epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Дамашэвіч

Трэці лішні

І
ІІ
ІІІ


 

І

У абедзенны перапынак малады супрацоўнік выдавецтва Мікалай Васюк спяшаўся на спатканне. Здарылася так, што на суботніку ў падшэфным калгасе ён з першага позірку закахаўся ў адну дзяўчыну, як пасля высветлілася, студэнтку тэхнікума Веру Кавалёнак. У яго было некалькі выпадковых сустрэч з ёю, а перад ад’ездам у Мінск — студэнты яшчэ заставаліся — Мікалай нечакана ўбачыў яе праз акно: Вера трымала на руках дзіця гаспадыні, у якой была на кватэры.

Мікалай паківаў дзяўчыне пальцам, і праз хвіліну яна выбегла з хаты, у адной сукенцы і босая, хоць было ўжо даволі холадна. Ён пажартаваў: ці не рана вучыцца гадаваць дзяцей, а пасля спытаў яе адрас. Яна, доўга не думаючы, сказала, і ён абяцаў, зноў жартам, зайсці калі-небудзь у госці.

І вось Мікалай хадзіў у другі канец горада раз і другі, сам здзіўляючыся сваёй ахвоце, і ні разу не застаў Веры: яна займалася ў другую змену. Урэшце напісаў ёй кароткае пісьмо, у якім прасіў сустрэцца, і цяпер вось ехаў на ўмоўленае месца.

Тралейбус, здавалася, ледзь варушыўся, а прыпынкі былі доўгія, як знарок.

Ён ледзь пазнаў Веру, бо першы раз бачыў яе ў бардовым асеннім паліто, у цёплай стракатай хустцы на русай галаве. Мікалай пайшоў насустрач. Вера здалёк усміхнулася.

Цеплынёй і ласкай павеяла ад гэтай простай дзявочай усмешкі.

— Добры дзень, Вера! — голасам, у якім не тоўпілася радасць, прамовіў Мікалай.— Я ўжо думаў, што не прыйдзеш... Ты атрымала ліст?

Нейкі момант яны моўчкі пазіралі адно аднаму ў вочы.

Нарэшце Мікалай далікатна ўзяў Веру пад руку і прапанаваў:

— Зойдзем у скверык, прысядзем.

Яна кіўнула галавою.

Пад нагамі ціха шапацелі кляновыя лісты, шчодра расквечаныя восенню. Здавалася, што яны яшчэ жывуць, саграваючы непрыветлівую зямлю халодным лістападаўскім агнём.

Маладыя людзі зрабілі круг па скверыку і селі на лаўку. Мікалай распытваў Веру, як жывецца, як ідзе вучоба, ці цягне дадому. Яна бойка расказвала. Усяго паўгода, як яна ў горадзе, вучыцца ў статыстычным тэхнікуме. У мінулым годзе яна скончыла дзесяцігодку, а цяпер у асобнай групе са скарочаным тэрмінам. Жыве ў сваёй стрыечнай сястры, якая тут замужам. Сястра раней працавала, а цяпер дзеці апанавалі...

Вера сарамліва ўсміхнулася. Сумачку-чамаданчык яна ўвесь час круціла ў руках, «кантуючы», і ўсё змесціва яе з шумам перакочвалася з аднаго канца ў другі.

— Пашкадуй ты гэтую пасудзіну,— сказаў Мікалай і паспрабаваў адняць чамаданчык у дзяўчыны. Ад дотыку да яе гарачых рук Мікалая працяў ток.

Вера падабалася яму ўсё больш і больш. Здавалася, ён бачыў дзяўчыну, якую даўно песціў у сваіх марах.

Маленькі, крыху кірпаты нос, ясныя, з дзіцячым бляскам сінія вочы — усё ў ёй прыцягвала, вабіла да сябе. Яна нясмела апускала вочы пад яго позіркам, а Мікалай, як зачараваны, глядзеў ёй у твар, гладзіў яе тонкія, з доўгімі гнуткімі пальцамі рукі. Яна нібы знарок, каб здзівіць Мікалая, ціха палажыла яму сваю галаву на плячук. У яго грудзях стала раптам горача, сэрца застукала мацней. Хацелася абняць яе, моцна прытуліць да сябе. Але вакол хадзілі людзі. Яны сурова-асуджальна пазіралі на маладую пару, якая знайшла час забаўляцца сярод белага дня на людным скверыку. Абое на момант адчулі няёмкасць.

Непрыкметна праляцела гадзіна. Дамовіліся сустрэцца аж у нядзелю, бо заняткі ў яе канчаліся позна. А быў толькі аўторак!

Развіталіся на тралейбусным прыпынку.

Дні праходзілі марудна, асабліва да шасці вечара.

У нядзелю, навёўшы парадак у сваёй халасцяцкай «гаспадарцы», Мікалай схадзіў у бібліятэку, для прыліку прагледзеў часопісы і свежыя газеты. Хацеў пачытаць што-небудзь сур’ёзнае, але перадумаў. Больш тырчаў на лесвіцы, а то хадзіў па калідорах і разглядаў кніжную выстаўку.

Сустрэча была прызначана на пяць гадзін, а роўна ў тры Мікалай стаяў па білеты — першы раз яны пойдуць разам у кіно! Вольнага часу — паўтары гадзіны. Мікалай рашыў схадзіць у сталовую. Гэта лепшы сродак суняць хваляванне, не адзін раз правераны на практыцы...

«Што ж яна затрымліваецца так доўга?» — пытаў сам сябе Мікалай, калі прайшлі тыя паўтары гадзіны, а пасля — дзесяць, пятнаццаць, дваццаць хвілін. «А можа, зусім не прыйдзе?» У галаву закрадвалася сумненне. Яно авалодвала ім усё больш і больш. «Не можа быць»,— не хацеў мірыцца Мікалай з думкаю, што Вера не прыйдзе.

...Прайшло некалькі дзён. Позна вечарам Мікалай вяртаўся дадому з інтэрната — у яго яшчэ былі там сябры-студэнты.

Ён толькі выйшаў з-за рога вуліцы, як з прыпынку, адрывіста празваніўшы, крануўся трамвай. Мікалай на хаду скочыў на заднюю пляцоўку пярэдняга вагона. Людзей было мала. Стоячы ля дзвярэй, ён безуважліва паглядаў, як у заднім вагоне хадзілі людзі, робячы прывычны пераход ад увахода да выхада. На лаўках сядзела некалькі чалавек. Позірк Мікалая выпадкова спыніўся на постаці дзяўчыны, што сядзела плячыма да выхада. Мікалаю раптам здалося, што гэта нехта знаёмы. Вось дзяўчына падняла ўгару рукі, тонкімі доўгімі пальцамі папраўляючы стракатую хустку. Сэрца яго страпянулася — ён пазнаў Веру. Вось яна ўстала і пайшла да дзвярэй.

Мікалай пачакаў, пакуль яна сыдзе на прыпынак, і, саскочыўшы з падножкі, накіраваўся следам. У ім змагаліся два пачуцці: радасць ад нечаканай сустрэчы і крыўда за тое, што Вера не стрымала свайго слова. Але крыўда была маленькая і нязначная ў параўнанні з той вялікай радасцю, якая ахапіла ўсяго Мікалая.

«Сёння ў нас будзе рашаючы вечар»,— падумаў ён і праз некалькі крокаў нагнаў дзяўчыну. Яна не здзівілася, наперакор яго спадзяванням, толькі ледзь прыкметна ўсміхнулася і падала руку. Яны так і ішлі, узяўшыся за рукі, як дзеці. Мікалай пачаў гутарку здалёк — аб нечаканасці сустрэчы, але на языку круцілася другое: спытаць, чаго яна ездзіла дадому.

Аднак ён стрымліваў сябе і спакойна гаварыў аб іншым:

— Я цябе запомніў з першага разу і пазнаў бы, нават не гледзячы ў твар. Рукі ў цябе адметныя. Па іх я сёння цябе і пазнаў. Памятаеш, як у той індыйскай балерыны, што мы глядзелі ў часопісе.

