epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Арлоў

Тунэль зь Серабранкі ў Бэрлін

Бывайце, заходнебэрлінскія дворнікі! Калі б ты гаварыў па-нямецку, дык растлумачыў бы ім, што больш за ўсё на сьвеце яны падобныя да беларускіх акадэмікаў і членкараў і, пакінуўшы за дзьвярыма канфэрэнц-заляў свае мудрагелістыя прычындалы, маглі б сьмела займаць месца ў прэзыдыюмах.

Бывайце, белазубыя гандляры-туркі з пляцу каля Брандэнбурскае брамы з вашымі мэдалямі «За взятие Берлина» (вас можна было б таксама ўзнагароджваць імі, бо Бэрлін зь ягонымі 250 тысячамі малаазійцаў - трэці пасьля Стамбулу й Анкары турэцкі горад сьвету), са значкамі «Победитель соцсоревнования» й партабакамі з «Пагоняй» вытворчасьці Полацкага ліцейна-мэханічнага заводу па пяць марак за штуку.

Бывайце, бэрлінскія немкі! З кожным пражытым годам вы робіцеся толькі больш прывабныя, каб у старасьці кожная ператварылася ў прыгажуню.

Бывайце, бэрлінскія турчанкі! Карыстайцеся са свае смуглявае маладосьці, бо з вамі з кожным пражытым годам адбываецца штосьці адваротнае.

Бывайце, бэрлінскія мурынкі! Здаецца, вы (хіба што за выняткам адной радавой U.S.Armу) пакуль што ціхамірна йснуяце па-за эстэтычнымі крытэрыямі беларускіх мужчынаў.

Бывай, галоўка Нэфэрціці з Эгіпэцкага музэю! Адно тваё дасканалае вушка слухае дзесьці голас сахарскіх пяскоў, а ў ацалелае нехта асьцярожна шапянуў табе, што па менскіх вуліцах ходзіць жанчына з тваім профілем і, можа, калі-небудзь хтосьці таксама аблашчыць ейнае вушка цёплым дыханьнем і адкрые ёй яе таямніцу.

Бывайце, паважныя бэрлінскія панкі з кармінавымі, вохрыстымі ды індыгавымі грабянямі на голеных да люстранога бляску галовах, падобных да яек, зьнесеных ацтэцкімі пачварамі з Далемскага музэю, перад якім бялеюць на газонах чародкі шампінёнаў, а па-наску - пячурак.

Бывайце, бэрлінскія дзеці! Незалежна ад колеру скуры ў вас такія здаровыя й чыстыя твары, якія ў беларускіх дзяцей можна ўбачыць адно на фотаздымках пачатку стагодзьдзя.

Бывай, італійскі рэстаранчык, дзе гасьцінныя гаспадары Ульрых, Вольф і Свэн да адвалу нагадавалі цябе стронгай і мясам акулы.

Бывай, сталоўка бэрлінскага аддзяленьня пасольства Расейскай Фэдэрацыі, дзе цябе нагадавалі баршчом і сечаным шніцлем.

Бывайце, па-цыганску маляўнічыя жабракі й жлукты са станцыі мэтро Заалёгішэр гартэн! Ніхто не забароніць вам, абліваючы бароды, смактаць сваё віно й піва, цалавацца ўзасос бяз розьніцы полу й проста на вуліцы, пад нагамі ў мінакоў, здымаць хірургічныя швы з раны, атрыманай тут у п'янай бойцы.

Бывай, заходнебэрлінскі зьвярынец, пасьля якога хочацца наведаць усе зьвярынцы былога СССР з адной толькі мэтай - дапісаць на кожнай шыльдачцы з назваю жывёліны два словы: «дробны» й «брудны».

Бывайце, прычасаныя, быццам на прыём дыпляматычнага корпусу, арангутангі, гібоны й гамадрылы! Бывайце, фрывольныя макакі з мадняцкімі фрызурамі! Вашыя дзеці маглі б штодня адпраўляць сваім равесьнікам у СНГ гуманітарную дапамогу ў выглядзе некалькіх скрынак памаранчаў, ківі, манга й трускавак, якія ў нас бываюць у чэрвені, а ў бэрлінскім зьвярынцы - а восьмай раніцы.

Бывайце, бела-чырвона-сінія чыюкі памерамі з нашых буслоў! Вашая крыклівая валтузьня нагадвала б пасяджэньне парляманту суседняе дзяржавы, каб вы не дзяўблі двух жоўта-блакітных суродзічаў, што больш выдавала на дзяльбу Чарнаморскага флёту.

Бывайце, падобныя да некаторых клясыкаў нашае літаратуры сытыя мядзьведзі зь недаедзенымі паляндвіцамі на цёплых камянёх пры басэйнах з вадою, чысьціня якой не прысьніцца нашым вадаправодным кранам нават у самых празрыстых снох. Бывайце, акапі са зграбнымі дзявочымі попкамі, абцягнутымі ультрасучаснымі зебрастымі ласінамі. Бывайце, чапурыстыя жырафы зь недажаванымі гронямі залацістых бананаў.

Бывайце, бэрлінскія зьвяры! Ваш рацыён пакуль нам толькі сьніцца.

Бывай, падобны да маскоўскіх нэабальшавікоў усходнебэрлінскі маладзён з вачыма параноіка! Напэўна, ты й сёньня палохаеш пасажыраў падземкі сваімі істэрычнымі выгукамі, абяцаючы без чаргі расстраляць усіх буржуяў і паказваючы, як гэта будзе: «Та-та-та-та-та!» (Наконт без чаргі, дык у прынцыпе, усіх нас трэба абслугоўваць безь яе, бо ўсе мы - хто болей, хто меней - інваліды сацыялізму.)

Бывай, бэрлінская сьцяна! Цябе няма, але нават ня ведаючы, дзе твой нож упіваўся ў цела гораду, імгненна адчуваеш, у якім сэктары знаходзісься, бо з аднаго боку сьцяны пачуваесься ў значна палепшаным, але яшчэ ў сваім вымярэньні, а з другога - апаноўвае навязьлівае адчуваньне, што з гледача ты ператварыўся ў дзейную асобу тэлеперадачы пра сьвет, дзе, як пісаў яшчэ нядаўна сёй-той з нашых сучасных дэмакратаў, спраўляе свой баль жоўты д'ябал.

Бывайце, двухпавярховыя гарадзкія аўтобусы зь дзясяткам пасажыраў, ліфты для інвалідаў на станцыях электрычкі, у падземных пераходах і ўнівэрмагах, дармовыя музэі з эгіпэцкімі муміямі, палотнамі Босха, Брэйгеля й Кранаха, з графікай Дзюрэра й васковымі скульптурамі Леанарда! Бывайце, адмысловыя прыбіральні для нябогаў на калясках і сьціплыя прыгарадныя супэрмаркеты са сьвежымі персікамі, вінаградам, авакада й з пладамі, якіх вы ніколі ня бачылі нават на малюнках, а таксама яшчэ зь дзесяцьцю тысячамі найменьняў тавару, сярод якога трыста гатункаў цукерак і трыццаць - туалетнай паперы, у тым ліку з зайчыкамі й з паветранымі шарыкамі.

Бывай, ціхі зялёны куток у прадмесьці, дзе на мяжы капіталізму й сацыялізму абменьвалі шпіёнаў! Калі б цябе звазілі ў заходні сэктар у тваім піянэрскім дзяцінстве зь ягонымі хрушчоўскімі чэргамі па хлеб, ты, магчыма, таксама захацеў бы падацца ў шпіёны, каб цябе калі-небудзь абмянялі на нямецкага, а мо й на савецкага калегу.

