epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Дубоўка

Беларуская Арыядна

ПРЫСВЯЧЭННЕ
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16


 

...Жыў калісьці на Крыце Мінос уладар.

У Міноса дачка Арыядна была.

Страхалюд Мінатаўр вынішчаў там людзей,

аж пакуль не з’явіўся асілак Тэзей.

Ды прайсці лабірынтам асілак не мог.

Арыяднін клубочак яму дапамог:

лабірынтам вяла Арыядніна ніць,

памагла Мінатаўра знайсці і забіць...

З даўніх дзён тых легенда жыве і цяпер:

Арыядна, Тэзей і раз’юшаны звер...

Са старой легенды

 

...Больш за ўсё я дзіцячыя ўсмешкі люблю!

Хай красуюць у дзетак на вуснах яны...

Арыядна Казей

 

 

ПРЫСВЯЧЭННЕ

Вельмі многа на свеце ўсялякіх імён:

мілагучных,

звычайных,

нязвыклых зусім.

А за іменем кожным

людзен міліён,

што жылі ці жывуць,

як пад сцягам,

пад ім.

Не бывае між імі ніколі такіх,

што прыносілі б носьбіту

шчасце навек.

За жыццё

услаўляюць людзей мастакі,

калі гэтага варты

жыццём

чалавек.

 

Але ўсё ж ткі бывае,

што нейкая ніць

ад цудоўных імён

легендарных людзей

пераходзіць вякі,

новай песняй звініць,

як тваё нам звініць,

Арыядна Казей.

 

Скаргі ў песні няма

ні на долю тваю,

ні на слёзы тваёй

растаптанай вясны...

«Больш за ўсё я дзіцячыя ўсмешкі люблю!

Хай красуюць у дзетак на вуснах яны!»

 

Сціплы вобраз звычайнай сялянскай дачкі,

што за шчасце людское

хадзіла на смерць,

як і многіх сардэчных,

бясстрашных такіх,—

будзе вечна ў народнай пашане зіхцець.

 

1

Беларуская казка

далёкіх вякоў

нам гаворыць, як Цмок

на народ наш прыйшоў.

 

Як людзей вынішчаў ён,

старых і малых,

як дзяцей забіраў

у няволю ад іх.

 

Вось адна гарацешная маці

тады,

ідучы ад крыніцы

з вядзерцам вады,

 

арасіла ўсю сцежку

сваімі слязьмі,

бо той Змей разлучыў гэту маці

з дзяцьмі.

 

І слязінка адна

з воч матулі старой

пала ў гэта вядзерца

з крынічнай вадой.

 

І застыла сляза,

як жамчужына, там.

А такая ж была ў ёй

краса-пекната,

 

што, з вядзерца дастаўшы,

матуля яе

палажыла на покуце

ў хаце свае.

 

Ад жамчужыны гэтай,

дзівоснай красы,

нарадзіўся ў яе

на тым покуце сын.

 

Узрастаў ён,

за кожнай хвілінай дужэў.

Ён на першым жа дні

ля стала ўжо сядзеў.

 

На другім

той сыночак-асілак хадзіў

і каня-летуна

ў павадочку вадзіў.

 

А на трэці ўжо дзень

ён у кузню пайшоў.

Зброю выкаваў там

для ратунку братоў.

 

Адшукаў ён да Змея

дарогу праз лес.

Знішчыў Змея самога

і лёх яго ўвесь.

 

Ён з пакуты прывёў

і братоў, і сясцёр.

Сам жа знік той асілак

ля сініх азёр...

 

Калі зноў прынясе

таго Цмока віхор,

дык устане асілак

ізноў ад азёр.

 

І ад кожнай нявіннай

слязінкі людской

стануць волаты новыя,

пойдуць у бой.

 

З гартаванаю зброяй

паўстануць сыны.

Не даруюць

за матчыны слёзы

яны.

 

Згіне зноў і навекі

той Цмок-ліхадзей,

і не будзе ніколі

яго анідзе...

 

Так пра матчыны слёзы,

сынову любоў

беларуская казка

гаворыць з вякоў.

 

2

Як пад сцягам пірацкім,

з заходу прыйшлі

ў чорным дыме пажараў

вайны караблі.

 

Вёў па нашай зямлі

гэты д’ябальскі флот

сорак першы,

нядобрае памяці,

год.

 

Мінамёты, гарматы

з усіх батарэй

смерць шыбалі у хаты,

да кожных дзвярэй.

 

Быццам казачны Змей

адрадзіўся, ўваскрос

і на колцах сталёвых

звіваўся і поўз...

 

А ні сэрца, ні літасці

ў ім не было,

ён насіў,

ён і сеяў

суцэльнае зло.

 

І узняўся тады

ўвесь працоўны народ.

І пайшоў ён крышыць

гэны д’ябальскі флот.

 

3

Каты лютыя бралі

Ганулю Казей,

з хаты роднае бралі,

ад родных людзей.

 

А яна, перад смерцю,

з фашысцкай пятлі:

«Не давайце паганцам

Савецкай зямлі!»

 

Дзве слязінкі-жамчужыны

палі на дол,

пакаціліся сцежкай

ля вёсак, ля сёл.

 

Прыкаціліся ў хату,

да родных дзяцей,

дзве слязінкі-жамчужыны

Ганны Казей.

 

Арыядне у сэрца

запала адна,

каб за матчыну праўду

стаяла яна.

 

А другая Марату

на сэрца лягла,

каб рука яго цвёрдай

у помсце была...

 

4

Арыядна пайшла

ў партызанскі атрад.

Партызанскі атрад

адшукаў і Марат.

 

Ён,

і ў бронзе паўстаўшы,

па смерці сваёй,

зброю ўзняўшы,

імкнецца

на ворага ў бой...

 

5

Што магла —

ўсё ў атрадзе рабіла яна.

Калі трэба —

з людзьмі,

калі трэба —

адна.

 

Гартавалася добра

ў паходах лясных,

на парозе семнаццатай,

юнай вясны.

 

Не дзявочыя сны

і не кветак букет:

то на ворага ў бой,

то ў засаду, ў сакрэт.

 

Каля боку вінтоўка,

ў сумёце сама.

А праз боты дзіравыя

лезе зіма...

 

Паўкажушак дубее

і стыне карой,

вышчараецца люты мароз

па-над ёй...

 

Навучылася ўсё

Арыядна цярпець:

— Чым рабыняю жыць,

лепш геройская смерць!

 

6

На вайне небяспека

і ўночы, і ўдзень.

Ад разведкі

трывожная вестка ідзе:

 

«Вораг лес акружае

пякельнай пятлёй.

Артылерыю

вораг

прывёў за сабой...»

 

Баявая трывога:

— Прарвацца хутчэй!

Ды не спіць і аблога,

не плюшчыць вачэй.

 

Мінамётным агнём

сустракаюць атрад.

Ні наперад ісці,

ні вяртацца назад...

 

Закапаліся ў снег.

Ад начы да начы...

Праз варожы заслон

аніяк не ўцячы...

 

А мароз,

як раз’юшаны пёс з ланцуга,

ўсё гайсае ля рук,

па спіне,

па нагах...

 

7

Ноч прайшла так.

І дзень перабыты адзін.

А здаецца,

мінула

сто тысяч гадзін.

 

А здаецца,

мінула дванаццаць гадоў:

пасівелі галовы

у нашых братоў.

 

У разведку паслалі

спрытнейшых траіх,

каб прайшлі,

каб гукнулі падмогу да іх.

 

Арыядна

той трэцяй якраз і была.

Тры гадзіны

сто метраў

разведка паўзла...

 

Прапаўзлі.

Праслізнулі

ля псоў-чужаніц.

Ды не ведае гора

ніякіх граніц:

 

на засаду натрапілі

ў вёсцы глухой.

Двое выйшлі навекі

з сям’і баявой...

 

8

Арыядна адна засталася

зусім.

Цераз ноч яна йдзе

з даручэннем сваім.

 

Памарожаны ногі.

На ранах ідзе,

каб ратунак

таварышам даць

у бядзе.

 

Цераз цёмную ноч яна йдзе,

праз лясы.

На дарозе чутны

чужаніц галасы.

 

Так праходзіць яна

за вярстою вярсту,

сустракае яна

партызан на пасту.

 

Па трывозе —

на конях выходзіць атрад.

Праз гадзіну

падмога імчыцца назад:

 

зратавалі,

забралі з аблогі сяброў...

Арыядна

ў дарогу збіраецца зноў.

 

9

Трэба ў вёску,

для хворых па лекі,

хутчэй.

Арыядна ідзе

да знаёмых людзей...

 

Ці ішла, ці паўзла —

ўсё дастала яна

і прынесла ратунак сябрам

да відна.

 

А сама,

як падрэзаны колас,

на дол...

Не кладуць для бяды

ні дарог,

ні мастоў,—

 

падышла

і лягла ля дзяўчыніных ног.

З ёю смутак

істужкаю чорнаю

лёг...

 

У лясным лазарэце

хірург ля стала...

А бяда

ля дзяўчыніных ног залягла...

 

10

Быў калісьці на свеце

Сцэвола-герой.

За айчыну —

руку ён паклаў на агонь.

 

Як узор

несмяротнай адвагі такой,

у сталеццях праслаўлена

імя яго...

 

Як жа ўславіць нам тых,

што гарэлі ў агні,

што агонь залівалі

сваёю крывёй,

 

каб айчына пазнала

шчаслівыя дні,

каб свабода

заўжды

красавала на ёй?

 

На шпітальныя ложкі

прыходзіў агонь,

завіваўся пад скроні,

пад марлю,

бінты...