Яна крыва, нібы нехаця, усміхнулася.

— Што мне мае рукі? Магу памяняцца з балерынай. Мне патрэбны моцныя рукі хатняй гаспадыні,— прамовіла яна, і Мікалаю здалося, што ён упершыню чуе яе голас — такая незнаёмая, неўласцівая ёй сумная нота прагучала ў ім.

— Ты збіраешся быць хатняю гаспадыняй?

— А чаму не? Усё да гэтага ідзе.

— Што ты гаворыш? Ты выходзіш замуж?! — амаль не крыкнуў Мікалай.

— Але, выходжу,— нібы знарок спакойна адказала яна.

Ён выпусціў яе руку. Нейкі час яны ішлі моўчкі. Мікалай не знаходзіў слоў. Нібы ад холаду, яго біла дрыготка.

— А хто ж ён? — стараючыся гаварыць спакойна, спытаў Мікалай пасля доўгай паўзы.

— Ты ўсё роўна не ведаеш.

— Скажы, буду ведаць,— спрабаваў ён жартаваць.

— Наш адзін выкладчык...

— Выкладчык... фізкультуры? — чамусьці вырвалася ў яго.

— Матэматыкі... Чаму ты думаеш, што фізкультуры?

— Чаму думаю?.. Ім падабаюцца такія дзяўчаты, як ты,— адказаў Мікалай, нібы выхваляючыся сваім вопытам.

Вера не захацела ці не заўважыла іроніі за кампліментам. Твар яе быў сур’ёзны і засяроджаны.

Нарэшце доўгі высозны плот, які абгароджваў будаўнічую пляцоўку, скончыўся: налева была Верына кватэра. Яны спыніліся на рагу.

Мікалай зноў узяў дзяўчыну за руку, з другой забраў чамаданчык-сумачку і, пазіраючы проста ў вочы, цвёрда спытаў:

— Скажы мне, не крывячы душою: ты любіш яго?

І з трывогай у сэрцы чакаў адказу.

Яна апусціла галаву, раздумваючы, а пасля ціха, але рашуча сказала:

— Не.

Сэрца яго азвалася радасным стукам, але, не выдаючы сваёй радасці, ён суха, з ледзь прыкметным дакорам у голасе спытаў:

— А што ж прымушае цябе ісці за яго?

Вера глянула на яго поўнымі болю вачыма, твар яе рэзка скрывіўся, і яна закрыла яго рукамі.

Тады ён выпусціў з рук сумачку і, прыгарнуўшы да сябе дзяўчыну, стаў цалаваць яе рукі. Яна асцярожна прыняла іх, і ён, п’янеючы, цалаваў яе мокры твар, адчуваючы на вуснах салёны смак слёзаў.

— А мяне ты любіш? — ціха спытаў Мікалай, не выпускаючы яе з абдымкаў.

— Цябе люблю,— прашаптала яна праз слёзы.

Ён цалаваў яе яшчэ і яшчэ, пакуль яна не адказала яму доўгім і гарачым пацалункам.

— Любая, я цябе нікому не аддам. Ты будзеш толькі маёю...

— Позна, Коля...— яна зноў усхліпнула.— Я павінна табе ўсё сказаць... Я ўжо... жанчына.

Гэтыя словы нібы апяклі Мікалая.

— Ты... ужо? — прахрыпеў ён і змоўк.

А між тым, Вера была спакойная, як чалавек, што выканаў свой абавязак. Толькі вочы яе хаваліся ад яго калючага позірку, у якім яна чытала сабе бязлітасны прысуд.

Хвіліну счакаўшы, нібы апраўдваючы, яна загаварыла:

— Коля, ты асудзіш мяне за гэты ўчынак, я ведаю. Але што мне заставалася рабіць? Не з раскошы я дала згоду ісці за яго замуж. Калі ты сам бачыў гора, то ты павінен зразумець мяне. Ён хітры. Ён спачатку адносіўся да мяне як добры дзядзька да сіраты-пляменніцы, а пасля я не заўважыла, як папала пад яго ўладу. Ён купляў мне падарункі, мы разам хадзілі... Ён памагаў мне, хоць я і не хацела гэтага. І вось мы паехалі да маіх бацькоў, ён іх скарыў сваёю вучонасцю і з імі вырашыў мой лёс. Яны далі згоду, што я выйду за яго замуж. Мяне нават і не спыталі. А калі я сказала, што не пайду за яго, бацька ледзь не выгнаў мяне з хаты. «Ты не маеш права абыходзіць свайго шчасця!» Што мне заставалася? Я згадзілася... Праз тыдзень наша вяселле...

Спакойны, роўны тон яе голасу вывеў Мікалая з цярпення. Як можна спакойна гаварыць аб самагубстве? Яна нешта яшчэ хацела сказаць, але Мікалай, схапіўшы яе за руку, крыкнуў:

— Стой, даволі! — І, амаль знізіўшы голас да шэпту, не хаваючы злосці, загаварыў хутка і блытана: — Ты разумееш, што ты робіш, ці не? Ты думала пра сябе, калі згаджалася? Ён купіў цябе! Ён спадабаўся тваім бацькам! — з’едлівым тонам праз сціснутыя зубы цадзіў Мікалай.— А табе ён падабаецца? Ён сам пацікавіўся гэтым? Яму напляваць, любіць яго жонка ці не, абы яна яму была даспадобы. Але гэта пачатак! Ты мала жыла яшчэ на свеце і не ведаеш, што значыць жыць з нялюбым чалавекам. Ты ідзеш на дамашнюю катаргу! Думаеш, хопіць таго, што ён цябе любіць і дасць кавалак хлеба? Хутка гэты кавалак стане табе ўпоперак горла.

Мікалай быў узбуджаны. Ён размахваў рукамі, сцяўшы зубы, наступаў на Веру, адыходзіў на крок, калі яна палахліва адхіналася ад яго, зноў сцішаў голае, кідаў ёй у твар самыя важкія, як яму здавалася, довады.

Вера слухала, не падымаючы галавы. Цяжка было прачытаць на яе апанураным твары, якое ўражанне рабілі на яе палкія словы Мікалая.

— А што ж ты параіш? — нібы ачнуўшыся, спытала дзяўчына, бачачы, што ён не знаходзіць слоў.

— А ты паслухаеш маю раду? — адказаў ён пытаннем.

— Калі яна чаго-небудзь варта...

— Скажы... вы зарэгістраваны?

— Яшчэ не, але ён падаў заяву...

— Заяву трэба вярнуць, пакуль не позна, і... перапісаць. А пасля паедзем да тваіх бацькоў — сварыцца і мірыцца...

Хоць Мікалай гаварыў цвёрда,— не было, аднак, у яго душы ўпэўненасці ў сваім рашэнні, нібы ўсе словы былі сказаны з гарачкі, з разгону, а не па-шчырасці. І таму, відаць, Вера сэрцам сваім адчула прыхаваны фальш і пасля кароткай паўзы спакойна адказала:

— Не!.. Што скажуць мае бацькі? Як я гляну людзям у вочы? Не, будзе так, як ёсць. Позна...— Апошняе слова прагучала, як прысуд.

— Позна? Не, не позна! Ты не маеш сілы разарваць з ім? І не верыш мне?

Дзівак! Ён не верыў у гэта сам, а хацеў, каб паверыла яна!

Можа, таму Вера няпэўна адказала:

— Не ведаю... Мо і праўда...

Мікалаю хацелася абразіць яе, назваць бязвольнай і безгаловай, але замест гэтага ён сказаў:

— Вось што...— Ён хацеў назваць яе імя, але зрабіў толькі паўзу.— Я свайго слова не забіраю. Ты абдумай усё яшчэ раз. Асабліва аб сабе падумай, аб сваёй будучыні. І тады скажаш мне. Добра?

— Не ведаю,— быў адказ.

— Падумай,— сказаў Мікалай, адчуваючы, што ў грудзях у яго пачынае расці злосць.— Мне пара.

...На работу Мікалай прыйшоў раней за ўсіх і адразу ж узяўся за працу, спадзеючыся заглушыць свае думкі. Але старанні яго былі дарэмныя. Зноў і зноў ён варочаўся да ўчарашняй размовы з Верай, а сама яна паўставала перад ім, як прывід, засланяючы літары, і ён, здавалася, чуў яе голас, чуў так ясна і выразна, што, уздрыгнуўшы, азіраўся.

Васюк пачынаў чытаць, але праходзіў час, і ён зноў адрываўся ад працы — думкі былі заняты толькі Верай. Мікалай перабіраў усе падрабязнасці іх знаёмства ад першай сустрэчы да ўчарашняга выпадковага спаткання, даваў ацэнку ўсім, здавалася на першы погляд, нязначным фактам, яе паводзінам, словам.

...Суботнік у калгасе. Маладыя дзяўчаты-студэнткі выбіраюць бульбу. Уперадзе ўсіх — прыгожая дзяўчына гадоў дзевятнаццаці. Яна працуе лёгка, без намаганняў, нібы жартуючы. І так увесь дзень. Гэта Вера.

...Бульбу нагружаюць на машыну. Дзяўчаты насыпаюць кошыкі, хлопцы носяць. Вера недасыпае, калі Мікалаю прыходзіцца забіраць у яе. Ён выгаворвае ёй, а яна ціха адказвае: «Падарвешся»,— а сама чырванее, як мак.

«...Учора наплакалася невядома чаго. Убачыла на двары сабачку — такі самы, як наш. Нейкі жаль ахапіў, здаецца, паляцела б дадому... Яшчэ не адвыкла». І такім вінаватым тонам!

«...Трэба купіць паліто, а я распазычыла ўсе грошы таварышам. Што зробіш? Сама не раз пазычаю».

І яшчэ многа нязначных на першы погляд дэталяў прамільгнула ў яго галаве, але ўсе яны, узятыя разам, малявалі прываблівы, мілы вобраз дзяўчыны, якой дагэтуль яму не давялося сустрэць у жыцці.

Чым больш думаў Мікалай, тым усё больш пераконваўся, што Вера — гэта якраз той чалавек, якога ён даўно шукаў. Яму падабаліся яе наіўная прастата і непасрэднасць, у ёй не было ні кроплі фальшу і штучнасці. Яна не фарбуе пазногцяў і не робіць завіўкі. Усмешка яе — не дзяжурная какетлівая ўсмешка, пад якой хаваецца легкадумства, а выяўленне самых шчырых і чыстых пачуццяў. Яе сум — не капрыз распешчанай дачушкі, якой прыйшло ў галаву павадзіць цябе за нос, разыграць сцэну незразуметай асобы, а толькі роздум, толькі адпачынак стомленай маладой душы. Вера для яго — ідэал вясковай дзяўчыны, яшчэ не пазбаўленай першароднага хараства і цнатлівасці. Яна — разумнае чулае дзіця, якому трэба яшчэ расці, вучыцца і многа пазнаць. Гэта яшчэ схаваная, нераскрытая энергія, але яна так шмат абяцае!

Як жа ён можа аддаць гэты скарб, так нечакана знойдзены, у чужыя рукі? Ён застанецца жабраком, з пустой душою, калі яна пройдзе міма і не азорыць яго сваім ззяннем.

Да абеду заставалася хвілін дваццаць, але Мікалай рашыў «змыцца». Тралейбус прымчаў яго ў горад. Перасекшы сквер і трамвайную лінію, Мікалай стаў спускацца ўніз па знаёмай вуліцы. Ён ішоў хутка, гледзячы пад ногі і абмінаючы лужыны. Крапіў невялікі назойлівы дожджык.

Раптам сэрца Мікалая балюча страпянулася: насустрач ішла Вера, трымаючы пад руку... Мікалай спыніўся як укопаны. Вера ішла пад руку з Адамам Жукам, з якім ён гады тры назад жыў у адным пакоі. Адам вучыўся тады на трэцім курсе фізмата. Гэта быў самаўпэўнены малады чалавек, з высокай думкай аб сабе і сваіх здольнасцях.

— Васюк? — здзівіўся Адам.— Адкуль ты ўзяўся? Здароў! — Ён весела працягнуў Мікалаю шырозную руку, глянуў на Веру і дадаў: — Знаёмся з маёй жонкай.

Мікалай цяжка дыхаў. Збялеўшы, робячы паўзы пасля кожнага слова, прамовіў:

— Здароў... З неба... зваліўся... З жонкай?.. Мы знаёмы... без твайго... дазволу.— І ён кінуў кароткі позірк на Веру.

Яна глядзела сабе пад ногі. Твар яе быў белы, як палатно, а вусны шчыльна сціснуты. Усе трое маўчалі. Адам нібы нешта ўспомніў — ён рэзка насунуў капялюш на вочы: твар яго паволі залівала чырвань.

— Дык гэта і ёсць твой новы знаёмы? — спытаў ён у Веры, робячы націск на апошнія два словы.— А чаму ты не сказала мне, што ён ведае дарогу на тваю кватэру? Я пытаю ў цябе, чуеш? — у голасе Адама прагучала халодная, непрыемная нота.

Вера маўчала. Яна толькі рэзка павярнулася і стала бокам да Адама.

— Паслухай, Адам. Не гарачыся,— звярнуўся да яго Мікалай.— Ты дарэмна на яе нападаеш. Ды яна і не абавязана гаварыць табе ўсё і спавядацца перад табою.

— А табе што да таго? Ёй адвакатаў не трэба! — Адам збіў капялюш на патыліцу, адкрыўшы вялізны, як вітрына, лоб са шрамам-абручом над белымі бровамі.— Я рашаю свае сямейныя справы так, як мне падабаецца.— Голас яго гучаў груба і нядобразычліва.

— Дай адзін раз умяшацца ў твае сямейныя справы. Толькі адзін раз!

— Што табе трэба? — Спытаў Адам сурова.

Мікалай смела глянуў у вочы свайму суперніку і напружаным ад хвалявання голасам дадаў:

— Я павінен сказаць табе, што кахаю Веру...— і асекся.

Нібы скарыстаўшы гэтую замінку, Адам рэзка перабіў яго:

— Мне напляваць, што нехта кахае маю жонку. Я яе законны муж — і знаць нічога не хачу!

— А яна цябе ці кахае?! — амаль крыкнуў Мікалай.— Ты пацікавіўся гэтым ці не? Ты ведаеш, што яна прыносіць сябе ў ахвяру? Ты губіш яе і сябе!

Вочы Мікалая гарэлі шалёным бляскам, а ўсё цела напружылася, нібы ён збіраўся кінуцца на Адама. Засунутыя ў кішэні паліто рукі сутаргава камячылі пальчаткі.

Аднак Адам не спалохаўся. Ён паглядзеў спачатку на Веру, якая па-ранейшаму стаяла збоку ад іх і, здавалася, была безуважнай да ўсяго, пасля акінуў Мікалая халодным позіркам і спакойна, стрымліваючыся, сказаў:

— Не палохай. Не твой клопат. Я ведаю, што раблю. Пойдзем, Вера! — І ён рашуча ўзяў яе за руку. Абмінаючы Мікалая, працадзіў толькі: —Блытаецца пад нагамі...

Толькі цяпер Мікалаю дайшло да галавы, што Вера не прамовіла ні слова за ўвесь гэты час. Яна нібы набрала вады ў рот. Няўжо яна так і будзе маўчаць, няўжо так і пойдзе пад руку з Адамам, не плюне, не скажа яму ў вочы ўсю праўду?

І, трацячы апошнюю надзею, Мікалай нібы вырваў з грудзей набалелы крык:

— Вера! Як ты можаш маўчаць?!

Але Вера не азвалася. Яна пайшла пад руку з Адамам.

 

ІІ

Нехта сказаў, што час — найлепшы доктар. Ён лечыць самую глыбокую рану. Мала-памалу вастрыня ўсяго перажытага згладжвалася напластаваннямі новых падзей. Толькі па начах Мікалай доўга не мог заснуць. Было крыўдна і цяжка, часта да горла падступаў гарачы камяк, на вочы самі наплывалі слёзы.

Мікалай сам не ведаў, каго больш вінаваціць у тым, што здарылася. Хутчэй за ўсё — сябе самога, бо не мог доўга рашыцца, прыглядаўся, азіраўся, баяўся прамахнуцца.

Вінават і той, што ўзяў яе. Няўжо ён не разумеў, што дзяўчына ідзе за яго, бо не бачыць іншага выйсця? Яна дала згоду тады, калі яшчэ не была знаёма з Мікалаем. Няўжо Адам такі дурань, што не можа адрозніць сапраўднага пачуцця ад кепска схаванай абыякавасці? А можа, ён спадзяецца на свой аўтарытэт, на сваю сілу волі? Можа, ён разлічвае на тое, што простая сялянская дзяўчына будзе рада дастатку і застанецца навек удзячнай яму, як збаўцу? Цяжка сказаць, чым кіраваўся Адам Жук, калі рашыў ажаніцца з Верай, але Мікалай быў цвёрда перакананы, што не ўсё ўлічыў самаўпэўнены Адам...

Аднак пакрысе прыходзіла раўнавага. Час рабіў сваё: залізваў гаючым языком шырокую, на ўсю душу, як здавалася Мікалаю, вечную рану. І, можа, усё на гэтым скончылася б, ды нечакана, як гром з яснага неба, звалілася на Мікалаеву галаву пісьмо ад Веры.

Прыйшоўшы з работы, ён па прывычцы кінуў позірк на стол. Пісьмо! Мікалай, як заўсёды, хацеў адгадаць, ад каго, але не паспеў: сэрца падказала адразу, што гэта яна. Так, гэта Вера! Нешта здарылася, так не можа быць. Яго ахапіла хваляванне. Дрыжачай рукой ён разарваў канверт. Пісьмо было кароткае. Спачатку ішлі традыцыйныя пажаданні шчасця. Наіўная! Яна яшчэ не адраклася ад гэтага трафарэту! За пажаданнямі — усяго некалькі слоў. Яна просіць прыйсці на старое месца а першай гадзіне дня, калі ён не лічыць гэтага прыніжэннем для сябе. Ёй трэба параіцца з ім. І ў канцы — прабачэнне за турботы.

Мікалай цяжка ўздыхнуў. Так, нешта вельмі важнае. За спакойным тонам пісьма чуваць вялікае хваляванне, можа, нават гора.

Заўтра... Што ж яна скажа? Гэтае пытанне не вылазіла ў яго з галавы ўвесь астатак дня і назаўтра да абеду.

...Вера, як заўсёды, спазнілася. Яна выскачыла з трамвая, азірнулася. Цень усмешкі прамільгнуў на яе твары, калі яна ўбачыла Мікалая.

— А я думала, што вы не прыйдзеце... Вы не пакрыўдзіліся на мяне, што я патурбавала вас? — пытала Вера.

Яны ішлі ўверх па вуліцы, слізгаючы нагамі па свежым, але ўжо ўтаптаным снезе.

— Чаму ты са мною на «вы»? Здаецца, не так даўно мы былі на «ты»? Я паспеў стаць чужым для цябе? — дапытваўся ў яе Мікалай.

— Не, проста вы неяк пасталелі і, можа, нават пастарэлі за гэты час.— Вера кінула на Мікалая цікаўны позірк, але не было ў ім ранейшай непасрэднасці і бесклапотнасці.

— Не вы, а ты,— паправіў яе Мікалай і засмяяўся. Яму прыемна было бачыць яе вясёлаю. І тым не менш ён адчуваў, што гэтая весялосць штучная. Ён чакаў, пакуль Вера сама скажа яму «нешта важнае», а яна, відаць, чакала запытання ад яго.

Пасля кароткай паўзы Мікалай нарэшце не вытрымаў :

— Як жа табе жывецца... замужам? Раскажы...

Нібы хмара на сонца, лягла суровая пахмурнасць на яе твар. Вера, здавалася, стала меншай, скурчылася і змізарнела.

Мікалая кальнула ў сэрца гэтая перамена. Ён пашкадаваў ужо, што так рэзка і неасцярожна паставіў пытанне.

Але Вера справілася з сабою, ускінула галаву і спакойна сказала:

— Толькі не радуйцеся майму няшчасцю: я ўжо не замужам...

Мікалай не ведаў, што сказаць. У яго язык нібы прысох да паднябення.

— Што ты га-во-рыш? — трагічным голасам, расцягваючы склады, спытаў Мікалай. Ён проста не ведаў, як сустрэць такую навіну. І сапраўды, радавацца яму ці спачуваць ёй?

Вера тым часам прадаўжала:

— Але гэта не ўсё. Я больш не вучуся. Захварэла мая мама, я павінна была застацца дома, а пасля сама злягла і прабыла ў бальніцы два тыдні...

— Дык гэта здарылася да тваёй хваробы? — перабіў Мікалай.

Ён хацеў спытаць, што ў яе балела, але міжвольна першая навіна засланіла сабою ўсё іншае. Каб загладзіць свой промах, ён тут жа дадаў:

— Прабач, я хацеў спытаць: гэта паслужыла прычынай твае хваробы ці што другое?

— Прычын многа, і якая важнейшая, цяжка нават сказаць. Усё адно да аднаго.

І яна замоўкла, цяжка ўздыхнуўшы.

— А што ў маткі? Яна старая?

— Маме яшчэ трэба многа жыць, ёй усяго сорак пяць год. У яе апендыцыт. І сэрца зусім слабое. Яна баіцца аперацыі...

Так гаворачы, яны прайшлі кіламетры са два, а можа, і больш і агледзеліся тады, калі прыйшлі да вакзала, дзе Веры трэба было садзіцца на аўтобус.

— Я спяшаюся. У мяне такая да цябе просьба.— Вера нарэшце рашылася сказаць яму -«ты».— Мне патрэбна кватэра. Калі табе ёсць час, то праведай і перадай мне як-небудзь. Я на пару дзён паеду дадому. Пасля трэба будзе работу шукаць. Пра вучобу няма чаго думаць. І так я вельмі адукаваная.— І яна горка ўсміхнулася, а пасля дадала: — А як ты жывеш? Не жаніўся?

— Хацеў жаніцца, ды ноч малая,— сур’ёзна адказаў Мікалай.

Ён змоўк, хоць хацелася сказаць вельмі многа. Маўчала і Вера. Загаварыў Мікалай.

— Ты мне нічога не сказала. А знаць я хачу ўсё, што ў цябе там... Да нядзелі я пастараюся знайсці табе пакой. З работай цяжэй, але і яна знойдзецца, калі трэба будзе.

Яны цёпла развіталіся, умовіўшыся сустрэцца ў нядзелю.

...Сустрэліся яны, як добра знаёмыя, абмяняўшыся ўсмешкамі. Вера старался быць вясёлай, хоць за гэтай весялосцю відаць быў вялікі душэўны боль. Мікалай заўважыў сам сабе, што не кожны мог бы так трымацца. А можа, гэта легкадумнасць? Нешта не падобна... Даволі было аднаго слова, якое вяртала б яе да надзённых клопатаў і турботаў, як яна рабілася сур’ёзная і задуменная.

Размова спачатку не клеілася. Яны доўга хадзілі па прывакзальным скверыку, пакуль знайшлі лаўку. Нягледзячы на мароз, тут было людна. Голас з рэпрадуктара нібы стараўся перакрычаць рознагалосую пераклічку паравозных гудкоў.

— Дык ты, Вера, павінна расказаць мне больш падрабязна, што ў цябе такое. Ты ж была дома... Як маці, можа, папраўляецца? Няма надзеі? Не можа быць!

Мікалай пачаў даказваць, што аперацыя на апендыцыт — глупства, але Вера стаяла на сваім: для маці гэта небяспечна. Відаць, яна больш ведала сваю маці, а суцяшаць і падманваць сябе не хацела.

Дзяўчына ўсё больш і больш хмурнела і гатова была заплакаць. Мікалай узяў яе руку і ціха пагладзіў. Гэтай маленькай ласкі было даволі, каб Вера зусім расплакалася. Мікалай разгубіўся. Але яна хутка супакоілася, выцерла вочы і цераз сілу ўсміхнулася.

— Без слёз мы не можам. Гэта вы, мужчыны, з цвёрдымі сэрцамі...

— Як хто... Я сам магу пераносіць гора, боль — і нават лёгка. А вось бачыць, як некаму цяжка, не магу. Здаецца, няхай бы ён мне аддаў сваю пакуту, а сам быў здаровы і вясёлы...

А як яна? Як думае жыць далей? Яна не прымае ў разлік Мікалая... Яна лічыць, што ён перамяніўся да яе. Зноў і зноў натыкаўся Мікалай, як на сцяну, на гэты довад. А як ён мог даказаць, што ён застаўся па-ранейшаму адданы ёй? О, калі б яна магла зазірнуць яму ў душу, там яна ўбачыла б адну толькі сябе!

Мікалай не знаходзіў слоў, каб пераканаць яе. Не, не, цяпер ён будзе настойлівы, цяпер не будзе доўга разважаць і марудзіць: усё перадумана. Але чаго яна працівіцца?

Нібы ў адказ на яго ўнутранае пытанне, Вера гаворыць :

— Галава ў мяне кружыць і падварочвае пад грудзі... Нешта са мною робіцца...

Мікалай усё зразумеў... Што ж, так і трэба было чакаць.

— Гэтым ты мяне не спалохаеш, Вера, і не адштурхнеш ад сябе. Калі я цябе люблю, то буду любіць і... тваё дзіця.

Апошняе слова ён вымавіў неяк асабліва, нібы яно было іншамоўнае.

— Гэта толькі так здаецца спачатку. Чужое — не сваё,— суха зазначыла Вера.

— А хіба мала сем’яў, дзе дзеці адной маці і не аднаго бацькі і наадварот? Няўжо мы горшыя за людзей? Няўжо ты мне ўсё яшчэ не верыш? — з запалам гаварыў Мікалай.

— Родны бацька не хоча, каб дзіця ўбачыла свет, а што гаварыць аб чужым чалавеку?

— І ты згадзілася? — жах пачуўся ў голасе Мікалая.

— Што ты? Як магла я згадзіцца? Таму мы і разышліся... Ён гаварыў, што мне яшчэ рана быць маткай, што дзіця будзе скоўваць мяне і яго, будзе перашкаджаць працы...

— Вось як... А я ламаў галаву, што за прычына, і саромеўся спытаць...

Мікалай сапраўды пачырванеў, і на твары яго паявіўся выраз бездапаможнасці, які так не падыходзіў да яго суровага выгляду, надаючы яму пяшчотнасці і мяккасці.

Настала кароткая паўза. Але Вера раптоўна ўся сціснулася:

— Я змерзла. Давай паходзім...

Яны снавалі па скверыку сюды-туды.

— Слухай, Вера, што я табе скажу... Вось той час, калі можна паправіць памылку — тваю і маю. Ты рашылася парваць з ім, цяпер табе трэба рашыцца яшчэ на адзін крок. І калі ты мяне лічыш сваім чалавекам, калі ты мною даражыла... і любіш, ты павінна выйсці за мяне замуж. Не, не адгаворвай, што ты не варта мяне, што я знайду дзяўчыну, што ты будзеш з дзіцем...

Мікалаў быў як п’яны. Ён адчуваў, што гаворыць высакапарна, але словы яго ішлі ад сэрца, і ён нічуць не саромеўся іх.

— Ой, як многа ты нагаварыў,— сказала Вера, калі Мікалай зрабіў перадышку.

— Яшчэ не ўсё: мы павінны зарэгістравацца...

— Не, не,— Вера замахала рукамі.— Гэтага я не перанясу, што ты!

— То што цябе палохае? Чаму ты не можаш рашыцца? — дапытваўся Мікалай пасля кароткай замінкі.

— Усё невядомае палохае. Адкуль я ведаю, што мяне чакае з табою? Ды яшчэ я буду не адна... Каму патрэбна чужая бяда, лішні клопат?

— Ты апяклася на малацэ! Ты думаеш, што я жыў як у бога за плячыма, што я не бачыў гора? Ты мяне хочаш спалохаць цяжкасцямі — нібы я іх баюся. Дык ведай, што не цягне мяне раскоша і спакой. Да гэтага я не прывык і да гэтага не рвуся. Я хачу дзяліць радасць і кавалак хлеба са сваімі людзьмі, з тымі, хто даў мне жыццё і з якімі я вырас. Я не мару аб багацці... Я хачу толькі жыць сумленна і працаваць. Нам будзе спачатку цяжка, гэта я ведаю. Мы будзем пачынаць на голым месцы.

Вера некаторы час маўчала, нібы абдумваючы пачутае.

— Гэта так... Але што ты сказаў бы, каб тое дзіця, якое ты насіў на руках, крычала, хворае, і не давала ўсю ноч спаць? Ды не адну ноч? Ці хапіла б надоўга твайго цярпення? А ці толькі гэта?.. Вельмі многа ўсяго: турбот, клапот. Іх лягчэй пераносіць, калі яны ідуць ад роднага табе дзіцяці.

— Я думаў і аб гэтым, Вера. Я згодзен на ўсё, што мяне чакае з табою. Нічога мяне не спыніць, калі толькі ты згодзішся.

— Мне цяжка рашыцца... Табе прасцей. Але я цябе не разумею: нашто табе так рыскаваць?

Было відаць, што яна вагаецца. Мікалай стаяў на сваім. Паслязаўтра ён прыедзе да яе і перавязе рэчы на новую кватэру.

— Ты згодна? Згодна? — спытаў ён пад канец.

Яна задумалася — здавалася, акамянела. У яе душы ішла барацьба. Замест адказу толькі сказала:

— Мне пара ісці.

Яны пайшлі на аўтобусны прыпынак. Мікалай усё пераконваў яе, што нельга больш адкладваць, хопіць цягнуць... А яна маўчала. Прыйшоў аўтобус. Вера памкнулася садзіцца, але Мікалай затрымаў яе.

— Ты не сказала мне нічога. Ты згодна?

Яе непранікнёны твар выдаваў вялікую пакуту — нібы Вера выбірала паміж жыццём і смерцю.

— Згодна,— вымавіла яна нарэшце.

Мікалаю здалося, што ён сілаю вырваў у яе гэтае кароткае «згодна».

Праз дзень, роўна ў назначаны час, Мікалай пайшоў на яе старую кватэру. Гэта была проста «разведка»: ці многа ў яе рэчаў, ці трэба будзе браць таксі.

Аднак яму не давялося ўбачыць Веру. Кватарантка, маладая жанчына, сказала Мікалаю, што памерла Верына маці.

Яму раптам стала душна, і ён амаль выскачыў з пакоя.

...Праз нейкі час Мікалаю давялося адбываць лагерны збор. Выпала якраз так, што яго накіравалі ў той бок, адкуль была Вера. Надзея на сустрэчу набывала больш рэальныя формы.

Неяк у нядзелю, калі час быў вольны, Мікалай сеў на спадарожную машыну і праз хвілін сорак быў у вёсцы Трысцё. Там яму паказалі, дзе жыве Вера. Хата стаяла далёка ад вуліцы, перад вокнамі быў невялікі сад, агароджаны дротам.

Мікалай гадаў: убачыць ён Веру ці не? Нешта не верылася ў такое шчасце...

Да хаты заставалася крокаў пяцьдзесят, калі дзверы ў сенях адчыніліся. Выбегла дзяўчынка-падлетак і накіравалася проста ў сад, дзе грабліся куры на пасеяных нядаўна градах.

Мікалай пачакаў, пакуль яна расправіцца са стракатым войскам, а пасля накіраваўся да яе.

