epub
 
падключыць
слоўнікі

Уільям Шэкспір

Санеты

2
8
15
17
18
19
21
22
27
32
46
66
71
75
87
90
91
100
102
130
147
150


2

 

Праз сорак зім, якія зменяць твар

І збаразняць палеткі прыгажосці,

Ў тваёй красе не дзіўны Божы дар,

А шкумаццё старызны ўбачыць хтосьці.

 

Яшчэ й пакпіць: “ Ну, й дзе, брат, гонар твой?

Дзе мілата гадоў тваіх юнацкіх?..”

Што ты ў адказ прамовіш, мілы мой?

Тваім вачам ці будзе, дзе схавацца?

 

Куды лягчэй было б, калі б ты мог

Так адказаць: “Краса мая ў нашчадку:

Ў маё дзіцё мой выгляд перацёк,

Я ўсё яму пакінуў без астатку…”

 

Якое шчасце - з сынам побач зноў

Адчуць, што ў ім твая палае кроў!

 

8

 

Чаму, музы́ка, му́зыкі напой

Цябе ізноў захліствае самотай?

Ці не яна – сусвет адзіны твой

І ратаванне ў шале адзіноты?

 

Калі сугучны спеў вянчаных струн

Так абражае слых твой дасканалы,

Дык гэта ўсё таму, што ты, пяюн,

Марнуеш хор нявенчаным кімвалам.

 

Глядзі, як струны зладжанай сям’ёй

Загаманіўшы разам улюблёна,

Кранаюць свет гармоніяй сваёй -

Нібы матуля, бацька і дзіцёнак.

 

Яны без слоў спяваюць ва ўнісон:

"Мы - утраіх… А як жа, бедны, ён?"

 

15

 

Калі я бачу, што жывое ўсё

Красуе толькі крохкае імгненне

І што на шоў пад назваю “жыццё”

Ўплывае нават зорак зіхаценне;

 

Калі гляджу, што лёсамі людзей

І ростам траў адно кіруе неба -

Як толькі дасканаласць расцвіце,

Так тут жа і пялёсткі ўсцелюць глебу;

 

Тады мне вочы кажуць: "Покуль ты

Пануеш дзіўнай свежасцю юнацтва,

За выкраданне гэтай мілаты

Звяданне з часам могуць паспрачацца".

 

І я схаплюся з імі за цябе,

Красу тваю вяртаючы табе.

 

17

 

Ну хто паверыць вершыку майму,

Калі я ў ім твой вобраз адлюструю,

Праз нейкі час - убачыўшы труну,

Куды схавае смерць красу жывую?

 

Калі ж вазьмуся рыфмамі ўсхваліць

І мілату, і воч нябесных чары,

Век пройдзе - скажуць: “Маніць! На зямлі

Не можа быць такіх анёльскіх твараў!”

 

І будзе ода слаўная мая

Ў стале жаўцець, адхіленая светам

З такой высновай: "Гэта балбатня

Была ўсяго-ткі мараю паэта."

 

Вось май ты сына – жыў бы - удвая:

Ў санеце й сыне бегла б кроў твая…

 

18

 

Цябе я параўнаў бы з летнім днём.

Але ж ты ласкавей і прыгажэй:

Сваволіць лета ветрам і дажджом,

А дні цяпла за век твой не даўжэй.

 

І змены ў летнім небе творыць час:

То паліць сонца, то ў аблоках спіць;

А ўсё, што на зямлі цвіло для нас,

Пад ногі смеццем восенню зляціць.

 

Вось толькі ты не сыйдзеш з летам, не!

Не звяне кветка дзіўнай мілаты!

Яе увекавечыць мой санет

Нязменнаю - на доўгія гады.

 

І, покуль будзе свет яго чытаць,

Ты той жа маладосцю будзеш ззяць.

 

19

 

О, сквапны час! Ступляй жа кіпцюры

На лапах львоў, у тыграў іклы рві,

Гвалтуй зямлю, зжырай яе дары

І птушку Фенікс спальвай у крыві.

