epub
 
падключыць
слоўнікі

Тэадор Герцль

Яўрэйская дзяржава. Спроба сучаснага вырашэння яўрэйскага пытання

Прадмова
Уводзіны
Агульная частка
  Яўрэйскае пытанне
  Папярэднія спробы вырашэння
  Прычыны антысемітызму
  Уплыў антысемітызму
  План
  Палесціна ці Аргенціна?
  Патрэбы, орган, эканамічныя зносіны
Яўрэйская кампанія
  Асноўныя рысы
  Аперацыі з нерухомай маёмасцю
  Купля зямлі
  Пабудовы
  Жыллё для рабочых
  «Некваліфікаваныя» рабочыя (Unskilled Labourers)
  Дапамога працай
  Рыначныя адносіны
  Іншыя катэгорыі жылля
  Некаторыя формы ліквідацыі
  Гарантыі Кампаніі
  Некаторыя віды дзейнасці Кампаніі
  Садзейнічанне прамысловасці
  Засяленне кваліфікаваных рабочых
  Прыцягненне грашовых сродкаў
Мясцовыя групы
  Перасяленне
  Групавое перасяленне
  Нашы духоўныя пастыры
  Давераныя асобы мясцовых груп
  Планы гарадоў
  Пераезд сярэдняга саслоўя
  Эфект масы
  Наш чалавечы рэсурс
  Дробныя звычкі
Яўрэйскае таварыства і яўрэйская дзяржава
  Negotiorum Gestio (вядзенне спраў без даручэння)
  Авалоданне зямлёй
  Канстытуцыя
  Мова
  Тэакратыя
  Законы
  Войска
  Сцяг
  Прынцып узаемнасці і дагаворы аб экстрадыцыі
  Выгады ад перасялення яўрэяў
Заключнае слова


Прадмова

Ідэя, якую я выказваю ў гэтай працы, вельмі старая – гэта ідэя стварэння яўрэйскай дзяржавы.

Свет скаланаецца ад крыкаў супраць яўрэяў, што абуджае гэту ідэю ад сну. Чытаючы кожны пункт маіх распрацовак, трэба перадусім дакладна разумець, што я нічога не выдумляю – ні пра становішча яўрэяў, якое склалася гістарычна, ні пра спосабы выхаду з яго. Матэрыяльныя складнікі праектаванай мной пабудовы існуюць у рэчаіснасці, іх можна памацаць рукамі, у чым усе могуць пераканацца. Такім чынам, калі ахарактарызаваць гэтую спробу вырашэння яўрэйскага пытання адным словам, то можна казаць не пра «фантазію», а, самае большае, пра «камбінаванне». Перш за ўсё я мушу абараніць свой праект ад таго, каб да яго ставіліся як да ўтопіі. Уласна кажучы, так я ўсяго толькі засцерагаю павярхоўных крытыкаў ад глупства, якое яны могуць учыніць. Безумоўна, гэта зусім не сорам – напісаць чалавекалюбівую ўтопію. Я лягчэй дасягнуў бы літаратурнага поспеху, калі б для чытачоў, якія жадаюць пазабаўляцца, выклаў свой план у нібыта безадказнай форме рамана, аднак гэта не мілая ўтопія накшталт тых, што так часта стваралі да і пасля Томаса Мора. І я лічу, што становішча яўрэяў у розных краінах дастаткова цяжкае, каб ад самага пачатку не займацца пустой балбатнёй.

Для дэманстрацыі розніцы паміж маёй канструкцыяй і ўтопіяй я выберу цікавую кнігу, якая з’явілася ў апошнія гады: «Фрайланд» д-ра Тэадора Герцкі. Гэта дасціпная фантазія, прыдуманая цалкам сучаснай асобай з эканамічнай адукацыяй, настолькі ж далёкая ад рэальнасці, як гара на экватары, на якой знаходзіцца апісаная ў ёй дзяржава мары. «Фрайланд» – гэта складаны механізм з мноствам зубцоў і колаў, якія нават счэпленыя адно з адным, але я не бачу ніякіх доказаў, што яго можна запусціць. І нават калі я ўбачу, як ствараюцца фрайландскія таварыствы, я буду лічыць іх кур’ёзам.

Дадзены праект жа выкарыстоўвае існуючую ў рэчаіснасці рухальную сілу. Усведамляючы сваю некампетэнтнасць, я толькі сціпла ўказваю на зубцы і колы механізма, які трэба пабудаваць, і спадзяюся, што з’явяцца лепшыя за мяне механікі-практыкі.

Уся справа ў рухальнай сіле. Што ж гэта за сіла?

Гаротнае становішча яўрэяў.

Хто рашыцца аспрэчыць, што такая сіла існуе? Мы разгледзім гэта ў раздзеле, прысвечаным прычынам антысемітызму.

Вядомая сіла пары, якая ўзнікае пры награванні вады і ўзнімае накрыўку чайніка. Кіпенне чайніка – гэта сіянісцкія спробы і шматлікія іншыя формы з’яднання «дзеля абароны ад антысемітызму».

Цяпер я сцвярджаю, што такая сіла, калі яна будзе правільна выкарыстаная, дастаткова магутная, каб запусціць вялікі механізм ды пачаць перамяшчаць людзей і грузы. Механізм можа мець любы выгляд.

Я глыбока перакананы, што маю рацыю, але не ведаю, ці давяду сваю рацыю на працягу свайго жыцця. Першыя людзі, што распачнуць гэты рух, наўрад ці пабачаць ягоны слаўны канец. Але нават пачын напоўніць іх існаванне высокім гонарам і шчасцем унутранай свабоды.

Каб абараніць праект ад падазрэння ва ўтапічнасці, я ўстрымаюся ад маляўнічых дэталей пры ягоным апісанні. Я мяркую, што і без таго задуманае мной паспрабуюць абвергнуць бяздумнымі насмешкамі і перакручваннем. Адзін, зрэшты разумны, яўрэй, якому я выклаў сваю ідэю, заявіў: «Апісанне дэталей будучыні як ужо існуючых з’яўляецца прыкметай утопіі». Гэта не так. Кожны міністр фінансаў у сваім праекце дзяржаўнага бюджэту грунтуецца на будучых лічбах, і не толькі на тых, што ён выводзіць з сярэдніх лічбаў мінулых гадоў і фактычных даходаў іншых дзяржаў, але і з беспрэцэдэнтных лічбаў, як, напрыклад, пры ўвядзенні новага падатку. Гэтага не ведае толькі той, хто ніколі ў вочы не бачыў бюджэту. Ці будзе нехта лічыць праект бюджэту ўтопіяй, нават ведаючы, што папярэднія разлікі ніколі не могуць быць выкананыя зусім дакладна?

Але я выстаўляю сваім чытачам яшчэ больш жорсткія патрабаванні. Я звяртаюся да адукаваных людзей і вымагаю ад іх, каб яны перагледзелі і пераасэнсавалі многія старыя ўяўленні. І менавіта найлепшых з яўрэяў, якія займаліся вырашэннем яўрэйскага пытання, я настойліва прашу лічыць іх ранейшыя спробы бесперспектыўнымі і безвыніковымі.

Расказваючы пра сваю ідэю, я павінен супрацьстаяць адной небяспецы. Калі я буду сціпла апісваць рэчы, якія маюць адбыцца ў будучыні, то можа падацца, што я сам не веру ў іх магчымасць. Калі ж я безумоўна прадраку іх здзяйсненне, то, магчыма, усё гэта будзе выглядаць гульнёй фантазіі.

Таму я кажу ясна і цвёрда: Я веру ў магчымасць ажыццяўлення свайго плана, хаця і не адважуся сцвярджаць, што знайшоў канчатковую форму ідэі. Яўрэйская дзяржава з’яўляецца сусветнай патрэбай, значыць, яна паўстане.

Калі б справай заняўся нехта адзін, гэта было б сапраўдным вар’яцтвам. Але калі да яе адначасова далучыцца шмат яўрэяў, то гэта будзе цалкам разумна, а яе выкананне не выкліча ніякіх цяжкасцей, вартых упамінання. Ажыццяўленне ідэі залежыць толькі ад колькасці яе прыхільнікаў. Магчыма, пашырэннем ідэі зоймуцца нашы шматабяцальныя маладыя людзі, перад якімі ўжо цяпер закрытыя ўсе шляхі і якім у яўрэйскай дзяржаве адкрыюцца сонечныя перспектывы гонару, свабоды і шчасця.

Апублікаваўшы гэтую працу, я лічу сваю задачу выкананай і буду браць слова, толькі калі мяне да таго вымусяць вартыя ўвагі праціўнікі ці калі трэба будзе аспрэчваць непрадбачаныя пярэчанні ды выпраўляць памылкі.

Можа, тое, пра што я кажу, сёння яшчэ няслушнае? Можа, я апярэдзіў свой час? Можа, пакуты яўрэяў яшчэ недастаткова вялікія? Пабачым.

Толькі ад саміх яўрэяў залежыць, ці не ператворыцца гэты дакумент аб стварэнні дзяржавы проста ў раман пра дзяржаву. Калі цяперашняе пакаленне яшчэ занадта затлумленае, прыйдзе іншае, вышэйшае, лепшае пакаленне. Тыя яўрэі, якія хочуць мець сваю дзяржаву, займеюць і заслужаць яе.

Уводзіны

Эканамічныя веды тых, хто знаходзіцца ў цэнтры практычнага жыцця, часта ашаламляльна бедныя. Толькі так можна растлумачыць даверлівасць яўрэяў, якія паўтараюць збітую фразу антысемітаў пра тое, што мы жылі за кошт «народаў-гаспадароў» (тых, што прымаюць яўрэяў у сябе), і калі б каля нас не было «народа-гаспадара», мы б памерлі з голаду. Гэта адзін з момантаў, які паказвае аслабленне нашай самасвядомасці праз несправядлівыя абвінавачванні. Якая сітуацыя з паняццем «народаў-гаспадароў» у сапраўднасці? Калі яно не падразумявае старой фізіякратычнай абмежаванасці, то грунтуецца на дзіцячай памылцы, паводле якой у працэсе таваразвароту заўсёды цыркулююць адны і тыя ж рэчы. Але ж нам няма патрэбы, як Рыпу ван Вінклю, прачынацца пасля шматгадовага сну, каб зразумець, што свет мяняецца дзякуючы з’яўленню новых тавараў. У наш цудоўны (дзякуючы тэхнічнаму прагрэсу) час нават духоўна адсталы чалавек бачыць сваімі зліплымі вачамі, як вакол яго ўзнікаюць новыя тавары. Іх стварыў прадпрымальніцкі дух.

Праца без прадпрымальніцкага духу – гэта нешта нязменнае, даўняе. Яе тыповым прыкладам з’яўляецца праца земляроба, які застаўся там жа, дзе быў ягоны прабацька тысячу гадоў таму. Увесь матэрыяльны дабрабыт быў створаны прадпрымальнікамі. Мне амаль што сорамна пісаць такія банальнасці. Нават калі б мы пагалоўна былі прадпрымальнікамі, як сцвярджае ідыёцкае перабольшанне, нам бы не быў патрэбны ніякі «народ-гаспадар». Мы не залежым ад звароту адных і тых жа тавараў, бо вырабляем новыя тавары.

У нас ёсць рабы нечуванай сілы, чыё з’яўленне ў цывілізаваным свеце стварыла смяротную канкурэнцыю ручной працы, – гэта машыны. Рабочыя, бадай што, таксама патрэбныя, каб запускаць машыны, але дзеля такой неабходнасці ў нас людзей дастаткова, нават замнога. Толькі тыя, хто не ведае становішча яўрэяў шмат у якіх краінах Усходняй Еўропы, могуць сцвярджаць, што яўрэі непрыдатныя ды неахвочыя да ручной работы. Аднак у дадзенай працы я не хачу займацца абаронай яўрэяў. У гэтым не было б ніякай карысці. Усё разумнае і нават усё сентыментальнае на гэтую тэму даўно сказалі. Цяпер ужо недастаткова знаходзіць трапныя довады для розуму і сэрца, бо слухачы найперш мусяць быць здольнымі да разумення. У адваротным выпадку пропаведзь ператворыцца ў марны лямант у пустыні. Калі ж слухачы ўжо дасведчаныя, дасягнулі дастаткова высокага ўзроўню, то пропаведзь акажацца цалкам непатрэбнай. Я веру ў тое, што людзі рухаюцца да ўсё вышэйшых ступеней культуры, але лічу, што гэты рух да роспачы павольны. Калі б мы вырашылі чакаць, пакуль розум сярэдняга чалавека стане такім жа міласэрным, як у Лесінга, калі ён пісаў «Натана Мудрага», у гэтым чаканні прайшло б і наша жыццё, і жыццё нашых сыноў, унукаў дый праўнукаў. Але сусветны дух прыходзіць нам на дапамогу з іншага боку.

Тэхнічныя дасягненні прынеслі ў наша стагоддзе захапляльнае адраджэнне. Аднак гэты казачны прагрэс яшчэ не прымяняўся на карысць чалавечнасці. Адлегласці на зямной паверхні пераадоленыя, і тым не менш мы пакутуем ад цеснаты. На вялізных параходах мы цяпер хутка і бяспечна падарожнічаем па дагэтуль невядомых морах. Мы пракладаем надзейныя чыгункі ў горы, куды калісьці са страхам узбіраліся пешкі. Пра падзеі ў землях, якія яшчэ не былі нават адкрытыя ў тыя часы, калі Еўропа заганяла яўрэяў ў гета, мы даведваемся ўжо на працягу гадзіны. Вось чаму гаротнае становішча яўрэяў з’яўляецца анахранізмам – а не таму, што сто гадоў таму была эпоха асветы, якая ў сапраўднасці закранула толькі самыя шляхетныя розумы.

Так, я думаю, што электрычнае святло было вынайдзенае зусім не дзеля таго, каб некалькі снобаў асвятлялі ім свае раскошныя парадныя, а дзеля таго, каб ў ягоным ззянні вырашаліся пытанні чалавецтва. Адно з іх, і не самае малазначнае, – гэта яўрэйскае пытанне. Вырашаючы яго, мы дзейнічаем не толькі на сваю карысць, але і на карысць многіх іншых струджаных і прыгнечаных.

Яўрэйскае пытанне існуе. Было б неразумна яго адмаўляць. Яно – перацягнуты ў наш час кавалак сярэдневякоўя, з якім цывілізаваныя народы пры ўсім жаданні яшчэ не змаглі пакончыць. Велікадушнае жаданне яны ўсё ж праявілі, калі нас эмансіпіравалі. Яўрэйскае пытанне існуе ўсюды, дзе яўрэі пражываюць у прыкметнай колькасці. Туды, дзе яўрэйскага пытання няма, яго цягнуць за сабой прыезджыя яўрэі. Канечне, мы перасяляемся туды, дзе нас не праследуюць; пераслед пачынаецца з нашым з’яўленнем. Так ёсць і так будзе працягвацца ўсюды, нават у высокаразвітых краінах, – прыкладам можа быць Францыя, – пакуль яўрэйскае пытанне не вырашыцца палітычна. Цяпер бедныя яўрэі нясуць антысемітызм у Англію і ўжо прынеслі яго ў Амерыку.

Я, здаецца, разумею антысемітызм, які з’яўляецца вельмі складаным рухам. Я разглядаю яго як яўрэй, але без нянавісці і страху. Я, здаецца, магу распазнаць, дзе ў антысемітызме грубы жарт, вульгарная зайздрасць, унаследаваныя забабоны, рэлігійная нецярпімасць, а таксама дзе ў ім надуманая самаабарона. Я не лічу яўрэйскае пытанне ні сацыяльным, ні рэлігійным, нават калі яно мае адпаведную афарбоўку. Гэта нацыянальнае пытанне, і каб яго вырашыць, перш-наперш мы павінны зрабіць яго палітычным пытаннем сусветнага маштабу, якое трэба ўрэгуляваць у агульнай дыскусіі цывілізаваных народаў.

Мы народ, адзіны народ.

Мы ўсюды шчыра спрабавалі стаць непрыметнымі сярод навакольных народаў і толькі захаваць веру нашых продкаў. Нам гэтага не дазваляюць. Дарма мы робімся вернымі, а недзе нават апантанымі патрыётамі, дарма мы ахвяруем літаральна ўсім, як нашы суграмадзяне, дарма мы намагаемся пашырыць славу нашых родных краін у мастацтве і навуцы, павялічыць іх багацце з дапамогай гандлю і камерцыі. У нашых родных краінах, дзе мы жывём на працягу стагоддзяў, нас голасна абвяшчаюць чужынцамі. Часта гэта робяць тыя, чые роды яшчэ не з’явіліся ў краіне, калі нашы продкі там ужо пакутавалі. Хто ў краіне чужынец, можа вырашаць большасць. Гэта заўсёды пытанне ўлады, як і ўсё ў стасунках паміж народамі. Я ні на каліва не адмаўляюся ад нашага права, набытага за даўнасцю гадоў, калі кажу гэта ў якасці нікім не ўпаўнаважанай асобы. Пры цяперашнім становішчы ў свеце і, пэўна, у агляднай будучыні сіла будзе вышэйшай за права. Таму дарма мы ўсюды робімся шчырымі патрыётамі, такімі ж, як гугеноты, якіх вымусілі перасяліцца. Каб толькі нас пакінулі ў спакоі…

Але я думаю, нас у спакоі не пакінуць. Нас не знішчыць уціскам і пераследам. Ніводзін народ у гісторыі не спазнаў столькі змагання і пакут, як мы. Пераслед яўрэяў заўсёды прыводзіў толькі да адпадзення слабых: калі ён распачынаецца, моцныя яўрэі ўпарта вяртаюцца да сваіх каранёў. Гэта можна было ясна назіраць адразу пасля эмансіпацыі яўрэяў. Тыя яўрэі, што ў інтэлектуальным і матэрыяльным плане стаялі вышэй за іншых, цалкам страцілі пачуццё згуртаванасці. Калі спрыяльныя палітычныя ўмовы працягнуцца некаторы час, мы асімілюемся ўсюды. Я думаю, у гэтым няма нічога ганебнага. Дзяржаўны дзеяч, які пажадаў бы сваёй нацыі атрымаць дамешак яўрэйскай расы, мусіў бы на працяглы час забяспечыць спрыяльныя палітычныя ўмовы. Але гэта не ўдалося б нават Бісмарку,

бо ў народнай душы глыбока ўкараніліся забабоны супраць нас. Той, хто хоча ў гэтым пераканацца, можа прыслухацца да шчырых і простых выказванняў народа – яго казкі і прымаўкі антысеміцкія. Народ усюды – вялікае дзіця, якое, безумоўна, можна выхоўваць, аднак гэтае выхаванне пры самых спрыяльных умовах патрабуе такога неймавернага часу, што мы самі, як я ўжо казаў, нашмат хутчэй зможам дапамагчы сабе іншым чынам.

Пад асіміляцыяй я разумею нават не вонкавы бок – адзенне, пэўныя звычкі, традыцыі і мову, – а выраўноўванне складу думак і ладу жыцця. Такой асіміляцыі яўрэяў можна было б дасягнуць усюды толькі праз мяшаныя шлюбы. Але большасць павінна была б успрымаць іх як патрэбу – абвясціць мяшаны шлюб дапушчальным у любым выпадку будзе недастаткова. Венгерскія лібералы, якія ўжо дазволілі мяшаныя шлюбы, робяць паказальную памылку. Такі мяшаны шлюб, аформлены ў рамках дактрыны, быў добра праілюстраваны адным з першых прыкладаў: ахрышчаны яўрэй ажаніўся з яўрэйкай. Пры тым барацьба за сучасную форму шлюбу ў шмат разоў абвастрыла ў Венгрыі супярэчнасці паміж хрысціянамі і яўрэямі і тым самым болей нашкодзіла, чым дапамагла змяшэнню рас. У таго, хто сапраўды жадае яўрэям гібелі праз змяшэнне, ёсць для гэтага толькі адна магчымасць. Яўрэі спачатку мусілі б дасягнуць настолькі вялікай эканамічнай моцы, каб дзякуючы ёй былі б пераадоленыя старыя грамадскія забабоны. Прыкладам можа служыць арыстакратыя, сярод якой мяшаныя шлюбы распаўсюджаны параўнальна часта. Старая шляхта ўзбагачаецца за кошт яўрэйскіх грошай, і пры гэтым яўрэйскія сем’і паглынаюцца. Але як бы выглядала гэтая з’ява ў сярэдніх слаях, для якіх яўрэйскае пытанне найбольш важнае, бо яўрэі – народ сярэдняга саслоўя? Там дасягненне моцы азначала б эканамічнае панаванне яўрэяў, пра якое і без таго памылкова заяўляюць ужо цяпер. А калі ўжо пры цяперашняй моцы яўрэяў антысеміты шалеюць, заклікаючы ад яе ратавацца, то да якіх выбухаў прывядзе яе далейшы рост! Першы этап паглынання правесці немагчыма, бо гэта азначала б занявольванне большасці яшчэ нядаўна пагарджанай меншасцю, у якой няма ні ваеннай, ні адміністратыўнай улады. Таму я лічу паглынанне яўрэяў праз іх росквіт таксама неверагодным. У цяперашніх антысеміцкіх краінах са мной пагодзяцца. У іншых краінах, дзе на дадзены момант яўрэі пачуваюцца добра, мае супляменнікі, магчыма, будуць жорстка аспрэчваць мае сцвярджэнні. Яны павераць мне толькі тады, калі іх зноў пачнуць праследаваць. І чым даўжэй антысемітызм прымушае сябе чакаць, тым больш жахлівым ён будзе. Інфільтрацыя прыезджых, якіх прыцягвае ўяўная бяспека, жорстка сутыкнецца з ростам класавага руху аўтахтонных яўрэяў, што прывядзе да катастрофы. Няма нічога прасцейшага за гэты лагічны вывад.

Паколькі я зрабіў яго, не лічачыся ні з чым, акрамя праўды, да мяне паставяцца варожа і будуць супярэчыць яўрэі, якія жывуць у спрыяльных абставінах. Тут вядзецца выключна пра прыватныя інтарэсы, чые носьбіты праз сваю абмежаванасць і баязлівасць адчуваюць сябе пад пагрозай, і можна было б з усмешкай і пагардай не зважаць на іх, бо справа бедных і прыгнечаных больш важная. Аднак я ад самага пачатку не хачу, каб з’явіліся памылковыя думкі пра тое, што калі ў будучыні мой план ажыццявіцца, заможныя яўрэі могуць страціць усё сваё багацце. Таму я хачу падрабязна растлумачыць маёмасныя пытанні. Калі ж мая ідэя не сягне за літаратурныя межы, то ўсё так ці іначай застанецца па-старому. Больш сур’ёзным быў бы папрок, што я дапамагаю антысемітам, называючы наш народ адзіным народам, бо перашкаджаю асіміляцыі яўрэяў там, дзе яна павінна адбыцца, а там, дзе яна адбылася, стаўлю яе постфактум пад пагрозу настолькі, наколькі пісьменнік-адзіночка можа ўвогуле чаму-небудзь перашкаджаць ці пагражаць.

Такі папрок гучаў галоўным чынам у Францыі. Я чакаю яго таксама з іншых месцаў, але хачу найперш адказаць французскім яўрэям, бо яны з’яўляюцца самым яркім прыкладам.

Як бы я ні шанаваў асобу, ці то моцную індывідуальную асобу дзяржаўнага дзеяча, вынаходніка, мастака, філосафа ці палкаводца, ці то калектыўную асобу гістарычнай групы людзей, якую мы называем народам, – як бы я ні шанаваў асобу, я не шкадую пра яе скон. Той хто можа, хоча і мусіць сканаць, павінен сканаць. Але калектыўная асоба яўрэяў не можа, не хоча і не мусіць сканаць. Яна не можа сканаць, бо вонкавыя ворагі ўтрымліваюць яе разам. Яна не хоча сканаць і давяла гэта дзвюма тысячагоддзямі неймаверных пакут. Яна не мусіць сканаць, і ўслед за шматлікімі іншымі яўрэямі, якія не страцілі надзею, я паспрабую даказаць гэта ў сваёй працы. Цэлыя галіны яўрэйства могуць адмерці, апасці – дрэва ж працягвае жыць.

Калі ж цяпер усе ці некаторыя французскія яўрэі пратэстуюць супраць гэтага праекта, таму што яны ўжо «асіміляваліся», то мой адказ просты: уся гэтая справа вас не тычыцца. Вы французы-ізраэліты – цудоўна! А гэта ўнутранае пытанне яўрэяў.

У любым выпадку прапанаваны мной дзяржаваўтваральны рух нашкодзіў бы французам-ізраэлітам так жа мала, як і «асіміляваным» з іншых краін. На карысць ён быў бы ім, на карысць! Бо нічога ўжо не будзе перашкаджаць іх «храматычнай адаптацыі», калі карыстацца словамі Дарвіна. Яны маглі б спакойна асімілявацца, бо сённяшні антысемітызм назаўсёды спыніўся б. Ім, канечне, паверылі б, што яны асіміляваліся да самых глыбінь душы, калі б паўстала яўрэйская дзяржава са сваімі лепшымі ўстановамі, а яны ўсё ж засталіся б там, дзе цяпер пражываюць.

Яшчэ больш пераваг маглі б атрымаць «асіміляваныя» ў параўнанні з грамадзянамі хрысціянскага веравызнання дзякуючы аддаленню ад верных свайму роду яўрэяў. Бо асіміляваныя пазбавіліся б трывожнай, непрадказальнай, непазбежнай канкурэнцыі з яўрэйскім пралетарыятам, якіх праз палітычны ўціск і цяжкае эканамічнае становішча кідае з месца на месца, з краіны ў краіну. Такі пралетарыят, што знаходзіцца ў рухомым стане, укараніўся б. Зараз некаторыя грамадзяне хрысціянскага веравызнання – іх называюць антысемітамі – могуць супраціўляцца іміграцыі замежных яўрэяў. Грамадзяне-ізраэліты не маюць такой магчымасці, хаця яны нашмат мацней пакутуюць ад іміграцыі, бо ў першую чаргу зазнаюць канкурэнцыю з людзьмі з аналагічных эканамічных умоў, якія да таго ж імпартуюць антысемітызм ці абвастраюць існуючы. Гэтаму таемнаму гору асіміляваныя знаходзяць выхад у «дабрачынных» арганізацыях. Яны засноўваюць эміграцыйныя суполкі для прыезджых яўрэяў. У гэтай з’яве спалучаецца супрацьлеглае, што можна было б палічыць камічным, калі б вялося не пра людзей, якія пакутуюць. Некаторыя з такіх суполак дзейнічаюць не на карысць гнаных яўрэяў, а супраць іх. Самых бедных належыць прыбраць як мага хутчэй і як мага далей. Такім чынам, пры бліжэйшым разглядзе выяўляецца, што некаторыя прытворныя прыхільнікі яўрэяў з’яўляюцца ўсяго толькі антысемітамі яўрэйскага паходжання, пераапранутымі ў дабрачынцаў.

І нават спробы каланізацыі з ініцыятывы сапраўды добранамерных людзей дагэтуль не апраўдвалі надзей, хаця гэта былі цікавыя спробы. Я не думаю, што для кагосьці гэта было проста гульнёй – прымушаць бедных яўрэяў падарожнічаць, як коней прымушаюць скакаць. Усё ж справа занадта сур’ёзная і сумная. Гэтыя спробы былі цікавымі, бо яны сталі практычным прадвесцем ідэі яўрэйскай дзяржавы ў мініяцюры. Яны былі нават карыснымі, бо на дапушчаных памылках можна вучыцца пры рэалізацыі ідэі ў вялікіх маштабах. Вядома, гэтыя спробы нарабілі таксама і шкоды. Перанос антысемітызму ў новыя краіны, што з’яўляецца непазбежным вынікам штучнай інфільтрацыі такога роду, я лічу яшчэ найменшай непрыемнасцю. Горш тое, што нездавальняючыя рэзультаты выклікаюць у саміх яўрэяў сумненні ў прыдатнасці яўрэйскага чалавечага рэсурсу. Але такія сумненні ў разумных людзей можна пераадолець наступнай простай аргументацыяй. Тое, што немэтазгодна і невыканальна ў малых маштабах, неабавязкова будзе такім у вялікіх. Малое прадпрыемства можа цярпець страты ў тых жа ўмовах, у якіх вялікае будзе выгадным. Па малым ручаі немагчыма плысці нават на лодцы, а па рацэ, у якую ён упадае, ходзяць вялікія жалезныя судны.

Няма нікога дастаткова моцнага і багатага, каб перанесці народ з аднаго месца жыхарства ў іншае. Гэта здолее толькі ідэя – ідэя дзяржавы можа мець для гэтага сілу. Усю доўгую ноч сваёй гісторыі яўрэі бесперапынна песцілі гэтую каралеўскую мару. «Праз год у Іерусаліме!» – кажам мы здаўна. Цяпер вядзецца пра тое, каб паказаць, што мара можа ператварыцца ў ясную як дзень ідэю.

Для гэтага розумам людзей перш за ўсё трэба вызваліцца ад розных даўніх, састарэлых, блытаных, абмежаваных уяўленняў, зрабіцца tabula rasa. Так, дурныя галовы адразу вырашаць, што гэта будзе падарожжа з цывілізацыі ў пустыню. Няпраўда! Падарожжа будзе праходзіць у межах цывілізацыі. Не будзе вяртання на прыступку ніжэй, мы падымемся на прыступку вышэй. Мы заселімся не ў мазанкі, а ў прыгажэйшыя, сучасныя дамы, якія мы пабудуем і якімі будзем бяспечна валодаць. Мы не страцім набытае дабро, а будзем ім карыстацца. Мы будзем адмаўляцца ад сваіх правоў толькі дзеля большых правоў. Мы не будзем расставацца з дарагімі нам звычаямі, мы вернем іх. Нам не давядзецца пакідаць стары дом да таго, як будзе гатовы новы. Перасяляцца будуць толькі тыя, хто ўпэўнены, што так палепшаць сваё становішча. Спачатку тыя, хто страціў надзею, затым бедныя, затым заможныя, затым багатыя. Тыя, хто пераселіцца раней, пяройдуць у вышэйшы клас, роўны таму, прадстаўнікі якога яшчэ не пачалі прыбываць. Перасяленне – гэта адначасова класавы рост.

Ад’езд яўрэяў не выкліча ніякіх эканамічных праблем, крызісаў і пераследу, наадварот, у пакінутых краінах пачнецца перыяд росквіту. Пачнецца ўнутранае перамяшчэнне грамадзян хрысціянскага веравызнання на вызваленыя яўрэямі пазіцыі. Адток яўрэяў будзе паступовым, без аніякага ўзрушэння, і ўжо ягоны пачатак будзе азначаць канец антысемітызму. Яўрэяў праводзяць як паважаных сяброў, а калі потым некаторыя вернуцца, у цывілізаваных краінах іх будуць сустракаць і абыходзіцца з імі так жа прыхільна, як з прадстаўнікамі іншых дзяржаў. Гэтае перасяленне – зусім не ўцёкі, а ўпарадкаваны рух пад кантролем грамадскасці. Яго трэба пачынаць не проста абсалютна законнымі сродкамі – яго ўвогуле можна ажыццяўляць толькі пры сяброўскім удзеле зацікаўленых урадаў, якія будуць атрымліваць ад перасялення значную карысць.

Неабходныя гарантыі чысціні ідэі і сілы яе ўвасаблення, якія можна атрымаць толькі ў так званых «маральных» ці «юрыдычных» асоб. Я хачу раздзяліць абодва азначэнні, якія ў юрыдычнай мове часта блытаюць. Пад маральнай асобай, якая з’яўляецца суб’ектам права па-за сферай прыватнай маёмасці, я разумею Society of Jews (Яўрэйскае таварыства). Побач стаіць юрыдычная асоба Jewish Company (Яўрэйскай кампаніі), якая з’яўляецца эканамічным органам.

Чалавек, які б сам-адзін усяго толькі намерыўся ўзяцца за такую гіганцкую справу, можа быць адно падманшчыкам ці вар’ятам. Чыстату маральнай асобы гарантуе характар яе членаў. Дастатковасць сілы юрыдычнай асобы вызначаецца яе капіталам.

Папярэднімі заўвагамі я хацеў толькі мімаходзь збіць першую хвалю пярэчанняў, якую павінен выклікаць сам выраз «яўрэйская дзяржава». З гэтага моманту мы будзем выказвацца значна спакайней, абвяргаць іншыя пярэчанні, больш грунтоўна тлумачыць некаторыя рэчы, якія мы закранулі раней, хаця ў інтарэсах гэтай працы (яна павінна чытацца лёгка) мы будзем па магчымасці пазбягаць грувасткасці. Кароткія афарыстычныя раздзелы адпавядаюць такой мэце бадай што найлепш.

Калі я на месцы старога будынка хачу паставіць новы, мне трэба спачатку заняцца разбурэннем, а ўжо потым будаваць. Дык вось, я хачу прытрымлівацца такой разумнай паслядоўнасці. Спачатку ў агульнай частцы неабходна высветліць паняцці, ліквідаваць цьмяныя састарэлыя ўяўленні, вызначыць палітычныя ды эканамічныя перадумовы і распрацаваць план.

У асаблівай частцы, якая складаецца з трох асноўных раздзелаў, я апішу выкананне плана. Асноўныя раздзелы: Яўрэйская кампанія, мясцовыя групы і Яўрэйскае таварыства. Хаця Таварыства павінна з’явіцца раней за Кампанію, у праекце лепш апісаць іх у адваротным парадку, бо найбольшыя сумненні будзе выклікаць фінансавая ажыццявімасць праекта, і таму іх трэба абвергнуць у першую чаргу.

У заключным слове будзе дадзены канчатковы адказ на ўсе астатнія магчымыя пярэчанні. Спадзяюся, мае яўрэйскія чытачы цярпліва пойдуць за мной да канца. У кагосьці пярэчанні будуць узнікаць не ў тым парадку, у якім іх абвяржэнне выкладзена тут. Але тыя, чые сумненні рассеяцца разумнымі довадамі, павінны аддаць справе належнае.

Апелюючы да розуму, я ўсё ж ведаю, што аднаго толькі розуму недастаткова. Старыя вязні неахвотна пакідаюць свае турмы. Паглядзім, ці падрасла патрэбная нам моладзь, якая зацікавіць справай старых, панясе іх на сваіх моцных руках і ператворыць довады розуму ў энтузіязм.

 

Агульная частка

Яўрэйскае пытанне

Ніхто не будзе аспрэчваць гаротнае становішча яўрэяў. Ва ўсіх краінах, дзе яны пражываюць у прыкметнай колькасці, іх у большай ці меншай ступені праследуюць. Амаль усюды раўнапраўе ў адносінах да іх фактычна ліквідаванае, няхай яно і прапісанае ў заканадаўстве. Для іх недасягальныя нават пасады сярэдняга ўзроўню ў войску, грамадскіх і прыватных установах. Іх спрабуюць выцесніць з дзелавой сферы: «Не купляйце ў яўрэяў!»

Нападкі ў парламентах, на сходах, у прэсе, з царкоўных амбонаў, на вуліцы, у падарожжы, забароны сяліцца ў пэўных гатэлях і нават месцах адпачынку множацца з кожным днём. Пераслед мае розны характар у залежнасці ад краіны і грамадскага кола. У Расіі яўрэйскія вёскі спальваюцца, у Румыніі некаторых яўрэяў забіваюць, у Германіі час ад часу збіваюць, у Аўстрыі антысеміты цалкам тэрарызуюць грамадскае жыццё, у Алжыры выступаюць вандроўныя прапаведнікі-правакатары, у Парыжы так званы вышэйшы свет закрыты для яўрэяў, іх не дапускаюць у клубы. Варыянты пераследу незлічоныя. Урэшце, няма патрэбы плаксіва пералічваць тут усе яўрэйскія скаргі. Мы не будзем спыняцца на дэталях, якімі б балючымі яны ні былі.

У мяне няма намеру нікога расчуліць. Гэта было б недарэчна, недастойна і не мела б сэнсу. Я абмяжуюся тым, што спытаю ў яўрэяў: ці праўда, што ў тых краінах, дзе мы пражываем у прыкметнай колькасці, становішча яўрэйскіх адвакатаў, дактароў, тэхнікаў, настаўнікаў і служачых робіцца ўсё больш невыносным? Ці праўда, што ўсё яўрэйскае сярэдняе саслоўе ў сур’ёзнай небяспецы? Ці праўда, што ўвесь шал чэрні накіроўваюць супраць нашых багатых? Ці праўда, што нашы беднякі пакутуюць нашмат больш, чым усякі іншы пралетарыят?

Я думаю, ціск прысутнічае ўсюды. У найвышэйшых эканамічных слаях яўрэяў ён выклікае дыскамфорт, у сярэдніх слаях – цяжкую глухую прыгнечанасць, а ў ніжэйшых – поўную роспач.

Фактычна ўсюды ўсё зводзіцца да аднаго, што можна выразіць класічным берлінскім заклікам: «Яўрэі, прэч!»

Цяпер я задам яўрэйскае пытанне ў самай сціслай форме: ужо час ісці «прэч»? І куды?

Ці мы яшчэ можам застацца? І як доўга?

Спачатку зоймемся пытаннем, ці заставацца. Можам мы спадзявацца на лепшыя часы, набрацца цярпення і з пакорай перад божай воляй чакаць, што ўладары і народы зробяцца да нас больш міласцівымі? Я сцвярджаю, што мы не можам чакаць, пакуль рэкі пацякуць назад. Чаму? Уладары – нават калі мы будзем настолькі ж блізкія іх сэрцам, як і іншыя грамадзяне, – не змогуць нас абараніць. Нянавісць супраць яўрэяў пяройдзе на саміх уладароў, калі яны праявяць да яўрэяў зашмат прыхільнасці. Пад гэтым «зашмат» трэба разумець значна меншае, чым тое, на што прэтэндуе кожны звычайны грамадзянін і кожнае племя. Народы, сярод якіх пражываюць яўрэі, усе без выключэння з’яўляюцца сарамлівымі ці бессаромнымі антысемітамі.

Просты народ не разумее і не можа разумець гістарычныя працэсы. Ён не ведае, што грахі сярэдневякоўя цяпер вяртаюцца да еўрапейскіх народаў. Мы тыя, кім нас зрабілі ў гета. Мы, несумненна, дасягнулі перавагі ў фінансах, бо ў сярэднія вякі нас вымусілі да гэтага. Цяпер працэс паўтараецца. Нас зноў выціскаюць у фінансы – цяпер гэта называецца біржай, – адсякаючы ад іншых галін эканамічнай дзейнасці. Калі ж мы займаемся біржай, то гэта зноў жа робіцца прычынай нашага ганьбавання. Пры гэтым мы нястомна множым сярэдніх інтэлігентаў, якія не знаходзяць выхаду і праз гэта ўяўляюць такую ж грамадскую небяспеку, як і рост нашага багацця. Адукаваныя немаёмныя яўрэі цяпер пагалоўна робяцца сацыялістамі. Сацыяльныя бітвы мусілі б несумненна праходзіць па нашых спінах, бо як у капіталістычным, так і ў сацыялістычным лагеры мы займаем самыя небяспечныя пазіцыі.

 

Папярэднія спробы вырашэння

Штучныя сродкі, якія прымяняліся для пераадолення гаротнага становішча яўрэяў, былі ці то дробязнымі, як, напрыклад, разнастайныя спробы каланізацыі, ці то няправільна задуманымі, як, напрыклад, спробы ператварыць яўрэяў у сялян на іх цяперашняй радзіме.

Што адбываецца, калі пару тысяч яўрэяў перасяляюць у іншае месца? Яны працвітаюць, і разам з іх багаццем расце антысемітызм, – ці адразу гінуць. Мы ўжо разглядалі папярэднія спробы выселіць бедных яўрэяў у іншыя краіны. Такога высялення ў любым выпадку недастаткова, яно бязмэтнае, а можа, нават супярэчыць мэце. Тым самым вырашэнне адтэрміноўваецца, зацягваецца, і, бадай што, нават ускладняецца.

Той жа, хто збіраецца ператварыць яўрэяў у земляробаў, робіць дзіўную памылку. Селянін – гістарычная катэгорыя, аб гэтым можна меркаваць па ягоным адзенні, якое ў многіх краінах не мяняецца стагоддзямі, а таксама па працоўных прыладах, якімі карысталіся ў часы далёкіх продкаў. Ягоны плуг застаўся такім жа, ён сам сее з фартуха, косіць дагістарычнай касой і малоціць цэпам. Але ж мы знаем, што цяпер для ўсяго гэтага ёсць машыны. Аграрнае пытанне – гэта толькі пытанне тэхнікі. Амерыка пераможа Еўропу, як буйныя землеўладанні паглынаюць дробныя. Такім чынам, селянін – гэта фігура, асуджаная на выміранне. Калі нехта спрабуе штучна захаваць сялянства, то робіць гэта зыходзячы з палітычных інтарэсаў, якім яно павінна служыць. Ствараць новых сялян па старым рэцэпце – гэта немагчымае і неразумнае пачынанне. Няма нікога дастаткова багатага і моцнага, каб гвалтоўна павярнуць цывілізацыю назад. Захаванне састарэлых парадкаў – гэта ўжо велізарная задача, для выканання якой ледзь хапае сродкаў прымусу нават у аўтакратычнай дзяржаве. Ці напраўду мы будзем патрабаваць ад адукаванага яўрэя, каб ён стаў селянінам на стары манер? Гэта было б тое самае, як калі б яўрэю сказалі: «Вось табе арбалет, ідзі на вайну!» Што? З арбалетам, калі ў іншых ёсць малакаліберныя вінтоўкі і крупаўскія гарматы? Яўрэі, якіх хочуць перарабіць у сялян, цалкам маюць рацыю, калі пры такіх умовах не жадаюць скрануцца з месца. Арбалет – цудоўная зброя, і ў вольны час ён настройвае мяне на элегічны лад, але яго месца – у музеі.

Вядома, ёсць рэгіёны, дзе даведзеныя да роспачы яўрэі працуюць ці гатовыя працаваць у полі. Пры гэтым выяўляецца, што тыя месцы – напрыклад, анклавы ў Гесэне ў Германіі і некаторыя правінцыі Расіі – галоўнае логава антысемітызму.

Дабрадзеі чалавецтва, якія пасылаюць яўрэя ў поле, забываюць пра адну вельмі важную асобу, якая мае шмат чаго аб гэтым сказаць. Гэта селянін. І селянін цалкам мае рацыю. Пазямельны падатак, рызыка страціць ураджай, уціск з боку вялікіх землеўладальнікаў, у якіх ніжэйшы сабекошт, і ў асаблівасці канкурэнцыя з боку Амерыкі робяць яго жыццё даволі несалодкім. Акрамя таго, мыта на збожжа не можа расці бясконца. Фабрычнага рабочага таксама нельга марыць голадам. Ягоны палітычны ўплыў расце, таму з ім трэба ўсё больш і больш лічыцца.

Усе гэтыя цяжкасці добра вядомыя, таму я толькі мімаходзь упамінаю іх. Я толькі хацеў указаць на тое, наколькі папярэднія спробы, зробленыя са свядомым і ў бальшыні выпадкаў пахвальным намерам, не мелі ніякай вартасці. Ні высяленне людзей, ні штучнае зніжэнне інтэлектуальнага ўзроўню нашага пралетарыяту не змогуць дапамагчы. Цудадзейны сродак для асіміляцыі мы ўжо абмяркоўвалі.

Такім шляхам з антысемітызмам не справіцца. Яго немагчыма ліквідаваць, пакуль не ліквідаваныя яго прычыны. Але ці магчыма іх знішчыць?

 

Прычыны антысемітызму

Цяпер мы пагаворым не пра псіхалагічныя прычыны, старыя забабоны і абмежаванасць, а пра палітычныя і эканамічныя прычыны. Сучасны антысемітызм нельга блытаць з рэлігійнай нянавісцю да яўрэяў у былыя часы, нягледзячы на тое, што ў некаторых краінах ён і мае канфесійную афарбоўку. Сённяшні антысеміцкі рух характарызуецца іншым. У тых краінах, дзе ў асноўным распаўсюджаны антысемітызм, ён з’яўляецца вынікам эмансіпацыі яўрэяў. Калі цывілізаваныя народы ўсвядомілі бесчалавечнасць дыскрымінацыйных законаў і вызвалілі нас, то гэтае вызваленне спазнілася. Заканадаўчым шляхам у нашых ранейшых месцах пражывання эмансіпіраваць нас было ўжо немагчыма. У гета мы неверагодным чынам развіліся ў народ сярэдняга саслоўя і выявіліся страшнымі канкурэнтамі для сярэдняга саслоўя іншых народаў. У выніку эмансіпацыі мы раптоўна аказаліся ў коле буржуазіі і вымушаныя трываць падвойны ціск – знутры і звонку. Хрысціянская буржуазія была б, пэўна, не супраць аддаць нас у ахвяру сацыялізму, хаця гэта і мала дапамагло б.

Тым не менш, там, дзе на заканадаўчым узроўні замацаванае раўнапраўе яўрэяў, яго ўжо немагчыма скасаваць. Не толькі таму, што гэта супярэчыла б духу сучаснасці, але і таму, што гэта прывяло б усіх яўрэяў, і бедных і багатых, у шэрагі рэвалюцыйных партый. Уласна кажучы, супраць нас няма ніякіх эфектыўных сродкаў. Раней у яўрэяў забіралі іхнія ювелірныя вырабы. А як сёння можна дабрацца да рухомай маёмасці? Яна ў выглядзе друкаваных кавалачкаў паперы схаваная недзе па ўсім свеце, магчыма, у хрысціянскіх касах. Зразумела, можна ўвесці падаткі на акцыі і прывілеяваныя аблігацыі чыгункі, прамысловых прадпрыемстваў рознага кшталту, а там, дзе існуе прагрэсіўны падаходны падатак, ёсць магчымасць ахапіць увесь комплекс рухомай маёмасці. Аднак захады падобнага роду не могуць быць скіраваныя выключна супраць яўрэяў, і ў тых краінах, дзе іх захочуць зрабіць, адразу наступіць цяжкі эканамічны крызіс, які ніяк не абмяжуецца яўрэямі, хаця і закране іх у першую чаргу. Праз такую немагчымасць падступіцца да яўрэяў нянавісць толькі ўзмацняецца і становіцца больш жорсткай. Антысемітызм расце сярод народаў з кожным днём, з кожнай гадзінай і будзе расці далей, бо прычыны застаюцца, і іх немагчыма ліквідаваць. Яго causa remota (далёкая прычына) – гэта страта нашай здольнасці да асіміляцыі ў сярэдневякоўі. Яго causa proxima (блізкая прычына) – лішак нашай сярэдняй інтэлігенцыі, у якой няма магчымасці рухацца ўніз ці ўверх, прынамсі, адсутнічае здаровы рух уніз ці ўверх. Пры руху ўніз мы пралетарызуемся, ператвараемся ў прыхільнікаў пераваротаў, становімся унтэр-афіцэрамі ўсіх рэвалюцыйных партый, і адначасова з гэтым расце наша надзвычайная фінансавая моц.

 

Уплыў антысемітызму

Уціск, які на нас аказваюць, нас не паляпшае. Мы нічым не адрозніваемся ад іншых людзей. Гэта безумоўная праўда, што мы не любім сваіх ворагаў, але толькі той, хто змог сам сябе пераадолець, мае права нас гэтым папракнуць. Уціск натуральным чынам спараджае ў нас варожасць да прыгнятальнікаў, а яна ў сваю чаргу ўзмацняе ўціск.

З гэтага зачараванага кола няма выхаду.

«Усё ж ёсць!» – скажуць мяккасардэчныя летуценнікі, – «Так, гэта магчыма – з дапамогай дабрыні людзей, якую трэба разбудзіць».

Няўжо мне сапраўды трэба даказваць, што гэта проста сентыментальная лухта? Той, для каго паляпшэнне стану засноўваецца на ўсеагульнай дабрыні людзей, хай лепш сапраўды напіша ўтопію!

Я ўжо згадваў нашу «асіміляцыю». Я ніколі не сцвярджаў, што жадаю яе. Наш народ надта славуты ў гісторыі і, нягледзячы на ўсе прыніжэнні, надта высакародны, каб можна было жадаць яго знікнення. Магчыма, мы паўсюдна змаглі б бясследна растаць у народах, якія нас акружаюць, калі б нас пакінулі ў спакоі на працягу двух пакаленняў, але нас у спакоі не пакінуць. Пасля кароткіх перыядаў цярпімасці зноў і зноў прачынаецца варожасць да нас. Падобна, што наш дабрабыт чымсьці раздражняе свет, бо ён на працягу стагоддзяў прызвычаіўся лічыць яўрэяў самымі нікчэмнымі сярод беднякоў. Пры гэтым праз няведанне ці абыякавасць ніхто не заўважае, што дабрабыт аслабляе нас як яўрэяў і сцірае нашы адметнасці. Толькі ўціск вяртае нас да бацькоўскіх каранёў, толькі нянавісць навакольнага асяроддзя зноў робіць нас чужынцамі. Таму мы ёсць і будзем, хочам мы таго ці не, пазнавальнай згуртаванай гістарычнай групай.

Мы народ – вораг робіць нас ім незалежна ад нашага жадання, і так у гісторыі было заўсёды. Прыгнёт яднае нас, і тут мы раптам усведамляем сваю сілу. Так, у нас ёсць сілы стварыць дзяржаву, нават узорную дзяржаву. Мы маем усе неабходныя для гэтага чалавечыя і матэрыяльныя рэсурсы.

Уласна кажучы, тут было б да месца паразмаўляць пра наш «чалавечы рэсурс», калі ўжываць гэты крыху грубаваты выраз, але перад тым трэба ў агульных рысах пазнаёміцца з планам, з якога ўсё вынікае.

 

План

Сам план па сваёй структуры бясконца просты і, канечне, павінен быць такім, каб яго зразумелі ўсе.

Няхай нам дадуць суверэнітэт на кавалку зямной паверхні, дастатковым для задавальнення справядлівых патрэб нашага народа, усё астатняе мы забяспечым сабе самі.

Ва ўзнікненні новай суверэннай дзяржавы няма нічога смешнага ці немагчымага. Пры нашым жыцці мы назіралі такое ў народаў, што не толькі не належаць да сярэдняга саслоўя, як мы, але і ў бяднейшых, менш адукаваных, і, адпаведна, слабейшых за нас. Урады паражоных антысемітызмам дзяржаў жыццёва зацікаўленыя ў забеспячэнні нашага суверэнітэту.

Для вырашэння гэтай прынцыпова простай, але складанай для ажыццяўлення задачы будуць створаныя два вялікія органы: Яўрэйскае таварыства і Яўрэйская кампанія.

Яўрэйскае таварыства будзе праводзіць навуковую і палітычную падрыхтоўку, а Яўрэйская кампанія зоймецца практычнымі пытаннямі.

Яўрэйская кампанія будзе ліквідаваць маёмасныя інтарэсы яўрэяў, што ад’язджаюць, і арганізуе эканамічную дзейнасць у новай краіне.

Не трэба думаць, што, як я ўжо казаў, ад’езд яўрэяў будзе нечым раптоўным. Ён будзе паступовым і расцягнецца на дзесяцігоддзі. Спачатку паедуць найбяднейшыя, якія будуць асвойваць зямлю. Згодна з папярэдне вызначаным планам яны пачнуць будаваць дарогі, масты, чыгункі, тэлеграфы, рэгуляваць рэкі і ўзводзіць для сябе дамы. У выніку іх працы завяжуцца эканамічныя стасункі, якія створаць рынкі, што прывабяць новых пасяленцаў, бо ўсе будуць прыязджаць дабравольна, на свой страх і рызыку. Укладзеная ў зямлю праца падвысіць яе кошт, і яўрэі хутка пераканаюцца, што для іх прадпрымальніцкага духу, які дагэтуль выклікаў нянавісць і пагарду, адкрываюцца новыя прасторы.

Нельга ствараць краіну такім спосабам, які тысячу гадоў таму быў адзіна магчымым. Неразумна вяртацца на былы ўзровень развіцця цывілізацыі, як гэта прапануюць некаторыя сіяністы. Калі нам, скажам, спатрэбілася б ачысціць краіну ад дзікіх жывёл, мы не рабілі б гэта на манер еўрапейцаў пятнаццатага стагоддзя. Мы не сталі б выходзіць па адным з дзідай і пікай супраць мядзведзяў, а арганізавалі б вялікае вясёлае паляванне, сабралі звяроў разам і скінулі на іх бомбу, начыненую мелінітам.

Мы не будзем узводзіць бездапаможныя будынкі на палях дзе-небудзь на беразе возера, а пабудуем іх так, як гэта робіцца цяпер. Мы будзем будаваць смялей і велічней, чым калісьці раней, бо для гэтага ў нас ёсць магчымасці, якіх ніколі не было ў гісторыі.

За ніжэйшымі эканамічнымі слаямі мала-памалу пойдуць вышэйшыя. Даведзеныя да роспачы пойдуць першымі. Іх будзе весці гнаная ўсюды сярэдняя інтэлігенцыя, якой мы маем лішак.

Мая праца павінна выклікаць агульную дыскусію па пытанні перасялення яўрэяў, але гэта не азначае, што трэба будзе праводзіць галасаванне. Яно адразу загубіць справу. Хто не з намі, можа заставацца. Пярэчанне асобных індывідуумаў не мае значэння.

Хто пойдзе з намі, няхай становіцца пад нашы сцягі і змагаецца вусным і пісьмовым словам, а таксама справай.

Яўрэі, якія абвесцяць сябе прыхільнікамі ідэі нашай дзяржаўнасці, збяруцца вакол Яўрэйскага таварыства. Дзякуючы гэтаму яно заваюе неабходны аўтарытэт з боку ўрадаў, каб гаварыць і весці перамовы ад імя яўрэяў. Таварыства будзе прызнанае дзяржаваўтваральнай сілай, калі карыстацца аналогіяй з міжнародным правам. Пасля такога прызнання дзяржаву можна будзе лічыць створанай.

Калі дзяржавы выявяць гатоўнасць гарантаваць яўрэйскаму народу суверэнітэт нейтральнай краіны, Таварыства пачне перамовы наконт выбару тэрыторыі. Разглядаюцца дзве: Палесціна і Аргенціна. У абодвух месцах адбываліся вартыя ўвагі спробы каланізацыі, Прынамсі, у адпаведнасці з памылковым прынцыпам паступовай інфільтрацыі яўрэяў. Інфільтрацыя заўсёды заканчваецца кепска, бо непазбежна наступае такі момант, калі ўрад пад ціскам насельніцтва, якое адчувае сябе ў небяспецы, перакрывае прыток яўрэяў. Такім чынам, эміграцыя мае сэнс, толькі калі яна грунтуецца на гарантаваным суверэнітэце.

Яўрэйскае таварыства будзе весці перамовы з цяперашнімі вярхоўнымі ўладамі краін, а менавіта пад пратэктаратам еўрапейскіх дзяржаў, калі мы іх пераканаем у гэтай справе. Мы можам быць надзвычайна карыснымі цяперашнім уладам: возьмем на сябе частку дзяржаўнага доўгу, пабудуем шляхі зносін, якія нам і самім патрэбныя, і шмат чаго яшчэ. Краіны-суседзі выйграюць ужо пры з’яўленні яўрэйскай дзяржавы, бо акультурванне – у любым сэнсе – нейкага кавалку зямлі падвышае каштоўнасць навакольных зямель.

 

Палесціна ці Аргенціна?

Чаму аддаць перавагу, Палесціне ці Аргенціне? Таварыства выбера тое, што ёй дадуць, і да чаго схіліцца грамадская думка яўрэйскага народа. Таварыства высветліць і тое, і другое.

Аргенціна – адна з найбагацейшых па сваіх прыродных рэсурсах краін свету з гіганцкай плошчай, невялікім насельніцтвам і ўмераным кліматам. Аргенцінская Рэспубліка была б вельмі зацікаўленая ўступіць нам кавалак тэрыторыі. Цяперашняя інфільтрацыя яўрэяў, вядома, выклікала там негатыўную рэакцыю, і мы мусілі б растлумачыць аргенцінцам істотнае адрозненне новай іміграцыі яўрэяў ад старой. Палесціна – наша незабыўная гістарычная радзіма. Ужо сама назва была б магутным натхняльным сігналам для збору нашага народа. Калі б Яго Вялікасць Султан перадаў нам Палесціну, за гэта мы дапамаглі б яму з ўрэгуляваннем усіх фінансаў Турцыі. Для Еўропы мы сталі б часткай абарончага вала ад Азіі, фарпостам цывілізацыі на мяжы з варварствам. У якасці нейтральнай дзяржавы мы застанёмся звязанымі з Еўропай, якая мусіла б гарантаваць наша існаванне. Святым месцам хрысціянскага свету трэба будзе надаць экстэрытарыяльны статус у адной з форм, якая адпавядае міжнароднаму праву. Мы неслі б ганаровую варту ля святых месцаў і забяспечвалі б выкананне гэтага абавязку сваім існаваннем. Наша варта сталася б вялікім сімвалам вырашэння яўрэйскага пытання пасля васямнаццаці стагоддзяў нашых пакут.

 

Патрэбы, орган, эканамічныя зносіны

У перадапошнім раздзеле я казаў, што Яўрэйская кампанія арганізуе ў новай краіне эканамічную дзейнасць.

Мяркую, гэтае пытанне патрабуе некаторых тлумачэнняў. Такому праекту, як гэты, пагражае сур’ёзная небяспека, калі супраць яго выкажуцца «практычныя» людзі. Але ж практычныя людзі, як правіла, з’яўляюцца вопытнымі спецыялістамі, бадай што, толькі ў сваёй справе, і няздольныя выйсці за вузкія межы старых уяўленняў. Але іх пярэчанне мае вагу і можа моцна шкодзіць новаму, прынамсі, да таго часу, пакуль яно не стала дастаткова моцным, каб не зважаць на практыкаў з іх спарахнелымі поглядамі. Калі ў Еўропу прыйшоў час чыгунак, знаходзіліся практыкі, якія абвяшчалі пракладку некаторых ліній глупствам, «бо там недастаткова пасажыраў нават для паштовых карэт». Тады яны яшчэ не разумелі тое, што нам падаецца па-дзіцячаму простым – не наяўнасць пасажыраў прыводзіць да ўзнікнення чыгунак, а, наадварот, наяўнасць чыгункі прыводзіць да з’яўлення пасажыраў, канечне, пры ўмове існавання схаванага попыту.

У катэгорыю такога дачыгуначнага «практычнага» мыслення трапляе таксама той выпадак, калі некаторыя не ў стане зразумець, як у новай краіне, якую яшчэ толькі трэба будзе здабыць і пачаць абрабляць, павінна развівацца эканамічная дзейнасць прыезджых. Такі практык мімаходзь будзе разважаць наступным чынам:

«Дапусцім, цяперашняе становішча яўрэяў шмат дзе нетрывалае і ўвесь час пагаршаецца. Дапусцім, ёсць жаданне эміграваць. Дапусцім нават, што яўрэі выедуць у новую краіну, але што і якім чынам яны будуць зарабляць на жыццё? З чаго яны будуць жыць? Эканамічная дзейнасць вялікай колькасці людзей не арганізоўваецца штучна ў адзін дзень».

На гэта я адкажу наступнае: гаворкі зусім не пра штучную арганізацыю эканамічнай дзейнасці і ў найменшай ступені пра тое, што гэта трэба зрабіць у адзін дзень. Такую дзейнасць ніхто і не збіраецца арганізоўваць, затое яе можна стымуляваць. Якім чынам? З дапамогай органа, створанага

для задавальнення патрэб. Патрэбы будуць высветленыя, орган створаны, і ў выніку эканамічная дзейнасць з’явіцца сама па сабе.

Калі ў яўрэяў ёсць сапраўдная, глыбокая патрэба ў паляпшэнні свайго становішча, а Яўрэйская кампанія, створаная для задавальнення гэтай патрэбы, будзе дастаткова магутнай, то эканамічная дзейнасць у новай краіне развернецца на поўную моц. Безумоўна, гэта справа будучыні. Такой жа справай будучыні ў трыццатыя гады было для людзей развіццё чыгуначнага руху. Тым не менш, чыгункі пабудавалі, не звярнуўшы, на шчасце, увагі на практыкаў з іх разважаннямі пра паштовыя карэты.

 

Яўрэйская кампанія

Асноўныя рысы

Яўрэйская кампанія задуманая па прыкладзе вялікіх таварыстваў па набыцці зямель – гэта, калі хочаце, яўрэйская каланіяльная кампанія (Chartered Company). Аднак яна не мае права ажыццяўляць суверэнную ўладу, і перад ёй стаяць не толькі задачы па каланізацыі.

Яўрэйская кампанія будзе заснаваная як акцыянернае таварыства з англійскай правасуб’ектнасцю паводле законаў і пад патранатам Англіі. Яе праўленне будзе знаходзіцца ў Лондане. Наколькі вялікім павінен быць акцыянерны капітал, я цяпер сказаць не магу. Нашы шматлікія фінансісты падлічаць памер. Але каб пазбегнуць няпэўнасці, я дапушчу, што гэта будзе мільярд марак. Магчыма, капітал павінен быць большым, магчыма, меншым. Ад формы прыцягнення грашовых сродкаў (яе ў далейшым неабходна абмеркаваць) залежыць, якую долю ад гэтай вялікай сумы трэба будзе фактычна пералічыць напачатку дзейнасці.

Яўрэйская кампанія – гэта ўстанова пераходнага перыяду, якая з’яўляецца выключна камерцыйным прадпрыемствам і якое трэба строга адрозніваць ад Яўрэйскага таварыства. Перад Яўрэйскай кампаніяй перш за ўсё стаіць задача ліквідацыі нерухомай маёмасці яўрэяў, якія ад’язджаюць. Спосаб, якім гэта будзе здзяйсняцца, засцеражэ ад крызісаў, абароніць маёмасць кожнага чалавека і, як я ўказваў раней, забяспечыць магчымасць унутранага перамяшчэння суграмадзян хрысціянскага веравызнання.

 

Аперацыі з нерухомай маёмасцю

У якасці нерухомай маёмасці разглядаюцца дамы, землі і мясцовая кліентура фірмаў. Спачатку Яўрэйская кампанія абвесціць пра сваю гатоўнасць пасрэднічаць пры продажы такой нерухомай маёмасці. Па першым часе продаж маёмасці яўрэяў будзе адбывацца свабодна і без значнага падзення цэн. Філіялы Кампаніі ва ўсіх гарадах стануць цэнтральнымі бюро па продажы яўрэйскай маёмасці, кожны з іх будзе браць пры гэтым такую камісійную плату, каб яе хапала толькі на самазабеспячэнне. Але з развіццём руху можа пачацца падзенне цэн на нерухомасць, і ўрэшце продажы стануць немагчымымі. На гэтым этапе дзейнасць Кампаніі ў якасці пасрэдніка пры продажы нерухомасці раздзеліцца на новыя кірункі. Кампанія зробіцца распарадчыцай пакінутай нерухомай маёмасці і будзе чакаць спрыяльнага моманту для яе продажу. Яна пачне спаганяць арэндную плату за дамы, здаваць у арэнду зямлю, прызначаць кіраўнікоў, па магчымасці, таксама з умовай заключэння дагавора на арэнду – для забеспячэння добрасумленнасці. Кампанія будзе намагацца ўсюды аблегчыць такім арандатарам-хрысціянам набыццё маёмасці ва ўласнасць. Наогул кажучы, на пасады ў Кампаніі паступова будзе прызначацца ўсё больш і больш служачых-хрысціян і незалежных прадстаўнікоў (адвакатаў і г.д.), якія зусім не мусяць станавіцца прыслужнікамі яўрэяў. Яны будуць выконваць ролю, так бы мовіць, незалежных кантрольных органаў з боку хрысціянскага насельніцтва, якія назіраюць за тым, каб усё рабілася сумленна, з найлепшымі намерамі, і каб нідзе не з’явілася жадання пахіснуць народны дабрабыт.

Адначасова Кампанія будзе прадаваць, ці, хутчэй, абменьваць маёмасць. За дом яна прапануе дом, за землі – зямлю, але ўжо «там». «Туды» ўсё трэба перанесці па магчымасці ў тым жа выглядзе, як было «тут». Гэта стане для Кампаніі крыніцай вялікіх і дапушчальных прыбыткаў. «Там» будуць прыгажэйшыя, сучаснейшыя дамы, абсталяваныя з усім камфортам, «там» будуць лепшыя землі, і тым не менш яны будуць каштаваць менш, бо зямлю набудуць танней.

 

Купля зямлі

Зямля, якая дзякуючы Яўрэйскаму таварыству гарантаваная міжнародным правам, павінна набывацца ў прыватную ўласнасць. Захады, якія будуць рабіць асобныя людзі пры засяленні, у рамках гэтага плана не разглядаюцца. Аднак Кампаніі неабходныя вялікія плошчы для задавальнення сваіх і нашых патрэб, і дзеля гэтых мэт яна зоймецца цэнтралізаванай закупкай зямель. У асноўным гаворка будзе весціся пра набыццё дзяржаўнай зямлі, якая належыць цяперашнім уладам краіны. Наша мэта – «там» набываць маёмасць і пры гэтым не выклікаць галавакружнага пад’ёму цэн, а «тут» не збіць цэны пры яе продажы. Разам з тым можна не баяцца бязладнага росту цэн, бо вартасць зямлі вызначыць сама Кампанія, і яна ж будзе кіраваць засяленнем у згодзе з Яўрэйскім таварыствам, якое будзе наглядаць за гэтым і паклапоціцца, каб з гэтага прадпрыемства атрымалася не Панама, а Суэц.

Кампанія па невысокім кошце пачне даваць сваім служачым участкі для будаўніцтва, выдзеліць на ўзвядзенне іх прыгожага жылля амартызацыйныя крэдыты, а грошы будуць паступова вылічвацца з заработнай платы ці ісці ў лік надбавак. Разам з пашанай, якой гэтыя служачыя будуць карыстацца, гэта можа стаць яшчэ адной узнагародай за іх паслугі.

Увесь велізарны прыбытак ад спекуляцыі зямлёй павінен паступаць у Кампанію, бо яна, як і кожны свабодны прадпрымальнік, павінна атрымліваць нефіксаваную прэмію за рызыку. Там, дзе для прадпрыемства існуе рызыка, павінен велікадушна вітацца і прадпрымальніцкі прыбытак. Але яго трэба дапускаць толькі там, дзе існуе рызыка. Суадносіны паміж памерамі рызыкі і прэміі кажуць пра маральнасць у фінансавых пытаннях.

 

Пабудовы

Такім чынам, Кампанія зоймецца абменам дамоў і маёмасці. На здзелках з зямлёй Кампанія будзе і мусіць зарабляць, гэта ясна кожнаму, хто дзе-небудзь і калі-небудзь назіраў за падвышэннем вартасці зямлі пасля ўкладання ў яе. Найбольш гэта заўважна ў гарадскіх і сельскіх анклавах. Вартасць незабудаваных плошчаў узрастае, калі вакол іх з’яўляецца цывілізацыя. Геніяльную па сваёй прастаце спекуляцыю правялі парыжскія забудоўшчыкі, якія пашыралі межы горада і пры гэтым не ставілі новыя дамы непасрэдна за крайнімі, а скуплялі сумежныя зямельныя ўчасткі і пачыналі будаваць ад ускраін у бок цэнтра. Дзякуючы адваротнаму парадку будаўніцтва вартасць участкаў з дамамі расла незвычайна хутка: замест таго, каб увесь час узводзіць апошнія дамы горада, забудоўшчыкі, узвёўшы ўскраіну, пачалі будаваць у самім горадзе, то-бок на даражэйшых участках.

Будзе Кампанія будаваць сама або размяшчаць заказы ў незалежных архітэктараў? Яна можа і будзе рабіць і тое, і тое. Яна мае – гэта ў хуткім часе выявіцца – велізарны запас працоўнай сілы, на якой не будзе паразітаваць капітал і якая будзе перанесеная ў шчаслівыя і спакойныя жыццёвыя ўмовы, але не стане праз гэта даражэйшай. Пра будаўнічыя матэрыялы паклапоцяцца нашы геолагі, калі пачнуць выбіраць месцы для ўзвядзення гарадоў.

Якім будзе прынцып будаўніцтва?

 

Жыллё для рабочых

Жыллё для рабочых (усіх тых, хто займаецца фізічнай працай) павінна будавацца сваімі сіламі. Я ні ў якім выпадку не маю на ўвазе маркотныя рабочыя казармы, як у еўрапейскіх гарадах, ці ўбогія халупы, якія плячо ў плячо цясняцца вакол фабрык. Дамы рабочых і мусяць выглядаць аднастайна, бо Кампанія зможа будаваць танна толькі тады, калі будаўнічыя матэрыялы будуць вырабляцца масава. Аднак асобныя будынкі з садкамі побач павінны паўсюдна аб’ядноўвацца ў прыгожыя комплексы. Прыродныя асаблівасці мясцовасці натхняць светлы геній нашых маладых архітэктараў, якія не загразлі ў руціне, і калі народ не здолее ацаніць вялікую задуму ў цэлым, ён усё ж будзе добра пачувацца ў такіх жылых масівах, разбітых на невялікія архітэктурныя групы. Храм будзе стаяць на такім месцы, каб яго было бачна здалёк, на знак таго, што раней нас аб’ядноўвала толькі старая вера. Будуць і прыветлівыя, светлыя, здаровыя школы для дзяцей з усімі сучаснымі сродкам навучання, і рамесніцкія школы прафесійнага навучання, у якіх дзеля дасягнення больш высокіх мэт простым рамеснікам дадуць магчымасць набываць тэхнічныя веды і бліжэй знаёміцца з машынабудаўніцтвам, і забаўляльныя ўстановы, за маральны бок якіх будзе адказваць Яўрэйскае таварыства. Але цяпер мы гаворым пра самі пабудовы, а не пра тое, што будзе адбывацца ў іх. Я кажу пра тое, што Кампанія будзе будаваць для рабочых таннае жыллё – не толькі таму, што будаўнічых матэрыялаў будзе ў дастатку, не толькі таму, што зямля будзе належаць Кампаніі, але і таму, што рабочым не трэба будзе плаціць.

У амерыканскіх фермераў ёсць сістэма ўзаемадапамогі пры будаўніцтве дамоў. Іх па-дзіцячаму няхітрую сістэму, такую ж няўклюдную, як дамы з бярвення, якія ў выніку ўзводзяцца, можна сур’ёзна ўдасканаліць.

 

«Некваліфікаваныя» рабочыя (Unskilled Labourers)

Нашы некваліфікаваныя рабочыя, якія перш за ўсё пачнуць прыбываць з вялікіх прастораў Расіі і Румыніі, таксама павінны дапамагаць адно аднаму пры будаўніцтве дамоў. Напачатку ў нас не будзе свайго жалеза, і нам таксама давядзецца будаваць з дрэва. Пазней гэта памяняецца, і простыя часовыя пабудовы першай пары заменяць лепшыя дамы.

Нашы некваліфікаваныя рабочыя будуць загадзя ведаць, што пачнуць з узвядзення прытулкаў адно для аднаго. Дзякуючы сваёй працы яны атрымаюць гэтыя дамы ва ўласнасць, але не адразу, а пасля трох гадоў прыстойных паводзін. Так мы атрымаем руплівых, умелых людзей, а чалавек, які дысцыплінавана адпрацаваў тры гады, выхаваны для жыцця.

Я вышэй ужо казаў, што некваліфікаваным рабочым Кампаніі не трэба плаціць. Так, але за кошт чаго яны будуць жыць?

Увогуле я супраць сістэмы аплаты працы ў натуральнай форме. Тым не менш, яе трэба было б прымяняць у дачыненні да першых пасяленцаў. Кампанія і так шмат будзе аб іх клапаціцца, так што можа заняцца ў тым ліку і іх забеспячэннем. Сістэма натуральнай аплаты павінна існаваць толькі ў першыя гады і пойдзе на карысць нават самім работнікам, бо папярэдзіць махлярства з боку дробных гандляроў, карчмароў і г.д. Пры гэтым Кампанія ад самага пачатку будзе забараняць простым людзям займацца звыклым для іх гандлем уразнос, якім яны былі змушаныя займацца выключна праз гістарычныя абставіны. П’яніц і распуснікаў Кампанія таксама будзе трымаць у кулаку. Дык што, у першыя часы каланізацыі ўвогуле не будзе заработнай платы?

Будзе! Нешта большае за заработную плату.

Сямігадзінны працоўны дзень.

Звычайны працоўны дзень будзе ўсяго сем гадзін!

Гэта не азначае, што толькі сем гадзін у дзень трэба будзе валіць дрэвы, капаць зямлю, перавозіць камяні, карацей кажучы, рабіць сто розных прац. Не, працаваць будуць па чатырнаццаць гадзін, але працоўныя брыгады будуць змяняцца кожныя тры з паловай гадзіны. Арганізацыя будзе зусім як у ваенных: з чынамі, павышэннем па службе і выхадам у адстаўку. Адкуль возьмуцца пенсіі, будзе тлумачыцца пазней.

Тры з паловай гадзіны здаровы чалавек можа працаваць вельмі сканцэнтравана. Пасля трох з паловай гадзін перапынку, які ён прысвеціць адпачынку, сям’і, арганізаванаму падвышэнню кваліфікацыі, ён зноў адчуе сябе бадзёрым. Такія працоўныя сілы могуць здзяйсняць цуды.

Сямігадзінны працоўны дзень! У выніку агулам атрымаецца чатырнаццаць працоўных гадзін – больш змясціць у адзін дзень нельга.

Я перакананы, што сямігадзінны працоўны дзень – гэта абсалютна выканальна. Такія спробы вядомыя ў Бельгіі і Англіі. Некаторыя прагрэсіўныя спецыялісты ў сацыяльнай палітыцы нават сцвярджаюць, што можа быць цалкам дастаткова пяцігадзіннага працоўнага дня. Яўрэйскае таварыства і Яўрэйская кампанія, канечне, займеюць у гэтым новы багаты вопыт, які будзе карысны таксама іншым народам Зямлі, і калі акажацца, што сямігадзінны працоўны дзень магчымы на практыцы, наша будучая дзяржава зробіць яго нарматыўным працоўным днём на заканадаўчым узроўні.

Толькі Кампанія забяспечыць сваім людзям сямігадзінны працоўны дзень. Яна зможа рабіць гэта заўсёды.

Ён патрэбны нам у якасці сігналу для збору нашых людзей, якія, несумненна, павінны прыязджаць дабравольна. Наша краіна мусіць стаць напраўду Запаветнай зямлёй…

Той, хто адпрацуе больш за сем гадзін, атрымае за звышурочны час надбаўку грашыма. Дзякуючы таму, што ўсе патрэбы рабочага задавальняюцца, а непрацаздольныя члены яго сям’і забяспечваюцца цэнтралізаванымі дабрачыннымі арганізацыямі, якія перанясуць «туды» сваю дзейнасць, ён зможа нешта для сябе адкласці. Мы будзем заахвочваць людзей да ашчаднасці, якая і без таго ўласцівая нашаму народу, бо гэта аблягчае пераход індывідуумаў у вышэйшыя слаі грамадства і стварае велізарны аб’ём капіталу для будучых пазык.

Звышурочная праца пасля сямігадзіннага працоўнага дня не павінна працягвацца даўжэй за тры гадзіны і магчымая толькі пасля медыцынскага абследавання. У новай краіне людзі будуць прагнуць работы, і тады свет убачыць, наколькі мы працавіты народ. Якім чынам павінна ўводзіцца сістэма натуральнай аплаты (талоны на харчаванне і г.д.), а таксама іншыя шматлікія дэталі, я не буду цяпер тлумачыць, каб нікога не заблытаць. Жанчыны ўвогуле не будуць дапускацца да цяжкай працы, і ім не дазволяць звышурочныя. Цяжарныя будуць вызвалены ад любой працы і шчодра забяспечаны харчаваннем, бо для будучыні нам патрэбныя здаровыя пакаленні.

Дзяцей мы будзем ад самага пачатку выхоўваць такімі, якімі мы жадаем іх бачыць, але на гэтым я цяпер спыняцца не буду.

Тое, што я, адштурхнуўшыся ад жыллёвага пытання, напісаў пра некваліфікаваных рабочых і іх лад жыцця, не з’яўляецца ўтопіяй, як і ўсё астатняе. Усё гэта ўжо існуе ў рэальнасці, толькі ў бясконца малых памерах, а таму яго не заўважаюць і не разумеюць. Для вырашэння яўрэйскага пытання мне была вельмі карысная «Assistance par le travail» («Асацыяцыя дапамогі працай»), з якой я пазнаёміўся і якую зразумеў у Парыжы.

 

Дапамога працай

Дапамога працай у тым выглядзе, у якім яна цяпер існуе ў Парыжы і некаторых гарадах Францыі, у Англіі, Швейцарыі і Амерыцы, – гэта нешта мізэрна малое, але з яе можа атрымацца нешта грандыёзнае.

Які прынцып у «Assistance par le travail»?

Прынцып заключаецца ў тым, што кожнаму, хто жыве ў нястачы і не мае кваліфікацыі, даюць лёгкую працу, якая не патрабуе прафесійнай падрыхтоўкі, – напрыклад, секчы дровы ці вязаць пучкі галінак, якімі ў парыжскіх дамах распальваюць пліты. Гэта свайго роду адпрацоўка зняволеным злачынства, перш чым яно здзейснена, а значыць, у гэтай адпрацоўцы няма ганьбы. Нікому больш не трэба праз галечу ісці на злачынства, калі ён жадае працаваць. Нікому больш не трэба канчаць жыццё самагубствам з голаду, што само па сабе з’яўляецца самым ганебным кляймом на цывілізацыі, у якой багатыя могуць кідаць смачныя кавалкі са свайго стала сабакам. Такім чынам, дапамога працай дае ўсім працу. Ці ёсць у яе прадуктаў збыт? Не. Ці, прынамсі, збыт недастатковы. У гэтым недахоп існуючай арганізацыі, бо яна заўсёды працуе стратна. Праўда, яна гатовая да страт – гэта ўсё ж дабрачынная арганізацыя. Ахвяраванні тут роўныя розніцы паміж сабекоштам і цаной продажу. Замест таго, каб даць жабраку два су, арганізацыя дае яму працу і губляе два су. А жабрак-абадранец, які стаў высакародным працаўніком, зарабляе 1 франк 50 сантымаў. За 10 сантымаў – 150! Гэта значыць, дабрачынная справа, якая не прыніжае чалавека, расце ў 15 разоў. Гэта тое самае, што з аднаго мільярда зрабіць пятнаццаць! Праўда, асацыяцыя губляе дзесяць сантымаў. Яўрэйская кампанія не згубіць свае мільярды, але атрымае вялізныя прыбыткі.

Ёсць і маральны бок справы. Дзякуючы ўжо невялікай дапамозе працай у тым выглядзе, у якім яна існуе цяпер, беспрацоўны чалавек маральна падтрымліваецца да таго моманту, калі ён знойдзе месца ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі па ранейшай ці новай прафесіі. Кожны дзень у яго ёсць некалькі вольных гадзін для пошуку працы, у чым яму таксама садзейнічаюць службы асацыяцыі.

Недахоп той маленькай арганізацыі ў тым, што яна не дазваляе сабе стаць канкурэнткай гандлярам драўнінай і іншымі таварамі. Гандляры драўнінай – гэта выбаршчыкі, яны пачнуць крычаць і будуць мець рацыю. Працы ў турмах таксама нельга складаць канкурэнцыю, бо дзяржава, якая практыкуе такую працу, павінна займаць і карміць сваіх злачынцаў.

У старым грамадстве Assistance par le travail увогуле цяжка знайсці дастаткова месца, каб разгарнуць сваю дзейнасць. Але ж у нашым новым грамадстве яго хапае!

Пачнём з таго, што нам патрэбна неверагодная колькасць некваліфікаваных рабочых для пачатку работ па каланізацыі - на пракладку дарог, чыгункі, тэлеграфа, на высечку лесу, для земляных работ і г.д. Усё гэта будзе рабіцца згодна з вялікім, зацверджаным раней планам.

 

Рыначныя адносіны

Пераносячы працу ў новую краіну, мы адначасова ствараем у ёй рыначныя адносіны. Праўда, спярша гэта будзе рынак для задавальнення выключна пільных жыццёвых патрэб, і я згадаю тут толькі некаторыя тавары: скаціна, жыта, рабочая вопратка, інструменты, зброя. Напачатку мы будзем іх закупляць у суседніх дзяржавах ці ў Еўропе, але потым як мага хутчэй пачнём забяспечваць сябе самастойна. Яўрэйскія прадпрымальнікі хутка зразумеюць, якія перспектывы адкрываюцца перад імі.

Паступова разам з арміяй служачых Кампаніі ў краіне з’явяцца больш вытанчаныя запатрабаванні. (Да такіх служачых я залічваю таксама афіцэраў падраздзяленняў абароны, у якія будзе ўваходзіць прыкладна дзясятая частка прыезджых мужчын. Гэтага павінна хапаць для падаўлення мяцяжоў зламысных людзей; большасць усё ж міралюбівая).

Вытанчаныя запатрабаванні добра забяспечаных служачых створаць рынак больш вытанчаных тавараў, які будзе ўвесь час расці. Да жанатых (замужніх) пачнуць прыязджаць іх сем’і, да халастых (незамужніх) – бацькі, браты і сёстры, як толькі тыя займеюць жыллё. Тое самае мы назіраем у яўрэяў, якія эмігруюць у Злучаныя Штаты. Як толькі нехта пачынае зарабляць на хлеб, ён адразу выклікае сваякоў. Сямейныя вузы сярод яўрэяў сапраўды вельмі моцныя. Яўрэйскае таварыства і Яўрэйская кампанія сумеснымі намаганнямі будуць мацаваць і клапаціцца пра сям’ю. Я маю на ўвазе не маральны (гэта разумеецца само сабой), а матэрыяльны бок. Служачыя будуць атрымліваць даплаты на шлюб і дзяцей. Нам спатрэбяцца ўсе людзі – тыя, што ўжо ёсць, і тыя, што з’явяцца.

 

Іншыя катэгорыі жылля

Я перарваў свае тлумачэнні на гэты конт у раздзеле пра пабудову жылля для рабочых сваімі сіламі. Цяпер я вяртаюся да абмеркавання іншых катэгорый жылля. Кампанія з дапамогай сваіх архітэктараў будзе будаваць дамы таксама і для мяшчан – узамен старых ці за грошы. Архітэктары Кампаніі распрацуюць і распаўсюдзяць прыкладна сто тыпаў дамоў. Такія цудоўныя ўзоры дамоў таксама стануць элементамі прапаганды. Усе дамы будуць мець фіксаваны кошт, іх высокую якасць гарантуе Кампанія, якая не павінна зарабляць на іх пабудове. А дзе гэтыя дамы будуць размяшчацца? Гэта мы раскажам у раздзеле пра мясцовыя групы.

Кампанія збіраецца зарабляць не на будаўнічых работах, а толькі на зямлі, таму пажадана, каб максімальная колькасць незалежных архітэктараў будавала дамы па прыватных заказах. Дзякуючы гэтаму будзе падвышацца кошт землеўладанняў і ў краіне з’явіцца раскоша, якая патрэбная нам для розных мэт, галоўным чынам для развіцця мастацтва, прамысловасці і ў больш далёкай перспектыве – для драбнення буйной маёмасці.

Так, багатыя яўрэі, якія цяпер вымушаныя палахліва хаваць сваё багацце і няўтульна баляваць за апушчанымі фіранкамі, змогуць адкрыта цешыцца жыццём. Калі эміграцыя адбудзецца з дапамогай багатых людзей, капітал, прадэманстраваўшы сваю карыснасць у нашай беспрэцэдэнтнай справе, будзе рэабілітаваны. Калі ў новай краіне самыя багатыя яўрэі пачнуць будаваць свае палацы, на якія ў Еўропе ўжо паглядаюць коса, то сяліцца ў раскошных дамах у той краіне хутка стане модна.

 

Некаторыя формы ліквідацыі

Яўрэйская кампанія задуманая ў якасці правапераемніка і адміністратара нерухомасці яўрэяў.

Калі з дамамі і зямельнымі ўчасткамі задача вырашаецца лёгка, то што рабіць з прадпрыемствамі? У гэтым выпадку формы ліквідацыі будуць розныя, і іх немагчыма вызначыць загадзя. Але ўсё ж тут не будзе ніякіх цяжкасцей, бо ў кожным асобным выпадку ўласнік прадпрыемства, добраахвотна вырашыўшы эміграваць, будзе дамаўляцца са сваім тэрытарыяльным аддзяленнем Кампаніі наконт той формы ліквідацыі, якая будзе яму найбольш выгаднай.

У выпадку самых дробных прадпрыемстваў, дзе асабісты ўдзел уласніка адыгрывае галоўную ролю, а невялікая колькасць тавару ці абсталявання – другарадную, перанесці маёмасць на новае месца будзе найлягчэй. Для персанальнай занятасці перасяленцаў Кампанія забяспечыць гарантаванае поле дзейнасці, а ўзамен за невялікую колькасць іх запасаў ім дадуць «там» зямельны ўчастак і крэдыт на тэхніку. Нашы вынаходлівыя людзі хутка прывучацца да новай сферы працы. Яўрэі вядомыя тым, што хутка прыстасоўваюцца да эканамічнай дзейнасці любога роду. Многія гандляры, напрыклад, маглі б стаць дробнымі сельскагаспадарчымі прамыслоўцамі. Кампанія нават можа пагадзіцца на ўяўныя страты, калі зоймецца маёмасцю бедных, якую нельга перавозіць, бо абрабляючы свой зямельны ўчастак, перасяленцы паспрыяюць падвышэнню вартасці іншых участкаў.

Для сярэдніх прадпрыемстваў, для якіх тавары і абсталяванне настолькі ж важныя ці нават важнейшыя за асабісты ўдзел уласніка, а крэдытаванне аказваецца вырашальным фактарам, могуць быць ужытыя розныя формы ліквідацыі. Гэта адна з галоўных магчымасцей для ўнутранага перамяшчэння грамадзян хрысціянскага веравызнання на вызваленыя пазіцыі. Ад’язджаючы, яўрэй не губляе персанальнага крэдыту, а захоўвае яго і можа ім добра скарыстацца для ўладкавання «там». Яўрэйская кампанія адкрые для яго бягучы рахунак. Сваё прадпрыемства ён можа свабодна прадаць ці перадаць кіраўнікам пад наглядам органаў Кампаніі. Кіраўнік можа арандаваць прадпрыемства ці паступова, па частках, выкупляць яго. Кампанія з дапамогай інспектараў і адвакатаў сочыць за належным кіраваннем прадпрыемствам і за паступленнем плацяжоў. Кампанія выступае тут у якасці куратара адсутных уласнікаў. Калі ж нехта з яўрэяў не зможа прадаць сваё прадпрыемства, не перадасць яго камусьці з давераных асоб і тым не менш не захоча ад яго адмовіцца, ён застанецца там, дзе жыве цяпер. Тыя, што застануцца, таксама не пагоршаць свайго становішча: канкурэнцыя за кошт тых, што з’ехалі, знізіцца, а антысемітызм з яго лозунгам «не купляйце ў яўрэяў» спыніцца.

Калі ўласнік прадпрыемства, які перасяляецца, захоча «там» займацца той жа справай, што і раней, ён можа падрыхтавацца да гэтага загадзя. Пакажам гэта на прыкладзе. Фірма Х валодае крамай модных тавараў. Уласнік хоча перасяліцца. Спачатку ён засноўвае на новым месцы жыхарства філіял, якому перадае тавар, што выйшаў з моды. Яго кліенты – першыя бедныя перасяленцы. Паступова туды перасяляюцца людзі з больш высокімі патрабаваннямі да моды. Тады Х высылае ў філіял навейшыя рэчы і ўрэшце – самыя модныя. Філіял пачынае акупляцца ўжо тады, калі асноўная крама яшчэ не ліквідаваная. Урэшце Х мае дзве крамы. Старую ён прадае ці перадае свайму прадстаўніку-хрысціяніну, сам жа займаецца новай крамай «там».

Вось вялікі прыклад: «Y і сын» валодаюць вялізным вугальным прадпрыемствам з шахтамі і фабрыкамі. Як ліквідаваць такі вялікі маёмасны комплекс? Па-першае, вугальную шахту разам з усім астатнім можа выкупіць дзяржава, у якой яна знаходзіцца. Па-другое, яе можа набыць Яўрэйская кампанія і расплаціцца часткова зямельнымі ўчасткамі ў новай краіне, а часткова наяўнымі. Трэцяй магчымасцю магло б стаць заснаванне ўласнага акцыянернага таварыства «Y і сын». Чацвёртая магчымасць – працяг эксплуатацыі прадпрыемства ў ранейшым рэжыме, адно што ўласнікі, якія перасяліліся, стануць іншаземцамі і час ад часу будуць вяртаюцца для інспектавання сваёй маёмасці. Але ж і іншаземцы маюць у цывілізаваных краінах поўную прававую абарону. З падобнымі рэчамі мы сустракаемся ў жыцці кожны дзень. Пятую, асабліва плённую і выдатную магчымасць я апішу ў агульных рысах, бо жыццё дае ўсяго некалькі слабых прыкладаў яе выкарыстання, як бы гэта ні было блізка нашаму сучаснаму мысленню. «Y і сын» маглі б перадаць прадпрыемства ўсім сваім работнікам за кампенсацыю. Работнікі засноўваюць таварыства з абмежаванай адказнасцю і, магчыма, з дапамогай зямельнай касы, якая не будзе браць ліхвярскія працэнты, выплачваюць «Y і сыну» адступную суму. Работнікі паступова вяртаюць пазыку, якую ім дала зямельная каса, Яўрэйская кампанія ці сама фірма «Y і сын».

Яўрэйская кампанія будзе займацца ліквідацыяй як самых малых, так і самых вялікіх прадпрыемстваў. І пакуль яўрэі спакойна пераязджаюць, Кампанія як вялікая юрыдычная асоба будзе кіраваць іх ад’ездам, ахоўваць пакінутую ўласнасць, адказваць за належнае завяршэнне спраў сваёй маёмасцю, якую можна будзе ўбачыць вачыма і памацаць рукамі, а таксама працяглы час несці адказнасць за перасяленцаў.

 

Гарантыі Кампаніі

У якой форме Кампанія будзе гарантаваць, што ў пакінутых краінах не наступіць збядненне і не пачнуцца эканамічныя крызісы?

Як ужо ўпаміналася, да справы неабходна прыцягнуць добрапрыстойных антысемітаў, якія будуць захоўваць важную, у тым ліку для нас, незалежнасць, – так бы мовіць, у якасці народных кантрольных органаў.

Але ж і ў дзяржавы ёсць фіскальныя інтарэсы, якія могуць пацярпець. Яна губляе клас падаткаплацельшчыкаў, які няхай сабе і мала цэніцца ў якасці грамадзян, але лічыцца вельмі важным у фінансавым плане. За гэта ёй трэба прапанаваць кампенсацыю, і мы ўскосным чынам зробім гэта, калі пакінем у краіне прадпрыемствы, якія стварылі з дапамогай нашай яўрэйскай кемлівасці і яўрэйскай руплівасці. Пры гэтым мы дазволім суграмадзянам хрысціянскага веравызнання заняць вызваленыя намі месцы, што зробіць магчымым бяспрыкладна мірны характар руху мас да дабрабыту. У невялікіх маштабах Французская рэвалюцыя мела ў нечым падобны вынік, але дзеля яго ва ўсіх правінцыях краіны і на палях бітвы Еўропы з-пад гільяціны мусіла ракой ліцца кроў. Дзеля яго давялося знішчыць атрыманыя ў спадчыну і саманабытыя правы, і гэта пры тым, што абагаціліся выключна падступныя скупшчыкі нацыянальных каштоўнасцей.

Асобныя дзяржавы атрымаюць ад дзейнасці Яўрэйскай кампаніі таксама і прамую карысць. Можна ўсюды прапаноўваць урадам купляць пакінутую яўрэямі маёмасць на выгадных умовах. Урады могуць выкарыстоўваць гэтую буйнамаштабную экспрапрыяцыю па ўзаемнай згодзе для ажыццяўлення пэўных сацыяльных паляпшэнняў.

Яўрэйская кампанія будзе дапамагаць урадам і парламентам, якія захочуць правесці ўнутранае перамяшчэнне грамадзян хрысціянскага веравызнання. Акрамя таго, Яўрэйская кампанія будзе выплачваць вялікія падаткі.

Праўленне будзе знаходзіцца ў Лондане, бо Кампанія павінна мець прававую абарону вялікай і на дадзены момант не антысеміцкай дзяржавы. Але Кампанія будзе забяспечваць шырокую базу для падаткаабкладання ўсюды, дзе яе будуць з гатоўнасцю падтрымліваць на афіцыйным і афіцыёзным узроўні. Кампанія ўсюды створыць даччыныя арганізацыі і філіялы, якія будуць абкладацца падаткамі.

Апрача таго, яна будзе плаціць падвойныя пошліны праз двухкратную пераўступку нерухомай маёмасці. Нават у тых выпадках, калі Кампанія будзе граць толькі ролю агенцтва па нерухомасці, яна будзе часова выступаць і ў якасці пакупніка і заносіцца ў зямельна-кадастравую кнігу як уласнік, хаця не будзе нічым валодаць.

Канечне, усё гэта трэба будзе разлічваць. У кожным асобным выпадку Кампанія будзе ставіць і вырашаць пытанне, наколькі далёка яна можа ісці без пагрозы для свайго існавання і адкрыта дамаўляцца з міністрамі фінансаў. Яны пераканаюцца ў нашай добрай волі і дадуць нам ільготы, неабходныя для паспяховага ажыццяўлення такой вялікай справы.

Яшчэ адну прамую выгаду ўрады атрымаюць ад транспарціроўкі грузаў і пасажыраў. З дзяржаўнымі чыгункамі ўсё ясна і так. Ад прыватных чыгунак Кампанія, як і кожны вялікі экспедытар, атрымае льготы. Безумоўна, нашых людзей і іх грузы яна павінна перавозіць як мага танней, бо ўсе будуць пераязджаць за свой кошт. Сярэдняе саслоўе будзе аплачваць падарожжы па сістэме Cook, а бедныя – па адзіным танным тарыфе (Personenporto). Кампанія магла б добра зарабляць на рэфакцыях, але і тут яна павінна кіравацца прынцыпам спаганяць роўна столькі, каб хапала на самазабеспячэнне.

Экспедыцыя шмат дзе знаходзіцца ў руках яўрэяў. Экспедыцыйныя прадпрыемствы першымі спатрэбяцца Кампаніі і будуць першымі, якія яна ліквідуе. Ранейшыя ўласнікі гэтых прадпрыемстваў паступяць на службу ў Кампанію або самастойна ўладкуюцца «там», бо ў месцы прыбыцця таксама спатрэбіцца экспедыцыйная дзейнасць для прыёму грузаў, а паколькі гэта вельмі прыбытковая справа і «там» адразу можна і трэба будзе добра зарабляць, то ў прадпрымальных людзях недахопу не будзе. Няма неабходнасці тлумачыць камерцыйныя падрабязнасці арганізацыі масавых перавозак. Яны лагічна выводзяцца з мэт, і шмат разумных галоў будуць думаць і прыдумаюць, як гэта найлепей арганізаваць.

 

Некаторыя віды дзейнасці Кампаніі

Многія віды дзейнасці будуць узаемазвязаныя. Прывяду толькі адзін прыклад. У паселішчах, якія ў момант свайго стварэння будуць вельмі прымітыўнымі, Кампанія паступова пачне вытворчасць прамысловых тавараў фабрычным спосабам, перадусім для нашых бедных перасяленцаў: вопраткі, бялізны, абутку і г.д., бо на еўрапейскіх станцыях адпраўлення іх трэба будзе пераапрануць. Гэта не будзе прыніжальным падарункам. Ім усяго толькі заменяць старыя рэчы на новыя. Калі пры гэтым Кампанія нешта страціць, то гэта можна будзе правесці па бухгалтэрыі як камерцыйныя страты. Цалкам немаёмныя людзі зробяцца даўжнікамі Кампаніі і будуць аплачваць вопратку звышурочнай працай, ад якой іх могуць вызваліць за добрыя паводзіны.

Тут, дарэчы, у эміграцыйных суполак з’яўляецца нагода аказаць рашучую дапамогу. Усё, што яны да таго рабілі для яўрэяў-эмігрантаў, у будучыні яны павінны будуць рабіць для каланістаў Яўрэйскай кампаніі. Формы такога ўзаемадзеяння можна лёгка выпрацаваць. Ужо сама новая вопратка для бедных перасяленцаў нясе ў сабе сімвалічны сэнс. Цяпер у вас пачынаецца новае жыццё! Яўрэйскае таварыства зоймецца тым, каб задоўга да ад’езду, а таксама падчас падарожжа падтрымліваць сур’ёзны і адначасова святочны настрой з дапамогай малітваў, папулярных лекцый, тлумачэння мэты ўсёй справы і гігіенічных прадпісанняў для новых месцаў пражывання, а таксама інструктажу што да будучай працы. Бо Запаветная зямля – гэта зямля працы. Тых, хто прыбывае, кіраўнікі органаў улады будуць сустракаць урачыста, але без дурнога лікавання, бо Запаветную зямлю яшчэ трэба будзе заваяваць. Пры гэтым беднякі адразу павінны адчуць, што яны апынуліся дома.

Вытворчасць вопраткі для бедных перасяленцаў Кампанія будзе ажыццяўляць планамерна. Яўрэйскае таварыства будзе атрымліваць звесткі ад мясцовых груп і своечасова паведамляць Яўрэйскай кампаніі пра колькасць, дату прыбыцця і патрэбы перасяленцаў. Гэта дазволіць з розумам, прадбачліва паклапаціцца пра іх.

 

Садзейнічанне прамысловасці

Задачы Яўрэйскай кампаніі і Яўрэйскага таварыства ў дадзеным праекце немагчыма строга раздзяліць. Насамрэч абодва вялікія органы мусяць пастаянна ўзаемадзейнічаць. Кампанія не зможа і не будзе абыходзіцца без маральнага аўтарытэту і падтрымкі Таварыства, таксама як і Таварыства будзе цалкам залежаць ад матэрыяльнай падтрымкі Кампаніі. Напрыклад, планамернае кіраванне вытворчасцю вопраткі можа стаць першым невялікім вопытам прадухілення крызісаў вытворчасці. Ва ўсіх сферах, дзе Кампанія будзе выступаць у ролі прамыслоўца, трэба мець такі ж падыход.

Але ні ў якім выпадку нельга дапускаць, каб яна сваёй сілай падаўляла прыватных прадпрымальнікаў. Мы калектывісты толькі там, дзе гэта патрэбна для вырашэння задач надзвычайнай цяжкасці. У іншых выпадках мы будзем песціць і галубіць асобу і яе правы. Мы павінны свабодна развіваць і паважаць прыватную маёмасць, якая з’яўляецца эканамічным падмуркам незалежнасці. Нават нашым першым некваліфікаваным рабочым мы дадзім магчымасць стаць прыватнымі ўласнікамі.

Прадпрымальніцкі дух павінен падтрымлівацца ў любы спосаб. Мы паспрыяем узнікненню прамысловасці праз разважную мытную палітыку, датацыі дзеля паніжэння кошту сыравіны, а таксама праз працу ведамства прамысловай статыстыкі, якое будзе абнародаваць інфармацыю.

Мы можам разумным чынам падтрымліваць прадпрымальніцкі дух і пазбягаць спекуляцыйнай бяспланавасці. Мы будзем своечасова абвяшчаць пра заснаванне новых прамысловых прадпрыемстваў, каб папярэдзіць крызіс і разарэнне тых прадпрымальнікаў, якія вырашаць заснаваць падобнае прадпрыемства на паўгода пазней. Таварыства павінна шырока абвяшчаць пра кірунак новых укладанняў, таму стан рэчаў у прамысловасці будзе заўсёды вядомы кожнаму. Апрача таго, для прадпрымальнікаў будзе ажыццяўляцца цэнтральнае размеркаванне працоўных сіл. Прадпрымальнік звернецца ў цэнтр найму работнікаў, які возьме з яго плату ў тым памеры, які неабходны для самазабеспячэння. Прадпрымальнік тэлеграфуе: ад заўтра і на тры дні, тры тыдні ці тры месяцы мне патрэбныя пяцьсот некваліфікаваных рабочых. На наступны дзень на яго сельскагаспадарчае ці прамысловае прадпрыемства з розных месцаў прыбываюць пяцьсот патрэбных рабочых, якіх цэнтр найму на той момант мае ў сваім распараджэнні. У выніку такая няўклюдная з’ява, як «саксонскія хадакі», ператвараецца ў рацыянальную інстытуцыю, арганізаваную на вайсковы манер. Само сабой, гэта будуць не рабы, а проста рабочыя з сямігадзінным працоўным днём, для якіх пры змене месца працы парадак – з чынамі, павышэннем па службе і выхадам у адстаўку – не мяняецца. Прыватны прадпрымальнік, калі пажадае, зможа знаходзіць працоўную сілу і ў іншых месцах, хаця ў яго гэта наўрад ці атрымаецца. Таварыства будзе перашкаджаць пранікненню неяўрэйскіх рабочых-нявольнікаў, безагаворачна байкатуючы свавольных прамыслоўцаў, перашкаджаючы перавозкам і да т.п. Так што яны будуць вымушаныя наймаць нашых рабочых, а мы амаль натуральным чынам наблізімся да таго, што сямігадзінны працоўны дзень стане нормай.

 

Засяленне кваліфікаваных рабочых

Зразумела, што для кваліфікаваных рабочых яшчэ лягчэй зрабіць усё тое, што і для некваліфікаваных. Фабрычных рабочых можна даставіць такім жа чынам, і імі зоймецца цэнтр найму.

Што да самастойных рамеснікаў, дробных майстроў, да якіх мы з увагай на будучы тэхнічны прагрэс паставімся з асаблівым клопатам, якім перададзім тэхналагічныя веды, нават калі гэта ўжо немаладыя людзі (ім трэба будзе даць магчымасць карыстацца энергіяй вады ды падвесці святло па электрычных правадах), – такіх работнікаў праўленне Таварыства павінна шукаць і знаходзіць. Вось, напрыклад, мясцовая група звяртаецца да праўлення: «Мы шукаем столькі сталяроў, столькі слесараў, шкляроў і г.д.» Праўленне публікуе абвестку. Людзі адгукаюцца, пераязджаюць разам з сем’ямі туды, дзе яны патрэбныя, і застаюцца там жыць, не пакутуючы ад хаатычнай канкурэнцыі. У іх з’явіўся свой цудоўны сталы дом.

 

Прыцягненне грашовых сродкаў

Вышэй я дапусціў, што акцыянерны капітал Яўрэйскай кампаніі складзе фантастычная сума. Рэальную неабходную велічыню акцыянернага капіталу мусяць вылічыць фінансісты, але ў любым выпадку гэта велізарная сума. Якім чынам яна належыць сабраць? Таварыства разгледзіць тры спосабы. Таварыства – гэта такі сабе «гестар», прадстаўнік яўрэяў, вялікая маральная асоба, у якую ўвойдуць найлепшыя, самыя шчырыя людзі, што не будуць мець ні магчымасці, ні права атрымліваць матэрыяльную выгаду ад нашай справы. У Таварыства напачатку не будзе ніякага іншага аўтарытэту, акрамя маральнага, але, нягледзячы на гэта, яго павінна хапіць, каб пасяліць у яўрэйскім народзе давер да Яўрэйскай кампаніі. Яўрэйская кампанія будзе мець камерцыйны поспех толькі тады, калі яна, так бы мовіць, атрымае санкцыю Таварыства, то-бок яе зможа стварыць не проста нейкая група людзей з грашыма. Таварыства будзе правяраць, выбіраць і вызначаць, і перад тым, як ухваліць заснаванне Кампаніі, запатрабуе ўсе неабходныя гарантыі добрасумленнага выканання плана. Нельга праводзіць эксперыменты недастатковымі сіламі, бо гэтая справа павінна быць удалай з першай спробы. Няўдача скампраметуе ўсю ідэю на дзесяцігоддзі наперад, і, магчыма, зробіць яе неажыццявімай назаўсёды. Вось тры спосабы прыцягнення акцыянернага капіталу:

1) праз буйны банк;

2) праз банк сярэдняй велічыні;

3) праз народную падпіску.

Самы лёгкі, самы хуткі і надзейны шлях – заснаванне праз буйны банк. У такім выпадку неабходныя сродкі можна будзе ў кароткі тэрмін здабыць у існуючых вялікіх фінансавых групах шляхам простых перамоў. Вялікай перавагай пры гэтым было б тое, што мільярд – застанёмся пры гэтай умоўнай лічбе – не трэба было б выплачваць адразу цалкам. Яшчэ адна перавага – гэта тое, што ў мэтах нашага пачынання можна было б карыстацца крэдытам такіх магутных фінансавых груповак. Яўрэйская фінансавая магутнасць хавае ў сабе яшчэ шмат нескарыстанай палітычнай сілы, якую ворагі яўрэйства прадстаўляюць вельмі ўплывовай, што ў сапраўднасці не так, хаця і магло б быць. Ад такой фінансавай магутнасці бедныя яўрэі адчуваюць толькі нянавісць, але няма карысці і змякчэння пакут, якое гэтая магутнасць магла б прыносіць. Крэдытную палітыку ўплывовых яўрэйскіх фінансістаў трэба было б паставіць на службу нацыянальнай ідэі. Але калі тыя цалкам задаволеныя сваім становішчам спадары не пажадаюць нешта зрабіць для сваіх братоў па крыві, якіх несправядліва прыцягваюць да адказу за вялізнае багацце адзінак, то пры рэалізацыі гэтага плана з’явіцца падстава для строгага размежавання паміж імі і астатняй часткай яўрэйства.

Зрэшты, ад буйнога банка зусім не запатрабуюць, каб ён сабраў такую каласальную суму на дабрачынных асновах. Гэта было б неразумна. Наадварот, заснавальнікі і акцыянеры Яўрэйскай кампаніі павінны добра зарабіць, і яны змогуць загадзя разлічыць свае шансы на поспех. Яўрэйскае таварыства будзе валодаць усімі неабходнымі данымі і дакументацыяй для разліку перспектыў Яўрэйскай кампаніі. Яўрэйскае таварыства дакладна вывучыць маштабы новага яўрэйскага руху і зможа паведаміць заснавальнікам Кампаніі надзейныя звесткі пра тое, на які ўдзел яны могуць разлічваць. Перад пачаткам фінансавання такога вялікага прадпрыемства Таварыства складзе для Кампаніі усёахопную сучасную статыстыку па яўрэях, гэта значыць, выканае працу даследчай кампаніі (Société d’études), як гэта звычайна робіцца ў Францыі.

Нягледзячы на гэта, яўрэйскія фінансавыя магнаты, магчыма, не сустрэнуць праект бурнымі авацыямі. Можа нават стацца, што яны з дапамогай сваіх таемных паслугачоў і агентаў паспрабуюць распачаць змаганне супраць нашага яўрэйскага руху. Да гэтага, як і да любога іншага, змагання, якое нам будзе навязанае, мы паставімся з бязлітаснай жорсткасцю.

Тады грашовым магнатам застанецца абмежавацца адной толькі скептычнай усмешкай у адрас нашай справы.

І што, на гэтым усё скончыцца?

Не.

У гэтым выпадку мы пяройдзем да другога этапу і будзем прыцягваць грошы з дапамогай яўрэяў сярэдняга дастатку. У імя нацыянальнай ідэі сярэднія яўрэйскія банкі мусілі б мабілізавацца супраць буйных банкаў і стаць другой па велічыні грознай фінансавай сілай. У такім развіцці падзей, магчыма, ёсць адзін недахоп: спачатку гэта будзе чыста фінансавая аперацыя, бо мільярд трэба ўнесці адразу, інакш нельга і пачынаць, а грошы пачнуць выкарыстоўвацца для справы вельмі павольна, таму ў першыя гады іх можна пусціць на розныя банкаўскія і пазыковыя аперацыі. Не выключана, што першапачатковая мэта паступова забудзецца, яўрэі сярэдняга дастатку знойдуць для сябе новую буйную справу, і перасяленне яўрэяў загразне ў балоце.

У самой ідэі прыцягнення сродкаў такім спосабам няма зусім нічога фантастычнага, гэта вядома. Былі розныя спробы сабраць каталіцкія грошы супраць буйных банкаў, а пра тое, што ім можна супрацьстаяць яўрэйскімі грашыма, дагэтуль ніхто не думаў.

Але да якіх жа крызісаў можа гэта прывесці! Наколькі маглі б пацярпець краіны, дзе гулялі б у такія фінансавыя гульні, наколькі ўзрос бы пры гэтым антысемітызм!

Мне такое развіццё падзей не падабаецца, і я згадваю яго толькі таму, што яно з’яўляецца лагічным працягам думкі.

Ці далучацца да справы сярэднія банкі, я таксама не ведаю.

У любым выпадку, з адмовай умерана багатых яўрэяў справа не скончыцца, хутчэй, тады яна толькі і пачнецца.

Бо Яўрэйскае таварыства, якое не складаецца з дзелавых людзей, можа паспрабаваць заснаваць Кампанію як усенародную.

Акцыянерны капітал Кампаніі можа быць сабраны без пасрэдніцтва сіндыката буйных ці сярэдніх банкаў шляхам прамой падпіскі. Сваімі зусім дробнымі ўзносамі у фарміраванні акцыянернага капіталу паўдзельнічаюць не толькі бедныя яўрэі, але і хрысціяне, якія хочуць пазбавіцца яўрэяў. Гэта зрабілася б новай своеасаблівай формай плебісцыту, пры якім кожны, хто жадае прагаласаваць за такі спосаб вырашэння яўрэйскага пытання, можа выказаць сваё меркаванне праз падпіску на ўмовах, якія гарантавалі б сур’ёзную бяспеку. Поўную выплату кожнага ўзносу трэба будзе рабіць толькі тады, калі людзі падпішуцца на ўсю суму, неабходную для фарміравання акцыянернага капіталу, у адваротным выпадку задатак будзе вернуты. Калі ж неабходная агульная сума будзе сабраная па ўсім свеце шляхам народнай падпіскі, то кожны маленькі ўзнос будзе гарантаваны праз незлічоныя маленькія ўзносы іншых людзей.

