epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Дамашэвіч

Першая група крыві

І
ІІ
ІІІ


 

І

Пільневіч трапіў у палон не паранены, а здаровы. Пад Мінскам іх часць разбілі, і з узвода засталіся лічаныя людзі. Загінулі камандзіры, і рэдка хто ўратаваўся з байцоў.

...Калі сцямнела, ім загадалі акапацца. Усе былі стомленыя, галодныя, не спалі некалькі сутак узапар, але загад ёсць загад. І яны акапаліся, нарыхтавалі вінтоўкі і апошнія гранаты. Ды галоўнае, чаго неставала яму,— гэта цвёрдай упэўненасці, што яны нешта тут зробяць, што іх ахвяра прынясе некаму карысць.

Гэтая няпэўнасць жыла ў ім ужо і раней, ён, Пільневіч, нёс яе яшчэ з Клецка, калі іх у панядзелак мабілізавалі. Ён са сваім суседам, нізенькім моцным Ленкаўцом, падаўся разам з невялікай групай людзей на ўсход — спачатку па гасцінцы да Нясвіжа, потым на Стоўбцы, але ўжо не дарогаю, а палямі, вузкімі селавымі дарожкамі і межамі, парослымі дзяцелінай, піжмаю, гарошкам і жоўтым свентыяннікам.

Ужо за Стоўбцамі яны далучыліся да вялікай часці, якая адыходзіла з-пад Баранавіч і ў якой было многа параненых, але такіх, што яшчэ маглі ісці самі.

Па дарозе на Мінск іх разоў некалькі абстралялі варожыя самалёты, але як бы ненарокам, нібы галоўная іх задача была другая. А мо так Пільневічу толькі здавалася, бо ён ужо трохі абстраляўся, і самалёты не так наганялі на яго страху,— не тое, што першы раз, калі здавалася, што кожная куля, выпушчаная з самалёта, ляціць у цябе.

...Акапаліся яны надзейна, а прасядзелі там мо якую гадзіну ці болей. Загадалі здымацца і ісці далей. На душы ў Пільневіча стала яшчэ больш трывожна.

На світанні ў адной вёсцы напароліся на дэсант. Іх так прачасалі з аўтаматаў і кулямётаў, што мала хто ўцалеў. Астатніх выратавала тое, што побач з вёскай быў палетак жыта, і па ім яны, нямногія, шпарылі, прыгінаючыся, аж да невялічкага ляска, дзе думалі знайсці сабе сховань. Але тут іх сустрэлі так жа, як нядаўна ў вёсцы. Упаў, нават не страпянуўшыся, яго сусед Ленкавец. Пільневіч кінуўся да яго, укленчыў, прыклаў вуха да грудзей. Дарэмна! Разрыўная куля разнесла чалавеку ўсю патыліцу, а кудою ўвайшла — не пакінула ніякага следу, мо праз рот...

«Пахаваць яго, ці што?..— падумаў толькі Пільневіч.— Не пакідаць жа груганам на здабычу...»

Ды тут да яго падбег высокі баец, увесь чорны ад сонца і смагі, крыкнуў: «Хопіць маліцца, думай пра сябе!» Пільневіч неяк механічна ўстаў, як не сваімі нагамі прайшоў некалькі крокаў, азірнуўся на свайго суседа, які яшчэ віднеўся ў траве, выцер рукавом мокрыя ад поту і слёз шчокі, а потым пабег трушком, валочачы па зямлі вінтоўку.

Без перадышкі яны беглі з вярсту, задыхаліся і пападалі на ўскрайку лесу, перад самым полем — неўзараным папарам, утаптаным кароўскімі і авечымі капытамі.

Усіх засталося чалавек дваццаць, пераважна незнаёмых, з розных узводаў і ротаў, камандзір быў адзін на ўсіх — малады белабрысы лейтэнант Крывалап. Пільневіч чуў, як яго называў той чарнявы высокі баец, што адарваў яго ад забітага суседа. У лейтэнанта была закручана брудным закарэлым бінтам кісць левай рукі, але ён сам быў нават вясёлы — худы, шэры ад пылу твар, вочы з гарачкавым бляскам і гэтая, відаць, знарочыстая, праз сілу, весялосць, якая не вязалася з усім тым, што цяпер рабілася.

