epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Дубоўка

Пераклады

ДАЛЁКАЕ І БЛІЗКАЕ
Ду Фу
  ВЕРШЫ ПРА ТОЕ, ЯК АСЕННІ ВЕЦЕР РАЗБУРЫЎ ТРЫСНІКОВУЮ СТРАХУ МАЁЙ ХАЦІНЫ
  ЦВЫРКУН
  ПРА ТЫГРА
Паводле Абуля Фараджа
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
І. Гётэ
  Калі сажалку закаваў лёд
Юльюш Славацкі
  Мой тастамант
Уладыслаў Сыракомля
  ЛЯЛЬКА (Дзіцячая гутарка)
  ГЕТМАН ПОЛЬНЫ
    1
    2
    3
    4
  МЕЛОДЫІ З ВАР’ЯЦКАГА ДОМУ
    1
    2
    3
      Ліст пры адасланні кніжак
    4
    5
    6
  ТЫ ПАМЕРЦІ НЕ ПАВІННА
Максім Рыльскі
  Мова


ДАЛЁКАЕ І БЛІЗКАЕ

 

Ду Фу

 

ВЕРШЫ ПРА ТОЕ, ЯК АСЕННІ ВЕЦЕР РАЗБУРЫЎ ТРЫСНІКОВУЮ СТРАХУ МАЁЙ ХАЦІНЫ

Асенні вецер

дзьме усё мацней,

 

не пакідаючы

сваіх разбойных дзей.

 

Ён са страхі маёй хацінкі

змёў

 

чатыры рэдзі трысніку

далоў.

 

Адну,

узняўшы сілаю сваёй,

 

параскідаў ён,

недзе за ракой.

 

Шпурнуў другую,

колькі змогі меў.

 

Яна засела

ў верхавінах дрэў.

 

А рэшткі ў сажалку пагнаў

праз тын.

 

І знікла ўся страха мая,

як дым.

 

Прыбеглі з вёсак бліжніх

хлапчукі.

 

Ім, як для кпін,

увесь разбур такі.

 

Яны сабралі рэшткі

па зямлі

 

і, як зладзюжкі,

ў лес павалаклі,

 

чым і дакончылі

ўвесь гэны глум.

 

А мне пакінулі

тугу адну.

 

Засмаглі вусны,

і запёкся рот.

 

Я перастаў крычаць,

смяшыць народ.

 

На кій старэцкі я

успёрся свой

 

і праз акно гляджу

перад сабой.

 

А хмары сталі

чорныя, як туш,

 

сабой закрылі

неба пекнату.

 

І самі утапіліся

у змрок.

 

Кладуся я пад коўдру

ў свой куток.

 

Хоць вецер змоўк

і стала зацішней,

 

не грэе коўдра мне

старых касцей.

 

Зусім страпаў яе

сыночак мой,

 

калі варочаўся,

сплючы, пад ёй.

 

А дождж не тое

каб шумеў здаля*,

 

ён мне пачаў

на ложку назаляць.

 

Цурочкі цягне,

як з кудзелі ніць,

 

ніяк не хоча

гэты здзек спыніць.

 

Я без таго

знясілены вайной,

 

а тут і дождж

ліе на ложак мой.

 

Ён сон у хворага мяне

адняў.

 

Як перабуду

гэту ноч да дня?

 

О, каб такі

пабудаваў хто гмах!

 

На ім каб быў адзін

вялізны дах,

 

каб міліён пакояў

ён узнёс

 

для беднякоў,

якіх пакрыўдзіў лёс.

 

Каб не баяўся

ліўняў і вятроў,

 

трывалы, як гара,

у вышыню ішоў.

 

І калі б дзе на свеце

ўбачыць мог

 

у яве, у жыцці сваім

яго —

 

тады дом мой

хай скрышыцца на тло,

 

замерзну я,

абы вось так было.

 

ЦВЫРКУН

Такі маленькі цвыркунок,

што ледзьве бачыць яго зрок,

 

але кранае сэрцы ўсім

журботным галаском сваім.

 

Ён у траве звініць удзень,

а ноччу ў хату забрыдзе,

 

засядзе дзе пад ложкам там,

пачне тайком спяваць людзям.

 

І я, без роднай тут зямлі,

аж захлынаюся слязьмі:

 

згадаў я жонку і дзяцей,

зноў не самкне яна вачэй.

 

Рыданне струн і флейты стогн

нас не расчуляць так, як ён,

 

як галасочак, што для нас

цвырчыць і ў самы позні час.

 

ПРА ТЫГРА

Жуду слабейшым

тыгр прыносіць люты,

 

але і ён трапляе

ўсё ж ткі ў клямар:

 

закручаны ўжо лапы

ў моцных путах —

 

ён марна ушчынае

грозны лямант.

 

Пад ногі ляжа

шкура нежывая,

 

шкляныя вочы

не пабачаць свету.

 

З людзьмі, дарэчы,

горшае бывае:

 

няхай тыраны

ведаюць пра гэта!

 

 

 

Паводле Абуля Фараджа

 

* * *

Спыталі мудраца:

— Скажы народу,

чаму настрой

вясёлы твой

заўсёды?

Мудрэц сказаў:

— Такіх не маю скарбаў,

якія страціўшы — іх шкадаваў бы.

 

 

* * *

Спыталі мудраца:

— З якой падзеі

мы атрымалі б шчасце і надзеі?

Мудрэц сказаў:

— І смерць памога,

калі бярэ кіраўніка благога.

 

 

* * *

Спыталі мудраца:

— Што дасць патолю

таму,

ў жыцці хто напаткаў нядолю?

«Разумны,— кажа,— мае ў тым уцеху,

што ён бяды

не мог ніяк аб’ехаць.»

Дурны суцешвае сябе іначай:

«Я не адзін!

Сусед мой такжа плача!»

 

 

* * *

Скажы, мудрэц, у чым твая віна?

Чаму ўладар цябе не любіць наш?

— Усе ўладарнікі не любяць тых,

якія

разумнейшыя за іх.

 

 

* * *

Разумны —

заўсяды з разумным будзе ў згодзе.

Дурны —

і дурня,

і разумнага абходзіць.

 

* * *

Разумны дурня пазнае здалёку,

бо —

покуль сам набраўся клёку,—

 

быў не аднойчы і ў дурацкай скуры.

А вось у дурня накшая натура:

 

пазнаць разумнага ніяк не здолен,

бо сам разумным

не бываў ніколі.

 

 

* * *

Пабачыўшы, як жве мудрэц карэнне,

адзін сказаў яму для настаўлення:

 

— Калі б служыў ты ўладару,

мой браце,

карэннем не прыйшлося б сілкавацца!

 

Мудрэц сказаў:

— Каб еў і ты карэнне,

за ўладаром

не поўз бы на каленях!

 

 

* * *

Калі ў душы тваёй агонь вялікі,

наповерх дым, глядзі, не выкінь!

 

 

* * *

Аднойчы хтосьці мудраца пытае:

— На свеце цяжкасць большая якая?

 

— Пазнаць сябе самога дасканала

і думак не пускаць куды папала.

 

 

* * *

Мудрэц!

Скажы і дай нам тлумачэнне:

якое красамоўцаў прызначэнне?

 

— Каб павялічаваць нікчэмным славу,

змяншаць у тых,

хто славу меў па праву.

 

* * *

Адзін бадшах спытаў свайго дарадцу:

— Як радзіш ты з навушніцтвам змагацца?

 

Той адказаў:

— Абодва рэзаць вухі

тым,

хто навушнікаў не кіне слухаць.

 

 

* * *

Скажы:

як добрую знайсці мне жонку,

бо я павінен дбаць і пра патомкаў?

 

— Не радзіў бы я сватацца уночы,

бо могуць вельмі ашукацца вочы.

 

Парадзіў бы паслухаць і суседзяў,

бо, хто пытае,

той хутчэй даедзе.

 

 

* * *

Ты гаварыў:

«Гарэлка носіць шкоду».

Ды як пазбыцца гэтай перашкоды?

 

Мудрэц сказаў:

— За кожнай чаркай

ты заядай падсмажанаю скваркай.

 

А каб яны сябе там добра чулі,—

пашлі ўздагон ім і скрылёк цыбулі.

 

Тады ўсю смагу знішчыш ты дарэшты

і будзеш жыць,

аж покуль не памрэш ты.

 

 

* * *

Няхай і так.

Але ў гарэлцы згуба.

Пра гэта трубяць ува ўсе нам трубы.

 

— Эх, дружа мой,—

сказаў мудрэц з усмешкай,—

хоць недзе,

а канчаецца ўсё ж сцежка!

 

Я і такіх на свеце бачыў часам,

што апрагліся нават хлебным квасам.

 

 

* * *

Якім цудоўным скарбам пагарджаюць людзі?

— На сціпласць ласкі ў іх, бадай, не будзе.

 

 

* * *

Маленькі клопік скардзіўся клапісе:

— Маё жыццё —

ну, проста, хоць тапіся!

 

Дзе б ні з’явіўся я —

плююцца людзі,

як быццам я жыццё ім апаскудзіў.

 

— Сынок,—

сказала у адказ клапіха,—

у тым жа ўсё і захавана ліха!

 

Яны зайздросцяць і красе дзівоснай,

ім і на пах духмяны твой зайздросна!

 

 

* * *

Сказаў мудрэц:

— Угоіш нават раны,

што найвастрэйшай зброяй насяканы.

 

А тую рану,

што насекла слова,

не ўгоіш ты і да апошніх сховаў.

 

 

* * *

Хорт даганяў газель на поўны мах.

Газель харту сказала:

— Кінь! Дарма!

Здагнаць мяне ніяк не зможаш ты!

— Чаму? —

здзівіўся той.

— Бо вы, харты,

падзяку маеце за беганіну,

а я —

жыццё уратаваць павінна...

 

 

* * *

Мудрэц сказаў аднойчы ўсім знаёмым —

табе, і мне, ды і сабе самому:

 

— Чатыры якасці гарэлка мае.

Чатыры якасці ў сабе трымае.

 

Яны да нас прыходзяць паступова.

У кожнай выгляд розны і размова.

 

Пачатак добры мае справа быццам:

ад першай пачынаем ганарыцца.

 

Ад першай чалавек, як пава тая,

з вялікай пыхай важна выступае.

 

Пасля другой — падобны больш да малпы:

рухавы, жвавы, бегаў, жартаваў бы...

 

Як леў — сябе за трэцяй адчувае.

З’яўляецца і сіла ў ім такая,

 

што ён гатовы горы паварочаць,

калі яны дарогі даць не схочуць.

 

Яшчэ пасля, з чацвёртай, на астатак,—

прыходзіць, як свіння, ў свіны ён статак,

 

у гразь кладзецца, ля свінні пры боку,—

бо ложак тут і мяккі, і шырокі...

 

 

* * *

Чаму зайздросны вечна нездаволен,

няма спакою у яго ніколі?

 

— Яго гнятуць уласныя няўдачы,

ён ад чужых удач таксама плача...

 

 

* * *

Той слова добрага заўсёды варты,

свае памылкі нішчыць хто упарта,

 

а на чужыя

пальцам не тыркае,

хоць ёсць у многіх звычка і такая...

 

 

 

І. Гётэ

 

Калі сажалку закаваў лёд

 

 

Калі сажалку закаваў лёд,

жабы схаваліся ў твань балот.

 

Крумкаць, скакаць больш не жадалі,

а засынаючы дакляравалі,

 

што як узнімуцца зноў напрадвесні,

будуць спяваць салаўіныя песні.

 

Вясна прыйшла. Стаяў той лёд.

Жабы ўзняліся з твані балот.

 

Селі яны ля тых берагоў

і закрумкалі...

як жабы ізноў...

 

 

Юльюш Славацкі

 

Мой тастамант

 

Жыў я тут з вамі, пакутаваў з вамі і плакаў.

Сёння ад вас адыходжу навекі ў нябыт я.

Варты пашаны не быў для мяне абыякім,

Ваша нядоля тугою маёй апавіта.

 

Не пакідаю ніякага спадчынаёмца

Ані для лютні маёй ні наймення.

Імя маё праляціць, як маланка, пад сонцам,

Будзе, як пошчак, ісці праз усе пакаленні.

 

Тыя, што зналі мяне, у паданнях адзначце,

Што маладосць сваю ўсю я аддаў для народа.

На баявым караблі быў заўсёды на мачце,

Гінуць пачаў карабель — з ім пайшоў і пад воду.

 

Хто будзе думаць аб лёсах айчыны каханай,

Калі ў ім знойдзецца кропля святога сумлення,

Скажа, што дух мой быў славаю продкаў убраны

І не бывала на ім жабраваных адзенняў.

 

Прыйдуць няхай дружбакі мае ўночы, пры зорах,

Возьмуць з грудзей маё сэрца і спаляць з альвасам.

Той, што дала гэта сэрца, хай вернецца порах:

Доўг свой адбуду і свету і матцы тым часам.

 

Хай дружбакі мае сядуць ля поўнае чары,

Сховы мае хай зап’юць хоць уласнай нядоляй.

Духам я стану — з’яўлюся да іх, як прымара,

Дасць бог пакуту — не ўбачымся больш мы ніколі.

 

Я заклінаю: жывыя, надзею не трацьце!

Перад народам трымайце асветы паходню.

Трэба памерці — адзін па адным памірайце,

Але руйнуйце варожую сілу вы штодня.

 

Што да мяне — вам маленькую дружбу пакіну

Тых, што маглі пакахаць маё гордае сэрца.

Згодзен пайсці ў неаплаканую дамавіну,

Доўг свой увесь я адбыў напярэдадні смерці.

 

Здолее хто цераз свет, абыякасці поўны,

Так перайсці, як вось я перайшоў, без авацый?

Быць рулявым на напоўненым духамі чоўне,

Так, як яны, непрыкметна з жыццём развітацца?

 

Ўсё ж застанецца мая вам фатальная сіла,

Што пры жыцці магла толькі... чало мне аздобіць.

Будзе нябачна гнясці вас яна да магілы,

Можа калі хлебажорцаў анёламі зробіць.

 

 

 

Уладыслаў Сыракомля

 

ЛЯЛЬКА (Дзіцячая гутарка)

 

Будзь, лялечка, ветлай! І плакаць не варта!

А хто ж гэта вушка ка мне не схіляе?!

Я ляльцы скажу пра цікавае надта,

Як чула ад родных сама я.

 

У свята... мне мама адзене абнову,

Бо выўчыла я па-французску маліцца.

Завяжа чало мне істужкай ружовай.

Паедзем мы ўсе да капліцы.

 

Вось будзе дзівіцца народ наш вясковы,

Калі па-замежнаму я памалюся!

Маліцца ж не варта мужыцкаю мовай,

Хоць я і жыву ў Беларусі.

 

Ціхутка скажу і папросту: хай божа

Хутчэй дасць мне вырасці зграбнай, харошай,

А татку і маме здабыць дапаможа

Шмат жоўтых і беленькіх грошай.

 

Яны іх так прагнуць, як збавы смяротнай,

Кладуць на імшу па двузлотцы, не меней.

А бог, што дае за ахвяры стакротна,

Адплоціць ім поўнаю жменяй.

 

Штораз яны лепей дагоджваюць богу,

А ён жа ўсё бачыць сваімі вачыма!

Адразу дасць грошай так многа, так многа,

Што нават злічыць немагчыма.

 

Ах, лялька! Аж смешна! Не можаш ты ўцяміць:

Пытаеш, ці бог прыйдзе ўласнай асобай,

Ці грошы нам ангел нябесны даставіць

Вялізнай, вялізнаю торбай?!

 

Ды не! Мама кажа, што з літасці боскай

Гандляр прынясе тыя грошы з мястэчка.

На іх купім хлопаў вялікую вёску,

Каб сеялі жыта і грэчку.

 

Мы — гэта паны. Зразумець табе трэба!

А ёсць яшчэ іншыя людзі — сяляне,

Якім загадаў бог з высокага неба

Панам здабываць харчаванне.

 

Брыдкія і брудныя, хлеб з лебядою,

Сярмягі падраныя, курныя хаты...

Іх бог так карае, напэўна, за тое,

Што хлопы не слухаюць тату.

 

Пан коні больш любіць, а мама дык шпіца.

Сялян — хто аблае, хто кіем працягне.

Папраўдзе — і шкода і трэба дзівіцца:

Ўсе не*слухі, мабыць, сяляне!

 

Учора... як тата заснуў па абедзе,

Дык — на табе! — добра так? Што за патрэба?! —

Ў пакой натаўкліся, крычаць, як мядзведзі:

«Дай хлеба, паночак, дай хлеба!»

 

Што ж! Далі кіямі. Ўсё стала на месца...

Ах! Я калі вырасту, буду мець збожжа,—

Пакуль уся вёска мая не наесца,—

Ніколі не лягу на ложак.

 

Прабач мне, ды як бы з табой мы заснулі:

Галодны народ каля вокан таўчэцца.

А як не накорміш, у торбу дзядуля

Паберыць усіх, хто без сэрца.

 

Што ж будзе, як Езус заўважыць з іконы,

Які дзеліць рыбу і хлеб між людзямі?!

Эх, лялька! Хай бог дасць здароўя і плёну

Сялянам, і тату, і маме...

 

 

ГЕТМАН ПОЛЬНЫ 1

 

Бо калі дома ільвамі бязлітаснымі будзеце,

у часе грозным станеце як

авечкі ў рэзніцы.

П. Скарга

 

 

1 Літаральна адпавядае сучаснаму «фельдмаршал».

1

Перад узгоркам, дзе стала вёска,

Татар чакае панскае войска.

Бо ёсць вядомка, што познім часам

Арда тут будзе сёння з папасам.

«Як толькі ткнецца арда з даліны,

З усіх бакоў вы абняць павінны.

Для абароны хацін вясковых

Не пашкадуйце мячоў сталёвых!»

Так план накрэсліў для гэтай справы

Вяльможны гетман польнай булавы.

 

2

Хто закаваны ў сталёвы панцыр,

І бога можа не пабаяцца.

У вёсцы шляхта з абозным збродам

Глуміцца стала па-над народам.

Ламаюць свірны, рабуюць хаты;

Галосяць, енчаць ад іх дзяўчаты.

Валам рабочым сякуць галовы,

А хто заплача — б’юць дадаткова.

