epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Дамашэвіч

Дзявочая клятва

І
ІІ
ІІІ


 

І

Цэлы дзень парыла, а вечарам сонца села за цёмную сцяну. Паветра было гарачае і густое, як у сушні, а вецер не варушыў нават лісця на явары. Ветру не было, але сцяна на захадзе ўсё расла, усё шырэла.

Скінуўшы злубянелую ад поту рубашку, Адась упаў на ўзмежак і нейкі час ляжаў і не варушыўся. Тузала ногі, нылі плечы, на далонях пяклі мазалі. Сёння цэлы дзень, без адпачынку, Адась вазіў сена. Яго гаспадар, пан Янкоўскі, наняў яшчэ пяць чалавек, каб за дзень забраць у гумно ўсё сухое: барометр, які вісеў у доме на верандзе, паказваў на перамену. Усе стараліся як маглі: пан абяцаў барыш, калі хлопцы паспеюць справіцца за пагоду. Тры параконныя вазы з самай раніцы адзін за адным снавалі ад гумна да лугу, на якім ляжалі валкі сухога мурожнага сена, такога зялёнага і пахучага, што хоць кладзі яго ў чай.

Скончылі працу, гаспадар стрымаў сваё слова, і вячэра была сытая і смачная. Выпілі па тры кілішкі гарэлкі, закусілі як след. Служанка Муся, маладая, рабаціністая і шчуплая, ледзь паспявала падаваць на стол. Ах, д’ябал! Адась успамінае і плюецца. Скнара-пан умее паказаць сябе шчодрым! Цэлы тыдзень ён корміць сваіх парабкаў і падзёншчыкаў як папала, а адзін раз, звычайна ў канцы якой-небудзь вялікай работы, раскашэльваецца.

Але не вельмі проймеш Адася такімі штучкамі. На сваім, хоць яшчэ і нядоўгім, вяку ён служыў не ў аднаго пана і навучыўся распазнаваць іх нутро. Усе яны на адзін капыл — стараюцца дастаць з цябе ўвесь дух, пакуль ты ў іх служыш, і даць табе як найменш. Бо што гэта за парабак, які не будзе думаць аб кавалку хлеба? Тады ён стане яшчэ задзіраць нос і, чаго добрага, будзе тыкацца з панам. Не, трэба, каб заўсёды ён адчуваў на сваёй шыі жорсткую пятлю нястачы,— тады ён толькі будзе паслухмяны і пакорлівы.

Адась перавярнуўся на спіну. У небе там-сям ужо відны былі бляклыя зоркі. Пачаў паволі павяваць вецер, заварушылася, ажыло лісце на явары, замігцела белымі бакамі — нібы сыпаўся з неба буйны, лапцяваты снег.

Хлопцу не ляжалася, але ён ведаў, што ісці туды яшчэ рана. Туды — гэта да Гэлі Двароўскае, да якое ён хадзіў ужо даўно, аж цэлы год,— як толькі застаўся ў пана Янкоўскага на службу.

Апошнім часам Адась стаў прыкмячаць, што Гэля перамянілася да яго. Было ў яе нешта схаванае на душы, яна стала негаваркая. Раней сама прасіла, каб заходзіў да іх часцей, а цяпер скардзіцца, што многа работы дома, што маці зусім знемаглася, а браты рэдка прыпыняюцца — усё па заработках. Карова, парася, куры — усё трэба дагледзець ды накарміць. Усю сям’ю абмыць і абшыць — таксама часу трэба.

Але Адась разумее, што гэта ўсё адгаворкі, тут нешта другое. Можа, закахалася ў каго? Ды што тут гадаць? Трэба будзе неяк дакапацца праўды.

Адась з крэктам устаў з долу, падняў скамечаную рубашку, страсянуў яе.

Перш чым ісці ў сваю дарогу, Адась накіраваўся ў сад. Сярод мноства антонавак і малінавак, апортаў і позніх цыганак было некалькі яблынь ранніх гатункаў, на якіх ужо наліваліся салодкія яблыкі. У садзе вартаўніка яшчэ не было, толькі ў будцы сядзеў навязаны здаравенны рыжы сабака Тыгрыс, які, аднак, нічога не меў супроць, калі яго новы гаспадар, што не раз прыносіў яму есці, трос яблыню. Сваіх ён зладзеямі не лічыў.

Адась завязаў падолак у рубашцы, усыпаў у гэты самаробны мяшок добры пуд яблыкаў, пасля з рукавоў зрабіў завязку і, узяўшы клунак пад паху, выбраўся з саду і пашыбаваў поплавам проста на Гэліну хату. У цемры яна не была відна, але ён знайшоў бы яе з завязанымі вачыма.

З поплаву дыхнула на яго гарачым вільготным паветрам, поўным п’янкога паху лугавых красак, заўчасна зрэзаных няўмольнаю касою, высушаных на спякотным сонцы і ацярушаных граблямі. Адась ступаў асцярожна, шоргаў падэшвамі босых ног па калючай пакошы, баючыся наступіць на які-небудзь стырчак і пранізаць нагу. У такт крокам ціха парыпвалі яблыкі ў самаробным мяшку.

Цёмная хмара на захадзе расла, набліжалася, утвараючы густую чорную страху на цэлае паўнеба. Ужо відаць былі далёкія маланкі, яркія на цёмным небе, але грому яшчэ не было чуваць.

Адась заспяшаўся: яму здалося, што на твар упала першая кропля дажджу. Ён падумаў, што Гэля можа пабаяцца навальніцы і не пойдзе спаць у адрыну, куды яна ўцякала з хаты ад гарачыні. Праўда, у адрыне спаў яшчэ Гэлін малодшы брат Кастусь, які служыў селавым пастухом, але Адасю ён не перашкаджаў. Кастусь лічыў ужо Адася сваім чалавекам і казаў часцяком: «Швагер, дай закурыць». Адась сварыўся на яго за тое, што ён з пятнаццаці гадоў пачынае чарніць лёгкія, але не адмаўляў хлопцу, бо ведаў: ёсць такія людзі, што робяць насуперак, калі ім забараняеш. Кастусь быў якраз упарты.

Прайшоўшы з паўвярсты загуменнямі ля рэчкі, якая летам амаль што высыхала, Адась апынуўся супроць Маскалёвых, як дражнілі Гэліных бацькоў. Мянушка гэта ішла, відаць, у глыб вякоў. Казалі, што прадзед Гэлінага бацькі быў рускі салдат, які застаўся ў прымах у беларускай вёсцы Дабрынічах. Была яшчэ і другая чутка: калісьці нехта па жаночай лініі ў гэтым родзе быў вельмі баявы і няўрымслівы.

Двор Маскалёвых меў мізэрны выгляд: маленькая хата, пры ёй сені, а да сяней — у адзін шаронг, як кажуць старыя,— прылеплены хлеў. Адрына, што стаяла далей ад вуліцы і бліжэй да рэчкі, служыла гумном, свірнам і чым толькі хочаш. У ёй змяшчалася ўсё багацце Маскалёвых, якое яны збіралі з аднае дзесяціны свае зямлі.

Адась стаў перад дзвярыма ў адрыну і прыслухаўся. Дзверы знадворку не былі замкнуты, нават зашчапкі не было ў прабоі. Хлопец ціха націснуў на адну фортку. Яна не паддалася — дзверы былі падпёрты з сярэдзіны. Ён пастукаў, хвіліну чакаў, прыслухоўваючыся. І аж здрыгануўся ад нечаканасці, калі пад самымі дзвярыма пачуўся голас:

— Хто гэта?

— Гэля, адчыні,— прашаптаў Адась,— гэта я.

Бразнула падпорка, зарыпелі завесы. Гэля, у цёмнай сукенцы з белаю хусткаю на галаве, паказалася ў шчыліне прачыненых дзвярэй.

— Чаго ты прыйшоў? — У Гэліным голасе не было ніякай радасці, а хутчэй злосць.

— Ці ж так трэба сустракаць чалавека? — Адась усміхнуўся, і ў цемры бліснулі два рады белых зубоў.— Вось табе гасцінец, каб была ласкавейшая,— і ён працягнуў Гэлі свой клунак.

Яблыкі гучна зарыпелі, нібы па-свойму віталі дзяўчыну. Гэля ўзяла пакунак і ледзь не выпусціла з рук, такі ён быў цяжкі.

— Ты глядзі, пападзешся,— прыгразіла дзяўчына.— А што гэта за торба такая? А людзі! Дык гэта ж рубашка!! Здурне-е-еў...

Адася рассмяшыла яе здзіўленне, ён пераступіў падваротню і лёгка абняў Гэлю за плечы. Яблыкі раздзялілі іх. Яны зноў зарыпелі, але, здавалася, больш пагрозліва і папераджальна, нібы перасцерагаючы свайго былога гаспадара ад такога недалікатнага жэсту. Аднак Адась не зразумеў іх мовы, забраў клунак з Гэліных рук і кінуў ля падваротні.

Хлопец зноў хацеў абняць Гэлю — цяпер не было між імі ніякай перашкоды,— але ўтрымаўся. Ён падпёр дзверы і ўзяў дзяўчыну за руку.

— Ты адна? — Яму сёння вельмі хацелася, каб яна была адна.

— Адна... Косцік застаўся ў хаце. Маці грому баіцца..

Тлумачэнні Адасю не былі патрэбны — галоўнае, што Гэля адна. Ён павёў яе ў цемру проста да пасцелі, ля якой прасядзеў тут не адну ноч. На сене, якога было не больш за воз, ляжалі коўдра, падушка і пара посцілак. Дыхнула пахам сена — такім густым, што аж пяршыла ў горле. Адась разлёгся на пасцелі, як гаспадар, а Гэля, падкурчыўшы ногі, прысела збоку.

І хоць была навокал цемра, Гэля і Адась, не бачачы, адчувалі, што робіць кожны з іх.

— Чаго ты чакаеш? — спытаўся Адась.— Можаш смела лажыцца. Распранайся. Ты нібы чаго баішся?

— Здаецца, гром,— ціха адказала Гэля.

Сапраўды, на захадзе далёка-далёка нешта загуло.

— Павінен быць дождж. Ідзе хмара,— абыякава сказаў Адась, бо думкі яго былі заняты другім.

Зноў прагучаў гром — раскаціста, працягла і ўжо значна бліжэй. На дварэ моцна зашумелі дрэвы.

Праз гэты шум ясна пачулася, як у сенях бразнулі дзверы, затухкалі хуткія крокі босых ног, і ў адрыну загрукалі кулаком.

— Гэля, Гэля! Ты спіш? Ідзі ў хату, мама кліча,— пачуўся звонкі хлапечы голас.— А то будзеш баяцца.

— Зараз іду,— нехаця адказала Гэля.

Адась усхапіўся і сеў.

— Не слухай, Косця, яна не пойдзе,— сказаў ён у цемру.— Чаго баяцца? Толькі не кажы, што я тут.

— А, швагер! То добра.— І зноў затухкалі босыя ногі.

— Ну што, пойдзеш у хату ці не? — спытаў Адась і, хіснуўшыся, дакрануўся плячом да Гэлінага пляча.

— Ай, не назаляй,— Гэля адхілілася.— Лепш было б, каб ты зусім не прыходзіў.

Адась раптам ускіпеў.

— Што? Каб зусім не прыходзіў? Дык я магу пайсці.

— Ідзі, як хочаш.— Гэлю, здавалася, гэта ніяк не хвалявала.

— Ідзі? Калі так — не пайду, на злосць табе. Ад мяне не так хутка адчапіцца, каб ты ведала.

Гэля ўжо не рада была, што так выйшла. Варта толькі як-небудзь неасцярожна ўкалоць Адася, як ён адразу пачынае гарачыцца, і пасля яго ўжо цяжка супакоіць. Ды і наогул ён нейкі дзівак. Як толькі яны застаюцца ўдваіх, Адась робіцца занадта сур’ёзны, нават суровы. Ён нібы забывае, што яна дзяўчына, якая любіць пяшчоту, абдымкі. Ён пачынае гутарку пра жыццё, гаворыць доўга і нават нудна — аб несправядлівасці ладу, аб беднасці і багацці.

Цяпер Адась маўчаў і нават не варушыўся.

— Ты ведаеш, Гэля, колькі я ўжо хаджу да цябе? — раптам спытаўся хлопец.— Роўна год. А што з гэтага? Чым далей, тым горш. Спачатку ты вешалася мне на шыю, гатова была выйсці за мяне замуж, а сёння ты нешта пачынаеш віляць...

— А памятаеш, як ты віляў? — з’едліва спытала Гэля.— Ведай, як гэта добра...

— У мяне былі важныя прычыны. Тады я не мог жаніцца. Я нават кашулі не меў.

— А цяпер ты багаты?

— Не багаты, але сёе-тое маю. Нават табе на сукенку купіў.

— Дарэмна траціўся...

Праз усе шчыліны ў адрыну нечакана ўварвалася яркае — аж сляпіла — святло. Адась зажмурыўся, але перад вачыма ў яго яшчэ ўсё стаяла Гэля: твар суровы, галава схілена да каленяў, рукі моцна абхапілі закрытыя сукенкаю ногі.

Цемра хлынула зноў, яшчэ больш чорная і густая, і ўслед за гэтым кароткі рэзкі ўдар грому затрашчаў над самай адрынаю. Адась адчуваў, што Гэля нават не зварухнулася з месца, і яго ўзяла злосць, што яна такая смелая і ўпартая. Каб ён не ведаў яе іншаю — вясёлаю, бесклапотнаю, дураслівай,— ён падумаў бы, што ў гэтай дзяўчыны каменнае сэрца.

— Чаму дарэмна? — Вымушаная паўза скончылася, і Адась зноў пацягнуў, як за нітку. Сёння Гэля была адкрытая, і ён хацеў выпытаць у яе ўсю праўду.

— Таму...— і Гэля змоўкла.

— Гавары, гавары,— падахвоціў яе Адась.

— Таму, што мы век не ўгледзім шчасця...

— Нешта я не ўцямлю, чаго ты хочаш.

— Я жыць хачу! — раптам крыкнула Гэля.— Жыць! Як людзі... А што я ўгледжу, як пайду за цябе! Буду ўсё жыццё парабчанкаю, прыслугаю... Гарыць хай яно, такое жыццё... Мне свая беднасць душу ад’ела...

— Хто што заслужыў, тое і мае.— Адась нічога не знайшоў сказаць больш трапнага, бо сэрца яго заныла і думкі замітусіліся. Але гэта толькі на момант.— Ты ведаеш, хто я такі? Не ведаеш. І я сам не ведаю. Я не ведаю нават, адкуль я, хто мае бацькі, ці я паляк, ці беларус, хоць лічуся католікам. Адно ведаю, што Адась Вайцяхоўскі — парабак, чорны вол — і больш ніхто. Але я ведаю яшчэ, што я чалавек, такі, як Янкоўскі, як усе паны і простыя людзі. Я хачу жыць.. Я буду працаваць. У мяне больш нічога няма, апроч рук. Але я не магу паверыць, што ты перастала лічыць мяне за чалавека толькі таму, што я бедны. А ты сама? Хто ты, я ў цябе пытаю? — Адась пазіраў шырока адкрытымі вачыма на чорны сілуэт дзяўчыны.— Ты ж не вельмі адышла ад мяне, чаго ж ты хочаш?

— Жыць... Па-чалавечы...

— Па-чалавечы — гэта сумленна, калі хочаш ведаць. Сумленна... Усё жыццё працаваць, гнуць горб да магілы. Ты жывеш па-чалавечы цяпер, так жыве большасць. Але ты не гэтага хочаш. Табе захацелася быць паняй. А як жа! Ты ж прыгожая, я і забыўся. Выйдзеш за пана ці паўпанка, або хоць і за нашага багацея — за гэтага млынаровага сынка,— і будзеце жыць «па-чалавечы». А на таго, хто кахаў цябе больш за ўсё на свеце,— напляваць, бо ён бедны, ён не чалавек...

Гэля маўчала. Напамін пра млынаровага сына Пятрушку ўкалоў Гэлю. Адась ведаў, што гаварыў. Ведала і ўся вёска. Пятрушка даўно заляцаўся да Гэлі, але яна не любіла высокага, як жэрдка, і непаваротлівага Пятрушку. З ім яна сумавала, бо ў яго не знаходзілася іншай гутаркі, як пра гарцы, меркі, вобмешку. У яго вушах вечна сядзеў мучны пыл. Хлопец быў нібы аглушаны бясконцым татахканнем драўляных кулакоў і шасцерняў.

Але апошні час Гэля ў думках змяніла свае адносіны да Пятрушкі. А вінавата ў тым была маці. Яна не дакарала дачку, не крычала на яе і не кідалася з кулакамі. Яна палохала беднасцю. Кім была яна сама, калі выходзіла замуж? Парабчанкаю, прыслугаю, як цяпер Адась. А муж яе, Гэлін бацька, меў паўтары дзесяціны зямлі. Яны спадзяваліся разжыцца, узбіцца на гаспадарку... А што набылі? Што купілі? Век галелі, век пазычалі, не мелі свайго. Без пары бацька пайшоў у магілу... Дык каму яна тады сагразіла, што не паслухала бацькоў і пайшла за такога, як сама? Усе не падабаліся: то стары, то крывы, то малога росту. Выбрала, нацешылася... Плакала крывавымі слязьмі... А чым Пятрушка кепскі хлопец? Ціхі, працавіты, не раскідае, не прап’е. Адзіны сын, бацька ўжо стары, дочкі замужам... І любіць будзе.

Гэля думала, рашалася... Цяпер яна маўчала. Не магла яна пра гэта расказаць Адасю.

— Я жыў, можна сказаць, толькі з-за цябе. Думаеш, мне лёгка? У цябе хоць маці, браты. А я адзін... Толькі з табою мне было добра, толькі з табою я адчуваў сябе чалавекам... І раптам — нож у самае сэрца... Эх, жыццё...

Адась скрыгануў зубамі і зноў лёг на падушку, падклаўшы рукі пад галаву.

Па страсе ўжо даўно цабаніў дождж, нібы бесперапынку сыпаліся на салому зярняты з прадранага мяха; шалеў вецер, маланкі раз-пораз асвятлялі адрыну, раз-пораз то блізка, то далёка грукацеў гром. А Адась і Гэля нібы нічога не чулі, нічога гэтага не бачылі. Для іх нічога не было, апроч іх уласнага лёсу, сваіх цяжкіх клопатаў. І тая бура, што бушавала на дварэ, была нікчэмна малою ў параўнанні з той, што кіпела ў іх сэрцах. І, можа, нават, каб гром стукнуў у гэтую вось адрыну, ён не спалохаў бы зацятых у сваім жаданні жыць па-новаму маладое дзяўчыны і хлопца.

