epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Дамашэвіч

Дарожная гісторыя

Спрэчка ў аўтобусе пачалася адразу, як толькі выехалі з Клецка, але большасць пасажыраў яе амаль не заўважылі, кожны быў заняты сваім: шукаў сваё месца, уладкоўваў сумкі, сеткі, клункі, якіх у кожнага пасажыра было болей, чым рук.

Ды і людзей набілася як завязаць: нядзеля, перадапошні рэйс у Мінск — хто ў госці, хто з гасцей, хто з якім клопатам. Тыя з пасажыраў, што селі бліжэй да сярэдзіны, паглядалі на маладую чорна-шэрую аўчарку, якую трымала за павадок хударлявая белавалосая жанчына, што сядзела побач з мажным дзядзькам з барвовым тварам, які адразу стаў кляваць носам. Сабака, няйначай, першы раз трапіў у такі тлум і палахліва павіскваў, туліўся да ног свае гаспадыні, а яна ўсё гладзіла яго і супакойвала.

На другім сядзенні злева па ходзе аўтобуса адразу селі дзве жанчыны: пажылая, невысокая і поўная, з сіваю галавою і маладая, рослая і прыгожая круглатварая жанчына з узбітымі валасамі.

Калі шафёр, высокі худы мужчына сярэдніх гадоў з невыразным і надта ўжо заклапочаным тварам падаў сігнал да адпраўкі, апошнімі ў аўтобус рынуліся курцы, якія на хаду кідалі свае цыгарэты, робячы апошнія глыбокія зацяжкі, а дым выпускалі ўжо ў дзвярах, стала яшчэ цясней. Тыя, што зайшлі, сталі рассаджвацца па сваіх месцах, зганяючы часовых гаспадароў. Якраз да тых дзвюх жанчын з другога сядзення злева і падышоў малады хлопец сярэдняга росту, шчуплаваты, з грыўкаю русых валасоў набок, у бардовай тэнісцы і шырокіх, расклёшаных знізу і завужаных зверху —-у абцяжку — штанах; з усмешачкай, якая не сыходзіла з яго твару ўвесь час, калі ён гаварыў.

Маладая жанчына сядзела ля акна, і якраз да яе звярнуўся хлопец. Білета ён не паказваў, ведаў, відаць, сваё месца, а жанчына, пэўна, таксама ведала, што яна села не на сваё. А можа, у іх было два білеты на адно месца: касір мог памыліцца, што нярэдка здараецца, і выпісаць два білеты, а пасажырам пасля разбірайся.

Яны пагаварылі хвілін колькі, жанчыны нехаця ўсталі, даючы месца хлопцу пры акне, і самі селі з ім побач — траіх на двух месцах: стаяць чатыры гадзіны ў дарозе не вельмі каму хацелася. Сеўшы, яны гаварылі яшчэ — хлопец са сваёй паблажліва-скептычнай усмешачкай, а жанчыны — як бы нешта выгаворваючы свайму суседу: сур’ёзна, павучальна, хоць гутарка, па ўсім відаць, мела мірны характар.

Так, ва ўсякім разе, здавалася пасажыру, што сядзеў трохі ззаду, бліжэй да сярэдзіны, справа. Гэта быў хударлявы, вышэй сярэдняга росту мужчына з зусім белымі валасамі, якія, аднак, былі густыя. Па аскетычным твары яго, а асабліва па вачах, можна было меркаваць, што на яго долю выпала нямала пакут, што гэта быў чалавек з цяжкім мінулым. З выгляду яму было гадоў пяцьдзесят, а мо трохі болей, значыць, на яго долю, на маладосць, прыйшлася вайна, а хто яе перажыў, той, за рэдкім выключэннем, прайшоў усе дзевяць кругоў пекла.

Так яно было і напраўду. Янка Мануйлік вырас у гэтых мясцінах, пры панскім польскім рэжыме быў камсамольцам-падпольшчыкам, яшчэ зусім юнаком, а пасля вызвалення яго ўзялі ў армію, якраз перад самай вайной. Служыў на Украіне, на заходняй граніцы, з цяжкімі баямі іх часць адступала, а пад Кіевам разам з многімі сябрамі і таварышамі ён трапіў у палон. Прайшоў праз голад і холад, некалькі разоў уцякаў, але няўдачна: зноў яго лавілі. Загналі ў Сілезію, працаваў на рудніках, пад зямлёй. Каб не прыродная, ад бацькоў, сіла і цягавітасць, не выжыў бы, не вынес бы ўсіх жахаў і пакут няволі, калі кавалак хлеба лічыўся самай вялікай каштоўнасцю, а чалавечае жыццё не ставілася ні ў грош. Вызвалілі яго нашы, ён зноў апрануў вайсковую форму і ваяваў, сцяўшы зубы, помсціў фашыстам за свае і чужыя крыўды. У апошні дзень вайны быў цяжка паранены і застаўся на валаску ад смерці — куля навылёт прабіла грудзі, прайшоўшы на палец ад сэрца.

Вярнуўшыся са шпіталя, працаваў старшынёй сельсавета, потым, каб не страціць апошняга здароўя, пайшоў вучыцца — скончыў двухгадовы настаўніцкі інстытут, а пасля, ужо завочна, закончыў і педінстытут, ужо больш як пятнаццаць год працуе настаўнікам...

Цяпер ён ехаў у Мінск — на спатканне са сваім таварышам па вайне, які выпадкова знайшоў яго, Мануйлікава, прозвішча ў апублікаваным у газеце спісе заслужаных настаўнікаў рэспублікі і запрасіў прыехаць у госці. Гэты сябра, Віткевіч, быў яго аднагодак, недзе родам з-пад Полацка, яны служылі ў адным аддзяленні, потым разам адступалі і разам трапілі ў палон, разам уцякалі. Разам пасля апынуліся і ў Сілезіі, пад зямлёй. У часе абвалу іх засыпала рудой, нямногіх выратавалі ваганеткі, але Віткевічу моцна пабіла галаву і руку, ён трапіў у шпіталь, а куды потым падзеўся — Мануйлік ужо не ведаў. І нават не падазраваў, што яго сябар жывы і здаровы, хоць часта яго ўспамінаў: гэта быў чалавек прамы, смелы і гарачы, як агонь, а такіх рэдкіх людзей Мануйлік любіў, але ведаў, што такім людзям заўсёды нялёгка, асабліва ў вайну: яны заўсёды гатовы лезці на ражон, а беражонага і бог беражэ. Але дзіва дзіўнае: гэты Віткевіч прайшоў усе агні і воды — і ўцалеў! Хто ён цяпер? Можа, вялікая шышка? У пісьме — ні слова пра сябе. Ну, гэта ў яго стылі...

Першы вялікі прыпынак, калі не лічыць вёскі Лань, зрабілі ў Нясвіжы. Некаторыя пасажыры сталі выходзіць з аўтобуса — пакурыць ці размяць ногі, а тыя, што стаялі ў праходзе,— каб не замінаць.

Мануйлік, перарваўшы свае думкі, міжволі глянуў на таго хлопца, што сядзеў ля акна побач з жанчынамі. Той таксама ўстаў, даючы гэтым зразумець сваім суседкам, што яго трэба выпусціць. Яны цярпліва ўсталі, далі яму дарогу і селі зноў.

Хлопец выйшаў і тут жа ля дзвярэй аўтобуса далучыўся да кампаніі мужчын — некалькіх маладых і аднаго сярэдняга веку, недзе пад пяцьдзесят, у белай тэнісцы, з дужымі загарэлымі рукамі. Гэта быў высокі, мажны насаты мужчына з высокім ілбом і залысінамі, якія рабілі верхнюю частку галавы яшчэ вышэйшай. «Прафесарскі лоб,— падумаў Мануйлік.— Хоць боб малаці».

Хлопец з усмешачкай закурыў, глыбока зацягнуўся некалькі разоў і пачаў нешта расказваць, звяртаючыся болей да лабатага, які ўстаўляў у гутарку кароткія, але, відаць, трапныя слоўцы, бо ўся кампанія гучна, на розныя галасы, рагатала.

У Нясвіжы рэдка хто садзіўся на клецкі аўтобус, тут быў свой, і гэты прыпынак здаваўся зусім лішні: праехалі ўсяго дваццаць кіламетраў, і ўжо шафёр бяжыць у станцыю са сваімі паперамі. Але часамі аднаго-двух, а то і болей пасажыраў прыхопіць з Нясвіжа, потым з Гарадзеі, а то нават і са Стоўбцаў, так што ў сам Мінск аўтобус ідзе напакаваны да адказу — як зачыніць дзверы. Камфорту ад гэтага, пэўна ж, не большае, але калі стаць на бок таго, хто папрасіўся ехаць— хоць на стаячае ці «вісячае» месца — то шафёру трэба дзякаваць, а не лаяць яго. Цяпер — век транзітных і ўсякіх іншых пасажыраў. І здаецца, каб раптоўна адмянілі ўсе цягнікі, аўтобусы і самалёты, людзі і дня не змаглі б праседзець на месцы і па інерцыі, пахапаўшы свае чамаданы і сумкі, пешкі кінуліся б кожны па сваім маршруце,— як тыя птушкі ў вырай і з выраю. О, цяперашняга чалавека хлебам не кармі, а дай яму паездзіць! А калі на тое, то ці вельмі многа ён сам, Мануйлік, наездзіў! Куды там! І туды трэба, і сюды трэба, і тое трэба купіць, і некага пабачыць — а ўсё няма калі, таму і адкладваеш да апошняга, пакуль ужо ніяк нельга цярпець. І тады толькі едзеш. Так, мусіць, і кожны чалавек. А каб жа было, што захацеў — і тут жа паехаў! Колькі тады трэба было б аўтобусаў, цягнікоў і самалётаў? Страх падумаць!

Тым часам паказаўся вадзіцель, за ім ніхто не спяшыў. Не, вунь бяжыць з вялізнаю чорнаю сумкай невысокі дзядзька: не стары яшчэ, але худы, аброслы чорным шчаціннем, буры да чарнаты ад загару, у новым картовым касцюме і ў кірзавых ботах — якраз на такую спякоту пахватны абутак.

Шафёр ледзь праціснуўся да свайго месца, ледзь зачыніў дзверы: дзядзька з сумкаю залез, як набрынялы шпунт у бочку. Пасажыры сталі тасавацца: хто займаў сваё «наседжанае» месца, хто лепей масціўся ў праходзе, каб было за што трымацца і дзе паставіць ногі, бо чамаданаў, сумак і сетак было настаўлена ўсюды, дзе можна і дзе нельга.

Зноў той хлопец стаў над душою ў жанчын: паказваў рукою на сваё месца ля акна. Старэйшая тут жа моўчкі ўстала, падалася ў праход, ледзь здабыўшы сабе некалькі сантыметраў плошчы. Затое маладая знарок не спяшалася. Яна нават са злосцю ў голасе сказала, што мог бы ён пасядзець і з краю, не зваліўся б. Хлопец не сагнаў з вуснаў свае ўсмешачкі аж датуль, пакуль жанчына ўрэшце не саступіла яму месца. Але цяпер спрэчка разгарэлася, хоць за шумам матора слоў цяжка было разабраць. Хлопец быў, па ўсім відаць, з моцнымі нервамі, ён не гарачыўся, не павышаў тону, нават не нападаў, а толькі адбіваўся — кароткімі рэплікамі, прыпраўленымі ўсё той жа ўсмешачкай. Усё ж яны праз колькі часу супакоіліся: хлопец гатоў быў, здавалася, весці дуэль, але маладая жанчына, расчырванеўшыся, замоўкла і сярдзіта адвярнулася ад хлопца. Старэйшая ў спрэчку не мяшалася, сказала мо ўсяго некалькі слоў, хоць, па ёй відаць, усёй душою яна стаяла на баку свае малодшае баявое суседкі. Ці яны былі чужыя, ці свае — цяжка сказаць, ва ўсякім разе, Мануйлік на іх тварах не знаходзіў рыс падабенства.

З Нясвіжа да Гарадзеі пачынаецца асфальт, аўтобус не так трасе, як па бруку ад Нясвіжа да Клецка.

Пасажыры трохі паспакайнелі, сталі заводзіць размовы, знаёміцца з суседзямі. У Мануйліка суседка злева, ад праходу, чытала нейкі рускі часопіс, здаецца, «Новый мир». Сам ён у дарозе чытаць не любіў — ад такога чытання псаваўся зрок, да таго ж трэба было вазіць з сабой акуляры. Ён любіў глядзець у акно і любавацца пейзажамі, якія яму ніколі не надакучалі, бо ніколі не былі аднастайныя. Нават па адной і той жа дарозе можна праехаць некалькі разоў і за кожным разам убачыць нешта новае і цікавае.

Але ад акна яго адарваў слабы каціны піск. Ужо некалькі разоў яму здавалася, што недзе блізка мяўкае кацяня, але ўсё не верыў вушам — адкуль яно тут можа ўзяцца? Але цяпер усё стала ясна: якраз перад ім, спераду, ехалі маладыя бацькі з хлопчыкам гадоў пяці, і ў таго, закручанае ў сінюю трыкатажную шапачку — ад касцюма, які быў на хлопчыку,— сядзела маленькае кацяня, што мо тыдзень, як стала бачыць. Хлопчык сядзеў на каленях у маткі, трымаў кацяня, закручанае ў шапачку, і хукаў на яго, саграваў сваім дыханнем, як маленькае птушаня, выкінутае з гнязда ў непагадзь.

Мануйлікава суседка таксама адарвалася ад часопіса, ён глядзеў на яе, паказваючы вачыма перад сабой. Яны ўсміхнуліся адно аднаму, і яна сказала ціха:

— У нас як той Ноеў каўчэг: усякай жыўнасці.

Мануйлік, кіўнуўшы, зазначыў:

— Яшчэ каб праверыў у таго дзядзькі, што заклінаваў дзверы, ці няма часам у яго парасяці?

— Як парасяці, а якая курка ці качка мо і не адна. Хоць і ўсмажаная...

— Лішні доказ таго, што горад не можа абысціся без вёскі...

Яны разгаварыліся. Суседка аказалася таксама настаўніцай, ехала ў Мінск да дачкі, якая год назад выйшла замуж, а зусім нядаўна стала маткаю. Ды радасць мацярынства трохі азмрочылася: нешта сталася з зубамі, усе выпалі. Трэба ставіць залатыя, а на гэта маці вязе немалыя грошы.

— Дваццаць гадоў дзеўцы — і без зубоў,— сумна гаварыла жанчына.— А мне сорак пяць — каб адзін выпаў. Што за людзі пайшлі?

Мануйлік чуў, што пры цяжарнасці ў жанчын часам выпадаюць зубы — арганізм дзіцяці забірае ў маткі кальцый,— але каб так, усе да аднаго — гэта дзіўна. Няўжо людзі пачынаюць слабець? А жывуць жа не горай, чым некалі, і работы намнога менш. Вось кабета вязе дачцэ якую тысячу рублёў. А каб раней? Хадзіла б яна бяззубаю, ці давялося б прадаваць бацькам апошнюю карову.

Слухаючы жанчыну, Мануйлік прыглядаўся цяпер да пасажыраў з хлопчыкам. У жанчыны светлыя валасы сабраны ў вялікую куклу, сукенка шоўковая ці якая, але бліскучая, яркая, блакітная, у вялікія кветкі — півоні. Мужчына — у шэрым касцюме, адразу відаць — мацак: плечы шырокія, тугія, як налітыя, аж, здаецца, разляціцца на іх пінжак. І шыя дужая, марацкая, хоць запрагай у ярмо — пацягне за двух валоў. Росту, здаецца, сярэдняга, галава вялікая, круглая, з русымі, пыльнага колеру валасамі. І відаць рукі: моцныя, мускулістыя далоні, пад кароткімі пазгногцямі — цёмныя абводы. Значыць, мае дачыненне да металу. На вялікім пальцы левай рукі пазногаць з кровападцёкам — след удару малатка ці нечага цвёрдага. Адным словам, рабочы чалавек. А можа, нават ІТР. З твару, калі павернецца да жонкі і хлопца — прыемны, нават прыгожы. І, здаецца, лагодны, як і большасць дужых людзей. Але потым Мануйлік убачыў і тое, што яму не спадабалася. Хлопчык сеў на калені да бацькі, ўсё так жа тулячы да сябе сваё кацянятка, а бацька стаў нешта шаптаць яму на вуха, па ўсім відаць, непрыемнае, бо хлопчык рэзка адварочваўся ад бацькі, а потым перадаў кацяня маці і са злосцю схапіў бацьку за кароткія валасы, тузануў раз і другі. Бацька, як бы адчуваючы сваю віну за сказанае, толькі пасмейваўся, не спрабуючы нават абараняцца. Калі ж хлопчык супакоіўся, ён, абняўшы і прытуліўшы дзіця да сябе, зноў нешта зашаптаў яму на вуха, ад чаго хлопчык пачаў тузацца і вырывацца з бацькавых рук.

І дзіўна было тое, што маці, якая сядзела побач і ўсё гэта чула і бачыла, не абазвалася і словам, нібы яе тут і не было.

Злева за вокнамі аўтобуса праплыў ільнозавод, стаялі вялізныя скірды шэрай трасты, а дрот на тэлеграфных слупах быў увесь абвешаны пакуллем, якое тут вісела ў паветры і паволі асядала. І гэтае пакулле, прыбітае дажджамі, але не змытае з дроту, звісала на ніз доўгімі кроплямі-ледзяшамі, а там, дзе гэты налёт быў гусцейшы, выдавала, што на дроце густа расселіся ластаўкі. І яшчэ гэта відовішча заўсёды выклікала ў Мануйліка адну асацыяцыю: нібы ён бачыў перад сабою нотны стан, а на ім — нотныя знакі. Нібы гэта была запісана нейкая цікавая мелодыя, якую трэба было б расшыфраваць, але аўтобус імчаў далей — і ўсё прападала.

Паказаліся ўрэшце домікі Гарадзеі, невялічкай чыгуначнай станцыі, праз якую раней Мануйліку даводзілася часта праязджаць, калі быў студэнтам-завочнікам у Мінску. Аўтобусаў тады яшчэ не было, ездзілі на прыгарадных цягніках: спачатку з Клецка да Баранавіч, а ўжо адтуль, праз гэтую вось Гарадзею, якую ўсе тут называюць Гародзей, на Стоўбцы, а потым — на Мінск. Тая дарога займала ў Мануйліка нешта болей, як дванаццаць гадзін. А цяпер — у тры разы хутчэй. І танней таксама.

Аўтобус, спусціўшыся з вуліцы ўніз, падкаціў да аўтавакзала, які з другога, процілеглага боку, быў і чыгуначным вакзалам. Шафёр са сваёю папкай пабег адзначацца, а пасажыры, ужо больш, чым у Нясвіжы, пачалі выходзіць на вольнае паветра.

І тут зноў усчалася сварка — як агонь, які сабраў сілу і вось прабіўся наверх. Не абышлося нават без абразлівых слоў. Да хлопца далучылася некалькі мужчын — той, інтэлігентнага выгляду, «прафесар», і малады хлопец у светлым касцюме з прыколатай да штрыфеля пінжака белаю стужкай са штучнаю галінкаю і кветкай — адзнакай шаферства. Няйначай, уся кампанія ехала з вяселля — вось чаму і былі яны такія вясёлыя і гарластыя.

Мануйлік, як і яго суседка, не выходзіў з аўтобуса, для яго якая гадзіна дарогі нічога не значыла, да таго ж ён не курыў. І ў спрэчку ўлазіць не хацеў, бо не ведаў, з-за чаго пачалося і хто больш вінаваты. Яму не спадабаўся занадта рэзкі тон жанчыны, якая хацела аспрэчыць трох мужчын, а тыя, няйначай, толькі і шукалі прычэпкі, каб пазубаскаліць, паказаць на людзях сваю дасціпнасць і хлёстка збіць у слоўным паядынку гэтую гарачую кабету.

Мануйлік і яго суседка толькі пераглядваліся: абоім было няёмка слухаць, як гэтыя людзі, такія прыстойныя і культурныя з выгляду, так недарэчы рэзка і груба рвуць сабе нервы.

З папкаю ад вакзала подбегам спяшаўся шафёр.

— Можа, сказаць шафёру, каб ён іх памірыў? — спытала жанчына-суседка ў Мануйліка.— Як-ніяк, ён тут гаспадар.

Мануйлік безнадзейна махнуў рукою.

— Па-мойму, ён усё чуў і бачыў, але яго гэта не цікавіць... Дазвольце мне сесці з краю,— папрасіў ён суседку. Урэшце, каб уладзіць канфлікт, ён наважыўся пасадзіць тую жанчыну на сваё месца ці нават хлопца, які цяпер, калі ўжо дайшло да абразы, невядома, ці саступіць жанчыне.

Яны памяняліся месцамі. У аўтобус, услед за шафёрам, заходзілі ўсе пасажыры.

— Не хацеў бы я быць тваім мужам,— гучна на ўвесь аўтобус сказаў лабаты «прафесар», ідучы цераз аднаго чалавека ўслед за жанчынай, з-за якой усё пачалося.— Не, ні за якія грошыкі!

— О, я з цябе хоць чалавека зрабіла б,— не думала здавацца жанчына,— а то з выгляду толькі культурны.

— Ты маёй культуры не чапай! — пагразіў «прафесар».

Тут на яго зашыкала жонка, мажная маладжавая жанчына ў крымпленавай белай кофце; жанчына сядзела ля акна і не выходзіла з аўтобуса.

— Ціха ты, супакойся, у цябе ж ціск.— І пацягнула яго за руку. Яна трымала на каленях яго пінжак: далікатна, як дарагую ношу.— З-за нейкае там...— яна перайшла на шэпт.

— Не лезь не ў сваё,— абрэзаў яе муж, і яна пакорліва замоўкла, стала глядзець у акно.

Ён гаварыў гучна, не саромеўся нікога — відаць, лічыў, што ён тут самая важная фігура.

І раптам сярод гэтага шуму-гаму пачулася звонкая, на ўвесь аўтобус, аплявуха.

Мануйлік толькі паспеў заўважыць, як хлопец са стужкаю на штрыфелі пінжака адхапіў руку ад таліі той бойкай жанчыны і схапіўся за шчаку. А яна, расчырванелая, пераможна ўзняўшы галаву, прапускала на месца таго хлопца, што сядзеў ля яе пры акне і гаварыла :

— Мала таго, што языкі параспускалі, як пугі, дык яшчэ і рукі! А як жа, буду я вам цярпець, чакайце!

Хлопец са стужкаю, вінавата ўсміхаючыся і моўчкі расціраючы шчаку, пайшоў па праходзе да свайго месца ззаду аўтобуса.

Першая хвіліна замяшання прайшла, усе чакалі, што будзе далей: гэтым не магло скончыцца. А можа, ўсё і абышлося б ціха, але тут узарваўся «прафесар». Ён грымнуў на ўвесь голас, нібы аб’яўляючы аб канцы свету:

— Ды як яна смее?! Вася, дай ёй у морду! Ты мужчына ці баба ў штанах?

Усе павярнулі галовы на Васю. Але хлопец, трэба аддаць яму справядлівасць, не паслухаў свайго старэйшага таварыша, а ціха сеў на сваё месца і сціпла маўчаў.

Тады «прафесар» усхапіўся на ногі.

— Тады я сам...— І зрабіў некалькі крокаў па праходзе.

І тут ужо ўстаў, перагарадзіўшы яму дарогу, Мануйлік.

— Вы што, звар’яцелі? — І чамусьці крыкнуў да шафёра, які збіраўся заводзіць машыну: — Вадзіцель, супакойце гэтага грубіяна, інакш яму будзе кепска!..

Шафёр нават не адазваўся, робячы выгляд, што не чуе і што заняты сваімі справамі.

А «прафесар», спачатку ашаломлены, зноў кінуўся ў наступ:

— Што? Ты мне пагражаеш? Ах, ты...

І ён ужо, няйначай, збіраўся ўдарыць, як жонка зноў учапілася яму ў руку і сілай пасадзіла на месца.

Але ён ужо завёўся, злосць знайшла другое рэчышча. Ён груба адкінуў жонку, ускочыў на ногі і стаў супроць Мануйліка, цяжка дыхаючы і абдаючы яго густым перагарам.

— Сыдзі з дарогі!

— Па-першае, прашу не тыкаць,— рашуча, але спакойна сказаў Мануйлік.— Па-другое, зрабіце яшчэ крок — і вы не ўбачыце больш свае жонкі.

«Прафесар» істэрычна зарагатаў.

— Ха, ён мне пагражае! Ды ты ведаеш, хто я? Я — былы разведчык, і ніхто з маіх рук ні разу не выкруціўся, павер мне!

— Не веру! — рэзка адказаў Мануйлік.— Відаць, і на вайне вы ваявалі толькі з жанчынамі, інакш сёння не ганьбілі б ганаровага звання ветэрана.

— Што? Ды як ты смееш! Тылавая моль...

— Я вам сказаў: не тыкаць!.. А дзе я быў...

Што было б яшчэ праз секунду, цяжка сказаць, але тут паміж імі, раз’ятранымі мужчынамі, стала раптам жанчына, Мануйлікава суседка, і сказала спакойна, з дакорам у голасе:

— Мужчыны, як вам не сорамна! Што вам трэба? Чаго вы не падзялілі?

Яна не прыняла ні аднаго боку, і гэта было — у такой сітуацыі — вельмі лагічна: адразу збіла полымя. Яна злёгку адпіхнула Мануйліка назад, адціснула «прафесара» да яго месца, нават пасадзіла побач з жонкай, а ён усё яшчэ нават не раскрыў рота і не зрабіў ніводнага руху, каб супраціўляцца. Тут, няйначай, дзейнічаў, як заўсёды, эфект нечаканасці. А мо «прафесар» нават узрадаваўся, што ёсць шанц з гонарам адступіць? Як бы там ні было, а мужчыны, два галоўныя завадатары, селі на свае месцы.

Ніхто, відаць, нават не заўважыў, што аўтобус іх плаўна каціўся ў кірунку да шашы Баранавічы — Стоўбцы...

Але на гэтым спрэчка не скончылася, хоць яна ўжо была амаль што мірнай. Кідалі рэплікі абодва бакі, але ўжо без ранейшага запалу. Нечакана падаў голас мацак з шырокімі плячыма, што сядзеў перад Мануйлікам.

— Ды каб мне жонка заехала па вуху, то я не ведаю, што з ёю зрабіў бы...

І яшчэ нешта бубніў — ужо было не разабраць. А жонка сядзела побач і зноў не абазвалася.

«Прафесар» таксама яшчэ не здаваўся.

Уставіў свае тры грошы і таўсцяк, што ехаў з жанчынаю, якая вязла аўчарку. Ён прабубніў пад нос:

— Хай таго бычка ваўкі з’ядуць, якога цялушачкі б’юць.

Толькі ён так сказаў, як жонка таўхнула яго пад бок і мірна, але даволі грозна сказала:

— От маўчы лепей. Знайшоўся мудрэц! Усе вы з бабамі смелыя. Таму і парадку мала на зямлі. Лічыце, што абы сіла...

«Маладзец, цётка! — падумаў Мануйлік.— Урэж ты гэтым ваякам».

У часе спрэчкі ў аўтобусе рэдка хто адзываўся, усе слухалі, на чый бок пераважыць, і дадавалі часам якое нейтральнае слова. А большасць увогуле маўчала. Што думалі людзі пра ўсю гэтую гісторыю і на чыім баку былі — цяжка сказаць.

Маўчалі чамусьці і тыя, з-за каго разгарэўся ўвесь бор: хлопец пазіраў у акно, жанчына ўпарта глядзела перад сабою: моўчкі і нерухома, крыху бокам, бо не хапала месца, сядзела пажылая жанчына.

Пакрысе аўтобус аціх і неўпрыкмет разбіўся на астраўкі — кожны ў сваім суседскім коле гаварыў нешта сваё.

— Ведаеце, калі матрыярхат замянілі патрыярхатам? — спытала ў Мануйліка яго суседка.— Не тады, як мужчыны адчулі сваю сілу, а тады, калі страцілі нешта большае.

— Што вы маеце на ўвазе? — не адразу ўцяміў Мануйлік.

— А тое, пра што сказала цётка з сабакам...

