epub
 
падключыць
слоўнікі

Уэйд Мілер

Гадзіна памяці

Джэкі ўпершыню з'явіўся ў маім кабінеце а трэцяй гадзіне папалудні ў чацвер, выклікаўшы гэтым самым у мяне моцную раздражнёнасць.

Апошні год я прысвячаў менавіта гэтую гадзіну роздуму, бо якраз у гэты самы час мая жонка Хэлен загінула ў аўтамабільнай катастрофе. Нават рэгістратарка не ведала, што гэтыя штодзённыя перыяды былі па сутнасці мемарыяльныя, і думала, што я раблю перапынак, каб выпіць кавы і даць крыху адпачыць галаве.

Ды гэта і не была мана, бо псіхіятр канцэнтруе ў сябе столькі праблем іншых людзей, што пачынае адчуваць неабходнасць праветрыць галаву. А ўвесь год пасля смерці Хэлен я вельмі шмат працаваў — стараючыся, як бы так мовіць, пахаваць свой смутак у рабоце.

Вось чаму мяне занепакоіла тое, што гэту гадзіну, якая, на маю думку, належала толькі мне, узурпаваў новы пацыент. Хоць мне не заставалася нічога іншага, як шукаць найлепшы выхад з сітуацыі, я ўсё ж вырашыў зрабіць суровую вымову рэгістратарцы за неабачлівасць пры назначэнні прыёмаў. Але, як аказалася, мяне настолькі захапіла анамальнасць хворага пацыента, што я нават не зрабіў заўвагі.

Маім новым пацыентам быў мужчына маладога ўзросту, які, мяркуючы па яго паводзінах, быццам разумеў, што яго прысутнасць аказалася непажаданай. Ён сеў насупраць мяне, у вялікае скураное крэсла, затрымаў позірк на дыпломах, што віселі на сцяне над маёй галавой, і пачаў кпліва чытаць уголас:

— «Да ведама ўсіх прысутных сапраўдным пацвярджаюць, што Джон Керміт Конавер закончыў курс навук, прадугледжаны законам...» Ну, вядома, гэта павінна прыдаваць вам чароўныя сілы, доктар Конавер.

— Зусім не. — Не варта крыўдзіцца: многія асобы з разладжанай псіхікай спачатку займаюць у адносінах да псіхааналітыка абарончую пазіцыю. — Дыпломы проста сведчаць пра тое, што на працягу некалькіх год я праходзіў пэўны курс навучання. Я ўсяго толькі звычайны чалавек. Як і вы.

— Не, — адразу ж запярэчыў пацыент. Ён быў вельмі ўзрушаны. — Не, мы ні ў якім разе не можам быць падобнымі.

Прынамсі, што датычыць знешнасці, дык ён казаў праўду. Ён з яго спрытам і атлетызмам, увасабляў абаяльнасць маладосці, прыгожы выгляд сведчыў аб здароўі і імпэце, адразу было відаць, што на ім дарагое адзенне, ну, а я... што ж, мне пяцьдзесят тры, старамодны, ціхі і шэры, як сцены майго кабінета.

— Што, калі мы пачнём з вашага прозвішча? — прапанаваў я.

Ён зноў супакоіўся і пачаў паводзіць сябе фанабэрліва.

— Што, калі Джэкі Н'юман? — адказаў ён з усмешкай.

Я не сумняваўся, што гэта прозвішча фіктыўнае, і нічога асабліва дзіўнага тут не было.

— Называйце мяне Джэкі. Баюся, што нам давядзецца, яшчэ часта сустракацца.

— Добра, Джэкі. Можа, я здолею дапамагчы вам. Аднак...

— Слухайце, у вас там на сцяне ў рамачцы пазначана, што вы — псіхіятр. Вы вырашаеце чалавечыя праблемы, ці не так?

— Не зусім так. Кожны павінен сам вырашаць свае праблемы. Мой абавязак у тым, каб дапамагчы вам высветліць і зразумець, у чым на самай справе ваша праблема. Потым вы забяспечваеце тэрапію.

— Цікавая рэч атрымліваецца, — фыркнуў Джэкі. — Ганарар вам, а праца кладзецца на мае плечы.

— Вельмі важна, каб вы адносіліся да гэтага менавіта так. У вас часта з'яўляецца пачуццё, што вас падманваюць. — Ён злосна глянуў у мой бок, але нічога не сказаў у адказ. — Бачыце, як пабочны назіральнік, я часта магу вызначыць, да чаго пацыент занадта эмацыяльна ставіцца, якія ў яго схільнасці. Тады я магу дапамагчы.

Джэкі апусціў галаву.

— Вы не зможаце мне дапамагчы, — прамармытаў ён. — Ніхто не зможа. Я ўжо ведаю, што са мной адбываецца.

— Ну, дык тады пагаворым пра гэта.

— Я баюся, — сказаў ён проста. Твар, з якога знікла фанабэрыя, памякчэў і зрабіўся падобны на дзіцячы. — Калі мяне не спыніць, я ведаю, што зраблю штосьці дрэннае.

— Што вы маеце на ўвазе — дрэннае?

— Вы ведаеце... — Ён сціснуў правую далонь, нібыта сціскаючы нешта ў кулаку. — Штосьці гвалтоўнае — зрабіць каму-небудзь балюча.

Я запэўніў Джэкі, што схільнасць да гвалтоўнасці закладзена ва ўсіх нас. Лепш, калі пацыент не лічыць сябе цалкам ненармальным.

— Што ж, вы калі-небудзь зрабілі нешта гвалтоўнае, Джэкі?

— Не. Пакуль не. Але не так даўно — ну, я пачаў браць рэчы, красці.

— Якія рэчы?

Джэкі склаў рукі, нібыта моцна прыціскаючы нешта да грудзей.

— Ну, так, рэчы. — Ён не зводзіў вачэй з ручкі, якая тырчала з прыбора на стале. — Нічога такога, што мне сапраўды патрэбна. Але я не магу ўтрымацца — унутры мяне ўвесь час грызе пачуццё, якое вымушае браць рэчы — і штораз, то болей.

Я паспрабаваў правесці далейшы зандаж, але беспаспяхова. Якія пачуцці валодалі ім у час гэтага акта? Што ён адчуваў пасля? Я ведаў, што па ўкрадзеных рэчах можна меркаваць, што вымушала Джэкі рабіць такія ўчынкі, але ён увесь час абыходзіў гэтую тэму.

— Мяне не турбуе праблема крадзяжу, — нарэшце выкрыкнуў ён раздражнёна. — А зусім іншае, пра што я гаварыў раней.

— Вы думаеце, што крадзеж — гэта прыступка да чагосьці горшага, ці не так?

— Ну, мяне ўвесь час ахопліваюць імкненні, здаецца, штосьці кіпіць унутры. Быццам крадзеж рэчаў ужо не задавальняе. Быццам існуе штосьці такое, што я змагу зрабіць нават лепш.

— Можаце прывесці прыклад?

Замест адказу ён абмежаваўся выразнай усмешкай. Не быў шчыры ён і наконт сваіх фантазій, калі я паспрабаваў зайсці з гэтага боку. Псіхіятрыя — адзіная галіна медыцыны, дзе пацыент хавае сімптомы сваёй хваробы, хавае іх нават ад самога сябе. Але сам незвычайны факт, што Джэкі ўсё-такі прыйшоў да мяне, абнадзейваў, і таму я сказаў:

— Давайце падыдзем да ўсёй справы з другога боку. Раскажыце пра сябе.

Ён расказаў гісторыю свайго жыцця нават з нейкім гонарам. Жыццяпіс быў блытаны, канцы не сыходзіліся з канцамі, і чым далей я слухаў, тым болей упэўніваўся, што нават у час размовы ён працягваў выдумляць. Хоць цяпер, паводле яго слоў, ён застаўся адзін на цэлым свеце, але паходзіў з багатай сям'і, што жыла на поўначы штата, атрымаў адзнакі ў час службы ў войску.

— Мяне двойчы ўзнагароджвалі медалём «Пурпурнае сэрца» за раненне!

А потым ён памяняў некалькі заняткаў, прынамсі, быў аўтагоншчыкам, удзельнічаў у геалагічных пошуках урану. Улічваючы яго малады ўзрост, уся гісторыя, якую ён расказаў, здавалася крыху неверагоднай.

Джэкі, відаць, адчуў мой недавер, бо раптам спыніўся.

— Ну, як вам усё гэта падабаецца? — спытаў ён. — Вы мне зайздросціце?

— Скажам так — у выніку ў мяне ўзнікла некалькі пытанняў, — адказаў я.

— Што ж, давядзецца з імі пачакаць, — сказаў ён рэзка і ўстаў. — Альбо я сустрэнуся з вамі на наступным тыдні, альбо я зусім не прыйду. Такі вось я.

Толькі калі Джэкі пайшоў, я зразумеў, што не папярэдзіў яго наконт таго, што менавіта гэты час у раскладзе прыёму — самы нязручны. Потым, прааналізаваўшы ўласную рэакцыю, я прыйшоў да думкі, што мая няпамятлівасць была наўмысная: мне хацелася, каб Джэкі прыйшоў зноў. Ён прадэманстраваў, разам з дрэннымі манерамі і ўсім астатнім, магчымасці, якія завалодалі маёй увагай, нягледзячы на незразумелую сутнасць захворвання.

У кабінет зайшла рэгістратарка.

— Доктар, місіс Грыер адмовілася ад прыёму, назначанага на чатыры гадзіны. Да яе нечакана з'явіліся нейкія госці. Спадзяецца, што вы не будзеце супраць.

— Не, гэта мне выдатна падыходзіць, — адказаў я. — Ад апошняга пацыента ў мяне страшэнна разбалелася галава.

— Я прынясу вам аспірыну, — сказала яна, адразу ж выказаўшы клопат. Я часта задумваўся над тым, чым кіравалася Лінда, калі вырашыла працаваць у псіхіятра; яна ж такая прастадушная асоба. Прыгожанькая брунетка, яе пыхаючая здароўем жаноцкасць і жывёльная жыццяздольнасць часта ўражвалі мяне сваёй недарэчнасцю сярод неўрозаў і псіхозаў, якімі я займаўся ў сваёй практыцы, нібыта яна весела пырхала сярод мёртвых. Тым не менш яна была даволі кемлівая і ведала справу і, хоць не мела спецыяльнага дыплома, выконвала многія абавязкі медыцынскай сястры. — Між іншым, доктар, я падумала, што, раз сёння ў нас не будзе больш пацыентаў, ці нельга было б мне пайсці крыху раней. Сёння юбілей нашага вяселля, і таму мы з Эдзі планавалі павячэраць дзе-небудзь у горадзе і, можа, схадзіць на які-небудзь канцэрт.

— Юбілей? Няўжо прайшоў цэлы год?

— Не, толькі шэсць месяцаў, — захіхікала Лінда. — Можа, вам гэта здаецца глупствам — але мы па-ранейшаму страшэнна шчаслівыя, што пажаніліся.

— Не апраўдвайцеся за сваё шчасце, — сказаў я. — Шчаслівых людзей так мала.

 

Я даволі часта думаў пра Джэкі, хоць зусім не быў упэўнены, што калі-небудзь зноў яго ўбачу. Аднак ён з'явіўся ў чацвер у вызначаны час. Гэты раз ён быў пануры і не такі гаваркі, абмежаваўся прызнаннем, што па-ранейшаму краў «рэчы».

Ахоплены дэпрэсіяй, ён альбо забыўся пра свой жыццяпіс, альбо адмовіўся ад яго, бо тыя лічаныя факты мінулага, якія ён паведаміў гэты раз, вельмі адрозніваліся ад ранейшых, але здаваліся больш верагоднымі. Сапраўдным залатым самародкам, што мне ўдалося адсеяць, быў той факт, што Джэкі нейкі даволі непрацяглы час вучыўся ў тым самым універсітэце, што і я, але я не змог выкарыстаць гэту агульную для нас падзею ў жыцці, каб знітаваць цікавіўшую мяне сувязь.

Джэкі кінуў вучобу, бо яму зрабілася сумна, да таго ж ён пачаў мармытаць нешта пра дзяўчат, што вучыліся разам з ім, але я не адразу зразумеў, пра што ідзе гаворка, а ён больш не вяртаўся да гэтай тэмы. Ён нешта гаварыў пра «швэдары і голыя ножкі», і я падумаў, што ўся праблема круціцца вакол сексу, але ён не адрэагаваў і на гэтыя пытанні. Не захацеў ён гаварыць і пра тыя сем гадоў жыцця пасля каледжа, прабурчаўшы, — навошта гаварыць пра гэта. Усё ў мінулым. Альбо аднекваўся, ужываючы сваю любімую форму адмаўляцца ад размовы: «Гэта не важна!» Ад кансультацыі ў мяне засталося тайнае пачуццё безнадзейнасці, часткова ад таго, што на мяне перакінуўся яго пануры настрой, але больш ад адчування, што справа зайшла ў тупік.

Але на наступным тыдні Джэкі здзівіў мяне, прынёсшы ў пакеце рэчы, якія ён украў. Гэта перакрэсліла маю першую версію наконт галоўнай прычыны яго хваробы. Гэтымі «рэчамі» аказаліся станікі — большасць з іх фасонныя — з карункамі або яркіх колераў — і ён міжволі падрабязна расказаў, калі і дзе ўзяў іх. Частка прынесенай бялізны была знята з вяровак у розных канцах горада, але многія рэчы былі новыя, нават з крамнымі цэтлікамі.

— Чаму вы расказваеце мне аб гэтым сёння і адмаўляліся зрабіць гэта раней? — спытаў я.

— Таму што я завязаў, — радасна адказаў Джэкі, усхвалявана ходзячы па пакоі і адмаўляючыся сесці ў крэсла для пацыентаў. — Я не збіраюся больш іх красці. Проста трэба паставіць перад сабой задачу праяўляць стрыманасць.

— Вы калі-небудзь задумваліся над тым — нягледзячы на гэта адхіленне з крадзяжом, якое само па сабе не з'яўляецца значным, — што вы знаходзіцеся пад занадта моцным кантролем? Што, можа, вы хаваеце ад самога сябе штосьці сапраўды важнае?

Ён павярнуўся ў мой бок з пакрыўджаным тварам.

— Вы не лічыце, што я вылечуся?

— Вы можаце вылечыцца. Але гэта рэдка так лёгка здараецца, Джэкі.

— Вось убачыце, — паабяцаў ён сур'ёзна, нібыта пяцігадовы хлапчук. — Я прынёс гэта шмаццё з сабой, каб вы яго маглі аддаць тым, у каго я яго ўзяў.

Я згадзіўся, ведаючы, аднак, што гэту задачу здзейсніць немагчыма. Калі паспрабаваць вярнуць усю крадзеную бялізну законным уладальнікам, узнікнуць пытанні, на якія я не змагу адказаць. Таму я проста ўціснуў пакет у ніжнюю шуфляду шафы для дакумантаў, якая стаяла ў прыёмнай перад маім кабінетам, мяркуючы пазбавіцца ад яго ў больш зручны час.

Аднак Лінда знайшла здабычу Джэкі раней, чым я ўзгадаў аб сваім намеры. Калі аднойчы раніцай я заходзіў у свой кабінет, яна стаяла ў прыёмнай, заглядаючы здзіўлена ў пакет.

— Доктар, што, напрамілы Бог, гэта за рэчы?

Я растлумачыў, паведаміўшы тое-сёе пра пацыента, але, зразумела, не называючы яго імя. Яна засмяялася.

— Ну, ці не бязглуздзіца гэта? Красці такое!

— Для вас, можа, і так, — сказаў я крыху раздражнёна. — Але магу вас запэўніць, што ў яго гэта сур'ёзна і тут не да жартаў. Недзе ў ім, як у асобе, утварылася глыбокая і жахлівая расколіна.

 

Джэкі ніколі больш не ўзгадваў пра станікі, і, як я мог меркаваць, крадзяжы спыніліся. Ён з гонарам гаварыў аб выніках вынайдзенага ім самакантролю, але мне здавалася, што яго проста зацікавілі іншыя, больш злавесныя сферы. Хоць Джэкі па-ранейшаму адмаўляўся запоўніць інфармацыяй белую пляму ў яго жыцці працягласцю ў сем год, ён нечакана пачаў даволі шматслоўна расказваць пра жанчын, якіх ён ведае ці калісьці ведаў. Усе яны, паводле яго слоў, лезлі са скуры, каб звярнуць на сябе яго ўвагу.

Нарэшце, калі яго гісторыі пачалі рабіцца яшчэ больш шматслоўнымі, а раманы — паўтарацца, я выказаў думку, што ён, відаць, захапіўся фантазіямі.

Джэкі ад душы рассмяяўся.

— Я ж вам казаў, што вы мне зайздросціце. Толькі таму, што я атрымаў усё, што можна ўзяць ад жыцця. Вось, мяркуецца, што вы павінны мяне лячыць, а вы нават не заўважаеце, наколькі сумны вы чалавек.

— Вы можаце не паверыць, — сказаў я спакойна, — але калісьці я таксама быў малады.

— Магу паспрачацца, што не зусім так. Гатоў біцца аб заклад, што вы заўсёды сядзелі, уткнуўшы нос у якую-небудзь кнігу. Я не такі. Вось яшчэ да таго, як скончыў каледж... — І зноў пачалося апісанне са смакам эратычнай і, відаць, прыдуманай прыгоды. З другога боку, можна было пагадзіцца з думкай, што Джэкі казаў праўду, бо быў ён і прыгожы, і дастаткова напорысты. Мяне заўсёды тачыла сумненне, калі я спрабаваў вызначыць, хто такі быў сапраўдны Джэкі.

Сярод патоку амурных успамінаў нярэдка здараліся моманты, калі ўдавалася даведацца, чым займаецца Джэкі цяпер. Мне стала вядома, што ён купіў бінокль і бавіў шмат часу ў вялікім парку побач з маім кабінетам. Ён сачыў за людзьмі — ці, як ён сказаў, «вывучаў іх».

— Нічога дрэннага тут няма, — сказаў Джэкі, калі я спытаўся ў яго пра гэта. — Я раблюся больш адкрытым. Мушу жыць на свеце з такімі ж чалавечымі стварэннямі, як сам, і таму павінен пазнаёміцца з імі. — Ён раптам крыва ўсміхнуўся. — Пазаўчора я назіраў за вашай Ліндай, калі яна сядзела на траве з папяровым пакетам і палуднавала. Думаю, што яна спецыяльна выставіла ногі, каб яны загарэлі. Вас, відаць, падбадзёрвае прысутнасць у кабінеце на працягу цэлага дня стварэння з такой вось фігуркай?

Разумеючы, што гэта быў не вельмі ўдалы прыём тэрапіі, я тым не менш быў вымушаны сурова заўважыць.

— Лінда — вельмі прыстойная дзяўчына і шчаслівая ў замужжы. Таму вам лепш не думаць пра яе.

У адказ Джэкі толькі самаздаволена ўсміхнуўся. Знаходзячыся ва ўзбуджаным стане, ён імкнуўся прымусіць мяне перайсці да абароны, каб у нашых адносінах мы памяняліся ролямі. Але ён вельмі абурыўся, калі я прапанаваў аддаць мне бінокль, і наадрэз адмовіўся зрабіць гэта. І ўсё ж, хоць я больш не настойваў, калі прыём скончыўся, выявілася, што ён пакінуў бінокль на маім стале. Я схаваў яго побач з крадзенай бялізнай у шафе для дакумантаў.

На працягу наступных некалькіх тыдняў калекцыя паступова павялічвалася. Дэталёвыя чарцяжы і планы будынкаў, карты і распісаныя на паперы планы розных авантур, якія ён меркаваў здзейсніць. Большасць іх уяўлялі сабой юнацкія фантазіі, аднак мяне турбаваў матыў агрэсіўнасці, які ўвесь час паўтараўся. Але якімі б вычварнымі гэтыя планы ні былі, усе яны ўяўлялі сабой сурагаты сексу — як і ўсе яго дзеянні ў той час, — і таму я зразумеў, што маю справу з праблемай, якая рабілася ўсё больш складанай — вызначэннем таго, што Джэкі зрабіў на самай справе і што ён здзейсніў толькі на словах.

