ведае, што жэзл - палка, але далей што? - насядаў дзяк на пісара.

Сядзеўшыя тут сяляне прыслухоўваліся да споркі і пыталіся адзін другога, якую гэта задачу загадаў дзяк, што і пісар не разгадае.

Адзін з мужыкоў, Піліп Гладыш, прыйшоў на падмогу пісару:

- А гэта мо тая палка, што б'юць, як на папоў вывучваюць.

- Добра ты кажаш, - падхапіў пісар. - Не шкодзіла б ёю высвенціць і нашага дзяка.

- Нічога вы не знаеце, - абвёў дзяк усіх поглядам чалавека, атрымаўшага верх: - жэзл - гэта той шост, на каторым...

Пры гэтым Пятрусь моцна зарагатаў.

Усе зірнулі на Петруся.

- Што, не праўду мо кажу? - спытаў дзяк, зірнуўшы ў яго бок.

- Вы змыліліся, - сказаў нясмела Пятрусь. - Гэта той жэзл, каторы быў паложаны разам з другімі ў каўчэг завета і прарос. Гэта быў жэзл Арона, і ўсе патомкі яго і лічыліся выбранымі богам свяшчэннікамі.

Тут дзяк схамянуўся.

- Ну, а я як кажу? І я хацеў сказаць тое самае.

- Эй, дзяк! - гукнуў пісар. - Лепш бы ты вучыў мужыкоў, як гаварыць пацеры.

Пятрусь пасля гэтага здарэння адразу вырас у вачах гасцей, асабліва ў сялян. А маці, хоць і не ўсё сцяміла тут, але чула, што Пятрусь сказаў нешта разумнае, і твар яе разгарнуўся ў шырокую ўсмешку задавальнення.

Сядзелец, седзячы каля пісара, шаргануў туды і сюды пальцам нос (гэта азначала, што ён нешта надумаў і зараз штось скажа).

- А вот, Пятрусь, скажы: колькі гэта будзе каштаваць дваццаць кварт, дваццаць паўкварт і дваццаць кручкоў гарэлкі разам з пасудай.

Спытаўшы аб цане бутэлькі кожнага сорту, Пятрусь, чуць падумаўшы, зразу адказаў, колькі ўсё гэта каштуе.

Сядзелец не чакаў, што Пятрусь так скора вылічыць, і ад здзіўлення аж стукнуў рукою па стале.

- Маладзец!

- Ну, а ці зробіш такую раскладку: 1300 руб. 80 кап. разлажыць на 640 гаспадароў.

Пятрусь, узяўшы аловак, як бачыш вырахаваў.

- Два рублі і тры з чвэрцю капейкі.

Пісар паглядзеў.

- Гэта ваша навука так лічыць, а мы, людзі-практыкі, робім крыху іначай: замест драбніц лічым цэлую капейку. Вот табе і будзе залажыць банчок.

Крыху памаўчаўшы, пісар зноў сказаў:

- Навука - рэч не кепская, ды толькі для таго, хто ўмее з яе карыстаць. Ну што з таго, што наш земскі, каб далёка не хадзіць, вучоны? А прыедзе ў воласць і за кожным глупствам ідзе да пісара. А пісар усё ведае, хоць ён у гімназіях не вучыўся і экзаменаў вялікіх не здаваў.

- Лайдацтва ідзе ад гэтай навукі! - стукнуў ураднік кулаком па стале. - Ось дай ты мужыкам навуку, і жыць на свеце нельга будзе. З чаго пайшлі гэтыя забастоўкі, дэмакраты? Усё ад навукі!

Тут ураднік расказаў, як у сяло прыйшоў забастоўшчык.

- Хто ты? - пытаюць яго.

- Дэмакрат.

- А! ты канакрад?! Вяжы яго, вужа! - І ўраднік, сказаўшы гэта, адзін зарагатаў на ўсю хату. Ён ужо быў п'яны і пачаў прыставаць да маладзіц.

Слухаючы гэта, гаспадар сядзеў, як на іголках: спрачацца было нягожа: як-ніяк, а гэта былі яго госці, і маўчаць таксама не выпадала, бо ён сам мужык, а вот вучыць свайго сына. І ён пускаў між вушэй п'яныя гутаркі дзікіх людзей, якія лічылі сябе інтэлігентамі.

Горш за ўсіх тут чуўся Пятрусь. Яму даўно ўжо хацелася кінуць гэту кампанію, ды ён не хацеў сароміць бацькі і мусіў сядзець сярод гэтых чужых і нямілых яму людзей.

А госці пілі, елі і п'янелі, і іх языкі, як сарваўшыеся з прывязі сабакі, пачалі малоць усякія глупствы. А як ураднік пачаў выкідаць свае штукі, хлопец, не стрымаўся і, адвярнуўшыся да маткі, упаўголаса сказаў:

- Каб паноў-гасцей пасадзіць у клетку ды павезці...

- Каго? нас у клетку? - спытаў пісар, што меў вельмі чуткія вушы і чуў гутарку Петруся. - Што ж мы, па-твоему, звяры, ці што?

У гутарку ўмяшаўся ўраднік:

- Вот! я і казаў, якая з навукі карысць. Але што з цябе возьмеш, калі ты яшчэ дурное шчанё? Каб ты быў крыху большы, то я сам даў бы табе па мордзе.

- То сабраў бы зубы ў прыгаршчы! - гняўліва адказаў урадніку Пятрусь.

- Ці я не казаў, - падхапіў і дзяк. - От як яны паважаюць начальства і старшых! Разумнага маеш, Тамаш, сына.

А бацька перш не ведаў, што рабіць. Потым ён борзда падняўся і абярнуўся да Петруся.

- Цябе вучылі ў гімназіі розным навукам, і я ім дзякую за гэта. А цяпер я навучу цябе, як трэба шанаваць гасцей.

З гэтымі словамі бацька ўзяў сына за вуха. Потым перапрасіў гасцей і прасіў іх выбачыць гэта глупства сыну.

Пятрусь загарэўся ўвесь з сораму. Ён даўно ўжо адвык, каб яго круцілі за вушы. Здаецца, каб паднёс да яго твару запалку, то ён запалаў бы.

У адзін момант Пятрусь шуснуў пад стол, выскачыў на хату. Узяўшыся за клямку, ён сказаў:

- Калі ты іх наклікаў, то і сядзі з імі, а я з такімі сядзець не буду.

 

Госці разышліся. Позна ўжо знайшоў бацька Петруся ў гумне.

- Сынок! ты на мяне не гневайся. Я і сам каюся, што наклікаў гэту псярню. Але не мог жа я пахваліць цябе за тое, што ты ім сказаў. Праўда на тваім баку, і яны заўтра будуць саромецца самі сябе.

І сын з бацькам у згодзе пайшлі ў хату.

Толькі ж у Петруся глыбока-глыбока запала ў душу гэта крыўда, і ён ніколі не мог успомніць пра гэты выпадак без таго, каб сэрца яго не сціснулася тупой боллю.

 

1913 г.


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая