epub
Мінск, 1994
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Арлоў

Пішу вам у Масковію

Грамата з магістрацкага архіва

Паклон вам нізкі, ласкавыя мае бацюхна і матухна, ад сына вашага, якога ўжо колькі летаў вы перад вачыма сваімі не бачылі і які кожнага вечара за вас і за цябе, брат мой малодшы Глеб, моліцца, дом бацькоўскі ўспамінаючы, і ліпы нашыя, і як Глебушка малы з кацянятамі гуляў, і тое нават, як наш Малахвей брэша. Малю Госпада, каб ахаваў вас ад хваробаў, а найперш, каб у смутныя гэтыя часы ад ліхіх людзей абараніў, якія ў нашай дзяржаве маскоўскай уладу забралі і няправедны суд чыняць.

Цешуся надзеяю абняць вас, ды часта апаноўваюць мяне думкі, што разлучыліся мы ўжо да сустрэчы нябеснае. А пішу да вас з места старажытнага і слыннага Полацкага, дзе хутка ўжо як тры леты Божай воляю знаходжуся і колькі яшчэ мне тут быць, аднаму Госпаду вядома.

Памятаеце вы, мусіць, бацюхна, як дом я родны пакідаў і сядзелі мы з вамі пры збане з трайным мёдам, ды не маглі горыч нашую падсаладзіць. Згадаліся нам тады словы вялікага князя маскоўскага Васіля Іванавіча, бацькі цяперашняга гасудара нашага, няраз ім моўленыя, «Дакуль конь мой хадзіць будзе і меч секчы, не дамо пакою Літве», - любіў князь Васіль казаць, і сын ягоны таксама з юных летаў у той бок, куды сонца садзіцца, паглядаў і хацеў пад сваёю рукаю мець і Полацак, і Віцебск, і іншыя гарады і землі, якія некалі Уладзімір Краснае Сонейка ваяваў, і пасля яго князі рускія з дружынамі ваяваць хадзілі, і якія потым вялікія князі літоўскія да сваіх вотчын прырасцілі.

Вядома вам, што сем летаў таму ўступіла наша войска з агнём і мячом ў Лівонію. Напачатку фартуна цару Івану Васілевічу спрыяла, і занялі ваяводы нашыя Нарву і Юр'еў, наблізіўшыся да мора. Тады магістр лівонскі пачаў шукаць падмогі ў вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Аўгуста і даў яму спярша шэсць фартэцый, а потым і зусім пад ягоную ўладу аддаўся. Услед за тым войска гетмана Радзівіла Рудога ўвайшло ў Інфлянты, і на трэцім леце вайна Лівонская ў вайну Літоўскую ператварылася, а цар наш і гасудар Іван Васілевіч нямецкаму імператару пісаў, што трэба сілы злучыць і Польшчу з Літвою ім між сабою падзяліць і на векі вечныя ўпакорыць.

У лета 7070 хадзілі літоўцы на Апочку, Невель ды Вяліж, а нашыя ваяводы зямлю Мсціслаўскую плюндравалі ды наваколле Воршы і Дуброўны палілі. Тады ж князь Андрэй Курбскі быў у паходзе на места Віцебскае, астрог узяў і папаліў і пасады ўсе і сёлы і людзей без ліку жыцця пазбавіў. Спаліў таксама, апрача лацінскіх, дваццаць чатыры храмы праваслаўныя і да палону не меў літасці, але цар і вялікі князь Іван Васілевіч скрыва на яго пасля паходу пазіраў і дакараў, што, пятнаццаць тысяч людзей маючы, не здолеў чатыры тысячы літоўцаў пад Невелем разбіць.

«Уся Літва ёсць вотчына гасудароў маскоўскіх», - цар на саборы сказаў, а дваране сказалі: «Мы, халопы царскія, за адну дзесяціну зямлі Полацкага або Азярышчанскага павету галовы скласці гатовыя». Сам я такое гатоўнасці ў душы не чуў, але і таго, якой крывёю тая царова навага скончыцца, не ведаў.

А зімою, у месяцы снежні, сабраліся палкі ў Мажайску і сам цар туды выехаў.

Але перш чым распавесці вам пра паход той, хачу я колькі слоў пра цара і гасудара Івана Васілевіча сказаць, хоць і рызыкую галавы свае пазбыцца. Вусцішна таго судзіць, хто самім Богам над намі пастаўлены, ды не дае мне спакою памяць пра незабыўнага настаўніка і апекуна майго Аляксея Фёдаравіча Адашава, блізкасць да якога мне з прычыны маладога веку ды становішча невысокага схаваць пашчасціла - быццам каменьчык на рачным дне, я ў царскім войску сярод ратных людзей згубіўся і смяротнае небяспекі пазбегнуў.

Ведаеце вы, бацькі мае ласкавыя, што дзесяць з лішнім летаў быў Аляксей Фёдаравіч Адашаў пры цару давераным чалавекам і царства яго сваім розумам дзяржаўным мацаваў. Спрыяў ён прырашчэнню да нашых айчынных межаў княстваў Казанскага ды Астраханскага і перамовы няраз з Лівоніяй і з Даніяй вёў і з каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Меў душу суворую ды ўладную, але пабожную і так, бывала, у малітву і ў пост улягаў, што цэлы дзень адною прасвіркаю жывіўся. Выславіўся ён і дабрачыннасцю вялікай: карміў пры доме людзей лёзных, а ў доме дзесяць струплявых трымаў, сваімі рукамі іх абмываючы.

Не хацеў муж гэты дбайны і любамудры вайны Лівонскае і адгаворваў цара ад паходу ў зямлю Полацкую. Разам з настаўнікам душы царовай Сільвестрам казаў апякун мой, што трэба спярша выкараніць няверных, злых ворагаў Хрыста і святой зямлі Рускай. Але не той ужо быў гасудар наш, не слухаў парадаў мудрых, а слухаў людзей злых і падступных. Загінуў Аляксей Фёдаравіч Адашаў разам з дабрачыннасцю царскай.

А трэба вам, бацюхна і матухна, і табе брат мой Глеб, сказаць, што цёмныя ды варожыя сілы каля манарха нашага ад самых першых дзён царства ягонага стаялі і няспыннае змаганне за душу яго вялі. Застаўся ён у восем летаў круглым сіратою; сядзела на троне дзіця ў Манамахавай шапцы ды са скіпетрам і дзяржаваю, а баяры яму на каленях рукі цалавалі, вялікім князем і гасударом называючы - хто са шчыраю душой, а хто і крывадушна, так што, бывала, апекуны і пакарміць яго свойчас забываліся. Улада такая для малалетняй душы кволай гібельная вельмі, а нячыстаму - спадзяванне і ўсцеха.

Яшчэ дзіцем любіў цар Іван Васілевіч тым бавіцца, што з высокіх дахаў катоў ды іншых тварын бязмоўных скідваў, а летаў з пятнаццаці пачаў і чалавекаў з высачыні ўпускаць, таварышаў дзіцячых гульняў сваіх, і глядзеў з асалодаю, як яны ў смяротных курчах гінуць. Шмат грахоў учыніў гасудар яшчэ ў маладосці ранняй - і да гульні ў зернь і іншых забаў непрыстойных хіліўся, да зелля хмельнага быў ахвочы і да дзевак ласы, што так схопіць у хораме сваім любую за грудзі, акі таць татарскі, і ў спіжарню на забаву цягне. А колькі людзей чорных на вуліцах і на торжышчах маскоўскіх канём да смерці здратаваў. А павянчаўшыся на царства, маючы ад нараджэння семнаццаць летаў, дзікую расправу ўчыніў над пасланцамі пскоўскімі. Прыехалі да яго з чалабітнаю на намесніка свайго князя Турунтая-Пронскага семдзесят пскавічоў, людзей немаладых, і шаноўных, цар жа Іван Васілевіч у нечуваную лютасць увайшоў, што простыя пасадскія людзі чалом біць на князя асмеліліся. Загадаў ён з тых людзей сівых адзенне сарваць і целяшом на сыры каменны дол пакласці, а сам віном гарачым* галовы ім паліваў і свечкаю валасы і бароды падпальваў. І не чуў у душы страху перад знакамі нябеснымі - ні тады, як вялізны звон у Крамлі сарваўся і на кавалкі разбіўся, ні тады, як пусціў Бог дымам на Вялікдзень усё жывое на рацэ Яўзе, ні тады, як Масква ў той самы год, як прыняў ён тытул царскі, ад Крамля да далёкіх прадмесцяў выгарала і бунт у народзе маскоўскім прычыніўся, які царову бабку-сербіянку за ейныя чары вядзьмарскія смерцю караць хацеў.

* Спіртам.

Але паслаў Бог гасудару маладую царыцу Анастассю Раманаўну, стварэнне анёльскае, усіх убогіх ды пакрыўджаных заступніцу, і пачаў мяняцца Іван Васілевіч, закаваўшы ў кайданы дэманаў душы сваёй. Новыя храмы гасудар фундаваў і з царыцаю на багамолле ў Троіца-Сергіеву лаўру пешкі хадзіў, і маліўся там, і пасціў, і з браціяй паважную гаворку вёў. Але сілы д'яблавы тым часам да рашучае бітвы рыхтаваліся, і прыйшоў дзень, як вырваліся дэманы з ланцугоў на волю і завалодалі душой ягонай. З таго чорнага дня лютая жорсткасць яму, як ежа, неабходнаю зрабілася, як віно ды паветра, і нічога мілейшага сэрцу ягонаму не было, як чужыя пакуты бачыць - ці то чалавека, ці то жывёліны неразумнай.

Памятаю, прывезлі гасудару нашаму Івану Васілевічу слана-звера з Персідскае краіны, і, як не стаў ён на калені па загадзе царскім, наказаў цар пасекчы неразумнае стварэнне на дробныя кавалкі. Ракою й нявінная кроў людская паплыла. Сільвестр, Божая душа, ад няміласці царскае зачыніўся ў манастыры, а настаўнік мой Адашаў ад'ехаў ваяводам у Лівонію, ды нядоўга пад небам хадзіць яму ўжо заставалася.

Забраў Госпад душу царыцы нашае, і нашапталі цару, нібыта звялі Анастассю Раманаўну таемныя зласліўцы ейныя і чарнадзеі Сільвестр з Адашавым. Крычалі на судзе ворагі іхнія, смяротнае кары вымагаючы, а іншыя суддзі, вочы ў масніцы ўтупіўшы, маўчалі, адзін мітрапаліт Макарый сказаць цару адважыўся, што трэба і падсудных, вярнуўшы ў Маскву, выслухаць. Заківалі згодна пасля слоў гэтых разважных суддзі, але губіцелі апекуна майго да цара Івана Васілевіча лісліва загаварылі, што няварта злачынцаў у сталіцу заклікаць, калі іх сам цар маскоўскі наймудрэйшы і літасцівы асудзіў. Вось узор правасуддзя нашага, што не законам, а воляю ліхіх людзей кіруецца. Страшна пра тре думаць, колькі яшчэ летаў будзе суд наш маскоўскі лепшых людзей у магілу зводзіць за адно толькі, што валадарам ды шаптунам іхнім і сябрам крывадушным не дагадзілі.

Цар пасля суда Сільвестра ў далёкую абіцель Салавецкую паслаў, што на выспе сярод Паўночнага мора, а да Адашава ў Лівонію адмысловыя людзі паехалі і, вярнуўшыся, абвясцілі яны гасудару ўрачыста, што выкрыты ў грахах сваіх і падкопах здраднік, не стрываўшы ганьбы, сам сябе атрутаю вынішчыў. «З гнаішча я яго ўзяў, у гнаішча ён і вярнуўся», - цар на гэта сказаў, хоць быў Аляксей Фёдаравіч Адашаў роду, што праўда, не знакамітага, ды ў нашай мінуласці прыкметнага.

Загубіўшы гэтага мужа дзяржаўнага, узяліся і сам дух ягоны адусюль вынішчаць. Як адышла на вечны спачын царыца нашая, і тыдня ў палацах царскіх жалоба не трывала.

Выдумляліся штодзень новыя пацехі, Богу агідныя, дзе любую цноту і дабрачыннасць цар з новымі сябрамі за непрыстойнасць мелі. У той час ратаваўся я ў сядзібе ў сябра сардэчнага вёрстаў за пяцьдзесят ад Масквы, але не чуўся і там у бяспецы, бо даходзілі і туды весткі, ад якіх дранцвелі мы ў жаху, не раўнуючы, як звяры на крывавым царскім паляванні зацкаваныя.

Як злятаецца адусюль крумкаччо пасля бітвы на баль свой, павылазілі на свет сціжмы слухачоў, віжоў і даказчыкаў, што на вуліцах і ў дамах размовы ціхія падслухоўвалі і ў твары людскія пільна ўглядаліся, пакрыёмыя думкі і злачынствы прыдумляючы. Паказалі шаптуны гасудару на адну жанчыну, слынную ў Маскве сваёй пабожнасцю і прыхільнасцю Адашавай, і вымыслілі з д'яблавае падказкі, нібыта баярыня гэтая хоча дзяцей царскіх чарамі пагубіць, і пакаралі яе смерцю, ды не адну, а з пяццю сынамі.

Скоры і люты цароў суд быў. Князю Абаленскаму-Аўчыніну, які ўлюбёнцу гасудараваму Басманаву нелагоднае слова сказаў, усадзіў Іван Васілевіч сваімі рукамі нож у сэрца, і не ў цёмную ноч таемна, а на вачах ва ўсіх за бяседным сталом. Баярын жа, князь Міхайла Рапнін, убачыў у палацы, як цар, мёдам упіўшыся, са жлуктамі ў масках сатанінскіх скача, і ад гора заплакаў. Хацеў цар і на яго тую лічыну агідную надзець, ды князь кінуў яе на дол, нагамі здратаваўшы, і запытаўся адважна: «Ці ж дазволена гаспадару зямлі Рускае скамарохам быць?» А праз колькі дзён, як стаяў ён на малітве, зарэзалі баярына проста ў храме Божым. А князя Юрыя Іванавіча Кашына, волю царскую выконваючы, на бабінцы ў сэрца кордам ударылі.

Сватаўся тады наш цар і вялікі князь Іван Васілевіч да дачкі Жыгімонтавай, атрымаў жа ад каралеўны гарбуза і лютаваў яшчэ болей. Тады і песню ў Пскове ды ў Ноўгарадзе пра цара шэптам спяваць пачалі:

 

У того царя да у Собаки

а окол двора да тын железный,

а на каждой-то на тычинке

по человечей-то сидит головке.

 

Кожны дзень падалі з рамёнаў галовы, як быццам плады крывавыя цар з нейкага дрэва сатанінскага на пажыву дзікім звярам нястомна атрасаў. І казалі пошапкам, што Іван Васілевіч прылюдна рукі з кішэняў не дастае, бо не можа кроў з іх адмыць.

Абвянчаўся гасудар з хрышчонаю дачкою валадара чэркескага Цемрука, але марна да яе тыя прыглядаліся, што ў чэркешанцы другую Анастассю Раманаўну, душу рахманую і пабожную, убачыць хацелі. Была паўдзённая князёўна норавам дзікая і сэрцам, як горы іхнія каменныя - адно ўмацавала цара ў грахах. А ён пра каралеўну польскую шкадаваў і да помсты каралю рыхтаваўся - і за нехаценне сватам стаць, і за Лівонію, што пад Жыгімонтаву руку перайшла. Можа, таму і прынялі многія вестку пра паход полацкі калі не з радасцю, дык з палёгкаю: мелі надзею, што ратныя клопаты лютасць царову да сваіх людзей утаймуюць і кроў нявінная ліцца пакіне. Як ліхі чалавек шукае прыстанак бяспечны ў тым самым доме, дзе зло ўчыніў, так і я падумаў, што лягчэй мне будзе затаіцца ад цара паблізу, хоць грэшна раўняцца мне з ліхадзеем, бо ніякага злачынства на душы не насіў, апрача любасці і шкадобы да настаўніка свайго.

Цяпер вярнуся да таго, як выехаў гасудар у месяцы снежні лета 7071 у Мажайск, дзе стаяла ўжо войска маскоўскае. Ехалі з ім цары казанскія Аляксандр і Сімяон, царэвічы Ібак, Тахтамыш, Бекбулат ды Кайбула, дванаццаць баяраў думскіх, пяць акольнічых і шаснаццаць дзякаў. Людзей вайсковых меў гасудар 200 тысяч конных, ды 60 тысяч пешых, ды людзей абозных тысяч 80. Кажуць, аднак, што разы ў тры, а мо і ў чатыры гэтую сілу прыменшыць належыць, каб супроць праўды не саграшыць, але ўсё адно здавалася, нібыта цэлая дзяржава Маскоўская на вайну сабралася. Мела войска 200 гарматаў, з якіх чатыры - сцены біць, 36 - такія, што агонь і камяні кідаюць, а яшчэ - абложныя, палявыя, паўгарматы і чвэрцьгарматы, фальканеты і іншыя. Ішлі яшчэ з намі шэсць тысяч грабараў дарогі правіць. Было таксама колькі тысяч мяхоў, з радна пашытых, каб у іх зямлю ды жвір насіць і абложныя туры наладоўваць. А гарматы, і порах, і кулі, і ўвесь рыштунак везлі на сабе сорак тысяч чорных людзей, бо цар і вялікі князь загадаў коней берагчы.

І пайшла сіла нашая да літоўскіх межаў. З Мажайска на Тарапец пайшла, дзе некалі ва Уваскрасенскай царкве князь Аляксандр Яраславіч, пазней Неўскім названы, з полацкай князёўнаю Параскеваю вянчаўся. З Тарапца рушылі мы на Вялікія Лукі, і цар загадаў дарогу перад сабою чысціць і на рэках масты ладзіць. З Вялікіх Лукаў на Невель пайшлі, а адтуль дарогаю лясною і цеснаю - на Полацак, места на той час у Вялікім Княстве Літоўскім найбуйнейшае і найбагацейшае, што на гандлёвай рацэ Дзвіне стаяла, якая з Варажскім морам каля Рыгі зліваецца. Так зрабілася вайна Літоўская вайною Полацкаю. Я ж сярод царскіх пісцоў і перапісчыкаў ехаў, таму шмат чаго мне ведаць дадзена было, ад іншых вачэй схаванага.

Лета 7071* студзеня 31 узялі мы галоўную цвярдыню варожую ў аблогу і адразу пачалі каля места вялікія туры ставіць, што ў лесе за тры вярсты адтуль зрабілі, і загадаў гасудар Іван Васілевіч дзецям баярскім з баярскімі людзьмі быць каля тураў і ягоную царову справу рабіць. І агонь з ядрамі праз сцены кідаць пачалі, так што назаўтра ўжо чорны дым над местам паплыў.

* Паводле сучаснага летазлічэння - 1563.

Бараніўся Полацак сілаю невялікаю, але мужна і ўмела, аднае начы палачане нават на вылаз адважыліся, каб гарматы ў нас адбіць, аднак няроўныя сілы былі, і хутка мы непрыяцеля назад утапталі. А ваявода полацкі Станіслаў Давойна спудлаваў ды нам, не хочучы таго, услужыў. Выправіў ён з места дзве тысячы сялянаў, што сцены мацавалі, нашыя ж людзі іх палавілі ды змусілі ямы паказаць, дзе палачане харч хавалі. А потым ваявода Давойна ізноў безразважнасцю нам паспрыяў: людзей сваіх у замкі адвёў, а пасады падпаліў. Нашыя ж стральцы, і мне між іх быць давялося, у дыме густым у места ўварваліся і гарматы туды перацягнулі.

Вывелі мы ў той дзень палон - адзінаццаць тысяч чорных людзей. Цар і вялікі князь Іван Васілевіч загадаў той палон па князях, і баярах, і дзецях баярскіх, і па ўсіх прыказных людзях раздаць. Мне з царскае ласкі дзесяць мужыкоў з жонкамі і з дзецьмі дасталося, якіх я слугам маім Сценьку Разносаву ды Фяську Сухарукаму да вас, бацюхна і матухна, у Суздальскую зямлю весці наказаў. Не ведаю, ці дайшлі яны тымі снягамі ды маразамі, бо ніякай весткі ад вас пра тое не маю, але і пры сабе пакінуць іх не мог, бо не меў ім корму. Калі ж дайшлі, прашу абыходзіцца з імі па-хрысціянску. Таму што адной яны з намі веры, толькі цэрквы іхнія канстанцінопальскаму патрыярху падлеглыя.

Пасля таго гарматы нашыя зусім блізка ад замкаў стаялі і білі ў сцены прыцэльна. Апрача таго, падвялі мы падкоп і вялікі прыпас парахавы ўзарвалі, так што трыста сажняў сцяны выгарала. А неўзабаве татары казанскія, што ў царскім войску былі, прывялі да гасудара двух літоўцаў злоўленых - Марка Іваніча ды Фядка Хлябовіча, і тыя літоўцы сказалі, што ідзе на падмогу Полацку гетман Мікалай Радзівіл, што даў каралю слова места абложанае ад ганьбы ўратаваць, і стаіць ужо з дваццаццю гарматамі пад Глыбокім. Пасланыя былі пераняць яго князі Юры Рапнін ды Сімяон Паліцкі, і не адважыўся непрыяцель на бітву, бо меў і жаўнераў толькі тры з паловаю тысячы. Тым часам пустошыла наша воінства Полацкую зямлю і ад замка Дрысы да Дзісны ўсе воласці па Дзвіне выпаліла.

Цар і вялікі князь Іван Васілевіч стаяў тыя дні паблізу Спасаўскага манастыра, цвярдыні багатай і аздобнай, а фундаванай найпадобнейшаю Еўфрасінняю, прапрапраўнучкаю святога князя Ўладзіміра Хрысціцеля. Вёз гасудар у скарбе сваім крыж, той ігуменняю Еўфрасінняй некалі ў манастырскім саборы пакладзены, а пазней смаленскімі князямі ўзяты і ад іх у Маскву вывезены. І загадаў ён, просячы ў неба перамогі, на належнае месца святыню вярнуць. Быў то чын дагодны Богу, ды хутка, як бы купіўшы сабе тым крыжам адпушчэнне грахоў будучых, узяў цар на душу новыя злачынствы крывавыя. Набліжаўся гасудар наш да веку Хрыстовага, але нават імя яго на пісьме побач з імем Збавіцеля ставіць мне боязна.

Лютага ў 14 дзень даў Іван Васілевіч загад князю Васілю Сярэбранаму з таварышамі біць па замках полацкіх з верхніх гарматаў вогненных, і Божаю міласцю з-за бліжніх тураў за пяць гадзін да святла Полацак каля вялікае брамы, а потым і ў іншых месцах мы запалілі. Дым палачанаў душыў, і прыпасу вялікага яны не мелі, і спадзяванні на падмогу Радзівілаву таксама дымам пайшлі, і пасля сёмага прыступу ваявода Давойна і ваяводзіч віленскі Ян Глябовіч, і ўладыка полацкі Арсеній з крыжам, а таксама лепшыя ад шляхты выйшлі з места і пачалі цару чалом біць, каб болей з гарматаў страляць не наказваў. Праўда, шляхта полацкая і пяць соцень кароннага рыцарства, Давойну не паслухаўшы, пасля таго яшчэ дзень і ноч адбіваліся.

Гасудар Іван Васілевіч палачанаў прыняў літасціва і дакляраваў кожнаму вольнасць і багацце захаваць, ды, як у нас, у Масковіі, зазвычаена, слова дзяржаўнага не стрымаў. А ваявода Давойна, царскаму абяцанню паверыўшы, выступіў з замка з усім войскам і з артылерыяй, паміж двума шыхтамі нашых воінаў прайшоў і на ўказанае месца стаў. Тут гасудар над вераю іхняю і пасмяяўся: загадаў трымаць непрыяцеля на гары пад моцнаю аховаю і пяць дзён ніякага харчу не даваць. А скарб дзяржаўны і ўласнасць людзей багатых, і купцоў, і шляхты, цар забраў і прыўлашчыў. Таксама і месцічаў наказаў ён выгнаць на поле і пад вартаю трымаць. А праз пяць дзён учынілі агляд гэтым людзям і войску варожаму і ўсіх пайменна перапісалі.

Даў цар волю абяцаную толькі пяці сотням рыцараў польскіх, адарыўшы кожнага футрам і залатымі манетамі дзеля таго, каб яны на радзіму ад'ехалі і спавясцілі, што з Каронаю цар вайны не хоча, адно пра сваю вотчыну дбае і вярнуць яе рупіцца - і Валынь, і Галіччыну, і Вільню, на якую ад Полацка наша дваранская конніца пайшла. І цешыўся гасудар вельмі, што места Полацкае ён без папа і без сабакі Аляксея ўзяў - так ён духоўніка колішняга Сільвестра і дарадцу свайго, а майго настаўніка Аляксея Фёдаравіча Адашава называў. Цешыўся цар, ды новых перамогаў яму Бог не даў, але пра тое пасля распавяду.

Месяца лютага ў 18 дзень уехаў Іван Васілевіч у цвярдыню варожую над Дзвіною, прыняў тытул князя Полацкага і пісаў мітрапаліту Макарыю: «Се нынче исполнилось пророчество, что вознесет Москва руки свои на плеща врагов ея. Господь наш Иисус Христос истинный Бог наш излиял на нас недостойных великого дара несказанную свою милость, вотчину нашу град Полтеск нам в руки дал». Ваяводу ж Давойну з жонкаю яго Пятроніяй, уроджанаю Радзівілаўнай, і з дзецьмі, і епіскапа полацкага Арсенія, і шляхту, і мяшчанаў, і чорных людзей, што ў месце хаваліся, загадаў цар вязаць і да нас у Масковію весці. Было гэтага палону, кажуць, да пяці дзесяткаў тысяч, і пагналі яго, як юдэяў да Вавілона, не па-хрысціянску: і кабет, і дзяцей абы-як апранутых і вяроўкамі злыганых вялі, і пяць дзён ніякага харчовага прыпасу не давалі, так што людзі, як вераб'і, на лютым марозе падалі. Ваявода Давойна і цяпер у палоне ў Маскве ў кайданах сядзіць, жонка ж ягоная Пятронія недзе там і сканала. І ваяводзіча віленскага Яна Глябовіча дагэтуль у царскай вязніцы трымаюць; гасудар яго да нас, на службу маскоўскую, ісці схіляе, за гэта і Полацак, і Інфлянты, і польскую карону дакляруючы, ды ваяводзіч моцна на сваім стаіць.

Наракаю я, грэшны, матухна, на вас, што ўзгадавалі мяне з сэрцам мяккім, якое, хоць і агрубела за гады гэтыя, але на пакуты чалавечыя адгукацца не развучылася. Прызнаю я, што жорсткасць і цвёрдасць сардэчная на вайне патрэбныя, ды паўстае душа мая, калі людзей мірных і бязвінных жывата пазбаўляюць. Губіў Іван Васілевіч у Полацку людзей кожны дзень сотнямі і ўсё ніяк смагу крывавую наталіць не мог. Прашу вас, бацюхна, або ты, брат мой Глеб, не чытаць матухне тое, што я зараз напішу, і надалей такое прапускаць, бо хочацца мне душу аблегчыць, а матухніна сэрца можа таго не стрываць.

Стогны і плач несціханы стаялі ў Полацку. Кабет паважных і дзяўчатак маладзенькіх у дамах і пад плотам, на снезе проста, стральцы гвалцілі ў мужоў і ў бацькоў на вачах, а хто бараніць кідаўся, таму галаву бердышом сціналі. Баярскі сын адзін спярша ўдаву злотніка, што ў аблогу галаву склаў, ссільнічаў, а потым і дачку яе, і абедзвюх, на двор выгнаўшы, стральцам аддаў, а тыя па-ўсялякаму, і па двое, і па трое, горш за звяроў якіх, з адною і з другою цешыліся, пакуль не кінулася ўдава ў студню, а дачка таго не ўчыніла, бо пад стральцамі з душою развіталася.

Жыло ў месце Полацкім багата гэбраяў-юдэяў, і хоць хацелі многія з іх прыйсці да цалавання на вернасць цару, загадаў Іван Васілевіч усіх чыста ў вадзе ўтапіць. Выганялі іх і са старымі, і з малалеткамі на Дзвіну ды на Валовую азярыну, лёд абсякалі і ў палонкі скідвалі. Памятаю, адна гэбраячка маленькая ля самай ужо вады лялечку гліняную да сябе прыціскала і плакала, што холадна ў той вадзе ейнай лялечцы будзе.

Татары ж нехрысці, што ў нашым войску былі, загадам царовым пасеклі насмерць шаблямі полацкіх манахаў-бернардзінаў, а храм іхні спалілі. Наказаў гасудар Іван Васілевіч і манахаў-дамініканаў жывата пазбавіць, і ўсіх, хто не па-нашаму, па-праваслаўнаму, моліцца. А іншаземцаў з палону полацкага клікаў цар на службу, і каторыя не захацелі яго гасударом прызнаць, таксама не вельмі літаваў. Найміту Андрэю Гесэ, што з дваццаццю стралкамі ў аблогу прыпас вайсковы ахоўваў, загадаў гасудар абедзве рукі па локаць з рушніцы адстрэліць, адно вока выкалаць і палову барады выпаліць, а потым з жонкаю і з дзецьмі ў Маскву адвезці, каб там яго да смерці трымаць.

Зноў пачала ў цара на руках кроў выступаць, і зноў ён рукі ў кішэні футраў сваіх сабаліных глыбока хаваў, а калі трэба было да граматы пячатку прыкласці, выганяў усіх прэч, каб не ўгледзеў хто страху таго, але казалі, што потым з пячаткі ўсё адно кроў тачылася. Летапісец жа царскі так запісаў: «Божиим же неизреченным великим милосердием и государьскою теплою верою к Богу и его государьским умыслом в Полотцску в городе и в остроге ротмистров и королевских дворян и всяких воинских людей и черных из наряду много бесчисленно побили. И мы благодарим Бога и приснодевую Богородицу, заступницу христианскую о даре их великом и будем молить их и святых великих чудотворцев за государя царя и великого князя Ивана и за его царицу великую княгиню, Марью и за детей его царевичей Иоанна и царевича Федора, дабы и впредь даровал нам победу над всеми врагами зримыми и незримыми и давал мир и тишину со всеми странами и на пользу всему православному христианству».

Ваяводы нашыя тым часам ішлі ў Самагіцію*, і да Мсціслава, і да іншых гарадоў, воласць Полацкую і сумежныя з ёю землі плюндруючы, бо гетман Радзівіл з войскам назад у Менск адышоў. І прыслалі вяльможы каралеўскія да гасудара цара Івана Васілевіча чалавека з лістом, просячы, каб кроў хрысціянскую болей не ліў і міру ды спакою з каралём іхнім Жыгімонтам хацеў, а кароль паслоў сваіх прышле да Ўспення святой Багародзіцы. Цар на тое адказаў, што пасла ні бізунамі не б'юць, ні сякераю не сякуць, і загадаў іншыя землі Вялікага Княства Літоўскага не ваяваць і, меч свой адклаўшы, даў ворагу замірэнне на паўгода.

* Жамойць.

Пасля таго гасудар у суботні дзень на Фёдаравым тыдні ў святой Сафіі памаліўся і да Вялікіх Лукаў пайшоў, дзе войска распусціў, а сам у Маскву ад'ехаў.

Полацак пакідаючы, наказаў цар равы паправіць, старыя пачысціць і новыя пакапаць, каб былі стромыя ды глыбокія; у астрозе за Палатаю наказаў паглядзець і якое месца выгарала, тое да ладу прывесці, сцяны тры або чатыры зрабіўшы, і зямлёю засыпаць, і стральніцы ды вежы дзеля сценнага бою парабіць. Есці ў сухмень цар наказаў усім за местам у полі варыць, апрача адных толькі ваяводаў. А літоўскіх людзей прыезджых і тутэйшых, і шляхту, і баяраў, і чорных людзей адналічна ў замак не пускаць, а калі ў які дзень урачысты на вялікае свята папросяцца да Сафіі прамудрасці Божай, тады іх пусціць, ды не разам усіх, а купкамі малымі, але асцярогу ў месце ўчыніць і паўсюль стральцоў дабавіць.

А ведаць загадаў баярыну князю Пятру Іванавічу Шуйскаму браму Усціцкую, а баярыну князю Васілю Сямёнавічу Сярэбранаму браму Вялікую, а Пятру Сямёнавічу Сярэбранаму - Сафійскую, а баярыну Івану Васілевічу Шарамецьеву - Багародзіцкую. Гараднічым жа Васілю Галавіну і Васілю Замыцкаму наказаў хадзіць па начах з ліхтаром, мяняючыся, па ўсіх вартах і места замыкаць, а ключы да баярына князя Шуйскага адносіць. Пры гэтым князі, слаўным заваёўніку Юр'ева, і я дзеля розных запісаў і іншых патрэбаў застаўся.

Цяпер скажу вам пра места Полацкае і пра людзей, сярод якіх мне Госпадам Богам ужо трэцяе лета жыць наканавана і якія хоць і не ганаруюць мяне, але ўсё ж не за звера ўважаюць і гаварыць са мною не баяцца.

Векам сваім і славаю места гэтае раўня Кіеву і Ноўгараду, і Сафія прамудрасці Божай у тыя самыя часы, што і кіеўская, тут над Дзвіною пастаўленая. Здавён Полацак, як пра тое летапісы кажуць, чужой улады не прымаў і то з Ноўгарадам, то з Кіевам ваяваў. Пяць таму стагоддзяў вялікі князь полацкі Усяслаў Чарадзей з ноўгарадскае Сафіі званы зняў, а потым у Кіеве ў порубе сядзеў, ды з той вязніцы земляной выйшаў і на кіеўскі пасад сеў. Пісана ў старых граматах і пра тое, што з Яраславам Мудрым і з Уладзімірам Манамахам полацкія князі ваявалі і вольнасць адстаялі. Пад татарынам зямля гэтая ніколі не была, а да Літвы сама адышла, вялікія прывілеі сабе пакінуўшы.

Завецца ж гэтая дзяржава, нам варожая, Вялікім Княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім, а людзі тутэйшыя, што і ў Полацку, і ў Менску, і ў Вільні, скрозь да самае Самагіціі жывуць, называюцца па дзяржаве сваёй літоўцамі, гавораць жа на мове, што да нашае падобная, хоць, бывае, і нялёгка яе разабраць. Вось, да прыкладу, нашае слова «блага» ў іх зусім супраціўнае значыць. Памятаю, калі мы места забралі, пачалі да цара на цалаванне людзей вайсковых прыводзіць, і загадаў Іван Васілевіч непакорлівых на месцы жыцця пазбаўляць; аднаму рыцару літоўскаму вантробы выпусцілі, а ён, ля ног царовых канаючы і вантробы свае назад у чэрава запіхнуць намагаючыся, усё крычаў: «Ой блага мне, Божа, ой блага», а мы дзівіліся, думаючы, чаму ён так перад смерцю крычыць, няўжо сады райскія ўбачыў?

А яшчэ, што нам нязвычна, гады яны ад нараджэння Божага лічаць, як і ў Нямеччыне, і ў Чэхах, і ў Францыі, і ва ўсіх іншых краінах, а не ад стварэння свету, як мы, і з нас пасміхаюцца і наракаюць, што мы імя Хрыстовага не шануем.

Да вайны мела места гэтае шэсць пасадаў, з якіх адзін на выспе пасярод Дзвіны. Дворышчаў мяшчанскіх было ў пасадах паўтары тысячы, але болей тысячы ў аблогу выгарала. Замак жа полацкі галоўны на высокай гары самароднай паміж Дзвіной і Палатою стаіць, з хваёвага дрэва рублены і дзевяць вежаў перад аблогаю меў.

Ёсць у месце манастыроў паўтара дзесятка і шмат храмаў мураваных. І дзіўна нашаму чалавеку чуць, што маліліся тут праваслаўныя мірна побач з лацінцамі. Няможна такое ў нашай Айчыне, у Масковіі, і ў сне прысніць, каб побач з нашымі лацінскія цэрквы стаялі і дамы, дзе гэбраі свайму Богу моляцца; а вядома мне, што ёсць у гэтай зямлі яшчэ і мірныя татары-магаметане, што свайму Алаху паклоны кладуць, і ўсе між сабою неяк ужываюцца. Па радзе айца свайго і багамольца Макарыя, мітрапаліта ўсяе Русі і багамольцаў ягоных архіепіскапаў і епіскапаў і ўсяго сабора ўчыніў гасудар Іван Васілевіч у Полацку ў Сафіі прамудрасці Божай архіепіскапію, каб былі людзі полацкія маскоўскаму мітрапаліту падлеглыя, і пастаўлены быў на яе архіепіскап Трыфан, аднак месцічы царскага ўладыку не любяць і ў храм, дзе ён служыць, не ходзяць.

Дзіўлюся я і з таго, што не забыліся людзі полацкія на купаллі ды русаллі і вясну гукаюць ды іншыя старадаўнія святы памятаюць, якія ў нас у Масковіі і ўспамінаць баяцца, бо можаш за чарадзейства на дыбе павіснуць ды ў роспытнай хаце чырвонае жалеза сваім белым целам пачаставаць.

Вераць таксама полацкія месцічы ў розныя прыкметы і шмат тайніц ведаюць. Некалі вы, матухна, з нянькаю маёй Мікітаўнай, няхай будзе ёй зямля пухам, усё ўвечары пра ведзьмаў ды ведзьмакоў баялі, як і дзе іх распазнаць можна, а я пасля тых размоў засынаць баяўся. Дык тутэйшыя людзі кажуць, што, калі сабраць з дзесяці цэркваў святую ваду і зварыць на ёй жур, неадменна ўсе ведзьмакі прасіць таго журу прыбягуць. І так яшчэ ведзьмака распазнаць можна: схаваць кавалачак сыру, што ядуць на загавінах перад вялікім постам, і насіць той сыр увесь час у мяшэчку пад пахаю. А на ютрані велікоднае, калі святар абвяшчаць будзе: «Хрыстос уваскрос!», трэба ўслед за ім прамовіць: «А ў мяне сыр ёсць», і тады ўсе ведзьмы і ведзьмакі сыру прасіць будуць.

Некаторыя людзі тут кажуць, што разумеюць мову звярыную і птушыную і кожны яе спасцігнуць можа, калі адмысловае стравы з вужовага мяса пад'есць. А як у каго дом загарэўся, дык у суседзяў, каб туды полымя не перакінулася, голая дзеўка ці маладзіца з поўным гарлачом малака вакол свайго дворышча аббягае і той гарлач у агонь кідае. Бачыў я колькі пажараў на свае вочы і сведчу: сродак гэты надзейны, нават калі заместа малака вады наліць, так што, калі ў вас там, крый Божа, загарыцца нешта, няхай Палушка ці Варварка, не баючыся сораму, тое ўчыняць.

Вераць тут і ў вадзяніка. Жыве ён у рацэ Палаце па вірах і крадзе людзей: мужчыны самі вадзянікамі робяцца, а жанчыны - русалкамі. Але гэты нячысцік не заўсёды ў вадзе сядзіць, бо яго Бог ганяе. Пасля Вадохрышча мусіць ён з вады ў лазу пераходзіць, адтуль у травы прыбярэжныя, а пасля Спаса дазволена яму бывае зноў у раку нырцануць.

Пра чорта кажуць, што лёгка яго ўбачыць, калі не баішся, - трэба адно ў віхуру плюнуць тры разы і прамовіць: «Чорт, чорт, пакажы хвост», бо калі па зямлі віхура ідзе - гэта чортава вяселле коціцца. У навальніцу чэрці нібыта ў крыжах на цэрквах хаваюцца, каб туды пярун біў, але я ў гэта не веру, бо нячысцікі крыжа больш за ўсё на свеце баяцца.

Асабліва ж вераць тут у ваўкалакаў-пярэваратняў. Гаварыў я, крыж на сябе паклаўшы, з адным чалавекам, які быццам бы сам пяць летаў ваўком быў. Павадзіўся неяк з суседкаю, а тая яму сваімі чарамі і адпомсціла. Павёз з кумам у Дзісну тавар бандарскі прадаваць, распрэглі ў дарозе коней і пусцілі пасвіцца. І так таму чалавеку млосна зрабілася, і нудзіла яго і круціла, і прымроілася яму, што адзіны паратунак ад наслання - праз хамут пралезці. А як пралез - ваўком зрабіўся і ў лес пабег. Тры зімы і леты адзінцом бегаў, а на чацвёртае лета прынялі яго ваўкі ў гайню. На колькі ваўкалаку чараўнік загаворыць, столькі ён у звярыным абліччы і хадзіць мусіць. Так той гаротнік з ваўкамі і жыў, пакуль яго аднаго разу, як цягнуў з чарады авечку, пастух дванаццаць разоў пугаю не перахрысціў, а пасля гэтага ваўчыная шкура адразу і злезла. Цяжка яму ў лесе жылося ды яшчэ забыць баяўся, што не звер ён, а чалавек, а таму кожнае раніцы мыўся, пысаю па роснай траве водзячы і ўвесну лапамі зямлю разграбаў, бо такой парою людзі аруць і сеюць. І казаў мне той ваўкалака былы, што, як ні жудліва сярод ваўкоў жыць, а цяпер, калі цар наш Іван Васілевіч Полацак пад сваю ўладу забраў, ён, чалавек гэты, каб прымеў, зноўку ў лес вярнуўся б.

Месцічы полацкія ў розных рамёствах умелыя і абазнаныя, працаваць любяць, а пра лайдака ды чалавека няўмелага кажуць - перапрашаю, матухна, - што ў яго рукі ў срацы, і такіх яны за апошніх людзей маюць. І смяяўся адзін збройнік мне знаёмы, пра якога пасля скажу, з казкі нашай маскоўскай пра Ямелю, і дзівіўся, што мы гэтага Ямелю, які на печцы рукі склаўшы сядзіць, не ганім, а нібыта і любім. Працуюць жа майстры полацкія цяпер мала што не задарма на цара і вялікага князя Івана Васілевіча, а шмат якіх людзей рамесных у Маскву жывасілам павялі.

Народ гэты чысціню шануе, і вясёлы, і не злапомны, і гасцінны. Калі да каго госці прыйдуць, гаспадар кажа: «Госць у хаце, Бог у хаце» і ўсё лепшае на стол ставіць. Але занепадаюць іхнія звычаі адвечныя пад нашаю ўладаю, бо стральцы завядзёнку завялі, у чужыя дамы, як у свае, заходзіць, і не толькі маетнасць чужую за сваю маюць, але і жонак чужых таксама. Дзіва што нас людзі полацкія, хоць і адной з намі веры, не ганаруюць і ўсё ўспамінаюць, як гасудар кроў ліў і гэбраяў у Дзвіне падлёдным хрышчэннем хрысціў, бо яны з гэбраямі зжыліся і не варагавалі.

Было ў месце Полацкім багата людзей у мовах замежных, і ў навуках багаслоўскіх, і граматычных, і рытарычных, і іншых абазнаных, і іх гасудар наказаў у Маскву адпраўляць, але і цяпер тут па манастырах такіх людзей даволі.

Паказваў мне адзін манах любамудры тое месца, дзе да вялікага пажару абложнага дом стаяў, у якім вучоны доктар Скарына на свет прыйшоў, які нашымі літарамі кнігі не перапісваць, а на варштатах ціснуць пачаў. Адціснуў ён Біблію і гнеў на сябе царкоўных валадароў наклікаў, бо ператлумачыў Святое Пісьмо на мову, простым людзям зразумелую, да таго ж кнігі свае ерэтычнымі малюнкамі аздобіў, дзе на адным сам Госпад Бог без німба, а на другім уласнае сваё аблічча гэты Скарына ў святой кнізе паказаць не збаяўся. Чуў я, што прывозіў ён кнігі свае да нас у Масковію яшчэ пры бацьку нашага гасудара, пры вялікім князю Васілю Іванавічу, і загадаў вялікі князь тыя кнігі, як спакусу д'яблаву, спаліць.

Адну з кніг таго вучонага доктара бачыў я ў Сафіі прамудрасці Божай, і шмат іншых кніг там, у саборы Сафійскім, ёсць, бо ад самога князя Ўсяслава Чарадзея манахі там летапісы пісалі і кнігі старадаўнія збіралі. Ёсць у ёй кнігі вучоных грэцкае царквы, спаміж якіх «Небесная і царкоўная гіерархія» Дзяніса Арэапагіта, што вучнем у апостала Паўла быў, і кнігі святога Мяфодзія, апостала славянскага, ды брата ягонага, святога Кірылы. Усе яны на славянскай мове і не толькі рукою пісаныя, але і на друкарскіх варштатах ціснутыя. У Княстве Літоўскім ужо летаў з паўсотні, а ў іншых краінах з ім сумежных і больш за сотню летаў, як друкарні ёсць. У нас жа ў Масковіі толькі нядаўна варштаты друкарскія завяліся, і летась, чуў я, Пятро Цімафееў, родам мсціславец, з гэтае зямлі літоўскае, ды разам з ім дыякан царквы святога Міколы Гастунскага Іван Фёдаровіч, таксама на зямлі літоўскай уроджаны, кнігу з дзеямі і пасланнямі святых апосталаў ціснулі. Пішу гэта найбольш дзеля цябе, брат мой малодшы Глеб, таму што хачу, каб быў ты чалавекам кніжным, а не да ратных справаў смертазабойчых гарнуўся.

Шмат дзён я ў Сафіі прамудрасці Божай сярод старых кніг сядзеў, бо прыйшоў ад цара Івана Васілевіча таемны загад летапісы полацкія ды граматы перагледзець і спіс скласці, каб потым іх у Маскву везці, а каторыя і агню аддаць. Уважае гасудар, што не трэба, каб памяталі палачане, як некалі сваю дзяржаву мелі, і як князі полацкія з візантыйскімі кесарамі радніліся, і як сам Полацак з вялікімі вольнасцямі да Літвы адышоў. А чаму так гасудар уважае, зразумець няцяжка, бо людзі, якія даўніны свае не ведаюць, усё жыццё дзяцьмі застаюцца, і падмануць іх гэтаксама лёгка, як дзіця неразумнае.

Так прабыў я ў месце Полацкім вясну, і лета, і восень, а зімою прычынілася ў снежні залева нечуваная, і паводка пачалася, і на рэках з трэскам вялікім ільды паўзламала, так што па Дзвіне да самага свята Нараджэння Хрыстовага на караблях ездзілі. Таго ж месяца снежня, як вядома мне, прыйшлі да цара і вялікага князя Івана Васілевіча з Літвы староста бельскі пан Юры Аляксандравіч Хадкевіч, ды староста слонімскі пан Рыгор Багданавіч Валовіч, ды дзяк Міхайла Галабурда і з імі каралеўскае шляхты семдзесят чалавек і іншых людзей да дзвюх тысяч. І прасілі яны ў цара замірэння ад снежня да ліпеня месяца на паўгода. Як зазвычай, вымагалі паслы Жыгімонтавы ад нас Ноўгарада і Пскова, апрача ўсіх заваёў дзеда і бацькі цара нашага і земляў, ім самім да Маскоўскае дзяржавы прырошчаных. Баяры ж нашыя на гэта адказвалі, што трэба нам дзеля міру не толькі Кіеў ды Валынь з Падоліяй у Літвы ўзяць, але і Вільню, ды наракалі на караля, што не хоча Івана Васілевіча царом менаваць. Потым паменшылі цану і паслы, і баяры, аднак гасудар загадаў паслам адмовіць, бо стаяла ўжо наша раць зімовая напагатове, у Літоўскую зямлю сабраная.

Наказаў гасудар так каралеўскім пасланцам сказаць: калі хочуць замірыцца, дык могуць тое і на дзесяць гадоў учыніць, абы воласць Полацкую і Лівонію нам адпісалі. І яшчэ сказаў Іван Васілевіч: «Не хоча мне кароль царскага імя даваць - вольнаму воля! Не маю патрэбы ў тытуле, бо ўсім вядома, што род мой ад рымскага кесара Аўгуста, а дадзенага Богам чалавек не адбярэ». Паслы аб продках царовых спрачацца не сталі, але ні Полацка, ні Лівоніі пацвердзіць за намі не захацелі, а білі цару чалом, просячы прапускную грамату да Барысава, каб заставы ім ніякай крыўды не чынілі.

Думаю я, невялікая карысць дзяржаве нашай з таго, што гасудар сябе вышэйшым ад усіх іншых уладароў каранаваных уважае і манархаў не спадчынных, а на трон абраных, абражае безразважна, паўтараючы, што ён цар паводле волі Божае, а не паводле шматмяцежнага хацення чалавечага. Няма разважання дзяржаўнага ў тым, што караля і вялікага князя Жыгімонта называе цар «паче худейша худейших рабов суща», а каралеву ангельскую Лізавету - пошлаю маладзіцаю. Суседа ж нашага караля шведскага, якога бацька быў не каралеўскае крыві, а просты дваранін, Іван Васілевіч сабе роўным не лічыць і ў лістах, якія мне Божай воляю перапісваць давялося, роспытамі даймае: «А ты скажы, бацька твой чый сын, і з якімі гасударамі быў у сваяцтве, і якога ты роду гасударскага?» І смяяўся з караля, што ён, як маскоўскія купцы ў Швецыю сала і воск прывезлі, сам, рукавіцы надзеўшы, тавар гэты глядзеў і важыў.

У той жа час, як паслы Жыгімонтавы з царскаю граматаю ад'ехалі, сканаў ад старасці мітрапаліт Макарый, і абралі замест яго першасвятаром маскоўскім інака Чудава манастыра Афанасія, духоўніка царскага. Кажуць, што выслухаў ён ад Івана Васілевіча вітальнае слова і багаславіў яго, просячы ў Госпада ўладару нашаму жыццёвае сілы ды перамогі, пра дабрачыннасць жа ўзгадаць святы айцец не наважыўся.

А ваяводы царскія збіраліся ўжо ў Вязьме, і ў Дарагабужы, і ў Смаленску. І полацкаму намесніку князю і гаспадару майму Пятру Іванавічу Шуйскаму наказаў гасудар ісці да Воршы і, не даходзячы да яе пяць вёрстаў, у пэўны дзень у сяле на Барані з ваяводамі вяземскімі князямі Сярэбранымі-Абаленскімі сустрэцца і ісці ад Воршы да Менска і да Наваградка, варожую краіну палячы.

Тады акурат, як загадаў князь Пятро Іванавіч да выступу рыхтавацца, чытаў я ў Сафіі прамудрасці Божай старадаўнія граматы і напаткаў між іх слова пра бітву, што за пяцьдзесят летаў перад тым пад Воршаю на рацэ Крапіўне прычынілася. Дзяржава наша ў тыя леты таксама з Літвою ваявала, і мы з Божаю дапамогаю Смаленск узялі, і вялікі князь Васіль Іванавіч ужо загадаў ваяводам войска літоўскае ды польскае з каралём да Масквы, як быдла, пугамі прыгнаць. Вось там, пад Воршаю, нашыя ваяводы, 80 тысяч людзей маючы, з гетманам літоўскім Канстанцінам Астрожскім сышліся, у якога пад рукою 25 тысяч жаўнераў было, і той гетман нашае войска разбіў, ды так, што палова на полі палегла ды ў Дняпры і ў Крапіўне патанула, а ваяводы галоўныя Чаляднін і Булгакаў-Голіца, а з імі яшчэ восем ваяводаў, у палон трапілі. Прачытаў я тое, бацюхна і матухна мае, і ад чорнага прадчування сэрца затрымцела.

Выступіўшы з Полацка з дваццаццю з лішнім тысячамі войска, ішоў князь Пятро Іванавіч Шуйскі ў сваёй сіле пэўны і ворага не сцярогся, так што варты наперадзе не было і браню на санях везлі. А вялікі гетман літоўскі ваявода троцкі Мікалай Радзівіл у Лукомлі стаяў; узяў ён адборных коннікаў і каля ракі Улы, паблізу ад вёскі Іванск, на нас знячэўку ўдарыў - ні браню нашы воіны надзець не паспелі, ні ў палкі стаць. Дзве гадзіны сеча доўжылася, а надвечар адвярнўўся ад нас Бог, і пабеглі мы, увесь абоз кінуўшы. Непрыяцель нас да глыбокае ночы ў поўным месяцавым ззянні гнаў, і ўся зямля мёртвымі целам заваленая была крумкаччу на ўсцеху. Дзевяць тысяч вояў нашых над Улаю ад куляў, шабляў і дзідаў літоўскіх палегла і столькі сама ў рацэ патанула. Налажыў галавою і князь Пятро Іванавіч Шуйскі, а з ім чатыры князі і тры ваяводы. Забіты быў і Восіп Быкаў, муж высачэнны, росту на чатыры з паловаю локці, які нашаю артылерыяй загадваў. Абмыліўшыся, літоўцы і некаторых жаўнераў князя Прапойскага пазабівалі, якія перад тым за колькі месяцаў на іхні бок перакінуліся, але ў маскоўскіх панцырах ваявалі. Вялікі палон Радзівіл там узяў, і з тым палонам дванаццаць ваяводаў і шмат дзяцей баярскіх, і абоз з трох тысяч вазоў з харчовым прыпасам, і з футрам, і з посудам срэбным, і з панцырамі і іншым рыштункам вайсковым на дзве тысячы воінаў. Была тая бітва лета 7072* месяца студзеня ў 26 дзень.

* 1564.

Князя ж Шуйскага ў рацэ знайшлі, а забіў яго сякераю, калі ён паранены ўцякаў, просты селянін, бо мужыкі з паблізных вёсак таксама пасля сечы нас гналі і білі. Завезлі князя ў Вільню і там у царкве Прачыстай Багародзіцы з пашанотаю пахавалі, а гетман Радзівіл на ягоным кані ў места Віленскае ўрачыста ўехаў.

Ледзьве я, бацькі мае любыя і брат малодшы Глеб, у той бітве жывот свой уратаваў, але пасечаны быў і, Полацка дапяўшы, ад зімы да самае Сёмухі адлежваўся, зёлкамі сілу жыццёвую ў сабе мацуючы, і кожны дзень думкамі да вас і да дому бацькоўскага ляцеў, дзе я ўроджаны і ўскормлены і дзе хачу, калі будзе на тое воля Божая, аддаць душу ў рукі Ягоныя. А месцічы полацкія вельмі з перамогі Радзівілавай цешыліся і паміж сабою гаварылі, што добры ўрок даў гетман літоўскі, як маскавітаў біць, сыну Хрыстафору, яшчэ гадамі юнаму, які на Іванскім полі пры бацьку быў.

З паўгода пасля пахода няўдалага мы з літоўцамі не ваявалі, пакуль улетку ваявода Юры Такмакоў з Невеля да Азярышча не пайшоў і перадавую дружыну непрыяцельскую не разбіў, а як падышло галоўнае войска літоўскае, адступіў і ўвесь свой палон перад гэтым усмерціў. І смаленскі ваявода Бутурлін з татарамі і з мардвою правы бераг Дняпра сплюндраваў і пяць тысяч палону вывеў.

А раней такое прычынілася, што несціханую трывогу нарадзіла ва ўсіх сэрцах, якія зямлю маскоўскую яшчэ любіць не развучыліся. Перакінуўся да караля адзін з найслаўнейшых ваяводаў нашых, дбайца вялікі аб славе Айчыны князь Андрэй Міхайлавіч Курбскі. Вялікая-то страта дзяржаве нашай, але не магу я, бацюхна мой, князя Андрэя здраднікам-пераветнікам назваць. Не было на славе ягонай ценю ніякага, ды знелюбіў яго цар за сяброўства з Адашавым. Быў князь ваяводаю ў Юр'еве і ўведаў там, што рыхтуе яму цар падступна згубу. Пасадзіў ён, кажуць, аднае начы жонку сваю любую насупроць сябе і пытаецца: хоча яна над мёртвым над ім галасіць ці з жывым да скону дзён развітацца? Жонка ж адказала: адно хоча ведаць - што ён хоць на краі свету, ды жывы. Тады багаславіў ён сына, а двое коней яго за брамаю ўжо чакалі. Ад літоўцаў, што ласкава яго прынялі і шчодра надзялілі, напісаў ён, душу адкрыўшы, цару Івану Васілевічу, абяцаючы таму суд нябесны. У Маскве на Чырвоным ганку падаў слуга князеў ліст, пячаткаю запячатаны, самому гасудару, і той у лютасці вялікай князевага вернага чалавека вострым жазлом выцяў, ды слуга, крывёю сплываючы, пакуль ліст цару чыталі, стаяў і ні слова не вымавіў і потым, як мучылі яго і жалезам ірвалі, не сказаў нічога, адно гаспадара славіў. Пасля гэтага пачалі гасудару ўсе людзі знаныя таемнымі аднадумцамі князя Андрэя Міхайлавіча здавацца, і ўсё больш даносаў цар на радасць паклёпнікам вымагаў.

Казалі людзі, з Масквы ў Полацак да нас прыезджыя, што ставілі па ўказу цара і вялікага князя перад Крамлём плахі, і каты пры іх з сякерамі станавіліся, і сам цар Іван Васілевіч у чорным уборы на вараным кані выязджаў і глядзеў, як па роспісу знакамітых мужоў смерцю караюць. Найбольшую ж меў усцеху, з полацкім вайсковым палонам расправу чынячы, які па маскоўскіх сутарэннях сядзіць. Аднаго разу проста з бяседнае вячэры кінуўся цар з застоліцаю ў крамлёўскія лёхі вязняў полацкіх біць, і тады толькі здаволіліся, калі болей за сотню, як авечак, зарэзалі, а пасля зноў за хмельныя сталы вярнуліся. Нейкі шляхціц полацкі пад час той разні ў Івана Васілевіча дзіду выхапіў і ледзьве не праткнуў цара, ды Бог ягоную руку адвёў, каб новыя выпрабаванні дзяржаве нашай паслаць.

Ад вестак гэтых горкіх я над кнігамі ў Сафіі прамудрасці Божай ратаваўся і прызнаюся вам, бацькі мае ласкавыя ды брат Глеб, яшчэ адну суцеху меў. Звалася яна Еўдакія і красы была такой, што глянеш на яе і нібыта віна кубак выпіў: тварам - як кужаль белая, каса - як бярэзінка ўвосень, залатая, вочы - быццам Дзвіна ў пагодны дзень, чыстыя і ці то зялёныя, ці то блакітныя, разабрацца няможна. І душу мела такую, што вам, матухна і бацюхна, добраю б нявесткаю быць магла. Праўда, роду была не шляхецкага, але ў Полацку паважанага, а бацька ейны Валодша збройнік быў слынны, той самы, што з нашае казкі пра Ямелю смяяўся. Няраз я ў доме ў іх бываў, і стральцам наказваў іхняе дворышча не чапаць, і праз князя Пятра Іванавіча Шуйскага, няхай супакоіць Госпад душу ягоную, два разы Еўдакію з бацькам яе ратаваў, калі полацкіх людзей майстравітых у Маскву на вечнае пасяленне выводзілі, і яшчэ раз Валодшу ад вернае смерці ўратаваў, калі пасля бітвы на рацэ на Уле двое сыноў баярскіх намесніку чалом білі, што той Валодша-збройнік панцыры ім, як і яшчэ некаторым, зрабіў важкія, але ад дзідаў і ад іншае зброі ненадзейныя.

Цяжка мне пра Еўдакію пісаць, бо няма ўжо ні яе, ні Валодшы на свеце. Ратаваў я іх ад жыцця на чужыне, ды ад пошасці ўратаваць не здолеў, што за месяц палову месцічаў полацкіх гэтаю зімою выкасіла і нашых людзей нямала. Калі руку на сэрца пакласці, дык шкадую я часам, што і мяне Бог не забраў, бо тут, у Полацку, мы быццам на бочцы з парахавым прыпасам седзімо.

Няма і не будзе нам на чужой зямлі спакою. Расце вакол нас дзень пры дні нянавісць, так што і мне, які зла полацкім людзям не чыніў, кажуць у вочы, не тоячыся: «Паедзеце хутка ад нас, як князь Скіргайла некалі паехаў, і горш ад яго, бо князя мы жывога выпусцілі, адно да каня спінаю наперад прывязалі, а вас нежывых прывязваць будзем». То і праўда, што нічога мы, апроч няшчасця, воласці Полацкай не прынеслі. Зямля ворная лесам зарастае, рошасць людзей косіць так, што святароў не хапае нябожчыкаў адпяваць, а па Дзвіне на пострах жывым мерцвякі плывуць, бердышамі стралецкімі пасечаныя і да бёрнаў прывязаныя. І бітву над Улаю мы не праз нядбальства нашае прайгралі, а літоўцы не адной толькі доблесцю перамаглі, бо сама зямля гэтая супраць нас паўстае.

Але ж і з Айчыны нашай страшнае чуваць. Мусіць, і вам вядома ўжо, што, ад'ехаўшы за месяц да свята Божага Нараджэння на багамолле, спыніўся гасудар Іван Васілевіч у старым велікакняжым сяле Аляксандравай слабадзе, там, дзе яшчэ бацька ягоны паляваннем бавіцца любіў. І прывёз адтуль ганец царскі ў Маскву дзве граматы, якія перад усім народам чыталі. У першай быў спіс здрадаў дзяржаўных; а паклаў гасудар гнеў на ўсіх - на епіскапаў і архіепіскапаў, на архімандрытаў і ігуменаў, на баяраў сваіх і на акольнічых, і на дзякаў, і на дзяцей баярскіх, і на ўсіх прыказных людзей. Адны, паводле яго, здрады і падкопы чынілі, скарб дзяржаўны раскрадалі і супроць непрыяцеля літоўскага ваяваць не хацелі, а другія вінаватых ад яго, гасударавага, слова баранілі. Таму ён з вялікім жалем у сэрцы, не хочучы гэтых здрадаў трываць, царства пакінуў і паехаў у свет вочы, на Божую параду спадзеючыся. А другая грамата ўсяму праваслаўнаму пасадскаму люду сталічнаму пісаная - каб ніякага сумневу ў душах не мелі, бо гневу царскага і апалы на іх няма.

Ведама ж, увесь народ маскоўскі закрычаў, каб прасілі баяры гасудара вярнуцца, а хто будзе за ліхадзеяў і здраднікаў стаяць, яны тых самі пацярэбяць. Паехалі тады выбранцы ад баяраў і ад духоўных у Аляксандраву слабаду, і вялі іх да цара пад вартаю, як варожых выведнікаў. Цар Іван Васілевіч свае крыўды паўтарыў і на царства вярнуцца згадзіўся, але з той умоваю, каб ворагаў па сваёй волі смерцю караць і апрычніну завесці. Ад усёй зямлі маскоўскай адрэзаў гасудар сабе апрычнае і войска сваё з верных людзей завёў, каб суд правіць. Даюць апрычнікі цару асобую прысягу і пасля яе ніякіх справаў з земскімі, нават і з найбліжэйшымі сваякамі ўжо мець не могуць, апрача справы гасударавай. І носяць усе аднолькавую вопратку, кшталтам той, у якой чарнарызцы ходзяць, а на апратцы гэтай адмысловыя знакі: мятла - каб здраду вымятаць, і галава сабачая - каб выгрызаць. І шмат каго ў апрычнікі гасудар, успамінамі цешачыся, з тых людзей узяў, што Полацак бралі і волю ягоную там чынілі.

У той Аляксандравай слабадзе цяпер не раўнуючы як манастыр нейкі сатанінскі і сам цар за ігумена: то з хаўруснікамі віно дарагое п'е, то на малітве ночы навылёт стаіць і тамсама, у храме Божым, каго забіваць, а каго літаваць загадвае. А паміж бяседамі застольнымі ды службамі царкоўнымі ходзіць гасудар у вязніцу і ніколі вясялейшы не бывае, чым тады, калі на катаванні сядзіць і пакуты людскія да васьмі гадзін назірае. У Маскве, кажуць, і песню такую пяюць:

 

А какой улицей ты ехал, батюшка,

Всех сек, и колол, и на кол садил.

 

Ды самае страшнае, што пяюць яе людзі пасадскія не з жудою халоднаю ў сэрцы ад таго, што найлепшыя людзі гінуць, а з радасцю дзікай і цёмнай. Ад плахаў кроў ручаямі на пляцах цячэ, а гасудар да народу, што на крывавы чын паглядзець прыйшоў, крычыць: «Адкажыце, ці справядлівы суд мой?» І люд у тысячу глотак справядлівасць царскую славіць.

Сякуць у нашай Айчыне галовы так лёгка, як блазнюкі дручкамі шышкі з бадзякоў збіваюць, у пацешную вайну гуляючы. Гасудар верных заве пераветнікамі, хрысціян - чарадзеямі, а святло - цемраю. Дзяцей непаўналетных на бацькоў даносіць прымушаюць, а потым і забіваюць у мацярок на вачах. Усіх князёў ды баяраў ужо змусіў цар халопамі ягонымі называцца ды падпісвацца, але мала яму гэтага страху і прыніжэння. Стукаюць уначы слугі царскія ў дзверы, і без следу людзі прападаюць, а шмат хто ў адзенні і спаць кладзецца, сваёй долі чакаючы.

Кажуць, і з аблічча цар перамяніўся: злосць ды смага крывавая з'елі ўсе чыста валасы на галаве, а вочы ў цемры, як у звера, свецяцца. Харчуецца гасудар чалавечаю плоццю ды крывёю, не толькі пра пост, але і пра Бога забыўшы. Дый тое, мусіць, вам лепей за мяне вядома, аднак чую і я ў душы патрэбу сваё слова сказаць.

Трывожуся за вас, матухна мая і бацюхна, і ты, брат мой Глеб, і думаю ў страху: ці не намысліў гасудар Іван Васілевіч новую пароду людзей у нашай дзяржаве вывесці? Такіх людзей, якія да штодзённых стратаў прылюдных і здзекаў таемных з істоты чалавечае прывычныя будуць, і да таго, што жыццё людское меней за медны грош каштуе, такіх, што без даносаў адно на аднаго жыць не змогуць, такіх, што казаць будуць не тое, што думаюць, а думаць не тое, што сказалі, такіх, што з рабствам сваім так зжывуцца, што мацней за волю яго палюбяць, такіх, што смерць будуць прымаць і ў курчах смяртэльных за катаў сваіх маліцца, як той баярын, які на палю бязвінна пасаджаны, яшчэ цэлы дзень жыў і, пакуль душа не адляцела, паўтараў: «Жыццё маё - нішто, толькі б цар-бацюхна жывы быў!»

Калі ж удасца цару і вялікаму князю Івану Васілевічу такую пароду людзей у Айчыне нашай завесці, будуць яны і гасудароў па свайму рабскаму разуменню хацець, так што, калі й пашле нам Бог цара розумам светлага і дабрачыннага, не здолее ён ужо гэтага народа змяніць, а хутчэй сам народ яго на свой капыл пераробіць.

Пішуць пра гасудара летапісцы крывадушныя, што муж ён дзіўнага розуму, у навуцы кніжнай абазнаны і красамоўны вельмі. Але слёзы нявінных ахвяраў рыхтуюць ужо кару мучыцелю свайму. Загубленыя ім жывуць для Ўсявышняга на небе і ля прастола ягонага патрабуюць адплаты. Не будзе гасудару нашаму ні даравання, ні літасці на Страшным Судзе, чакаюць яго ў апраметнай саганы са смалою і агонь вечны.

Набліжаецца грамата мая, няраз слязьмі змочаная, да заканчэння, і хачу вам на адвітанне тое сказаць, што нікому болей даверыць не магу. Чуюся я, бацькі мае любыя і брат малодшы Глеб, як паміж двух агнёў: і тут заставацца ад нянавісці людзей полацкіх боязна, і ў Айчыну, якую гасудар крывёю залівае, вяртацца страшна. Таму малюся, каб не судзілі вы мяне сувора і за пераветніка не мелі, калі надумаю ў літоўскую старану падацца.

Ёсць на гэта і яшчэ адна прычына блізкая: узахвоціўся да мяне ні з пушчы ні з поля сын баярскі Мікалай Скапцоў з віном зялёным вечарамі заходзіць. Сядзіць да позняга і ўсё размову на Аляксея Фёдаравіча Адашава пераводзіць ды на князя Андрэя Міхайлавіча Курбскага і на гасудара без меры зласловіць. Вельмі мяне тыя размовы турбуюць, бо пачалі ўжо і ў нас, у месце Полацкім, людзі царскія служылыя прападаць, і часам здаецца ўначы, што і я нейкія крокі блізкія ды таемныя чую - ці то ліхі чалавек вакол дома ходзіць, ці то сама смерць. А паехаў я ўчора на чоўне самоў на смажаных жаб палавіць і вялікага страху нацярпеўся: зірнуў з чоўна, а там, пад вадою, пры беразе, сын баярскі Пятро Сівушын на поўны рост з каменем, да ног прывязаным, стаіць, і ў барадзе ў яго рыбіная малеча гуляе, а шчупакі ўжо твар пад'елі. Даруй, матухна мая, калі ўлякнуў цябе словамі гэтымі.

Так і жыву ў страху і грамату гэтую ад чужых вачэй у надзейным месцы перахоўваю, чакаючы, калі можна будзе яе з верным чалавекам пераслаць, і малюся, каб не трапіла яна да чужых рук, а як будзе на тое воля Божая, дык няхай лепей у рукі ворагаў нашых трапіць. І малюся за вас, любыя мае бацькі і брат Глеб, просячы Госпада даць вам жыццё доўгае і спакойнае, і сам у малітвах дух свой мацую і ад Усявышняга рады чакаю.

З тым і застаюся, сын і брат ваш Аляксей.

Пісана ў месце Полацкім лета 7073, а ад нараджэння Божага 1565 месяца ліпеня.

Госпаду Богу ў Тройцы адзінаму вечная слава!


1994?

Тэкст падаецца паводле выдання: Арлоў У. Пяць мужчын у леснічоўцы: Аповесці, апавяданні, эсэ. - Мінск: Мастацкая літаратура, 1994