epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Дамашэвіч

Ямы на дарозе

— Куды табе, старому бугаю, ісці на тую музыку? У цябе ж дзеці плачуць. Во, палюбуйся, трое, адно пад адным,— сказала сярдзіта Лявоніха, чарнявая, яшчэ статная, гадоў пад трыццаць кабета, прыбіраючы са стала пасудак пасля вячэры.

— Ат, не прыставай. Я доўга не буду, толькі пабачу аднаго чалавека і вярнуся,— супакоіў яе Лявон, прысадзісты, шырокі ў плячах карантыш, ужо з сівізной у валасах і вялікімі залысінамі над шырокім белым ілбом. Ён пачаў скручваць цыгарку, знарок хаваючы вочы ад жончынага праніклівага позірку.

— Ой, калі я чула ад цябе тую праўду? Толькі так і выкручваешся... Ідзі ўжо, ідзі, толькі не вісі там, як цюцька на вяселлі, не тыя гады. Ды не садзі носа, куды не трэба, а то...

Ён, не даслухаўшы да канца, выйшаў з хаты, на хаду нацягваючы шапку. Жонка гаварыла праўду, і ён нічуць не крыўдаваў. Гадоў з дзесяць назад не было ў сяле больш памаўзлівага ката, як ён, Лявонка, Ігнатаў сын, не было большага забіякі і завадатара, чым ён, Лявонка, Ігнатаў сын. Так цягнулася гадоў колькі, пакуль Лявонаў малодшы брат Аляксандар не «заразіў» яго палітыкай, паставіўшы дома радыё, якое, як магнітам, стала цягнуць да сябе вясковую моладзь.

Характарам малодшы брат быў зусім непадобны да Лявона. Аляксандра лічылі кніжнікам, чалавекам вучоным, хаця і не ўдалося яму дасягнуць высокае навукі. Калі закрылі Клецкую беларускую гімназію, ён нікуды больш не захацеў ісці вучыцца, хоць сябры і раілі яму ехаць у Вільню. Ён пашкадаваў бацьку, скупога, але працавітага і сумленнага чалавека. Той стагнаў увесь час, што трэба памагаць яму, а ці будзе тая карысць з навукі — хто яго ведае. Паны не даюць мужыку-беларусу ніякае разгарносці, хіба толькі перахрысціўшыся ў католікі. А гэтага ён, хоць і чалавек цёмны, дапусціць не мог, сваю веру ён паважаў цвёрда.

Малодшы сын рашыў застацца дома і памагаць брату на гаспадарцы, бо старэйшы не глядзеў яе зусім, усё зваліў на старога бацьку, а сам піў, гуляў, біўся на кожных вечарынках ці вяселлі, прыставаў да дзяўчат. Яго баяліся і не паважалі, але ў вочы ніхто нічога не асмельваўся сказаць. «Жаніць трэба сукінага сына,— крычаў не раз бацька.— Дзеці абсядуць, жонка, будзе не да гуляў». Але і жанаты, ён не адразу расстаўся са сваімі звычкамі, «зрываўся» з сямейнага ланцуга — сяды-тады прыходзіў на вечарынкі і паказваў свой буйны нораў.

Трохі перамяніўся ён тады, калі звязаўся з палітыкай, стаў слухаць радыё, пачаў чытаць братавы кнігі, асабліва тыя, што прыходзілі з Усходу. Непрыкметна для сябе Лявон стаў заўзятым «чырвоным», люта ўзненавідзеў паноў і іх прыслужнікаў — асаднікаў, усякіх канфідэнтаў-даносчыкаў. Давялося яму зведаць і панскіх гумовых палак у дэфензіве. Ён і яшчэ некалькі хлопцаў на вяселлі збілі ледзь не да смерці канфідэнта Кухарчыка, актыўнага памагатага паліцыі. Лявону далі год турмы.

У той час вёска была як разараная плугам на дзве палавіны — на «чырвоных» і «белых». Набраліся моцы простыя людзі... Але і паны таксама не драмалі. Лепшыя з лепшых, самыя стойкія і небяспечныя для рэжыму хлопцы сядзелі ў турме, другія, ратуючыся ад здзекаў дэфензівы, пайшлі за мяжу. Сярод апошніх быў і малодшы Лявонаў брат Аляксандар...

Пасля турмы Лявон пасталеў, адышоў ад палітыкі: дзеці, жонка, бацькі, клопаты за ўсю гаспадарку не давалі яму часу разысціся, ды і гады бралі сваё — пераваліла за трыццаць. Але сяды-тады хацелася яшчэ паглядзець, як весяліцца моладзь, а калі што — то і стукнуць па карку якому-небудзь шляхцюку ці панскаму падбрэхічу.

Не спяшаючыся, паволі ішоў ён па вузкіх селавых дарожках, па сцежках, па межах, што дзялілі хутар ад хутара,— ішоў да дзядзькі Перца, у якога ў святы збіралася моладзь амаль з усяе вёскі. Прыязджалі сюды і з суседніх — Яцкаўшчыны, Зарытава, Арды.

У Перца было ажно пяцёра дзяўчат, адна пад другой, і ўсе прыгожыя, галасістыя, добрыя танцоркі. Не хапала толькі пасагу, а так можна было б спраўляць вяселле за вяселлем.

Лявон мінуў ужо некалькі хутароў — адны былі багатыя, з добрымі хатамі, прасторнымі гумнамі, з вялікімі садамі, другія бедныя, трэція так сабе. А гэты хутар, што быў наперадзе, вылучаўся сярод усіх. Прасторная хата крыта бляхаю, вялізнае гумно, хлявы, свіронак. На прывязі забрахаў сабака, нехта выйшоў на ганак. Але Лявон нават не азірнуўся. Тут жыў яго стары вораг Кухарчык Юзік, з-за якога ён адседзеў год у турме. Здаецца, каб цяпер дзе сустрэў яго на вузкай дарожцы, то не ўтрымаўся б, каб не загрэць у вуха.

І Лявон рэзка секануў паветра рукою, нібы сапраўды перад ім быў Юзік Кухарчык. Але рука толькі прыгнула да зямлі сцяблы яшчэ зялёнай пшаніцы, што расла паабапал сцежкі. Пшаніца таксама належала Юзіку і, трэба сказаць, урадзіла добра — высокая, як жыта, радкавая, з буйным бязвусым коласам — азімка. Лявон сарваў колас, пацёр у грубых, цвёрдых далонях, але зярняты яшчэ былі мяккія, расціраліся на клей.

Нізка над зямлёй усплыў месяц — круглы, вялікі, нязвыкла чырвоны. Было ціха-ціха, толькі стракаталі конікі ды ў лужку ля Круглай крумкалі жабы. Пад нагамі на траве ўжо ляжала раса — боты сталі вільготныя і бліскучыя ад вады. З-пад ног у Лявона выскачыла перапёлка, ён аж здрыгануўся ад нечаканасці, пасля плюнуў і ўсміхнуўся сам сабе.

На прасторным двары ў Перца нават поначы відаць быў рух, чуліся гоман, смех, гукі песні. Дзяўчаты, сабраўшыся колам, спявалі «Люблю мой край, старонку гэту...». Як заўсёды, над усімі галасамі ўзлятаў голас старэйшае Перцавай дачкі Зіны, звінеў як струна.

Лявон паслухаў трохі, агледзеў людзей — ці няма каго з былых сяброў, але не знайшоў нікога і паволі падаўся ў сені. Дзверы ў хату былі адчынены насцеж, на кухні гарэла лямпа, а за сталом сядзелі хлопцы і частавалі музыкаў. І кампанія тут сабралася такая, што толькі плячыма паціснеш: зялёная моладзь, жанатыя мужчыны ў яго гадах, вусаты Перац, гаспадар хаты; але што самае дзіўнае — за сталом сядзелі два браты Грыбкі: Мацей і Васіль. Трэцяга, Мішкі, нешта-нейкае не было...

Лявон хацеў пайсці назад, але яго паспелі заўважыць, адзін з хлопцаў выскачыў з-за стала і пацягнуў за руку. Лявон не стаў вырывацца.

— Садзіся з намі, чаго там? Вып’ем па чарцы. На тое і свята.

Мужчыны загулі, загаманілі.

— Давай, давай, нешта ты на старасць робішся сарамяжлівы.

— І жонкі не бойся, яна не ўбачыць!

— А Лявоніху Лявон неўзлюбіў, на плячах у яе палку пабіў...

Усе ўжо былі вясёлыя, скалілі зубы і сыпалі жартамі, як гарохам.

Лявон нехаця сеў на лаву, яму адразу налілі чарку.

— Будзь здароў, Лабажэвіч,— Лявон пусціў чарку да свайго суседа, сухога, як выванджанага, Лабажэвіча. Тут жа сядзеў і Лявонаў швагер Міхась Турак, чарнявы з вусікамі, таксама колішні «палітык» і неспакойны чалавек, ад якога было нямала клопату паліцыі.