Бывай, усходні сэктар! Дзе яшчэ можна было ўбачыць так блізка да зораў беларускага паэта Алеся Разанава, які спакусіў цябе на начны вылаз у былы разьвіты сацыялізм, а па дарозе да Аляксандар-пляцу ўбіўся ў нейкі камуністычны тупік з бруднымі калюжынамі і ў роспачы палез на ржавы жалезны плот, за якім шумеў ручай з зусім свойскім пахам. Дзе яшчэ вы вып'еце кухлік залатога хмелю ў піўбары, кельнэрам у якім служыць былы партбос гарадзкога ўзроўню, якога часам пазнаюць візытанты з Рэспублікі Беларусі, што калісьці пілі з партайгеносэ на партайбанкетах, а цяпер заложна аднаўляюць беларускую дзяржаўнасьць. Кажуць, сустрэўшы знаёмага, гер кельнэр не хавае вачэй, аднак ветліва папярэджвае, што доўга затрымлівацца каля аднаго століка яму забаронена.

Бывай, падобная да праваслаўнай царквы зялёнакупальная турма Маабіт, дзе сядзеў за Гітлерам татарскі паэта Муса Джаліль, а цяпер сядзіць шэф усходненямецкага міністэрства дзяржбясьпекі Эрых Мільке і дзе, як лічаць усе бэрлінцы, з кім ты пра гэта размаўляў, павінен сядзець геносэ Хонэкер. Ён хоча да дачкі ў Чылі, але ж гэта ён доўгімі гадамі не выпускаў твайго перакладчыка былога дысыдэнта Норбэрта Рандава да жонкі й малога сына ня ў Чылі, а ўсяго толькі з Бэрліну ў Бэрлін; не пускаў нават тады, калі ў жонкі згарэла кватэра, і, каб хоць колькі часу пабыць разам, сям'я мусіла паасобку зьбірацца ў Баўгарыі.

Бывайце, бэрлінскія каналы й самавітая Шпрэва! У вашых водах на вачох у спадара Рандава загінуў ад кулі хонэкераўскага памежніка заходнебэрлінскі будаўнік, які ў скварны дзень, каб трохі асьвяжыцца, даў з прыбярэжных рыштаваньняў зухаватага нырца, што ўсходненямецкае радыё праз паўгадзіны ўжо абвясьціла жудаснай правакацыяй рэваншыстаў.

Бывай, бэрлінская каналізацыя! Па тваіх трубах, пакуль іх таксама не перарэзала жалезная заслона, пайшоў у вольны сьвет сябар твайго спадарожніка й твой калега-літаратар; рукапіс ягонага раману дабіраўся іншым шляхам, каб дайшоў хоць адзін з двух.

Бывайце, фраў Эльке Эрб! Вы таксама пакаштавалі сацыялізму, а таму вам было трохі лягчэй перакладаць зь беларускай вэрсэт пра чужую зямлю, якая робіцца радзімай толькі тады, калі назаўсёды ляжаш у яе.

Бывай, возера Ванзэе з тваімі яхтамі, цеплаходам «Мобі Дык» і павай з Павінай выспы, якая выйшла па-павінаму пасварыцца на цябе, калі ты плыў на «Мобі Дыку» ў Патсдам, дзе ў Сан-Сусі ў атачэньні магілаў сваіх сабак спачывае кароль Фрыдрых II.

Бывай, падобная да невялікага замку віла Літаратурнага калёквіюму на прывазёрнай вуліцы, дзе ты ў сваім пакоі ў вежы побач з ружовым каштанам, куды штораніцы прылятала зязюля, спасьціг, што такое эўрапейская цішыня, пра якую сказаў у сваім скандальным «Тропіку Рака» «чалавек са сталёвым фаласам, зьедлівым розумам і неўтаймоўным свабодным сэрцам» - амэрыканскі пісьменьнік Генры Мілер.

Бывай, вуліца Зандвэрдэр, над якой, калі ты, пабуджаны зязюляю, упершыню выйшаў на ранішні шпацыр, быў разьліты кактэйль з пахаў бэзу, хваёвай смалы-жывіцы й гарачых булачак з карыцай. Бывай, падобная да адной з Кранахавых грацый наркаманка з плэерам і ціхім шчасьлівым сьмехам, што гучаў у гэтым вулічным кактэйлі, дадаючы ў яго свой струменьчык з водару невядомых духоў і салодкага жаночага поту.

