epub
 
падключыць
слоўнікі

Тодар Кляшторны

«На палёх не шумела калоссе...»

 

На палёх не шумела калоссе, -

Цішыня... Супакой на палях...

У рабінавым колеры восень

Гаспадарыць пайшла у садах...

Адвячорак... Зацішна, зацішна

У спакоі зямной пекнаты...

Даспявалі апошнія вішні,

Дзе-нідзе ападалі лісты.

Гэта фарбы жывога мастацтва,

Пекната над усёй пекнатой...

У вітрыне асенняга царства

Апатычна-багаты настрой.

Кожны вечар асенняй парою

Абуджаюцца мары і сны...

І плывуць вераснёўскай зарою

На азёрную ціш туманы.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Кажуць людзі: як падала лісце

Над азёрамі роднай зямлі,

Беларускія птахі калісьці

На чужыну далёка плылі.

А цяпер - паглядзіш і не верыш, -

Дайце рады... не тое зусім...

За прапелерам рэжа прапелер

Непамерна высокую сінь...

І тады, вось у той адвячорак,

Як зніжалася сонца за дах,

Дзе красуюць палі і азёры,

Апусціўся сталёвы птах.

І выходзілі людзі маўкліва

(Баючыся два словы сказаць)

Паглядзець нечуванае дзіва, -

Нечуваных гасцей спатыкаць...

 

*

 

Спахмурнела чамусьці заранка,

Спатыкаючы скаргі гусей...

Пакахала да болю сялянка

Нечуваных дагэтуль гасцей.

Гаварылі ёй сталыя людзі:

- Выкінь з думак турботы і сум,

Ён паедзе... Пакіне... Забудзе...

Не губі ты, дзяўчына, красу!..

Ты загубіш дзявоцкі убор,

Каб сказаць: «Гэта птахі чужыя,

Гэта птахі не наскіх азёр».

Ой, дзяўчына, пабойся ты бога!..

Гэткіх птахаў мы бачылі шмат...

 

*

 

Не сказала дзяўчына нічога,

За яе адказала душа...

Ці таму, што мо вельмі кахала,

Ці прывабна святло за акном,

Яна кінула родныя далі,

Свой пасаг... калаўрот... палатно...

 

Вечарэла... Зацішна... Зацішна

На экране зямной пекнаты...

Даспявалі апошнія вішні,

Дзе-нідзе ападалі лісты...

 

Гнала восень туман на азёры...

Асыпаў свае колеры мак...

А дзяўчына у той адвячорак

Прамяняла сяло па рабфак...

 

[1927]

 


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая