epub
 
падключыць
слоўнікі

Тодар Кляшторны

Мая любімая

 

Сумна тут у мурах да адчаю,

Здэцца, просіцца сэрца ў палі,

Дзе вясна залатымі ключамі

Адмыкае таемнасць зямлі.

Эх, вясна!.. Жартаўлівая казка...

Што папішаш?! Вядома, вясна...

Нават камень,

Засыпаны камень,

Зварухнуцца прымусіць яна.

Дайце рады!..

На гэтай кватэры

Кот-мурлыка ў зямлю паглядаў,

А сягоння такім кавалерам

Выглядае,

Ну проста бяда!..

Свецкім тонам гарэзлівым дамам

Спазаранку спявае амаль:

«Ваши лапки пахнут ладаном,

А в ресницах спит печаль».

Сумна тут у мурах да адчаю,

Здэцца, сэрца - не сэрца, а лёд.

Колькі тут сінявымі начамі

Напаткаеш шчаслівых істот...

Я адзін...

Мо за гэтым і горна,

Але што?! Хіба свет у акне?!

Не журыся, таварыш Кляшторны,

Не рыдай аб далёкай вясне.

Не рыдай!..

Там пад месяцам недзе,

Дзе склікаецца тайна начэй,

У гаі беларускую лэдзі

Аклікае паэт-салавей.

І яна - векавая бяроза -

Лепш умее каханне дарыць...

Ты прыпомні юнацкія крозы,

Ты прыпомні далёкія дні.

Помніш тую?!

Калісьці, калісьці

(Мабыць, горна аб тым памінаць)

Вы ля гэтай бярозы кляліся, -

Абяцаліся вечна кахаць.

А пасля?!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Вы пайшлі... Разышліся... Чужыя...

Ты рыдаў,

Безнадзейна рыдаў...

Дзеўку сваталі людзі чужыя,

Сівы конь на канюшні іржаў.

Галасілі вятры да адчаю,

Сумавала асенняя даль...

Дарагую з другім заручалі, -

Ты радзіму сваю пакідаў.

Без радзімы,

Пад небам чужацкім,

За гадамі ляцелі гады,

І гарэзлівасць гордай казачкай

Уступала шляхі маладым.

Шмат нязвыклага блудзіць па свету,

Шмат з'яўляецца новых імён...

Ты прыехаў на вёску паэтам,

Апрануўшы другі палітон.

І сябе не пазнаў і здзівіўся:

Кожны жук ад цябе уцякаў,

Кожны шпак з перапуду маліўся,

Кожны певень з пуці саступаў,

Не смяяліся дальнія мілі,

Не схіляла вярба галавы...

Прывіталася мілая з мілым

Афіцыйна, далёка, на «вы»...

А калісьці яна шкадавала...

Безнадзейна рыдала без слоў...

Праклінала,

Сябе праклінала,

І жыццё, і няўдалых сватоў.

Муж - гультай,

І на ніве, і ў клеці

Пустата... недарод... неўмалот...

«З-пад чужое рэдакцыі дзеці»

У яе прыбывалі штогод.

Што за проза?!

І слёзна, і горна...

І міжвольна заплакаць гатоў...

Але што?!

Не журыся, Кляшторны,

На закаце юнацкіх гадоў.

І цябе шмат разоў разлюбілі...

Перамераны дальнія мілі,

І не трэба ні марыць, ні сніць.

Недзе там векавая бяроза

Лепш умее каханне дарыць...

Ты прыпомні жыццёвую прозу,

Ты прыпомні далёкія дні...

Ля кастра сінявога світання,

У малінава-дымнай цішы,

Яна скажа адвечную тайну,

Зразумелую толькі душы.

Колісь прадзед яшчэ за прыгонам

Тут слязамі яе паліваў...

На плакучых галінах з праклёнам

Ён бярозавы гальштук прыдбаў.

А пад вечар і слёзна і горна...

Ад вяльможнага пана загад:

«Ўсю сям'ю катаваць без разбору,

На падмогу паклікаць салдат».

Астрыгалі з бярозы убранне,

Без віны катавалі дзяцей...

Нават месяц хаваўся ў тумане,

Назіраючы скаргі людзей...

Дні ішлі...

На бярозе галіны

Адрасталі і зноўку раслі...

Ад бацькоў пераходзіла к сыну

Векавечная крыўда зямлі.

І нібы неразгаданы клічнік

Над каронай павіс уначы...

Падышоў неўзабаве Кастрычнік,

Загулялі на полі мячы.

За адвечную крыўду і слёзы

Меч паднялі і бацька, і сын...

Ты з сябрамі ля гэтай бярозы

Партызанскі трымаў карабін.

І цяпер векавая красуня

Так жа ветла шуміць і шуміць...

Навакол маладое красуе,

Ў Беларусі адменныя дні...

Час ідзе, і нярэдка, нярэдка

Саступаем з дарогі другім...

Раскажы, векавечная сведка,

І пра наша жыццё маладым.

 

[1927]

 


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая