epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Арлоў

Рыба і іншыя

Ёсць мільён спосабаў пачаць гэты аповед.

Я пачынаю яго так.

Уявіце гарадскую травеньскую раніцу з рэдзенькім туманам, што пахне чаромхаю і хімічнымі злучэннямі. У белай квецені на беразе ракі астатні раз усхліпвае ачмурэлы ад гэтых водараў салавей. Паблізу ягонага схову над аднапавярховымі мяшчанскімі мураванкамі канца мінулага стагоддзя падымаецца абшарпаны белы сабор з іржавымі купаламі, а трохі далей - былая кірха з чырвонае цэглы. Яшчэ вельмі рана, і на прыбярэжнай вуліцы можна ўбачыць хіба што ацеслівую постаць нявыспанага вудаля.

Калісьці па гэтай вуліцы прабягаў з вудаю малы Францішак Скарына. Умасціўшыся на цёплым, як чарэнь бацькавай печы, камені, ён пляваў на чарвяка або проста пляваў у ваду, задуменна гледзячы праз Дзвіну на кляштар бернардзінаў, дзе манахі вучылі яго лаціне. Калісьці недзе тут, перад выправаю ў вялікі свет па навуку, прыціскаў да плота дзяўчат безбароды хлапец, якога потым будуць з пашанотаю называць Сімяонам Полацкім.

Зрэшты, падлетак у зашмальцаваных штанах-дудачках і ў светлым курціку з невыразным партрэтам Джона Ленана, што брыдзе ў ранішняй смузе па пустэльнай вуліцы з зашчэпленымі нанач аканіцамі, не шукае сустрэчы з ценямі продкаў. Сёння ўначы ён не заснуў ні на волас з іншае прычыны. Ягоная рука, што сціскае сцізорык, ужо дрыжыць ад знямогі, а павекі ліпнуць на вочы, як мухі на жоўтую ліпучку ў школьнай сталоўцы, дзе ён аднойчы з'еў у заклад трыццаць пончыкаў, запіўшы іх васемнаццаццю шклянкамі брыдкага шэрага кісялю.

Малюючы гэты ранішні абразок, я прапусціў адну істотную дэталь. Увесь горад абклеены аб'явамі з паведамленнем, што заўтра тут адкрываецца чэмпіянат СССР. Хлапчук са сцізорыкам пачаў свой мудрагелісты маршрут апоўначы і, крадучыся ад аб'явы да аб'явы, абышоў ужо амаль усе вуліцы. У кожнай абвестцы пра чэмпіянат ён акуратна выразае дзве літары.

Нястомная начная праца прытупіла пільнасць, і хлапчук не заўважае, што яго ўжо даўно засеклі. Ён трапіў на вока міліцыі яшчэ каля помніка Леніну, які тады і ў страшным сне не мог прысніць, што здарыцца гадоў праз дваццаць з ягоным носам.

Прачытаўшы першую адрэдагаваную хлапчуком абвестку, двое міліцыянтаў шматзначна пераглянуліся і дазволілі юнаму правапарушальніку дзейнічаць далей. Яны былі ў гуморы: у краіне разгортвалася змаганне з п'янствам, і ўчора ўвечары начальнік гарадской міліцыі даверыў ім ганаровае заданне - завесці на расстрэл у задзвінскі лес два дзесяткі тутэйшых жлукталёў. Міліцыянты вырашылі браць злачынцу на гарачым тады, як «расстраляныя» дабрыдуць да горада. Да таго часу, па іхніх разліках, ён павінен быў ухадзіцца з усімі аб'явамі.

Калі рыбакі выцягнулі першага соннага курмеля, а з таго боку, дзе за ракой, над лесам, тырчэлі трубы мясцовага гіганта нафтахіміі, з'явіўся на мосце бязладны збой «расстраляных» п'янюгаў, у гэтую самую хвілю хлапчук са сцізорыкам бездапаможна таргануўся і павіс на руках у міліцыянтаў каля апошняй апрацаванай афішы. «Укусіш, сука, - урэжу па нырках, - на ўсякі выпадак незласліва сказаў сяржант. - Усё жыццё юшкай сцаць будзеш».

Праз колькі гадзін у адной з гарадскіх школаў быў скліканы агульны сход.

Герой мінулае ночы сядзеў на першым радзе побач з маладжавай кабетаю ў форме. Гэта была добра вядомая ў наваколлі інспектарка дзіцячага пакоя міліцыі Луіза Сцяпанаўна. Днямі яна выступала перад старшакласнікамі з лекцыяй аб прафілактыцы правапарушэнняў, і вучань дзевятага класа Валодзя Паповіч падняў руку і запытаўся, ці перадаецца трыпер праз пацалунак, за што быў неадкладна пастаўлены на міліцэйскі ўлік.

Цёплыя сонечныя промні падаюць на наглядную агітацыю з поснымі тварамі будаўнікоў камунізму. Па шэрагах піянераў і школьнікаў лётае туды-сюды навіна: «Рыбу павязлі». За што - ніхто яшчэ дакладна не ведае. Адны кажуць, што Рыба - а менавіта з такой мянушкаю ходзіць па зямлі начны ліхадзей - напісаў на помніку Леніну кароткае мацернае слова, другія гатовыя прысягнуць, што гэта ён на мінулым тыдні павесіў на таполі пад вокнамі дырэктарскага кабінета ката з прымацаванай да хваста абвесткаю: «Он помогал партизанам». Сам Рыба важыць носам табаку. Яго вялікая, стрыжаная пад канадку галава падае на грудзі. З курціка пазірае на залу пераведзены праз трафарэтку пеўневы профіль Д. Ленана. «Хто гэта такі?» - злавіўшы Рыбу на лесвіцы за вуха, запытаўся неяк дырэктар. «Ленан», - лаканічна адказаў Рыба. «Нешта ён на Ўладзіміра Ільіча не падобны», - засумняваўся дырэктар, але чалавек з пэўнай фантазіяй мог убачыць на выцвілым партрэце не тое што Леніна, а нават Мао Цзэ-дуна, і дырэктар адпусціў Рыбава вуха на волю.

Тым часам педагогам удаецца ўгамаваць залю, і ў дзвярах з'яўляецца дырэктар школы Івановіч.

У ягоных бацькоў было іншае прозвішча. Іншае прозвішча меў да нядаўняга часу і сам дырэктар, але пасля апошняе вайны на Блізкім Усходзе ён напісаў куды трэба заяву, што не хоча мець з агрэсіўнымі адзінакроўцамі анічога агульнага, нават імя.

Той, хто разглядаў заяву, літасціва дазволіў Кіпервасару зрабіцца Івановічам, а вось з імем атрымалася замінка. Магчыма, магутныя людзі, што накладалі на такія заявы рэзалюцыі, проста ўсёй сваёй асмяглай душою паважалі старога Ізю, які яшчэ летась наліваў каля рынку піва ў шчарбатыя кухлі і які ў далёкія дваццатыя назваў сына Абрамам. А магчыма, яны, гэтыя магутныя людзі, мудра разважылі, што ўчарашняга Кіпервасара небяспечна выпускаць у агульную сажалку з астатнімі Івановічамі, Івановымі ды Іваноўскімі, а таму трэба яго, так бы мовіць, акальцаваць, каб у патрэбны момант доўга не важдацца з сачком. Вось вам, маўляў, Івановіч, але - Абрам.

Абрам Ізрайлевіч ідзе па праходзе, трымаючыся за сэрца, і на хаду кідае завучу загадкавыя фразы: «Ну хоць бы чэмпіянат вобласці, ну рэспублікі... Але СССР...»

Напіўшыся нейкіх пігулак, дырэктар выходзіць на сцэну. Ягоны заўсёдны інстытуцкі ромбік на мышыным гарнітуры ад хвалявання перакасіўся. У руках у Абрама Ізрайлевіча скручаная ў трубку вялікая паперына. На высокім дырэктаравым ілбе, які неўпрыкмет пераходзіць у шыкоўны плех, застылі тры глыбокія зморшчыны, падобныя да трох чаек, што ўзлятаюць дакладна адна над адною.

- У мяне няма слоў, - пасля трагічна цяглай пярэрвы пачынае дырэктар.

Луіза Сцяпанаўна папраўляе фрызуру, торгае Рыбу за рукаў, і той няўцямна лыпае вачыма, як выцягнуты з дупла на сонца пугач.

- Слухай, зараза! - гучна шэпча інспектарка.

- У мяне няма слоў, - паўтарае Абрам Ізрайлевіч.

Але словы ў яго ўсё ж знаходзяцца.

- Сёння ноччу міліцыя арыштавала вучня нашай школы Рыбчынскага, - грасуючы, гаворыць дырэктар. - Яго ўзялі на месцы злачынства. Справа набывае палітычную афарбоўку.

Абрам Ізрайлевіч падымае таямнічую папяровую трубку да сіняга выгаленага падбароддзя і паволі разгортвае яе. Заля замірае. Чайкі на дырэктаравым ілбе журботна апускаюць крылы.

- Ну і што тут такога? - чуецца ў вусцішы здзіўлены галасок прымадонны школьнага драматычнага гуртка Нінкі Мароз.

Колькі наступных хвілінаў заля калоціцца ад дзікага рогату. Настаўнік фізкультуры Міхаіл Карпавіч Эпштэйн за вуха цягне да выхаду Валодзю Паповіча. У дзвярах вырастае школьны вартаўнік Харытонавіч, што за сталінскім часам працаваў кіроўцам на «варанку» і, кажуць, аднойчы назаўсёды завёз у НКВД уласнага бацьку.

На сцэне ўзвышаецца дырэктар. Цяпер ён нечым нагадвае бачаных па тэлевізары мурынаў-пікетчыкаў, якія за нешта змагаюцца каля Белага дома. У руках у Абрама Ізрайлевіча аб'ява:

ЧЕМПИОНАТ СССР ПО АКАДЕМИЧЕСКОЙ ГРЕБЛЕ

На месцы літар «Г» і «Р» у апошнім слове - вакенца, адкуль выглядае дырэктараў інстытуцкі ромбік.

Прымадонну Нінку, што выконвала на школьнай сцэне ролю Улі Громавай, доўга даводзілі пытаннем, ці ўдзельнічала яна ў чэмпіянаце СССР па гэтым самым акадэмічным відзе спорту. Можна толькі здагадвацца, наколькі пакутліва было чуць такое маціцова-ружовым вушкам са смарагдавымі кропелькамі завушніцаў.

Гэта яна, Нінка, была аўтаркаю славутага выслоўя: «Я буду належаць толькі свайму мужу».

Магчыма, на Нінчына маральнае аблічча наклала адбітак тое, што яна даводзілася дачкою начальніку гарадскога аддзела міліцыі. Таму самаму, што вынайшаў задзвінскія расстрэлы п'яніцаў.

Вынаходка была да геніяльнага простая. Падабраных на вуліцах і ў парку жлуктаў адразу сартавалі. Ляжачых везлі ў выцвярэзнік, а хадзячых збіралі на ўнутраным міліцэйскім падворку побач з клеткамі службовых сабак. Да п'яніцаў выходзіў Нінчын бацька.

- Што будзем рабіць, таварыш палкоўнік? - ківаючы на п'яны кантынгент, сурова пытаўся дзяжурны па аддзеле. - Можа, сабак спусцім?

Службовыя сабакі заходзіліся пры гэтых словах жудасным брэхам, а п'янюгі прыкметна цверазелі.

- Адставіць сабак!

На двары западала маўчанне, і ў ім ціхія стамлёныя словы начальніка міліцыі гучалі, быццам пісталетныя стрэлы.

- Расстраляць усіх на х..., каб не псавалі наш сацыялістычны горад.

Пасля гэтага небаракаў запіхвалі ў машыны, адвозілі на дзесятак кіламетраў ад горада і «расстрэльвалі» на лясной галявіне з пісталетаў халастымі патронамі. Міліцыя ад'язджала, а «расстраляныя», некаторыя з мокрымі штанамі, усю ноч валакліся па шашы дамоў. Скардзіцца на Мароза баяліся, але гісторыя неяк выплыла на свет, і Нінчынага бацьку адправілі вучыцца ў Маскву ў міліцэйскую акадэмію.