 

Дабяла выпякаў ён там

кожную скронь,

а на ўгоеных ранах

дасюль не астыў...

 

11

Самалёт

да Байкала

дзяўчыну адвёз.

Зноў хірургі.

Чацвёрты

і пяты наркоз...

 

Нерухомыя ногі...

Нібыта ўсё сон.

«Абмінуць...

Абысці ненавісны заслон»...

 

«Што ты, пушча,

трывожна шуміш нада мной?

Што ты сэрца мне

кроіш

настырнай тугой?

 

Я сяброў адратую!..

Не здамся!..

Прайду!..»

 

Ачуняла.

Пазнала сваю ўсю бяду...

 

12

Гэта сніцца ўсё быццам...

Не знаць бы вас,

сны!

Пачынала вучыцца хадзіць

ля сцяны...

 

Ад калыскі

ў маленстве —

матуля вяла.

Без матулі цяпер:

каля сцен,

ля стала...

 

Неслухмяныя ногі

адводзілі ўбок.

Арыядна

смялей накіроўвала крок.

 

А пратэзы

скрыпелі

на хворых нагах,

як праклёны для тых,

што пасеялі жах...

 

За калецтвы людскія,

за безліч магіл

гэты скрып

свае скаргі

над светам насіў...

 

Немагчымае стала

магчымым тады:

дамаглася юначка

павольнай хады...

 

13

І руіны, і попел,

і шэры пясок...

Толькі вецер гайсае

з кутка

у куток.

 

Засыпае сляды

ненажорнай вайны.

Каб навекі загінулі

ў свеце яны!

 

Распрастаў свае плечы

працоўны народ.

— Аднаўляць!

Будаваць! —

заклікае паход...

 

Як з усходкі на ўсходку,

вышэй і вышэй,

не шкадуючы сіл

і бяссонных начэй,

 

Арыядна ў паход

па навуку ідзе,

каб з навукаю жыць

і тварыць для людзей,

 

каб наяве пабачыць

шчаслівых дзяцей

і усмешак вясёлыя іскры

з вачэй...

 

А якая ж навука патрэбна

для тых,

што да працы вялікай

рыхтуюць малых,

 

навучаюць у школе ад малку

дзяцей

жыць для шчасця

працоўных людзей?

 

І ці многа такіх ёсць бяздушных у нас,

што не ўспомняць

з падзякай сардэчнаю час,

 

калі ў школе

настаўніка першы урок

узмацніў,

падтрымаў

наш няўпэўнены крок,

 

дапамог да вышынь нам узняцца ў жыцці

і да мэты

найлепшую сцежку

знайсці?

 

14

Толькі духам слабыя —

на лёгкі ўсё шлях.

Толькі моцныя духам

шукаюць размах

 

і для творчае працы,

на шчасце для ўсіх,

і для сіл нестрыманых

магутных сваіх.

 

Арыядна упарта ішла

праз гады,

не спыніла на хвілю

напорнай хады.

 

Як пачэсны за працу вянок на чало,

атрымала

настаўніцкі сціплы дыплом...

 

Лабірынтам нялёгкім

яна перайшла,

каб дарогу другім

паказаць

да святла,

 

памагчы не шукаць,

як шукалі калісь,

а ствараць

кветку шчасця

Савецкай зямлі.

 

15

Не за косы тугія,

што віснуць да пят,

не за чорныя бровы

ці млосны пагляд,

 

не за тое,

завуць што жаночай красой,

хоць не горш ты другіх

прыгажосцю сваёй,—

 

за вялікую мужнасць

і ўпартасць тваю

я пашану сваю

ў сціплым творы

даю.

 

Паядынак вяла ты

са смерцю самой,

на пакуту гарчэйшую

выйшла ты ў бой,—

 

і адолела іх.

Нам усім

прыклад вечны дала

паядынкам сваім.

 

16

Нават камень

рассыпаўся б

дробнай жарствой,

каб прайшоў ён

па сцежцы жыццёвай

тваёй...

 

Арыядна, сястрыца!

Нязломны твой дух

перамог

найвялікшае гора,

бяду.

 

Памагла табе

матчына спадчына —

ніць,

што не тлее, не тоне,

ў агні не гарыць,

 

што зіхціць

за зіхценне ўсіх зор

яскравей,

то —

любоў да айчыны,

працоўных людзей.

 

Лабірынтам нядолі,

пакуты,

трывог

з гэтай ніццю

да светлых ты выйшла дарог.

 

Дапаможа яна

ў лабірынтах усім,

хто трымаць будзе

ніць гэту

ў сэрцы сваім.

 

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Дубоўка Уладзімір. Выбраныя творы ў двух тамах. Т. ІІ. Паэмы, балады, казкі. Мінск, "Беларусь", 1965. - 432 с.
Крыніца: скан