epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Дубоўка

Крычаўская спакуса

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24


 

1

Колькі разоў цябе нішчылі, Крычаў,

не пакідалі на камені камень.

Вораг на тое ніяк не разлічваў,

што ты стаяў і стаяцьмеш вякамі.

Біў неаднойчы ты панскую зграю,

не памаглі ёй ні крыж, ні гарматы.

Сіла працоўная не памірае,

а памірае драпежнік пракляты.

Слаўныя дзеі твае не забыты,

як і сыны твае, горад-паўстанец.

Могілак іх не адзначылі пліты,

але шануе народная памяць.

 

2

Цяжка было гарацешнаму люду:

многа паноў і падпанкаў нямала.

Дралі і бралі з народа усюды,

тая драніна паноў і трымала.

Ждалі-чакалі якойсьці палёгкі,

ждалі-чакалі ратунку ад бога.

Бог для народа заўсёды далёкі,

толькі багатым дае дапамогу.

Добра пазнаўшы і тое і тое,

сталі без бога, уласнай рукою,

браць і маёнткі, і землі, і гуты ўсе,

хто галодны, раздзеты, разуты.

 

3

Людзі жылі, як гарох пры дарозе,

людзі жылі у штодзённай трывозе.

Людскага хлеба не бачылі людзі,

гора пілі у страшэннай пакуце.

Польныя зёлкі, лясное карэнне

мелі яны для свайго спажыўлення.

Хлеб учынялі з трухлявага дуба,

абы як-небудзь пазбыцца ад згубы.

І напіліся тым горам дап’яна,

і закусілі тым хлебам трухляным.

Дуб, хоць трухляны, і даў, мабыць, сілу

зброю падняць на князёў Радзівілаў.

 

4

Сож ты, мой Сож, паўнаводны які ты!

Колькі вады перагнаў ты да мора!

Бачыш ты ў небе высокім блакіты,

бачыш ты неба блакітнага зоры.

Крышыш ты камень магутнаю хваляй,

топіш на дно і пяском замываеш,

каб і не ведалі, каб і не зналі,

дзе яго сіла схавана цяжкая.

Што ж не скрышыў ты і панскую ўладу,

што не ўтапіў ты на дно, як каменне,

гору цяжкому не даў ты прынаду

там, пад каменнем, пад самым струменнем?

 

5

Сож ты, мой Сож, паўнаводны які ты!

Колькі ты бачыў гадоў незлічоных!

Твой жа народ быў пакутай ускрыты

і падпяразаны жальбаю чорнай.

Ён працярпеў немаведама колькі,

ды не хапіла яму церплівосці.

Крычаўскі край і узняўся на бойку,

на Радзівіла, на ўсіх ягамосцяў.

А на чале тых, што помста злучыла,

сталіся Вецер, Карпач і Вашчыла.

 

6

Кінулі гуты рабочыя людзі,

рудні пакінулі, каменяломні.

Добра пазналі — палёгкі не будзе,—

ўсе яны роўна пакутай накормлены.

Кінулі цеслі і лайбы і чоўны:

хай дарабляе іх Гдалій шаноўны.

Ён адкупшчык, і яму ўся трывога,

хай спавяшчае хоць князя самога...

Кінуў рабочы варштаты і жорны,

выйшлі сяляне, бо ўсе непакорны!

Толькі у кузнях агонь не згасае:

зброю рыхтуюць, а час не чакае...

 

7

Несамавітая зброя, як быццам,—

косы, сякеры з гартованай сталі.

Цяжка сякерам з гарматамі біцца,

але сякеры за праўду стаялі.

Іменем круля ды іменем бога

коса і крыва стралялі гарматы.

Іменем шчасця народа самога

білі сякеры усіх прыганятых.

Многа маёнткаў было каля Сожа,

многа засценкаў і розных фальваркаў.

Спалены тыя, забралі з тых збожжа,

знішчылі князеву ўсю гаспадарку.

 

8

Гнёзды гандлярскія разам палалі,

борзда праводзіў агонь падрахункі.

А для жывых і няспаленых Гдалій

у Радзівіла прасіў паратунку:

«Князю, мой князю! Каб ведалі, ясны,

што у нас робіцца, дзеецца што ў нас!

Добразычлівец ваш, Гдалій няшчасны,

страху і клопату цяжкага поўны!

Тое, што мелі мы з князем калісьці,

ўсё затапталі, забралі дазвання.

Хлопы праклятыя, бога забыўшыся,

паляць маё, ды і ваша, васпане...»

 

9

Біскупу плебан пісаў тэрмінова:

«Благаславёны! Насланне якое!

З боскай няміласці люд наш вясковы

творыць рабункі блюзнерскай рукою.

Ён да касцёла зусім не прыходзіць,

ні на малітву святую ці споведзь,

зброю пабраўшы, паноў вынішчае,

паліць, рабуе усе дабрабыты.

Дайце параду, парады чакаем,

покуль і самі мы ўсе не пабіты.

Схізма мяцежнікаў благаславіла,

водзяць іх Вецер, Карпач і Вашчыла...»

 

10

Год пачынаўся семсот сараковы,

дымам пажараў той год быў праняты.

Не ратавалі ніякія сховы

ўсіх радзівілавых дапамагатых.

Плебану біскуп не піша адказу,

Гдалію князь не адказваў ні разу,

пан жа староста, шкадуючы замак,

больш гайдукоў не пушчае за браму.

Князя урэшце ўзяло як належыць,

піша у Крычаў з Нясвіжскай ён вежы,

піша загаднай і цвёрдай рукою:

«Знішчыць мяцеж! Што за глупства такое?..»

 

11

Замак стаіць па-над Сожам высока,

з вежы відаць наваколле далёка.

З вежы відаць вечаровай парою:

вогнішчы ходзяць, як самі сабою...

Пана старосту наўчаць бы не трэба,

мала і ён спадзяецца на неба,

але бяда — гайдукоў малавата,

хочаш не хочаш — пільнуй сваю хату.

Князь усяго не прадбачыць з Нясвіжа,

князю староста ў адказе і піша:

«Мала парадку, бо ўвесь край узняты.

Пораху шліце і шліце гарматы...»

 

12

Сіла сялянская выйшла пад Крычаў,

з крамы апошняй, скрывіўшы аблічча,

Гдалій глядзеў, як збянтэжаны злодзей,

што да апошняга справа падходзіць.

Плебан маліўся да пана Езуса,

каб супыніў ён урэшце спакусы.

Сам жа староста ад ранку да ранку

свой непакой сунімаў пагулянкай.

Мур — не праломіць ніхто галавою,

а гайдукоў — іх жа чортава плойма!

«Вып’ем па чарцы, каханы, са мною!

Вып’ем па чарцы, каханы, з табой мы!..»

 

13

Першы гайдук

Пане Стаху! Пане Ежы!

Гвалт, ды які!

Каля нашай белай вежы

грамадой стаяць

мужыкі!

 

Пан Стах

Мужыкі стаяць ля вежы?

Грамадой?

Мабыць, просяць, пане Ежы,

пачастунку,

ды з лазой.

 

Староста

Запражыце пару коні.

Хай лазы

прывязуць, найлепшай, смачнай,

два вазы.

Каб усім хапіла ўдосыць

мужыкам.

Каб мужык той быў удзячны

нам, панам.

 

Першы гайдук

Ваш загад, яснейшы пане,

немагчыма здзейсніць,

бо яны стаяць ля брамы

і стаяць ля весніц.

 

Староста

Што за ліха? Як ты смееш,

хам,

супярэчыць?

А навошта ж бізуны вам,

а навошта ж мечы?

Прэч! Каб духу іх не стала,

гэных псоў.

Хіба вас на зборні мала,

гультаёў?

 

Ксёндз

Пане староста! Дазвольце на ласку!

Я уважаю сваім абавязкам

вас папярэдзіць, што справа — не жарты:

вораг падходзіць і вораг упарты.

Вы не звярталі увагі на тое,

як ён пустошыць староства разбоем.

Ён падышоў і да замка урэшце,

каб да канца сваю справу давесці.

Трэба, каб самі паднялі вы зброю,

зброю паднялі трывалай рукою.

Да абароны прастола святога

благаславенне даю вам ад бога...

 

Староста

Бог — ён магутны, сябе абароніць.

Мы з панам Стахам балюем сягоння...

 

Другі гайдук

Вяльможны! Ля замка са зброяй

народ зграмадзіўся мяцежны.

Чакаем мы ўзброеным строем,

каб далі загад свой належны.

 

Староста

Зброю мне!

І меч дамаскі!

Пазнаёмім з панскай ласкай!

 

14

Чоўны сялянскія сталі на Сожы,

чоўны прайшлі і ў раку Крычаватку.

А з сухадолу ўвесь замак абложан

строем узброеным — ціха і гладка.

З вежы на дол паглядае староста:

справа на жарты зусім не падобна.

Так, як жылі, і ваююць — папросту:

косы, сякеры і кутыя доўбні...

«Трэба пастрашыць!

Ану там, гарматы!

На пачастунак —

сыпніце гранкулек!..»

І сыпанулі гарматы з раскатам,

ды не настрашыў гасцей пачастунак...

 

15

Сыпалі больш і яшчэ падсыпалі,

стрэлы трывожылі сінія хвалі,

і рассыпалі гранкулек нямала,

але народнае войска трывала

і не пабегла, як мысліў на вежы

пане староста, яснейшы пан Ежы.

Ксёндз узнасіў крыж святарны аберуч

і заклікаў, каб не ганьбілі веру.

Страшыў іх богам і страшыў іх чортам,

страх жа самога яго і агортваў...

Стаў цверазейшы староста намнога,

сцюжай за сэрца кранула трывога...

 

16

Дзень прамінуў, а другі на вытоцы,

ды перад замкам не журацца хлопцы.