Бывай, да болю родны і ўтульны «Запарожац» з усходнебэрлінскім нумарам, што прыткнуўся сярод усіх гэтых пачварных аўдзі, фордаў, таётаў, вольваў і мэрсэдэсаў жывым увасабленьнем перавагаў плянавае эканомікі.

Бывайце, мурашкі з Ванзэйскага парку! Гэтая зямля й вас надзяліла нямецкім характарам зь ягоным богам парадку, і вы пракладаеце свае сьцежкі не абы-дзе, а акурат па каменных бардзюрах ходнікаў, нібыта за ваш мурашыны крок управа, крок улева вас вокамгненна возьме ў абарот паліцыя.

Бывайце, бэрлінскія камары! Аднаго вечару вас наляцела столькі, што міжволі палезьлі ў голаў гісторыі пра гулагаўскія страты з дапамогаю сібірскае камарэчы - пагатоў змагацца з вамі, дзякуючы добраму францускаму кабэрнэ, ужо не было ніякае змогі, і заставалася адно зацкавана пазіраць на крылатыя эскадрыльлі, што злучаліся ў палкі й дывізіі. Невядома, дзе, хто й чым вас гадуе, але тады, калі вас набілася ў пакой, як савецкіх алкашоў у парфумэрную краму, куды прывезьлі «трайны» адэкалён, і калі рука асуджана націснула на выключальнік, вы ня кінуліся пікіраваць, як, зарабляючы ачкі на будучае расейскае віцэ-прэзыдэнцтва, пікіраваў на сваім бамбавозе на афганскія кішлакі вусаты «воін-інтэрнацыяналіст» Аляксандар Руцкой, а - мірна палеглі спаць да самае раніцы.

Бывай, сяржант з амэрыканскай базы на вуліцы Зандвэрдэр! Ганарлівыя мінакі-немцы адмовіліся выпіць з табою віскі, як вы, мусібыць, не захацелі б чокнуцца з налітым гарэлкаю па самыя вушы лейтэнантам-танкістам, які аднойчы на менскай вуліцы на пытаньне, ці прыняў ён прысягу на вернасьць Рэспубліцы Беларусі, папулярна растлумачыў вам, што «в гробу он видел вашу ё...ю Беларусь и вас, ё...х бульбашей-лапотников с ней вместе». (Тут, напэўна, трэба дадаць, што танкіст прасіў вас падкінуць яго ў Гомель і вы зь сябрам пасадзілі яго ў сябравы «Жыгулі» й па дарозе дахаты завезьлі пад Полацак, дзе ёсьць вёска, што таксама завецца Гомель, а там вытрасьлі свайго спадарожніка з машыны, падцягнулі да дарожнага ўказальніка, тыцнулі носам у назву й паехалі замольваць свой грэх у полацкую Сафію.) Аднак сяржантава база стаіць не на тваёй зямлі, сяржант ня лаецца на цябе трохпавярховымі мацюкамі й не абяцае зрабіць на сваім танку «капитальную утюжку» - «только попробуйте рыпнуться», а таму ў праграме дзён беларускае літаратуры ў Нямеччыне зьяўляецца незаплянаваная імпрэза са сьціплым антуражам у выглядзе двух крэслаў-раскладанак, пляшачкі віскі й дзьвюх плястыкавых чарак. (Дзеля беларускіх спэцслужбаў ты даеш урачыстую прысягу, што мурын Робэрт - або проста Бобі - з Луізіяны не спрабаваў завэрбаваць цябе ў агенты СІА, а ты сам неяк пасаромеўся набівацца.)

Дзяржаўныя таямніцы Рэспублікі Беларусі ўратавала тое, што ты пакутліва саромеесься свае ангельскае мовы.