У вочы яму кінулася вялікае падабенства дзяўчынкі і Веры: такія ж светлыя валасы, гэткі ж выраз твару. Нават голас, калі яна крычала на курэй, здаўся Мікалаю знаёмы. Таму, павітаўшыся, ён адразу спытаў:

— Вы сястра Веры?

Дзяўчынка здзіўлена паглядзела на яго.

— А што вам трэба?

— Я хацеў бы яе бачыць. Яна дома?

— Няма. Хіба вы не ведаеце, што яна замужам? Гэта вы пісалі ёй пісьмы? — У яе голасе загучала сярдзітая нота.

Яна адразу ж паставілася варожа да Мікалая. Яго гэта крыху ўкалола, але ён тут жа рашыў, што яна робіць правільна. Таму ён, вінавата ўсміхнуўшыся, сказаў:

— Я ведаю, што замужам, але ж яна апошні час не жыла з мужам. Таму я і пісаў. А цяпер яна што — зноў жыве з ім?

Апошняе пытанне ён вымавіў так, нібы гэта яго мала цікавіла.

— Жыве...

— І яны добра жывуць?

— Добра,— коратка і рэзка адказала дзяўчынка.

 

ІІІ

Прайшоў месяц, другі, трэці... Летні адпачынак дома, затым зноў праца... Мікалай крыху развеяў свой сум. І хоць думкі яго ўсё радзей былі звязаны з успамінамі, выкінуць Веру з галавы ён не мог: яна па-ранейшаму займала яшчэ надта многа месца ў яго сэрцы.

Неяк у нядзелю раніцай Мікалай сядзеў за сталом і галіўся. Вось перад акном прамільгнуў паштальён. Мікалай з намыленым тварам выскачыў у сенцы — на лаўцы ўжо ляжалі газеты і ліст. Яму! Ад Веры? Гм... Адваротнага адрасу няма. Нават свой подпіс, які яна заўсёды рабіла на канверце, цяпер сцёрты гумкаю. Што за канспірацыя?

Мікалай нецярпліва адарваў пусты край канверта і выняў маленькі лісток паперы. Як заўсёды, першым стаяла традыцыйнае пажаданне здароўя і шчасця. А далей: «Нядаўна я была дома і даведалася, што ты заходзіў да нас. Прызнацца, я гэтага не чакала... Калі ў цябе ёсць магчымасць, прыходзь... верасня ў гадзіну дня на старое месца. Я табе павінна нешта сказаць. Вера».

Зноў! Няўжо зноў усё спачатку? Роем у галаве закруціліся думкі. Самыя невераемныя малюнкі ўяўляліся Мікалаю.

Надышоў названы дзень. Мікалай быў на месцы на паўгадзіны раней умоўленага часу. Ці хутка прыйдзе Вера? — мучыла Мікалая пытанне. Ці, можа, яна памылілася датай! Ці забыла! Яго ўсхваляванасць узрастала з кожнай хвілінай.

Мікалай быў прыемна здзіўлены, калі ўбачыў, што з трамвая сыходзіць Вера і што яна амаль такая ж самая, як і год назад. Толькі прыгледзеўшыся бліжэй, ён заўважыў, што яна схуднела, а выраз твару стаў яшчэ больш дзіцячы, вочы зрабіліся вялікія і, здавалася, больш глыбокія.

Яны прывіталіся стрымана, але Вера моцна паціснула яму руку. Мікалаю падабаўся гэты мужчынскі жэст у яе характары.

Не згаворваючыся, яны пайшлі ў бок скверыка. Мікалая цікавіла многае, і ён проста не ведаў, з чаго пачаць. Ці мог ён падумаць, што яны спаткаюцца? Ніколі!

Вера сказала, вінавата ўсміхнуўшыся:

— Я крыху спазнілася. Сын мяне не пускаў... Прабач...

Адразу ўсё стала на месца.

— У цябе сын? — У голасе Мікалая было гэтулькі здзіўлення, нібы Верыны словы былі для яго вялікай нечаканасцю.— Даўно?

— Месяц назад. Толькі выйшлі з бальніцы. Праляжала аж тры тыдні...

Мікалай з замілаваннем глядзеў на яе мізэрны твар. Яму раптам стала шкада гэтага дзіцяці, якое так нечакана само стала маці.

— Сядзем, Вера, табе трэба асцерагацца.

Яны занялі пустую лаўку пад клёнам, які ўжо жаўцеў і асыпаўся. Пачыналіся асеннія вятры, але ў зацішку сонца яшчэ прыгравала.

Вера нейкі момант забаўлялася вялікім даўгахвостым лістом, паднятым на лаўцы, а пасля пачала расказваць усё па парадку...

Тэлеграма аб смерці маці яе зусім ашаламіла. Як яна даехала — памятае як у сне. А дома стала яшчэ горш. Думала, што зусім памрэ. У такім стане яна прабыла некалькі тыдняў, пасля крыху паправілася. Трэба было даглядаць гаспадарку: даіць карову, карміць свіней, курэй. Спачатку ўсё падала з рук. Апошняе гора было непамерна большае за тое, што ёй давялося перажыць.

Бацьку яна не сказала, што не мае намеру ехаць больш да мужа. Але ён сам хутка спытаў у яе, ці доўга яна яшчэ будзе дома.

Тады Вера рашылася і расказала ўсё. Паднялася цэлая бура. Бацька крычаў і гразіў, што прагоніць яе або сілаю завязе туды. Вера слухала і плакала, а пасля дала згоду ехаць да яго бацькоў, куды павінен быў прыехаць і ён сам у адпачынак — хутка пачыналіся канікулы.

Можа, і праўда, што якія бацькі, такія і дзеці. Да яе аднесліся як да чужой. Вера здагадвалася, што тут не абышлося без Адамавай інфармацыі. Яго бацькі жылі яго настроямі, яго думкамі.

Нарэшце прыехаў Адам. Як заўсёды, развязны, нахабны, ён прымушаў яе быць вясёлай, у той час як яе сэрца аблівалася крывёю, калі яна ўспамінала сваю маці. Аднаго разу ён сілай завёў яе ў клуб. Там ён танцаваў з дзяўчатамі, як кавалер, а яна ўся гарэла ад сораму. Пастаяўшы крыху, яна непрыкметна ўцякла.

Ён прыйшоў позна. Яна прыкінулася, што спіць. Ён груба штурхануў яе ў плячо і падняў такі скандал, што нават суседзям было чуваць. Хацеў прагнаць яе з хаты ноччу за тое, што самавольна пайшла з танцаў.

— ...Я ведала, што не танцы прычына, а што я не паслухала яго і рашыла радзіць... Цэлых два месяцы прамучылася я там, а пасля зноў мы паехалі ў Мінск. Адзін ён яшчэ горшы... Ну, хутка я радзіла... Пасля праляжала ў бальніцы амаль месяц, ён быў у мяне ўсяго тры разы. Казала гаспадыня, што дадому амаль не прыходзіў...

Доўга яшчэ расказвала Вера. Слёзы не раз перапынялі яе гамонку.

Мікалай сядзеў як на вуголлях. Ён прымаў цвёрдае рашэнне: давесці да канца гэтую песню.

— І ты думаеш так жыць далей?

Яна паціснула плячыма.

— Я і сама не ведаю...

— Ты ўсё не ведаеш. Хопіць, Вера, прыкідвацца. Не з дабра ты пішаш мне лісты. Мы не можам забыць адно другога. Мы павінны быць разам. Ты мусіш набрацца сілы, каб парваць ніці, што вас звязваюць...

— Ніці... Каб жа ніці... Сын скоўвае мяне, я нічога не магу рашыць. Што ён вінаваты? Ён павінен мець бацьку.

— Ты думаеш, ён будзе шчаслівы з такім бацькам? І ты таксама?.. Я табе казаў, ты асуджаеш сябе на сямейную катаргу...

— Ну што ж? Я заслужыла. І павінна адказваць за свае ўчынкі.

— Якая пакорнасць лёсу!

Яны памаўчалі, а пасля Вера сказала спакойным голасам:

— Мы загаварыліся... Пара. Я шукала дзіцячую кансультацыю, заўтра хачу прынясці малога. Стаў крыклівы, не дае спакою па начах.

— Калі ты будзеш?

— Пасля абеду, гадзін у пяць.

— Я прыйду таксама,— паабяцаў Мікалай.

...Толькі пасля развітання ён успомніў, што Вера так і не сказала таго «нешта», дзеля якога пісала пісьмо. Не сказала... Ён задумаўся. А што ёй казаць? Без слоў ясна, яна хістаецца, шукае апоры. Ён адзіны чалавек, які можа памагчы ў цяжкую хвіліну. А чым памог ёй Мікалай? Ён, як папугай, паўтарае адну фразу: «Ты не маеш сілы парваць з ім».

Назаўтра, адпрасіўшыся з работы на гадзіну раней, Мікалай адразу ж накіраваўся ў дзіцячую кансультацыю. У прыёмным пакоі было некалькі маладых жанчын, і сярод іх — Вера. Яна нахілілася над столікам, на якім ляжала спавітае дзіця, раскручвала коўдру, і малы нездаволена крактаў і трапятаўся.

— Вось мой сын,— ціха сказала Вера, нібы знаёмячы Мікалая. Яна пачырванела. Ёй, відаць, хацелася, каб людзі, якія былі тут, лічылі Мікалая бацькам гэтага дзіцяці і яе мужам, а не проста пабочным чалавекам, а то і горш — палюбоўнікам.

Мікалай з цікавасцю разглядаў дзіця. Яно здалося яму спачатку непрывабным. Твар яго быў маленькі, худы: на ім вылучаліся толькі кірпаты і шырокі носік, рот і вялікія вочы. Усё гэтае «багацце», якое свабодна размяшчаецца на твары дарослага, на гэтым маленькім тварыку ледзь не налазіла адно на адно.

Але першая няёмкасць прайшла адразу, як толькі Мікалай заўважыў няўлоўныя, ледзь прыкметныя рысы падабенства малога да Веры. Усмешка прамільгнула на твары Мікалая.

— Глядзі ты, вочы ў яго твае, рот таксама, толькі нос бацькаў, адразу ўверх задзіраецца. А як яго зваць? Ігар? Ах ты, вараг!

Ён глядзеў на малога і смяяўся, а той таксама скрывіўся, пускаючы сліну і паказваючы голыя чырвоныя дзясны.

Вера раскруціла яго і, узяўшы на рукі, пайшла на прыём.

Праз хвілін пятнаццаць Вера вярнулася. Малы плакаў, а яна гайдала яго і старалася супакоіць. Аднак гэта было не так лёгка. Яны разам пачалі яго спавіваць. Рухі ў Міколая былі нязграбныя і няўпэўненыя, ён баяўся сваімі жорсткімі пальцамі моцна ўзяцца за гэтае далікатнае, крохкае цельца. Вера ж упэўнена выконвала ролю маці, абвіваючы малое паяском, асцярожна пераварочваючы яго з боку на бок, гаварыла пяшчотныя словы і час ад часу цалавала ў заплаканы тварык.

— Сынок мой, ты спалохаўся доктара... Не бойся, мой маленькі, з табою мама, яна не дасць цябе ў крыўду...

Мікалай слухаў гэтыя бясхітрасныя словы, і яму здавалася, што ён з кожным часам ясней разумее Веру, разумее яе пачуццё маці, глыбокае і шчырае.

Праз некаторы час яны ўжо ішлі да трамвайнага прыпынку. Вера асцярожна нясла на руках малога, які спаў. Нічога сур’ёзнага ў яго не знайшлі. Трэба было толькі купіць дзіцячага крэму. Заўтра Вера збіралася прыехаць у аптэку, і яны зноў дамовіліся сустрэцца. Таму Мікалай не чапаў балючага пытання, а гаварыў аб чым папала. Вера была вясёлая, і здавалася, бесклапотная. Ён купіў ёй цукерак і праводзіў аж да самай кватэры, і яна не пярэчыла.

Мікалай пераконваўся, што Вера адчувае ў ім патрэбу, яна забывае аб сваім горы, адводзіць душу, смяецца, нават жартуе. Яна сама прызналася, што з ім яна адпачывае ад дамашняга прыгнечання. Дома яна не чуе добрага слова, не бачыць усмешкі і сама маўчыць. Адзіная яе ўцеха — гэта сын.

А Мікалая самога ўсё больш і больш цягнула да яе. Яму таксама было з ёю прыемна і весела. З кожнай новай сустрэчай Мікалай усё больш зачароўваўся Верай, і думкі аб ёй не пакідалі яго ні на хвіліну.

«Нарэшце я дамогся свайго, Вера не стане больш вагацца»,— думаў Мікалай. Цяжкую дарогу яны прайшлі, шляхі іх скрыжоўваліся, зноў разыходзіліся і вось нарэшце зноў сышліся, каб пайсці разам. Цяпер або ніколі!

Такія думкі не пакідалі Мікалая да наступнай сустрэчы. І вось яны зноў разам. Схаваўшыся ад асенняга ветру, яны сядзяць у вакзале разам з шумнымі пасажырамі. Вера зноў расказвае аб сабе, аб сваім жыцці. Апошні час яна гаварыла многа, нібы хацела нагаварыцца надоўга, выказаць усё набалелае.

Яе муж... Як ён не падобен да таго, якім сябе маляваў у размовах з ёю! Сціплы, сумленны, добры — такім ён заўсёды выстаўляў сябе. Як ён будзе любіць яе, як яны будуць добра жыць! А што на праўду? У гэтага сціплага было не менш трох жонак, законных і незаконных. І куды падзелася яго шчырасць! Цяжка пазнаць чалавека, а яшчэ цяжэй верыць у тое, што ён гаворыць.

— Ага, то ты і мне не верыш? — падхапіў Мікалай.

— Пасля ўсяго — цяжка. Ты ўпэўнены, што ведаеш сябе?

— Каго-каго, а сябе, мне здаецца, я ведаю,— гаворыць Мікалай, але ў яго такое адчуванне, нібы ён на споведзі ці на экзамене.

— Во, во,— сурова сцвярджае Вера,— табе здаецца. У цябе ў жыцці ўсё ідзе так, як ты хочаш і думаеш?

Мікалай задумаўся.

— Не, хутчэй наадварот...

— Ну, бачыш. Ты ўяўляеш сабе наша сумеснае жыццё ў яркіх фарбах і не хочаш бачыць ценевых бакоў. А яны заўсёды будуць. Аб іх я ўжо не раз гаварыла, але ты не хочаш слухаць. Я табе не сказала яшчэ аб адным — аб мужчынскай рэўнасці. Ты сам мужчына і павінен ведаць лепш за мяне, што гэта такое.

Мікалай адчуваў, як ён паволі пакрываецца потам. Яму стала горача. Такое ён чуў ад Веры ўпершыню.

— Што? Ён раўнуе? — Мікалай здзіўлена пазіраў на Веру.— Вось гэта навіна...

— Навіна... А для мяне гэта не навіна ад таго часу, калі ён даведаўся, што мы з табою знаёмы.

Мікалаю раптам стала сорамна за сябе. Не заўважыць слана! Вось гэта назіральнасць і глыбіня аналізу!

— Чаму ж ты мне раней не казала? — нібы за саломінку, хапаецца Мікалай за гэты довад, і сам адчувае, што пытанне лішняе, нікчэмнае.

Яна дакорліва ківае галавою і ўсміхаецца:

— Хоць табе спакайней было, а мне ўсё роўна.

Мікалай бачыць горкую праўду яе слоў і нічога не можа сказаць у сваё апраўданне. Гэтая «навіна» збіла яго з тропу, і ён на момант згубіў нітку размовы.

Вера заўважае яго замяшанне, і ёй, відаць, робіцца шкада Мікалая. Але яна яшчэ не скончыла свае думкі.

