epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Дубоўка

Кветка Шчасця

 

Ёсць цудоўнае паданне,

як на свята, на Купалле,

ад паўночы да світання

Кветку Шчасця ў нас шукалі.

 

Гаварылі, што на свята

дзесьці папараць красуе.

Пекла ўсё тады паднята,

каб не даць нам кветку тую.

 

Адшукаць туды дарогі,

дзе яна красуе, цяжка:

настаўляюць чэрці рогі,

ведзьмы скачуць урасцяжку.

 

Лесуны выходзяць з нетраў

і русалак карагоды.

Вадзянік і сорак ветраў

там з'яўляюцца заўсёды.

 

Узнімаюць ведзьмы скогат,

лемантуюць дзіка чэрці,

каб шукальніка якога

напалохаць аж да смерці.

 

А чаму? - Хто кветку знойдзе,

возьме гэту кветку ў рукі, -

шчасце з'явіцца ў народзе,

будуць людзі жыць без мукі.

 

З ёй даведаюцца людзі,

скарбы дзе ў зямлі схаваны,

волю з ёй народ здабудзе

і скасуе ўладу пана.

 

І хадзілі і шукалі

Кветку Шчасця скрозь і ўсюды,

але ўсё ж не напаткалі

анідзе такога цуду.

 

З пакалення ў пакаленне

пераходзіла паданне:

той, хто здзейсніць летуценне, -

дасць нам вечнае світанне.

 

Хоць каторыя ад жаху

станавіліся нямымі,

хоць каторыя ад страху

нагавіцы доўга мылі,

 

але новыя на змену,

як байцы на прыступ, смела

кожны год у пошук гэны

зноў ішлі, аж гаць гудзела.

 

Так пайшоў юнак Сымонка

на Купалле ў пушчу, багну.

Для сваёй усёй старонкі

адшукаць ён кветку прагнуў.

 

Быў і скогат і грымоты,

перуны навокал білі.

Толькі ж ён ні іх, ні чорта

не настрашыўся ў той хвілі.

 

Але вось прыйшлі русалкі, -

дужа зграбныя дзяўчаты.

Іх спакуслыя гулялкі

ўбачыш толькі гэтым святам.

 

Іх юнак і напужаўся,

бо адразу добра ўцяміў,

што не ён ім спадабаўся

з едлаўцовымі лапцямі,

 

а што ў іх кірунак гэткі:

адшукаць яго, адвесці,

каб не даць дайсці да кветкі,

утапіць у багне дзесьці.

 

Наш юнак зусім сумеўся:

тут не страх, - а спасцярога.

Уцякаць ад іх ён меўся,

паглядаць стаў на дарогу.

 

Ды якраз у гэтым часе

адбылося ў пушчы дзіва:

Кветка Шчасця развілася,

ўсё праменнем затапіла.

 

Калі барвы ўзяць на свеце

з нашых кветак, з ясных зорак, -

дык на тым чароўным цвеце

больш было разоў у сорак.

 

Прамяністасць аж да неба

узнімалася высока,

а пасля - ізноў на глебу

адлівалася патокам.

 

А русалкі, стаўшы ў кола,

спакушаюць хлопца, зводзяць,

свой дзівосны і вясёлы

карагод ля хлопца водзяць.

 

Напалохаўшыся вельмі

іх гарэзлівай акрасы,

уцякаць пачаў праз ельнік

ён адразу, тым жа часам.

 

Бег налева, бег направа

і на папараць узбіўся.

Венчык кветачкі яскравы

ў самы лапаць уваліўся,

 

зашчаміўся пад аборку

і застаўся ў лапці гэтым.

А святло ад кветкі-зоркі

згасла ўраз над нашым светам.

 

Разам з тым і ўсё шайтанне*

знікла, як і не было там,

нібыта бесперастання

не гайсала над балотам.

 

Сам з сябе юнак дзівіўся,

уцякаючы з імшары:

быццам новы свет адкрыўся,

сталі яваю ўсе мары.

 

На зямлі і пад зямлёю

стала ўсё яму адкрыта.

Бачыў шлях перад сабою,

як у ясны дзень нібыта.

 

А калі прыбег дахаты,

занялося на світанне, -

папрыходзілі да хаты

ўсе суседзі на спатканне.

 

Ён, не ведаючы тое,

што у лапці кветку мае,

пра сваё перабытое

ім усім апавядае.

 

Але, што было цікава,

ён пачаў даваць адказы

пра усе такія справы,

аб якіх не чуў ні разу.

 

Калі ў іх пайшла бяседа,

як жыццё найлепей весці,

праз язычніка суседа

да паноў дабеглі весці,

 

што якісьці там Сымонка

стаў прамудрым Салімонам

і праводзіць ён гамонкі,

каб усіх зраўняць законам.

 

Скеміў хутка пан вучоны,

што на ўсё свае прычыны,

і надумаў на Сымона

ўласнымі зірнуць вачыма.

 

- Трэба, - кажа пан, - сягоння

з'ездзіць мне у вёску гэту... -

Шасцярык буланых коней

спрэглі ў панскую карэту.

 

Аплываюць цуглі пенай,

колы роўна коцяць пана.

Над запрэжкаю стаеннай

бомы звоняць несціхана.

 

Як спынілася карэта

пры Сымонавай хацінцы,

стаў нібы канчатак свету

перад ёю на дзядзінцы.

 

Колькі ўсіх людзей у вёсцы -

і маленькіх, і вялікіх -

паглядзець на ягамосця

ўсе прыйшлі, як хто іх склікаў.

 

Вылез пан з карэты задам,

каб не кланяцца народу,

бо няправедная ўлада

да людзей спіной заўсёды.

 

Прынялі яго пад рукі

гайдукі, пастаўшы збоку.

Ён, з вялікае навукі,

не зірнуў на іх і вокам.

 

- Хто Сымонка?

- Я, васпане!

Пачалася ў іх размова.

Толькі пан дае пытанне -

а яму адказ гатовы.

 

І пра збожжа, пра палеткі,

і пра ўсё, што ёсць на свеце.

Пан падумаў: «Мабыць, кветка

за цябе гаворыць, кмеце!»**

 

Хоць вяльможны не агледзеў,

дзе ў Сымонкі Кветка Шчасця,

ды надумаў - па абедзе

адабраць яе ці скрасці.

 

Запрасіў ён хлопца ў госці,

пасадзіў яго ў карэту.

Так Сымона з ягамосцем

шасцярык павёз адгэтуль...

 

Да палаца як прыджгалі,

сеў Сымон за стол з панамі.

У найлепшым самым зале

стол накрылі абрусамі.

 

А на стол... І піць, і есці, -

што твая душа прымае.

Ад такой вялікай чэсці

самы мудры закульгае.

 

Чарка чарку паганяе,

праганяе светлы розум.

Па адной Сымон куляе,

ды зрабіўся нецвярозым.

 

А не спаў жа ён уночы

ні адной амаль хвіліны.

Хутка ён заплюшчыў вочы,

на абрус схіліў чупрыну...

 

Гайдукі ўзялі хлапчыну,

хто за рукі, хто за ногі,

і панеслі гэткім чынам,

як вяльможніка якога.

 

Распраналі, разувалі

ў спальні нашага Сымона.

Кветку Шчасця ўсё шукалі

ва ўсёй вопратцы ягонай.

 

А знайшлася ў правым лапці,

дзе яна ўвесь дзень ляжала.

Быццам сонца ўнеслі клапцік***:

у пакоі так заззяла.

 

Пан адразу кветку ў рукі,

а Сымонку вон з палаца.

Зноў пайшло - панам без мукі,

а сялянам - толькі з працы.

 

Сталі зноў араць сяляне,

а паны збіраць іх плёны.

Ашукалі ўсіх дазвання,

а не толькі што Сымона.

 

Але крозы-летуценні

не згасалі ў нас ніколі.

З пакалення ў пакаленне

ўсе шукалі лепшай долі.

 

І, нарэшце, на паўстанне

людзі выйшлі грамадою:

ўсе - рабочыя, сяляне -

на паноў пайшлі вайною.

 

Кветку Шчасця зноў знайшлі мы,

грамадой адваявалі:

з ёй цяпер ідзе Радзіма

да прыгожай светлай далі.

 

Дык пільнуйце ж Кветку Шчасця -

нашу светлую надзею -

ад навалы, ад напасці,

ад вяльможных ліхадзеяў.

 

* Шайтанне ад шайтан - нячыстая сіла.

** Кмет - так паны звалі беларускіх сялян.

*** Клапцік - кавалачак.

 


1967?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая