epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Дубоўка

Пераклады (Казкі)

ЗВАЖАЙ НА ЛЕТАПІСЫ ДАЎНІХ ДЗЕЙ... ( З Алішэра Наваі )
АДАМ І ЕВА (Інданезійская казка)
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
ЛІСІЦА, ЛЕЎ І ВОЎК
ГАНАРЫСТЫ КОНЬ
  1
  2
  3
  4
ЧАМУ САВА ПЯЕ ЎНАЧЫ, А ЎДЗЕНЬ МАЎЧЫЦЬ
ЧЫЕ РУКІ ПРЫГАЖЭЙШЫЯ (Індыйская казка)
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
ХТО ШУКАЕ — ТОЙ ЗНАХОДЗІЦЬ
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
АЙОГА (Нанайская казка)
  1
  2
  3
  4
  5
РАЗУМНАЯ ДАЧКА
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
ВЯЛЬМОЖНЫ ПЫХ
КРОТ, МУРАШКА І ЛІСІЦА
  1
  2
  3
  4
  5
ПУЗЫР, САЛОМІНКА І ЛАПАЦЬ
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
ДЗІВОСНЫЯ ПРЫГОДЫ (Народная казка)
ТРЫ БРАТЫ (Ненецкая казка )
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
ДЗЯЎЧЫНА І КІЛІМ (Усходняя казка)
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10


 

ЗВАЖАЙ НА ЛЕТАПІСЫ ДАЎНІХ ДЗЕЙ... ( З Алішэра Наваі )

...Зважай на летапісы даўніх дзей,

зважай на гутаркі старых людзей.

 

Магчыма, ў іх ты адшукаеш скарб,

што папярэдні прапусціў пагляд.

 

Ты перадай народу гэты скарб,

каб быў яго замілавання варт.

 

Ці трэба створанае спрадвякоў

у тым жа выглядзе даваць ізноў?

 

Пасля чужых табе свайго каня

якая асалода ўслед ганяць?

 

Калі спустошаны сад да цябе,

якія кветкі знойдзеш ты цяпер?

 

У кветніку лужок хіба адзін?

Ты не жабрак у кветніку, мой сын!

 

У гэтай думцы — мудрасць, глыбіня.

Я ў сэрца думку мудрую прыняў.

 

Пачаў я здабываць з усіх бакоў

паданні даўнія старых часоў.

 

І ўзнагароджаны быў я зусім:

знайшоў жаданае ў шуканні тым.

 

Знайшоў багата ў ім жамчужын-слоў,

напоўніў чару думкі да краёў.

 

Я гэты жэмчуг свету перадам,

усім паселішчам і гарадам.

 

Былі тут папярэднікі раней,

але хапіла жэмчугу і мне.

 

Бяздонна мора слоў!

Ніхто у нас

не можа вычарпаць яго запас.

 

І нават я, лавец зусім слабы,

нырнуўшы ў мора пасля ўсіх нібы,—

 

каштоўны скарб такі сабраць спрамог,

што гонар за яго мне ў сэрца лёг...

 

АДАМ І ЕВА (Інданезійская казка)

 

1

Творца свету, мудры Вішну,

працавіты вельмі, ўвішны,

 

намясіў аднойчы гліны,

з гліны вылепіў мужчыну,

 

і Адамам па найменню

стала Вішнава тварэнне.

 

2

Але мудры творца свету

ўцяміў хутка, што на гэтым

 

ён спыняцца не павінен:

трэба дбаць і аб жанчыне.

 

У вялікім задуменні

сеў прамудры на каменні.

 

3

На каменні свету творца

можа б так сядзеў бясконца,

 

ды на шчасце, ясным вокам

ён пабачыў недалёка

 

кветку лотаса ў зіхценні

месяцовага прамення.

 

4

Кветка тая — як жывая,

толькі што не размаўляе,

 

а красе яе цудоўнай

больш няма нідзе падобнай.

 

Захапіўшыся красою

незраўнанаю такою,

 

Вішну ўзяў яе узорам

і стварыў жанчыну скора.

 

5

Хараство зазіхацела

ад жанчынінага цела.

 

Вочы, вусны, ўся яна там

пекнатой такой абнята,

 

што схіліўся перад ёю

нават лотас над вадою.

 

Даў імя ёй Вішну — Ева.

Прывітаў ён Еву спевам.

 

А яна ў адказ сказала:

— Мне, прамудры, спеваў мала!

 

Мне жылплошчу дай, мой божа,

з ёй ачаг і мяккі ложак.

 

6

Вішну кажа:

— Над зямлёю,

над высокаю гарою

 

я табе палац пастаўлю,

пекнату тваю праслаўлю.

 

Карагодзіць будуць зоркі

у цябе на панадворку,

 

прыйдзе Месяц у пакоі

вечароваю парою...

 

Адказала Ева богу:

— Мне не трэ дабра такога!

 

Будзе холадна на горах,

будзе зімна мне пры зорах...

 

7

Вішну кажа:

— Ў сінім моры,

дзе бязмежныя прасторы,

 

я табе палац пастаўлю,

хараство тваё праслаўлю.

 

Будуць хвалі ля палаца

калыхацца і гайдацца,

 

будуць барвамі усімі

зіхацець пад небам сінім...

 

Адказала Ева богу:

— Мне не трэ дабра такога!

 

Супакой там будзе дрэнны,

будуць грукаць хвалі ў сцены...

 

8

Вішну кажа:

— У пустыні,

пад цудоўным небам сінім

 

я палац табе пастаўлю,

прыгажосць тваю праслаўлю.

 

Залаты пясок навокал

будзе цешыць тваё вока,

 

там вады зусім не будзе,

цябе хвалі не пабудзяць...

 

Адказала Ева богу:

— Мне не трэ дабра такога!

 

Будзе горача там вельмі,

моцны вецер дзьме ў пустэльні...

 

9

Каля іх, на тое ліха,

тут Адам прайшоў паціху.

 

На яго зірнуўшы, Ева

ўся, як кветка, зружавела

 

і сказала творцу-богу:

— Працаваў ты, божа, многа!

 

Адпачні цяпер ад працы,

кінь ты клопат пра палацы!

 

Мне палацам лепшым самым

будзе сэрца у Адама.

 

Ты дазволь зайсці ў яго мне —

покуль час яшчэ — сягоння...

 

10

Бог згадзіўся. З той часіны

Ева ў сэрцы у мужчыны

 

і жыве, як пажадала,

гора маючы нямала.

 

Як на горах, часам сцюжа;

як на моры, хвалі кружаць;

 

вецер подыхам гарачым,

як з пустыні, дзьме, няйначай;

 

набягаюць навальніцы,

ды такія — не спыніцца...

 

А яна ўсё церпіць, Ева,

бо сама таго хацела

 

і сама знайшла дарогу

да палаца вось такога.

 

ЛІСІЦА, ЛЕЎ І ВОЎК

Лісіца, Леў і Воўк

пайшлі на паляванне.

Прастор увесь замоўк

ад страху і чакання.

Ідуць паляўнікі,

здабычу ловяць,

давяць.

Здабытак быў такі:

каза,

алень

і заяц.

Леў кажа да Ваўка:

— Дзялі на ўсіх здабычу!

Дзялі папраўдзе,

так,

як вучыць даўні звычай.

Воўк атрымаў загад,

не траціць часу марна.

Ідзе дзяльба на лад.

— Каза —

табе, ўладар наш.

Лісіцы —

зайца дам.

Аленя —

з’ем я сам...

Угневаўся наш Леў,

што Воўк яго зняславіў.

З Ваўка і скуру здзеў

і ад жыцця пазбавіў.

— Падзеліш ты цяпер,—

Лісіцы кажа ветла,—

чакаю ад цябе

я праўды самай светлай...

Лісіца па зямлі

хвастом матнула доўгім.

— Каб вы, ўладар, жылі

заўсёды без трывогі...

Я так і падзялю,

як вучыць звычай даўні:

казу тваю даю

табе я —

на сняданне.

А зайца —

на абед.

Аленя —

на вячэру...

— Ну, дзякую табе!

Тваёй дзяльбе я веру!

Скажы ты мне цяпер,

хто навучыў цябе

разумна падзяліць так?!

— О уладар вялікі!

Вось гэты самы воўк,

навекі што замоўк...

 

ГАНАРЫСТЫ КОНЬ

 

1

Ваяка меў цудоўнага каня.

На тым кані ён вецер абганяў.

 

Сядло ўсё пазалочана на ім,

вуздэчка ўся ў зіхценні залатым.

 

Імкнецца ў далі той цудоўны конь,

з-пад капытоў аж пырскае агонь.

 

Віецца пыл за ім і па-над ім.

Конь ганарыцца вершнікам сваім.

 

Насустрач ледзьве цягнецца ішак.

Няма на ім ні залатых адзнак,

 

няма на ім багатага сядла,

адна падпінка з лямкай абвіла.

 

Худы, ў дадатак стомлены такі,

як і усе наогул ішакі,

 

ён на сабе вялікі цягне пак,

маленькі той, цярплівы той ішак.

 

Пагрозна конь вачыма заблішчэў:

— Дарогу мне загарадзіў яшчэ!

 

Ану, набок, а не — пазнаеш ты,

якія моцныя я маю капыты!

 

Намуляў плечы пакамі ішак,

з дарогі не паверне ён ніяк.

 

Ды што рабіць? Здратуе гэты конь,

бо ён жа крэсіць, бегучы, агонь.

 

І пацягнуўся ён з дарогі ўбок,

як толькі мог, і пак свой павалок,

 

худы ішак, натруджаны такі,

як і наогул пад цяжарам ішакі.

 

А конь прамчаўся у шырокі свет,

а пыл, узняты ім, закрыў і след...

 

2

У бойцы ранілі таго каня.

Не крэсіць капытамі ён агня.

 

Ад ветру ззаду застаецца ён,

за ветрам больш не бегае ўздагон.

 

Хоць гаспадар і уздыхнуў па ім,

ды зняў сядло з уборам залатым.

 

З насечкай залатой вуздэчку зняў,

аброць уздзеў ён на таго каня.

 

Пасля узяў яго за павадок

і на кірмаш павёў у гарадок.

 

Купіў яго там неякі фурман,

сядла ў яго, у фурмана, няма.

 

Цяжары возіць ён на тым кані.

Цяжкія для каня насталі дні.

 

3

І дзень за днём, і дня не праміне,—

вялікія два пакі на спіне

 

конь возіць. Адвязе — кладуць ізноў.

Так і калышуцца яны з бакоў...

 

Аднойчы так ён з пакамі ідзе,

ды адпачынку не відаць нідзе.

 

Насустрач і натрапіўся ішак,

які калісьці вёз таксама пак.

 

Ішак даўнейшага каня пазнаў

і гутарку такую распачаў:

 

— А, конь-сагіб! Салам алейкум вам

Чаму твая панікла галава?

 

Нядаўна ты інакшы быў,— як леў.

Яшчэ мяне ты здратаваць хацеў.

 

Я і падумаў — п’яны ты. Дарма!

На свеце хмелю вечнага няма,

 

ад гордасці працверазішся ты!

А дзе ж, скажы, убор твой залаты?

 

4

Пашкадаваў каня усё ж ішак.

— Давай мне,— кажа, — твой вялікі пак.

 

Іду я ўлегцы. Памагу табе.

Я думаю, ён карак не саб’е...

 

Пайшлі яны да месца удваіх.

Адзін маўчыць, ды і другі заціх...

 

ЧАМУ САВА ПЯЕ ЎНАЧЫ, А ЎДЗЕНЬ МАЎЧЫЦЬ

Ішла Сава дарожкаю лясной,

на плечы пачапіўшы клунак свой.

 

Здзіўлёны Дзяцел крыкнуў ёй:

— Кума!

Работы іншай у цябе няма?!

 

Куды ты пацягнула хатулі?

Нядрэнна па-суседству мы жылі,

 

А зараз — на табе! — ўзнялася ў свет!

А мо пакрыўдзіў чым які сусед?

 

Сава ўздыхнула цяжка у адказ.

— І добра, і нядобра,— кажа,— ў нас.

 

Балота блізка і нядрэнны бор,

для ўсіх, здаецца, радасць і прастор,

 

хапае ежы, але праз людзей

мне жыць становіцца усё цяжэй.

 

Ты ведаеш, што я спяваць люблю.

Не спадабалі песеньку маю!

 

Хоць песенька прыгожая мая,

як толькі заспяваю часам я,

 

хто камень кіне,

пашыбень які,

хто па гарбу дае,

хто пад бакі.

 

Адзін на дрэва нават з кіем лез!

Пайду шукаць сабе інакшы лес.

 

— Па шчырай праўдзе,—

Дзяцел кажа той,—

не чуў ніколі

песні я тваёй.

 

Ты заспявай, дазнаюся цяпер,

чаму няма спагады да цябе.

 

Сава і вухнула, сабраўшы дух:

«Ку-га, ку-га,

вух-вух!»

 

Той бедны Дзяцел да сука прырос,

аж па спіне яго прайшоў мароз.

 

— Ну як,— пытаецца Сава,—

ці чуў?

 

— Ой,— кажа Дзяцел,—

крыўдзіць не хачу,

 

але не песня гэта — проста жах!

Аж сонца змеркла у маіх вачах!

 

Здаецца, што не толькі ад людзей,—

не знойдзеш ты прыхільнасці нідзе.

 

Параду дам табе, кума, адну:

ты не шукай другую старану,

 

бо тут хоць крыху звыклі да цябе,

на новым месцы хто зусім заб’е.

 

Цягні ты хатулі свае назад,

а песню павярні на новы лад.

 

Ці пры людзях зусім ты памаўчы,

ці лепш спявай, як спяць яны, ўначы...

 

Сава, паслухаўшыся тых парад,

вярнулася ў дупло сваё назад.

 

З тае пары, як Дзяцел навучыў,

яна і вухкае-пяе ўначы...

 

ЧЫЕ РУКІ ПРЫГАЖЭЙШЫЯ (Індыйская казка)

 

1

На беразе ракі індыйскай, Джамны,

жылі даўней прыгожыя тры дамы.

 

У кожнай муж быў, так сказаць, вяльможа,

затым пра хлеб іх клопат не трывожыў.

 

Не мелі клопату і пра уборы,

ім не хапала толькі з неба зораў.

 

Ніхто не прымушаў іх турбавацца

наконт якой бы ні было там працы.

 

Паспаўшы ўдосыць і на мяккім ложку,

яны і пачыналі дзень патрошку.

 

Спачатку падавалі ім сняданне,

пасля былі з суседкамі спатканні.

 

Яшчэ пасля — ішлі яны на Джамну,

вось гэтыя прыгожыя тры дамы.

 

2

З усмешкай на сваіх цудоўных тварах

яны з сябе свае здымалі сары.

 

Пасля залазілі ў ваду па пояс,

а над вадой імклівіў звонкі голас.

 

Як пырскі, узлятаў іх смех вясёлы,

каб хто увагі больш звярнуў на голых.

 

Яны сябе лічылі цудам свету,

і ўсе былі павінны ведаць гэта.

 

Гармідар той прыгожы і прыемны

даходзіў нават і да шахт падземных,

 

дзе людзі голыя крышылі камень

сваімі збітымі у кроў рукамі,

 

каб збудаваць цяжкой падземнай працай

надземным дамам добрыя палацы...

 

3

На беразе ракі індыйскай, Джамны,

не сумавалі гэтыя тры дамы.

 

Пра тое-сёе крыху размаўлялі,

а гутаркі і час плылі на хвалях.

 

Але дайшлі да рук сваіх урэшце.

Тут згода кончылася, хоць іх рэжце!

 

— Мае,— адна сказала,— цуда свету,

і вы павінны ўсе згадзіцца з гэтым!

 

— Ніякай згоды,— кажа ёй другая,—

мае такія рукі, добра знаю!

 

Такое самае пачулі і ад трэцяй:

— Мае найпрыгажэйшыя на свеце!

 

Няма ў іх згоды, бо яны і суддзі:

гарачых спрэчак і вада не студзіць.

 

4

Якраз на тое каля іх кульгае

бабуля нейкая — галодная, старая.

 

Спынілася і прывітала голых

у простых задушэўных словах.

 

Пасля сказала:

— Трэці дзень не ем я.

Гарачыня спустошыла нам землі...

 

А можа, хоць скарыначку дасцё вы? —

Бабуліны іх не кранулі словы.

 

Галодных сыты зразумець не можа,

пакуль самога лёс не патрывожыць.

 

Да гэтых дам, над Джамнаю індыйскай,

наконт скарынкі не хадзі і блізка.

 

А ўсё ж ткі трэба скарыстаць старую!

Адна яе пытаннем і частуе.

 

— Дапамажы нам скончыць нашы мукі:

ў якой з нас лепшыя красою рукі?

 

— Чакайце крыху,— кажа ім старая,—

прыйду, як толькі ежы адшукаю...

 

І пакульгала прэч ад іх з кіёчкам

па чыста вымытым вадой пясочку...

 

5

Праз гоні двое, ля ракі таксама,

жанчына простая сядзела пад кустамі.

 

Усё жыццё яна працуе ў полі,

сваім гарбом сваю стварае долю.

 

Вятрамі біта і дажджамі мыта,

яна нічым ад сонца не закрыта.

 

Ад сонца яснага яна ўся чорна

і лёсу горкаму яна пакорна.

 

Прыйшла, каб смагу ўтаймаваць вадою,

перадыхнуць хоць крыху над ракою.

 

6

З кійком старая да яе кульгае,

сардэчным словам і яе вітае.

 

— Даруй, дачушка, за маё пытанне:

ці засталася крошка ад снядання?

 

Сказала у адказ ёй маладзіца:

— Сядай, бабуля, ў засень, на травіцы.

 

Няхай збіраюць крошкі ліхадзеі!

З табой сняданне папалам падзелім,

 

каб падужэла ты ў сваёй дарозе,

каб весялей было табе, нябозе...

 

Паснедалі яны тады абедзве,

хоць сонца і стаяла на абедзе.

 

Старой была вялікая падмога.

Падзякавала. Стала зноў на ногі.

 

Пасля ўзяла яе руку сваёю

і павяла ля Джамны, над ракою.

 

7

Прыйшлі да дам. Яны былі ля рэчкі,

свае ніяк не паканчалі спрэчкі.

 

Сказала ім старая, гэным дамам:

— Цяпер адказ на запытанне дам вам.

 

На рукі гэтай маладзіцы гляньце:

яны і чорныя, яны аж з глянцам.

 

Яны парэпаны, яны пабіты,

яны салёным потам перамыты.

 

Яны мяне, якую лёс знясіліў,

запрацаваным хлебам накармілі.

 

Няма на свеце ім красою роўных,

а прыгажэй над вашы — безумоўна!

 

Бо хараство усё ідзе ад працы,

пабудавала праца і палацы.

 

Хоць беленькія вашы, як лілеі,

дабра не твораць і тварыць не ўмелі

 

8

Сказала так і адышла старая.

Пайшла ў свой бок і маладзіца тая.

 

На беразе ракі індыйскай, Джамны,

пазналі ўсё ж ткі сорам тыя дамы.

 

ХТО ШУКАЕ — ТОЙ ЗНАХОДЗІЦЬ

 

1

Град пабіў усё на полі,

сонца рэшткі дапаліла.

Супраць гэткай горкай долі

не паможа нават сіла.

 

Вёскі ўсе асірацелі,

зарабляць пайшлі мужчыны.

Хто застаўся, тыя елі

хлеб бульбяны ды з мякінай.

 

Гэта казка больш на праўду,

хоць і горкую, падобна.

Век яе не памінаў бы

пры жыцці сучасным, добрым.

 

Але каб мы лепш цанілі

тое ўсё, што зараз маем,

мы аб той страшэннай хвілі

і цяпер успамінаем.

 

Тры сыны былі у мамы,

тры сыны былі у таты.

Разумелі ўжо і самі,

што пара шукаць занятак.

 

Бо адкуль бацькі старыя

будуць браць для іх спажытак?

І суседзі гаварылі

ім пра гэта ўсё адкрыта.

 

Вось аднойчы, нейкім святам,

пры сняданні тата кажа:

— Бедна, хлопцы, наша хата

і нясмачна наша каша.

 

Ад адной худой кароўкі

малака ўсім не хапае.

Не памогуць нам гаворкі,

трэба рада тут другая.

 

Трэба вам ісці у людзі,

пабываць вам у народзе.

«Хто пытае — той не блудзіць,

хто шукае — той знаходзіць».

 

Справа ясная, як сонца.

Спрэчак жадных быць не можа.

Падняліся зразу хлопцы

рыхтавацца ў падарожжа.

 

Сын старэйшы просіць тату:

— Дай пінжак ты мне ў дарогу.

Бачыш сам — халаднавата,

будзе ўсё ж мне дапамога...

 

Усміхнуўся тата сыну:

— На, сынок, хоць ён апошні.

Больш работай грэй ты спіну

ля варштата ці на пожні.

 

Сын сярэдні у матулі

на разжыву просіць так жа:

— Дай мядзяную каструлю,

есці ў ёй смачней насмажаць.

 

— Хоць адну каструлю маю,—

забяры яе з сабою.

Толькі ўсё ж табе параю:

спадзявайся не на тое.

 

Калі будзеш працавітым,

знойдуць людзі частаваць чым.

Будзе стол заўжды накрыты,

не спытаюць посуд матчын...

 

Сын малодшы не пытае

у сваіх бацькоў нічога.

— А табе, сынок, якая

трэба з хаты дапамога?

 

— Калі вы дазвол дасцё мне,

цвік адзін хацеў бы ўзяць я,

каб пра хату нашу помніць

і на вас не забывацца...

 

Задзівіўся крыху тата:

вельмі просьба ўжо малая!

А браты смяюцца з брата:

«Галава яго дурная!»

 

— Што ж, сынок,— бацькі гавораць,—

мы табе ў тым не адмовім.

Выбірай які-каторы,

нас не ўспомні дрэнным словам...

 

— Я вось той вазьму, што вешаў,

кладучыся спаць, адзежу.

Для мяне ён самы лепшы,

будзе памяткай мілейшай!

 

Абцугамі цвік ён вырваў

на ўспамін і дапамогу.

А браты з усмешкай хітрай

паглядзелі на малога...

 

Развітаўшыся з бацькамі,

ў свет пайшлі ад іх сыны ўсе.

А малодшы, меншы самы,

на пагорачку спыніўся.

 

Шапку зняў і глянуў моўчкі

на сваю старую хатку,

дзе хусцінкай церла вочы

па сынах-вандроўцах матка...

 

Падышлі да раздарожжа.

Там спыніліся ўсе трое.

Кажуць большыя варожа:

— Сцежкай ты ідзі другою!

 

Мы усё ж ткі маем нешта:

я — пінжак, а ён — каструлю.

Хоць прадаць іх можна, зрэшты,

калі будуць плечы муляць.

 

А з цвіком — які ты дольнік?

Ён нічым не дапаможа.

— Што ж, браточкі, ў наваколлі

многа сцежак і дарожак...

 

2

Меншы брат ідзе ад ранку.

Сонца стала на абедзе.

Бачыць — перад ім фурманка

па дарозе торнай едзе.

 

Раптам адляцела кола,

пакацілася з дарогі.

Вось схілілася дадолу,

чырканула, як нарогам.

 

Тут адразу коні сталі.

Злез фурман. А хто не злез бы?

Толькі крэкча: «Крыху б сталі

ці кавалачак жалеза!»

 

Ані лесу, ані вёскі —

толькі поле ды каменне.

«Вось загвоздка дык загвоздка!»

Стаў фурман у задуменні.

 

Падыходзіць хлопец:

— Дзядзя!

Не гаруйце. Цвік я маю.

Зараз з вамі ўсё наладзім! —

І з кішэні цвік вымае.

 

— Толькі вас папераджаю:

цвік мне дораг, з роднай хаты.

Вам яго я пазычаю,

будзе ён назад узяты.

 

Засмяяўся падарожны:

— Хлопец, бачу, ты — гарэза!

Цвік аддаць, бясспрэчна, можна,

ў кузні знойдзем мы жалеза...

 

Падкацілі хутка кола.

Тым цвіком замацавалі.

Стаў ізноў фурман вясёлы:

— Ну, сядай, паедзем, малец!

 

Мы у кузні ўсё падправім.

А табе, сынок, падзяка!

Вельмі добра выйшла справа!

І дадумаўся б не ўсякі!

 

Толькі ён крануў за лейцы,

коні зразу поўным ходам.

Так даехалі да месца

без ніякае прыгоды.

 

3

Кавалю маленькі клопат:

мерку зняў, адсек жалеза,

напаліў. У рукі молат —

і загвоздка ў вось палезла...

 

А малы ўсё разглядае.

Тут яму усё цікава.

Кажа:

— Музыка якая!

Эх, і добрая ў вас справа!

 

Засмяяўся майстар гучна:

— Гэта так табе здаецца!

Калі хочаш, стань падручным,

ёсць якраз пры мне і месца.

 

Сын ляжыць мой у бальніцы,

покуль выйдзе — ты пабудзеш.

А пачнеш пры мне вучыцца —

рамяство сабе набудзеш.

 

Будзе харч табе, кватэра,

дам і грошы за работу.—

Хлопец нават не паверыў.

Згоду даў з усёй ахвотай.

 

Ля мяхоў кавальскіх стаў ён,

ля кавадла памагае.

Працавіты хлопец, спраўны,

што пабачыць, што спытае.

 

Стаў каваць памалу дробязь.

А драбніц патрэбна многа.

Ён і вучыцца, і робіць,

на сваю ўзышоў дарогу.

 

Хоць не майстар, але можа

зарабіць кавалак хлеба.

А яму, у падарожжы,

большага пакуль не трэба.

 

Але скончылася рата,

трэба некуды падацца:

майстраў сын прыйшоў дахаты,

з бацькам стаў ізноў на працу.

 

Атрымаў хлапчына грошы,

даў падзяку за навуку.

Зноў пайшоў у падарожжа,

клунак свой узяўшы ў рукі.

 

4

Многа ён прайшоў ці мала,—

хто тут лічыць або мерыць? —

Сонца ўжо на захад стала,

адчыніла ночы дзверы.

