epub
 
падключыць
слоўнікі

Уільям Блэйк

Вершы

Вясна
Ноч
Песенька няні
Сад Закаханых


Вясна

 

Скрыпка, йграй!

Поўны ўжо гай

Розных птушак,

Матылькоў і мушак.

Глянь! Салавей,

Як чарадзей.

У небе жаўрук,

У кустах цецярук.

Весела, весела, весела ўсім.

Хлопца плячо

Адчувае дзяўчо,

Скачуць, спяваюць,

Лодачкі пускаюць.

Раптам певень закрычаў,

Усіх дзетак разагнаў.

Радасць, вяселле.

Ну й наваселле.

Радасна, весела, весела ўсім.

 

Ноч

 

На захадзе сонца блукае.

Зорак на небе поўна рагатых.

У гняздзе птушаня засынае.

Пара і мне ўжо дахаты.

Поўня, нібы ўсюдыісная сведка,

Паўсюль зазірае.

На небе цвіце, нібы кветка -

Усмешкі начы пасылае.

 

Песенька няні

 

Як чуеш галасы і смех дзяцей

Ў далінах і на ўзгорках, -

Лягчэй душы і жыць прасцей,

І на душы не горка.

 

- Заснула сонейка, начныя росы ўпалі.

Ці не пара даўно дамоў?

Кідайце гульні, спаць пара,

Час сноў прыйшоў.

 

- Яшчэ б нам крыху пагуляць,

Яшчэ не хочацца нам спаць.

У небе птушачкі пяюць,

Ягняткі мурагі скубуць.

 

- Ну, пагуляйце, так і быць,

Святло пакуль яшчэ трымціць,

А потым - марш дахаты!

 

Уподбежкі, заўзята

Пабеглі з крыкам і са смехам -

Узгоркі загрымелі рэхам.

 

Сад Закаханых

 

У сад закаханых аднойчы пайшоў,

І ўбачыў такое, чаго я не бачыў ніколі -

Капліца стаяла між белых ад вапны ствалоў

На месцы, дзе бавіў я час у садочку на волі.

 

А брама каплічкі замкнёнай была,

І шыльда вісела, што нельга туды увайсці.

І ў сад для каханкаў сцяжына мяне павяла,

Каб там успаміны, салодкія сэрцу, знайсці.

 

А ўбачыў вакол я магілы адны -

Ні кветак, ні згадак акрасы гаючай.

Адно святары, што хадзілі туды і сюды,

Ды смутак мой, шчыльна спавіты

                                     шыпшынай калючай.



Пераклад: Алена Таболіч