Спярша ён нагадаў у час размовы, што ў некалькіх месцах разбіў вокны. Потым пералічыў пустыя дамы, што будаваліся ў новым раёне, якія ён паспеў наведаць. Пасля гэтага пачаў расказваць, як урываўся ў памяшканні, дзе ўжо жылі людзі, у асноўным у кватэры ў цэнтры горада, населеныя адзінокімі жанчынамі. Гэтыя процізаконныя дзеянні адбываліся на досвітку. Джэкі, паводле яго слоў, заходзіў паціху ў спальню і назіраў некаторы час за спячай жанчынай, а потым крадком, так і не пабудзіўшы яе, выходзіў з кватэры.

— Няўжо вы не баіцёся, што вас могуць злавіць? — спытаў я яго.

— Я нічога не баюся, — пахваліўся Джэкі.

Часцей за ўсё ён не тоячыся, з пагардай, ставіўся да астатніх людзей, асабліва да тых, хто належаў да органаў улады, напрыклад, да паліцэйскіх — ці да мяне, якога ён таксама лічыў прадстаўніком улады. Аднак Джэкі часам перажываў перыяды, калі ён сапраўды саромеўся сваіх паводзін і прыдумваў сабе ўрачыстыя «запаведзі» для прыстойнага жыцця, якія ён хутка парушаў ці нават не збіраўся выконваць.

Я пачаў сачыць за газетамі, шукаючы ў іх спасылкі на яго магчымыя подзвігі. Іх я не знайшоў, разумеючы, аднак, што гэта неабавязкова можна лічыць дастатковым доказам.

Разбітае шкло ў вокнах ці збітая з ног дзяўчынка на пустой вуліцы, такія здарэнні, за якія, па яго словах, ён быў адказны, былі, відаць, вельмі нязначныя, каб імі зацікавіліся газеты.

Аднойчы я знайшоў паведамленне, ад якога праняў холад. Разведзеная жанчына, вяртаючыся позна вечарам дадому, заспела ў спальні злодзея. Паміж імі адбылася бойка, і жанчына была паранена ў плячо, відаць, пешняй для лёду. Незнаёмец знік.

Я адчуў цвёрдую ўпэўненасць, што на жанчыну напаў Джэкі. Як ён і асцерагаўся з самага пачатку, нязначныя адхіленні пачалі паступова пераходзіць у больш жахлівыя дзеянні. І мяне ўвесь час непакоіла думка, што я не магу знайсці шлях да яго душы і даведацца аб ім праўду.

Вядома ж, Джэкі ў наступны чацвер, у час чарговай кансультацыі расказаў у дэталях пра нападзенне. Ён быў збялелы і напалоханы тым, што здарылася. Рука яго калацілася, калі ён падаваў мне пешню для лёду, якая, па яго словах, і была ўжытая ім зброя. Потым я сутыкнуўся з жахлівай дылемай, несумненна, самай пакутлівай праблемай у маёй лячэбнай практыцы. З аднаго боку, відавочна, што Джэкі Н'юман з'яўляўся небяспечным для грамадства і маім абавязкам было перадаць яго справу паліцыі. З другога боку, перада мной сядзеў пацыент, якога мучыла хвароба, а метады, што ўжывае паліцыя, не змогуць ні вылечыць яго, ні аказаць дапамогі. Акрамя таго, над усім, нібы туман, павісла складанае пытанне: што, калі Джэкі мог гэтак жа проста прачытаць тое ж паведамленне ў газеце, што і я, і прыстасаваць яго да ўласнага жыццяпісу? Таму, дзе б ні была схавана праўда, у мяне быў свой абавязак.

Лінда заўважыла маю надзвычайную дэпрэсію.

— Доктар, вы занадта многа працуеце. Чаму б вам крыху не адпачыць? Пасля вакацый вы адчулі б сябе лепш.

— Я не супраць, Лінда, але, баюся, на гэта няма часу. Мне б увесь час думалася, што я бежанец. У мяне пад наглядам хворы, і я павінен давесці яго лячэнне да канца.

— Ну, на тыдзень вы б маглі адлучыцца.

— Толькі не з гэтым пацыентам. Спадзяюся, што змагу ўрэшце зрабіць вывад, што гэта істэрычная фантазія і што працяглы эмацыянальны канфлікт вымушае яго адыходзіць ад свайго сапраўднага я. Дагэтуль не змог вызначыць гэтае я, якое яно на самай справе.

Я прыняў рашэнне. На мне ляжала адказнасць за Джэкі. Я разумеў, што павінен пазбегнуць прафесійнай пасткі, зацікавіўшыся пацыентам звыш меры, бо інакш схілюся на яго бок замест таго, каб заставацца ўбаку. Я і так пачаў ужо адчуваць, што праяўляю недарэчны бацькоўскі клопат. Разам з тым заўважыў прыкметы і іншых небяспек як для меня, так і для іншых. Джэкі дэманстраваў класічныя сімптомы маніі вялікасці, канчатковым выяўленнем якой з'яўляецца, як вядома, забойства. Цяпер ён гаварыў, што ўзбройваецца, «таму што маё жыццё ў небяспецы» — хоць, наколькі я мог меркаваць, ён нічога дзеля гэтага не рабіў. Ён нарэшце прызнаўся, што начамі марыць — уяўляе сябе асам — злачынцам, кіраўніком злачынных змоў, шалёна носіцца ў вялікім чорным аўтамабілі.