«Я буду належаць толькі свайму мужу», - чуў ад Нінкі кожны, хто асмельваўся нават на самыя бяскрыўдныя прапановы. Аднойчы ў дзесятым класе я, натхніўшыся яе даўгімі смуглявымі ножкамі, што раслі, здаецца, ад самых вушэй, і дзівоснай аксамітава-брунатнай радзімкаю памерам з капеечную манету на левай шчацэ, адолеў сваю прыродную сарамяжлівасць, падышоў да Нінкі на перапынку і з усмешкаю закаханага блазна выціснуў з сябе некалькі пакутлівых слоў, каб таксама пачуць пазбаўленае нават намёку на ўзаемнасць «Я буду належаць...». Можна падумаць, быццам я прапаноўваў ёй аддацца мне проста на школьнай парце ці ў гардэробе пасля заняткаў, а не схадзіць на вечаровы сеанс у кінатэатр «Космас», дзе я, паводле свайго адчайнага плана, меўся ўсяго толькі пакласці руку на яе нясцерпна круглае калена.

Памятаю, маё юначае пачуццё настолькі пахіснулася, што я паабяцаў гаспадыні цудоўных ножак напісаць на сцяне ейнага дома «Тут жыве Нінка, якая будзе належаць толькі свайму будучаму мужу», а ўнізе дадаць: «Але гэта мы яшчэ паглядзім».

 

Такі самы мемарыяльны надпіс можна было зрабіць і на нашым менскім студэнцкім інтэрнаце, бо там жыла Вера Кропелька. Апрача акуратных канспектаў, раскошнай касы, што спускалася да таго месца, дзе Верына спіна губляла сваё гордае найменне, і процьмы іншых станоўчых якасцяў у Веры таксама быў пункцік наконт таго, каму яна будзе належаць, прычым фармулёўка слова ў слова паўтарала Нінчыну, што давала падставы падазраваць абедзвюх у плагіяце.

Што сталася з жаночым credo Ніны Мароз, я скажу трохі пазней. А Вера Кропелька, дзякуючы яшчэ аднаму насельніку нашага інтэрната, трапіла ў неафіцыйную гісторыю роднага факультэта.

Гэтага насельніка звалі Юлік Канапацкі, і да чацвёртага курса ён пад дабратворным уплывам суседзяў па пакоі са стараннага студэнта, што глядзеў на выкладчыкаў, ловячы ротам мух, ператварыўся ў сваю процілегласць і почасту, уладкаваўшыся на самым версе аўдыторнага амфітэатра, проста на лекцыі высмоктваў праз саломінку пляшку, а то і дзве некалекцыйнага віна.

У тым слынным пакоі, дзе я прайграў у карты левы чаравік, які потым выкупляў за палову стыпендыі, вёў рэй Віця Кішко. Вельмі нават магчыма, што ён быў нашчадкам магутнага роду беларускіх магнатаў Кішкаў, якія выславіліся як каралеўскія кухмістры, гетманы, дыпламаты і мецэнаты.

Віця быў шчодра надзелены іншымі здольнасцямі. Прапанаваная кімсьці мянушка - Магнат - ад яго адразу ж адляпілася. І прычына, мабыць, хавалася не толькі ў тым, што Віця перакруціў фамільнае прозвішча на французскі капыл.

У той час у нас на гістарычным факультэце пачаў выходзіць самвыдавецкі літаратурны альманах «Мілавіца». Адзін з будучых светачаў айчыннай археалогіі змясціў у першым нумары верш:

 

З сівых часін мінуўшчыны былой,

З мясцін эгіпецкіх, з даліны Ніла,

Дайшлі да нас паданні пра чарніла,

Што пілі яшчэ чаркаю малой.

 

Гэта было сказана не пра Кішко.

Да капейкі прагайдамачыўшы за пару дзён тагачасную трыццацірублёвую стыпендыю, Віця яшчэ з дзень ляжаў на ложку, глядзеў у пыльную столь з павутою па кутах і стоена прыслухоўваўся да сваёй 90-кілаграмовай істоты. Тая ўсё больш прагна патрабавала есці. Віця спускаў з ложка ногі, надзяваў белую нейлонавую кашулю, абуваў чорныя лакіркі, завязваў выйграны ў карты гальштук і з галодным бляскам у вачах блукаў па інтэрнаце, просячы сала. «Пойдзе і жоўтае», - сціпла казаў атожылак магнацкага роду.