І хто ж смяецца з тае расправы? —

Вяльможны гетман польнай булавы.

 

3

Да гэтай вёскі на шэрым змроку

Прыйшлі татары, пачулі ёкат.

«Не будзе бога вышэй Алаха!

Наш Сулейман тут дае ім жаху!

Дзе Сулеймана нага ступала,

Там застаецца спажывы мала.

Мы лепш на замак хадзем паходам,

Каб скончыць справу адным заходам.

У замку вораг жыве крывавы —

Вяльможны гетман польнай булавы».

 

4

Рабуе шляхта не горш татараў,

А ў небе водбліск другіх пажараў.

Як глянуў гетман — закалыхаўся:

— На конь, панове! Мой двор заняўся!..

Пакуль на коні, пакуль пагоня,

Там засталіся адны галоўні:

Што пагарэла, што паламана,

А гетманова ў палон забрана...

Заплакаў горка слязьмі няславы

Вяльможны гетман польнай булавы.

 

МЕЛОДЫІ З ВАР’ЯЦКАГА ДОМУ

 

1

Над цэлым светам я пан-вяльможа,

Што поўзаць, плаваць ці лётаць можа.

 

Зямля і неба — мае багацці.

Я не баюся ніяк іх страціць.

 

Замкнуў на ключ я ўсё чыста неба,

Збарсаў шнурамі цяжкую глебу.

 

Канец вяроўкі і ключ трымаю.

Ніхто ніяк іх не атрымае!

 

Людзі і духі! Залазьце ў норы,

Каб і не піскнуў які-каторы!

 

Бо як галёкну, як грукну ботам,

Дык па зямлі вас пакоціць котам.

 

Хай будзе ціха! Мне сон не здолець.

Згасіце сонца, бо ў вочы колець!

 

Зіхцення многа?! Знайшлі прычыну! —

Вы пагаліце яму чупрыну,

 

Як пагалілі мне адмыслова,

Каб не свяціў я святлом ружовым.

 

2

Вы гляньце! Д’ябал у печ ускочыў!

— Ну як там, нябожа?!

Агонь ён крыллем раздзьмухаваць хоча,

Як толькі можа.

 

Мікстуру гатуе для свету ў той печы

З кітайскага маку.

Для паху крыві дадае чалавечай,

А слёз — для смаку.

 

З французскіх газетаў даліў ён гарчыцы,

З нямецкіх — квасу,

А з надтэмзовых пагарда бруіцца

Для духу часу.

 

У буталь ён выліў мікстуру, заторкнуў,

Каб як не пабегла.

І засмаліў ён той трунак прагорклы

Смалою з пекла.

 

Вучонаю моваю даў сігнатуру,

На ёй жа словы:

«Хай людскасць п’е тройчы ў стагоддзе мікстуру

І будзе здарова».

 

3

 

 

Ліст пры адасланні кніжак

Вельмі ўдзячны, пане браце,

За паважныя ўсе кнігі.

Але ў свеце, ў роднай хаце

Маю досыць я фатыгі.

 

Як чало паважна змрокам

Крые хмара у прасторы!

Як паважным суне крокам

Пан ураднік да каморы!

 

Як картэж ягоны следам

Удае павагі знакі.

Як паважна баба з дзедам

Зажывае ў нос табакі!

 

Як індык, спусціўшы крылы,

Стаў паважна ля паркану...

Так абрыдла ўсё, мой мілы,—

Дагары нагамі стану!

 

Урачыстасць, паказуха

Горш за ўсякае там ліха.

Лепш папраўдзе ведаць скруху,

Чым з хлуснёю бачыць пыху.

 

I чаго ж чакаць далей нам,

Калі скрозь такая згуба?

Сэрца ў смутку безнадзейным,

А павага шчэрыць зубы.

 

Бач, як смешна ўсё наўкола:

У людзях, сядзібах, мэце.

Кніжак мне прышлі вясёлых,

Каб смяяцца так, як дзеці.

 

Каб пазбыцца думак сумных,

Што вядуць да безгалоўя.

Пасмяемся шумна-тлумна,

Можа, смех дадасць здароўя.

 

Хай усе смяюцца людцы:

І чытакі і пісакі.

Дзед і баба хай смяюцца

Над сваім ражком табакі.

 

Хай музыку смех абудзіць,

Хай смяюцца-плачуць струны.

Хай з магіл смяюцца людзі,

Хай з людзей смяюцца труны.

 

Хай смяюцца хмары, горы,

Загучыць няхай сваволя.

Лес! Не выплачаш ты гора,

Лепш смяіся з лугу, з поля.

 

Насмяюцца ўдосталь людзі —

Стане добра ў іх на сэрцы.

Хай чуваць высока будзе,

Як нам весела жывецца.

 

4

Заходзь, пане доктар! З вялікай асветы

Вядома і пра мінералы?!

На пацеркі глянь, што на шыю мне ўздзеты,

Каб немач хутчэй уцякала.

 

Цвярдзей, чым алмазы, блішчаць, нібы сонца,

Чысцей, чым вада у крыніцы.

Ад бляскаў вясёлкавых з кожнага донца

Праменне бясконца бруіцца.

 

А ў пацерцы самай — чырвонае зёрка,

Макулінка ў яснай пярліне.

Яно зіхаціць, як нябесная зорка,

Мяняецца ў кожнай хвіліне.

 

Духмяныя пацеркі гэтыя надта,

Як пах у блакітным прасторы.

Але ж іх падносіць да вуснаў не варта:

Атруціць пякельная горыч.

 

Ну?! Што ж то за камень? Скажы, эскулапе!

Га! Непадатная справа?!

Не схопіць навука ўсяго, не аблапіць,

Хоць вельмі б цікава!

 

Не ведаеш? Што?! — Тут навукі нямнога,

Тлумачыць паможа мне сэрца:

То слёзы бяздольнага негра, якога

Плантатар грызе, крыважэрца.

 

5

Выпінаецца коцік,—

Не галодны варкоцік!

— Коця, што на сняданне

Меў ты да выпінання?

Можа, быў ля паляны

І, за камень схаваны,

Асачыў птушанятку,

Што прыемную згадку

Ў нас праносіць вясною

Над усёй стараною?

Вылятае на ранку

З пазлацістай заранкі

І, спавіта ў праменне,

Іх на песні адменіць?

Аж зіхціць шчабятанне!

Часам сумна так стане,

Што заплачаш, здаецца.

Часам весела ў сэрцы,

Аж пайшоў бы у скокі,

Рукі ўзяўшы у бокі...

Перад птушкамі, ўкоса

Узлятае ў нябёсы

І на тым акіяне

Пачынае спяванне.

Завядомвае неба,

Што тут людзі без хлеба,

Што патрэбна нам ласка,

А не панская ляска.

Калі ж неба расчуліць,

Долу падае куляй,

Над аратым кружляе,

І «дзень добры» спявае.

— Не гаруй, чалавеча,

Гора наша не вечна!

Праміне навальніца!

Сей, а будзе пшаніца! —

Гэта ж ангел, не птушка!

Шчасце й з той весялушкай!

Як заступніца нівы,

Як паэт наш праўдзівы.

Колькі светлага ў песні!

Каб ды тое ўсё здзейсніць!

 

А ты, коця, мажліва,

Асачыўшы цярпліва,

Кіпцюрамі раптоўна

Супыніў спеў цудоўны,

Па-зладзейску, знянацку

Загубіў нам спявачку?

Адкажы, дзе жаўрук наш,

Што ўзнімае ўсіх рупна

І усіх, хто мадзее,

Надарае надзеяй?

Кот зірнуў рызыкоўна,

Як бязвінны ўсё роўна,

Кіпцюры ашчаперыў

І уклаўся на пер’і...

 

Па сцяне кот скрабецца.

— Коця! Ты, жываедца!

Ненажорнае горла,

На абедзе што жорла?

Можа, быў ты на ловах

У прасторах гаёвых,

Дзе ляшчына цяніста,

Дзе крыніца празрыста?

Там, ля вербіны ніцай,

Ля празрыстай крыніцы,

Смерць для птушкі прынёс ты,

Не звычайнай, не простай,

Што ў цішы вечаровай,

У ляшчыне шатровай

Сум цяжкі разганяе

І заместа адчаю

Ў сэрцы радасць калыша

Ў вечаровым зацішшы?

Слухаць спевы цікава

І ляшчыне, і травам.

Месяц нават двурогі

Збочыў з вечнай дарогі.

Стаў і ціха ўздыхае

Каля нашага гаю.

Слёзы коцяцца з неба

Ў засмучоную глебу,

Асядаюць на кветы

Там расой непрыкметнай. ...

...Адкажы, кат пракляты,

Загубіў салаўя ты?!

 

Сеў пачвара за госця,

Кроў вылізвае з поўсці.

На драпежніку гэтым

Кроў ляснога паэта...

Як дзіця, кот гуляе,

Хіжа ўсё ж пазірае.

— Што ты іклы ашчэрыў?

Дзе ты, як ты вячэраў?

Можа, ў дзікі свой звычай,

Лазіў ты па здабычу,

Не баяўшыся грэху,

Пад сялянскую стрэху?

Там, дзе ластавак борздых

Прымацованы гнёзды,

З аднаго, на астатак,

З’еў усіх ты пісклятак,—

Дзетак ластаўкі шчырай?

Свой пакінуўшы вырай,

Гэта птушка спрадвеку

Аддае чалавеку

На апеку-патолю

Сваю радасць і долю:

І гняздо і пісклятак,

Свой святы ўвесь дастатак.

Яна ў нас гаспадыня,

Лета носіць краіне.

Ціхім, цёплым надвор’ем,

Па-над хатай, над дворам

І праз дзень і падвечар

Безупынна шчабеча,

Дадае так ахвоты

Гультаям да работы.

— Ці вам сну не хапае,

Ці хвароба якая?

Дзе вы? Што вы? Ці жывы?

Не марудзьце са жнівам!

Звозьце ў гумны ўсё збожжа!

Калі ж хмары абложаць,

Нізка лётаюць, сквіляць:

— Дождж! Дождж будзе праз хвілю!

 

Чуеш?.. Енчаць так глуха!..

Па-над гнёздамі скруха.

След пакінуў ты горкі:

Кроў і дзетак іх пёркі.

Гора ў птушак якое!

Як клянуць нас з табою!

Б’юцца грудцамі ў сцены,

Дзетак клічуць дарэмна...

 

Чуе, пэўна, ён сорам,

Страшным лыпае зорам.

Больш няма ўжо сумнення,

Больш няма ўжо цярпення!

Загубіць ва ўсім лёсе

Хіжаку давялося

Стрэх вясковых такую

Гаспадыньку малую.

 

Кот па-здрадніцку муркаць

Стаў, залёгшы ў пячурку.

Сном накрыўся ён потым

Пасля сытнай работы.

Я ж яго цераз спіну

Як пагладзіў дубінай!

Праз адно вокамгненне

Знік драпежнік у сені,

На дварышча, ў прысады...

Даць не спраўлюся рады!

Га! На дрэве?! Ну, годзе!

Пачакай жа ты, злодзей!

 

Пан дазорца шпіталю

Асачыў мяне здалю.

Загадаў чалядзінцам

З дрэва зняць на дзядзінцы,

Потым зімнай вадою

Паліваць за ўсё тое

І у цесны закутак

Пасадзіць на пакуту.

 

«Хлеб з вадой на трыднёўку!»

Не вазьму я да толку:

Што? Ды ў чым я правінны?

Помсціў я за нявінных,

За пакрыўджаных птушак,

За малых весялушак.

Што ж магло быць другое

За батурства такое?

 

Пане! Я ў адчаі:

Тых ён птушак канчае,

Пазірае скрозь шчылін

На пабітых птушылін.

А жывём мы на свеце

Ў дзевятнастым сталецці!

Мабыць, плёну не будзе,

Не палепшаюць людзі!

Што ж мне трэба? Мой божа,

Мне заснуць дапаможаш?!

 

6

Смешна ходзіць штось такое

Ў тым пакоі:

Горад збоку, вёску з краю

Ўспамінаю.

На курынай ножцы хата

Віхраваста.

Там утульная карчомка

Сівагронка.

І палац там на адхоне

Стоваконне.

А касцельчык ледзь мадзее

Ў ветравеі.

На слупах стаіць падпёрты

Дах падзёрты.

Залажыў там нехта кветнік,

Мох і вейнік.

Людзі ходзяць, блудзяць, бродзяць —

Не даходзяць!

Сонны пойдзе ці паедзе

Стуль у недзе?!

І няма на свеце смеху

Ў гэтым грэху.

Кліча з вежы звон пабіты:

«На малітву!»

На прабойнай каляіне

Дамавіну

На руках дзяды чатыры

Цягнуць шчыра.

І разуты, і раздзеты

Праўдай свету.

Паглядзеўшы гэтай праўды,

Уцякаў бы.

Бабкі бедныя, з шпіталю,

Свечы ўзялі.

Арганісты перад імі

Ног не ўздыме:

Мусіў выпіць для запалу

Кардыялу1,

Бо з запалу цягне тоны

Антыфоны.

А як гукне «Адпушчэнне»

Ці «Збавенне»,

«Памяць вечную» як пальне

Капітальна,

Дык, здаволены работай,

Лясне ботам.

За труною малавата

Праважатых.

Выйшлі людзі простых станаў

Для пашаны,

Хлапчукі прыбеглі з поля

Для сваволі.

Сябры два, правёўшы крыху,

Зніклі ціха.

Толькі рэкнулі: — А шкода!

Даўся зводу!

Сэрца, як вулкан, яскравай

Поўна лавай.

Так уласная ўся сіла

І спаліла.

А цяпер што? Усё забыта:

Труп і — квіта!

 

— Што гугніш-пяеш нячыста

Арганісты?

Труп, як бачна, і па сконе

Ў добрым тоне.