 

Знявечвай знешнасць бедную маю,

Пранізвай свет, ушчэнт змяняй яго,

Рабі, што хочаш, толькі , я малю,

Не замышляй злачынства аднаго:

 

Не наразай на мілым мне чале

Маршчын барозны, лініі разор!

Хай сябра мой красуе надалей -

Нібы красы нягаснучай узор.

 

Хаця і так … у вершыку маім

Мой любы вечна будзе маладым.

 

21

 

О, я не з тых лісліўцаў, хто пяе

Сваім каханым оду прыгажосці

І аздабляе фарбамі яе,

Каб атрымаць напышлівае штосьці;

 

Хто іх раўнае з неба мілатой,

З яскравым сонцам, зоркай таямнічай,

З вясновай кветкай, поўняй залатой,

З усім, што дзівіць рэдкасным абліччам.

 

Дазволь, цябе заўсёды буду я

Ў сваіх санетах шчыра апяваці -

Бо ты і гэтак, любая мая,

Мілей за ўсіх, народжаных ад маці.

 

Хай услаўляе хтось любоў сваю,

Я ж не хвалю, бо я не прадаю.

 

22

 

Люстэрка маніць – я ‘шчэ не стары.

Тваё юнацтва сілы мне дае.

Але памру, дажыўшы да пары,

Калі й цябе няўмольны час кране.

 

Дзеля красы чаруючай тваёй

І атуліўшай сэрцы мілаты -

Мае – ў тваёй грудзі, твае – ў маёй :

Ці мне магчыма быць старэй, чым ты?

 

Так беражы сябе, любоў мая,

Як берагу сябе я для цябе.

Мне сэрца літуй, як пястую я

Нібы дзіцё матулечка – твае.

 

Сустрэну смерць – мае адпусціш ты,

Твае ж ва мне ўжо будзе назаўжды.

 

27

 

Прытомлены вандроўкаю сваёй,

Кідаю ў ложак цела – адпачыць.

Ды розум парушае мой спакой -

Ірвецца ў думках шлях мой аднавіць.

 

Употай адпраўляе да цябе

Марэнняў-пілігрымаў чараду –

І вочы, нібы самі па сабе,

Паўночную губляюць слепату.

 

Я бачу… ды не змрок, і не туман,

Не прывіда асмужанага цень –

Цябе, мой найкаштоўнейшы брыльянт,

Што зноў ператварае ноч у дзень.

 

І думкамі, і целам я з табой.

Ты - мой неўтамаваны неспакой…

 

32

 

Калі ты мой сыход перажывеш

І часам адгародзішся ад тлення,

А некалі, пачуўшы модны верш,

Успомніш мае сціплыя тварэнні,

 

Ты іх на вагах сэрца параўнай,

Але не зневажай мае прызнанні!

Хай важаць яны меней - захавай -

Не вершы, дык пасведчанні кахання!

 

Суцеш мяне хвалою - гавары:

“Калі б дагэтуль быў са мною мілы,

Ён больш за ўсіх шэдэўраў бы стварыў!..

Але пазбавіў лёс жыццёвай сілы…

 

Хаця ў сучасных творцаў гучнасць слоў,

Але ў іх – стыль, а ў любага – любоў…”

 

46

 

Ў мяне зноў часткі цела ў барацьбе –

Твой вобраз мілы дзеляць між сабой:

Жадаюць вочы мець яго сабе,

А сэрца пратэстуе: “Не! Ён – мой!”

 

І ўладна абвяшчае: ты – у ім,

Таму цябе не можа ўгледзець зрок.

Вачам жа праўда бачыцца ў другім:

Ты - толькі іх - паблізу і здалёк.

 

Каб спрэчкі не вяліся болей тут,

Узяўся розум справу рассудзіць.

Крыху паразважаў – і вось прысуд –

Як шчасце справядліва падзяліць:

 

Вачам - тваю красу даверыць зноў,

А сэрцу - даць сардэчную любоў.

 

66

 

Так існаваць? Ды лепей я памру,

Чым на бязвер’і цешыцца маной

І назіраць абраных галайстру

І перасыць нікчэмнасці дурной,

 

І шанаванне сквапнай хітрыні,

І гвалтаванне цноты там і тут,

І жорсткі здзек над святасцю любві,

І баль знясілля там, дзе сіла — цуд,

 

І шал мастацтва ў путах-ланцугах,

І дабрадзейнасць — найміткай у зла,

І тлум нявуцтва — у кіраўніках,

І прастату, што ў глупства перайшла.

 

Чым з гэтым жыць, лягчэй ужо сканаць...

Але шкада... любоў сваю кідаць...

 

71

 

Калі памру, ты мора слёз не лі...

Адплач па мне, пакуль царкоўны звон

Не абвясціць, што я сышоў з зямлі

Карміць чарвей, сустрэўшы ўласны скон...

 

Ды й дачытаўшы гэтыя радкі,

Не ўспамінай іх аўтара руку.

Лепш я забыты буду на вякі,

Чым твой спакой маркотай апяку...

 

Хай нават знікне гэты сумны верш,

Калі я стану глінаю ізноў...

Сатры імя, каторым існуеш

І пахавай няўдобіцу-любоў...

 

Тады ўжо свет з цябе не пасмяецца —

Што ты ў слязах... і з прывідам у сэрцы...

 

75

 

О, як няўтольна прагну я цябе -

Бы глеба ў спадзяванні на дажджы!

Кахаю… сам з сабой у барацьбе –

Бы скнара, што над золатам дрыжыць:

 

То гучна захапляюся табой,

То ціхенька хаваю ад людзей,

Каб хтосьці не адняў здабытак мой -

Ратунак у жыццёвай галаце.

 

Ледзь толькі наталюся ўдосталь ім,

Як смагну свайго шчасцейка ізноў,

Бо маю асалоду толькі ў тым ,

Што дорыць мне спакусніца-любоў.

 

Век чэзну й насычаюся вось так:

Багач – але галодны, бы жабрак.

 

87

 

Бывай! Ты надта велькая каштоўнасць,

Каб я і надалей табой валодаў!

Правы мае ўладарныя – умоўнасць,

Якой не забрытаць тваю свабоду.

 

Дый чым я заслужыў тае багацце?

Што я ў сабе прываблівага маю?

Ты маяўся ў нікчэмніка ў абладзе.

Празрэў? Табе я вольную вяртаю!

 

Ты й так, сабе не ведаючы кошту,

Дарыў мне і сяброўства, і каханне.

Але заўжды прыгонным быць навошта?

Бывай! І не кляні… на развітанне…

 

Я ў дзіўным сне – з табой – быў каралём.

Прачнуўся – і адчуў – пусты мой дом…

 

90

 

Не любіш – дык парві са мной цяпер -

Цяпер, калі ўвесь свет мяне знішчае!

І здзейсні гэтым долі злы намер –

Зламіць мяне і кінуць у адчаі.

 

Але ж не дабівай, калі ўжо боль

З маёй істоты высмакча ўсе сілы!

Няхай імглу не зменіць ранка золь,

Каб з цемры зацягнуць у змрок магілы!

 

Апошняй кропляй гора мне не стань!

Між многіх страт апошняя - атрута.

Ты лепей сёння сэрца мне парань –

Каб заўтра не было цяжэй пакуты!

 

Бо ўсё, што потым прыйдзецца стрываць,

Мяне наўрад ці зможа даканаць.

 

91

 

Ўсе чымсьці ганарацца: радаводам,

Ці талентам, ці поўным кашальком,

Ці сілай, ці адзеннем – самым модным,

Ці добрым ганчаком альбо канём.

 

У кожнага – уласная забава,

Якая падбаўляе хмелю ў кроў.

А мне не трэба золата і славы.

Я маю найвялікшае – любоў.

 

Любоў твая пачэсней, чым дваранства,

Каштоўней, чым багатая казна,

Шыкоўней пазалочанага ўбранства -

Жаданей маладзецкага каня.

 

Я маю больш за ўсіх... Адно турбуе:

Вось кінеш - і адразу ўсё згублю я...

 

100

 

Ты, Муза, дзе? Чаму цябе няма

З тым, хто тваёй магутнасці выток?

Няўжо натхненне страчваеш дарма

На спеў пусты - і голас твой знямог?

 

Прыйдзі хутчэй! Шэдэўрамі залі

Няўмольны час, каб змыць яго таўро!

Пой для таго, хто талент запаліў

І ажывіў пачуццямі пяро!

 

Зірні, гультайка, ў твар маёй любві!

Ці там няма няўхільнасці прыкмет?

Ты лёт хвілін сатыраю абві -

Каб не пакінуў зменлівасці след.

 

Услаў любоў! І славаю зніштож

Навалу –смерць , касу яе і нож!

 

102

 

Люблю не менш - ды меней дэманструю,

Хаця пачуцці сталі ‘шчэ мацней;

Але нашто любоў сваю святую

Нібы тавар, праносіць між людзей?

 

Вясну кахання песняй салаўінай

Я з Філамелай разам апяваў,

Ды ўслед за ёй жалейку сваю кінуў,

Калі прышла пара сталення траў.

 

І не таму, што летам не прыемна

Ліць серэнады страсныя ўначы, -

А бо даступнасць квецені багемнай

Дае магчымасць одам адпачыць.

 

Таму язык трымаю ад сугуччаў,

Каб спеў любві табе не надакучыў.

 

130

 

Зусім не сонца – бляск яе вачэй

І не каралы – вуснаў спелы тон.

Бялюткасць грудзяў снега не ярчэй

Ды й валасы – не хвалі наўздагон.

 

З квіценнем роз шыкоўных на кустах

Не параўнаю скроняў прыгажосць.

І любы пах – маёй каханай пах –

Не лепшы водар з тых, што ў свеце ёсць.

 

Мне так прыемна голас мілай чуць,

Але ж і ён – не спевы салаў’я.

Калі ж на Багіні недзе існуюць,

Тут, на зямлі, адзіная – мая.

 

Таму, напэўна, так яна цудоўна,

І ёй не трэба слоў маны любоўнай…

 

147

 

Каханне – ліхаманка… Жар залью –

І зноў нутро калоціцца ад смагі

І немач неспатольную маю

Ўсё болей распаляе хмелем брагі.

 

Мне розум, пільны ўрач, прапанаваў

Шмат лекаў ад хваробы майго сэрца,

Ды я ж яго не слухаў, бо кахаў...

І вось – мне недалёка ўжо да смерці…

 

Цяпер не ўратавацца мне ніяк:

Мой розум назаўжды мяне пакінуў -

І думкі ў смуце зблыталіся так,

Што тлум паліўся словамі маімі…

 

Я кляўся: ты - выток майго святла,

А ты – пякельны вір, мая імгла…

 

150

 

Скуль у цябе магутнасці выток –

Каб нада мной ўладарыць слабіною

І вымушаць, згубіўшы ўласны зрок,

Прымаць за праўду спойванне маною?

 

Дзе набыла ты талент, што без слоў

У дабрадзейнасць спісвае заганы -

Так, што гуллівы рой тваіх грахоў

Мне ўжо мілей, чым святасць найабраных?

 

Хто навучыў цябе так чараваць?

Люблю ўсё больш, хоць варта ненавідзець.

Але не трэба мною пагарджаць

І між людзей пачуцці мае крыўдзіць!

 

Я так люблю, нягодніца, цябе,

Што годны ўжо й любові да сябе!



Пераклад: Таццяна Дзям'янава