Перыяды шчырага пакаяння здараліся ўсё радзей, і Джэкі з усё больш адкрытай падазронасцю ставіўся да мяне і маіх метадаў, па іроніі лёсу, якраз у той час, калі я быў яму патрэбны больш, чым калі-небудзь. Калі я прапанаваў скарыстаць пентатол у якасці дапамогі, каб дабрацца да каранёў яго псіхозу, Джэкі наадрэз адмовіўся. Ён са злосцю зыркнуў у мой бок, калі я спытаў аб прычынах адмовы.

— Вы ведаеце чаму.

— Не, калі гэта можа дапамагчы. Пентатол проста расслабляе падсвядомыя ахоўныя функцыі мозга. Таму яго часта называюць сывараткай праўды. — Я растлумачыў важнасць спавядання для тэрапіі на аснове самааналіза. — Амаль усе мы карыстаемся той ці іншай формай спавядання ў якасці прыроднага засцерагальнага клапана. Дзіця выкарыстоўвае для гэтага сваю маці, муж — жонку ці наадварот... Так, калі была яшчэ жывая мая жонка, я часта рабіў яе сваім спавядальнікам, каб пазбавіцца любых дэпрэсій, што мучылі мяне.

Гэты раз Джэкі ў якасці ахоўнага панцыра паспрабаваў павярнуць супраць мяне мае ж словы.

— Людзі спавядаюцца таму, што баяцца, ці не так?

— Гэта вельмі грубае абагульненне.

— Чаму вы не прызнаяцеся, што былі вымушаны рабіць поўны даклад кожную ноч сваёй жонцы таму, што баяліся яе?

— Таму, што гэта была б няпраўда.

— Гэта гавораць ахоўныя функцыі мозга, — са здзекам ухмыльнуўся Джэкі. — Якраз вам і патрэбна сываратка праўды, доктар. Можа, вы і спазнаяце ісціну. Як і тое, што гэтыя перыяды медытацый, якія я парушаў, на самай справе святкаванне з выпадку таго, што ваша жонка памерла, і вы цяпер вольны.

— Вольны рабіць што? — спытаў я стомлена. Апошнім часам галава пачынала балець значна раней.

— Вольны ўзяць на працу гэтую грудастую брунетку, напрыклад. Ваша жонка ў свой час не дазволіла б гуляць у такія гульні, ці не так? — Мне прыйшло ў галаву, што нават ухмылкі і грымасы Джэкі рабіліся з цягам часу ўсё больш распуснымі. — Я таксама вывучаю людзей, доктар. І ведаю, што адбываецца вакол.

Лінда. Думкі Джэкі апошнім часам усё больш круціліся вакол Лінды. Яго цікавасць да маладой рэгістратаркі, якая ўвесь час паглыблялася, здавалася, мне злавеснай лініяй на тэмпературным графіку, што няўхільна паўзла ўгору.

Перш былі толькі завуаляваныя заўвагі, якія перайшлі ў больш адкрытыя абмеркаванні, нягледзячы на ўсе мае спробы адвесці размову ад гэтай тэмы. Потым пачаліся лісты — доўгія, накрэмзаныя алоўкам пасланні на яе імя, здавалася б, звычайныя любоўныя лісты, але нават ад іх выгляду патыхала разбэшчанасцю, непрыстойнасць у іх паступова ператваралася ў бессаромнасць. Але ніводны ліст не быў адасланы па пошце або нейкім іншым чынам дастаўлены ёй; ён перш аддаваўся мне, а потым трапляў у дасье Джэкі, якое паспела за гэты час стаць даволі аб'ёмістым. Больш таго, Джэкі не рабіў ніякіх спроб асабістага збліжэння з Ліндай, можа, таму, што я сурова папярэдзіў яго супраць любых такіх спроб.

Я папярэдзіў таксама Лінду, але больш ускосна. Як бы між іншым сказаў, што, здаецца, апошнім часам з'явілася шмат злачынцаў, што нападаюць на жанчын, дадаўшы крыху з гумарам:

— Але я не думаю, што Эд кідае цябе адну на доўгі час, Лінда.

Яна засмяялася ў адказ.

— Я б сказала, што не кідае. Эд дома кожны вечар. Я ўвесь час гавару яму, што не дзеля таго выходзіла замуж, каб увесь час быць адной.

Гэта мяне супакоіла. Паколькі дома яна знаходзілася пад аховай мужа, а на рабоце — пад маім пільным вокам, я не лічыў, што Лінда знаходзілася ў якой-небудзь канкрэтнай небяспецы, нават калі выявіцца, што Джэкі шалёны вар'ят. Я ж па-ранейшаму быў упэўнены, што ён істэроідны фантазійнік, падвоеная асоба, якая жыве ў летуценным свеце юнацкіх імкненняў і спантаннай маны.

Потым нейкі час здавалася, што адбылося сапраўднае паляпшэнне. Джэкі зноў адчуў жаданне, каб яму дапамаглі. Хоць ён сядзеў са збянтэжаным выглядам і неахвотна ішоў на размову, але тое, што я гаварыў, слухаў уважліва. Ён, як і раней, хутка прымаў канчатковыя рашэнні палепшыць свае паводзіны, але цяпер, як мне здавалася, большасць іх выконваў. Прызнаўся, што бязмэтна блукае ноччу па вуліцах горада, але ўжо без актаў дробнага вандалізму. А таксама, што па-ранейшаму адчуваў шалёныя позвы, але цяпер, як ён заявіў са змрочным гонарам, перамагаў іх. Але самым значным было тое, што ён не гаварыў так часта, як раней, пра Лінду і больш не пісаў ёй эратычныя лісты.