Яны надоўга замоўклі. Думкі ў Мануйліка былі невясёлыя. «Вось палюбуйся, настаўнік, якая моладзь выходзіць з тваіх рук. Гэтыя два маладыя хлопцы, з-за якіх сёння ўсё пачалося, якраз твае вучні. Чаму ж яны выйшлі такія неачэсаныя, недапечаныя? Хто вінаваты? Ты сам ці вось такія твае аднагодкі, ветэраны, як гэты «прафесар», які выхавае сваіх дзяцей да сябе падобных, які ўжо з жонкі зрабіў пакорлівую істоту, што не мае права голасу, а толькі служыць яму. Які яшчэ нямала сапсуе маладых крохкіх душ, што будуць браць з яго прыклад, як са старэйшага, бывалага чалавека, ветэрана-разведчыка. Няўжо той стары лад-уклад, які быў тут больш як трыццаць гадоў назад, так глыбока пусціў карэнні, што яны даюць яшчэ такія пышныя парасткі?»

Мануйлік не заўважыў, як звярнулі на магістраль Баранавічы — Стоўбцы і аўтобус імчаў, як птушка, мякка і плаўна. З горкі вадзіцель выключаў матор, чуваць было толькі шыпенне шынаў і лёгкі свіст паветра, якое абцякала аўтобус і ўрывалася ў адчыненыя вокны. Але нечакана машына, даехаўшы да канца спуску, замарудзіла ход, вільнула на ўзбочыну і стала: нешта не ўключаўся матор. Вадзіцель узяў ручку і доўга круціў яе, аж калаціўся аўтобус, а матор быў мёртвы. Людзі сталі выходзіць з аўтобуса, некалькі хлопцаў узяліся памагаць шафёру, але ўсё было дарэмна. Тады шафёр зноў прайшоў у сваю кабіну, узяў набор інструментаў і, ні слова не сказаўшы пасажырам, пайшоў да маторнага аддзялення.

— Відаць, што спыніўся надоўга,— сказаў Мануйлік да суседкі.— Давайце выйдзем.

Яна згадзілася, устала і абцягнула вузкую цёмную спадніцу, паклала часопіс на сядзенне. Жанчыне на выгляд было менш, чым сорак пяць, і была яна даволі прывабная і стройная фігурай — толькі цяпер яе добра разгледзеў Мануйлік.

Шафёр ужо ляжаў пад маторам, нешта там бразгаў ключамі. Яму памагалі, спрачаліся між сабою хлопцы, па ўсім відаць, добрыя знаўцы машыны.

Мануйлік з суседкай накіраваўся да прысадаў, у цень.

— Скажыце ўрэшце, як вас зваць? — звярнуўся ён да яе.— А то еду з вамі побач дзве гадзіны, гаворым, і не ведаю, з кім.

— Хіба так важна, як мяне зваць? — яна ўсміхнулася.— Дзеці завуць Марыя Пятроўна. А так — Мар’я, Маня, Маруся — як хочаце завіце. У Беларусі — усе Марусі.

— Вельмі добрае імя. Маю маці звалі Марыяй... А мяне завуць Іван, нават Іванавіч. А жонка заве Янка, Ясь...

— А прозвішча ваша — Мануйлік,— працягвала ў тон яму Марыя Пятроўна.

Мануйлік акругліў вочы.

— Вось не чакаў, што вы мяне ведаеце! Адкуль?

— А што тут дзіўнага? Колькі разоў бываем у райана, на розных канферэнцыях — вось і заўважыла вас, ужо даўно...

— Дзіўна, дзіўна... Чаго ж гэта? Чым я кінуўся вам у вочы?

— Нечым жа кінуліся... А больш тым, што мужчын мала сярод настаўнікаў, вось і глядзіш, што за ён, адкуль, чаго варты? А потым мы, жанчыны, перабяром вас па костачках, усё перагаворым, усё зложым у адно — поўны ўнутраны і знешні партрэт-характарыстыка.

— Не ведаў,— шчыра дзівіўся Мануйлік,— што мая персона вам так вядома.

— Як жа, заслужаны настаўнік, прыклад для астатніх... Добры муж, бацька,— трохі жартаўліва-ўзнёсла гаварыла Марыя Пятроўна.

— Глупства ўсё гэта,— сумна адказаў Мануйлік.— Ніколі не ведаеш, каго гадуеш, каго выхоўваеш. Я вось думаў цяпер, што з выхаваннем у нас не ўсё гладка. Пагалоўная сярэдняя адукацыя, вялікія лічбы, а ў людзей, асабліва ў маладых, якія толькі што са школы ці нават з інстытута, няма элементарных ведаў этыкі, няма культуры. Няўжо мы працуем дарэмна, няўжо сеем на камені?

— О, вы песіміст, таварыш Мануйлік, я нават не падазравала. І гіпербаліст, як Гогаль. Не ўсё так страшна, як вы распісалі.

— Можа быць... Але гэты выпадак пахіснуў маю веру ў новага маладога чалавека...

— Чаму вы так баіцёся за маладога? Якраз нічога страшнага я тут не бачу. Хлопцы — адзін і другі — якраз паводзілі сябе не так ужо і груба. Ну, трошкі вышлі за рамкі прыстойнасці. А вось ваш брат... ваш брат-ветэран паказаў сябе не з лепшага боку.

— А ваша сястра? — спытаў Мануйлік з усмешкай.

Марыя Пятроўна на момант задумалася:

— А што, хто баіцца запыліцца, той пылу не выб’е.— І перайшла на другое: —Здаецца, ці не збіраюцца ехаць? Каб не адстаць, чаго добрага.

— Не бойцеся, ад нас не ўцякуць. Я пайду гляну.

Чаго яна яго супакойвае? Няўжо яна і напраўду тое думае, што гаворыць?

Мануйлік падышоў да аўтобуса. Пошукі яшчэ нічога не далі. Шафёр лаяўся пад маторам — аказваецца, у яго прарэзаўся язык, ёсць мова.

— Каб таму розум у задняе месца перасадзілі, хто прыдумаў ставіць матор ззаду, а не спераду,— бубніў шафёр пад машынаю, а хлопцы-памочнікі з закасанымі рукавамі і ўжо добра выпацканыя мазутай, рагаталі.

Цётка з сабакам і салідны яе муж сядзелі збоку на траве. Цётка з капронавай місачкі паіла сабаку вадою, ён прагна хлябтаў.

«Прафесар» у белай тэнісцы з паўнацелаю жонкай сядзелі ў цяньку пад таполяй. Побач круціліся іх маладыя сябры, той, з белаю стужкай, высокі, і меншы за яго, з усмешачкай і з папяросай у зубах. Яны нешта гаварылі і рагаталі.

Большасць пасажыраў цярпліва сядзела ў душным аўтобусе. Сядзелі, сцішыўшыся, і тыя дзве жанчыны, якім цяпер было прасторна і ніхто не замінаў.

Міма імчалі машыны — грузавікі, легкавыя, аўтобусы. Некаторыя з пасажыраў, самыя нецярплівыя, ужо збіраліся перасесці на якую спадарожную — хоць бы дабрацца да Стоўбцаў, а там можна, на горшы выпадак, хоць на прыгарадным цягніку.

Неўзабаве спыніўся слонімскі «Ікарус», шафёр трохі пагаварыў з іх няўдалым вадзіцелем, які так і не вылазіў з-пад матора, і сам сказаў, што можа ўзяць некалькі чалавек на свой аўтобус. Селі самыя настырныя: «прафесар» са сваёй кампаніяй, здаравяк з хлопчыкам і кацянём і яшчэ некалькі чалавек.

Падышла Марыя Пятроўна.

— Можа, і мы паедзем? — спытала няўпэўнена.

— Пачакаем, куды спяшыць? Там і так цесна.

Чамусьці Мануйлік быў упэўнены, што паломка ў маторы нязначная і што яны хутка паедуць. Яны прайшліся па траве сюды-туды, ціха размаўляючы, потым збіраліся ўжо зноў сесці ў цень, як ад аўтобуса даляцелі радасныя крыкі: хлопцы крычалі, што няспраўнасць знайшлася. Аказалася, абарваўся провад ад магнета, вось чаму не працавала запальванне. Хутка провад шафёр злучыў, хлопцы на пераменку ўзяліся за ручку, доўга круцілі, і, на вялікую радасць пасажыраў, завялі матор.

Шафёр, усё такі ж пануры і негаваркі, сабраў свой інструмент, зачыніў капот матора, скінуў свой брудны рабочы халат і стаў мыць рукі бензінам. Пасажыры стоўпіліся ля дзвярэй, з нецярпеннем чакалі адпраўкі.

Жанчына з сабакам стаяла тут жа. Сабака, напяўшы павадок, тузануўся і тыцнуўся носам у руку Марыі Пятроўне. Тая ад нечаканасці ўскрыкнула.

— Не палохайцеся, гэта ён хоча лашчыцца.— І памаўчаўшы, дадала: — Не бойцеся сабакі, бойцеся ліхога чалавека.

У гэты час шафёр даў сігнал да адпраўкі.

У аўтобусе было прасторна, неяк нават пасвятлела. Скончылася тая прыгнечанасць і скаванасць, якая панавала дагэтуль: аказваецца, «прафесар» са сваёй кампаніяй наганяў страх на гэтых людзей, а яны заўсёды тут лічыліся з сілай: супроць яе не папрэш. Цяпер Мануйлік зразумеў іх маўчанне, якое яшчэ нічуць не азначала, што яны былі згодны з «поглядамі» «прафесара». Людзі гаварылі цяпер вольна, без аглядкі выказвалі свае думкі-меркаванні,— адным словам, былі самі сабой.

Ля моста праз Нёман шафёр спыніўся і набраў вядро вады, заліў у радыятар.

У Стоўбцах прастаялі нядоўга, шафёр толькі адзначыўся, узяў некалькі пасажыраў і пагнаў свой «ЛАЗ» на ўвесь дух: ён выбіваўся з графіка і хацеў нагнаць страчаны час.

Далей усё было проста. Толькі адна нечаканасць спасцігла яшчэ Мануйліка ў канцы маршруту, у Мінску. Пасажыры дружна выходзілі з аўтобуса, развітваліся між сабою, а шафёру ніхто не сказаў нават дзякуй, нібы яго тут і не было. Мануйліку карцела адчытаць яго за «неўмяшанне», але ён не хацеў быць разумнейшы за ўсіх. Мо і сам чалавек што-небудзь зразумее з сённяшняга рэйса. А не — хай будзе цёмны да смерці, д’ябал яго бяры! Чалавека не пераробіш за адзін раз: за адзін раз можна толькі зламаць.

Мануйлік выйшаў першы, несучы ў адной руцэ свой пакоўны партфель, а ў другой — даволі цяжкую сумку Марыі Пятроўны. Ён збіраўся завясці яе да аўтобуснага прыпынку, а сам хацеў сесці на трамвай, нумар першы, які хадзіў на вуліцу Кастуся Каліноўскага, дзе жыў яго сябар.

Але нечакана іх спынілі тыя дзве жанчыны, маладая і пажылая. Маладая, паставіўшы свае рэчы на асфальце, неяк вінавата сказала да Мануйліка:

— Даруйце, я хачу папрасіць у вас прабачэння за сённяшні скандал. Вельмі вас прашу — даруйце. І не думайце, што я заўсёды такая кепская, як сёння... Нешта на мяне найшло... І вы таксама,— яна глянула на Марыю Пятроўну.— Я паводзіла сябе не надта...

Яна змоўкла, не закончыўшы сказа: нешта перашкаджала. Мануйлік, ды і Марыя Пятроўна, неяк раптам разгубіліся і не ведалі, што гаварыць. Каб яшчэ Мануйлік пачуў, што яна дзякуе яму за падтрымку, яго не так бы здзівіла, чым тое, што яна каецца. Не паспелі яны што адказаць, як да іх хуткім крокам падышоў мужчына ў шэрым клятчастым касцюме — сярэдняга росту, плячысты, хударлявы з твару, з запалымі шэрымі вачыма, з густою капой непакорлівых чорных валасоў, якія тырчалі ва ўсе бакі і рабілі яго трохі падобным да хлапчука.