 

Бачыць хлопец: ля дарогі

невялікі дом якісьці.

А пры доме, ля парога,

дзед стаіць і куртку чысціць.

 

Куртка з рук як паслізнецца

і — на мокрую травіцу.

— Трэба вам прыладзіць месца,—

кажа хлопец.

Дзед сварыцца:

 

— Ад зямлі ўсяго тры пядзі,

а мяне вучыць прыйшоў ты!

— Мы, дзядуля, ўсё наладзім,

будзе месца для работы!

 

Хлопец цвік дастаў з кішэні,

камень зручны ўзяў на доле.

Цвік убіў ён у прысценне,

дзеда зразу задаволіў.

 

Той аж засмяяўся нават,

як на цвік павесіў куртку,

бо сваю закончыў справу

за адну ўсяго мінутку.

 

— Вось дык хлопец! Скуль ты гэткі?

Ну, зайдзі ж да нас у хату,

будзеш нашым госцем, дзетка.

Ты — не дрэнны памагаты!

 

А у хаце гаспадыня

і вячэру згатавала.

Павячэраў хлопец з імі

не занадта і не мала...

 

Распытаў дзед падрабязна:

— Як, адкуль, куды, чаго ты? —

Быў адказ кароткі, ясны:

— Я іду шукаць работы...

 

— А рабіць што-небудзь можаш?

— Я каваль. Кую, што хочаш.—

Засмяяўся дзед:

— Ой, божа!

Насмяшыў мяне ты, хлопча!

 

Малады яшчэ ты дужа

падымаць у кузні молат.

Рамяство маё адужаць —

гэта іншая размова.

 

Я кравец. Вучыся шыць ты.

Заставайся жыць са мною.

Тут і цёпла, тут і чыста,

развітаешся з бядою...

 

Прапанове хлопец рады.

Працаваць пачаў на золку.

Не цяжкія ўсе прылады

у краўца: напарстак, голка.

 

Пры пачатку новай справы

не мінеш ніколі грэху:

то прышыў не так рукавы,

то няроўным швом праехаў...

 

Але ўсё ж даходзіць толку,

пазнае ўсё лепш работу.

Неслухмянай той іголкай

ён штаны ўжо шые з корту.

 

Сам кравец спачатку кроіў,

заглядаў на ўсе драбніцы.

А цяпер сваёй рукою

хлопец кроіць не баіцца...

 

Час мінуў так немаленькі,

ды бяда прыйшла аднекуль:

захварэў кравец старэнькі,

а пасля спачыў навекі...

 

Не паможаш тут слязою

і ніякім іншым чынам...

Развітаўся з удавою

і пайшоў у свет хлапчына.

 

Выдраў цвік ён свой з прысцення,

што прынёс сюды калісьці,

палажыў яго ў кішэню

перад тым, як з хаты выйсці...

 

5

Хлопец зноў прайшоў нямала,

трэба недзе і спыніцца.

Як на тое, набягала

з небакраю навальніца.

 

Бачыць ён такую справу:

з хаты выбегла бабуля

да сваёй бялізны жвава,

бо і ў хаце гром пачулі.

 

Ветрам цвік якраз зламала,

на якім канец вяроўкі.

Ухапіла, затрымала,

але мала ў гэтым толку!

 

Падбягае хлопец:

— Цёця!

Зараз будзе дапамога!

Каб бялізну вам не зблоціць,

цвік прыб’ю замест старога.

 

Борзда цвік дастаў з кішэні,

падхапіў на доле камень

і забіў у вокамгненне

цвік той спрытнымі рукамі.

 

А пасля канец вяроўкі

заматаў, на вузел сціснуў.

— Вось уся вам і гаворка.

Пачынайце браць бялізну.

 

Просіць юнака старая:

— Памажы насіць мне, хлопча.

Хлопец добра справу знае:

замарудзіш — дождж намочыць...

 

Гаспадыня пачастунак

для памочніка рыхтуе.

Кажа:

— Вешай, хлопча, клунак

бо у нас і заначуеш.

 

Гаспадар — шавец вясковы.

Пачалася ў іх бяседа.

А пасля і прапанова

за бяседай выйшла следам:

 

— Бачу, што ты хлопец здольны.

Заставайся жыць у нас ты.

Ёсць якраз варштацік вольны,

насукаем заўтра дратвы...

 

І пачнеш памалу латаць

на пачатку ўсё малое.

З рамяством не будзеш плакаць —

не насіць, як што цяжкое.

 

Павячэралі, паспалі,

раніцой за працу селі.

Ўсё было — і шыла ў палец,

і цвічкі у столь ляцелі...

 

Трэба толькі мець ахвоту

і упартую натуру.

Навучыўся шыць ён боты,

хоць псаваў спачатку скуру.

 

Пояць, кормяць, грошы плоцяць,

а яшчэ калі — пахваляць.

Стаў шаўцом някепскім хлопец,

стаў шаўцом нядрэнным малец.

 

Кажа майстру ён аднойчы:

— Мне пара дамоў вяртацца.—

Майстар хлопцу:

— Што ж, сыночак,

добра ў свеце, лепш пры матцы.

 

Накупіў юнак тавару

і пашыў сам чаравікі.

Чаравічак гэтых пару

панясе праз свет вялікі.

 

Прынясе, аддасць матулі:

— Шыў табе сваёй рукою! —

А яна яго прытуліць

і падзякуе за тое...

 

Развітаўся ён сардэчна

і з шаўцом, і з гаспадыняй.

Клунак свой узяў на плечы

і пайшоў з сям’і гасціннай...

 

Не забыўся цвік узяць ён,

захаваў яго ў кішэні —

успамін аб роднай хаце,

успамін пра ўсе здарэнні...

 

6

Ён ішоў дамоў паволі,

дзе далінай, дзе праз гору.

Начаваў і пад ялінай,

над якой зіхцелі зоры...

 

Вось і горад блізкі самы,

і да вёскі недалёка.

Уваходзіць ён у краму,

на тавары кінуў вокам.

 

Бачыць: там пінжак знаёмы,

той, што брат узяў у таты.

Брат прадаў яго, вядома,—

ён на тое быў узяты.

 

Адкупіў пінжак хлапчына,

перайшоў да новай крамы.

Перавёў разок вачыма:

рэч знаёмая таксама!

 

Там мядзяная каструля —

матчын дар другому брату.

Меншы сын сваёй матулі

прынясе яе у хату.

 

Закупіўшы падарункі,

ён пайшоў, урэшце, двору.

Хоць ісці нялёгка з клункам,

але ў добрым ён гуморы...

 

Падышоў да роднай вёскі.

Вось і хата выглядае.

Праз акно — святла палоска:

«на камінку корч палае».

 

Бо на газу не ўзабрацца...

Ля стала бацькі сядзяць там.

Каля іх два абадранцы:

брат сярэдні з большым братам.

 

— Не знайшлі нідзе работы,—

так яны бацькам гавораць,—

пазбівалі толькі боты,

каштавалі многа гора...

 

— Ах, мае вы галубочкі,—

каля іх бядуе маці,—

дасталося вам, сыночкі,

не лягчэй і ў нашай хаце.

 

Гаравалі ў белым свеце

і разуты, і раздзеты...

Смалякамі ў хаце свецім,

дачакаць нам цяжка лета...

 

Суцяшаюць маму хлопцы:

— Мы вясной усё здабудзем!

Як прыгрэе добра сонца,

пойдзем зноў тады мы ў людзі.

 

Нам абы зіму прабіцца! —

Ды бацькі сынам не вераць...

Меншы сын, не чуўшы быццам,

адчыніў раптоўна дзверы.

 

З клункам ладным цераз плечы

ён ідзе адразу ў хату.

— Добры вечар, добры вечар,

дарагія мама, тата!

 

Я да вас прыйшоў урэшце,

прынімайце падарункі!

Цяжка іх было данесці,

натрудзіў я плечы клункам.

 

Вось вазьмі пінжак свой, тата!

І мядзяная каструля

зноў вярнулася у хату,—

прынімай яе, матуля.

 

Чаравічкі — дар мой, мама.

Іх пашыў сваёй рукою.

Грошы вам прынёс таксама,

каб не знацца вам з бядою.

 

Я — каваль, кравец, шавец я.

Звык да ўсякае работы.

Зараблю, як мне здаецца,

каб не знаць старым вам клопат...

 

Вось і цвік, што ўзяў ад вас я.

Ён памог мне, і нядрэнна!

З ім пра вас не забываўся,

з ім я згадваў нашы сцены...

 

Малаток узяўшы ў рукі,

цвік ізноў забіў на месца.

 

7

А якая тут навука,

кожны сам хай дабярэцца.

 

Гэта казка больш на праўду,

хоць і горкую, падобна.

 

Век яе не памінаў бы

пры жыцці сучасным, добрым.

 

Але каб мы лепш цанілі

тое ўсё, што зараз маем,

мы аб той нялёгкай хвілі

і цяпер успамінаем.

 

Вам адкрыты шлях вялікі

да навукі і да працы.

Вам не трэба з нейкім цвікам,

як хлапцу таму, цягацца.

 

Рамяство даюць у школе,

каб лягчэй дайсці да мэты.

Але, дзеці, ўсё ж ніколі

не забудзьце казкі гэтай!

 

АЙОГА (Нанайская казка)

Каля сіняга мора, ў далёкай тайзе,

дзе Амур свае воды да мора нясе,—

 

асяліўся нанайскі народ-паляўнік.

Да тайгі і да мора з маленства ён звык.

 

У вялікай і дружнай савецкай сям’і

ўсім хапае прастору, хапае зямлі.

 

Не пакрыўджаны ў нас і нанайскі народ,

ён пазбыўся даўно векавечных нягод.

 

У нанайцаў няма ні палёў, ні садоў,

ловяць рыбу яны, б’юць таёжных звяроў.

 

На рацэ і на моры, на ўзгор’ях крутых

узрастае і ходзіць здабытак для іх.

 

У таёжных распадках, ля горных крыніц

б’юць і ловяць яны сабалёў і лісіц.

 

Не мінаюць аленяў яны і ласёў.

Для жыцця у тайзе і знаходзяць усё.

 

Многа песень яны наспявалі ў жыцці.

Можна радасць і гора у песнях знайсці.

 

Многа казак злажылі яны праз вякі

у хацінках сваіх на ўзбярэжжы ракі.

 

Пра старых, пра малых, пра таёжных звяроў,

і пра птушак лясных, і пра звон ручаёў...

 

Пра дзяўчынку, Айогу, гаворыць адна,

як зрабілася гускай за неслух яна...

 

1

Жыў калісьці нанаец, па прозвішчу — Ла.

У яго і дачушка — Айога — была.

 

Прыгажэй за яе не пабачыш нідзе.

Як пачула пра тое яна ад людзей,—

 

стала так ганарыцца, што рады няма.

Пачалі ад яе ўсе люстэркі прымаць,

 

бо яна і сядзіць каля іх цэлы дзень,

да работы якой нават блізка не йдзе.

 

Пахавалі люстэркі— ёй мала бяды:

да крыніцы ідзе, да люстранай вады

 

і сядзіць цэлы дзень над крынічнай вадой,

надзівіцца не можа сваёй пекнатой...

 

Анічога у хаце не робіць зусім,

толькі цешыцца ўсё адлюстроўкам сваім.

 

2

Просіць маці аднойчы:

— Айога, схадзі

прынясі мне вадзіцы разочак адзін!

 

— Я ў ваду увалюся, бо бераг круты!

— Ты трымайся, дачушка, рукой за кусты!

 

— Можа куст адарвацца, а як жа тады?

— Ты за моцны трымайся, дастанеш вады!

 

— Ён мне рукі паколе...

— А ты на руку

рукавічку надзень, што вісіць на шастку.

 

— Рукавічка парвецца,— гаворыць дачка,—

бо калючак багата на гэтых сучках...

 

— Ты зашыеш тады рукавічку сваю,

я табе вось на гэта і голку даю...

 

— Паламаецца голка, набуду бяды:

ані голкі не будзе, ні ў хаце вады...

 

Бацька кажа:

— Вялікую голку вазьмі! —

Ды не можа Айога згадзіцца і з ім:

 

— А вялікая палец праколе якраз!

— А напарсткі навошта бываюць у нас?

 

— А калі ператрэцца напарстак?

Тады

ні напарстка не будзе, ні ў хаце вады...

 

Ды калі ж, сапраўды, ёй вадзіцу насіць?

На сваю пекнату ўсё ў мядніцу глядзіць...

 

3

Падбягае дзяўчынка з суседняй сям’і.

Кажа:

— Дайце вядро, а я збегаю з ім...

 

Нанасіла яна, колькі трэба, вады,

не спаткаўшы пры гэтым ніякай бяды.

 

Маці цеста тады учыніла з вадой,

праснакоў нарабіла з чаромхай лясной.

 

І на вогнішчы ўсе запякла праснакі.

Пах салодкі дайшоў да гультайкі-дачкі.

 

Просіць матку Айога падаць ёй праснак,

бо сама зварухнуцца не можа ніяк.

 

4

Маці словам наўчае гультайку дачку:

— Ён гарачы, Айога, ты спаліш руку!

 

— Я магу рукавічкі, матуля, надзець!

— Рукавічкі намоклі ў крынічнай вадзе!

 

— Пасушу іх, матуля, на сонейку я!

— Скарабаціць іх сонца, дачушка мая!

 

— Я іх мялкай, матуля, тады разамну.

Будуць зноў рукавічкі — адна у адну.

 

— Забаляць твае рукі ад працы такой.

Лепш сядзі і мілуйся сваёй пекнатой.

 

Я праснак-перапечку дзяўчынцы аддам,

што вады для сябе нанасіла і нам.

 

Не шкадуючы рук працавала яна,

дык няхай і падзяка ёй будзе ад нас.

 

І суседскай дзяўчынцы, найлепшы на смак,

аддала у аддзяку вялікі праснак.

 

5

Узлавалася вельмі Айога тады,

адышла ад матулі да самай вады.

 

Адлюстровак свой бачыць на ціхай вадзе,

ён прыгожы такі, як ніякі, нідзе...

 

Ля ракі і суседка сядзіць на траве,

свой гасцінец-праснак памаленечку жве.

 

Пачала азірацца Айога назад,

на суседку кідае нядобры пагляд.

 

Стала шыя цягнуцца яе ў даўжыню,

стала шыя ўзнімацца яе ў вышыню.

 

А дзяўчынка — суседка — і кажа тады:

— Ты вазьмі мой гасцінец, мне хопіць яды!

 

Пабялела ад злосці Айога.

«Як так?!

Каб яна узяла той ламаны праснак?»

 

Замахала рукамі ад сілы усёй

і зрабіліся рукі — як крылле на ёй.

 

Закрычала:

— Няхай тваё будзе табе!

Мне не трэба

нічога-га-га

ад цябе.

 

Паслізнулася з берагу і паплыла,

быццам век яна гускаю белай была.

 

Толькі чуем, крычыць ля ракі, ў берагах:

— Я красуня-га-га...

Я красуня-га-га...

 

Па-нанайску забылася ўсё гаварыць,

толькі ведае імя да гэтай пары.

 

І калі дзе заўважыць паблізу людзей,

пачынае крычаць над вадой, на вадзе:

— Я — Айога-га-га...

Я — Айога-га-га...

 

РАЗУМНАЯ ДАЧКА

 

1

Гэта калісьці было, за прыгонам;

пан для сялян быў вышэйшым законам.

 

Мог і прадаць, і забіць селяніна,

хоць бы ён быў ані ў чым непавінен.

 

Той ненавіснай, прыгоннай парою

труцень вяльможны сядзеў у пакоі.

 

А селянін, паспяшаючы з працы,

шапку не зняўшы, прайшоў ля палаца.

 

Пан, узлаваўшыся, лёкаяў кліча:

— Ўзяць яго, хамскае тое аблічча!

 

Тут гайдукі наляцелі ў хвіліну,

рукі скруцілі таму селяніну.

 

Выйшаў на ганак з палаца вяльможны.

Сэрца сялянскае б’ецца трывожна.

 

2

Панскага слова чакаюць падпанкі.

Пан пачынае з высокага ганка:

 

— Як ты асмеліўся, галган пракляты,

каля палаца хадзіць панібратам?

 

Нават не зняў ля акна майго шапку!

Можа, не любіш такога парадку?

 

Хочаш, каб пан павітаўся з табою?

Шапку здыміце з дурной галавою!

 

Хоць не чакалі такога загаду,

але падпанкі ўсё выканаць рады.

 

Махам адным падкацілі калоду —

ім галавы гарацешнай не шкода...

 

3

Жалем зайшлося бязвіннае сэрца.

Як яно толькі само не парвецца!

 

— Яснавяльможны! Ды як жа? Завошта?

Шапку набыў я з уласнага кошту,

 

а галаву падарылі бацькі мне.

Што ж я рабіцьму, як пан яе здыме?

 

Мне галава памагае у працы,

мэблю не ўсю я зрабіў для палаца.

 

Хоць бы дакончыць вам стол-сакрытэру.

Я для яго і брускі ўжо намераў.

 

Дзе ж галаву я другую дастану? —

Так насмяшыў нечакана ён пана,

 

што аж за бокі узяўся вяльможны:

— Без галавы хіба жыць вам не можна?

 

Рукі патрэбны, патрэбны вам ногі,

а ў галаве тваёй клёку не многа...

 

4

Пан аж заходзіцца, ўзяўшыся ў бокі,

пану у тон заліваецца лёкай.

 

Ведаюць здаўна на свеце пра тое —

смех памагае знішчаць нам ліхое.

 

Так адбылося і тут нечакана:

смех закрануў нешта людскае ў пана.

 

Але падацца нядобра адразу:

будзе спакусай для іншых «абраза».

 

Слёзы сялянскія пану пацеха.

Пан, як для жарту, гаворыць са смехам:

 

— Добра. Віну я, напэўна, дарую,

калі ты зробіш работу такую:

 

заўтра, у гэту дакладна гадзіну,

ты да палаца прынесці павінен,

 

з попелу звіўшы ў тры пасмы, вяроўку.

Гэтым сваю ты ўратуеш галоўку.

 

І даўжынёй каб не абы-якая —

дваццаць пяць локцяў ад краю да краю...

— Добра! — адказвае майстар з паклонам.

Сам жа падумаў:

«Забі яго громам!»

 

5

Дома дачка свайго бацьку чакае.

«Што ж за работа у таты такая?»

 

Той засмучоны ўваходзіць у хату.

— Дзе ж ты так доўга забавіўся, тата?

 

Тата ачухацца нават не можа,

так яго панскі загад устрывожыў.

 

Ды памаленьку дачушцы каханай

ён расказаў пра здарэнне у пана:

 

— Мілая Настачка, любая дзетка!

Радасць трапляецца беднаму рэдка.

 

Гора трымаецца кожнага кроку,

смерць мая ходзіць зусім недалёка.

 

Гэта здарэнне такое цяжкое,

мабыць, разлучыць мяне з галавою...

 

Наста ўсміхаецца толькі, ды годзе:

— Татачка, пану з табой мы дагодзім.

 

Пану вяроўку звіём мы з табою,

будзе яна ў самы раз даўжынёю.

 

Ты павячэрай і спі без турботы.

Досвіткам наша пачнецца работа...

 

Бацька здзівіўся: тут слёзы, не жарты,

кажа дачка: турбавацца не варта!

 

Але на сэрцы лягчэй яму стала.

Смуткам бядзе дапаможаш ты мала.

 

Вось і махнуў ён на смутак рукою,

добрай вячэрай сябе супакоіў.

 

Потым заснуў, як прадаўшы пшаніцу.

З добрай вячэры і пан не прысніцца...

 

6

Сонца яшчэ не ўставала над вёскай,

а каля хаты пачаўся ўжо лёскат.

 

Крук ля крука аблятае, не моўкне,

Наста віе на ратунак вяроўку.

 

Толькі трубіць пачыналі на пасту,

тую работу дакончыла Наста.

 

Вынесла на панадворак вяроўку.

Соллю яе ўсю засыпала горкай

 

і запаліла на тым панадворку.

Так і згарэла пад соллю вяроўка.

 

Попел трымаецца соллю,

а пасмы

вельмі на ёй вызначаюцца ясна.

 

Майстар ад радасці свету не бачыць:

справіўся з гэткай цяжкою задачай!

 

І, не марудзячы часу дарэмна,

пану вяроўку прыносіць у тэрмін.

 

7

Пан абышоў ля яе неаднойчы:

дзіва такога не бачылі вочы!

 

Ён і памацаў вяроўку рукамі,

ён і панюхаў вяроўку таксама.

 

«З попелу звіта, ну проста дзівосы!

Хоць ты бяры і вяжы на атосы!»

 

І даўжыня ў ёй не абы-якая:

двацаць пяць локцяў ад краю да краю!

 

Пан ад здзіўлення аж стаў заікацца:

— Б-бачу, што м-майстар ты, в-варты п-палаца!

 

Але на гэтым віну не дарую,

вырашы ты мне задачу другую.

 

Раз ты такі незвычайны умека,

бубен зрабі, каб ён без чалавека

 

граў і спяваў нам усім у палацы,

каб і мяне заахвоціў на танцы.

 

Зробіш — дарую табе я віну ўсю.

Толькі, глядзі, каб да заўтра вярнуўся!

 

— Добра! — адказвае майстар з паклонам.

Сам жа падумаў:

«Забі цябе громам!»

 

8

Майстар ідзе спахмурнелы дахаты.

Наста пытае:

— Як маешся, тата?

 

Што ж пра вяроўку не кажаш нічога?

— Аж аглушыў я ёй пана самога.

 

Але, пракляты, ніяк не адстане,

даў мне другое цяжкое заданне.

 

Бубен зрабіць я павінен да заўтра,

каб без музыкі ён пану іграў там.

 

Мала таго, каб і пана ў палацы

граннем сваім заахвоціў на танцы...

 

Зноў усміхаецца Наста вясёла:

— Бубнаў такіх колькі хочаш наўкола!

 

Зробім, татуля! Ён сам заіграе,

будзе пацеха з яго немалая.

 

9

Бацьку усцешыла Насціна слова.

Наста яго пасылае ў дуброву.

 

Бацьку усё растлумачыла Наста:

— Там, каля сцежкі, у дрэве дуплястым,

 

многа шарснёў напладзілася хіжых.

Лубку да дрэва прыставіш ты бліжай,

 

стукнеш па дрэву — палезуць адразу.

Ты, не марудзячы, лубку завязвай.

 

Вось на абвязку табе і тканіна,

ўсё як належыць зрабіць ты павінен.

 

10

Хто іх на свеце не знае, шарснёў тых,

з джалам вялікім, а з выгляду жоўтых.

 

Пакаштаваўшы шарснёвага «мёду»,

іх не забудзеш да сотага году!

 

Але, ў выпадку такім незвычайным,

хочаш не хочаш, а будзеш адчайным.

 

Майстар набраў іх у лубку даволі,

хоць і далі яны майстру патолі.

 

Лубку нясе ён дахаты пад пахай,

не-не, ды гляне на лубку са страхам:

 

як бы тканіна іх толькі стрымала,—

б’юць у тканіну шарснёвыя джалы.

 

11

Наста не бавіла часу дарэмна:

бубен дастала, ды нават нядрэнны.

 

Дзірку прабіла на бубне пры боку,

каб для шарснёў не занадта шырока.

 

Бацька, прынёсшы шарснёў, толькі крэкча,

правай рукой пацірае ўсё плечы.

 

Век не забудзе ён гэту прыгоду,

пакаштаваўшы шарснёвага «мёду».

 

Лубку паставіў стары ля парога.

Наста цалуе татулю старога.

 

— Татачка, міленькі! Хіба ж так можна?

Трэба хадзіць ля шарснёў асцярожна.

 

Але ад смеху не можа стрымацца:

«Вось гэта музыка будзе ў палацы!»

 

Поўны той бубен шарснёў насадзіла,

бубну дала яна новую сілу.

 

Затычкай дзірку заткнула адразу,

каб не ўцяклі «музыканты» без часу.

 

12

Бубен нясе у палац ён да пана.

Музыкі ў бубне — як з двух барабанаў.

 

Бубен на стол ён паклаў у пакоі.

Пан дакрануцца баіцца рукою.

 

Гэта не музыка, гэта віхура,

аж выпінаецца музыкай скура,

 

аж ад стала пачынае ўздымацца.

Дзіва такога не чулі ў палацы!

 

Бубен усіх задзівіў нечаканкай,

каля яго і паны і падпанкі.

 

Чэлядзь уся цераз дзверы, праз вокны

прагне зірнуць на яго хоць бы вокам.

 

Мабыць, ад самага свету стварэння

першае бачаць такое здарэнне!

 

13

Пан пачынае размову такую:

— Грэх твой цяжкі я на гэтым дарую.

 

Але не ўсё ты зрабіў. У палацы

з музыкі гэтай няма яшчэ танцаў...

 

Покуль размову вялі яны з панам,

блазан у бубен парнуў нечакана,

 

затычку выбіў нядбайнай рукою.

Тут пачалося адразу такое,

 

што, як казалі даўнейшыя людзі,

толькі пры гібелі свету так будзе.

 

Як паляцелі шарсні

з бубна,

роем,

як пачалі джгаць

усіх

у пакоі,

 

дык, сапраўды, аніколі ў палацы

гэткіх не бачыў ніхто яшчэ танцаў.

 

Яснавяльможны скакаў сам

да столі.

Ён у жыцці не скакаў так

ніколі.

 

Мала таго,— «заспявалі» ўсе потым,

хоць, пеючы, абліваліся потам.

 

Толькі шарсні адгукаліся

хорам

ды шнуравалі

то долу,

то ўгору.

 

Людзі як рынулі

ў дзверы,

у вокны,

хто — галавой,

хто — нагамі,

хто — бокам,

 

не зразумееш —

куды,

хто,

каторы...

Танцы вясёлыя скончылі скора.

 

14

Тата дачцэ расказаў пра падзею:

— Вось,— кажа,— бубен, няхай прападзе ён!

 

Наста смяецца, ёй бубна не шкода:

— Пакаштавалі шарснёвага «мёду»!

 

Але на гэтым не скончыцца справа.

Пан на выгадкі заўсёды рухавы.

 

Толькі ачухаецца з пераляку,

дык падрыхтуе адразу падзяку.

 

Больш ён цябе не адпусціць на раду.

Ты і скажы яму шчырую праўду:

 

«Гэта дачка мне наладзіла бубен.

Сам я не ведаў, іграе чаму ён!»

 

Вось ён тады ад цябе і адстане,

запатрабуе са мною спаткання.

 

Можа, як-небудзь яго ашукаю.

Скончыцца ж, можа, нядоля такая!

 

Сядзем цяпер павячэраем, тата,

што будзе заўтра — дазнаемся заўтра.

 

15

Раніцай майстра пазвалі да пана.

Пан пасля «танцаў» выходзіць, як п’яны.

 

— Што ж, дараваў я грахі твае, хаме,

ты ж мне аддзячыў за тое шарснямі?

 

Сэрца сялянскае б’ецца трывожна.

Майстра гаворыць:

— Даруйце, вяльможны!

 

Гэта дачка мне наладзіла бубен,

сам я не ведаў, іграе чаму ён.

 

Пан задзівіўся:

— Якая дачка там?!

Гэта яна тут ва ўсім вінавата?

 

Добра! Скажы ёй, каб заўтра на ранку

тут вось стаяла, ля гэтага ганку!

 

Я і праверу, які ў яе розум.

Дзень ёй і ночка даюцца на роздум.

 

Папераджаю: задача цяжкая,

літасці хай ад мяне не чакае!

 

Каб і не конна, і не пехатою,

але была тут згаданай парою.

 

Ды не забудзься яшчэ і на гэта:

каб і не голай была, не адзетай.

 

Мне падарунак павінна прынесці,

каб я не мог яго ўзяць або з’есці.

 

16

Гора ідзе, а бяда даганяе.

Дзе ты радзілася, доля такая?

 

Слёзы пабеглі з вачэй у старога.

Як ён дахаты дастаўся, нябога?

 

— Гора, дачушка, і скача і плача!

Новую пан адшукаў нам задачу.

 

Вось што прыдумаў ліхой галавою:

заўтра не конна і не пехатою,

 

каб і не голая, каб не адзета,

але была ля палаца ты, дзетка.

 

І падарунак павінна прынесці,

каб скарыстаць ён не мог або з’есці.

 

Наста на гэта смяецца-жартуе:

— Што ты гаруеш-бядуеш, татуля?

 

Зробім усё мы па панскаму слову,

будзе у тэрмін яму ўсё гатова.

 

Толькі адразу ідзі ты да жыта,

зайцамі сцежка даўно там прабіта.

 

Ты забарсай там сіло ці са двое,

заяц і прыйдзе вячэрняй парою.

 

Будзе з яго падарунак цікавы...

Толькі, татуля, ты сам будзь рухавы.

 

Я ратавала цябе неаднойчы,

не пашкадуй для мяне гэтай ночы!

 

Зайца павінен прынесці на золку.

На табе, тата, сіло і вяроўку...

 

Можа тут быць хоць якая размова?

Тата пайшоў, не сказаўшы ні слова...

 

17

Раніцай тата вяртаецца з зайцам.

Наста ўстае, пачынае збірацца.

 

Сетку злажыла удвое, утрое

і ахінулася сеткаю тою.

 

Потым дастала кіёчак з паркана:

ехаць на ім яна будзе да пана.

 

Зайца ад бацькі ўзяла і — пад паху.

Бацька стаіць, спалатнеўшы ад страху.

 

Кій той, як дзеці, яна ажыргала,

едзе да пана з дарункам памалу.

 

Пану сказалі:

— Ля ганка дзяўчына! —

Выйшаў, праверыў сваімі вачыма.

 

«І не апранута, і не раздзета,

не пехатой, а кіёк — не карэта».

 

— Дзе ж твой дарунак? — у Насты пытае.

Лёкаю шэпча:

«Пусціць выжлаў зграю...

 

Хай разарвуць на кавалкі такую.

Я ёй ніколі шарснёў не дарую!»

 

Наста вымае з-за пазухі зайца.

Псярня якраз пачынае з’яўляцца.

Выйшлі ўсе выжлы, якочуць ад злосці.

 

Першыя служкі яны ў ягамосця.

Пан ім: — А-ту! —

 

ў сваёй роспачы дзікай.

Псы да дзяўчыны,

 

ашчэрыўшы іклы.

Наста тады і пусціла ім зайца.

 

Заяц у браму, а псы...

Што пытацца?!

 

Псы ўсе за зайцам у браму таксама.

Толькі і бачыў іх пан злютаваны...

 

18

— Яснавяльможны! — гаворыць дзяўчына,—

бачылі ўсё вы сваімі вачыма.

 

Што загадалі, усё я зрабіла.

Панскае слова павінна мець сілу.

 

Пан аж заляскаў на гэта зубамі —

слова давалася перад панамі.

 

Так і вярнулася Наста дахаты,

дзе нецярпліва чакаў яе тата.

 

ВЯЛЬМОЖНЫ ПЫХ

Калісьці, ў старадаўні час,

жыў ганарысты пан у нас.

 

Хоць ганарыстымі яны

былі тады усе паны,

 

але вось гэты — над усіх.

Яго празвалі — Васпан Пых.

 

Ён выхваляўся, што з людзей

ніхто, ніколі, анідзе

 

не зможа ашукаць яго.

А у дадатак да ўсяго

 

ён абвясціў людзям усім:

хто ўсё ж ткі возьме верх над ім,

 

таму ён без ніякіх слоў

дасць падарунак — сто рублёў.

 

Ну, без абвестак зналі ўсе,

што ім няўдача прынясе:

 

дадуць на стайні бізуноў,

каб не раўняўся да паноў.

 

А быў у нас хлапец адзін —

звычайны, сціплы селянін.

 

Ён, як і многія з сялян,

быў разумней, чым важны пан.

 

Яго ўсе зналі навакол.

Але да пана ён не йшоў,

 

не квапіўся на грошы.

«Ат!

Я з працы ўласнае багат!»

 

Сказалі пану:

— Ёсць хлапец.

Хоць малады, але мудрэц.

 

Калі б да пана ён прыйшоў,

напэўна ўзяў бы сто рублёў.

 

Пан аж падскочыў:

— Так, так, так!

Чаму ж не йдзе па іх, дзівак?!

 

Ану, паклічце да мяне!

Пабачым, хто з нас разумней!

 

У пана лёкай не адзін.

І вось праз некалькі хвілін

 

вядуць хлапца таго ў палац.

Ля пана госці ўсе стаяць.

 

Цікава ўсім дазнацца ім,

што будзе ў паядынку тым.

 

У хлопца торбачка ў руках

і дзве смяшыначкі ў вачах.

 

— Паночку!

Мне цяпер не час.

Я прыбягу пазней да вас.

 

На бераг рыба ўся ідзе,

аж возера шуміць-гудзе.

 

Вазамі возяць там яе.

Мне хопіць торбы аднае...

 

Сказаў —

і з торбачкай бягом.

Падняўся тут і шум і гром.

 

— Як так,—

грыміць вяльможны Пых,—

я рыбу гадаваў для іх?!

 

Вазамі мой цягаюць скарб,

гібее мой срабрысты карп?!

 

Я пакажу ім!

Гэй!

Каня!

За мной!

Усе вазы спыняць!

 

Паселі.

Капыты — цок, цок!

З-пад капытоў ляціць пясок.

 

Застаўся вецер ззаду дзесь,

як хмара, следам пыл ідзе.

 

На бераг выскачылі ўсе.

Там хвалі возера нясе.

 

Спакой, зацішша пры вадзе.

Вазоў ніякіх анідзе.

 

Адзін той хлопец ля вады.

Ён толькі што прыбег сюды.

 

У хлопца торбачка ў руках

і дзве смяшыначкі ў вачах.

 

— Дзе тая рыба?

Дзе вазы?

Я з іх вазьму у два разы!..

 

А хлопец пану ў гэты час:

— Дазвольце супакоіць вас,

 

паночку, рыба ўся ў вадзе!

А пан няхай мне пакладзе

 

у гэту торбу сто рублёў,

бо пана я сюды прывёў...

 

Аж спалатнеў вяльможны Пых.

А сто рублёў даў, залатых!

 

КРОТ, МУРАШКА І ЛІСІЦА

 

1

Крот, Мурашка і Лісіца

сустрэліся ля крыніцы.

 

Піць прыходзілі яны ўсе.

Там струменьчык чысты ліўся

 

і джурчаў, як чмель над кветкай,

пад бярозавай паветкай.

 

Прывіталіся спачатку

і дзеньдобрым, і за лапку.

 

Пачалі пасля ўсе трое

гаманіць пра сёе-тое.

 

Потым Ліска кажа:

— Дома

нам усё даўно вядома.

 

Пойдзем лепш у свет шырокі,

паглядзім уласным вокам,

 

як жыццё ідзе другое,

як яно і дзе якое.

 

Ўсе згадзіліся на гэтым.

Вандраваць не дрэнна летам!

 

Крот сабраўся вельмі борзда,

ўзяў з сабою рыдаль востры,

 

а Мурашка ад кватэры

узяла сваю сякеру.

 

Ну, Лісіца кожным часам

ходзіць з баявым прыпасам:

 

востры зуб і хвост пушысты,

каб сляды замесці чыста...

 

2

Крот, Мурашка і Лісіца

маршыруюць па гасцінцы.

 

Крочаць весела і жвава.

У дарозе ўсё цікава:

 

дзе узгорак, дзе даліна,

дзе алешнік, дзе ляшчына,

 

дзе калінавы масточак,

дзе малінавы лісточак...

 

Птушкі з кожнага іх дрэва

сустракаюць гучным спевам.

 

Так прайшлі яны ці мала.

Ім прыгоды не трапляла.

 

Але вось на нейкай мілі

свой паход яны спынілі:

 

нехта, мабыць, ехаў з возам

і засыпаў сцежку просам.

 

Што рабіць?

Дабра ім шкода.

Як-ніяк —

пачатак года.

 

«Кінь вясной у глебу зерне,

дык увосень жменю верне!»

 

Так Лісіца і сказала:

— Часу ёсць у нас нямала!

 

Мы, падзякаваўшы лёсу,

пазбіраем гэта проса.

 

Потым, выпаліўшы ляду,

і пасеем добрым ладам.

 

Як зародзіць проса наша —

будзем год мы есці кашу!

 

Утраіх рабіць не цяжка.—

Крот, Лісіца і Мурашка

 

пазбіралі ў кучу проса,

каб нідзе не засталося.

 

Ёсць насенне!

Зараз трэба

рыхтаваць для проса глебу!

 

3

Крот, Мурашка і Лісіца

пасядалі на травіцы.

 

Крот, як знаўца, вокам кінуў

на узгорак, на даліну

 

і сказаў:

— Каля гары той

можна сеяць нават жыта.

 

Проса ж будзе —

як трысцё там,

з вельмі добрым умалотам.

 

Хто з Кратом спрачацца можа?

Ў гэтай справе ўсіх ён зможа,—

 

колькі Крот зямлі капае,

мабыць, ён і сам не знае...

 

4

Крот, Мурашка і Лісіца,

каб з сяўбою не спазніцца,

 

падышлі хутчэй да мэты.

Не благі куточак гэты!

 

Пахадзілі па паляне:

добра скрозь, куды ні глянеш!

 

Што ж! Пачаць капаць ім трэба,—

языком не зрушыш глебу!

 

Узяліся ўсе з імпэтам

працаваць на полі гэтым.

 

І Крату капаць не цяжка,

працавіта і Мурашка.

 

А Лісіцу хто не знае?

Хлеба лёгкага шукае!

 

Капануўшы два разочкі,

Ліска села на пянёчку

 

ды сябрам сваім гаворыць:

— Нас, браткі, пільнуе гора!

 

Добра бачу ясным вокам,

што гара навісла бокам.

 

Як заваліцца на поле,

проса нам не мець ніколі.

 

Не спыняйце вы работу,

я ж пайду наладжу ўсё там.

 

За гару, ў кусты адразу

наша Ліска падалася.

 

Там на сонейку вясновым

і заснула у дуброве.

 

Ліска так гару трымае!

Як, гаротніца, трывае!..

 

Рые Крот зямлю тым часам,

а з Кратом Мурашка разам.

 

І да вечара іх двое

ускапалі поле тое.

 

Як на захад сонца стала,

дык Лісіца наша ўстала.

 

Падышла:

— Вось добра, хлопцы!

І пасеем, покуль сонца!

 

Не пашкадаваўшы сілы,

я гару так узмацніла,

 

каб ніякая навала

нам сяўбу не сапсавала.

 

Вам лягчэй было намнога,

я — дык ледзь цягаю ногі...

 

Што адкажаш? — Кожны, пэўна,

працаваў, як мог, сумленна...

 

Праз плячо узяўшы лубку,

Крот пасеяў проса хутка.

 

А пасля сяўбы такое

заспявалі разам трое:

 

«А мы проса сеялі

утраіх.

Наша проса вырасце

нам для ўсіх.

Намалоцім проса мы

повен воз,

абы толькі просу быў

добры лёс».

 

5

Крот, Мурашка і Лісіца

разышліся ў той хвілінцы,

 

каб ізноў пры гэтым просе

ім спаткацца ўсім пад восень.

 

Час ляціць. На сходзе лета.

Восень крочыць непрыкметна.

 

Проса жаць прыйшлі з сярпамі

толькі Крот з Мурашкай самі,

 

а Лісіца і не дбае,

што работа ёсць такая.

 

Крот з Мурашкай каля проса.

Жне адзін, другі адносіць.

 

А снапоў на іхнім полі

коп за дзесяць, пэўна, болей.

 

Як звязалі сноп апошні,

ў іх парадак стаў на пожні.

 

З лесу крочыць тут і Ліска,

да тарпы падходзіць блізка.

 

— Ай, ды хлопцы!

Ай, героі!

Як вам дзякаваць за тое?!

 

Нам усім за працу нашу

ўзнагародай будзе каша!

 

Ўсё ж ткі проса малавата!

На траіх дзяліць не варта!

 

Аддамо таму ўсё збожжа,

хто дабегчы першым зможа

 

да тарпы праз нашы гоні.

Адным словам,— хто абгоніць!

 

Крот з Мурашкай кажуць:

— Згода!

Сталі ў рад.

Каманда:

— Ходу!

 

Ну, Лісіца хвост трубою,

аж ляціць па-над зямлёю.

 

А Мурашка, што ў карэце,

на хвасце ў Лісіцы едзе.

 

І не ведае Лісіца,

што Мурашка з ёй імчыцца!

 

Да тарпы прыбегшы, села

і вясёлы спеў запела:

 

«А мы проса сеялі

утраіх,

але проса вырасла

не для ўсіх!

 

Гэта проса вырасла

мне на лёс,

а Крату з Мурашкаю

дулю ў нос!»

 

А Мурашка ззаду кажа:

— Дастанецца мне ўся каша!

 

Ты марудніца якая!

Я даўно цябе чакаю!

 

Ушчынае гвалт Лісіца

ды з Мурашкаю сварыцца:

 

— Як, ды што яно такое...

Не згаджаюся з табою!

 

Хто табе паверыць можа,

што мяне ты пераможаш?

 

Але Крот прыйшоў да іх тут.

Ён і даў Лісіцы дыхту:

 

— Як сварыцца вам не сорам?

Спрэчку вырашым мы скора,

 

каб на добрае ўсім выйшла:

тут да нас бягуць два выжлы.

 

Мы сюды іх і запросім

рассудзіць аб нашым просе.

 

Як ускочыла Лісіца,—

не здагоніць бліскавіца.

 

Знікла ў момант за кустамі.

Крот з Мурашкай сталі самі

 

малаціць цапамі проса.

Ім яно ўсё дасталося.

 

А пасля таўчы на крупы

пачалі ў вялізнай ступе.

 

Як стаўкуць, згатуюць кашу,

дык і казку скончым нашу.

 

А пакуль таўкуць, мой братка,

пачынай ізноў спачатку:

«Гэй, гэй, таўкачыкі!

Гэй, гэй, дубовыя,

да работы гатовыя.

 

Сем год бадзяліся,

ў адну ступу сабраліся,

патаўкуць на крупы проса,

каб усім нам дасталося.

А Лісіцы гультаіне

аддамо адну мякіну!

 

Гэй, гэй, таўкачыкі!

Гэй, гэй, дубовыя,

да работы гатовыя!»

 

ПУЗЫР, САЛОМІНКА І ЛАПАЦЬ

 

1

Пузыр, Саломінка і Лапаць

сабраліся ў адну дружыну.

Ніхто іх не прыходзіў сватаць,—

на ўсё ў жыцці свае прычыны.

У кожным разе, ў падарожжы

было іх безумоўна трое.

Меў асабісты выгляд кожны,

ды лёс аднолькавы затое.

Пра ўсе іх радасці і гора —

вось гэта казка і гаворыць.

 

2

Пузыр вісеў пад столлю ў хаце.

На ім і пыл, на ім і мухі.

А возьмуць дзеці забаўляцца —

ад цяжкай мукі ён аж вухкаў.

Калі ж падыдзе коцік шэры,—

падхопіць лапкамі сваімі,—

тут проста уцякай праз дзверы,

бо і жыццё загіне з імі.

Так і зрабіў Пузыр аднойчы,

не пабаяўшыся і ночы:

устаў і выйшаў на дарогу,

шукаць жыцця сабе другога.

 

3

Ідзе дарогаю шырокай,

абцасы ляскаюць па бруку.

Прыцішылася ўсё навокал,

бо напалохаў гэткі грукат.

І нават прытаіўся вожык,

пры гэтым упусціўшы мышку:

пакуль заціхне грук трывожны,—

лепш пераседзець у зацішку...

 

4

Ідзе Пузыр сваёй дарогай,

па бруку ляскаюць абцасы.

Ды нейкі смутак і ў самога

ўсё павялічваецца з часам.

І чуе ён,— пад самым плотам

галосіць нехта ў немы голас.

Пузыр пытаецца:

— А хто там? —

Адказ прыходзіць невясёлы,

гаворыць нехта:

— Хто ж я? Лапаць!

Стапталі, кінулі ў аддзяку...

— Хоць лапаць, дык чаго ж там плакаць?!

Няма і крыўды тут ніякай.

Мяне кідалі неаднойчы,

ды як — з кутка ў куток, аб сцены.

І то былі сухімі вочы,

не аднаму табе і дрэнна!

Вылазь! Пайшлі удвух памалу,

шукаць утульнага прыпынку,

пакуль цябе тут не сажвала,

шукаючы прысмакаў, свінка...

 

5

Падняўся памаленьку Лапаць,

з-пад плота на дарогу вылез.

І слёзы перасталі капаць,

зрабіўся весялейшым выраз.

Цяпер — удвух, цяпер — героі,

цяпер не страшны ім і заяц!

З такога добрага настрою

ідуць далей і неба хваляць.

Прайшлі з паўметра, можа болей,

ніякага не знаўшы страху.

І тут раптоўна так абое

і пакаціліся з размаху.

Пад імі:

— Гвалт! Ратуйце, людцы!

Ускочылі, працерлі вочы,

ніяк да сэнсу не даб’юцца:

чаго ад іх і хто тут хоча?

 

6

Ды ўсё ж праяснілася справа:

Саломінка ляжала перак!

Для нечаканай гэткай з’явы —

не знойдзеш ні вагі, ні мерак.

Пузыр надзьмуўся ад знявагі,

з ім натапырыўся і Лапаць.

— Тваёй і не хапае звягі!

Ану, ўставай! Даволі плакаць!

Табе і месца не хапіла,

як толькі легчы на дарозе? —

Саломінка ўстае праз сілу

і прабачэння сціпла просіць.

Пузыр да справы ўсё даходзіць,

ніяк не дабярэцца толку:

— Ляжыш на самым пераходзе!

Чаму ты тут, а не ля току? —

Саломінка і кажа шчыра:

— Даруйце мне за ўсю знявагу!

Хоць паляту я ў самы вырай,

а на дарозе больш не лягу...—

Тады уставіў слова Лапаць.

— Няхай ідзе Саломка з намі:

яна адна не будзе плакаць

і ў нас не будзе пад нагамі...—

Даў згоду і Пузыр на тое.

Былі удвух, цяпер іх трое.

 

7

Пузыр, аднак, глыбей кранае:

— Нас трое. Мы цяпер павінны,

калі ўпадзе бяда якая,

стаяць усе сцяною шчыльнай.—

Згадзіліся яны на гэта.

Пайшлі далей павольным крокам.

Было зусім на сходзе лета:

пахаладанне недалёка.

Вось Лапаць і падняў пытанне:

— Пакуль на небе месяц свеціць,

пакуль над намі сонца стане,—

мы з лесу нацягаем вецця.

Агонь разложым. Хто — падрэмле.

А не — дык пагамонім крыху...—

Пузыр і кажа:

— Добра вельмі! —

Вось так яны ідуць паціху.

 

8

Прыйшлі якраз да самай рэчкі.

А лес — за рэчкай. Там і вецце.

Не абышлося ў іх без спрэчкі,

як і ў людзей на белым свеце.

Саломінка не дрэнна радзіць:

— Пузыр і на вадзе не тоне.

Мы з Лапцем на яго пасядзем

і пераедзем у сасоннік.

Пузыр не згодзен:

— Што ж я — конь вам?

Каб цераз вас намуляць карак?

За што ж гэта і за якое

такую мець павінен кару?

Няхай Саломка ляжа перак

цераз раку, а мы абое —

пярэйдзем, вецця там наберым

і прынясем сюды з сабою...

 

9

Саломінка сказала проста:

— Не адмаўляюся быць мостам.

Калі такое ваша слова —

я і ў ваду ісці гатова.—

Спынілася адразу спрэчка.

Лягла Саломінка праз рэчку

і кажа ім:

— Ну, калі ласка!

Свае трымаю абавязкі!

 

10

Пузыр да Лапця:

— Лапаць, кратай!

Трымай вышэй на мосце пяты!

А за табой і я ўздагонку! —

Падняўся Лапаць на Саломку,

прайшоў да самай палавіны

ды з ёю разам і загінуў,

бо не магла яна сабою

трымаць і Лапаць над вадою.

 

11

Пузыр сяброўству даў прысягу,

казаў:

— За вас касцямі лягу.—

Пузыр павінен даць ратунак.

Цяпер ён зрокся гэтых думак:

стаіць на беразе, рагоча,

дапамагчы сябрам не хоча.

А колькі здзеку ў гэтым смеху!

Каму бяда, каму пацеха.

— Трымайся, Лапаць, за Саломку

Твая тут справа вельмі тонка!

Ды ты і сам, як добры човен,

бяда — вады вось толькі повен! —

І ўсё рагоча, ўсё рагоча,

дапамагчы ніяк не хоча.

Пасля — парваўся ён са смеху

і скончыў так усю пацеху...

 

12

Прыйшоў, панюхаў скуркі Вожык

і кажа:

— Хто тут дапаможа?

Як не было ў табе нічога,

так і няма цябе самога...

 

ДЗІВОСНЫЯ ПРЫГОДЫ (Народная казка)

Я пасеяў гарох

каля возера ў полі.

Пастараўся, як мог,

так, як можа ніколі.

 

У даглядзе такім

рос ён вельмі прыгожым.

А стручысты!

Струкі —

па дванаццаць гарошын!

 

Неяк раз я прыйшоў

на гарох падзівіцца.

Калі глянуў —

слядоў,

як на бойным гасцінцы!

 

Ды якія сляды —

ўсё гусіныя лапкі.

Ад крылатай бяды

не паставіш аградкі...

 

Гэта ж ночкі за тры

ўвесь гарох пералушчаць.

І прыгналі ж вятры

іх у нашую пушчу!

 

Ваяваў я з бядой,

а такой не бывала.

Я сваёй галавой

перадумаў нямала.

 

А прыдумаў усё ж

неблагі паратунак.

Для крылатых вяльмож

я зраблю пачастунак.

 

Ім гарэлку і мёд

назліваю ў карыце,

каб у першы ж прылёт

тут маглі і напіцца.

 

Як уп’юцца усе

і салодкай, і горкай,

павяжу я гусей,

забарсаю вяроўкай.

 

Што прыдумаў, дык так

і зрабіў без адкладу:

ўліў і мёд, і пяршак

для гусінага стада.

 

Сам з вяроўкаю сеў

у ядловец калючы.

Там чакаю гусей,

зладзяёў тых лятучых.

 

Вось яны —

«Га-га-га!» —

наляцелі ад пушчы,

ды адразу цягаць,

ды стручкі мае лушчыць.

 

Я сяджу і цярплю,

хоць заходзіцца сэрца.

А гарох на зямлю

мой

лажыцца-кладзецца.

 

Чую зноў:

«Го-го-го!»

Гэта значыцца —

«Годзе!»

Да частунку майго

завадэвуш падходзіць.

 

А за ім чарадой

пакручастыя шыйкі.

П’юць салодкі напой,—

то ж не «квас-пераліўкі»!

 

Неўзабаве да дна

спаражнілі карытца.

Ну, цяпер да відна

могуць спаць, не журыцца!

 

Вычмуралі там так,

як сваты на вяселлі.

Змогся ўрэшце гусак,

ды і гускі прымлелі.

 

Я пачаў па адной

іх вязаць на вяроўку.

Усё ж работы сваёй

не зрабіў я да толку.

 

Іх за ножкі вязаў,

не падумаў аб крыльцах.

А канец заматаў

ля сваёй паясніцы.

 

Тут іх чэрці ўзнялі.

Як яны забубнілі!

І адразу з зямлі

узвіліся на крыллі.

 

А да іх жа і я

прывязаўся на гора!

Гляну — ўнізе зямля,

а над шапкаю — зоры!

 

Тыя гускі — далей,

не спыняючы лёту.

Мільгаціць ля вачэй

наша пушча, балота.

 

Калі гляну ізноў —

гэта ж Нарач у доле!

Пра такіх летуноў

не забыцца ніколі.

 

Так насілі мяне

мае конікі-гусі

па усёй старане,

паўз усёй Беларусі.

 

Ты, гаросе-гарох,

пазлацістыя кіты!

Ці не ты мне памог

заляцець у блакіты?

 

О-ё-ёй, о-ё-ёй!

І спытацца ў каго там?

То ляцім над вадой,

то над пушчай, балотам.

 

Адвязаць калі мне

з паясніцы вяроўку,—

дык ці ў вір шыбане,

ці аб камень галоўкай.

 

Але,

дзе б ні былі,

павярнулі мы двору:

ўсё бліжэй да зямлі

і ўсё далей ад зорак.

 

Паляцелі пасля

над маленькім балотцам.

Са свайго чарасла

даў я волю вяроўцы.

 

Гусі зразу вышэй,

я —

з размаху у багну,

і ад тых ад гусей,

і ад неба — бабахнуў.

 

Толькі пырскі пайшлі,

паляцелі фантанам.

Зноў бяда:

на зямлі,

а з зямлі я не ўстану.

 

Аж пад пахі мяне

засмактала балота.

Ўсё ж ткі паразумнеў

я

пасля тых палётаў!

 

Па рыдлёўку схадзіў,

не марнуючы часу,

адкапаўся з гразі

ды і вылез адразу.

 

Памаленьку іду.

Не разгонішся босы!

Бачу —

збоку мне дуб,

а пад дубам — калёсы.

 

На аглоблях хамут

ды ў агуле ўся збруя.

Што,

нашто

і чаму —

гэта я не цікую.

 

Я заскочыў на воз,

разгарнуў там салому,

пераслаў, ператрос,

ды і лёг пакрыёма.

 

Толькі вочы закрыў,

каб заснуць з тых палётаў,—

чую,

гусі ўгары

зноў лятуць ад балота.

 

«Га-га-га!»

«Го-го-го!» —

зноў вазіць мяне хочуць.

Не!

Мне хопіць таго,

што палётаў аднойчы!

 

Я са збруі дастаў

павіваныя лейцы

і сябе прывязаў

так,

што не адарвецца...

 

Чую —

крэкча мой воз,

ад’язджае ад дуба.

Глянуў —

лёс мне прынёс

яшчэ горшую згубу.

 

Велізарны мядзведзь

сам запрогся ў калёсы

ды ўпрыскочку ідзе,

аж свіргочуць атосы.

 

Як ён ехаў тады,—

расказаць немагчыма:

то сюды, то туды,

дзе наставіць вачыма.

 

Іскры сыпяцца з воч.

Не язда гэта — гора:

то на пень, то на корч,

толькі скрыгае шворан.

 

Ён з мяне, пэўна б, так

выбіў сэрца і ныркі.

Ды на шчасце, аднак,

супыніўся, зафыркаў.

 

Борць ён знюхаў.

Палез

па высокай яліне.

Ехаў я цераз лес,

а цяпер — па лясіне...

 

Зацягнуў на сукі

ён мяне ў тых калёсах.

Зверху бачу блакіт,

знізу — елкі ды сосны...

 

З’еўшы мёд дачыста,

вылез Мішка са збруі,

раз —

і знік у кустах.

Я ж на дрэве кукую.

 

Пчолы джгаюць мяне,

быццам я тут нашкодзіў.

Адно ліха міне,

дык другое надходзіць.

 

Падышоў тут пчаляр

па гарачаму следу.

— Вось дык,— кажа,— штукар!

Я такіх і не ведаў!

 

Гляньце!

Красці мой мёд

на калёсах прыехаў!

Накармлю на сто год

за такую пацеху!

 

Ён узлез да калёс,

воз пусціў мой да долу,

а пасля ўзяў адвёз

да сябе у стадолу.

 

Дома ён адвязаў,

адляйцаў мяне з воза,

потым бочку узяў

і сказаў мне з пагрозай:

 

— Лезь у бочку хутчэй,

покуль ты яшчэ цэлы!..—

Што лягчэй, што цяжэй —

мне ўжо незразумела.

 

Што рабіць мне?

Маўчы!

Лезу.

Ён неўзабаве

дно ўвагнаў, абручы

і ў дварышчы паставіў.

 

— Ночку тут пажыві,

а на золку —

у воду.

Як патрапіш у вір,

наясіся там мёду!

 

Сам у хату пайшоў.

Мне чакаць трэба золку.

Лёс аднекуль прывёў,

як на шчасце мне, воўка.

 

Воўк абныгаў, дзе мог.

Не знайшоўшы здабычы,

каля бочкі залёг

і ад злосці мармыча.

 

Потым хвост свой паднёс

да шпунтовае дзіркі.

Я аберуч за хвост

ды праз дзірку як гыркну!

 

Воўк ад страху аж сеў.

Потым скочыў на ногі

і не бег,

а ляцеў

без ніякай дарогі.

 

Вые ў роспачы воўк.

Бочка грукае следам.

Ён ад страху ўвесь змок,

не сухім і я еду...

 

Дзе аб камень штурхне,

дзе аб пень ці калоду.

Я не сніў нат у сне

пра такую прыгоду.

 

Воўк імкнецца ўцячы,

я хваста не пушчаю.

Ўжо лятуць абручы,

бочка клёпкі губляе.

 

Потым клёпкі ўсе ўраз

паляцелі з узгорка.

Хвост пусціў я ў той час

і не бачыў больш воўка...

 

Сам дадому хутчэй,

лахі ўзяўшы пад пахі...

Колькі меў праз гусей

я

ўсялякага страху!..

 

ТРЫ БРАТЫ (Ненецкая казка )

 

1

Далёка-далёка,

ля зімнага мора

гібелі ўсе людзі

ў пакуце і горы.

 

Драпежны Нылек

адабраў у народа

ягонае шчасце,

багацце, свабоду.

 

Пакінуў народу ён

голад і слёзы,

бясконцыя зімы,

снягі і марозы.

 

Вялізны, да неба,

у футры марознай

блукаў у прасторах

пачвара пагрозны.

 

Ён сеяў і веяў

па тундры сняжынкі,

каваў і кідаў ён

па рэчках ільдзінкі,

 

каб людзі не бачылі

ў тундры сцяжынак,

каб рыбы не мелі

з-пад гэтых ільдзінак.

 

Як дыхаў Нылек —

узнімалася бура,

жыцця пазбаўляла

ліхая віхура.

 

Змагаліся людзі,

як толькі магчыма,

Нылек жа ўсё бачыў

сваімі вачыма.

 

Пакуль толькі спаў ён

на скалах, ля неба,

маглі што здабыць

для сябе на патрэбу.

 

Цягнулася доўга

насланне такое,

цягнулася доўга

з ім гора людское.

 

2

Далёка-далёка,

ля зімнага мора

жыла удава

у пакуце і горы.

 

Адна толькі ўцеха:

сыноў мела трое.

Як вырастуць дзеці —

мінецца благое.

 

За днямі і тыдні

сплываюць, як хвалі.

Глядзіш — хлапчукі

дзецюкамі ўжо сталі.

 

Адзін у адзін

малайцы каля маці.

Павінна б з’явіцца

ўжо радасць у хаце.

 

Тым часам і старасць

прыйшла да парога.

Знайшлася для маці

другая трывога:

 

«Дзе шчасце людское?

Дзе светлая доля?

Нылека ліхога

хто зможа адолець?»

 

Сынам сваім матка

аднойчы сказала:

— Ад лежняў ніколі

дабра не бывала!

 

Хто дбае — той мае,

шукаўшы, знаходзіць,

такі не паддасца

ніякай нягодзе!

 

Пара вам выходзіць,

сыны, на змаганне.

Упартаю працай

знішчайце насланне!

 

Старэйшага сына

сабрала ў дарогу,

у торбу дала

праснакоў на падмогу.

 

3

Далёка-далёка,

ля зімнага мора

ішоў сын старэйшы

ў бязмежным прасторы.

 

Стаміўся. Спыніўся.

Дастаўшы з тарбінкі,

зірнуў на праснак ён:

— Такія скарынкі

 

малая зусім

для мяне дапамога! —

І сын матчын дар

шыбануў на дарогу...

 

Прайшоўшы далей,

можа, гоней са двое,

пабачыў ён чум —

бытаванне людское.

 

А ў чуме сустрэла

бабуля старая.

Яна малайца

адпачыць запрашае.

 

— Ты, пэўна, галодны?

Сілкуйся ад стомы!

Сябе пачувай тут,

як быццам ты дома!

 

Пасля падвячорку

гаворыць хлапчыне:

— Ты шчасце сваё

адшукаць тут павінен!

 

За чумам ёсць яма

глыбокая надта,

а ў яме той зорак

багата-багата.

 

Калі ты іх вычарпаць

зможаш да рання,

шчаслівая доля

пачне красаванне.

 

— Ну што ж,— адказаў

той дзяцюк зухавата,—

зраблю, хоць мне часу

даеш малавата!

 

4

Далёка-далёка,

ля зімнага мора

ноч стала ў бязмежным,

бясконцым прасторы.

 

Вандруе ў ім месяц,

як сейбіт з сяўнёю,

і зоркі раскідвае

шчодрай рукою.

 

Сузор’і на небе

гараць зіхатліва,

на сініх азёрах

люструецца дзіва.

 

Старэйшы сын выйшаў

з вядром і вяроўкай,

каб вычарпаць з ямы

дарэшты ўсе зоркі.

 

Ды колькі ні чэрпаў ён

з ямы прадоннай,

а зорак у яме —

як поўна, дык поўна.

 

Пачаў наракаць ён

на тую бабулю:

— Ды дзе ж гэта,

людцы, вы, добрыя, чулі,

 

каб з ямы ўсе чыста

павычарпаць зоркі?

 

Дурны я, каб слухаць

такія гаворкі?!

 

Ён кінуў вядро

і наўцёкі дадому.

Калейка прыходзіць

выходзіць другому.

 

Сярэдняму брату

чарговая рата

ісці ў падарожжа

ад роднае хаты.

 

Сярэдняга маці

збірае ў дарогу

і клунак рыхтуе

яму ў дапамогу.

 

5

Далёка-далёка,

ля зімнага мора

сярэдні хлапчына

вандруе ў прасторы.

 

І ён прытаміўся,

як большы, урэшце,

матулін дарунак

дастаў, каб пад’есці.

 

А гэты дарунак

размолаты ў жорны,

а гэты дарунак

і чэрствы, і чорны,

 

на попеле шэрым

качаны, у прыску...

Сярэдні хлапчына

ад злосці запырскаў:

 

— Знайшла вось матуля

гасцінец для сына!..—

Узяў ён праснак

на каменне закінуў.

 

Прайшоўшы далей,

напаткаў ён старую.

Яна запрашае,

вітае, частуе.

 

Пасля пачастунку,

сардэчнай гаворкі

сярэдні пачаў

вычарэпываць зоркі.

 

Ў рабоце нялёгкай

мінула за поўнач,

а зорак у яме —

як поўна, дык поўна.

 

— Не бачыў я ліха!

Няхай пашукае

на гэту работу

другога старая!

 

Сказаў і пакрочыў

дадому нябога.

Малодшага маці

збірае ў дарогу...

 

6

Далёка-далёка,

ля зімнага мора

малодшы хлапчына

вандруе ў прасторы.

 

Нясе за плячыма

дарожны свой клунак,

а ў ім праснакі —

ад матулі дарунак.

 

Яна гаварыла:

— Сынок, будзь упартым!

Братоў тваіх прыклад

нічога не варты!

 

Ішоў ён, ішоў ён —

стаміліся ногі.

На камені сеў

каля самай дарогі.

 

Дастаў ён праснак свой,

на прыску пячоны,

дарунак матулін —

і чэрствы, і чорны.

 

Пад’еў як належыць,

а потым з крыніцы

празрыстай, сцюдзёнай

напіўся вадзіцы.

 

Успомніў матулю

сардэчным ён словам

за ўвесь падмацунак,

такі адмысловы.

 

Забыўся адразу

на цяжкую стому,

як быццам зусім

не выходзіў ён з дому.

 

І так памаленьку,

без жаднай пахібы

дайшоў да бабулінай

ціхай сядзібы.

 

Сабака загаўкаў,

пачуўшы чужога:

сваёй гаспадыні

даваў спасцярогу.

 

7

Далёка-далёка,

ля зімнага мора

малодшаму сыну

бабуля гаворыць:

 

— Заходзь, калі ласка,

юнача мой слаўны!

Браты твае тут

гасцявалі нядаўна.

 

Заходзь, падсілкуйся —

чым хата багата.

Стаміўся, напэўна,

ў дарозе аж надта!

 

Юнак прывітаў

гаспадыню старую,

падзякаваў шчыра

за ласку такую

 

і кажа: — Мацунак я

маю ад маці.

Дазвольце мне сесці

і з’есці у хаце.

 

Дастаўшы праснак,

што матуля паклала,

са смакам ён з’еў

яшчэ ладны кавалак.

 

Як толькі спусцілася

ноч над зямлёю,

ля яміны стаў ён

з вяроўкай даўгою.

 

Вядро за вядром

ён выносіў рукамі,

багата разоў

пабыло яно ў яме.