У нашым пакоі Віцю неяк пачаставалі пластачкаю сала са зробленым з газетнага фотаздымка выразным адбіткам Брэжнева. Нашчадак каралеўскіх кухмістраў паклаў сала з партрэтам на хлебную лусту і, не сашкрабаючы генсека, з годнасцю зжаваў, але замест дзякуя паабяцаў, што наступнага разу ўсіх закладзе і нам прышыюць палітыку.

Узяўшы шэфства над Канапацкім, Віця Кішко выхаваў вучня, што перасягнуў настаўніка - калі не ў чарнільных подзвігах, дзе існаваў парытэт, дык, прынамсі, у картах, бо Юліку ўдалося выйграць у Кішко абое ягоных штаноў. Адыграўшы адны штаны, Віця затаіўся і чакаў дня помсты.

Гэты дзень надышоў разам з днём стыпендыі, калі Юлік вярнуўся каля паўночы ў інтэрнат, відавочна не дабраўшы нормы.

- Ёсць гара? - запытаўся ён у Віці Кішко.

- Трымаем, - наструніўшыся, адказаў той.

Юлік выцягнуў з кішэні скамечаныя грошы.

- Схавай смецце, - з годнасцю, вартай сярэднявечных продкаў, прамовіў Віця і выставіў свае ўмовы: - Прабяжыш галяком да жаночага душа і назад - стаўлю тры фугасы.

- Не п....?

- Гадам буду! - Кішко абражана выцяў сябе кулаком у грудзі.

Юлік не вагаўся, адно папрасіў дазволу прыкрыцца ручніком. Інтэрнатаўскі ручнік быў не нашмат большы за фігавы лісток, прыкрыцца ім можна было толькі з аднаго боку, і Віця літасціва згадзіўся. Канапацкі, відавочна, разлічваў на тое, што ўжо позна і па калідоры другога паверха да жаночага душа можна прамчаць, нікога не сустрэўшы. Ён скінуў кашулю з порткамі і, застаўшыся ў плаўках, загадаў Віцю паказаць віно. Той паставіў на стол тры цёмна-зялёныя фугасы «Агдаму».

Юлік сцягнуў плаўкі і прымерыў ручнік, які, каб абкруціць вакол магутных Юлікавых клубоў, трэба было падоўжыць разы ў тры.

- Чакай, - зычліва спыніў Кішко, калі Канапацкі ўзяўся за дзвярную ручку. - Глыні для натхнення. - Ён пасунуў да Юліка адзін з фугасаў.

Пакуль Юлік здзіраў поліэтыленавы корак і каўтаў віно, падступны Віця віхурай праляцеў па калідоры, стукаючы ў дзверы і паведамляючы, што Канапацкі целяшом пабяжыць у жаночы душ.

Калі Юлік, трымаючы перад сабою ручнік, ступіў у калідор, той быў поўны. Падыходзілі людзі з іншых паверхаў. Да гонару Канапацкага, ён не разгубіўся. Набраўшы поўныя грудзі паветра, ён набычыўся і з дзікім крыкам: «Ну, кенты, бля, трымайце мяне!» рынуў наперад.

А сталася так, што ў душавым пакоі, куды пад улюлюканне гледачоў з тарпеднай хуткасцю імчаў Юлік, мылася якраз згаданая раней Вера Кропелька. Дакладней, не мылася, а ўжо надзявала на свае распараныя вабноты махровы халацік, каб адчыніць дзверы якраз у той момант, калі да іх на поўным разгоне, згубіўшы па дарозе выратавальны ручнік, падлятаў аматар «Агдаму».

У наступнае імгненне інтэрнат пачуў роспачнае Верчына верашчанне. Сказаць Юліку, што яна будзе належаць толькі мужу, Кропелька ўжо не паспела: закаціўшы пажаўцелыя ад жаху вочы, яна ціха аб'ехала па сцяне на брудны лінолеум.

Дзіўна, але пасля паўночнага забегу Канапацкага з інтэрната не выселілі. Яго ўратавала здабытая праз каханку-медсястру даведка, што пад час сесіі ён ператаміўся і часова з'ехаў з глузду.

Наогул забег пайшоў Юліку на карысць. На апошнім курсе ён здолеў зменшыць дозы і ажаніўся з дачкою прарэктара політэхнічнага інстытута. У выніку зрабіўся аспірантам, нешта абараніў і неўзабаве паўстаў перад намі ў іпастасі рэспектабельнага выкладчыка навуковага камунізму ў цесцевай ВНУ. Аднаго разу, калі сентыментальнасць у чарговы раз занесла мяне ў сцены аlma matеr, у калідоры я сустрэў Юліка ў сінім з іскрынкаю гарнітуры-тройцы. Паглядзеўшы на ягоны скураны дыпламат на замках з шыфрам, я міжволі адзначыў, што туды можна лёгка схаваць фугасаў шэсць «Агдаму». Маё бяскрыўднае пытанне наконт таго, калі, паводле ягонае навукі, мы пабудуем светлую будучыню чалавецтва, Юліку настолькі не спадабалася, што я сфармуляваў наступнае: ці прабегся б ён у чым маці нарадзіла па нашым пятым гістфакаўскім паверсе ад жаночай да мужчынскай прыбіральні за скрынку каньяку.

- Пайшоў ты на х... - прыцішана адрэзаў выкладчык навуковага камунізму...

Цяпер мне здаецца, што забег галяком да жаночага душа - неабходны этап у кар'еры любога выкладчыка навуковага камунізму. Такія подзвігі не мінаюцца марна.

 

Трэба сказаць, што жыццё ў Канапацкага пасля яго сустрэчы з распаранай Верай Кропелькай склалася значна больш удала, чым лёс Юлікавага суседа па пакоі Артура Завалішына пасля рандэву з выкладчыцай гісторыі сярэднявечча Русаковай.

Неяк у зімовую сесію Арцік здаваў ёй залік адным з апошніх. Маладая дацэнтка паглядзела на рослага бландзіна са значком першаразрадніка на штрыфелі, потым задуменна зірнула ў вакно, за якім гусцела бэзавае сутонне, і, распісаўшыся ў залікоўцы, папрасіла студэнта правесці яе дахаты, бо жыла ў слабаасветленым мікрараёне.

У слабаасветленым мікрараёне нядаўна разведзеная дацэнтка ўзяла Арціка пад руку і не адпусціла ўжо да самых дзвярэй кватэры, за якімі перад студэнтам узнік спачатку каньяк, а затым і выкладчыца - ужо ў нечым эфірна-празрыстым.

Другі акт здачы заліку прайшоў настолькі паспяхова, што Завалішын пачаў днямі не з'яўляцца ў інтэрнаце, насіць мадняцкія кашулі і курыць «Mаrlbоrо». На ўсе роспыты ён, як і было загадана, адказваў, што знаходзіцца на спартовых зборах.

Аднак шчаслівы ўдзельнік збораў, у якога ўжо ніколі не павінна было ўзнікнуць праблемаў з вывучэннем гісторыі сярэдніх вякоў, на жаль, не збярог свайго шчасця. Ён распіўся, пахваліўся сябрам спартовымі поспехамі і пачаў дазваляць сабе выказванні накшталт: «Пайду я сваю старушку трахну».

Зайздроснікі і зласліўцы зрабілі сваю справу. На экзамене ў дацэнта Русаковай Арцік адхапіў такі непахісны дваяк, што так і не здолеў пераздаць курс ні сваёй «старушке», ні камісіі, а таму апынуўся спярша на завочным аддзяленні, а потым і ўвогуле кудысьці запаветрыў.

Нядаўна адзін наш былы аднакурснік нібыта апазнаў Завалішына ў верхаводзе рэкеціраў, што адбіралі даляры ў суайчыннікаў на польскім баку мяжы. Калі гэта сапраўды быў колішні спецыяліст па гісторыі сярэднявечча, дык на сваёй слізкай сцежцы ён мае выдатную магчымасць раней ці пазней сустрэцца з падпалкоўнікам беларускай міліцыі Віктарам Кішко, які, па чутках, сваю другую зорку атрымаў за паспяховую барацьбу з тымі, хто напрыканцы васьмідзесятых размахваў на пляцах бел-чырвона-белымі сцягамі і змагаўся з навукаю, якую выкладаў Юлік Канапацкі.

Вера Кропелька, паводле адных звестак, выйшла пасля ўніверсітэта замуж за мадагаскарскага князя, а паводле іншых - за лепельскага сельгастэхніка. Будзьма спадзявацца, што ў кожным разе - ці то ў мадагаскарскім гамаку з матрацам са стравусавага пуху, гледзячы ў цёмнае, як дзёгаць, паўднёвае неба з чужымі сузор'ямі, ці то на мулкім лепельскім ложку вытворчасці сумеснай беларуска-габрэйскай фірмы з адраджэнскай назваю «Пагоня», з якога відаць толькі нізкая столь стандартнай блочнай кватэры, - Вера належыць выключна свайму мужу. Магчыма, пры гэтым яна настальгічна прыгадвае будучага (і ўжо былога) выкладчыка навуковага камунізму Юліка Канапацкага, што аднойчы як геній чыстага хараства ўзнік перад ёю на парозе ўбогага, аздобленага арабескамі цвілі інтэрнатаўскага душа. Магчыма, менавіта гэты ўспамін у цемры задушлівай мадагаскарскай ночы наймацней лучыць Веру з далёкай халоднай радзімаю.

Звесткі пра Ніну Мароз больш пэўныя. Яна стала жонкаю афіцэра-танкіста, якога закінулі выконваць інтэрнацыянальны абавязак у Афганістан.

Пра мужа мне расказала сама Ніна, калі мы сустрэліся ў горадзе нашага дзяцінства і зайшлі ў кавярню «Буслы». Я даведаўся, што муж два разы прыязджаў у адпачынак і прывёз цэлы склад афганскіх кажушкоў і японскай апаратуры, што ёй здаецца, быццам ён колецца наркотыкамі, спіць з афганкамі марксісцкай арыентацыі і хоча яе, Ніну, кінуць, а можа, проста хоча загінуць - падарвацца пасля карнай акцыі на міне або нырцануць у туманную горную цясніну на збітым верталёце.

Пасля кавярні мы слухалі прывезены з Афгана магнітафон, і неяк само сабой здарылася тое, што калісьці не ўдалося мне ў кінатэатры «Космас». Мая рука апынулася на цёплым і яшчэ не пастарэлым, у адрозненне ад твару, Нінчыным калене і лёгка слізганула вышэй.

- Я хачу на падлозе, - сказала, пазіраючы некуды ўбок, Ніна.

Мы любілі адно аднаго на мяккім, відаць, таксама трафейным варсістым дыване пад зялёным таршэрам. Яе вялікая радзімка на левай шчацэ калолася трыма падстрыжанымі валаскамі, яе рукі і ногі ўмела абдымалі мяне, а вусны шапталі не заслужаныя мною пяшчотныя словы. Да зялёнага круга таршэравага святла падышоў і спакойна назіраў за намі персідскі кот, а мой позірк зноў і зноў натыкаўся на пакінутыя танкістам пасля адпачынку крывыя нажы, і я не мог пазбыцца думкі, што якраз такімі нажамі дабівалі недзе пад Гератам майго найлепшага школьнага сябра Юрку.

Ад таго вечара, калі нам з Нінаю свяціў зялёны таршэр, заставалася гады два да той пары, калі скасавалі навуку Юліка Канапацкага, а правадыру працоўных, што стаяў каля нашай школы, нехта адбіў нос. Рыба ніякага дачынення да гэтага не меў, бо працаваў партыйным сакратаром у закрытым казахстанскім горадзе, адкуль нешта запускалі, і горка шкадаваў пра ідэалагічна грэшнае дзяцінства, што не дазваляла ісці ўгару хутчэй, чым атрымлівалася.

Што да носа Ўладзіміра Ільіча, дык яму зляпілі і прымацавалі новы, аднак у зімовыя маразы ён сам сабою адваліўся, што дало злым языкам магчымасць успомніць брыдкую правадырову хваробу. Урэшце гарадскія ўлады стварылі камісію, і тая выдала даведку пра нізкую эстэтычную каштоўнасць манумента. У экспертным акце фігуравала адметная фраза: «У памятника утрачен нос».

Карацей, ад Уладзіміра Ільіча, як за трыццаць гадоў да гэтага ад Іосіфа Вісарыёнавіча, што ўзвышаўся з другога боку школы, засталося адно ўтравелае ўзножжа.

А шкада, няхай бы правадыры стаялі.


1995

Тэкст падаецца паводле выдання: Арлоў У. Ордэн Белай Мышы: Аповесці, апавяданні. - Мінск: Мастацкая літаратура, 2003. - 301 с.