Тут, канечне, спатрэбілася б выразная, рашучая дапамога зацікаўленых урадаў.

 

Мясцовыя групы

Перасяленне

Раней мы расказвалі толькі пра тое, як пазбегнуць эканамічнай катастрофы пры перасяленні, але такога роду перамяшчэнні людзей звычайна суправаджаюцца і моцнымі душэўнымі перажываннямі. Мы людзі і мы маем старыя звычкі, успаміны, праз якія мы прывязваемся да сваіх мясцін. У нас ёсць калыскі, у нас ёсць магілы, і мы ведаем, што магілы значаць для яўрэйскага сэрца. Калыскі мы возьмем з сабой – у іх ціха дрэмле і ўсміхаецца наша будучыня. Нашы дарагія магілы нам давядзецца пакінуць, і я думаю, што расставанне з імі будзе для нашага сквапнага народа самай цяжкай справай. Але так трэба.

Ужо цяпер беднасць, палітычны ўціск, нянавісць грамадства аддаляюць нас ад нашых дамоў і нашых магіл. Ужо цяпер яўрэі бесперастанку пераязджаюць з адной краіны ў іншую, шмат хто нават перасякае мора і перасяляецца ў Злучаныя Штаты, дзе нам таксама ніхто не рады. А хто нам будзе рады, пакуль у нас не з’явіцца ўласная радзіма?

Але мы хочам даць яўрэям радзіму. Пры гэтым мы не будзем іх гвалтам вырываць з зямлі. Не, мы асцярожна дастанем іх з усімі каранямі і перасадзім у лепшую глебу. Наколькі мы жадаем стварыць новыя стасункі ў эканамічнай і палітычнай сферы, настолькі ж мы шануем усё старое ў сферы духоўнай. Некалькі слоў пра гэта. Найбольшая небяспека хаваецца ў тым, што гэтую частку плана палічаць пустым летуценнем.

Але ж гэта магчыма і рэальна і толькі здаецца чымсьці заблытаным і бездапаможным. Арганізацыйная праца зробіць усё разумным.

 

Групавое перасяленне

Людзі павінны эміграваць групамі – са сваімі сем’ямі і сябрамі. Нікога не будуць прымушаць далучацца да групы з ягонага мінулага месца жыхарства. Пасля завяршэння сваіх спраў кожны можа ехаць так, як ён захоча. Кожны падарожнічае за свой кошт, у тым класе чыгункі ці карабля, які яму падыходзіць. У нашых цягніках і караблях будзе, магчыма, толькі адзін клас, каб розніца ў маёмасным становішчы не турбавала бедных падчас такіх доўгіх падарожжаў. Нават калі мы збіраемся перавозіць людзей не для забаў, не хацелася б па дарозе псаваць ім настрой.

У галечы ніхто ехаць не будзе, з другога боку, усе, каму патрэбны прыемны камфорт, змогуць яго атрымаць. Дамовіцца можна будзе вельмі загадзя – у найлепшым выпадку, пройдуць гады да таго моманту, калі асобныя маёмасныя класы скрануцца з месца. Заможныя будуць ездзіць кампаніямі. У дарогу людзі возьмуць з сабой свае прыватныя сувязі. Мы ведаем, што калі не лічыць самых багатых, у яўрэяў няма амаль ніякіх стасункаў з хрысціянамі. У многіх краінах яўрэй, калі ён не мае на ўтрыманні парачкі нахлебнікаў, даўжнікоў ды прыслужнікаў, увогуле не знаёмы ні з кім з хрысціян. Па сутнасці, гета ўсё яшчэ існуе.

Такім чынам, у сярэдніх саслоўях рыхтавацца да ад’езду будуць доўга і старанна. Кожная мясцовасць сфарміруе сваю групу. У вялікіх гарадах параённа ўтворыцца некалькі груп, якія будуць кантактаваць адна з адной праз абраных прадстаўнікоў.

Падзел на раёны не абавязковы. Уласна кажучы, ён задуманы, каб аблегчыць паездку малазабяспечаным і не дапусціць дыскамфорту ды тугі па доме. Кожны вольны ехаць асобна ці далучыцца да любой мясцовай групы. Умовы ў залежнасці ад класа аднолькавыя для ўсіх. Калі пасажырская група будзе дастаткова шматлікай, яна атрымае ад Кампаніі цэлы цягнік, а потым – цэлы карабель.

Жыллёвае ведамства Кампаніі паклапоціцца пра прыдатны прытулак для найбяднейшых. У пазнейшы час, калі паедуць заможныя перасяленцы, прыватныя прадпрымальнікі ўжо пабудуюць гатэлі, бо патрэбу ў іх лёгка прадказаць. Некаторыя ж заможныя перасяленцы ўзвядуць сабе дамы раней, так што ім трэба будзе ўсяго толькі пераехаць са старых пакінутых дамоў у новыя, якія ўжо будуць гатовыя.

Указваць нашай інтэлігенцыі на яе задачы будзе лішнім. Усе, хто далучыцца да нацыянальнай ідэі, будуць і так ведаць, як дзейнічаць у сваім коле дзеля яе пашырэння і ажыццяўлення. Мы хочам у першую чаргу звярнуцца па дапамогу да нашых духоўных пастыраў.

 

Нашы духоўныя пастыры

У кожнай групе будзе свой рабін, які паедзе разам з абшчынай. Мясцовыя групы добраахвотна збяруцца вакол сваіх рабінаў – колькі рабінаў, столькі і мясцовых груп. Рабіны будуць першымі, хто зразумее нашу ідэю, першымі ёй натхняцца і будуць са сваіх кафедраў натхняць іншых. Няма патрэбы ў нейкіх асаблівых сходах, каб займацца там балбатнёй. Пра справу будуць расказваць падчас набажэнства – так яно і павінна быць. Мы ўсведамляем наша гістарычнае адзінства толькі ў веры нашых продкаў, бо ўжо даўно і невыкараняльна ўвабралі ў сябе мовы розных народаў.

Рабіны будуць рэгулярна атрымліваць ад Таварыства і Кампаніі паведамленні, абвяшчаць і тлумачыць іх абшчыне. Ізраіль будзе маліцца за нас, маліцца за самога сябе.

 

Давераныя асобы мясцовых груп

Мясцовыя групы прызначаць невялікія камісіі з давераных асоб пад старшынствам рабінаў. У групах будуць абмяркоўваць і вырашаць практычныя пытанні ў залежнасці ад мясцовых патрэб. Дабрачынныя арганізацыі будуць перанесеныя «туды» разам з мясцовымі групамі. «Там» яны таксама будуць дзейнічаць у рамках былых мясцовых груп, а іх будынкі ў пакінутых гарадах, па маім меркаванні, прадаваць не трэба: лепш перадаць іх на патрэбы хрысціян, якім неабходная дапамога. Пры размеркаванні зямлі «там» кошт тых будынкаў будзе кампенсаваны мясцовым групам, у выніку чаго яны бязвыплатна атрымаюць участкі для будаўніцтва, а таксама розныя льготы.

Перанос дабрачынных арганізацый, як і рэалізацыя некаторых іншых пунктаў гэтага плана дасць ім магчымасць паслужыць на карысць чалавецтву. У параўнанні з затрачанымі выдаткамі сённяшняя бязладная дабрачыннасць робіць мала дабра. Дабрачынныя арганізацыі могуць і павінны ўтварыць сістэму, дзе яны будуць дапаўняць адна адну. У новым грамадстве гэтыя ўстановы можна стварыць у адпаведнасці з духам сучаснасці і на аснове сацыяльна-палітычнага вопыту. Гэта справа для нас вельмі важная, бо ў нас шмат жабракоў. Слабейшыя па сваёй натуры людзі – праз вонкавы ціск, які пазбаўляе іх волі, праз дабрачыннасць багацеяў, якая іх разбэшчвае, – лёгка пагаджаюцца пайсці па свеце з торбаю.

Таварыства пры падтрымцы мясцовых груп будзе надаваць найбольшую ўвагу выхаванню народа ў гэтым плане. Шматлікія высілкі, якія цяпер бясплённа марнуюцца, трапяць тым самым ва ўрадлівую глебу. Таго, хто мае добрую волю, трэба выкарыстоўваць належным чынам. Жабракоў мы не пацярпім. Той, хто не жадае нічога рабіць як вольны чалавек, пойдзе ў работны дом.

А вось старых мы не збіраемся запіхваць у багадзельні. Багадзельня – адно з самых бязлітасных дабрадзействаў, якія вынайшла наша бязглуздая міласэрнасць. У багадзельнях старыя людзі паміраюць ад сораму і прыніжэння. Яны пачуваюцца там так, нібы ўжо трапілі ў магілу. Але нават для людзей на самых нізкіх ступенях разумовых здольнасцей мы будзем да канца іх жыцця ствараць суцяшальную ілюзію іх карыснасці. Няздольныя да фізічнай працы будуць выконваць нескладаныя абавязкі. Мы мусім лічыцца з беднымі старымі, якія больш не маюць жыццёвых сіл і належаць да пакалення, што цяпер сыходзіць. А наступныя пакаленні мы павінны выхоўваць ужо па-іншаму – у свабодзе і дзеля свабоды.

Мы будзем дамагацца, каб людзі любога ўзросту, у любы перыяд жыцця адчувалі маральнае задавальненне ад працы. Такім чынам, наш народ зноў стане працавітым – у краіне сямігадзіннага працоўнага дня.

 

Планы гарадоў

Мясцовыя групы даручаць сваім прадстаўнікам выбраць месца для засялення. Пры размеркаванні зямлі яны будуць зважаць на тое, каб перасяленне праводзілася асцярожна, з захаваннем усяго, што мае права быць захаваным.

У мясцовых групах у адкрытым доступе будуць гарадскія планы, каб людзі загадзя даведаліся, куды яны едуць, у якія гарадах і ў якіх дамах яны будуць жыць. Раней згадвалася, што будаўнічыя планы і наглядныя ілюстрацыі будуць перадавацца мясцовым групам.

Калі ў кіраўніцтве будзе строгая цэнтралізацыя, то мясцовыя групы будуць трымацца прынцыпу максімальнай аўтаноміі. Толькі так перасяленне можа прайсці бязбольна.

Мне справа не ўяўляецца лягчэйшай, чым яна ёсць, але не трэба ўяўляць яе цяжэйшай.

 

Пераезд сярэдняга саслоўя

Сярэдняе саслоўе мімаволі ўцягнецца ў агульны рух. Чыесьці сыны будуць «там» служачымі Таварыства ці Кампаніі. Юрысты, медыкі, тэхнікі ўсіх галін, маладыя камерсанты, усе яўрэйскія ўцекачы ад прыгнёту ў сваёй айчыне, што шукаюць шчасця ў іншых кутках свету, збяруцца на зямлі, якая дае надзею. Іншыя выдадуць сваіх дочак за такіх шматабяцальных людзей. Нехта з маладых людзей пакліча да сябе нявесту, нехта – бацькоў, братоў і сясцёр. У новых культурах жэняцца рана. Гэта можа аказацца карысным для ўсеагульнай маралі, і мы атрымаем моцнае маладое пакаленне ў адрозненне ад кволага патомства тых бацькоў, што позна жэняцца і паспяваюць змарнаваць сваю энергію ў барацьбе за выжыванне.

Кожны перасяленец з сярэдняга саслоўя пацягне за сабой іншых.

Самым смелым, канечне, дастанецца найлепшае ў новым свеце. Аднак тут хаваецца самая вялікая складанасць гэтага плана. Нават калі нам удасца зрабіць яўрэйскае пытанне прадметам сур’ёзнай сусветнай дыскусіі, нават калі ў выніку такога абмеркавання будзе зроблены абсалютна бясспрэчны вывад, што яўрэйская дзяржава патрэбная свету, нават калі мы пры падтрымцы іншых дзяржаў даб’ёмся суверэнітэту для нейкай тэрыторыі, застаецца пытанне – як мы без прымусу пераселім яўрэйскія масы з іх цяперашніх дамоў у новую краіну? Мы ж сапраўды лічым, што перасяленне павінна быць дабравольным?

 

Эфект масы

Для пачатку руху, бадай, не спатрэбяцца карпатлівыя намаганні. Антысеміты паклапоцяцца пра гэта, ім трэба рабіць роўна тое самае, што яны рабілі дагэтуль, каб у яўрэяў прачнулася жаданне эміграваць з тых месцаў, дзе яго няма, і ўзмацнілася там, дзе яно ёсць. Цяпер яўрэі не пакідаюць антысеміцкія краіны галоўным чынам праз тое, што нават самыя недасведчаныя ў гісторыі людзі ведаюць, што шматлікіх перамен месца жыхарства на працягу стагоддзяў ніколі не хапала надоўга. Калі б сёння існавала краіна, дзе яўрэяў сустрэлі б з радасцю і дзе ім гарантавалі б нават нашмат менш пераваг, чым у яўрэйскай дзяржаве пасля яе ўзнікнення, то туды імгненна рынуўся б магутны паток яўрэяў. Самыя бедныя, тыя, каму няма чаго губляць, пацягнуліся б туды. Але я сцвярджаю, і кожны можа гэта праверыць на ўласным прыкладзе, што жаданне эміграваць, выкліканае нашым прыгнечаным станам, прысутнічае нават у заможных слаях. Дык ужо адных беднякоў было б дастаткова для заснавання дзяржавы, яны ж самы спраўны чалавечы рэсурс для каланізацыі, бо каб удзельнічаць у такіх вялікіх пачынаннях, трэба мець крыху роспачы. Калі ж нашы адчайныя людзі сваім з’яўленнем, сваёй працай уздымуць вартасць краіны, яны паступова зробяць яе больш прывабнай для таго, каб багацейшыя таксама пайшлі за імі.

Усё вышэйшыя слаі будуць зацікаўленыя ў пераездзе. Першыя, самыя бедныя, паедуць пад кіраўніцтвам Таварыства і Кампаніі, і, бадай што, пры падтрымцы ўжо існуючых эміграцыйных ды сіянісцкіх суполак.

Якім чынам можна скіраваць масу людзей у нейкае месца, не загадваючы ім?

Ёсць асобныя буйныя яўрэйскія дабрачынцы, якія хочуць суцішыць пакуты яўрэяў з дапамогай сіянісцкіх ініцыятыў. Такія дабрачынцы, мусіць, ужо займаліся гэтым пытаннем, і яны меркавалі, што вырашаць яго, калі дадуць перасяленцам грошы ці прылады для працы. Такім чынам, дабрачынец казаў: «Я плачу людзям, каб яны паехалі». Гэта няправільна па сваёй сутнасці, і нават усе грошы свету не дапамогуць дасягнуць такой мэты.

Кампанія будзе казаць наадварот: «Мы не будзем даваць вам грошы, плаціць мусіце вы, але мы для вас нешта задумалі».

Хачу гэта паказаць на жартаўлівым прыкладзе. Я і адзін з такіх дабрачынцаў, назавём яго баронам, хацелі б у нядзелю ў пасляабедзенную спёку сабраць вялікую колькасць людзей на раўніне Ланшан пад Парыжам. Паабяцаўшы ўсім па 10 франкаў і патраціўшы агулам 200 000 франкаў, барон збярэ 20 000 няшчасных людзей, якія будуць пацець і праклінаць яго за тое, што ён асудзіў іх на такую пакуту.

Я ж патраціў бы 200 000 франкаў на прыз за перамогу ў конных скачках і агарадзіў бы Ланшан ад людзей. Хто хоча зайсці, няхай плаціць 1, 5, 20 франкаў.

У выніку я збіраю паўмільёна чалавек, прэзідэнт Рэспублікі прыязджае ў карэце, запрэжанай цугам, натоўп радуецца і забаўляе сябе сам. Нягледзячы на спёку і пыл, многія радыя аказацца на вольным паветры, а я за 200 000 франкаў атрымаю мільён у выглядзе платы за ўваход і падатку на гульні. Тых жа самых людзей я змагу сабраць там у любы час, а барон не – ні за што на свеце.

Я зараз праілюструю эфект масы больш сур’ёзным прыкладам, звязаным з заробкам на хлеб надзённы. Няхай хтось паспрабуе заклікаць на вуліцах горада: «Хто пагодзіцца цэлы дзень стаяць у адкрытым з усіх бакоў жалезным памяшканні пры жудасным холадзе ўзімку і пры нясцерпнай спёцы ўлетку, загаворваць з кожным прахожым і прапаноўваць яму старызну, ці рыбу, ці садавіну, той будзе атрымліваць 2 фларыны або 4 франкі, або нешта такое».

Колькі людзей удасца гэтым завабіць? Калі ж іх прымусіць голад, то колькі дзён яны вытрымаюць? Калі яны затрымаюцца на такой працы, то наколькі старанна яны будуць угаворваць прахожых купляць садавіну, рыбу ці старызну?

Мы зробім па-іншаму. У месцах інтэнсіўнага руху – а іх нам знайсці тым лягчэй, што мы самі куды хочам, туды і накіроўваем той рух, – мы ўзводзім вялікія памяшканні і называем іх рынкамі. Мы можам будаваць іх з горшымі, менш адпаведнымі санітарным нормам, чым іншыя, і ўсё ж людзі будуць туды імкнуцца. Але мы збіраемся будаваць прыгажэй і лепш, укладаць у іх усю душу, і людзі, якім мы нічога не абяцалі, бо не маглі ім нічога абяцаць, не падманваючы іх, – гэтыя працавітыя, прадпрымальныя людзі, жартуючы, створаць ажыўленыя рыначныя адносіны. Яны будуць нястомна звяртацца да пакупнікоў, яны будуць днямі стаяць на нагах і не заўважаць стомы. Дзень за днём яны будуць спяшацца туды, каб быць першымі на сваім месцы, і нават створаць саюзы, картэлі, усё, што можна, толькі каб мець магчымасць працаваць без перашкод. І калі ў канцы працоўнага дня высветліцца, што сваёй руплівай працай яны зарабілі ўсяго толькі 1 фларын, 50 крэйцараў ці 3 франкі, яны будуць з надзеяй думаць пра наступны дзень, які, магчыма, будзе лепшы.

Мы падарылі ім надзею.

Нехта спытае, адкуль возьмецца неабходны для рынка попыт. Ці трэба гэта сапраўды тлумачыць?

Раней на прыкладзе «Assistance par le travail» я паказаў, якім чынам даход можа павялічыцца ў пятнаццаць разоў. За адзін мільён можна атрымаць пятнаццаць мільёнаў, за адзін мільярд – пятнаццаць мільярдаў.

Добра, але ці працуе гэта ў вялікім маштабе так жа, як і ў маленькім, бо даход на капітал расце з паніжальнай прагрэсіяй? Так яно і ёсць – з капіталам, які спіць і пужліва хаваецца, а не з тым, што працуе. На капітал, які працуе, даходнасць расце неймаверна. Вось да чаго зводзіцца сацыяльнае пытанне.

Ці праўда тое, што я кажу? Засведчыць маю правату я папрашу найбагацейшых яўрэяў. Чаму яны занятыя ў столькіх галінах прамысловасці? Чаму яны пасылаюць людзей пад зямлю здабываць вугаль ва ўмовах жудаснай небяспекі за мізэрны заробак? Для мяне, я думаю, як і для ўласнікаў шахт, у гэтым няма ніякай прыемнасці. Я не веру ў бессардэчнасць капіталістаў і не буду прыкідвацца, быццам веру ў гэта, бо хачу не цкаваць, а прыміраць людзей.

Ці трэба растлумачыць эфект масы і тое, як людзей прыцягваюць у пэўныя мясцовасці, на прыкладзе рэлігійных паломніцтваў?

Я не хачу закрануць чыесьці рэлігійныя пачуцці словамі, якія могуць няправільна зразумець.

Я толькі хачу коратка ўказаць на тое, штó для магаметанскага свету значыць паломніцтва багамольцаў у Мекку, для каталіцкага свету – у Лурд і ў іншыя мясціны, адкуль людзі дзякуючы сваёй веры вяртаюцца суцешанымі, – напрыклад, ад рызы Госпада ў Трыры. Вось і мы створым цэнтры, дзе наш народ зможа задавальняць свае глыбокія рэлігійныя патрэбы. Нашы духоўныя асобы першымі зразумеюць нас і пойдуць з намі.

«Там» мы дазволім усім маліцца так, як яны пажадаюць, і перадусім нашым дарагім вальнадумцам, нашай неўміручай арміі, якая заваёўвае ўсё новыя прасторы для чалавецтва.

Ні на каго нельга аказваць ніякага ціску, апроч тых выпадкаў, калі гэта неабходна для захавання дзяржавы і парадку. І такая неабходнасць будзе вызначацца не зменлівым самавольствам адной ці некалькіх асоб, а базіравацца на непарушных законах. Калі нехта на аснове прыведзеных мной прыкладаў зробіць вывад, што масы можна завабіць у такія рэлігійныя, эканамічныя ці забаўляльныя цэнтры толькі часова, то абвергнуць такое пярэчанне проста. Адзін такі цэнтр можа масы толькі прывабіць, але ўсе гэтыя цэнтры прыцягнення ў сукупнасці прыдатныя да таго, каб утрымліваць людзей і пастаянна задавальняць іх, бо разам такія цэнтры складаюць адно вялікае адзінства, якое наш народ так доўга шукаў, да якога няспынна імкнуўся, дзеля якога сябе захоўваў і захаваўся, нягледзячы на прыгнёт, – вольную Радзіму! Як толькі пачнецца рух, першых мы пацягнем за сабой, другім дадзім магчымасць пайсці за намі, трэціх падхопіць паток, чацвёртых выціснуць услед за намі.

Такім нерашучым, запозненым пасяленцам будзе найгорш і «тут», і «там».

А вось першыя, што натхнёна і смела даверацца нам, зоймуць «там» найлепшыя пазіцыі.