— З прыездам,— сказаў ён маладой жанчыне як добрай знаёмай.— Вы што спазніліся? Я тут амаль гадзіну вас чакаю.— І ён павітаўся за руку з адной жанчынай, пасля з другой.

Мануйліку нешта як кальнула ў самае сэрца — голас чалавека здаўся яму знаёмы. Нават і з твару нешта было такое, што прымушала варушыць памяць і шукаць: дзе, калі, хто?

Маладая жанчына не адказала нічым на ўвагу гэтага чалавека, яна была нейкая ненатуральна сур’ёзная. Яна ўзяла яго пад руку, павярнула тварам да Мануйліка, Марыі Пятроўны і сказала:

— Косця, вось, пазнёмся, гэта цікавыя людзі... Мы сёння разам ехалі... Каб не яны...

— А што было? — ужо рэзка і зацікаўлена спытаў чалавек, і яго наэлектрызаваныя кароткія валасы здрыгануліся.— Віткоўскі,— падаў ён руку Марыі Пятроўне, а пасля Мануйліку.

Мануйлік назваў сваё прозвішча і ўжо ведаў, што перад ім той самы Косця Віткоўскі.

— Косця, дарагі, гэта ты?

Той аслупянеў, застыў на месцы, неяк з недаверам гледзячы на Мануйліка, і развёў рукамі.

— Янка! Не веру вачам!

Яны абхапілі адзін другога, пацалаваліся ў вусны і так застылі, прытуліўшыся шчокамі, усё мацней сціскаючы абдымкі, і Мануйлік нечакана для сябе адчуў, што ў яго з вачэй пасыпаліся слёзы. Зусім ля яго вуха, побач, усхліпваў і ўздрыгваў плячыма Косця Віткоўскі, яго даўні сябар, з якім яны не бачыліся больш як трыццаць гадоў!

Яны разнялі рукі, глянулі адзін на аднаго і зноў схапіліся ў абдымкі, ужо ўпэўненыя, што гэта не сон і памылкі ніякай быць не можа. Смеючыся праз слёзы, яны стукалі адзін другому па спінах, а дужы Віткоўскі прыўзняў Мануйліка высока над асфальтам.

— Браце, як я рад, што бачу цябе жывога і здаровага! — закрычаў Віткоўскі і нарэшце паставіў Мануйліка на ногі.— Дык вы знаёмы? Гэта мая жонка, Каця. А гэта — цётка Арпіня. А гэта,— ён звярнуўся да жанчын,— мой сябар ваеннай пары Янка Мануйлік, заслужаны настаўнік! Вам гэта нешта гаворыць? — І ўжо да Марыі Пятроўны асабіста: — А хто вы?

— Я? Проста настаўніца. Еду ў госці да дачкі.

— Да дачкі? Гэта вельмі добра! А я думаў — вы Мануйлікава жонка. Жаль, што я памыліўся. Але не, запрашаю і вас разам. Вельмі прашу!

Як ні ўгаворвалі Марыю Пятроўну, яна падзякавала і пайшла на свой аўтобус. Яны, чацвярых, пайшлі да трамвайнага прыпынку. Віткоўскі гаварыў:

— Таксі мы ўсё роўна не зловім. А трамвайчык нас давязе да самага дому, хоць і памалу. Куды нам спяшацца? Асабліва нам з табою, Янка, праўда? Ці ты ўсё такі ж рухавы, усё на нагах, не спіш, нешта робіш, некага вучыш, некаму дапамагаеш, некага выручаеш, як і некалі? Памятаеш, як ты мяне выцягнуў з-пад ваганеткі, усяго пабітага рудою? І сам быў ледзь жывы?.. Эх, брат, як мы толькі ўцалелі? Проста іншы раз не верыцца, што чалавек можа гэтулькі выцерпець... Але што я адразу ў мінулае? Пагаворым потым... Дык вы, кажаце, разам ехалі? Цікавае было падарожжа? — ён ужо больш пытаўся ў жонкі.

— Цікавае,— адказала Каця,— вельмі цікавае, асабліва як для цябе, старшага следчага... Быў бы выдатны повад аштрафаваць сваю жонку за дробнае хуліганства.

«Вось хто ён! Старшы следчы! Работнік міліцыі! Вось бы ніколі не падумаў»,— здзіўляўся Мануйлік.

— Жаль, жаль, я табе прыпаяў бы пятнаццаць сутак,— жартоўна-сур’ёзна гаварыў Віткоўскі.— А то ты часам любіш перавышаць сваю ўладу. Прывыкла з малечаю ў сваім садзе, дык думаеш, і з дарослымі так пойдзе? Не, з імі трэба далікатна, памяркоўна...

І тут раптам цётка Арпіня, якая дагэтуль усё маўчала, перабіла Віткоўскага і загаварыла хутка і гучна, так што ўсе на прыпынку азірнуліся: чаго кабета крычыць, з кім сварыцца? А яна не зважала і сыпала:

— Вам усё жартачкі, выхавацелі-выхавацелькі, а во я, каб сёня была замест таго цюхцяя-шафёра, далібог жа ўвесь аўтобус з пасажырамі ў Нёман укаціла б, каб асвяжылі свае гарачыя галовы!

Зарагаталі трое, цётка Арпіня была сур’ёзная, а Віткоўскі паглядваў па парадку на ўсіх — не ведаў добра, з чаго смяцца.

— За што ж гэта такая няміласць? — спытаў ён.

— Ды табе твая жоначка раскажа!

Якраз падышоў першы нумар трамвая. Яны селі, каб ехаць на вуліцу Кастуся Каліноўскага.

 

1975 г.


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Дамашэвіч Ул. Выбранае. Аповесці і апавяданні. Мн., "Маст. літ.", 1977. 368 с. 2. с. укл. ("Б-ка беларускай прозы")
Крыніца: скан