Сцяты ў вуснах надзвычайны

Енк адчайны.

Лоб разумны і адкрыты.

Хто ж такі то?!

 

Так спытаўся пан далёкі

Пры маноклі.

Арганісты растлумачыў:

— Не партачым!

Па-латыні і па нотах

Спеў сумотны.

А нябожчык перад панам —

Апантаны:

Быў на хмарах у вандроўцы,

Вершатворца.

 

Усё жыццё пароўся ў кнігах.

А на ліха?

Гэта «іншы» быў заўсёдны,

Бо не модны.

Ачмуралі, як малога,

Ўсе нябогу.

Слёзы ліў, казаўшы ў дужках,

На падушку.

А красуня, сэрцу міла,

Знелюбіла.

І сяброў не меў сумленных,

Шчырых, пэўных.

Вершы згрызлі з добрай шаны

Крытыканы.

Ўсё дабро ўзяла ў абоймы

Родных плойма.

Так ішла за справай справа

Нецікава.

Жаль вялікі ў галаву ўзяў —

Цэлы вузел.

Больш — спаткаўшы чалавека

Бег наўцекі.

І пайшла ў людзей гаворка,

Слухаць горка:

— Ў галаве яго мудрэчай —

Кукарэча?!

Захварэў, не мае есці.

Злыя весці!

На камінку корч пылае —

Дагарае.

Ён жа, ў часе найцяжэйшым,

Піша вершы! —

Тут жа з енкам, як у трасцы,

Стаў пытацца:

— Ды калі ў пясок паложыш,

Моцны божа?

Я ж любіў так! Мне ж, затое,

Ўсё благое?! —

Адышоў ён так са свету...

Што паэту?!

Нам — хаваць прыйшла калейка

Без капейкі.

Хто заплаціць?! Той, багаты

Літаратар?!

Дармавая песня — гора,

Вяне скора.

Га!.. Дзядулі і бабулі,

Ці вы чулі?!

Гэй! Гукнём мы ля магілы

З поўнай сілы:

Памяць вечную дай божа

Для нябожы!

Хай святло,— спявайце дзеці,—

Вечна свеціць!

 

1 «Сардэчныя» кроплі, моцная гарэлка.

ТЫ ПАМЕРЦІ НЕ ПАВІННА

Мкнуць хвіліны, мкнуць гадзіны,

А за імі зімы, леты.

Трапіш там і ў дамавіну

Ты, залётны госць Сусвету.

 

Павандруе дух сірочы

У нябесныя вышыні.

А труну пацук паточыць,

Парахно касцей раскіне.

 

Перад тым жа труп застылы

Урачыста несці мусяць.

І прамоўца, люба-міла,

Пра цябе народу схлусіць.

 

З плачам пекным апранецца

Чорнай сукняй, як да балю,

І яна... Друг адгукнецца

Вершам сумным, поўным жалю.

 

Вось і ўсё, бадай, для цела,

Ды зямлі вільготнай груддзе...

Дзе ж усё, што летуцела,

Што агнём паліла грудзі?

 

ўсё пагасла, ўсё патухла —

Думкі, сэрца, шчасце, слёзы.

Рэшткі ўсе, як пацяруху,

Вецер звее ў ніцы лозы.

 

Песня! Я ў табе пакіну

Варты неба дар нябесны!

Ты памерці не павінна,

А з табой і я ўваскрэсну!

 

Нелюдзь, пэўна, мкнуцца будзе

Здратаваць цябе і сцерці.

Але знойдуцца і людзі

Паратунак даць ад смерці!

 

Максім Рыльскі

 

Мова

 

 

...Трэба даглядаць наш сад.

Вальтэр

 

Як пораст вінаграднае лазы,

Мілу*йце мову. Пільна й неадкладна

Бур’ян паліце. Каб чысцей слязы

Яна была. Надзейна і дакладна

Яна заўжды хай служыць вам усім,

Хоць і жыве жыццём сваім жывым.

 

Паслухайце, як акіян спявае —

Народ гаворыць. З шумам морскіх вод

Любоў і гнеў. На свеце не бывае

Настаўнікаў мудрэйшых, чым народ.

Тут што ні слова — перлаў зіхаценне,

І чалавек, і праца, і натхненне.

 

Збірайце плён, як рупны гаспадар

Плады збірае ў дагляданым садзе.

Народны слоўнік — гэта пышны яр,

Цудоўны скарб ён дасць вам пры даглядзе.

Не майце гневу да маіх парад

І не лянуйцеся вы свой дагледзець сад.


1959-1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Дубоўка Уладзімір. Выбраныя творы ў двух тамах. Т. І. Вершы. Мінск, "Беларусь", 1965. - 540 с. с 1 л. парт.