— Праўда, у яго былі падставы раўнаваць, ён ведаў, што я атрымліваю твае лісты, што мы сустракаемся. Ён нават збіраецца пераехаць у другі горад, каб згубіць след. Яму проста сніцца, што я хаджу да цябе, што толькі і чакаю, каб ён пайшоў на работу. Ён не верыць ні аднаму майму слову. Ён нават думаў, што я раджу не ад яго...

Тут Вера змоўкла і апусціла вочы. Словы проста сарваліся з языка, яна не думала іх гаварыць.

Мікалай рэзка павярнуўся да Веры, гучна і сярдзіта спытаў:

— Як ён смеў так падумаць?!

Вера дакранулася да яго рукі: цішэй.

Мікалай азірнуўся па баках, убачыў накіраваныя на сябе позіркі пасажыраў і больш спакойна сказаў:

— Ён заслугоўвае толькі пагарды... І пасля ўсяго ты яшчэ думаеш з ім жыць? Гэта проста дзіка, гэта пачварна... Пражыць усё жыццё без даверу, пад наглядам, як у турме...

— Ну што ж, як прыйдзецца.

— Зноў гэтая пакорнасць,— панура заўважыў Мікалай і раптам ажывіўся: — А я для цябе нічога не значу? Ты думаеш, што я перамянюся да цябе?

Злосць зноў пачынала разрастацца ў грудзях Мікалая. Ён ніяк не мог пабароць недаверу ў гэтай упартай істоце. Перадыхнуўшы, ён працягваў:

— Я ведаю: ты намякаеш, што я таксама буду раўнаваць, і ты скажаш, што ў мяне нават больш падстаў, чым у яго. Загадзя гавару табе: гэтага не будзе. Я не раўную да мінулага.

— А адкуль я магу ведаць, чаго не будзе?

— Вера, ты захварэла шкоднай хваробай. Ёсць толькі адзін доктар, які цябе вылечыць,— гэта я. Ты павінна ўсё зразумець і рашыць канчаткова. Вось мы заўтра і вырашым усё. Ты павінна адолець свой страх. Прыйдзеш заўтра?

Ён бачыў, што яна вагаецца. І Мікалай спалохаўся, што ўжо больш не ўбачыць яе. Таму яшчэ больш настойліва ён паўтарыў пытанне.

— Прыйду,— быў адказ.

Але чамусьці ў глыбіні душы ён не верыў яе слову: два разы паверыў і памыліўся.

Пераезд... Па сутнасці, яна хацела сказаць толькі гэта. А выйшла так, нібы не ў ім уся соль... Бедная, страціла веру. Але чаго ёй баяцца? Ці гэта асцярожнасць? Ці вернасць абавязку? Цяпер кожная жанчына выстаўляе сябе Тацянай... Як цяжка...

Прайшоў дзень. Зноў Мікалай стаіць і чакае, пакуль яна выйдзе з аўтобуса. Нешта затрымліваецца. Пяць, дзесяць, пятнаццаць хвілін. Мікалай пачаў непакоіцца. Сёння ён не прыслухоўваўся да ўнутранага голасу і не гадаў, прыйдзе яна ці не. Проста яму не было часу. Цяпер ён верыў больш гадзінніку, чым сабе. Чым больш аддалялася стрэлка ад лічбы «І», тым менш надзеі заставалася ў яго сэрцы.

Дваццаць пяць хвілін... Мікалай пастаяў яшчэ трохі і, замест таго каб ехаць на работу, накіраваўся да аўтобуса. Праз нейкі час ён быў на Верынай кватэры.

На кухні, куды ён прайшоў па вузкім калідорчыку, пахла печаным салам. Каля прымуса варушылася пажылая жанчына. Яна падалася насустрач Мікалаю, калі ён спытаў у яе, ці тут жыве Жук Адам, бо прымус заглушаў словы, і паказала рукою на дзверы.

Мікалай нецярпліва пастукаў. Яму здавалася, што сэрца стукае мацней і гэта на яго стук у пакоі адазваліся крокі.

Дзверы адчыніла Вера. Вочы яе страшна расшырыліся. Яна застыла на месцы, загарадзіўшы ўваход. Мікалай лёгка ўзяў яе за руку і, адхіліўшы з дарогі, рашуча прайшоў у пакой. Ён адразу убачыў Адама, які чагосьці схіліўся над чамаданам. Пачуўшы, што нехта ўвайшоў, ён выпрастаўся — твар яго быў барвовы — і паволі пачаў бялець, нібы кроў адліла ад галавы. Вера падышла да калыскі. Мікалай моўчкі пазіраў на Адама і паволі набліжаўся да яго. Ён разумеў, што парушае ўсе нормы разумнай маралі: ён прыйшоў да чужой жонкі сярод белага дня, не знаючы сораму і сумлення. Мікалай з неймавернай вастрынёй адчуў на момант, што ён тут лішні. У яго цяпер было неадольнае жаданне павярнуцца і выйсці, але... што будзе!

Ён ступіў яшчэ крок.

— Што табе трэба? — спыніў яго суровы голас Адама, як тады, першы раз.

Вось яны стаяць адзін перад другім, былыя прыяцелі, а цяпер супернікі, лютыя ворагі, стаяць і свідруюць вачыма адзін аднаго.

Мікалай ледзь расцяў зубы і глухім ад хвалявання голасам загаварыў:

— Ты робіш памылку... Вера цябе не кахае... Яна будзе маёю... Гэта я прыйшоў табе сказаць...

У Адама заварушыліся ноздры шырокага носа, а вусны пачала крывіць сутарга. Вера рванулася ад калыскі, але спынілася, чакаючы.

— Не будзе яна тваёю, пакуль я тут, зразумеў?..

І Мікалай не паспеў апамятацца, як Адам, коратка адвёўшы руку, ударыў яго справа ў сківіцу. Мікалай не заўважыў, калі апынуўся на падлозе. Амаль перад самым сваім носам ён убачыў Адамавы ногі ў шырокім карычневым клёшы. Як звер, Мікалай ірвануўся наперад, прыўзняўшыся на локцях, левай рукой абхапіў ногі вышэй костачак, а правай з усёй сілы ўдарыў Адама ў жывот. Адам зрабіў рух нагамі, нібы хацеў адступіць на крок, каб захаваць раўнавагу, але ўдар быў моцны, а ногі заціснуты, як клешчамі. Адам з грукатам паляцеў на падлогу. Яшчэ доля секунды — і Мікалай схапіў свайго праціўніка за горла.

Раптам ён адчуў, што яго нехта цягне за каўнер, а да слыху, як з-пад зямлі, даляцеў дзікі крык. З вялікай цяжкасцю да затуманенай Мікалаевай свядомасці дайшло, што гэта крычыць Вера. Ён нібы апрытомнеў. Яшчэ шалёнымі вачыма ён глянуў на Веру і ўбачыў на яе твары страх — страх за жыццё свайго мужа, бацькі яе дзіцяці.

Мікалая нібы асляпіла маланка: толькі цяпер ён зразумеў усё!

Ён адпусціў пальцы. Яму стала крыўдна за ўсе намаганні, што прапалі марна, а яшчэ горш — сорамна і балюча за парушаны спакой гэтай сям’і.

Скрыгануўшы зубамі, як п’яны, выйшаў ён на вуліцу і, сплёўваючы крывёю, накіраваўся ў горад. У варотцах яго дагнала пажылая жанчына, што была на кухні, і падала яму шапку. Ён тупа глянуў на жанчыну і, нават не падзякаваўшы, пайшоў.

Было цяжка на сэрцы, і разам з тым ён адчуваў нейкую незнаёмую палёгку. Нарэшце прыйшоў канец гэтай доўгай, заблытанай і незразумелай гісторыі!

 

1957 г.


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Дамашэвіч Ул. Выбранае. Аповесці і апавяданні. Мн., "Маст. літ.", 1977. 368 с. 2. с. укл. ("Б-ка беларускай прозы")
Крыніца: скан