Упершыню я пачаў верыць, што настаў паваротны момант і што Джэкі хутка будзе пры сваім розуме.

 

У адзін чацвер ён прыйшоў у вельмі ўзрушаным стане. Відаць, паўгадзіны ён моўчкі круціўся ў вялікім скураным крэсле, нават не гледзячы ў мой бок. За ўвесь час ён толькі раз выкрыкнуў:

— Паскудная распусніца — што б з ёй ні здарылася, яна гэта заслужыла!

Я інстынктыўна здагадаўся, каго ён меў на ўвазе, але вырашыў упэўніцца.

— Лінда?

— Ну, я ўсё бачу. Учора вечарам, праз акно яе дома, яна і гэта тупая жывёла, за якога яна выйшла замуж, цалуюцца, абдымаюцца, дурацца — не хапіла нават прыстойнасці апусціць шторы.

— Джэкі, ты абяцаў...

— Ад гэтага робіцца моташна. — Ад злосці ён сціснуў кулакі. — Скача па пакоі ў адных майтках, а гэты ідыёт сядзіць і лыбіцца, а ўвесь гэты час на яго месцы павінен быў быць я. — І дадаў недарэчы: — А на вячэру ў іх быў біфштэкс.

Я панура слухаў, як Джэкі ўсё больш юшыўся, пераказваючы кожную непрыемную падрабязнасць таго, што рабілі Лінда і яе муж. Ён праседзеў цэлы вечар на кукішках на пажарнай лесвіцы каля іх кватэры, назіраючы і слухаючы, што рабілася за вокнамі. Нарэшце я перабіў яго.

Здавалася, ён не пачуў маёй заўвагі.

— На станіку, злева — сэрца з карункаў. Нічога больш прыгожага я не бачыў — такое прыгожае, што хацелася сарваць.

— Джэкі, паслухай! Час спыніцца!

— Я нічога не зрабіў. — Ён хітравата паглядзеў на мяне. — Чаго гэта вы так хвалюецеся?

— Тое, што ты зрабіў, было даволі гнюсна, — адказаў я са злосцю. Я вымушаны быў прыкласці намаганні, каб супакоіцца. — Ты ж разумны чалавек, Джэкі, і ведаеш, чым канчаюцца такія паводзіны. Я паверыў, што мы разам з табой зможам вырашыць твае праблемы. Але яшчэ некалькі такіх учынкаў — і я буду вымушаны звярнуцца па дапамогу збоку.

Ён устаў і нахіліўся нада мной, неяк дзіўна ўтаропіўшыся ў мой твар.

— Але я не думаю, што вы сапраўды хочаце мяне вылечыць, доктар. Я думаю, што вы хутчэй мною цешыцеся.

Сказаўшы гэта, ён пайшоў.

Я праседзеў рэштку адведзенай на яго візіт гадзіны, утаропіўшыся ў тэлефон і вырашаючы для сябе, ці трэба патэлефанаваць паліцыі і тым самым палажыць канец усёй гэтай справе. Але я не мог прымусіць сябе ўзяць слухаўку. Яшчэ адна сустрэча, вырашыў я, і я буду ведаць дакладна. Да таго ж я быў абсалютна ўпэўнены, не маючы на гэта падстаў, што Джэкі вернецца.

Ён вярнуўся ў звычайны час, у наступны чацвер, спакойны і самаўпэўнены. Я таксама імкнуўся схаваць сваю нервовасць.

— Джэкі, ты думаў пра нашу папярэднюю размову? — спытаў я.

Ён усміхнуўся, абышоў стол і спыніўся, схіліўшыся нада мной.

— Ну, зразумела.

— Тады, я мяркую, ты прыйшоў да якога-небудзь рашэння.

— Так, я канчаткова вырашыў. Я збіраюся выправіцца пасля гэтага.

— Пасля гэтага? — Ад таго, што я глядзеў на яго знізу ўверх, у мяне пачало ламаць шыю. — Пасля чаго?

— Пасля таго як я займуся Ліндай. Вось што мне было патрэбна ўвесь час — выгнаць з сябе нячысты дух. І тады я змагу стаць добрым раз і назаўсёды. — У яго звонкім голасе чулася палёгка і хлапчуковая захопленасць. — Гэта такі просты спосаб лячэння.

Я з цяжкасцю мог гаварыць, пачуўшы такую фантастычную прапанову.

— Джэкі, — прашаптаў я, — ты памыляешся. Як ты мог нават падумаць...

— Усяго толькі адзін апошні дрэнны ўчынак, — аб'явіў ён. У кутку яго рота бліснула сліна. — Вось тады ўсё будзе скончана. Вы ведаеце, што я мушу гэта зрабіць, доктар. Таму паклічце яе сюды і дазвольце мне гэта здзейсніць. — Ён пачаў расшпільваць кашулю.

— Не! — крыкнуў я. — Справа заходзіць занадта далёка! Сядай і падумай, наколькі гэта ўсё немагчыма!