Калі ўсе сабраліся і пападалі на траву вакол свайго новага камандзіра, ён уважліва агледзеў усіх, прыжмурыўшы вочы, і сказаў з прыкметным дакорам:

— Што ж, браткі, драпалі мы здорава. Калі так будзем і далей старацца, немец нас да самага Дняпра не дагоніць. Трэба трохі збавіць тэмп, трэба...

У такой вось жартаўліва-сур’ёзнай манеры, якая выклікала ў многіх усмешкі, лейтэнант пагаварыў з байцамі мо з паўгадзіны, урэшце некаторыя асмялелі і сталі нават спрачацца з ім. Ён не асаджваў іх, цярпліва выслухоўваў, потым, як спрактыкаваны барэц са слабейшым праціўнікам, клаў на лапаткі: спрытна і доказна разбіваў усе довады тых, хто з ім не згаджаўся. А часам яго прыпіралі да сцяны. Тады ён апускаў галаву, слухаў, усміхаўся, часам крывіўся, узнімаў вочы на таго, хто гаварыў, глядзеў з насмешкай ці нават са здзіўленнем.

Калі ўсе нагаварыліся, паківаў галавою і спытаўся:

— Ну як, мо хопіць дыспутаў? — І дадаў сур’ёзна, без ранейшай насмешкі: — Вашу крыўду я разумею, бо і мне таксама, як і вам, не ўсё ясна. На многія такія загадкі адкажа сама гісторыя. На ўсё патрэбен час. Вось мы кінуліся ў паніку, адступаем, клянём і лаем усё на свеце... Але і гэта пройдзе, не можа таго быць! Астоімся, дамо фрыцу па зубах, тады пойдзе весялей. І многа з таго, што нам цяпер страшна, здасца нават смешным...

— Каб жа твае словы ды богу ў вушы...

— Калі тое свята будзе...

— І хто яшчэ дажыве...

— Гэта то гэта, але што рабіць вось цяпер, куды ісці?

Апошняе пытанне вярнула ўсіх да клопатаў вось гэтай хвіліны, што трэба нешта рашаць. Усе пазіралі на лейтэнанта і чакалі, што ён скажа. А ён горка ўсміхнуўся, памаўчаў.

— Вы думаеце, што ў маёй галаве на ўсё гатовыя адказы? Я нашу толькі ўсяго два кубікі, і глянуць на ўсё зверху не магу, як і вы... Даць нейкія прагнозы — цяжка. Невядома, з якога боку вецер паверне... Але па ўсім відаць, што мы тут,— ён павёў правай рукою на нядаўна пакінуты рубеж,— доўга не ўтрымаемся, тут няма за што ўчапіцца, няма выгаднае воднае перашкоды... А што да сённяшняга дня, то я лічу, што заставацца тут болей няма сэнсу. Нам трэба злучыцца з якім-небудзь буйным падраздзяленнем, інакш...— ён не скончыў і раптоўна запытаўся: —Дык як, ідзём ці не?

— Ты — камандзір, што ты пытаеш? Загадвай — і мы ўсё зробім,— сказаў старэйшы ў іх групе няскладны з выгляду баец у зусім новым абмундзіраванні.— Так я кажу, хлопцы?

— Правільна кажаш, стары,— адказалі байцы.

— Вядзі нас, Сусанін,— пажартаваў нехта.

Лейтэнант рэзка ўсхапіўся на ногі, абцягнуў гімнасцёрку адною рукою.

— Эх, браткі! Быць не можа, каб я вас не вывеў! За мной!

Байцы дружна падняліся.

 

ІІ

Назаўтра раніцай сонца ўжо трохі адарвалася ад зямлі, як ззаду да іх даляцеў гул матораў. Цяжка было адразу разабрацца, што гудзе — неба ці зямля, і лейтэнант загадаў спыніцца. У цішыні выразна чуўся натужны рэў матораў — танкі ці нешта падобнае.

— Нас даганяюць! — крыкнуў малады баец у касцы і са скруткам плашч-палаткі цераз плячо і роспачна глянуў на свайго камандзіра.

— Спакойна, без панікі,— асадзіў байца лейтэнант і крыкнуў: — Рассыпацца ланцугом! Лажыцца!

Байцы ў момант выканалі загад, рассыпаліся ланцужком па полі, тыя, што мелі лапаткі, сталі нават акопвацца.

Машыны ўжо блізка, чуваць перастук і скрыгат жалезных гусеніц, сярдзітае вурчанне матораў. І вось з-за пагорка проста на іх выскачылі дзве машыны на гусеніцах, толькі спераду былі два колы — машыны, закрытыя з бакоў ліставым плямістым жалезам, ашчаціненыя аўтаматамі і кулямётамі.

Пільневіч чакаў каманды страляць, ён ужо шукаў сабе цэлі, але ніхто не страляў — ні з таго, ні з другога боку. А на пярэднім бронетранспарцёры — Пільневіч зразумеў, што гэтыя машыны і ёсць бронетранспарцёры — за кулямётам стаяў малады русавалосы немец без пілоткі, з закасанымі да локцяў рукавамі мундзіра і скаліў зубы. Пэўна ж, ён добра разумеў, што ў любы момант можа аказацца добраю мішэнню для тых, што заляглі ля дарогі, аднак не хаваў галавы за жалеза. Ён як бы знарок хацеў паказаць — і сваім і чужым,— які ён смелы.

Бронетранспарцёры прытармазілі недзе за метраў пяцьдзесят ад ланцуга байцоў.

Немец за кулямётам ускінуў руку і крыкнуў:

— Эй, ві! Што, спалёхаліся? Уставайт! Пойдзем нах гаўзе, дадому!

Гэтыя словы — хутчэй запрашэнне, чым загад ці грубая лаянка, неяк усіх збілі з панталыку: што ён вярзе, гэты немец? Гаворыць не злосна, а паблажліва, не страляе. Яго словы, хоць і абражалі, але затое давалі нейкую, хоць сабе і малую, надзею на нешта лепшае, чым смерць. І яшчэ: яны паказалі немца не такім ужо людаедам, як чакалася. Жах палону не пакідаў Пільневіча ўсе гэтыя дні, ён чакаў самага страшнага, толькі не такога вось панібрацкага звароту: «Пойдзем нах гаўзе, дадому». Усё здалося цяпер намнога прасцей, чым думалася дагэтуль. А мо проста Пільневіч шукаў апраўдання сабе і ўсім астатнім?

Уставалі нясмела — спачатку адзін-два, потым пачалі ўздымацца ўсе — без вінтовак, адны з узнятымі рукамі, другія — так.

Раптам глухі кароткі стрэл прымусіў Пільневіча ўздрыгнуць і азірнуцца. За некалькі крокаў ад сябе на зямлі ён убачыў свайго камандзіра, які ляжаў ніцма і курчыўся ў перадсмяротнай агоніі. У правай здаровай руцэ яго быў заціснуты пісталет, нібы ён яшчэ збіраўся адстрэльвацца.

Пільневіч, забыўшыся на ўсё на свеце, кінуўся да лейтэнанта, але рэзкі папераджальны крык—«стой!» — спыніў яго на паўдарозе. Ён стаў, азірнуўся па баках — і паволі пачаў узнімаць рукі.

— Ком гір! Ідзі сюды! — клікаў той самы салдат за кулямётам.— Ты, ты! —І ён паказаў рукою проста на Пільневіча.

У Пільневіча пахаладзела ў грудзях, ногі зусім як адняліся. Ён стаяў некалькі крокаў ад машыны, якая ўжо спынілася, толькі матор аднастайна падыгваў. Ад машыны веяла цяплом.

— Не баісь! — крыкнуў немец і раптам даў кароткую чаргу над галавою Пільневіча — кулі, здаецца, ледзь не сарвалі ў яго пілоткі, завішчалі ля самых вушэй.

Немцы, якія ўжо не хаваліся за бартамі бронетранспарцёраў, гучна зарагаталі, нешта закрычалі, загалёкалі. Т^-. 1

З дзверцаў пярэдняй машыны выскачыў, па ўсім відаць, афіцэр у акулярах на гарбатым носе, нешта сказаў салдату за кулямётам. Той выцягнуўся, слухаючы каманду, і кінуўся галавою. Афіцэр зноў сеў у машыну, а той, за кулямётам, закрычаў, склаўшы далоні трубою:

— Эй, ві! Пастроіцца калёна і шагам арш нах Мінск! Панятно? Мінск, лягер! — і дадаў яшчэ нешта па-нямецку, ад чаго салдаты зарагаталі.

Яны саскоквалі на зямлю, збіралі вінтоўкі, але не клалі ў машыны, а выкідвалі замкі і разбівалі прыклады аб гусеніцы. Байцоў — былых байцоў — сагналі ў калону.

«Вось і палон»,— са стогнам сказаў сам сабе Пільневіч.

 

Быў спякотны летні дзень, сонца няшчадна паліла, вецер аслабеў і нават не варушыў галінамі на дрэвах. Палонныя рэзалі дошкі, абівалі сцены, засыпалі між дошак пясок, рабілі дах, майстравалі сабе трохпавярховыя нары.

Начынне, якое ім далі, трэба было выкінуць на сметнік — усё вынятае з агню, перапаленае, ад пілы да цвіка.

Палонныя падалі ад голаду, стомы і смагі, але іх падымалі няшчаднымі ўдарамі ботаў ці прыкладамі вартавыя і прымушалі працаваць.

Пільневіч таксама ледзь трымаўся на нагах, але старая сялянская цягавітасць ратавала яго і тут. Ён усё рабіў памалу, спакваля, але цягнуў добра і роўна, як стары вопытны вол: не рваў, але і не спыняўся. І ўсё ж нечым не дагадзіў іх наглядчыку. Той падышоў да Пільневіча, доўга глядзеў, як той прыбівае дошкі і ў яго раз за разам гнуцца ржавыя перапаленыя цвікі, потым вырваў ў яго з рук малаток і ўперазаў яму абрэзкам тоўстага чорнага кабелю па плячах. Пільневіча апякло, як агнём, ён крутнуўся, схапіўшыся рукою за тое месца, па якім прыйшоўся ўдар, і тут жа атрымаў яшчэ адзін — па галаве.

«Бум» — зямля тарганулася пад нагамі, і Пільне віч тут жа зразумеў, што ўжо ляжыць.

А немец наступіў яму на паясніцу цяжкім падкутым ботам і пачаў біць то па плячах, то па ягадзіцах, аж, здаецца, разрывалася скура. Сцяўшы зубы, Пільневіч маўчаў, і гэта, відаць, яшчэ болей раз’юшвала немца, ён аж прысядаў і ахкаў, нібы калоў дровы,— біў кабелем, потым наскамі ботаў пад рэбры, нібы за адзін раз хацеў дастаць з яго душу.

Спачатку Пільневіч хацеў ухапіць немца за ногі, паваліць і задушыць, як сабаку, які нізавошта здзекуецца з яго і б’е, як жывёлу, топча нагамі — не толькі цела, але і душу, і душа баліць болей, крывавіць і крычыць болей, чым цела. Цела маўчала...

Урэшце немец здаволіўся ці проста змогся, кінуў на зямлю палку з кабеля, расшпіліў мундзір і хустачкаю стаў выціраць успацелую шыю і грудзіну.

— Ферфлюхтен! Швайнэрайн! — лаяўся ён і пляваўся, ужо нават не пазіраючы на сваю ахвяру.

У Пільневіча дрыжалі рукі і ногі, з яго градам каціўся пот, з носа цякла кроў. Ён быў як звер, якога загналі ў клетку жалезным прутом, зламалі яго волю, прымусілі рабіць тое, што хочацца гаспадару. Сілы, каб супраціўляцца, яшчэ хапіла б, але інстынкт самазахавання падказваў, што трэба сцярпець, што гэта яшчэ не ўсё, будзе, надарыцца яшчэ нешта цяжэйшае і важнейшае. Бо чалавек у самай горшай бядзе яшчэ на нешта спадзяецца — і часам нездарма.

Хацелася, думалася пра тое, каб выжыць... Вядома ж, ён мог бы забіць гэтага самаўпэўненага немца, ды што з таго? Яго, Пільневіча, таксама забілі б. На дзве смерці болей было б — і ўся розніца. Праўда, ён адпомсціў бы. Але якою цаною? Так трэба рабіць, калі ўжо няма іншага выйсця, калі цябе піхаюць у бездань. Тады не грэх схапіць за горла свайго праціўніка і разам з ім паляцець уніз. А цяпер яшчэ нейкі цень надзеі жыў у яго душы, і думалася, што не ўсё скончана. Не можа быць, каб германцу не скруцілі галавы, няхай яму на пачатку і ўдалося разбіць іх, дайсці да Мінска і далей... Не можа быць, каб нашы не ўстаялі.

Так думаў ён, лежачы на сваіх, збітых уласнымі рукамі, нарах, мацаў сваё збалелае цела, глытаў слёзы крыўды і злосці, успамінаў усё сваё жыццё і ў соты раз праклінаў той няшчасны момант, калі на іх наскочылі нямецкія бронетранспарцёры і яны ўзнялі рукі. А што было б, каб яны адказалі агнём ? Ці правільна зрабіў іх камандзір лейтэнант Крывалап, што пусціў сабе кулю? Чаму ён не падаў ім каманды страляць? Пашкадаваў, што яны ўсе загінуць? Але ж сам ён не пабаяўся смерці... Ён як бы сказаў ім сваім учынкам, што нават на вайне кожны сам распараджаецца сваім жыццём...

Як заўсёды, заснуў ён позна. Сніліся ўсю ноч сны пра дом, бачыў то бацьку, які ўжо даўно памёр, то старую маці — заплаканую, у чорным адзенні, нібы ў жалобе па некім, то братоў, якія невядома дзе цяпер; то бачыў сябе яшчэ зусім малога ў лесе за каровамі, то ўжо дарослага, на полі за плугам. Сны былі кароткія, разарваныя, без усялякай сувязі.

Раніца не прынесла яму ніякай палёгкі — шумела ў галаве, усё цела ныла, было вялае, а тыя мясціны, дзе пахадзіў кабель, успухлі, да іх нельга было дакрануцца.

Ён не паспеў хутка саскочыць са сваіх нараў, і ўдабавак атрымаў кухталя прыкладам ад канваіра.

На пляцы пачалася ранішняя паверка. Кожны атрымаў свой нумар замест прозвішча і імя. Людзей ператварылі ў лічбы. Лічбы намнога прасцей. А людзей многа, і з кожным днём робіцца ўсё болей, становіцца цесна за дротам, а ў бараку няма дзе павярнуцца.

Урэшце мо гадзіны праз дзве ці болей іх, вялізную групу, пагналі з лагера ў лясок, дзе быў цэлы палатачны гарадок, а ля палатак завіхаліся людзі ў белым — адны мужчыны, няйначай, дактары.

«Няўжо тут якая камісія? — падумаў Пільневіч.— Мо будуць адбіраць здароўшых, адпраўляць куды на работу?»

Трывога адразу закралася ў яго сэрца. Ля палатак стаялі столікі, да кожнага з іх падганялі палонных, і дактары ў белым нешта ім там рабілі. Было ціха і трывожна, чуліся толькі кароткія адрывістыя словы па-нямецку ці сухі бразгат бліскучых незнаёмых інструментаў.

Малады рабаціністы доктар у залатых акулярах спыніў няўважлівы позірк на Пільневічу, нешта сказаў свайму суседу, які браў кроў з трубачкі і наліваў на маленькія квадратныя шкельцы, той усміхнуўся, кіўнуў галавою.

Пільневічу здалося, што доктар у акулярах сумняваецца ў нечым і шукае падтрымкі ў суседа. Але ўжо ў наступную хвіліну той, у акулярах, працёр Пільневічу змочанай у нешта ватай безыменны палец на левай руцэ і, прыставіўшы да яго нейкую бліскучую штуковіну, пстрыкнуў ёю. Нешта балюча стукнула ў палец. Пільневіч тузануўся, хацеў вырваць руку, але немец трымаў моцна. Не гледзячы на Пільневіча, доктар выціскаў з яго пальца кроў і набіраў у тонкую шкляную трубачку. Хацелася спытаць, для чаго ў іх бяруць кроў і чаму так мала. Ён чуў некалі, што ў людзей бяруць кроў і ўліваюць другім, але бяруць памногу, мо шклянку ці болей за адзін раз.

— Ды эрстэ групэн,— даляцеў да яго голас таго немца, што нядаўна ўсміхаўся і ківаў галавою свайму суседу ў акулярах.

Першая група — дайшло да Пільневіча. У яго першая група крыві. Здаецца, у яго лепшая кроў. Але што гэта дае? Ці ён даўжэй выжыве ў гэтым пекле? Ці тут нешта другое?

 

ІІІ

Што такое першая група крыві, ён зразумеў хутка. Пасля таго памятнага дня, калі іх вадзілі на праверку, жыццё ў лагеры перамянілася. У той жа дзень усіх, хто меў не першую групу, аддзялілі і недзе перавялі. А іх пагналі ў лазню, далі чыстую бялізну, у каго была парваная вопратка — замянілі на цэлую, хоць і паношаную, мо знятую з забітых ці такіх жа палонных, як яны самі. Іх нават пачалі лепей карміць, не ганялі болей на цяжкія работы. За які тыдзень людзі перамяніліся, акрыялі. Толькі ўсім не давала спакою думка: што азначае такая дабрата з нямецкага боку і ці не давядзецца за яе расплачвацца дарагою цаной?

Аказалася, што расплачвацца давялося не абы-чым.

— З нас робяць донараў,— шапнуў Пільневічу аднойчы сусед па нарах.

— А што гэта такое — донары? — для яго гэтае слова было новае, як з чужое мовы.

— У нас будуць браць кроў — для немцаў,— растлумачыў сусед.

Кроў для немцаў! Вось яно як паварочваецца...

Праз тыдзень іх зноў пагналі ў палатачны гарадок, толькі выглядаў ён ужо трохі іначай. Побач палонныя ставілі вялікі барак з новых дошак.

У палатцы іх клалі на падмосткі ля апарата, прабівалі вену ў згібе левай рукі і смакталі кроў. Тоўсты раскормлены немец, які хадзіў, перавальваючыся з нагі на нагу, казаў, што бяруць зусім «малё», не больш, як паўшклянкі, а браць трэба больш.

Калі Пільневіч устаў з палка, у яго пацямнела ў вачах, і ён ледзь утрымаўся, каб не ўпасці. Левая рука стала як чужая, ён не мог яе нават падняць. Увесь дзень ён быў як сонны, і нават назаўтра слабасць не праходзіла. Іх нікуды ў той дзень не ганялі, далі толькі паесці і загадалі разысціся па сваіх бараках.

Раней Пільневіч ніколі не думаў, ці цэніць ён сваю кроў. Здаецца, раней ён ніколі не дрыжаў за сваю кроў, не баяўся, як іншыя. У жыцці здаралася не раз парэзаць палец, рассекчы руку, прабіць нагу.

Ужо дарослы, калі служыў у польскіх салдатах, яму ўвесь час убівалі ў галаву, што ён не павінен шкадаваць сваёй крыві за Жэч Паспалітую, але Пільневіч, сам сабе думаў, што не надта ён, беларус, будзе ліць сваю кроў за паноў, якіх ён у душы інакш не называў, як акупанты. Так ён і зрабіў, семнаццатага верасня кінуў вінтоўку і прыйшоў дадому, ні разу не выстраліўшы за ўсю тую вайну.

Цяпер жа Пільневіч падумаў, што часіна яго надышла, тут трэба рабіць тое, што і ўсе,— стаяць да апошняга. Як і ў кожнага чалавека, у яго галаве тоўпілася тысяча пытанняў: чаму і як, і што будзе, але адказаць на іх ён сам не мог. Надта многа было такога, што чалавек не ведаў зусім, раней яго гэта не цікавіла.

Як бы там ні было, яго ўцягнула ў вір падзей, і ён не баяўся і не вырываўся з яго — хай нясе, хай круціць. І яго круціла... Ужо не раз побач з ім падалі людзі, і не яго віна, што ён сам застаўся жыць дагэтуль і што нідзе нават кроплі крыві не праліў за гэты ўвесь час, хоць смерць не раз пазірала яму ў вочы.

А цяпер... Яго ворагі бяруць кроў, не спытаўшыся,— яго кроў, іх не цікавіць, ці дорага ён яе цэніць...

Пільневіч адчуў, што цяпер ён зусім інакш стаў глядзець на тое, на што раней пазіраў праз пальцы. Ён адчуў, што яго кроў стала для яго самым дарагім, што ў яго ёсць, і стаў яе шкадаваць, як само жыццё. Бо што такое жыццё, як не пульсацыя, як не імклівы бег крыві па жылах? І пакуль ёсць кроў, датуль будзе жыццё.

А цяпер яго жыццё забіралі ў яго па кроплі, па сотні кропель. У яго бяруць кроў. Бяруць адзін раз, бяруць другі... Бяруць тыдзень... Бяруць месяц і больш... Ён стаў як цень — адна скура ды косці... Але не таму, што ў яго бяруць многа крыві, а таму, што бяруць тыя, у каго няма ніякага права на яго кроў... Не, гэтага нельга было дапусціць, гэтага нельга было стрываць, гэта было страшней за ўсякія пакуты і нават за смерць.

А жыць усё-такі хацелася! І мо ніколі так не хацелася, як цяпер. Раней ён пра гэта не думаў, жыў, як і ўсе, працаваў. Жыццё было нечым звычайным, і канца яму не было відаць. А тут жыццё ўвесь час на валаску — і мо таму так яно табе дарагое. Бо і праўда — хіба чалавек не родзіцца на тое, каб жыць? Каб прадоўжыць свой род? Каб паставіць на ногі сваіх дзяцей? А хто прадоўжыць яго род? Няўжо на ім ён і скончыцца?.. Нават гэты смярдзючы агідны барак часам здаваўся раем... Ляжыш, думаеш, успамінаеш... Ты далёка адгэтуль, тут толькі твой тулаб — скура ды косці, а дух твой там, дома, на волі... Ты малады і дужы. Бярэш у рукі сякеру, праводзіш пазногцем па лязе — глядзіш, ці вострая. Ідзеш у лес, каб высеч якую сухастоіну. Ідзеш... Там зацішак, лес разлягаецца ад птушынага спеву, у нос б’е пахам разагрэтай смалы, перапрэлага лісця і лясных красак. Грудзі дыхаюць вольна, ты адчуваеш сябе гаспадаром жыцця...

Потым, напрацаваўшыся ўсмак, вячэраеш, змываеш пот ля калодзежа, апранаеш святочную адзежыну, ідзеш на вячоркі. Там чакае цябе сінявокая Манька, якую ты ўвесь дзень не спускаў з думак...

І раптам у гэты закутак чалавечага шчасця ўрываецца дзікі віхор вайны, нішчыць усё і руйнуе, разбурае звыклы, усталяваны вякамі парадак, сее смерць. Чалавечая кроў цячэ ручаямі і рэкамі...

...Сёння ён ішоў на чарговую экзекуцыю, як на смерць, ногі былі як дубовыя калоды, цьмяна ў галаве складаўся нейкі план...

Усхадзіўся холад, калючы золкі вецер працінаў да касцей. І неба стала непрыветлівае, усё зацягнулася асеннімі цяжкімі хмарамі. Пад нагамі шамацелі першыя апалыя лісты. Глуха шоргалі сотні ног па ўтаптанай дарозе, чуўся прыглушаны кашаль, цяжкае дыханне суседа. Перад сабою Пільневіч бачыў зямлісты вожык галавы з адтапыранымі вушамі, тонкую худую пасінелую шыю, ссутуленыя плечы ў палапленай, праедзенай потам гімнасцёрцы, што датла выгарала на сонцы і даўно страціла свой ранейшы колер. І зусім нельга было сказаць, ці гэта ідзе стары, гадоў шасцідзесяці, дзед, ці які няшчасны сірата гадоў на шаснаццаць. І куды б ні глянуў — ішлі такія самыя шкілеты, грымелі касцямі, ішлі і не ведалі, дзе ўпадуць.

Тлела, разрасталася, апаноўвала ўсю істоту нянавісць і злосць. Пільневіч не мог схаваць яе, яна відаць была нават у яго позірку на немца, іх канваіра, які ішоў побач з імі справа, трымаючы на жываце свой чорны аўтамат. Ступі толькі з дарогі на крок — і гэты аўтамат — праўдзівей, гэтыя два аўтаматы,— сыпануць у цябе кулямі і ты ўпадзеш, нават не страпянешся...