Зрэшты, са сваім полацкім пранонсам ты досыць бойка паведаміў, што yоur nаmе is Uladzіа, што уou havе thе sіstеr аnd the mоthеr, but haven't the саr аnd thе tеlерhоnе. (Тут Робэртавы вусны ад вуха да вуха расплыліся ў недаверлівай жамчужнай усьмешцы, - маўляў, так не бывае.) Апрача таго, ты мог бы даволі ўпэўнена пагаварыць зь ім пра дзяцінства Валодзі Ўльлянава альбо адбарабаніць з паўсотні сказаў пра ўсталяваньне савецкае ўлады ў Закаўказьзі. Тэкст пра сімбірскага хлопчыка Вову, што так жорстка адпомсьціў за старэйшага брата, навечна, як цьвік у труну, умалаціла табе ў галаву школьная настаўніца Генрыета Залманаўна Бляхер, а артыкул пра перамогу бальшавікоў за Каўкаскім хрыбтом ты чатыры ўнівэрсытэцкія гады з сэмэстру ў сэмэстар здаваў ціхай вар'ятцы, якой патрэбныя былі спакой і пэнсія, але якая на сваё й вашае няшчасьце даводзілася сястрою прарэктару, і таму ты ўдасканальваў сваю ангельскую пад ейным кіраўніцтвам і, калі раптам зьбіваўся ў даўно вывучаным на памяць тэксьце, хор тваіх таварышаў - яны ведалі твой артыкул ня горш, чым ты іхні, бо здавалі «тысячы» па той самай мэтодзе - пачынаў суладна гудзець: «джорджыян меньшевікс... арменіян дашнакс... азербайджан мусавацістс...»

Бывай, бэрлінская аматарка беларускае літаратуры, што ў музэі Бэртальда Брэхта заклікала цябе з калегамі не ўчыняць у Беларусі татарскіх ды жыдоўскіх пагромаў і дазваляць расейцам адчыняць расейскія школы, не ўяўляючы, што апошні за паўсотні гадоў «пагром» быў у Беларусі пазалетась, калі аднае начы - «чтобы не рыпались» - у Менску паграмілі рэдакцыі беларускіх выданьняў.

Бывай, мілая фраў Хэдвіг Ноак, а па-наску Ядзьвіга, у менскім дзявоцтве - Рымашэўская! Вы, пэўна, глядзелі фільм «Начны парцье» й самі ведаеце, што вам выпаў лёс, шчасьлівейшы за лёс кінагераіні, якую гэтаксама пакахаў у канцлягеры нямецкі афіцэр - бо ваш афіцэр не дарыў вам на Каляды адрэзаных галоваў, а выратаваў вас зь лягеру і ўратаваўся ад суду за гэты ўчынак сам, зрабіў вас сваёй жонкаю й стаў бацькам вашага сына. Відаць, і цяпер, у лепшым сьвеце, ён цешыцца, што вам пасьля ўдаўства пашанцавала й на другога нямецкага мужа, які сам вычытаў у газэце абвестку аб прыезьдзе нейкіх там беларускіх пісьменьнікаў і за сотню кілямэтраў прывозіў вас на сваім «BMV» на кожную сустрэчу зь землякамі, а пасьля частаваў іх у рэстаранчыку, за сьцяной якога спачывае прах Гегеля й фіхтэ.

Бывай, Бэрлін! Немагчыма стаць тваім грамадзянінам таму, у каго ёсьць Полацак, Менск і Нясьвіж, але калі на Сьвіслачы раптам стрэліць якая-небудзь беларуская «Аўрора» і зноў гасьцінна расчыняцца ў сьветлую будучыню дзьверы бальшавіцкіх засьценкаў на вуліцах імя таварышаў Урыцкага й Валадарскага, хтосьці са спадкаемцаў крывавага Фэлікса зможа пачуць з пасінелых вуснаў аднаго зь вязьняў, што, апрача ўсіх іншых злачынстваў, гэты варожы элемэнт піў піва з канцлерам Колем, цалаваўся зь вясёлай наркаманкаю з вуліцы Зандвэрдэр і капаў тунэль зь Серабранкі ў Бэрлін.

 

Травень, 1992 г.


травень 1992

Тэкст падаецца паводле выдання: Арлоў У. Сланы Ганібала: Выбраныя эсэ. - Менск: Логвінаў, 2005