 

Наш чалавечы рэсурс

Ні пра адзін народ у свеце не расказваюць столькі няпраўды, як пра яўрэяў, і нават мы самі, прыгнечаныя і пазбаўленыя волі праз пакуты, ад якіх мы цярпелі на працягу нашай гісторыі, паўтараем гэтую няпраўду і верым ёй. Адно з такіх фальшывых сцверджанняў – гэта непамерная прага яўрэяў да гандлю. Вядома ж, што там, дзе ёсць магчымасць класавага росту, мы ад гандлю паспешліва аддаляемся. Пераважная большасць яўрэйскіх камерсантаў пасылаюць сваіх сыноў вучыцца, І такім чынам адбываецца так званая «іудызацыя» ўсіх інтэлектуальных прафесій. Аднак і ў ніжэйшых эканамічных слаях наша прага гандляваць не такая распаўсюджаная, як лічыцца. Ва ўсходніх краінах Еўропы вялікія масы яўрэяў не займаюцца гандлем і не цураюцца цяжкай працы. Яўрэйскае таварыства будзе здольнае падрыхтаваць дакладную навуковую статыстыку па нашых чалавечых рэсурсах. Новыя задачы і перспектывы, якія чакаюць нашых людзей у новай краіне, задаволяць сённяшніх рамеснікаў і ператвораць многіх дробных гандляроў у работнікаў ручной працы.

Вулічны гандляр з цяжкай паклажай за плячыма не адчувае сябе такім ужо шчаслівым, як гэта сабе ўяўляюць яго ганіцелі. Сямігадзінны працоўны дзень ператворыць усіх такіх людзей у рабочых. Гэтыя працавітыя, незразуметыя людзі пакутуюць, бадай што, найбольш. Зрэшты, Яўрэйскае таварыства ад самага пачатку зоймецца іх перавыхаваннем у рабочых. Жаданне працаваць будзе заахвочвацца. Яўрэі беражлівыя, вынаходлівыя і моцна прывязаныя да сваіх сем’яў. Такія людзі прыдатныя да любой працоўнай дзейнасці, таму будзе дастаткова зрабіць дробны гандаль бескарысным, каб адвярнуць цяперашніх дробных гандляроў ад іх занятку. Гэтаму, напрыклад, можа паслужыць спрыянне вялікім крамам, у якіх можна будзе набыць усё. Такія ўніверсальныя крамы ў вялікіх гарадах ужо цяпер выцясняюць дробны гандаль, а ў краіне з новай культурай яны проста не дадуць яму з’явіцца. Ва ўзнікненні вялікіх крам магла б быць яшчэ і тая карысць, што краіна стане прыдатнай для жыцця людзей з больш вытанчанымі запатрабаваннямі.

 

Дробныя звычкі

Ці будзе сумяшчальна з сур’ёзнасцю маёй працы, пагаварыць, няхай і мімаходзь, пра дробныя звычкі і камфорт звычайнага чалавека?

Мяркую, так. Я нават лічу гэта важным. Бо нашы звычкі – нібы тысячы нітачак, кожная з якіх тонкая і слабая, але з іх складаецца неразрыўная ліна.

І ў гэтым пытанні мы таксама мусім вызваліцца ад абмежаваных уяўленняў. Хто хоць нешта бачыў у гэтым свеце, той ведае, што сёння якраз дробныя паўсядзённыя звычкі распаўсюджваюцца ва ўсіх кірунках з вялікай лёгкасцю. Так, тэхнічныя дасягненні нашага часу, якія згодна з гэтым планам мусяць выкарыстоўвацца на службе чалавецтву, дагэтуль прымяняліся найперш для задавальнення дробных звычак. Ёсць англійскія гатэлі ў Егіпце і на горных вяршынях Швейцарыі, венскія кавярні ў Паўднёвай Афрыцы, французскі тэатр у Расіі, нямецкая опера ў Амерыцы і найлепшае баварскае піва ў Парыжы.

Калі мы яшчэ раз будзем выходзіць з Міцраіма, мы не забудзем пра катлы з мясам.

У кожнай мясцовай групе кожны знойдзе для сябе тое, да чаго ён прызвычаіўся, але ўсё будзе нашмат лепшым, прыгажэйшым і прыемнейшым.

 

Яўрэйскае таварыства і яўрэйская дзяржава

Negotiorum Gestio (вядзенне спраў без даручэння)

Гэтая праца не прызначаная для юрыстаў, таму сваю тэорыю прававой асновы дзяржавы, як і многае іншае, я закрану вельмі павярхоўна.

Тым не менш, я надаю пэўную важнасць сваёй тэорыі, якая зможа вытрымаць крытыку нават з боку спецыялістаў права.

Згодна са састарэлым у нашы дні меркаваннем Русо, у аснове дзяржавы ляжыць грамадскі дагавор. Русо сцвярджае: «Палажэнні гэтага дагавора вызначаюцца самой прыродай ўзаемаадносін бакоў такім чынам, што найменшае змяненне палажэнняў зрабіла б яго нікчэмным і нядзейсным». З гэтага робіцца вывад, што «хаця яны, бадай што, ніколі не былі дакладна сфармуляваныя, усё ж яны ўсюды аднолькавыя, усюды моўчкі прымаюцца і прызнаюцца» і г.д.

З гледзішча логікі і гісторыі тэорыю Русо абвергнуць няцяжка, які б жахлівы ці, наадварот, жыватворны ўплыў яна ні мела. Для сучасных канстытуцыйных дзяржаў пытанне, ці існаваў яшчэ да канстытуцыі грамадскі дагавор з «дакладна не сфармуляванымі, але нязменнымі палажэннямі», не мае практычнага інтарэсу. Цяпер прававыя стасункі паміж урадам і грамадзянамі вызначаныя.

Але перад прыняццем канстытуцыі і пры ўзнікненні новай дзяржавы гэтыя асноўныя прынцыпы важныя таксама і з практычнага боку. Тое, што новыя дзяржавы ўсё яшчэ могуць паўставаць, мы, канечне, ведаем і бачым. Калоніі аддзяляюцца ад метраполій, васалы робяцца самастойнымі ад сюзерэнаў, на новаадкрытых тэрыторыях адразу ўзнікаюць незалежныя дзяржавы. Яўрэйская дзяржава, вядома, задуманая як вельмі своеасаблівае новаўтварэнне на яшчэ нявызначанай тэрыторыі. Але ж дзяржава – гэта не зямельныя прасторы, а аб’яднаныя суверэнітэтам людзі.

Народ – гэта асобасная, а зямля – матэрыяльная аснова дзяржавы. І з гэтых дзвюх асноў асобасная больш важная. Да прыкладу, існуе суверэнітэт без матэрыяльнай асновы, і ён нават з’яўляецца самым паважаным у свеце – гэта суверэнітэт Папы.

У сучаснай навуцы аб дзяржаве існуе тэорыя разумнай неабходнасці, яе дастаткова, каб абгрунтаваць з’яўленне дзяржавы, і яе, у адрозненне ад тэорыі дагавора, абвергнуць у гістарычным плане немагчыма. Калі ў гэтай працы я кажу пра стварэнне яўрэйскай дзяржавы, то цалкам абапіраюся на тэорыю разумнай неабходнасці, якая, аднак, пазбягае прававога абгрунтавання дзяржавы. Сучаснаму погляду не адпавядаюць ні тэорыя Боскай волі, ні тэорыя прымусу, ні патрыярхальная, ні патрыманіяльная тэорыі, ні тэорыя дагавора. Прававое абгрунтаванне дзяржавы занадта старанна шукаюць то ў самім чалавеку (у тэорыі прымусу ці дагавора, у патрыярхальнай тэорыі), то над чалавекам (у тэорыі Боскай волі), то пад чалавекам (у рэчавай патрыманіяльнай тэорыі). Тэорыя разумнай неабходнасці дзеля зручнасці ці дзеля асцярожнасці пакідае гэтае пытанне без адказу. Але ж пытанне, якое так глыбока вывучалі найвялікшыя філосафы права ўсіх часоў, не можа быць бессэнсоўным. Папраўдзе дзяржава сумяшчае ў сабе чалавечае і звышчалавечае. Для адносін прыгнятальнага характару, у якіх знаходзяцца падпарадкаваныя адносна кіраўнікоў, патрабуецца прававое абгрунтаванне. Я лічу, што яго можна знайсці ў negotiorum gestio. Пры гэтым сукупнасць грамадзян можна разглядаць у якасці dominus negotiorum, а урад – у якасці гестара.

Цудоўная прававая думка рымлян стварыла з dominus negotiorum сапраўдны шэдэўр. Калі чыя-небудзь маёмасць у небяспецы, кожны мае права падысці і выратаваць яе. Гэта і ёсць гестар, кіраўнік чужых спраў. У яго няма ніякага даручэння ў сэнсе даручэння ад чалавека. Даручэнне яму дала вышэйшая неабходнасць. Вышэйшая неабходнасць для дзяржавы можа быць сфармуляваная і фармулюецца па-рознаму ў залежнасці ад ступені развіцця культуры ў адпаведнасці з дзейнымі агульнапрынятымі паняццямі. Кіраўніцтва (gestio) ажыццяўляецца ў інтарэсах гаспадара (dominus), г.зн. народа, да якога належыць і сам гестар.

Гестар кіруе маёмасцю, саўладальнікам якой ён з’яўляецца. Хаця, дзякуючы гэтаму саўладанню, ён мае інфармацыю пра пагрозы, якія патрабуюць яго ўмяшання і кіравання падчас вайны і міру, ён – у якасці саўладальніка – ні ў якім разе не дае сам сабе ніякага даручэння, якое мела б законную сілу. У найлепшым выпадку ён можа толькі здагадвацца пра адабрэнне шматлікіх саўладальнікаў.

Дзяржава ўзнікае ў барацьбе народа за існаванне. Падчас гэтай барацьбы немагчыма загадзя атрымаць належнае даручэнне, выкананае з усімі фармальнасцямі. Фактычна, любое пачынанне адразу асуджанае на правал, калі паспрабаваць папярэдне атрымаць правамоцнае адабрэнне большасці. Унутраны раскол зробіць народ безабаронным у дачыненні да вонкавай пагрозы. Усіх, як кажуць, пад адзін капыл не падгоніш, таму гестар проста робіць усё на свой капыл і ідзе наперад.

Дзяржаўны гестар мае дастатковую легітымнасць, калі агульная справа знаходзіцца ў небяспецы, а dominus праз адсутнасць волі ці з іншай прычыны не можа сам сабе дапамагчы.

Аднак у выніку свайго ўмяшання гестар прымае ў адносінах да dominus абавязацельствы, падобныя да дагаворных – quasi ex contractu. Гэта прававыя стасункі, якія існавалі раней, а дакладней, з’явіліся разам з дзяржавай.

Гестар мусіць адказваць за любую нядбайнасць, у тым ліку і ў выніку незавяршэння некалі ўзятых на сябе спраў і занядбанне таго, што мае да яго дачыненне. Я не хачу тут далей разглядаць negotiorum gestio і перайду да дзяржавы, іначай мы занадта аддалімся ад асноўнага прадмета. Упамяну толькі наступнае: «Пры згодзе гаспадара кіраванне справамі ў той жа ступені дзейснае, як і ў тым выпадку, калі б яно першапачаткова ажыццяўлялася па яго даручэнні».

Што гэта значыць у нашым выпадку?

На сённяшні дзень рассеянне яўрэйскага народа перашкаджае яму самастойна весці свае палітычныя справы. Пры гэтым у многіх месцах ён зазнае большы ці меншы прыгнёт. У першую чаргу яму патрэбны гестар; ім, канечне, не мусіць быць нейкі асобны чалавек, бо ён зрабіўся б пасмешышчам, а калі б ён дзейнічаў дзеля ўласнай выгады, то ім пагарджалі б.

Яўрэйскі гестар у поўным сэнсе слова мусіць быць маральнай асобай.

Ёй зробіцца Яўрэйскае таварыства.

Яўрэйскі гестар.

Такі орган народнага руху, характар і задачы якога мы зараз разгледзім, будзе ўтвораны найперш, і зрабіць гэта надзвычай проста. Маральную асобу складуць людзі з кола сумленных англійскіх яўрэяў, якіх я пазнаёміў з маім планам у Лондане. Яўрэйскае таварыства – цэнтр яўрэйскага руху, які мае пачацца.

Перад Таварыствам стаяць навуковыя і палітычныя задачы. Заснаванне яўрэйскай дзяржавы, як я сабе яго ўяўляю, мае сучасныя навуковыя перадумовы. Сёння мы не можам выходзіць з Міцраіма тым жа наіўным спосабам, як гэта рабілася ў старыя часы. Мы загадзя і па-іншаму разлічым нашу колькасць і сілу. Яўрэйскае таварыства – гэта новы Майсей яўрэяў. Справа вялікага старажытнага гестара яўрэяў у прымітыўныя часы суадносіцца з нашай справай, як стары зінгшпіль з сучаснай операй. Мы будзем іграць тую самую мелодыю, але з нашмат большай колькасцю скрыпак, флейт, арфаў, віяланчэляў, кантрабасаў, з электрычным святлом, дэкарацыямі, харамі, у раскошнай абстаноўцы і з удзелам найлепшых спевакоў.

З гэтай працы павінна распачацца агульная дыскусія па яўрэйскім пытанні. У ёй паўдзельнічаюць сябры і ворагі – я спадзяюся, не з сентыментальнымі апраўданнямі і брыдкай лаянкай, як гэта было раней. Дэбаты павінны быць прадметнымі, шырокімі, сур’ёзнымі і палітычнымі.

Яўрэйскае таварыства збярэ ўсе заявы дзяржаўных дзеячаў, парламентаў, яўрэйскіх абшчын, аб’яднанняў, якія будуць вусна і пісьмова зробленыя на сходах, у газетах ды кнігах. Так Таварыства ўпершыню даведаецца і вызначыць, ці жадаюць і ці мусяць яўрэі ўжо зараз перасяляцца ў Запаветную зямлю. Таварыства будзе атрымліваць дапамогу ад яўрэйскіх абшчын усяго свету ў зборы ўсёабдымнай статыстыкі што да яўрэяў.

Пазнейшыя задачы – навуковае даследаванне новай зямлі і яе прыродных рэсурсаў, адзіны план пераезду і засялення, падрыхтоўка заканадаўства, органаў кіравання і г.д. – лагічна выцякаюць з мэты.

Таварыства мусіць пастарацца, як я ўжо тлумачыў у пачатку агульнай часткі, каб у знешнім свеце яго прызналі дзяржаваўтваральнай сілай. Яно можа заваяваць неабходны аўтарытэт з боку ўрадаў дзякуючы адкрытай падтрымцы вялікай колькасці яўрэяў.

Унутранай справай Таварыства будзе стварэнне неабходных у першыя часы ўстаноў – гэта будзе, калі карыстацца прыродазнаўчым выразам, першапачатковая клетка, з якой пазней разаўюцца ўсе грамадскія інстытуты яўрэйскай дзяржавы.

Як я ўжо казаў, першая мэта – забеспячэнне суверэнітэту з пункта гледжання міжнароднага права на тэрыторыі, дастатковай для задавальнення нашых справядлівых патрэб.

Што павінна адбывацца далей?

 

Авалоданне зямлёй

Калі ў гістарычныя часы народы вандравалі, яны дазвалялі выпадку перакідваць іх з месца на месца і ў сваім неўсвядомленым руху, які нагадваў палёт раёў саранчы, апыналіся невядома дзе. У гістарычныя часы людзі не ведалі зямлі. Цяперашняе перасяленне павінна адбывацца згодна з навуковымі прынцыпамі.

Яшчэ нейкіх сорак гадоў таму здабыча золата вялася надзіва прымітыўна. Наколькі авантурна адбывалася гэта ў Каліфорніі! З усяго свету на чуткі збягаліся авантурысты, рабавалі зямлю і адзін аднаго, здабываючы золата, а потым гэтак жа па-разбойніцку прагульвалі яго.

Але ж сёння – паглядзіце на залатыя прыіскі ў Трансваалі! Больш ніякіх рамантычных валацуг, адны толькі цвярозыя геолагі і інжынеры, якія кіруюць здабычай. Разумныя машыны выдзяляюць золата з выяўленай пароды. На волю лёсу пакідаецца мала чаго.

Падобным чынам і новую яўрэйскую зямлю трэба даследаваць усімі сучаснымі метадамі і авалодаць ёю.

Як толькі зямля будзе нам гарантаваная, туды адправіцца карабель

з прадстаўнікамі Таварыства, Кампаніі і мясцовых груп на борце.

Перад каланістамі будуць стаяць тры задачы:

1) дакладнае навуковае даследаванне ўсіх прыродных асаблівасцей краіны, 2) арганізацыя строга цэнтралізаванага кіравання, 3) размеркаванне зямлі.

Гэтыя задачы пераплятаюцца паміж сабой, і іх выкананне павінна адпавядаць ужо добра вядомай мэце.

Толькі адно яшчэ не высветлена: як тая ці іншая мясцовая група будзе атрымліваць зямлю.

Пры асваенні якой-небудзь новай тэрыторыі ў Амерыцы размеркаванне праходзіць вельмі прымітыўным чынам: каланізатары збіраюцца на мяжы і ў пэўны час усе разам кідаюцца да сваіх участкаў.

Такога ў новай яўрэйскай краіне адбывацца не павінна. Участкі ў правінцыях і гарадах будуць прадавацца з аўкцыёну – зусім не за грошы, а за працу. У адпаведнасці з агульным планам будзе вызначана, якія дарогі, масты, гідратэхнічныя збудаванні неабходныя для транспартнай камунікацыі. Планы будуць складацца па асобных правінцыях. У межах правінцый аналагічным спосабам будуць прадавацца з аўкцыёну гарадскія ўчасткі. Мясцовыя групы возьмуць абавязацельства выканаць гэта належным чынам. Свае выдаткі яны будуць пакрываць за кошт мясцовых збораў, якія прызначаць самі. Таварыства зможа, канечне, ацаніць, ці не пралічылася якая-небудзь мясцовая група, прызначыўшы занадта вялікае ахвяраванне. Буйныя абшчыны атрымаюць вялікі прастор для сваёй дзейнасці. Большыя ахвяраванні мясцовых груп будуць узнагароджвацца праз выдзяленне грашовых сродкаў на ўніверсітэты, спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя, а таксама навукова-даследчыя ўстановы і г.д. – тыя дзяржаўныя інстытуты, якія не мусяць знаходзіцца ў сталіцы, будуць будавацца ў мясцінах адпаведных груп, размяркоўваючыся па краіне.

За належнае выкананне ўзятых абавязацельстваў будзе сваім інтарэсам адказваць набытчык на аўкцыёне, у крайнім выпадку, за кошт мясцовых збораў. Мы не можам і не хочам сціраць адрозненні паміж асобнымі індывідуумамі; будуць захоўвацца і адрозненні паміж мясцовымі групамі. Усё размяркуецца натуральным чынам. Усе набытыя правы будуць захаваныя, у кожнага новага пачынання будзе дастаткова прасторы для дзеяння. Людзям гэта ясна растлумачаць.

Як мы самі не хочам нікога заспець знянацку, так і сябе саміх мы не будзем уводзіць у зман –

усё будзе загадзя вызначана планам, які я толькі акрэсліў. У яго распрацоўцы будуць удзельнічаць самыя светлыя галовы. Усе сённяшнія дасягненні тэхнікі і сацыяльнай навукі, а таксама будучыя дасягненні, якія з’явяцца ў той доўгі перыяд, пакуль будзе выконвацца план, павінны выкарыстоўвацца для нашых мэт. Усе каштоўныя вынаходніцтвы, ужо існыя або будучыя, павінны быць ужытыя. Каланізацыя і ўтварэнне дзяржавы могуць ажыццявіцца ў небывалай у гісторыі форме з шансамі на поспех, якіх дагэтуль ніколі не было.

 

Канстытуцыя

Поруч з іншымі вялікімі камісіямі Таварыства заснуе раду дзяржаўных юрыстаў, якой даручаць распрацаваць найлепшую сучасную канстытуцыю. Я думаю, добрая канстытуцыя павінна быць умерана гнуткай. У сваёй іншай працы я разглядаў формы праўлення, якія мне падаюцца найбольш удалымі. Я лічу дэмакратычную манархію ці арыстакратычную рэспубліку найлепшымі формамі дзяржавы. Форма дзяржавы і прынцып кіравання мусяць быць супрацьпастаўлены адно аднаму і праз гэта – ўраўнаважвацца. Я перакананы прыхільнік манархічных інстытутаў улады, бо яны робяць палітыку ўстойлівай і прадстаўляюць інтарэсы вядомай у гісторыі, народжанай і выхаванай для ўладарання сям’і, і гэта супадае з інтарэсамі захавання дзяржавы. Аднак наша гісторыя так надоўга перарывалася, што мы болей не можам пачынаць гаворку пра такія інстытуты – адна толькі спроба выклікала б смех.

Дэмакратыя без неабходнай процівагі ў асобе манарха не ведае абмежаванняў ва ўхваленні і асуджэнні, прыводзіць да пустой балбатні ў парламенце і нараджае агідную катэгорыю прафесійных палітыкаў. Народы ўжо сёння не прыдатныя да неабмежаванай дэмакратыі, і я падазраю, у будучыні будуць да яе яшчэ менш прыдатнымі. Дэмакратыя ў чыстым выглядзе прадугледжвае прастату нораваў, а нашы норавы з развіццём зносін і культуры робяцца ўсё больш складанымі. «Сіла дэмакратыі ў дабрадзейнасці», – кажа мудры Мантэск’ё. А дзе можна пабачыць тое дабрадзейства, я маю на ўвазе, палітычнае дабрадзейства? Я не веру ў наша палітычнае дабрадзейства, бо мы нічым не адрозніваемся ад іншых сучасных людзей – ад свабоды мы пачалі б надзімацца пыхай. Я не лічу рэферэндум дасканалым сродкам, бо ў палітыцы не існуе лёгкіх пытанняў, на якія можна адказаць простымі «так» і «не», а масы хутчэй за парламенты гатовы паверыць любой лухце і схіляюцца на бок кожнага, хто крычыць гучней за іншых. Перад вачыма народнага сходу нельга рабіць ні знешняй, ні ўнутранай палітыкі.

Яе можна праводзіць толькі зверху. У яўрэйскай дзяржаве ніхто не павінен быць прыгнечаны: кожны зможа і захоча ўзвысіцца. Такім чынам, у нашым народзе павінен пачацца магутны рух уверх. Кожны будзе лічыць, што ён падымае толькі сябе, і пры гэтым адбудзецца агульны ўздым, якому трэба будзе прыдаць маральную, карысную для дзяржавы форму, якая будзе служыць нацыянальнай ідэі.

Таму я выступаю за арыстакратычную рэспубліку. Яна таксама адпавядае славалюбіваму духу нашага народа, які цяпер вырадзіўся ў пустую фанабэрыю. Шмат у чым парадкі Венецыі ўяўляюцца мне добрым прыкладам, але трэба пазбягаць усяго таго, што прывяло яе да гібелі. Мы будзем вучыцца на чужых памылках так жа, як і на сваіх, бо мы – сучасны народ, і жадаем зрабіцца самым сучасным. Таварыства дасць нашаму народу новую краіну, і ён з удзячнасцю прыме ад яго канстытуцыю. А там, дзе праявіцца супраціўленне, Таварыства зломіць яго. Таварыства не дапусціць, каб недалёкія ці зламысныя асобы перашкаджалі яму.

 

Мова

Магчыма, нехта думае, што нас чакаюць цяжкасці, бо мы больш не маем агульнай мовы. Мы ж не можам размаўляць адно з адным на іўрыце. Хто дастаткова валодае іўрытам, каб папрасіць чыгуначны білет? Няма такога. Тым не менш, справа вырашаецца проста. Кожны захавае сваю мову, якая з’яўляецца любай радзімай яго думак. Пра магчымасць моўнага федэралізму пераканаўча сведчыць прыклад Швейцарыі. Мы і «там» застанёмся тымі, кім мы ёсць, і гэтак жа мы ніколі не кінем журботна любіць нашы родныя краіны, з якіх нас выгналі.

Мы адвыкнем ад чахлых, здушаных жаргонаў, якімі мы цяпер абслугоўваем сябе, ад гэтых гаворак гета – яны былі тайнымі мовамі вязняў. Нашы нацыянальныя настаўнікі ўдзеляць увагу гэтаму пытанню. Найбольш карысная для агульных стасункаў мова натуральным чынам пачне выкарыстоўвацца як галоўная. Наша нацыянальная супольнасць незвычайная, унікальная – мы ўсведамляем сябе адзінымі толькі ў бацькоўскай веры.

 

Тэакратыя

І што ж, урэшце мы будзем мець тэакратыю? Не! Вера яднае нас, навука – вызваляе. Мы не дазволім ажыццявіцца тэакратычным памкненням нашых духоўных асоб. Мы зможам трымаць іх за сценамі храмаў, як наша прафесійнае войска – у казармах. Войска і духавенства павінны ўшаноўвацца настолькі, наколькі гэтага патрабуюць і заслугоўваюць іх цудоўныя абавязкі. Ім няма чаго лезці ў справы дзяржавы, якая аказвае ім асаблівую ўвагу, бо яны могуць выклікаць праблемы ў краіне і за яе межамі.

Усе будуць вольнымі і неабмежаванымі ў сваёй веры ці бязвер’і незалежна ад нацыянальнасці. Трэба дадаць, што людзям іншай веры і нацыянальнасці, якія будуць жыць сярод нас, мы гарантуем пачэсную абарону і роўнасць перад законам. У Еўропе мы навучыліся талерантнасці, я кажу гэта цалкам сур’ёзна. Ужо мала дзе цяперашні антысемітызм можна аднесці да старой рэлігійнай нецярпімасці. У цывілізаваных народах гэта найперш рух, з дапамогай якога яны хочуць абараніцца ад прывіду ўласнага мінулага.

 

Законы

Калі мы наблізімся да рэалізацыі ідэі ўтварэння дзяржавы, Яўрэйскае таварыства даручыць калегіі юрыстаў правесці падрыхтоўчую заканадаўчую працу. У пераходны перыяд трэба прытрымлівацца прынцыпу, што для яўрэяў будуць дзейнічаць законы тых краін, з якіх яны прыехалі, але мы павінны імкнуцца хутка перайсці да адзіных прававых норм. Законы трэба зрабіць сучаснымі, уключыць у іх усё найлепшае. Можна правесці ўзорную кадыфікацыю, якая будзе адпавядаць усім справядлівым сацыяльным патрабаванням сучаснасці.

 

Войска

Яўрэйская дзяржава задумваецца як нейтральная. Ёй спатрэбіцца толькі прафесійнае войска, забяспечанае, вядома, усімі сучаснымі сродкамі вядзення вайны, для падтрымання парадку ў краіне і за яе межамі.

 

Сцяг

У нас няма сцяга, але ён нам патрэбны. Калі мы хочам весці людзей за сабой, мы мусім мець сімвал, каб узняць яго над іх галовамі.

Я ўяўляю сабе белы сцяг з сямю залатымі зоркамі. Белае поле азначае новае, чыстае жыццё, а зоркі – сем залатых гадзін нашага працоўнага дня, бо яўрэі пойдуць у новую краіну пад знакам працы.

 

Прынцып узаемнасці і дагаворы аб экстрадыцыі

Новая яўрэйская дзяржава мусіць быць прыстойнай. Канечне, мы думаем пра будучую павагу да яе ў свеце,

таму ўсе абавязацельствы ў мінулых месцах пражывання трэба будзе сумленна выканаць. Танны пераезд і спрыянне пры засяленні Яўрэйскае таварыства і Яўрэйская кампанія будуць гарантаваць толькі тым, хто прынясе ад органаў улады з папярэдняга месца жыхарства пасведчанне, што яны пакінулі свае справы ў поўным парадку. У яўрэйскай дзяржаве ўсе прыватна-прававыя іскі разглядаць будзе лягчэй, чым дзе-небудзь. Мы зусім не збіраемся чакаць такога ж стаўлення да нас. Мы будзем рабіць гэта дзеля ўласнага гонару, тады і нашы іскі суды будуць ахвотней браць да разгляду, чым гэта здараецца цяпер у розных месцах.

З усяго сказанага вынікае, што яўрэйскіх злачынцаў мы будзем выдаваць таксама нашмат лягчэй, чым любая іншая дзяржава, – да таго моманту, пакуль наша крымінальнае правасуддзе не пачне функцыянаваць паводле тых жа прынцыпаў, што і ў іншых цывілізаваных краінах. Такім чынам, мяркуецца пераходны перыяд, падчас якога мы будзем прымаць нашых злачынцаў ужо пасля адбывання пакарання. Але тых, хто яго адбыў, мы прымем без аніякага абмежавання ў правах, бо новае жыццё ў нашай грамадзе павінна пачацца і ў злачынцаў.

Так што для многіх яўрэяў перасяленне можа стаць шчаслівым пераломным момантам. Кепскія вонкавыя ўмовы, праз якія ў многіх сапсаваўся характар, будуць ліквідаваныя, і прапашчыя людзі могуць быць выратаваныя.

Я хачу коратка расказаць гісторыю, якую знайшоў у паведамленні пра залатыя прыіскі ў Вітватэрсрандзе. Аднойчы нейкі чалавек прыехаў у Ранд, пасяліўся там, займаўся рознымі справамі, але не золатаздабычай, урэшце заснаваў фабрыку па вытворчасці лёду, дабіўся поспеху і хутка заваяваў сваёй прыстойнасцю агульную павагу. І вось праз некалькі гадоў яго раптам арыштавалі. У Франкфурце ён быў банкірам і займаўся махлярствам, збег, а тут пад фальшывым іменем пачаў новае жыццё. Калі яго арыштавалі і прывялі на вакзал, праводзіць яго прыйшлі самыя паважаныя людзі горада, каб сказаць яму «бывай» і «да пабачэння», бо ён жа абавязкова вернецца!

Гэтая гісторыя кажа шмат пра што. Новае жыццё нават злачынцаў робіць лепшымі, а ў нас жа іх параўнальна няшмат. Можна пачытаць пра гэта цікавую статыстычную справаздачу «Яўрэйская злачыннасць у Германіі», якую на аснове афіцыйных дакументаў склаў д-р П. Натан з Берліна па даручэнні Камітэта абароны ад антысеміцкіх нападаў. Хаця, канечне, гэты перапоўнены лічбамі дакумент, як і многія іншыя спробы «абараніцца», сыходзіць з памылковага меркавання, што антысемітызм можна абвергнуць логікай. Нас ненавідзяць за нашы добрыя якасці гэтак жа, як і за нашы заганы.

 

Выгады ад перасялення яўрэяў

Я думаю, што ўрады добраахвотна ці пад ціскам антысемітаў нейкім чынам звернуць увагу на гэты праект, і, магчыма, ад самага пачатку ў некаторых месцах нават сустрэнуць яго з сімпатыяй ды прадэманструюць яе Яўрэйскаму таварыству.

Бо перасяленне ў тым выглядзе, як я яго задумаў, не можа выклікаць ніякіх эканамічных крызісаў. З рэалізацыяй гэтага праекта крызісы, якія паўсюдна могуць узнікнуць у выніку пераследу яўрэяў, будуць хутчэй прадухіленыя, а ў цяперашніх антысеміцкіх краінах пачнецца доўгі перыяд росквіту. Як я ўжо неаднаразова паўтараў, адбудзецца ўнутранае перамяшчэнне грамадзян хрысціянскага веравызнання на тыя пазіцыі, якія яўрэі павольна і планамерна вызваляць. Калі нам не толькі дадуць свабоду дзеянняў, а яшчэ і адкрыта дапамогуць, перасяленне ўсюды будзе мець дабратворны эфект. Трэба пазбавіцца ад недальнабачнага ўяўлення, што праз масавы ад’езд яўрэяў пачнецца збядненне краін. Можна ўявіць сабе ад’езд з прычыны ганенняў, калі, нібы ў хаосе вайны, знішчаецца маёмасць. Зусім не так выглядае мірны, дабравольны ад’езд каланістаў – з захаваннем набытых правоў, цалкам законны, свабодны і адкрыты, пры дзённым святле, перад вачыма органаў улады, пад кантролем грамадства. З пачаткам яўрэйскага руху спыніцца эміграцыя пралетарыяў-хрысціян у іншыя часткі свету.

Наступная выгада для еўрапейскіх дзяржаў – у магутным росце экспарту, бо «там» яўрэйскія перасяленцы яшчэ доўгі час будуць залежаць ад іх вырабаў і вымушана набываць іх. Мясцовыя групы падтрымлівалі б справядлівы баланс, і звыклыя патрэбы працяглы час маглі б задавальняцца ў звыклых месцах.

Адной з найвялікшых пераваг зрабілася б сацыяльная разрадка. Сацыяльная незадаволенасць на некаторы час сцішылася б – магчыма, на дваццаць гадоў, магчыма, на большы тэрмін, прынамсі, на ўвесь час перасялення яўрэяў.

Форма, у якой можна вырашыць сацыяльнае пытанне, залежыць ад развіцця тэхнічных сродкаў. Пара сагнала людзей на фабрыкі, дзе яны цясняцца вакол станкоў, здушаныя, разгубленыя, і гэта робіць іх няшчаснымі. Велізарная вытворчасць, дзе робяць усё без разбору, без плана, увесь час прыводзіць да крызісаў, праз якія гінуць прадпрымальнікі і рабочыя. Пара прыціснула людзей адно да аднаго – электрычнасць, як мяркуецца, рассуне іх і, магчыма, дасць лепшыя ўмовы для працы. Тэхнічныя вынаходцы, сапраўдныя дабрадзеі чалавецтва, абавязкова працягнуць сваю працу і пасля пачатку перасялення яўрэяў і, спадзяюся, будуць прыдумляць такія ж цудоўныя рэчы, як дагэтуль. Не, кожны раз усё больш цудоўныя! Здаецца, слова «немагчыма» ўжо знікла з тэхнічнай мовы. Калі б чалавек мінулага стагоддзя ўбачыў наша жыццё, ён падумаў бы, што яно напоўненае загадкавымі цудамі. Там, куды мы, сучасныя людзі, прыходзім з сучаснымі тэхнічнымі сродкамі, мы ператвараем пустыню ў сад. Для ўзвядзення гарадоў нам хопіць столькі ж гадоў, колькі стагоддзяў патрэбна было ў мінулыя эпохі – гэтаму ёсць шматлікія прыклады ў Амерыцы. Такая перашкода, як адлегласці, пераадоленая. У скарбніцы сучаснага інтэлекту ўжо цяпер ляжаць невымерныя багацці, і з кожным днём яна папаўняецца: сотні тысяч розумаў па ўсёй зямлі думаюць, даследуюць, і адкрыццё аднаго чалавека ў наступны момант робіцца даступным усяму свету. А мы ў яўрэйскай дзяржаве збіраемся выкарыстоўваць плён усіх новых доследаў і ствараць прататыпы. Мы правядзём эксперымент з сямігадзінным працоўным днём дзеля карысці ўсяго чалавецтва і ўзначалім усё чалавекалюбнае ў свеце, заснаваўшы краіну эксперыментаў, узорную краіну.

Пасля ад’езду яўрэяў створаныя імі прадпрыемствы застануцца там, дзе яны былі, а яўрэйскі прадпрымальніцкі дух ніколі не сыдзе адтуль, дзе яго вітаюць. Мабільны яўрэйскі капітал і далей будзе інвеставаць туды, дзе ягоныя ўласнікі добра знаёмыя з умовамі. Калі цяпер яўрэйскі грашовы капітал у выніку пераследу вышуквае для ўкладання самыя аддаленыя прадпрыемствы за межамі краіны, то пры мірным вырашэнні пытання ён вернецца і зробіць свой унёсак ва ўздым тых краін, якія яўрэі пакінулі.

 

Заключнае слова

Як шмат засталося неразгледжаным, як шмат недахопаў, шкоднай неахайнасці і бескарысных паўтораў усё яшчэ ёсць у гэтай працы, якую я доўга абдумваў і шмат разоў перарабляў.

Добрасумленнага чытача, дастаткова разумнага, каб пранікаць ва ўнутраны сэнс слоў, гэтыя недахопы не адштурхнуць, а хутчэй заахвоцяць прыкласці свой розум і высілкі да справы, якая не можа належаць аднаму чалавеку, і ён паспрабуе палепшыць яе.

Ці не тлумачыў я відавочныя рэчы і ці не прапусціў важныя думкі?

Некаторыя пярэчанні я паспрабаваў абвергнуць, але ведаю, што ёсць і іншыя – высокага і ніжэйшага парадкаў.

Да пярэчанняў высокага парадку адносіцца тое, што на зямлі ў гаротным становішчы знаходзяцца не толькі яўрэі. Але я думаю, што мы ўсё ж павінны пачаць пакрысе змагацца з бядой, няхай пакуль што толькі са сваёй уласнай.

Яшчэ могуць сказаць, што мы не павінны ствараць новых адрозненняў паміж людзьмі, не ўтвараць новых меж, а лепей сціраць старыя. Я думаю, што так кажуць мілыя летуценнікі, але вецер бясследна развее пыл іх костак у той час, калі ідэя айчыны усё яшчэ будзе квітнець. Усеагульнае братэрства – гэта нават не прыгожая мара, вораг патрэбны для максімальнай мабілізацыі намаганняў чалавека.

Як жа так? Магчыма, у яўрэяў ва ўласнай дзяржаве не будзе ніякіх ворагаў, праз свой дабрабыт яўрэйскі народ саслабне ды змарнее і менавіта тады сапраўды знікне? Я думаю, у яўрэяў заўсёды будзе дастаткова ворагаў, як і ў любой іншай нацыі. Аднак калі яўрэі будуць жыць на сваёй зямлі, іх ужо больш ніколі не раскідае па ўсім свеце. Паўторна рассеяць яўрэяў будзе немагчыма, пакуль не знікне ўся сусветная цывілізацыя. Такога можа баяцца толькі наіўны чалавек. У цяперашняй цывілізацыі дастаткова сродкаў, каб абараніць сябе.

Пярэчанняў ніжэйшага парадку мноства, бо людзей з ніжэйшым інтэлектам сапраўды больш, чым з высокім. Некаторыя абмежаваныя ўяўленні я паспрабаваў перамагчы. Хто хоча стаць пад белы сцяг з сямю залатымі зоркамі, мусіць дапамагаць нам у гэтай асветніцкай кампаніі. Магчыма, нам давядзецца весці барацьбу ў першую чаргу супраць нядобразычлівых, бяздушных, абмежаваных яўрэяў.

Можа, нехта скажа, што я даю зброю ў рукі антысемітаў? Чаму? Таму што я прызнаю праўду? Таму што я не сцвярджаю, быццам усе мы спрэс дасканалыя людзі?

Можа нехта скажа, што я паказваю, якім чынам нам можна было б нашкодзіць? Я рашуча адмаўляю гэта. Мае прапановы рэалізуюцца толькі пры адабрэнні большасці яўрэяў – можна пайсці супраць волі адзінак, нават супраць волі груп самых уплывовых цяпер яўрэяў, але ніколі, ніколі ў жыцці дзяржава не пойдзе супраць усіх яўрэяў. Немагчыма ліквідаваць прапісанае ў заканадаўстве раўнапраўе яўрэяў там, дзе яно аднойчы з’явілася, бо нават першыя такія спробы адразу прывядуць усіх яўрэяў, бедных і багатых, у шэрагі рэвалюцыйных партый. Ужо адзін толькі пачатак афіцыйнага беззаконня супраць яўрэяў будзе мець вынікам эканамічныя крызісы. Так што, уласна кажучы, супраць нас можна арганізаваць мала чаго дзейснага, калі толькі мы самі сабе не зробім шкоды. Пры гэтым супраць нас расце і расце нянавісць. Багатым яна мала даецца ў знакі, а вось нашым беднякам – яшчэ як! Спытайце бедных яўрэяў, якія пасля ўзнаўлення антысемітызму пралетарызаваліся больш жудасна, чым калі-небудзь раней.

Магчыма, некаторыя заможныя людзі лічаць, што ціск недастаткова моцны для таго, каб прымусіць да эміграцыі, і нават гвалтоўныя высяленні яўрэяў паказваюць, наколькі неахвотна тыя сыходзяць у іншыя мясціны. Так, бо яны не ведаюць, куды! Бо яны ад бяды ўцякаюць, ды ў гора трапляюць! Але мы пакажам ім шлях у Запаветную зямлю. Цудоўная сіла энтузіязму мусіць пабароць жахлівую сілу звычкі.

Пераслед ужо не такі злосны, як у сярэднія вякі? Так, але наша ўразлівасць вырасла, таму мы не адчуваем аблягчэння пакут. Доўгі пераслед давёў нашы нервы да мяжы.

А яшчэ, можа, будуць казаць: справа безнадзейная, нават калі мы атрымаем зямлю і суверэнітэт, бо туды пойдуць адны беднякі. Менавіта яны нам патрэбныя ў першую чаргу! Толькі адчайныя людзі прыдатныя да заваёў.

Нехта скажа: так, але калі гэта магчыма, чаму гэта не зрабілі раней?

Раней было немагчыма – а цяпер магчыма. Яшчэ сто, пяцьдзясят гадоў таму гэта было б летуценнем. Сёння ўсё па-сапраўднаму. Багатыя, што цешацца прыемным знаёмствам з усімі тэхнічнымі дасягненнямі, вельмі добра ўяўляюць, чаго можна дасягнуць грашыма. Усё будзе адбывацца наступным чынам. Менавіта бедныя і простыя людзі, што і не падазраюць, якую ўладу мае чалавек над сіламі прыроды, павераць новаму пасланню наймацней, бо яны не страцілі надзеі знайсці Запаветную зямлю.

Яна ёсць, яўрэі! Гэта не казка і не падман! Кожны можа ў гэтым пераканацца, кожны панясе туды жменю Запаветнай зямлі: нехта ў галаве, нехта ў руках, а хтосьці – у набытай маёмасці.

Так, можа здавацца, што гэта доўгая справа. У найлепшым выпадку пачатку заснавання дзяржавы трэба будзе чакаць яшчэ шмат гадоў, а тым часам у многіх месцах з яўрэяў кпяць, іх абражаюць, лаюць, б’юць, рабуюць і забіваюць. Не, як толькі мы пачнём рэалізоўваць план, антысемітызм усюды адразу спыніцца. Бо план – гэта заключэнне мірнага дагавору. Як толькі Яўрэйская кампанія створыцца, навіна пра яе, бы маланка, у адзін дзень абляціць па правадах самыя аддаленыя куткі Зямлі,

і ў той жа момант нам зробіцца лягчэй. З сярэдніх слаёў у нашы першыя арганізацыі пацячэ сярэдняя інтэлігенцыя, якой мы маем лішак, даўшы нам першых тэхнікаў, афіцэраў, прафесараў, служачых, юрыстаў, дактароў. Вось так справа і будзе рухацца далей – спешна, і ўсё ж без катастроф.

У нашых храмах будуць маліцца аб поспеху справы. І ў цэрквах таксама, бо тады будзе зняты цяжар, ад якога пакутавалі ўсе.

Але перад тым павінна праяснець у галовах. Наша ідэя мусіць даляцець да самай убогай глухмені, дзе жывуць нашы людзі. Яны ачуюцца ад сваіх цяжкіх дум, бо ў жыцці ўсіх нас з’явіцца новы сэнс. Кожнаму трэба будзе думаць толькі пра сябе самога, і тады пачнецца магутны рух.

А якая слава чакае самаадданых барацьбітоў за нашу справу!

Я веру ў тое, што з зямлі прарасце пакаленне цудоўных яўрэяў. Макавеі зноў паўстануць.

Яшчэ раз паўтару тое, што казаў у пачатку. Тыя яўрэі, якія хочуць мець сваю дзяржаву, займеюць яе.

Мы будзем урэшце жыць свабоднымі людзьмі на ўласным кавалку зямлі і спакойна паміраць на ўласнай Радзіме.

Дзякуючы нашай свабодзе свет зробіцца свабодным, дзякуючы нашаму багаццю – багатым, дзякуючы нашай велічы – вялікім.

Тое, што мы зробім там дзеля нашага ўласнага працвітання, магутна і дабратворна падзейнічае на карысць усіх людзей.



Пераклад: Ігар Крэбс