 

Стаміліся рукі,

абліўся ён потам,

а ўсё ж не пакінуў

цяжкое работы.

 

Ударыла ўрэшце

вядро аб цвярдое:

ўсе вычарпаў зоркі

хлапчына з вадою.

 

8

Далёка-далёка,

ля зімнага мора

ўзыходзіла сонца

ў бязмежным прасторы.

 

Яно асвятліла

даліны, узгоркі,

дзе кветкамі сталі

разлітыя зоркі.

 

Прыйшла і бабуля

на тую падзею,

сказала: «Дасталі

нарэшце зладзея!

 

Пад яснымі зоркамі

сэрца тырана

ад помсты народнай

было тут схавана.

 

Цяпер яго сонца

ушчэнт спапяліла,

ад сонца загінула

гадава сіла.

 

Багацце Нылекава —

золата, статкі,

з людзей што нагроб ён,—

тваё без астатку!»

 

Усцешыўся вельмі

юнак з перамогі,

ўсіх бедных сабраў ён,

сірот і убогіх.

 

Аддаў ім і пашу,

і статкі аленяў,

каб вынішчыць беднасць

да самых карэнняў.

 

А маці з любоўю

глядзела на сына:

яна ўзгадавала

такога хлапчыну!

 

Прыняў ён ад маці

і любасць да працы,

з якою не будзе

нічога баяцца.

 

ДЗЯЎЧЫНА І КІЛІМ (Усходняя казка)

 

1

Ноч прыйшла — на барханы, на выдмы, у свет.

Ноч сабрала фіялкі са свету усе.

 

Неба сіняе стала самой сінявой,

бо красуюць фіялкі адна ля адной.

 

І саткала з іх вечнасць чароўны кілім,

і рассыпала перлы па ім і над ім.

 

А яны мільгацяць, зіхацяць над зямлёй,

а яны зіхацяць нада мной, над табой.

 

І на кожнай пярлінцы, на зорачцы той,

што паўсталі над намі адна ля адной,

 

і легенды, і казкі, і песні усе

над сусветам ідуць у цудоўнай красе.

 

Я вазьму табе казку такую адну,

над барханам сыпучым яе развіну.

 

Хоць у казках гавораць мінулага дні,

але ёсць і наступнага ў казках агні.

 

Саксаул разгарэўся на нашым кастры,

не пагасне касцёр наш да самай зары.

 

Хай пяе нам пра сіняе неба сурнай,

пра дачку пастырову спявае няхай.

 

2

У старыя часы, нават вельмі даўно,

што замыты на самае морскае дно,

 

што не вернуцца больш аніколі да нас,

бо не вычарпаць мора да самага дна,—

 

жыў пастыр на зямлі. Век ён стада ганяў,

не сваё — падышахава. Ўстаўшы да дня,

 

ён за дзень абыходзіў вялізны абшар.

Ён з дачкою сваёю і жыў ля кашар.

 

А дачка уладала такою красой,

што ніхто і не бачыў падобнай другой.

 

Падышаху сказалі: «На свеце — адна!

Хараство незраўнанае мае яна...»

 

Падышах пасылае сватоў да яе.

А яна тым сватам запытанне дае:

 

— А якім рамяством уладае ўладар?

Ён жа нават не здольны хадзіць ля кашар.

 

За таго выйду замуж, хто ведае сам,

а не толькі з чужога жыве рамяства...

 

Агарнуў тых сватоў проста неякі жах:

як на гэткі адказ паглядзіць падышах?

 

Можа ён загадаць і павешаць сватоў!

Сапраўды, вось такой — не чутно спрадвякоў:

 

і на постаць яна — прыгажэй не знайсці,

а на розум — такіх і не зналі ў жыцці...

 

Падышах узлаваўся, пачуўшы адказ,

пра сватоў і забыўся, на шчасце, якраз.

 

— Што яна? Хто яна? Звар’яцела, ці што?

Мне падданы увесь неаглядны прастор!

 

Я — ўладар і жывых, і усіх нежывых,

я магу ўсё зрабіць, што надумаю, з іх.

 

Гаспадар я на скарбы ва ўсёй старане.

Дык на ліха яшчэ рамяство для мяне?

 

І на гэтым спыніліся сваты усе.

Не гаворыць ніхто больш аб гэтай красе...

 

3

Праз разложысты стэп ехаў сам падышах,

і якраз, як на тое, дзяўчына прайшла.

 

Прыпынілі і коні хаду ля яе,

ад здзіўлення застыў падышах на сядле.

 

А пасля уздыхнуў ён, узняўшы руку.

— Сапраўды, я не бачыў такой на вяку...

 

І маўчалі усе ля яго і за ім,

разважалі маўкліва усе аб адным,

 

разважалі маўкліва усе пра адну...

Ды нарэшце каня падышах і крануў.

 

А яна адышла — і няма анідзе...

Павярнуўся тады падышах да людзей:

 

— Сапраўды, я не бачыў такой на вяку...—

І схіліў галаву да сядла, на луку.

 

А пасля — як правёў бізуном па кані...

Як з-пад конскіх капыт заільснелі агні...

 

Паміж кветак стэповых дзяўчына прайшла,

да палацу са світай ляцеў падышах...

 

4

Заклікаюць візіраў на раду ў палац,

а нарада нялёгкая тая была:

 

— Вы скажыце, якое мне ўзяць рамяство?

Маё сэрца паранена тым хараством...

 

І сядзелі яны, разважалі яны,

перабралі рамёствы усёй стараны.

 

А пасля — пагадзіліся ўсе на адным:

навучыцца не шкодзіла б выткаць кілім.

 

Запрасілі настаўніка — майстра з майстроў.

Да яго падышах у навуку пайшоў.

 

Пахадзіў ён багата ля ткацкіх ставоў,

папсаваў ён нямала ўсялякіх нітоў.

 

Гэта ж добра вядома старым і малым:

на рабоце не возьмеш гарбом ты адным.

 

Часам хто і слабейшы, ды спрытнай рукой

зробіць больш за дужэйшых работы цяжкой.

 

Але як ні было б, а навуку прайшоў:

нездарма пахадзіў каля ткацкіх ставоў.

 

Навучыўся кілімы ён добрыя ткаць,

і выходзіў з работы кілім за дзён пяць.

 

5

Падышах, апрануўшыся як найбядней,

неаднойчы хадзіў паміж простых людзей.

 

Ён цікавіўся тым, як жывуць сапраўды

кішлакі і ягоныя ўсе гарады.

 

Ці здаволен ці не увесь просты народ,

ці не крыўдзяць дужэйшыя ўдоў і сірот.

 

Падышах апрануў на сябе лахманы,

каб яго непазнаным зрабілі яны.

 

І пайшоў цераз плошчы, завулкі, на баз:

у прыгоду цяжкую і трапіў якраз...

 

Так здараецца часам, што нават мудрэц

не прадбачыць, які яму будзе канец...

 

І багацце вялікае мае другі,

і далёка, здаецца, яшчэ берагі,—

 

а спынілася ўсё — і няма берагоў,

і самога няма, і сумоты яго...

 

Вось чаму і гавораць, што нават мудрэц

не прадбачыць, які яму будзе канец...

 

6

Падышах памаленьку праз горад ідзе,

на сады пазірае, на розных людзей.

 

Як працуюць яны, як гуляюць яны...

Так урэшце дайшоў да адной чайханы.

 

Заплаціўшы мядзяк, у куток адышоў

і чакае, пакуль пададуць яму плоў.

 

У чаканні у гэтым зірнуў навакол

і натрапіў пагляд на сапраўдных ваўкоў,—

 

поруч з ім, жабраком, у кутку, ля стала,

зладзяіная зграя на змове была.

 

Аднаго з гэтай зграі забралі ў турму,

вось яны і шукалі ратунак таму.

 

І надумалі: ўзяўшы з сабой жабрака,

памяняць у турме на свайго дружбака.

 

Ім вядома, на грошы паквапіцца кат,

а павесіць — ён кожнага бліжняга рад.

 

Як надумалі, так і зрабілі яны,—

падышаха забралі з тае чайханы.

 

Зацягнулі яго, як здабычу, у лёх.

Тут напэўна не будзе ніякіх памог.

 

Падышах ачуняў ад дарогі цяжкой

і дачуўся, з якою спаткаўся бядой.

 

Ні адзін не прадбачыў ягоны мудрэц,

што такі падышаху надыдзе канец.

 

І не сніў ён і сам аніколі аб тым,

што яго адратуе... звычайны кілім...

 

7

Падышах пачынае прасіць зладзяёў,

каб яго адпусцілі з няволі дамоў.

 

— Заплачу,— кажа ён,— дарагою цаной.—

А яны пачалі выскаляцца:

— Якой?

 

Ты рыззя нацягаеш не мала з гразі,

ды не знойдзеш ты золата ў гэным рыззі...

 

Падышах ушчынае гаворку ізноў,

падышах пачынае прасіць зладзяёў:

 

— Я такое трымаю ў руках рамяство,

я такое магу вам стварыць хараство,

 

што і золата прыйдзе адразу за ім:

дайце волю — я вытку цудоўны кілім.

 

Зацікавілі словы разбойнікаў тых,

адшукалі яны панажы і ніты,

 

адвялі свайго вязня ў асобны пакой.

Там ён выткаў кілім сваёй спрытнай рукой.

 

Зладзяі задзівіліся вельмі тады:

на кіліме жывыя паўсталі сады...

 

Узялі на кірмаш і прадалі кілім,

за яго заплацілі дыргемамі ім.

 

Так, пазнаўшы, што вязень мастак не благі,

загадалі, каб выткаў адразу другі.

 

Ён адразу і выткаў ім новы кілім —

пекната, як жывая, паўстала на ім.

 

Падабраны і барвы — няма прыгажэй,

аж кранаюць узоры за сэрца людзей.

 

Выткаў гербы свае ён на самых брыжах,

каб пазналі, што ткаў яго сам падышах.

 

Ён парадзіў аднесці кілім у палац,

каб і вартая плата за працу была.

 

8

У палац да візіраў прыйшлі зладзяі,

а візіры — адзін аднаму:

— Паглядзі!

 

Свет не бачыў падобнай мастацкай рукі:

хай ацэняць цудоўны кілім мастакі...

 

Чалядзінцы паклікалі майстра майстроў.

Да кіліма цудоўнага той падышоў.

 

Паглядзеў, задзівіўся: галосіць душа,

бо сама пекната на кілім узышла.

 

Падабраны і барвы — няма прыгажэй,

аж кранаюць узоры за сэрца людзей.

 

А пасля, як заўважыў гербы на брыжах,

ён пазнаў, што мастак той быў — сам падышах...

 

Ухваліўшы кілім, ацаніўшы кілім,

заплацілі багата разбойнікам тым.

 

Далі многа дыргемаў ды следам пайшлі

і ў зладзейскім кубле падышаха знайшлі.

 

Зладзяіная зграя канец свой знайшла,

у палацы вярнуўся тады падышах.

 

9

Першым словам падзякаваў майстра майстроў

за мастацтва, якое праз майстра знайшоў.

 

Ён дарункам багатым яго надарыў,

каб не ведаў нядолі настаўнік стары.

 

А пасля так сказаў ён, узняўшы руку:

— Як яна, я не бачыў такой на вяку!

 

І не толькі красой, гэта мала яшчэ,—

можа нават і шкло перад сонцам блішчэць,—

 

але розум яе, незвычайны такі,

даў мне талент сапраўдны для гэтай рукі...

 

Забірайце кілімы з сабою, сваты,

гэта будзе дарунак мой для пекнаты!

 

Сам я выткаў іх, сам іх падам маладой,

і скажу ёй, дзяўчыне каханай маёй:

 

«Рамяством я сваю зратаваў галаву,

значыць, я са свайго рамяства і жыву...»

 

Павыводжаны коні, грымяць капыты,

а з палаца кілімы выносяць сваты.

 

Ён свайго асядлаў стэпавога каня,

асядлалі сваіх і сябры, і радня.

 

А пасля як правёў бізуном па кані...

Як з-пад конскіх капыт заільснелі агні...

 

Як над стэпам шырокім закурыўся пыл,—

ён далейшую дзею усю і закрыў...

 

10

Хай пяе нам пра сіняе неба сурнай,

пра дачку пастырову спявае няхай.

 

Дагарае на нашым кастры саксаул.

Ты, мой дружа, я думаю, добра ўсё чуў?

 

Гэта што падышах! Ты і сам падышах,

бо шчаслівая доля для ўсіх надышла.

 

Падышахавы нам не патрэбны гербы,

за якія дэхканам збівалі гарбы.

 

У Савецкай Айчыне пастаўлена ў герб

Праца наша:

і молат,

і серп.

 

Працу мы і шануем з табою затым,

што яна асалоду прыносіць усім.

 

Але талент патрэбен для моцнай рукі,—

так і казка гаворыць табе праз вякі.

 

Рамяства не цурайся ніколі ў жыцці,

бо яно дапаможа нам шчасце знайсці.


1960-1965?

Тэкст падаецца паводле выдання: Дубоўка Уладзімір. Выбраныя творы ў двух тамах. Т. ІІ. Паэмы, балады, казкі. Мінск, "Беларусь", 1965. - 432 с.
Крыніца: скан