Урэшце прыйшлі, доўга стаялі ля ўвахода ў будынак. Ад холаду людзі туліліся адзін да аднаго, напіралі на браму, ля якой стаялі вартавыя і прапускалі ў будынак па некалькі чалавек. Непрыкметна для сябе Пільневіч апынуўся ля самае брамы, на яго ўсё напіралі ззаду, і паволі ён ужо зусім насунуўся на вартавога, які стаяў пры браме злева. Той быў зусім абыякавы да гэтага гармідару — ужо звыкся з ім,— але калі Пільневіч насунуўся на яго зусім блізка, салдат выставіў перад сабою аўтамат і магазінам балюча ткнуў яго ў жывот.

Гэты ўдар працяў яго, як электрычным токам. Гэта было штуршком, немец нібы сарваў кручок, на якім трымалася Пільневічава цярпенне.

— Ах ты, нямецкая свіння!

Пільневіч схапіў абедзвюма рукамі аўтамат, а каленам з усёй сілы даў немцу пад ніз жывата. Той толькі войкнуў і адразу асунуўся на зямлю. Як па камандзе, палонныя накінуліся на другога вартавога пры браме, павалілі яго і сталі таптаць нагамі.

Як толькі аўтамат апынуўся ў Пільневічавых руках, ён адчуў сябе другім чалавекам,— нібы перарадзіўся, скінуў з сябе вымушаную пакорлівасць. Гэты халодны інструмент вярнуў яму ранейшую сілу і спрыт. Ён першы кінуўся ў дзверы барака, прабег па калідоры і апынуўся ў тым пакоі, дзе стаялі ненавісныя апараты і ля якіх завіхаліся людзі ў белым.

— Рукі ўверх, крывасмокі! — закрычаў Пільневіч дзікім голасам і даў чаргу перад сабою. Абслуга пападала на калені, некаторыя ўзнімалі рукі, хоць, напэўна, не зразумелі таго, што выкрыкнуў гэты палонны з аўтаматам. Пільневіч амаль нічога не бачыў і не разумеў, налітымі крывёю вачыма некага толькі шукаў. Ага, вось ён!

— Ты тут, гадзіна?

Пільневіч убачыў таго тоўстага раскормленага доктара, які з першага дня не спадабаўся яму — усё пакрыкваў на ўсіх і гаварыў, што «малё», «малё», трэба больш браць крыві з гэтых дармаедаў. Цяпер гэты рыжы кабан сядзеў пад сталом.

— Вылазь! — крыкнуў Пільневіч і паказаў аўтаматам на сярэдзіну пакоя.

Немец нясмела вылез з-пад стала, стаў на калені, а потым зрабіў рух, нібы хацеў абхапіць Пільневіча за ногі. І гэта рашыла яго лёс. Пільневіч даў кароткую чаргу, немец уздрыгнуў і ніцма ўпаў на падлогу, проста ў лужыну свае крыві.

«А якая ў цябе група?» — падумаў зларадна Пільневіч, пераступіў цераз труп і азвярэла стаў біць аўтаматам па ўсіх апаратах, прабірках, ажно стала горача.

Захоплены сваёю разбуральнаю работай, ён не чуў нават, што рабілася ў гэтым будынку і навокал яго: як бахалі стрэлы, ляпалі дзверы, чуліся крыкі, звінелі разбітыя шыбы. Як потым у гэтае бязладдзе гукаў уварваўся гул матораў, як цяжкія крокі патанулі ў гуле аўтаматных чэргаў.

Тое, што ён так удала пачаў, павінна было хутка скончыцца. Але пра гэта ён не ведаў, ды і не думаў. Свет для яго перастаў існаваць.

І раптам ён адчуў, як нехта ззаду, ударам у спіну, пранізаў яго доўгім тупым нажом. Ён дзіка азірнуўся і затуманенымі вачыма ўбачыў, як з дзвярэй у яго цэліўся нямецкі афіцэр без шапкі. Стрэлу ён ужо не пачуў, толькі заўважыў слабы дымок са ствала пісталета. У наступную хвіліну зямля рванулася ў яго з-пад ног, і ён паляцеў у бездань.

 

1967 г.


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Дамашэвіч Ул. Выбранае. Аповесці і апавяданні. Мн., "Маст. літ.", 1977. 368 с. 2. с. укл. ("Б-ка беларускай прозы")
Крыніца: скан