— Лепш пакутаваць год, два, чым дваццаць, сорак. Лепш адпакутаваць за год тое, што трэба за ўсё жыццё. І ты гэта зразумееш.— Гэля гаварыла з надрывам у голасе, гатовая вось-вось заплакаць.— Мне цяжка, але я не хачу жыць так усё сваё жыццё. Лепш зусім не жыць,— скончыла яна рашуча.

Шумеў, хлюпаў у лужынах дождж, ірваў страху вецер, пралазіў у шчыліны, хадзіў па адрыне. Смаліла маланка, гуў гром. А ў адрыне не канчалася размова.

— Твая праўда, Гэля. Лепш не жыць зусім, чым траціць тое, што можна знайсці адзін раз, і то не заўсёды,— гаварыў паволі, з роздумам Адась, укладваючы ў Гэліну думку свой сэнс.— Дай мне руку. Што гаварыць?..

Гэля не падала рукі, і ён прысеў, абмацаў яе ногі, знайшоў руку і пацягнуў да сябе. Дзяўчына ўпала проста яму на грудзі. Ён абхапіў яе, прытуліў да сябе і лёг на падушку. Гэля была ўся халодная. Адась прыціснуў да сябе дзяўчыну на ўсю моц сваіх рук, але яна не папрасілася, як калісьці. Няўжо для яе ўжо нічога не азначалі яго абдымкі? Ён пачаў яе цалаваць, усё мацней туліў да сябе, казытаў вуснамі яе шыю, гладзіў доўгія косы. Гэля нерашуча адбівалася, а ён шалеў штораз больш.

Дзяўчыну палохала тое, што ён маўчаў, быў сур’ёзны, нібы адчаіўся на нешта важнае. Раней ён не дазваляў сабе такіх выхадак, бо ведаў, што Гэля не любіць гэтага. Аднойчы ён расхадзіўся і атрымаў ад яе аплявуху. Гэта было самым лепшым лякарствам супроць яго гарачкі. Гэля і цяпер хацела зрабіць тое самае, але ён так сціснуў яе рукі, што дзяўчына ўскрыкнула. Цяпер яго сіла, якою яна так ганарылася і якой нават зайздросціла, была скіравана супроць яе. Гэля рванулася яшчэ раз, але дарэмна.

— Што ты надумаў... дурань? — прастагнала яна.— Гэтым ты мяне не прывяжаш... Пабачыш... Адумайся, што ты робіш... Я раскажу ўсім людзям, які ты сабака...— Гэля заплакала ад злосці, што не можа нічога зрабіць.

Адась думаў, што сілаю можна ўтрымаць сваё шчасце, але яно выплывала з яго рук, і ён рашыўся пайсці на хітрасць. Ды гэта, урэшце, на няпэўны час адцягвала развязку.

— Мяне не страш,— чужым голасам азваўся Адась і супакоіўся, толькі трымаў дзяўчыну за рукі.— Я нічога не баюся... А вось ты баішся людскога суда... Я цябе не зачаплю сёння, толькі пакляніся, што выйдзеш за мяне замуж гэты год. Чуеш? — І Адась сціснуў рукі дзяўчыне, як абцугамі.

Яна памаўчала хвіліну, паспрабавала вызваліцца, але пастка была надзейная, і гэта вырашыла ўсё.

— Клянуся,— прашаптала яна.— Толькі пусці.

Адась адпусціў яе рукі і сеў.

— Чуе неба, што ты сказала. Не падумай толькі пасля аднеквацца. Будзе кепска.

Нібы ў пацвярджэнне яго слоў, магутна і грозна пракаціўся па небе раскацісты гулкі ўдар.

 

ІІ

На вясковыя палеткі прыйшла восень. Белым павуціннем аплялося незааранае ржышча, ціхія лагодныя дні пачалі прыкметна карацець. Цэлымі хмарамі лёталі парудзелыя на сонцы шпакі, збіраючыся ў далёкую дарогу.

У самых рупных гаспадароў пачалі ўжо ўзыходзіць азімыя. Не за гарамі была зіма. Аб гэтым напаміналі золкія, з нізкімі густымі туманамі ночы, трывожныя крыкі журавоў і дзікіх гусей, якія прабіраліся на поўдзень. Толькі дрэвы яшчэ неахвотна скідалі свой пажоўклы ўбор, але даволі было аднаго моцнага замаразку, каб лісце пасыпалася спарней нават без вялікага ветру.

Нехта прыдумаў увосень нарабіць многа свят. Чаму ўвосень? Можа, таму, што цяпер у чалавека заводзіцца сякі-такі грош, бо не тое, дык гэта падкіне селянін на кірмаш, адтуль яго жонка пойдзе ў царкву, а гаспадар — у шынок выпіць кручок гарэлкі.

Вось у гэтую пару года і пачынаюцца вяселлі.

Адась нядаўна атрымаў увесь свой заробак і таксама рыхтаваўся да вяселля. У яго быў ужо неблагі гарнітур, цяпер жа ён справіў сабе хромавыя боты і шапку, а на зіму збіраўся купіць бравэрку з добрым каўняром. Калі зрабіць невялікае, на чалавек дваццаць, вяселле, то яшчэ сёе-тое застанецца на пражыццё. На Гэлін пасаг ён асабліва не разлічваў. Што дадуць, тое і добра. А не дадуць нічога — таксама бяда невялікая. Абы ўзяла якую пасцель з сабою, каб было на чым спаць, ды пару палацён на бялізну.

Яны ж маладыя, будуць працаваць і на хлеб сабе заробяць. Там, можа, як збяруць на сваю хатку, кінуць парабкоўства, купяць якую лапіну зямлі. Усе, хто не мае свайго, аб гэтым думаюць і да гэтага імкнуцца. Толькі не ўсе, праўда, дасягаюць свайго...

З такімі думкамі Адась ішоў у сваты.

За свата ў яго быў знаёмы дзядзька з Дабрыніч, Пятрусь Верас, які, здавалася, на тое і радзіўся, каб шукаць маладым людзям шчасця. Выглядаў ён непрывабна: высокі, насаты, крыху сутулы, крыху рабы з воспы. Затое вясялун, жартаўнік і майстар на ўсялякія штукі. Казалі, што калі ён яшчэ быў сам малады і прыходзіў на вячоркі, то ні адна дзяўчына не магла напрасці нават ручайкі — ён так смяшыў і забаўляў усіх, што было не да пражы. Яму падрабіць чый-небудзь голас, замяўкаць, каб аж заскрабло па спіне ў чалавека, непрыкметна схаваць што-небудзь, што пасля скруціш галаву і не знойдзеш,— было проста глупства. Усе яго фокусы і жарты былі бяскрыўдныя, не абражалі чалавека, але затое смяшылі да слёз.

А колькі дзявочых галоў ён закруціў! Колькі нагаварыў слоў, ад якіх дзяўчаты раставалі, як воск на агні! О, гэта быў мастак расчуліць дзявочае сэрца: калі трэба — пахваліць, калі трэба — пацалаваць украдкам, уздыхаць, сохнуць на вачах, праводзіць дадому і гаварыць усім, што яго Мар’яна ці Анюта лепшая за ўсіх дзяўчат, якіх ён ведаў і ведае. А да ўсяго, ён гаварыў заўсёды складна, у рыфму.

Сват ішоў, смешна падскокваючы, размахваў рукамі перад сабою, нібы касіў, а галава ў старой кепцы была задрана ўгору, ад чаго ён выдаваў яшчэ вышэйшы. На цёмна-бурым ад загару вусатым твары блукала ўвесь час усмешка: нібы ён таіў які-небудзь жарт і той казытаў яму пяты.

— Як, Адась, баішся? — ні з сяго ні з таго спытаў сват.

— Чаго тут баяцца? Гэта ж не красці.

— Ці красці, ці прасці, абы жыць у шчасці,— як з рэшата сыпануў сват.— Баяцца, як спаць лажацца, а як па тым, дык па ўсім. Люблю за храбрасць. Каб гэта каму другому — не вылез бы з дому. А як для цябе — не пашкадую ні лапцяў, ні сябе,— і дзядзька прытупнуў дзіравым ботам.

Далей усю дарогу яны маўчалі. Была субота, святы вечар, пачынала шарэць. Адась падумаў, што яны ранавата выбраліся, трэба было пачакаць з якую гадзіну. Але што зробіш? Сват увесь час падганяў. Яму, відаць, не цярпелася выпіць ці паказаць свой спрыт. Ішлі загуменнямі — Адась ледзь угаварыў свата скіраваць з вуліцы.

Вось і Маскалёў двор — голы, неабгароджаны, засмечаны трэскамі і парыты свіннямі.

Увайшлі ў сені, сагнуўшыся ў тры пагібелі. Сват доўга шарыў па сцяне, пакуль знайшоў клямку. Яшчэ раз сагнуліся і апынуліся ў хаце. Было цёмна, толькі невялікімі квадратамі шарэлі тры акны.

— Добры вечар вам, ці рады вы нам,— гучна ад парога сказаў Пятрусь, яшчэ не ведаючы, ёсць хто ў хаце ці няма.

— Добры вечар,— пачуўся з печы ціхі жаночы голас, і там нехта заварушыўся.— Хто ж гэта прыйшоў? — занепакоена спыталася жанчына і спаўзла з печы.

— Го, маці, пара пазнаці,— загуў дзядзька Пятрусь і зрабіў некалькі крокаў да стала.— Мы тут хадзілі, брадзілі ды заблудзілі. Вось зайшлі запытацца, як дадому дабрацца. Палі лямпу, маці, годзе шараваць...

Так ён балабаніў, а Адась стаяў ззаду і не ведаў, што рабіць і што казаць. Старая Маскаліха павесіла дрот на бэльку, апусціла лямпу і стала чысціць шкло.

Сват тым часам ужо сеў за стол, паставіў паўлітра і гаварыў далей:

— Ой, маці, кінь чысціць. Золата і ў попеле блішчыць. Нас пазнаеш за вярсту. Мы людзі знакамітыя, не лыкам шытыя. Чулі бокам, хочам глянуць вокам — цялушка ў вас прадаецца ці мо дарам аддаецца, хто яго ведае? Вось і прыйшлі. Кішэня ў нас аж трашчыць. Так што нам дагодзіш — сабе не зашкодзіш. Але перш чым аб цане гаварыць, трэба чарвяка замарыць. Нясі капусту ды хлеба лусту — і з нас даволі.

Нарэшце старая запаліла лямпу, пастаяла, падкруціла кнот, пасля агледзела гасцей і, нічога не сказаўшы, выйшла з хаты.

— Вось бачыш, адразу клюе,— сказаў дзядзька Пятрусь да Адася.— Пабегла па кілбасы, да якіх я ласы.

Ён пагаварыў яшчэ хвілін колькі; у хату зайшла Гэля з дайніцаю ў руках, павіталася, не зірнуўшы на гасцей. Яна была ў доўгай матчынай спадніцы, босая, але зграбная, з выразнымі абрысамі грудзей і клубоў, здаровая і ўвішная. Незвычайны быў толькі яе твар: у ім было нешта нетутэйшае, нешта далікатна-гарадское — белая, матавая скура, тонкі, з маленькаю гарбінкаю, нервовы нос, поўныя вусны і надта жвавыя вялікія вочы. Валасы былі схаваны пад касынкаю, на белы прыгожы лоб выбіваліся дзве цёмныя закручаныя пасмы. Гледзячы на дзяўчыну, можна было падумаць: як магла вырасці гэтая прыгожая кветка на такім пустым, мізэрным полі?

Па Гэлі не было відаць, каб яе вельмі ўстрывожыў прыход нечаканых гасцей. Яна здавалася нават залішне спакойнай: не спяшаючыся, працадзіла малако, спаласнула цадзілку і павесіла над духам.

— Як гэта вы заблудзілі да нас, дзядзька Пятрусь? — Гэля нібы не заўважыла Адася, які ціха сядзеў на лаве між акон, і звярталася толькі да дзядзькі.— Я нават не памятаю, калі бачыла вас у нашай хаце.

Дзядзька Пятрусь, як здалося Адасю, на нейкі кароткі момант разгубіўся — так пранікліва і цёпла глянула на яго Гэля сваімі глыбокімі вачыма — і не знайшоў, што адказаць, а збіўся на звычайную мову, якою гаварылі ўсе.

— Што ты, дачушка... Але, праўда, даўно. Гэта ж, здаецца, як ваш Хведар ішоў у прымы, а я за свата быў. Ты тады яшчэ, лічы, пад стол пешшу хадзіла... А цяпер як кветка дзеўка. За каго пойдзе — той шчасце знойдзе...

Урэшце дзядзька перасеў на свайго любімага канька і зноў стаў рыфмаваць.

Зайшла старая. Яна прынесла ў хату міску гуркоў з расолам, кавалак сала і сухой, цвілое зверху кілбасы — напэўна, заробленае, а не свае. Пасля ўзяла з палічкі хлеб і пачала кроіць на засланы стол і ўсё астатняе тонкімі і маленькімі кавалачкамі.

Дзядзька Пятрусь не любіў дарма марнаваць час — маўчаць. Калі прыйшоў да людзей, то трэба ж нешта казаць. Ён распытваў пра ўраджай, пра заробкі, але яго цікавіла не тое, што ўсіх людзей, а нешта такое, чаго другія не заўважылі. Ва ўсім, нават самым сур’ёзным, ён знаходзіў смешнае і паказваў яго ўсім — нібы певень, які знаходзіць адно зярнятка, дзівіцца на яго сам і склікае дзівіцца ўсю курыную сям’ю.

Маладая гаспадыня выбегла ў сенцы і хутка вярнулася ў хату, па-святочнаму апраненая, без хусткі, з тоўстымі косамі на грудзях. Пудры яна, здаецца, не ўжывала, бровы былі натуральныя, не падведзеныя — чорныя, доўгія і крыху зашырокія для дзяўчыны.

Яна яшчэ ні разу не зірнула на Адася, хоць хлопец, як толькі зайшоў, стараўся злавіць яе позірк.

«Можа, яна саромеецца маткі?» — думаў сам сабе Адась. Але ж да гэтага яны не раз і не два сядзелі ў іх хаце, Гэля была гаваркая і ні на кога не зважала. Яна наогул не мела моды саромецца. Цяпер яна нешта таіла.

Можа, другому каму нічога не сказалі б яе вочы, а Адась бачыў у гэтым нейкі фальш.

Але Адась зноў аддаўся на волю гэтага балабона свата, на яго вопыт і спрыт у такіх справах, ведаў: не падвядзе.

А той ужо за другою чаркай, калі трохі ўсе павесялелі і сталі не такія асцярожныя, пачаў далікатна распытваць пра гаспадарку: што яны прыгадавалі ў гэтым годзе, што думаюць збываць, а што набываць. Не прамінуў ён жартамі дазнацца, колькі зарабляе старэйшы нежанаты сын Волесь і колькі малодшы, селавы пастух Косця. Паволі стала высвятляцца, што Гэлі могуць даць толькі цялушачку — лічы, цяля, з зімы, і падсвінка на пудоў пяць або грашыма — сто злотых, не больш.

Усё гэта Адася зусім не цікавіла, але ён не хацеў перабіваць свата. Ён глядзеў, як неахвотна, нібы не сваім ротам, ела Гэля, увесь час пазіраючы ў стол або на дзядзьку Петруся, на яго потны бліскучы твар, на вялікую жаўтаватую лысіну.

Дзядзька непрыкметна для ўсіх перайшоў на другое: ён пачаў настаўляць маладых, як жыць, каб было добра ім самім, іх бацькам і ўсяму роду. У дзядзькі была на гэты конт свая філасофія, свой уласны погляд на рэчы.

— Не бойцеся беднасці, бо бедны любіць чалавека, а багаты — багацце. Нічога, што багаты дзівіцца, чым бедны жывіцца. Па гэтым людзі жылі і жыць будуць. Я нямала пражыў, а нічога не нажыў. Як ёсць, так і добра. Бо дай табе хлеба — захочаш сала. Дай сала — усё адно будзе мала, захочаш гарэлкі...

Адась, які за ўвесь вечар не прамовіў і слова, гэты раз не вытрымаў.

— Добра ты гаворыш, дзядзька, няма чаго. Пад панскую дудку скачаш і хочаш, каб усе скакалі. Выходзіць, што бедны — будзь бедны, падыхай з голаду, рабі на пана і хвалі бога? Так ці не?

Дзядзька Пятрусь падняў угару пракураны палец, патрабуючы ўвагі.

— Не гарачыся, калі не хочаш апячыся. Раней і я не так думаў, а пастарэў — пасталеў, волас вылез — розуму пабольшала. Ты скажаш, што трэба змагацца, дабівацца. Чуў пра Мікодыма? Паехаў у Амерыку шчасця шукаць. Спачатку пісьмы пісаў, што знайшоў, за хвост трымае, чуць вярхом не сеў. А цяпер што заспяваў? Просіць братоў, каб выслалі грошай на дарогу дадому. Хоча на сваім котлішчы памерці. Ці вазьмі тых, што ў турмах сядзяць. Пакуль яны да бога, то чорт душу выме. Ты глянь на прыроду: рыба плавае, птушка лятае, чарвяк поўзае, чалавек ходзіць. Кожнаму сваё. Тады ўсё перайначыш, як свае вушы ўбачыш.

 

ІІІ

Праз тыдзень пасля сватоў, у нядзелю, Адась вазіў пана Янкоўскага ў Клецак, а прыехаўшы, даведаўся ад служанкі Мусі, што Гэля вярнула яму гарэлку.

Адась, пачуўшы навіну, адчуў такую страшэнную абразу, такую велізарную злосць, што гатоў быў завыць на ўвесь свет ад болю і крыўды. Стала ясна, што пайшлі прахам усе яго мары аб сямейным шчасці, аб незалежным і людскім жыцці. І ўсё таму, што ён нешчаслівы, што ён бедны, што ён... Адась не знайшоў слоў, каб аформіць у думкі ўсе тыя пачуцці, якія пеніліся і бушавалі ў яго грудзях. Так, беднасць была самым вялікім злом у яго жыцці — перашкаджала яму стаць чалавекам, каменнай сцяной устала на дарозе да шчасця... Але і яго каханая... Каханая... Не, з гэтага моманту яна стала ўжо яго ворагам.

І страшная думка прыйшла ў яго галаву...

Пачынала вечарэць. Трэба было ўхадзіцца — ужо для формы, каб не выклікаць падазрэння. Адась усыпаў коням аброку, ачысціў ад гразі і ўкаціў у адрыну брычку, павесіў збрую. Пасля пайшоў у свой пакойчык, старанна пагаліўся, наліў у ночвы халоднай вады і памыўся да пояса, надзеў белую сарочку, новы гарнітур, хромавыя, толькі некалькі разоў абуваныя боты і стаў падобны на маладога шляхцюка, які сабраўся да касцёла. З твару ён быў бы нават прыгожы, каб не звераваты позірк вачэй, сціснутыя вусны і насупленыя бровы, хоць гэта ўсё мала стасавалася да яго круглявага твару з невялікім, чуць кірпатым носам.

Цяпер заставалася галоўнае: прабрацца ў панскую спальню і ўкрасці рэвальвер.

Паноў дома няма, яны з дачкою-гімназісткай пайшлі да суседкі, старой пані Квяткоўскай, якая жыла адзінока і любіла прымаць гасцей. Парабкі таксама паразыходзіліся або заваліліся спаць. Знайсці ключ ад панскае спальні цяпер было цяжка, а турбаваць служанку Мусю ён не хацеў. Яна і так часта заглядаецца на яго і без патрэбы лезе з усялякімі сваімі дробязямі. Нешта трэба было прыдумаць.

Адась падышоў да акна, стаў, задумаўся. На падаконніку стаяла пляшка гарэлкі, якую вярнула Гэля. Ага! Адась стукнуў сабе кулаком у лоб. Раней ён ніколі не піў адзін, а цяпер пацягнула выпіць. Кароткім моцным ударам у дно бутэлькі ён выбіў корак і наліў сабе палову вялікай конаўкі.

Піў цераз сілу, ведаў, што трэба, будзе смялейшы. Тое, на што ён рашыўся, патрабавала смеласці.

Праз паўгадзіны, калі лепш сцямнела, Адась долатам адагнуў цвікі ў раме панскае спальні і дастаў акно. Абліваючыся потам, улез усярэдзіну, дабраўся да шафы, выцягнуў шуфляду і доўга капаўся, пакуль знайшоў рэвальвер. Ён быў у кабуры, Адась дастаў рэвальвер, а кабур зноў палажыў на месца: гэтая штука яму не патрэбна.

Уставіўшы на месца раму, Адась пайшоў на вячоркі. Танцы якраз зрабілі не ў сяле, а на хутары, прыйшлося яшчэ памясіць трохі гразі. Ён ішоў, і кішэню яму адцягваў цяжкі рэвальвер. Хмель патроху праходзіў.

Танцы былі ў разгары. Дружны стукат ног заглушыў усю музыку — танцавалі як хто мог. Дзверы ў хаце былі насцеж адчынены, пад нагамі таўкліся хлапчукі. У цёмных кутках туліліся парачкі. Стаўшы на пальчыкі і выцягнуўшы шыі, сям-там маткі выглядалі сваіх дачок.

Адась таксама абвёў усіх вачыма, але каго ён шукаў, таго не было. Гэля, відаць, пабаялася прыйсці на танцы, каб не спаткацца з Адасем.

Хлопец пакруціўся яшчэ трохі, няясна спадзеючыся, што Гэля дзе-небудзь стаіць ці яшчэ прыйдзе.

І чамусьці захацелася хутчэй пайсці адсюль, каб Гэля не наскочыла на яго. Ён ведаў, што пад гарачую руку можа стрэліць, але сэрца хацела, каб сёння гэтага не было. І ён памалу падаўся з хаты на двор, ды ў парозе нос у нос сутыкнуўся са сваім сватам.

— А-а-а, Адам, першы чалавек,— зацягнуў сват і абхапіў Адася за плечы.— А дзе ж твая Ева?

— Ідзі к чорту, дзядзька,— буркнуў Адась і хацеў абмінуць свата.

— Пастой,— ён учапіўся за Адася.— Ты сярдуеш? За што, за якое? Як той казаў, хіба хто вінаваты, што ён дураваты? Так і я — хацеў долю, выйшла нядоля. Але і гэта паўбяды — абы не няволя. Не гаруй: кінула — і добра. Лепш цяпер, чым у чацвер. Туды ёй і дарога, раз не баіцца ні людзей, ні бога...

Сват яшчэ доўга супакойваў бы Адася, але хлопец узяў яго загрудкі і сапхнуў з дарогі.

— Не лезь, дзядзька. Цяпер я сам ужо разбяруся. Дзякую і за тое.

І Адась падаўся дадому — у свой бярлог, каб яшчэ раз абдумаць усё ад пачатку да канца. Але думаць яму не хацелася. Схаваўшы рэвальвер у бот, Адась распрануўся і лёг у пасцель.

Прачнуўся ён ад таго, што хацелася піць. Было яшчэ рана. Адась напіўся і лёг, аднак заснуць не ўдалося. Ён пачаў думаць, і чым больш думаў, тым рабілася страшней. Уяўленне малявала яму жудасны малюнак. Гэля нежывая, кроў... А што будуць рабіць яе маці, браты, што скажуць людзі? І што тады застанецца рабіць самому Адасю? Не, лепш ужо куля... Дараваць Гэлі ў яго не было сілы. Яна зламала сваю клятву. Яна не лічыць яго за чалавека...

Урэшце Адась кінуў думаць. Калі будзеш многа думаць, нічога не зробіш! К чорту! Ён устаў, апрануўся і яшчэ раз праверыў рэвальвер: дастаў патроны, пачаў націскаць на спуск. Самаўзвод працаваў бездакорна. Уставіўшы назад патроны, Адась спусціў курок у пустую ячэйку барабана і паклаў наган у кішэню. Потым выйшаў на двор. Пачынала світаць. У пакоях гарэла святло. Пан Янкоўскі ўставаў рана і не любіў, каб парабкі спалі больш за яго. «Сёння я табе больш не слуга»,— зларадна падумаў Адась і пайшоў за гумно, а там — садам на паплавы, кіруючы да Маскалёвых.

Гэлю ў хаце ён застаў адну. Яна падпальвала ў печы. Адась, здушаны страшэнным хваляваннем, прайшоў да стала і змрочна сеў на лаву. Ногі ў каленях у яго падрыгвалі, а рука на рубчастай рукаятцы рэвальвера стала мокрая ад поту. Твар у яго быў суровы, таксама потны, і Гэля, глянуўшы на Адася, адразу сумелася. Гэтай парою ён яшчэ ніколі не прыходзіў да іх.

Адась не ведаў, з чаго пачынаць: з гарэлкі ці з самага галоўнага.

— Я ўчора шукаў цябе,— глуха сказаў Адась і замоўк.

— Навошта я табе здалася? — спыталася Гэля як мага мякчэй і адвяла вочы ад Адася.

— Навошта? Паглядзець на цябе...— Злосць пачынала прарывацца ў Адася, і ён рад быў, што яна прыходзіць на змену нікчэмнаму і недарэчнаму хваляванню.— Апошні раз! — Адась задыхнуўся, ускочыў з лавы і спыніўся пасярод хаты, уклаўшы рукі ў кішэні шырокага галіфэ.

— А куды ж ты збіраешся? — наіўна, як дзіця, спытала Гэля, не звярнуўшы ўвагі на яго ваяўнічую позу і злосць у голасе.

— На той свет,— груба адказаў Адась.— Але не думай, што я пайду туды адзін... Мы пойдзем разам. Як пад вянец, чуеш? — І ён ступіў два крокі да яе.— Ты першая, а я за табою...

— Што ты гаворыш, Адась? — Гэля толькі цяпер зразумела, што Адась не жартуе, і спалохалася.— Перахрысціся...

— Я не грэшны, мне няма чаго хрысціцца. А вось ты саграшыла. Ты зламала сваю клятву. І ты будзеш адказваць за гэта: спачатку перада мною, а пасля — перад богам.

Гэлін твар пабялеў, вочы акругліліся і са страхам утаропіліся ў Адася. Яна бездапаможна азірнулася на дзверы, нібы чакаючы дапамогі, але нікога, як на бяду, не было, а Адась, сціснуўшы зубы, набліжаўся. Гэля вось-вось чакала, што ён вытне яе па шчацэ, але Адась раптам усміхнуўся і ўзяў дзяўчыну за руку.

— Чаго ты спалохалася?

Гэля апусціла вочы, і на сэрцы ў яе адлягло. Яна зразумела Адасёву ўсмешку як адступленне, як патолю і нават прымірэнне. А Адась прытуліў яе да сябе, гладзіў яе косы і гаварыў:

— Эх, Гэля! Хто цябе замарозіў, што ты такая халодная са мною, чужая і незнаёмая? Ты гоніш мяне, не хочаш бачыць, не хочаш разумець, што робіцца ў мяне ўсярэдзіне. Ты адсякаеш апошнюю жылу, якою я звязаны з жыццём. Падумай, Гэля... І яшчэ... Хай ты не шкадуеш мяне, але ж сябе ты таксама загубіш. Ты думаеш, што так проста стаць багатым? Для гэтага трэба прадаваць свой гонар, гандляваць сумленнем, ашукваць людзей. Ты чыстая, як пралеска, як першы снег, і ты дазволіш нейкаму грубаму шляхцюку, які толькі ведае, што ён багаты,— дазволіш яму песціць вось гэтае цела, цалаваць твае вусны? Не, калі ты і дазволіш, то я не магу... Чуеш, Гэля, яшчэ не позна... Я дарую табе тую гарэлку, чорт з ёю, мне напляваць на ўсякія забабоны. Выходзь за мяне замуж, праз тыдзень зробім вяселле і будзем жыць. Стане ўжо вельмі кепска — кінем усё, паедзем у Амерыку, абы толькі разам, абы ты была маёю і любіла мяне. Чуеш, Гэля? Скажы што-небудзь, чаго ты маўчыш?

— Мне няма чаго казаць, Адась, нам не суджана жыць разам,— сумна азвалася Гэля,— хоць я люблю цябе і доўга яшчэ буду любіць. Мы бедныя, мы жабракі, і я не хачу, каб і нашы дзеці век пражылі жабракамі. Яны будуць праклінаць нас, бо толькі па нашай волі яны пойдуць на свет і ўсё жыццё будуць нешчаслівыя... Пусці, Адась, трэба паставіць чыгун у печ.

Гэля захацела вызваліцца з Адасёвых рук, але ён абхапіў яе за плечы, моцна прыпаў да яе вуснаў, цалаваў і шаптаў:

— Гэля, залатая мая, адзіная... Адумайся, не губі жыцця... мне і сабе...

Гэля раптам адштурхнула яго ад сябе, ён стукнуўся аб вушак ля качарэжніка і застыў на момант, задыханы, потны, страшны.

— Ах ты...

Адась выхапіў рэвальвер. Гэля ўскрыкнула і пачала адступаць да стала, трымаючы перад сабою рукі і нібы спрабуючы засланіцца.

— Што ты робіш?! — закрычала Гэля.— Што ты робіш? Мам...

Грымнуў стрэл. Гэля хапіла ротам паветра, прытуліла рукі да грудзей і бязвольна, з усяго маху, упала назад.

Адась ступіў да яе, праз дым і слёзы ўбачыў спакойны, белы твар дзяўчыны, хацеў крыкнуць, падхапіць яе на рукі, ратаваць, але, акамянелы, нічога не мог зрабіць, толькі пазіраў на Гэлю, якая ляжала перад ім як у сне — з заплюшчанымі вачыма, з раскінутымі доўгімі косамі ля галавы, са складзенымі на грудзях рукамі.

Гэта было ўсё. Адась, адкінуўшы назад галаву, застагнаў, нібы яму самому ўсадзіў хто пад сэрца нож.

Нічога не бачачы перад сабою, ён павярнуў рэвальвер на сябе, уставіў вялікі палец у спускавую дужку і націснуў. Магутны ўдар у грудзі адарваў яго ад зямлі. Адась пераступіў нагамі, хацеў утрымацца, але захістаўся і рухнуў на зямлю...

Так і знайшлі іх людзі дваіх у хаце: яна ля стала, ён ля парога, яна гаспадыня, ён прышэлец. Яна ціхая, белая з твару, толькі ў лужыне крыві; ён увесь сіні, як тапелец, страшны, з галавою, схаванаю пад услончык, нібы знарок далей ад людскога вока. Іх ногі амаль што датыкаліся. Пасярод хаты валяўся чорны наган.

 

Яшчэ і сёння на могілках у Дабрынічах стаіць помнік, які родныя паставілі Гэлі. На ім напісана, што тут пахавана Алена Двароўская, ад роду 21 год, забітая 1 лістапада 1936 года.

Магілы ж Адася Вайцяхоўскага няма. І дзе яго пахавалі — невядома. Рэлігійны закон не дазваляў хаваць самагубцаў разам з усімі людзьмі.

 

1961 г.


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Дамашэвіч Ул. Выбранае. Аповесці і апавяданні. Мн., "Маст. літ.", 1977. 368 с. 2. с. укл. ("Б-ка беларускай прозы")
Крыніца: скан