Ўпрадае дым у залатую гладзь,
Па-над прасторамі бярозавая просінь,
Ружовы дзень спусціўся падрамаць
За верхавінамі смалістых сосен.
Мядовы водар кружыць галаву...
У цішыні задумаліся далі.
Рамашкі белыя аснежылі траву
І ў туманах салодка задрамалі.
О родны край, - саломеныя хаты...
Люблю прастораў казачную муць.
Іду адзін,
А тысячы крылатых
Мне пра любоў адвечную пяюць.
Тут паланець душа не перастане,
Тут не астыне ў жылах кроў...
Тут кожны крыж - адвечнае змаганне,
Тут кожны куст - адвечная любоў...
О, тут усё...
Так хочу жыць і верыць, -
Аддаць душу прыгожасці палёў,
Гатоў скакаць вясёлым піянерам
Пад залатыя гуслі салаўёў.
Па-над прасторамі
Бярозавая просінь
Ўпрадае дым у залатую гладзь,
За верхавінамі смалістых сосен
Ружовы дзень спусціўся падрамаць.
[1928]