Лявон сёрбаў мачанку з вялікае глінянае місы і не зводзіў вачэй з Грыбкоў, якія сядзелі на другі бок стала. Хлопцы гэтыя былі з беднай сям’і, раслі без бацькі, парабкавалі, а падросшы, запісаліся ў «стральцы», знюхаліся з паліцыяй. А да ўсяго — яны яшчэ былі зладзеі і задзіракі, звязвацца з імі ніхто не любіў, бо дабра ад іх не чакай. Усе ведалі, што яны кралі, але ўсе іх баяліся, бо вельмі многае ім сыходзіла з рук. Нават калі хто і лавіў іх на месцы злачынства, баяўся разяўляць рот. Панібрацтва з паліцыяй рабіла іх да нагласці смелымі, яны маглі прычапіцца да чалавека без прычыны, і больш да тых, хто ў паліцыі быў на ўліку як ненадзейны, камуніст ці проста патэнцыяльны «выўратовец».

Лявону стала не па сабе — раней яму ніколі не даводзілася сядзець за сталом у такой кампаніі. А тут — на табе, нос у нос...

Чарка абышла стол і вярнулася да яго другі раз. Ён наліў сабе толькі на дно і паставіў пляшку на стол.

— Што ты, Лявон, як малы! Налівай поўную. Гарэлка дармовая! — падахвоціў яго Мацей. Ён быў звераваты, з сухім аскетычным тварам, усміхаўся, выскаляючы вялікія і роўныя зубы.

Лявону зрабілася няёмка, нібы ён сам напрасіўся на дармовую гарэлку. Ён амаль злосна, не гледзячы ні на каго, сказаў:

— Я да дармовага не прывык. Колькі трэба, столькі і заплачу.

Мацей зрабіў выгляд, што шкадуе сказаных слоў, і захацеў улагодзіць Лявона:

— Ты не крыўдуй, я сказаў так, не падумаўшы. Сёння я частую.

— Не хачу, каб мяне частавалі. Я не жабрак, і не гультай, і не... злодзей які. Вось мае два злоты. Бяры. Тады я п’ю поўную.— Той чорт, які апошнія гады троху паспеў прыціхнуць у ім, раптам прачнуўся, яшчэ, здаецца, болей безразважны і гарачы. Мацей пабялеў, яшчэ болей выцягнуўся яго худы, касцісты твар з вялікім і закругленым, як лязо сякеры, носам.

— Хлопцы, вы чуеце? Чаго ён разышоўся? Я ж яго не хацеў пакрыўдзіць,— сказаў Мацей гучна і абвёў усіх вялікімі вачыма.— Хай забярэ свае задрыпаныя два злоты і ідзе да д’ябла, калі такі ганарысты. Праўду я кажу?

Была такая хвіліна, што ніхто не ведаў, за каго цягнуць — за Грыбкоў ці за Лявона. І тыя сіла, і гэты таксама можа сябе паказаць, хай толькі разыдзецца.

— Хай сядзіць, чаго ты,— заступіўся за Лявона сярэдні, Васіль, трохі ніжэйшы за Мацея, але затое шырэйшы ў плячах, з больш грубым тварам і галавою як ляжачы гурок: выдаваўся такі ж, як і ў старэйшага, нос і тырчала ззаду, як абух, патыліца.— Хоча плаціць — хай плаціць, не хоча — не трэба.

Лявон шпурнуў на стол два злоты і ўзняўся. «Падавіся ты імі, сабака панскі,— лаяўся ў думках Лявон.— І прыгнала іх сёння нячыста сіла. Пачулі моц... Ды што? Усё сяло паны за краты пасадзілі, толькі ім цяпер і раскашацца, страшыць дзяцей ды баб...»

На дварэ здалося вельмі цёмна, але хутка вочы асвойталіся. Месяц яшчэ свяціў усё такі ж вялізны і медна-чырвоны, але вісеў нізка, вось-вось збіраўся закаціцца. Народу сабралася яшчэ болей, асабліва хлопцаў і малых, па гадоў дзесяць — пятнаццаць, падлеткаў. Адкуль іх гэтулькі? Растуць, як грыбы пад даждом. Не паспеюць паны будаваць астрогі... Лявон закурыў, зацягнуўся дымам. Адразу стала лягчэй на сэрцы.

— Здароў, братка, дай закурыць.

Да яго падышоў высокі, сутулы і крываногі Уладзік Савашоў, худы, аброслы, гадоў пад сорак мужчына, які любіў схадзіць на вечарынку, асабліва туды, дзе пахла гарэлкай. Калісьці ён таксама марыў пра новае жыццё, якое прыйдзе праз мяжу з усходу, але адразу пашыўся ў кусты, ледзь толькі гумовая палка паліцыянта кранулася яго спіны.

Лявон насыпаў яму ў паперку шчопаць тытуню, схаваў у кішэню капшук.

— Нешта ты сёння кіслы,— заўважыў Уладзік.— Няўжо нідзе не давялося панюхаць корка? І ні адна кума не падміргнула? Не гаруй, Лявон. Усё будзе наша,— бубніў Уладзік, скручваючы цыгарку.

— Як хочаш панюхаць, то вунь у хаце нюхаюць. Можаш ісці.

— Хто? — ажывіўся Уладзік і пацягнуў носам.

— Грыбкі разбагацелі...

— Хай яны атруты нап’юцца, гады,— плюнуў Уладзік і павярнуўся да акна, праз якое відаць былі за сталом мужчыны. Галасоў не было чуваць, толькі ўзмахі рук і рэзкія жэсты гаварылі за тое, што людзі спрачаюцца.

Уладзік пастаяў трохі, папыхкаў папяросай і сказаў:

— Пайду вады нап’юся, нешта сёння мяне смажыць.

Лявон толькі пагардліва хмыкнуў. Не паспеў ён дакурыць папяросы, як з хаты выйшлі музыкі, несучы свой інструмент.

Пасля добрай вячэры музыканты павесялелі, ажывіліся. Ударылі вальс, пасля абэрак. Параў набралася многа, кола было шырокае, на палову двара.

Нават дзеці не хацелі саступіць старэйшым: утварылі сваё кола, далей ад моладзі, і таўкліся, як камары. Яшчэ ў іх нічога не выходзіла, але ж і ўсе з таго пачыналі — мала-памалу навучацца і яны. І хоць старэйшыя не любяць, каб гэта драбяза трапляла ім пад ногі, пройдзе якіх пяць гадкоў, як яны ўжо будуць тут гаспадарамі — будуць наймаць музыкаў, піць гарэлку, танцаваць, цалавацца па завуголлі. На тое яно і жыццё, што старэйшы, як ні круці, павінен даць дарогу малодшаму. Нават ужо цяпер яны тут былі больш да месца, чым ён, жанаты, бацька траіх дзяцей.

Патроху Лявона стаў апаноўваць сум, і мо не так сум, як злосць, што вось ён ужо не той Лявон, якога ўсе баяліся, якому ніхто ніколі не сказаў упоперак слова. Вось выходзяць наперад такія Грыбкі, якіх ніхто ніколі не лічыў за людзей. Але што? Дзе няма людзей, там будуць нелюдзі. Людзі — лепшыя хлопцы, прыгожыя, смелыя, разумныя хлопцы — цяпер у турмах або за мяжою, многія ў пошуках працы і кавалка хлеба едуць і ідуць далёка ад сваіх родных мясцін.

Яго думкі перарваў вясёлы смех і крыкі. Высокі кучаравы шляхцюк Малахоўскі ў добрым гарнітуры і ў наглянцаваных да бляску хромавых ботах паліваў вадою пляцоўку, на якой танцавалі,— лета было сухое, зямля даўно прасіла вады. Хлопец ліў з конаўкі понізу, як рассяваў, буйныя пырскі каціліся дзяўчатам на голыя лыткі, і дзяўчаты з піскам кідаліся далей ад жартаўніка. І тут Мацей, які ўжо таксама выйшаў з хаты, схапіў з рук хлопца вядро і бухнуў яго ў той бок, дзе стаяў Лявон. Вада заліла яму ўсе ногі. Мацей гучна зарагатаў і кінуў вядро на траву, пад яблыню.

Лявон спачатку хацеў схапіць гэтае вядро ды стукнуць таму па галаве, але чамусьці стрымаўся — можна было апраўдацца, што ў Мацея выйшла незнарок. Але якое там незнарок? Адразу відаць, што чапляецца. Лявон не баяўся таго, што яны могуць распачаць тут бойку і што будзе потым, але рупіла сям’я: жонка, дзеці, бацькі. Брыдка будзе глянуць ім у вочы. Стары падла, як кажа жонка, а ўлез у кашу, звязаўся з гэтымі зладзеямі!

Але Лявон нават не глянуў у той бок, куды падаўся Мацей. Той ужо, відаць, добра падпіў, бо стаў вясёлы, задзірысты, гаваркі: так і шукаў, да каго прычапіцца. Галава шукала гуза. Цяпер у Лявона з’явілася ў душы нядобрае пачуццё: ісці ці не ісці дадому? Ісці — усе расцэняць як баязлівасць, а гэтага ён баяўся горш за ўсё. Не ісці — дабра не чакай, гэта ён ужо адчуваў.

«Э, хай будзе тое, што павінна быць! Яшчэ з гадзіну патырчу тут, і трэба брацца дадому. Усё роўна вечар прапаў, нават выпіць па-людску не ўдалося».

Тут да яго падышла жанчына, якую ён добра — яшчэ як добра! — ведаў: Кастусёва Параска. Яна была ў адных гадах з ім, але лёгкая цемната летняй ночы не магла схаваць яе прыгажосці, хоць і трохі прывялай, трошкі змятай цяжкім жыццём. Такая, яна здавалася яму яшчэ прыгажэйшай: цёмныя вялікія вочы з глыбокімі ценямі, прыпухлыя вусны з ледзь прыкметнай авальнай маршчынай вакол рота, ямкі на шчоках, востры, чуць прыўзняты нос — усё ў яе было на месцы. Нават стан, нават грудзі, хоць яна мела ўжо двое дзяцей, былі ў яе як дзявочыя. Цяпер яна жыла без мужа: яго засудзілі паны на восем год за палітыку. Тры гады яна ўжо адна... Калісьці, даўно, ён заляцаўся да прыгожай весялушкі Параскі Савош, але яна была надта ўжо непрыступная, як святая, а ён не любіў такіх дзяўчат. Ды і пасаг у яе быў малы, як ні кажы...

— А-а-а! Параска! — дзівіўся Лявон, і нешта незразумелае, падобнае на даўнішні, забыты боль, варухнуўся ў яго сэрцы.— Як ты тут апынулася?

— Відаць, так, як і ты,— выпадкам.

Голас яе быў такі знаёмы, такі прыемны, такі блізкі, што, здаецца, маладосцю, свежасцю, навізной даўно забытага хлынула на Лявона.

— Як гэта выпадкам? — У горле ў яго стала суха.

— От, хадзіла ў Яцкаўшчыну, думала пазычыць грошай...

— І пазычыла? — спытаў ён незвычайна спагадліва для свае натуры.

— Дзе там... Свайго не меўшы, кладзіся спаць не еўшы.— Яна ўздыхнула, але неяк лёгка, з чуць прыкметнай тугою.

— А навошта табе грошы?

— Хацела Кастусю паслаць пасылку... Даўно не высылала.

— Ведаеш што? Я табе пазычу, толькі не сёння. На гэтым тыдні ў мяне будуць грошы.

— А жонка што скажа?

— Жонка? Хіба я не гаспадар у сваёй хаце? Ды калі на тое пайшло, то яна і ведаць не будзе.

— Не, лепш не трэба, Лявонка. Мо табе самому патрэбны, а ты будзеш раскідацца. Як-небудзь выкручуся.

— Перастань! Я вось сёння два злоты на вецер пусціў. Каб ведаў, што цябе ўбачу, не траціў бы.

— То дзякуй табе, Лявонка,— сказала жанчына і непрыкметна рогам хусткі змахнула няпрошаную слязу.

— Што ты! Хай бы хоць калі зайшла да нас, мо і праўда часам што пільнае трэба. Заходзь, не саромейся,— ужо сур’ёзна гаварыў Лявон, не спускаючы вачэй з яе твару.— А грошы я табе сам прынясу. Добра? Злотых пяць хопіць?

— Хопіць. Толькі калі я табе іх аддам? — Яна апусціла галаву.— Мо хіба пасля лета, як пшаніцы намалоцім ды прадамо.

— Не турбуйся. Можаш і зусім не аддаваць...

— Як гэта зусім?

— Не прыкідвайся дурніцай.— У яго голасе не было і ценю няёмкасці, нібы ён гаварыў аб простых, звычайных рэчах.— За пару гарачых пацалункаў.

Жанчына, здаецца, толькі цяпер зразумела.

— Эх, Лявон, Лявон! А я думала, што ты перамяніўся. А ты застаўся, як быў,— сказала яна з сумам, але без злосці, толькі з лёгкім дакорам.

Лявон, аднак, не збіраўся каяцца за свае словы.

— I я думаў, што ты перамянілася, ажно засталася такая, як і была,— недатыка. Каму гэта трэба? Думаеш, Кастусю? Усё роўна ён не паверыць...

— Як ты можаш, Лявон, так пра яго думаць? — Яна стала суровая і сярдзітая.— Я ведаю яго лепш, як ты... Бывай! — І яна памкнулася ісці.

— Пастой! — Лявон ухапіў яе за руку.— Я пажартаваў, Параска. Чэснае слова. Не крыўдуй. Больш не буду, вось пабачыш.— Цяпер ён гатоў быў адкусіць сабе язык ад злосці, што так ляпнуў, не падумаўшы.

Параска вырвала руку.

— Адстань! — І яна растала ў натоўпе.

— Вось гэта баба! — сам сабе прашаптаў Лявон і хацеў ужо ісці — абы-куды, каб толькі не тырчаць тут, як раптам у хаце пачуўся крык.

Крык быў мужчынскі, але роспачны, праз плач. Крык не спалохаў Лявона, ён проста прагучаў баявым клічам — пачалося. Але... мо не варта лезці д’яблу ў зубы? Сям’я, дзеці... Аднак што сказала б Параска, каб стаяла вось тут, побач? Ого, яна сказала б — ідзі! Няважна, вернешся ты адтуль ці не. Ох і баба!

Гэтыя думкі-сумненні маланкай прамільгнулі ў яго галаве, і ён кінуўся ў хату, забываючы аб тым, што ў яго нічога няма ў руках.

Яшчэ з парога ён убачыў, як пасярод кухні ляжаў Савашоў Уладзік. На ім сядзеў Грыбкоў Васіль, прыціснуўшы каленямі рукі, а малодшы Грыбок, Мішка, яшчэ зусім малады хлопец — гадоў васемнаццаць, не больш, тонкі і, напэўна, слабы — здзёр у беднага Уладзіка штаны, а Мацей, які стаяў тут жа, бухнуў Уладзіку на голы жывот конаўку вады. Уладзік заціх, і ўсе падумалі, што ён сканаў ад страху. Васіль устаў, адпусціў яму рукі. Уладзік плакаў — ціха, бязгучна, кусаючы губы ад бяссільнае злосці. Пасля стаў на калені, падцягнуў штаны і паволі падняўся, На яго балюча было глядзець: гэтулькі абразы і крыўды было ў яго твары, што ўсе, хто глядзеў на яго ў тую хвіліну, адчувалі, нібы гэта іх саміх выставілі на пасмешышча. Адны Грыбкі ды яшчэ некалькі іх прыхвасняў заходзіліся ад рогату.

— Што вы здзекуецеся з чалавека, нелюдзі?! — не сваім ад хвалявання голасам крыкнуў Лявон і схапіў з качарэжніка жалезную качаргу.

На яго словы адказалі рогатам. А перад ім раптам стаў Мацей. На яго твары яшчэ блукаў самаздаволены смех пераможцы.

— Хто гэта нелюдзі? — Твар яго адразу перамяніўся.

— Ты!..— І Лявон падняў руку з качаргой.

Мацей не зрабіў нават жэсту, каб абараняцца,— гэта было лішняе. Нехта ззаду моцна стукнуў Лявона па карку. Лявон загайдаўся на нагах і асунуўся на калені ля самага парога. І не паспеў апамятацца, як тут жа некалькі разоў яго ўдарылі ботам у грудзі. У Лявона заняло дух, і ён упаў, скурчыўшыся, на падлогу.

Цераз Лявона беглі сюды і туды людзі, ён чуў лаянку, удары, ярасныя выкрыкі і звон выбітых шыбаў, але не мог падняцца — у вушах звінела ад удару, а перад вачыма плавалі вясёлкавыя кругі.

«Трэба разбіць лямпу, інакш капцы»,— прыйшла да яго думка, і ён зноў адчуў у сваёй руцэ жалезную качаргу. Ён размахнуўся і шпурнуў яе знізу ўверх — лямпа вісела ля самай столі. Хлынула цемра, пасыпалася на падлогу шкло і з грукатам упала качарга...

 

 

* * *

У хаце ціха, ні душы. Дзе ўсе падзеліся?..

Ён яшчэ не ведаў, што яго швагра Міхаля, Лабажэвіча, Уладзіка і яшчэ некалькіх хлопцаў, што заступіліся за іх, збілі да паўсмерці, як і яго самога, і ўсе яны паразбягаліся і параспаўзаліся, сплываючы крывёю. Мацей са сваёй хеўрай за паўгадзіны зрабіў у Перцавай хаце сапраўдны пагром.

Але ўсяго гэтага Лявон не бачыў. Як ён выбраўся з хаты, ці памог яму хто, ці не, былі яшчэ людзі на двары ці ўжо нікога не было — ён не памятаў. Ачнуўся ён ад начной свежасці, а колькі тут праляжаў — невядома. Здаецца, нічога не балела. Але варта было варухнуцца, як усё цела адзывалася нясцерпным гарачым болем. Гарэлі плечы, нельга было падняць правае рукі, а галавы ўвогуле нельга ні крануць, ні паварушыць — шыя стала як чужая, і рэзкі боль аддаваўся ў патыліцы, правае вока запухла.

Усё тое, што адбылося нядаўна, здавалася яму нейкім пачварным сном, які нябачнымі ніткамі быў яшчэ звязаны з тою яваю, у якой ён цяпер апынуўся. Ён хацеў уцячы ад таго сну і ад гэтай явы, забыцца на ўсё, устрапянуцца і ўбачыць сябе дома, на пасцелі, побач з жонкай. Але нічога не выходзіла. Праклятая ява, ганебная і пакутлівая, не прападала... Ён паспрабаваў устаць. Рукі дрыжалі, ногі не слухалі, падгіналіся. І ўсё ж ён падняў сваё неймаверна цяжкае цела і сеў. Аддыхаўся, пачаў прыўзнімацца на ногі, устаў і пайшоў. Яго трохі вадзіла ўбакі, ён балансаваў рукамі, хапаўся за паветра і памалу, баючыся аступіцца, ішоў, нібы нёс на галаве шклянку з вадою.

Здаецца, ішоў ён доўга, ужо не было сілы, хацелася сесці, а дарога не канчалася, і вунь яшчэ дзе далёка выплываў са змроку Кухарчыкаў хутар. Зачапіўся за груду — і бухнуўся на зямлю. Доўга мергаваўся, пакуль устаў. Нейкая тупая ўпартасць памагла яму адолець цяжар і павяла наперад.

— Няхай, яшчэ пабачым,— шаптаў ён сам сабе і ішоў далей, падаў, уставаў, зноў ішоў, зноў падаў. Вось гэты ненавісны двор... Каб меў сілу, абышоў бы за вярсту, каб не бачыць яго.

— Няхай, яшчэ пабачым,— прастагнаў ён і пагразіў кулаком у бок Юзікавых будынкаў.— Яшчэ пабачым...

— Што пабачым, што пабачым? Каму ты пагражаеш? — пачуў ён за сабою голас і ўздрыгнуў ад нечаканасці : гэта гаварыў сам Юзік.

Лявон прымусіў сябе стаць, хоць падмывала пабегчы, каб толькі тая сіла. Да яго падыходзіў Юзік, невысокі, але моцны чалавек, аднолькавых з ім год, яго даўні заўзяты вораг, той самы, што некалі, як уюн на скаварадзе, круціўся пад яго, Лявонавымі, ударамі... Ніколі яны не сыходзіліся пасля на такой вузкай дарожцы, як сёння, і трэба ж Лявону якраз быць такім!

«Калі ён здагадаецца, што я ледзь трымаюся на нагах, ён нападзе»,— варухнулася думка ў Лявонавай цяжкай галаве.

— А што табе трэба? — Язык не слухаў яго, хоць ён стараўся гаварыць цвёрда і спакойна.

— Я хачу табе вярнуць стары даўжок,— сказаў Юзік са здзекам.— Надта ён у мяне заляжаўся, каб часам не прапаў.— І ён падышоў бліжэй. У руках у яго нічога не было.

— А, сабака, асмялеў? — са злосцю прамовіў Лявон і падрыхтаваўся.— Думаеш, так лёгка мяне ўзяць?

— Што цябе браць? Я ж бачыў, як ты носам араў мне дарогу... Сёння цябе такі добра пафарбавалі на чырвона. І я яшчэ дадам.

Тут ён выхапіў з левага рукава кароткі прэнцік і, узмахнуўшы ім, апусціў на Лявонаву галаву.

...Бралася на дзень. На траве ляжала буйная халодная раса. Над жытамі з шумам пралятаў свежы ранішні вецер. Лявон поўз па ўзмежку, зграбаў з травы расу і змочваў сабе твар. Ад гэтага рабілася трохі лягчэй. Ён поўз і ўвесь час правальваўся ў нейкія ямы.

І хто іх толькі навыкопваў? Сцежка знаёмая, а гэтулькі ямаў!

Раптам пачуўся знаёмы голас, толькі нейкі прыглушаны :

— Гэта ты, Лявонка? Ах, бедная твая галава...

Параска... Толькі ў белай сукенцы. Чаму ў белай?

Калі яна паспела перамяніцца?

Параска схілілася над ім і гладзіла па галаве, гладзіла — і нібы здымала боль сваімі пяшчотнымі рукамі.

— Бачыш, Параска, які я... Ніколі такі не быў...— І ён заплакаў — а даўно ўжо не плакаў.

— Не плач, Лявонка, я табе пасаблю. Устань.

— Не магу...

— Устань, ты дужы. Гэта табе здаецца, што не можаш. Уставай!

Ён устаў, яна нават не дакранулася да яго, і ён здзівіўся, як не ведаў дагэтуль, што ён дужы і поўны сілы. Дарэмна ён ляжаў пластом на зямлі і лічыў, колькі ўдараў адмерае яму гэты баязлівец Юзік.

— Дай мне руку, Параска... Галава водзіць ўбакі.

Яна падала яму сваю цёплую, моцную руку, і ён зноў адчуў, нібы паздаравеў, нібы яе сіла перадалася яму праз яе тонкія цвёрдыя пальцы.

— Як лёгка з табою ісці! А Кастуся ты не баішся?

— Не, не баюся. Я смелая.

— Ты смелая? Няўжо?

— Смелая.

— То пацалуй мяне...

Ён зажмурыў вочы і адчуў на сваіх вуснах дотык яе гарачых, пахучых, як мята, вуснаў.

— Я падаю, Параска. У мяне кружыцца галава.

— Не бойся, любы.

— Як ты сказала?

— Любы...

— Я падаю...

Яна памагла яму ўстаць, і ён зноў пайшоў, не выпускаючы яе рукі. Ён ні аб чым не думаў, нічога не хацеў пытаць у яе, нічога не хацеў успамінаць — яму было так лёгка і добра, што боль, здавалася, даўно прапаў, раны, здавалася, загаіліся, а ён праводзіць яе з вячорак, і ім ісці па адной дарозе. Ён трымае яе руку — і больш нічога на свеце яму не трэба. Сэрца яго поўніцца шчасцем. Параска Кастусёва — ну і што, што Кастусёва? — ідзе побач з ім, праводзіць яго, ці ён яе — няважна, праводзіць дадому, яна нават пацалавала яго... У яго зноў закружыла ў галаве, мусіць, ад шчасця, ён упаў, але толькі на калені. Ён абняў Параску за ногі, яна не вырывалася, але і ён больш нічога не хацеў — хацеў толькі адчуваць цяпло яе цела праз тонкую спадніцу, хацеў астояцца і стаць на ногі, каб ісці далей, бо пачынала ўжо світаць, жаўранкі завялі ў небе сваю ранішнюю песню. Што скажуць людзі, калі ўбачаць іх разам? Свае Лявоніхі ён не баіцца, але пра Параску могуць падумаць нядобрае, напішуць Кастусю...

— Параска...— шэпча Лявон.— Я пайду ўжо адзін. Ужо блізка. Вось мая хата. Ты ідзі, а то людзі ўбачаць... Я не хачу, каб Кастусь крыўдаваў на мяне. Чуеш? І грошай я табе пазычу. Вось пабачыш... Сам прынясу...

— Дзякуй, Лявоначка,— чуецца яе такі пяшчотны, поўны любасці і дабраты голас.

— Гэта табе дзякуй, Параска. Без цябе я прапаў бы. Дзякуй, Параска... Тут я ўжо адзін. Вось і парог...

Ён упаў на ганку, моцна стукнуўшыся аб дзверы ў сенях.

Параска знікла, нібы растала. Ён тады зразумеў, што яе зусім не было, што не было яе і на Кухарчыкавай сцежцы і на дарозе...

Ён ляжаў адзін на сваім ганку — знявечаны, слабы, але жывы.

 

1965 г.


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Дамашэвіч Ул. Выбранае. Аповесці і апавяданні. Мн., "Маст. літ.", 1977. 368 с. 2. с. укл. ("Б-ка беларускай прозы")
Крыніца: скан