Б’юць самастрэлы і лётаюць кулі,

але і ў замку багата адчулі:

пазагараліся панскія дахі,

дыхалі ў замку і дымам і страхам.

А заліваць іх — вады не хапіла,

бо на рацэ скрозь паўстанцкая сіла.

Покуль агню ратаваліся ў замку,

хлопцы да сцен падагналі фурманку.

Бочку скацілі пад самую браму,

пораху бочка — гасцінец для пана.

 

17

«Хлопцы! Трымайцеся моцна, браточкі!

Кнот запалілі, паклалі мы ў бочку!..»

Высака выбух ускінуў вароты,

брама адкрыта для вольнай галоты!

І узняліся са зброяй сяляне:

«Як сень годуеш, староста васпане?!»

Біліся доўга, крышылі сякеры.

Больш не трымалі ні вокны, ні дзверы.

Пана знайшлі на капліцы:

у бога

ён ратаваўся ад лёсу благога.

Вывелі ўсіх на замковую плошчу:

«Дай адпушчэнне грахоў іх, прабошча!..»

 

18

Суд адбываўся кароткі і борзды:

«Тое табе, што для нас ты настроіў...»

І апусцелі шляхецкія гнёзды

з гэных прысудаў народных герояў.

 

19

Так ваявалі рабочыя людзі,

кінуўшы панскія гуты, варштаты.

Вольна ўздыхнулі збалелыя грудзі,

рукі ўзнімаліся смела на катаў.

Так ваявалі сяляне у той час,

панскія ёрмы скрышыўшы на порах.

Лепей загінуць за шчасце аднойчы,

чым да магілы пакутаваць з горам.

Крычаў чатыры гады без паноў жыў,

з прагнаю верай у волю і шчасце.

Ён каралеўства усё устрывожыў:

выпала костка з ваўчынае пасці...

 

20

Князь Радзівіл не вылазіць з Варшавы:

ходзіць да круля, да яснавяльможных.

Просіць на крычаўскіх хлопаў управу,

далей марудзіць, ён кажа, няможна.

«Землі мае падзялілі дашчэнту,

самі сабе даравалі свабоду.

Гэта ж — спакуса для цэлага свету,

гэта ж — спакуса для іншых народаў...»

Ён ублагаў каралеўскую міласць:

конніцу далі, а з ёю гарматы.

Войска ідзе ратаваць Радзівілаў

і сіраціць беларускія хаты...

 

21

Біліся крычаўцы доўга за волю,

боем ручным на гарматы хадзілі.

Многа лягло крулявякаў на полі,

ўсё ж ткі паўстанцкую сілу скрышылі.

Пір быў вялікі у панскага войска,

пір быў вялікі і вельмі крывавы:

за Радзівілаў, «крулеўскую Польску»

секлі галовы налева, направа...

Секлі за тое, што ўзялі свабоду,

ўзялі уладу над дзедаўскім полем...

Секлі, каб знішчыць «спакусу народаў»,

каб на паноў не паўсталі ніколі...

 

22

Ветра схапілі, Карпач у жалеззі,

толькі Вашчылу паны «не зналезлі»:

борзды Вашчыла уцёк на Ўкраіну,

Мглін прытуліў гарацешнага сына...

Вецер, Карпач перазналі пакуты:

сам іх Пястрыцкі і катаваў люта.

Пане палкоўнік кароннага войска

катаваў іх за крулеўскую Польску:

жылы цягнулі, агнём прыпякалі,

косці крышылі і косці ламалі.

І абвясцілі народу жывому,

кара якая і будзе якому:

«...З ласкі крулеўскай і пана Езуса...

Ветра, што сеяў паўстання спакусу,

выкінуць з вежы на вострае колле,

каб на спакусу не клікаў ніколі...»

Вынеслі Ветра і скінулі каты,

як і прызначыў Пястрыцкі пракляты...

«...З ласкі крулеўскай і пана Езуса...

На Карпача, што пасеяў спакусу,

у медзвядзіную скуру зашыўшы,

выпусціць зграю някормленых выжлаў...»

Скурай абшыты, Карпач быў узняты,

як і прызначыў Пястрыцкі пракляты.

Пан пачынаў, а дакончылі выжлы:

што засталося — ўсё зграя дагрызла...

 

23

Але дарэмна, дарэмна, панове!

Тая спакуса ў агні не згарае.

Не перамог каралеўскі вайсковец,

і не змагла каралеўская зграя!

 

24

Колькі разоў цябе нішчылі, Крычаў,

не пакідалі на камені камень...

Вораг на тое ніяк не разлічваў,

што ты стаяў і стаяцьмеш вякамі...

Гэта ж НАРОД узнімаўся навалай,

а не Карпач, не Вашчыла ці Вецер.

Гэта ж народная сіла ўставала;

вечна яна існавацьме на свеце.

Слаўныя дзеі твае не забыты,

як і сыны твае, горад-паўстанец.

Могілак іх не адзначылі пліты,

але шануе народная памяць.

 

1925




Беларуская Палічка: http://knihi.com