— Але гэта будзе так проста. Я мацнейшы за яе, гэтак жа як я мацнейшы за вас. І, акрамя нас, тут нікога больш няма.

Тое, што ён сказаў, была праўда. У гэты момант уладаром быў Джэкі. Але я ўсё ж звярнуўся да яго з апошнім заклікам.

— Джэкі, ты хоць бы падумаў, што можаш зрабіць самому сабе! Падумай аб выніках! Падумай, што яны зробяць з табой!

— Мне трэба атрымаць спакой, — урачыста сказаў ён. — Яны зразумеюць гэта, калі я ім усё раскажу. Так, паглядзім — куды я паклаў гэту пешню для лёду?

Я адчуў, што не магу зварухнуцца з месца. Нібы скрозь тонкую заслону туману я бачыў, як ён выцягнуў шуфляду шафы для дакумантаў і пачаў там корпацца, шукаючы пешню для лёду. Я дакладна зразумеў, што ён хоча зрабіць, але не меў сілы яму перашкодзіць. Нібыта ў страшным сне, я быў пазбаўлены волі. Над усім уладарыў Джэкі. Я ўбачыў, як ён націскае кнопку званка, каб паклікаць Лінду, і падрыхтаваўся быць сведкам жахлівай сцэны, што павінна была вось-вось адбыцца.

Дзверы адчыніліся, і ў кабінет зайшла яна з усмешкай на твары і ў белай уніформе — нібыта ілюстрацыя да паняцця фізічнага здароўя і нармальнай псіхікі.

— Слухаю вас, доктар.

— Падыдзі сюды, — хрыпла загадаў Джэкі. — Я цябе даўно чакаю.

Яна зрабіла крок наперад, потым вочы яе шырока адкрыліся ад здзіўлення, калі ўбачыла, як да яе пачаў красціся Джэкі.

— У чым справа? — спытала яна, адступаючы назад. — Што вы робіце з гэтай пешняй?

Лінда пачала крычаць, калі на яе наскочыў Джэкі, моцна прыціснуў да сябе, а потым пачаў ірваць на грудзях уніформу. Лінда аказалася мацнейшай, чым думаў Джэкі — яна змагалася за сваё жыццё. Яна ўхапілася за запясце яго правай рукі і абедзвюма рукамі старалася адхіліць ад грудзей вострую пешню, а Джэкі вольнай рукой біў яе па твары і сцягваў сукенку. Я ж увесь гэты час спаралізаваны жахам назіраў за гэтым садысцкім нападзеннем.

Вырываючыся, Лінда паслізнулася і выцягнулася на падлозе каля ног Джэкі. Той выскаліў зубы ў шалёнай радасці ад перамогі. Ён узняў пешню, каб нанесці апошні ўдар. Лінда закрычала, просячы літасці і называючы яго імя.

Але ў гэтым крыку пачулася не імя Джэкі. Гэта было маё імя.

— Доктар Конавер! — крычала яна. — Богам прашу, не забівайце мяне!

Раптам востры боль зноў абцугамі ахапіў маю галаву: вось я ўжо не назіральнік спробы забойства. А той, хто робіць гэтую спробу. Я з жахам зірнуў на пешню, што трымаў у руцэ, на Лінду, што скурчылася каля ног. Не Джэкі Н'юмана, а доктара Джона Керміта Конавера. Джэкі — гэта быў я.

Не дзіўна, што я быў цалкам захоплены яго «захворваннем», бо гэта была мая хвароба. Лінда, выкрыкнуўшы маё імя, прарвалася праз ланцугі, што сціскалі маю волю, і я змог убачыць жахлівы твар асобы, якую я прыдумаў, «новага чалавека», якім я імкнуўся быць.

Джэкі ўяўляў сабой усё тое, чым я ніколі не быў. Цяпер я мог азірнуцца на сваё пустое жыццё: памылковая ранняя жаніцьба яшчэ ў каледжы, сем гадоў вучобы на медыка пад пугай амбіцый Хэлен. Нават Джэкі, гэтае амаральнае, прыдуманае мною, сваё ўвасабленне, не хацеў гаварыць пра тыя сем год. «Ён» не баяўся праўды. Я ненавідзеў Хэлен. Я рады, што яна памерла. Але памерла яна занадта позна, каб я мог памяняць сваё жыццё і цешыцца новай воляй.

Стоячы на тым самым месцы, калоцячыся ад болю адкрыцця, я не заўважыў, як Лінда выскраблася за дзверы. Яна хутка вярнулася ў суправаджэнні шасці мужчын з суседніх кантор. Яны падыходзілі да мяне асцярожна, але ім не было чаго баяцца. Я выпусціў з рук пешню і стаў перад імі на калені.

А цяпер я сяджу тут, у дзіўным замкнёным пакоі, чакаючы дзесятага — ці, можа, сотага? — візіту трох мужчын, якія будуць пытацца ў мяне наконт разрыву ў маёй асобе. Я ведаю ўсе словы, што яны скажуць. Істэроідная фантазія... самаўнушэнне... працяглы эмацыянальны канфлікт... Якая розніца. Джэкі ніколі не вернецца. Як і я.



Пераклад: Уладзімір Шчасны