epub
 
падключыць
слоўнікі

Тодар Кляшторны

«За кроснамі часу не прыкмеціш...»

 

За кроснамі часу не прыкмеціш,

Дзень прабег так хутка, хоць не вер...

Што-та робіцца цяпер на свеце,

Што на свеце робіцца цяпер?

 

Вечар гасіць сонечныя плёсы.

Усплываюць зоры ў сіняве.

Нудна звон надломлены галосіць

У заседжанай варонамі царкве.

 

А у клубе чуюцца цымбалы, -

Многа чутак, радасці, надзей...

Дзень папоўз за сонныя абвалы,

Лёг туман на дрэмлючай вадзе...

 

У душы дзяўчыны парыванні

Сэрца паляць радасцю надзей.

Нат пастылае зблудзілася ў тумане,

Нат нялюбае зрабілася мілей.

 

Смуту дзён кудысьці ветры гоняць,

Гоняць марныя нязбыўчывыя сны...

Сёння ўсё на свеце камсамоліць

Ціхаструнным водгуллем вясны.

 

І цяпер,

Калі ў нябесных плёсах

Усплываюць зоры ў сіняве,

Нудна звон надломлены галосіць

У заседжанай варонамі царкве.

 

Стары поп гнусавіць ад сівухі

За прагорклы ладанам прастол...

Дзве ці тры бяздомныя старухі

Галавой схіляліся на дол.

 

За амбонам свечкі дагараюць.

На мурах, як лапы мерцвякоў,

Пахавальнай дрожжу паміраюць

Светацені пройдзеных вякоў.

 

А у клубе чуюцца цымбалы, -

Многа чутак, радасці, надзей...

Дзень папоўз за сонныя абвалы,

Лёг туман на дрэмлючай вадзе.

 

Што-та робіцца цяпер на свеце, -

Што на свеце робіцца цяпер...

За кроснамі часу не прыкмеціш,

Дзень прабег так хутка, хоць не вер...

 

1927

 


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая