epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Федасеенка

Пасля смерчу

I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI


I

 

Надышоў час, калі першы цёплы дождж хлынуў на зямлю, змыў плесневыя павуцінкі, што засталіся ад глыбокага снегу, і з сучкоў клёна, галіны з якога абрэзалі ў мінулую восень, закапалі слёзы. Раман зняў капялюш, нібы збіраўся пакланіцца каму, узышоў на масток, што перакінуўся цераз глыбокі яр у гарадскім парку, і спыніўся. Высокія дрэвы ў глыбіні яра, вершаліны якіх амаль дасягалі мастка, былі напалову ў вадзе. Там, між імі, на люстраной гладзі, плавала пара лебедзяў. Лебедзь большы за лябёдку. Ён раз-пораз ускідваў свае крылы і, нібы падхоплены ветрам або плынню, заходзіў да яе то збоку, то спераду, а яна выцягвала шыю і амаль лажыла яе на ваду, штосьці шаптала... Раман жмурыў вочы і толькі зрэдку падымаў чорныя вейкі і кідаў позірк на бліскучую плынь шырокага Сожа, воды якога залілі і гэты яр. Думкі-ўспаміны змянялі адна адну, і хаця навокал было зусім ціха, нават не чутно гулу машын праз тоўстую цагляную сценку, якой адгароджаны парк ад горада, Раману здавалася, што масток зыбаецца, грохае ад людскіх ног, бубняць і дыхаюць дошкі, як бубнелі і дыхалі многа год таму назад. Тады Раман глядзеў з гэтага мастка, і яр быў зусім непрывабны: брудная вада, пакрытая раскай, абламаныя дрэвы, на галінах якіх там-сям віселі бляшанкі з-пад замежных кансерваў, на абрывістым беразе валяліся клубкі ржавага дроту з павукамі-калючкамі.

Упершыню, радасны і шчаслівы, Раман ступіў на гэты, хаця і непрывабны, масток з дзяўчынай у сорак чацвертым, калі хлопцу было васемнаццаць гадоў. І вось праз колькі часу, калі ўжо пасівелі скроні, ён зноў прыехаў у горад над Сожам і, канечне ж, зайшоў у парк, каб прыгадаць тую далёкую, цяжкую, але па-свойму цудоўную пару. Тут, у гэтым горадзе, з'явілася ў яго першае каханне, тут і ажыло яно ў памяці. Раман журботна ўсміхнуўся, яшчэ раз глянуў на чысты яр і лебедзяў, надзеў капялюш і ўжо на хаду, неяк праз нос, прагудзеў мелодыю песні: «Ромашки спрятались, поникли лютики...» Потым глянуў на гадзіннік і заспяшаўся.

Адрас даўняга сябра Хведара Раман ведаў, але колькі гадоў не быў тут, столькі не меў і сувязі з ім. Хведараву жонку Раман таксама ведаў.

«А вось якая ў яго сям'я цяпер?.. - Раман задумаўся і спыніўся каля крамы. - Вазьму цукерак, хаця жонка за Хведара значна старэйшая, але ж могуць і малыя быць».

Раман паспрабаваў уявіць, хто адчыніць яму дзверы і ці пазнаюць яго. І вось нарэшце ён націснуў кнопку. Маўчанне... Праз хвіліну пазваніў яшчэ, прыслухаўся.

- Уваходзьце, - пачуўся з глыбіні кватэры голас.

Раман увайшоў у цёмны калідор і крыху разгубіўся, што ніхто не сустракае. «Здымаць плашч ці не?» - падумаў ён і на нейкі момант затрымаўся, а потым паціху пайшоў у пакой, нават не зняўшы капелюша. Там ён разгубіўся яшчэ больш: на тахце ляжала маладая жанчына, накрытая лёгкай капай.

Раман прывітаўся і запытаў:

- Скажыце, калі ласка, гэта кватэра Хведара Міхалкіна?

Жанчына нацягнула вышэй на грудзі капу і адказала:

- Ага.

- Так, значыць, я туды трапіў. А хто ж вы будзеце Хведару, калі не сакрэт? - вырвалася неяк раптам у Рамана.

- Яго жонка. - Яна ўважліва паглядзела на Рамана чорнымі вільготнымі вачамі. - А вы хто будзеце?

- Я прыйшоў электраправодку праверыць, - усміхнуўся Раман.

- Не-е, я з выгляду амаль усіх маладых мужчын ведаю ў сваім горадзе, сядайце.

- О, бачыце, а на мяне і ўвагі не звярнулі.

- Цяпер я здагадваюся, хто вы, - уважліва паглядзела на госця жанчына. - Вы з Менска - Раман Зімін, журналіст, так? Хведар паказваў мне вашу картачку і многа расказваў пра вас.

Раман адвёў позірк ад жанчыны і падумаў: «Магчыма, яна і не ведае, што ў Хведара была жонка. Хаця б не прагаварыцца».

- Дзе ж Хведар?

- Ён хутка прыйдзе з работы. Пачакайце ўжо. Вы ж былі неразлучнымі сябрамі.

- Ага, разам да дзяўчат хадзілі.

- У вас была тут дзяўчына, вельмі прыгожая...

Раман не зразумеў, запытальна ці сцвярджальна сказала жанчына. І ён адказаў на апошнія словы:

- І я некалі быў нішто сабе хлопец, гаварылі дзяўчаты.

- Так, яна вельмі прыгожая. Бывала, мы, дзяўчаты, і то з яе вачэй не зводзілі, калі яна з'яўлялася ў клубе або кінатэатры. Дык вы сябравалі з ёй? - запытала жанчына і зноў уважліва паглядзела на Рамана.

- Думаю, што вы маеце на ўвазе Галубку, як я некалі яе называў, бо яна ў мяне адзіная была, якую так моцна кахаў.

Хведарава жонка прызналася Раману, што яна на першым годзе сумеснага жыцця з мужам ледзь не разышлася з ім праз Галубку.

- Ідзём мы па вуліцы, - расказвала яна, - і раптам мой Хведар кідае мяне і бяжыць убок. Гляджу, а ён да той прыгажуні кінуўся, якой зайздросцілі мы, прывітаўся і пацалаваў руку. У мяне аж у вачах пацямнела. Ён мяне кліча да сябе, а я павярнулася і - дадому. Божа мой, як я тады перажывала, гледзячы ў люстэрка і параўноўваючы сябе з ёю. Я ледзь не праклінала сваіх бацькоў, чаму не нарадзілі мяне такой, як яна, прыгожай. Тады ж вырашыла, што з Хведарам жыць не буду. Няхай ідзе да гэтай каралевы прыгажосці. Як толькі ён вярнуўся дамоў, я яго гнала прэч ад сябе і плакала. Ён мяне ўсю ноч пераконваў, што гэта была ваша дзяўчына і што вы лепшы за яго. Я не верыла, і толькі калі ён назаўтра схадзіў да былых вашых гаспадароў, дзе вы жылі на кватэры, і прынёс адтуль фотакартку, на якой вы зняты з ёю разам, я крыху астыла, але ўсё роўна хацела вам пісаць пісьмо на рэдакцыю. Адгаварыла мяне адна знаёмая настаўніца, якая працуе разам з Галубкай-Надзяй. Яна паведаміла, што сапраўды Надзя некалі кахала сябра Хведара, а выйшла замуж за інжынера і ўжо даўно разышлася з ім. Пасля таго мы яе заўсёды бачылі адну. Такія паводзіны адзінокай жанчыны здзіўлялі нас і ўзвышалі яе ў нашых вачах.

Рыпнулі дзверы, і ў пакой увайшоў Хведар. Убачыўшы Рамана, кінуўся да яго, і сябры на хвіліну застылі ў абдымках.

- Марына, дык чаму ты не запрасіла госця распрануцца?

- Няхай прабачыць, у нас адразу завязалася такая цікавая размова, што я нават забылася.

- Канечне, пра Галубку. Ну, спадзяюся, цяпер ты канчаткова пераканалася, што не мне было важдацца з ёю?

- Што гэта ты пра мяне так... Знайшоў нейкага выключнага прыгажуна, - усміхнуўся Раман.

- Я заўсёды радаваўся, што такая зорка, як Галубка, кахала майго сябра. І цікава, як толькі мы з ёю сустракаліся дзе, з яе твару адразу ж знікала строгасць і яна кідалася да мяне. І хаця з сарамлівай асцярожнасцю, але заўсёды пыталася ў мяне, ці не чуў я, як жыве Раман. Аднойчы, прачытаўшы ў газеце твой верш, Надзя расчулілася і кажа мне: «Няўжо Раман шчаслівы? Такія людзі, як ён, звычайна не могуць быць шчаслівымі. Цяпер, калі я зразумела больш жыццё, зразумела глыбей і Рамана. Ён з чулай і тонкай душою, бескарыслівы і добры чалавек. Але, як кажуць педагогі, у яго вельмі рухавы характар. Яго гонар можна адным цёплым словам зняць і пакінуць каля сябе добрага чалавека. Але варта яго папракнуць чым-небудзь, як ён робіцца яшчэ больш ганарысты, недасягальны. Ой, як я яго ведаю».

- Здаецца, не так многа часу мінула, а якія мы ўсе сталі філосафы, - працягваў Раман. - Тады мы летуценнічалі, малявалі нейкія прыгожыя ўзоры жыцця. Але варта было ўступіць у сапраўднае жыццё, і ўсе гэтыя ўзоры расплыліся, расталі. А цяпер круціся, глядзі, які намаляваны ўзор узяць, каб захаваць яго навечна, каб ён не паплыў, не знік. Я памятаю моманты з тагачаснага жыцця, калі перад сабой бачыў толькі туман. Гэта было ў сорак чацвертым. Мы з табой атрымалі ўзнагароды і ішлі з партызанскага штаба злучэння. У нашых рэчавых мяшках былі нейкія амерыканскія рызманы, што атрымаў Беларускі штаб па ЮНРУ, па дзве бляшанкі тушонкі. Мы закончылі вайну, але на чым спыніцца, не ведалі. Ты быў надзвычай узнёслы і радасны. І я тады сказаў табе: «Можа, яшчэ пашкадуем, што міма нас праляцелі варожыя кулі». І сапраўды, у далейшым мне праз Надзю давялося пацвердзіць тую, тады так безгрунтоўна выказаную думку. Я ж так любіў яе, а што выйшла...

- Прызнацца, мне іншы раз было цяжка, але я пра смерць не думаў. Першы раз ажаніўся, ты ведаеш, не па любві, але жыў, і мне было някепска, - сказаў Хведар.

- Я не зайздросціў тваёй жаніцьбе і нават здзіўляўся. Хаця ты з усіх навучэнцаў рачнога тэхнікума вылучаўся. Насіў скураное паліто і быў падобны на бывалага капітана. Я думаў, што Маша не ведае пра тваю першую жонку, і асцерагаўся прагаварыцца. А дзе яна, твая першая жонка?

- Яна аказалася несумленным чалавекам. Працавала ж бухгалтарам у тэхнікуме. Я хадзіў у плаванне, яна недагледзела дзіця, і яно памерла, сама запіла, пачала гуляць. І, больш таго, залезла ў дзяржаўную касу, судзілі. Адсядзела і сюды не вярнулася.

- Гм, дык гэта тое, што атрымалася з твайго ружовага малюнка ў жыцці?

- Я думаю, што ўсе, хто ваяваў, сваё будучае сямейнае жыццё ўяўлялі ў ружовым святле. Вайна не кідала на распусту людзей, а крышталізавала, чысціла і вучыла ставіцца сур'ёзна да дзяўчыны. Я маю на ўвазе сапраўдных воінаў...

- Загаварыліся, а чалавек з дарогі, можа, паесці хоча, - заўважыла Маша.

- Ты ў мяне разумніца, правільна, правільна. Зараз збегаю ў краму.

- І я прайду з табой, - сказаў Раман.

- Ты лепш пасядзі.

- Не, пайду з табой. Крама жа ў гэтым доме.

Сябры выйшлі. Раман яшчэ на лесвічных прыступках выказаў сваё жаданне пабачыць Надзю.

- Што ж, можна! Яна яшчэ ў школе, і мы з крамы пазвонім.

У Рамана адразу ж ёкнула сэрца. Пра што ён будзе гаварыць з ёй пры сустрэчы? Але не, ён толькі паглядзіць ёй у вочы. Так яна сустрэне яго позірк, як калісьці, ці не? А можа, яна зусім не захоча сустрэцца з ім? Раман сціснуў зубы ў чаканні, пакуль Хведар набіраў нумар.

- Яна ёсць, пайшлі зваць да тэлефона, - Хведар падміргнуў сябру і ўсміхнуўся.

Раман захваляваўся яшчэ больш. Твар яго пабляднеў.

- Прывітанне, - пачаў гаварыць Хведар. - Ты які сон сніла сёння? А-а... Хочаш бачыць Рамана? Дык ён у мяне. У сем гадзін мы цябе сустрэнем на рагу Камсамольскай. Дык я не развітваюся. - Хведар паклаў трубку і зарагатаў. - Відаць, напалохаў я яе, аж заікацца пачала, але кажа, што хацела б бачыць яго. А мне хочацца толькі паназіраць за вашай сустрэчай. Ці будзеце вы такія шчаслівыя, - ужо ўвайшоўшы ў кватэру, сказаў Хведар.

- Ведаеш, толькі піць я не буду. Хачу бачыць усё цвярозымі вачамі.

Сябры доўга не заседжваліся за вячэрай.

Яшчэ не было і паловы сёмай, як Хведар з Раманам былі ўжо на Камсамольскай вуліцы. Яны паціху хадзілі ўзад-уперад, і Хведар раз-пораз ківаў галавой - усё вітаўся са знаёмымі. Раман людзей амаль не адрозніваў, усе яны былі для яго нейкія аднолькавыя. Ён быў перакананы толькі ў адным, што абавязкова здалёку па паходцы адразу ж пазнае Надзю.

- Як толькі мы сустрэнемся, я пайду, - неўзабаве сказаў Хведар.

- Чаго гэта так?

- Ведаеш, як кажуць, дзе двое, там трэці лішні, - усміхнуўся Хведар. - Вы кахалі адно аднаго, ну дык прызнаецеся ў гэтым яшчэ раз, - зноў засмяяўся ён.

- Як сабе хочаш.

Хведар хуценька павярнуў галаву і глянуў на Рамана. Ён хацеў улавіць момант, калі Раман заўважыць Надзю.

Раман неўзабаве збіўся з нагі, гучна пракаўтнуў сліну і ціха прамовіў:

- Ідзе, паходка не змянілася. Пастаў шклянку вады на галаву, не разальецца.

Сябры ішлі насустрач ціха, а Надзя спяшалася. Раман намагаўся ўсміхнуцца, але на твары была відаць разгубленасць. Дэманстратыўна глянуў на гадзіннік і гэтым нібы падкрэсліў, што ім надакучыла чакаць.

Надзя здалёку пачырванела, спынілася, прывіталася і папрасіла прабачэння за спазненне.

«Яна крыху распаўнела, яшчэ прыгажэйшая стала», - падумаў Раман. Нейкае імгненне ён глядзеў на яе фігуру, а потым іх вочы сустрэліся, і яна першая апусціла вейкі.

- Што ж, я сваю місію выканаў. А цяпер даруйце, спяшаюся, - прыветліва памахаў рукой Надзі і Раману Хведар.

...У рэстаране грымела музыка. Пад разгалістым фікусам у кутку быў незаняты стол. За яго і селі Раман з Надзяй. Яшчэ як толькі ўвайшла гэта пара, многа вачэй з-за столікаў накіравалася на іх. Раман падумаў, што гэта, мабыць, знаёмыя і таму яны праяўляюць такую цікаўнасць. Але Надзя чамусьці ішла, ні з кім не вітаючыся. Музыка зайграла танга. Мужчына, што сядзеў за сталом каля ўвахода на кухню, устаў і падышоў да Рамана.

- Можна? - паказваючы рукой на Надзю, спытаў ён.

- Калі ласка, - адказаў Раман.

- Прабачце, я не танцую, - адмоўна пакруціла галавой Надзя.

- Мне сказалі, што вы танцуеце.

- Дрэнна вас інфармавалі.

- Не, якраз сказаў чалавек, які добра ведае вас.

- Будзьце задаволены тым, што вы не ведаеце мяне, - са злосцю сказала Надзя.

Мужчына працягваў стаяць і хацеў яшчэ штосьці сказаць, але тут умяшаўся Раман:

- Грамадзянін, вам павінна быць зразумела ўсё: не прыставайце. Пашукайце сабе іншую партнёршу.

Той скоса глянуў на Рамана і прабасіў:

- О, зноў сустрэліся, - і, хістаючыся, пайшоў ад стала.

- У чым справа? Не разумею гэтых слоў: «О, зноў сустрэліся».

- Не разумееш, - усміхнулася Надзя. - Я тут ніколі не бываю. А мне перадавалі, што мой былы муж, Касяк, тут заўсёды мокне ў гарэлцы і ўсё сватаецца да афіцыянтак. Дык гэта яго пасланец падыходзіў, а Касяк вунь сядзіць.

- А-а, а я такі і звярнуў увагу на яго, калі ўвайшоў. Думаю, нейкі знаёмы чалавек сядзіць. Але такі стары і апушчаны стаў Касяк... - прыжмурыўшы вочы, глядзеў у той бок Раман.

- Мне рабілі папрокі, што гэта я давяла яго, хаця ўжо даўно пакінула і адмовілася ад аліментаў. У яго не душа, а адна жоўць. Яшчэ гады два назад неяк зайшоў да мяне, я тады толькі кватэру атрымала, і кажа: «Чаму не паведамляеш у Менск, дзе ж твой прыгажун, разумнік, золата?» Меў на ўвазе цябе. І вось нарэшце ўбачыў разам.

- Ну, як ты думаеш, шкадуе ён цябе?

- Не, ён мяне ніколі не шкадаваў. Я разумею тваё пытанне. Чалавек калі шкадуе, дык і кахае. У яго гэтага не было. Ён лічыў мяне сваёй уласнасцю. Чалавека нельга лічыць сваёй уласнасцю. Яму трэба было ўзяць маю душу, - ледзь усміхнулася Надзя. - Але гэтага не атрымалася...

Падышла афіцыянтка.

Раман падаў Надзі меню, каб заказала вячэру на свой густ, а сам не зводзіў з яе вачэй.

«Добра і тое, што я хоць жыву з ёй разам на зямлі, - думаў ён. - Нарадзіся я раней ці пазней - і мог бы не мець шчасця любавацца ёю».

- Заказала? А віна?

- Ну, гэта па тваёй лініі. А калі ты пачаў выпіваць?

- Быў перыяд, што лічыў сваё жыццё бязмэтным. Трыста!

Афіцыянтка пайшла і спынілася каля стала, за якім сядзеў Касяк з кампаніяй.

- А я ніколі не лічыла, што маё жыццё бязмэтнае... Скажы, ты, як і раней, любіш музыку?

- Музыка заўсёды ў мяне падвойвае адчуванне жыцця, ну, а з табою - патройвае. Ты, напэўна, забылася той верш, што я некалі прысвяціў табе.

 

Вчера я был в хорошем настроении,

А сегодня уж никто не узнает.

Я подошел к ней с внешним примирением,

Душу терзало танго - «Дождь идет».

 

Гэтае танга было спадарожнікам нашага юнацтва, спадарожнікам тых людзей, якія гартаваліся ў агні вайны, і яно было нам па душы. А цяпер дзікі рогат і свіст узбуджваюць многія юначыя душы. Думаю, што гэта музыка - часовая з'ява, як бы пераходны этап ад журботных «Цёмнай ночы», «Аганькоў», «Дарогі»... А потым усё зноў стане на сваё месца і будзе зноў добрая музыка з яе шырынёю, вясёлым, уласцівым сэрцу нашага чалавека рытмам. Давай вып'ем.

- Цікава паглядзець на цябе, які ты, калі вып'еш.

- У кампаніі добрых людзей амаль не мяняюся або раблюся яшчэ лепшым. А ў дрэнным асяроддзі нервы агаляюцца і рэагую на ўсё павышана.

Доўга яшчэ сядзелі за сталом Раман з Надзяй, а размова ўсё была амаль беспрадметнай. Адны ўспаміны. А на душах іх ляжаў нейкі цяжкі пласт, і ён доўгі час нічым не быў крануты. Яны, можа, яшчэ б пасядзелі крыху, але тут устаў Касяк і, напэўна, хацеў падысці да іх, ды ступіў крокі два і рухнуў пад стол. Яны абое не згаворваючыся ўсталі і пайшлі.

Вільготнае паветра цьмяна прабівалі вулічныя ліхтары. Голас Надзі на дварэ неяк адразу пазванчэў.

- Памятаеш, як мы хадзілі па гэтай вуліцы і тут былі адны руіны? - спытала Надзя.

- Чаму ж не? Добра помню.

- А я як успомню, дык аж трасе чамусьці. Хаця б больш ніколі-ніколі такое не паўтарылася.

Яна, відаць, думала, што дарэмна ўсё ж гаварыць пра свой душэўны стан. Ёй усе, хто яе ведаў, казалі, што яна мужная: пахавала бацьку, маці. Як было ні цяжка адной, завочна закончыла інстытут, здала экзамены ў аспірантуру. І заўсёды трымае сябе сур'ёзна і з пачуццём уласнай годнасці. А тут што здарылася? Як ні імкнецца быць мужнай, нічога не атрымліваецца. Адбудаваны горад, усё змянілася і навокал, і ў яе жыцці, а яна не можа саўладаць з сабой. Няўжо можа так здарыцца з чалавекам, каб нехта ўзяў яго, як некалі браў пад руку, і адразу вярнуў у юнацтва, зрабіў такім жа нявопытным, такім, што не хоча ісці і ў той жа час жадае быць разам, па-дзіцячаму не аналізуе, што скажа, зробіць? Яна сустракалася з рознымі людзьмі, адразу пазнавала абмежаванага, угадвала, з якой мэтай той або іншы падыходзіў да яе, давала яму адпаведны адказ. А ён, Раман, такі чалавек, што і паводзіны, і яго пытанні, і размова - усё падабаецца яе незалежнай, гордай душы. І вось цяпер крочыць з ім пад руку па цэнтральнай вуліцы горада, не хавае вачэй ад знаёмых. Можа, з'явілася якая-небудзь вялікая надзея, дык не, можа, перамагае яе ўнутраная культура - таксама не: яна адчувае сябе наіўнай семнаццацігадовай дзяўчынай. А можа, радасць звароту ў даўні, мінулы час? Таксама - не. Ён быў надзвычай цяжкі, вельмі складаны, як мала ў каго.

- Вось мы і прыйшлі, я тут жыву, - зайшла наперад Надзя і спынілася каля вялікага, у агнях, дома.

Яна ледзь узняла вочы і глядзела моўчкі на Рамана.

- Вельмі блізка ты жывеш ад цэнтра, а я хацеў бы, каб твая кватэра была дзе-небудзь у мікрараёне. Каб трэба было ісці доўга-доўга, аж да раніцы.

- Зойдзем да мяне, пабачыш, як я жыву.

- Зойдзем.

Са станцыі даляцеў доўгі паравозны гудок.

 

II

 

На беразе маўклівага заснежанага Сожа стаяў доўгі драўляны дом. У вячэрні час вокны яго не свяціліся з прычыны маскіроўкі. Старэйшыя называлі гэты дом сталовай, а моладзь - клубам воднікаў. А Раман з Хведарам называлі яго «Наш клуб». А як жа інакш - яны ж навучэнцы рачнога тэхнікума, тут харчаваліся, сюды прыходзілі на танцы. Асабліва ганарыўся сваім клубам Раман. Гэта быў адзіны ў горадзе клуб, а сталовых шмат. Некаторыя з іх былі намнога лепшыя, такія, напрыклад, як абкомаўская, міліцэйская. А ў водніцкай кармілі па картачках «Р-7». Харчы былі не з лепшых, але Раман не пажадаў хадзіць у міліцэйскую. Калі ён прыйшоў са шпіталя з ордэнам Чырвонага Сцяга на грудзях, яго запрашалі ў міліцыю, але ён катэгарычна адмовіўся. Ён з дзяцінства марыў стаць мараком. Праўда, ён не стаў ім, але ж мае прамое дачыненне да флоту. Як камсоргу тэхнікума ды каб і ордэн не вісеў на якой-небудзь старэнькай сарочцы, Раману аднаму з першых далі адрэз на флоцкі касцюм, шынель, і ён пашыў нават мічманку. І адзенне змяніла маладога партызана.

У той суботні вечар ён прыйшоў у клуб у новай форме. Зняў шынель, паклаў яго на спінку крэсла, што стаяла ля выцертай, некалі белай сценкі. Да Рамана падышоў Хведар. Ён быў у старой амерыканскай світцы, якая нагадвала аб'едзеную рыбіну. Яму яе далі ў штабе партызанскага злучэння.

- О, дык і я распрануся, - сказаў Хведар.

- Даўно пачаліся танцы? - запытаў Раман.

- Не.

- Бачу - многа дзяўчат новых, - паглядзеў па баках Раман.

- Ну, ты такі арол сёння, усе твае будуць.

- Не смейся. З мяне хапіла б адной - вось гэтай, - паказаў Раман на дзяўчыну, якая толькі што ўвайшла ў суправаджэнні лейтэнанта міліцыі.

- Дык з ім жа дзве, - заўважыў Хведар.

- Пачакай, пачакай, здымае паліто. Вунь, у блакітнай сукенцы... А фігура, точаная... Ну, каля яе і хлопец. На Байрана падобны, што ў хрэстаматыі.

- Ты лепшы.

- Кінь жарты.

- Вышэйшы, а ён амаль роўны з ёй.

- Не звяртай увагі, бо яна таксама разглядвае прысутных. Зайграе аркестр, і я іду да яе: была не была. А раптам не адмовіцца.

- Давай, давай, - падбадзёрваў Хведар.

Раман то ўпотай паглядаў на дзяўчыну, то на музыкантаў, якія перагортвалі нотныя сшыткі і падносілі трубы да губ. Імгненна мільганула думка: кінуцца да яе, як некалі да варожай чыгункі - у няведанні - будзе ўдача ці не.

З першым уздыхам мелодыі вальса «Амурскія хвалі» Раман ужо стаяў перад лейтэнантам, просячы дазволу на танец з яго дзяўчынай. Той разгублена кіўнуў галавой, і дзяўчына ў блакітнай сукенцы закружылася з Раманам у ярка асветленай зале. З хвіліну яны танцавалі адны, потым пачало ўтварацца кола, у большасці з дзявочых пар. Партнёры іх недзе сядзелі яшчэ ў сцюдзёных акопах Прыдняпроўя. Другая дзяўчына, што прыйшла з лейтэнантам, таксама пайшла танцаваць, але не з ім. Лейтэнант стаяў і прыкметна перажываў у чаканні сваёй дзяўчыны. Раман жа, наадварот, хацеў, каб танец не канчаўся. Ён спяшаўся, спяшаўся выбраць што-небудзь з разрозненых сваіх думак і хоць перакінуцца з дзяўчынай некалькімі словамі. Але танец падыходзіў к канцу, а ён яшчэ і слова не прамовіў.

І раптам Раман сказаў:

- Можна вас яшчэ хоць на адзін танец?

- Калі ласка, можна.

Музыка сціхла, Раман правёў дзяўчыну да лейтэнанта, падзякаваў, крута павярнуўся і пайшоў на другі бок залы, дзе стаяў Хведар.

- Так, я знарок пастаяў і прыгледзеўся да дзяўчыны, вы нечым падобны. І многія звярнулі на вас увагу.

- Гэта не на мяне, а на яе, Галубку.

Раман ва ўпор глядзеў на дзяўчыну, і іх позіркі сустрэліся. Яна першая апусціла вочы. Другая дзяўчына з вялікай цікаўнасцю глядзела на Рамана і, нахіляючыся да вуха сяброўкі, штосьці шаптала. Пераступаючы з нагі на нагу, неабыякава паглядаў на Рамана і лейтэнант.

- Ты сябе недаацэньваеш. За цябе цягнуць і... - Хведар вачыма паказаў на Раманавы ордэн і два медалі.

- Я не хачу, каб любілі ўзнагароды, а не мяне.

- Ну, усё роўна гэта мае значэнне, як ні кажы. Хто тут яшчэ ёсць такі? Вунь без нагі сядзіць з медалямі і той у акружэнні дзяўчат.

- Вайна закончыцца, і многа будзе хлапцоў з ордэнамі.

- Дык гэта, калі закончыцца.

- Я дамовіўся з Галубкай яшчэ на адзін танец, дык ты лепш скажы, цяпер ісці ці прапусціць адзін. Можа, няёмка, хлопец прыйшоў на танцы і будзе стаяць.

- Няхай з сяброўкай ідзе і танцуе.

Зноў ускалыхнулася лямпачка над аркестрам. Раман рашыў не танцаваць факстрот. Але што такое? І лейтэнант не запрашае Галубку. Яна пастаяла крыху, крадком глянула на Рамана і, напэўна, зразумеўшы, што ён не намераны запрашаць яе, узяла сяброўку, і лейтэнант застаўся адзін.

«У чым справа? - думаў Раман. - Можа, ён не танцуе, тады гэта лепш».

Воддаль ад Рамана Галубка смяялася, размаўляла з напарніцай, а пры набліжэнні да яго змаўкала і рабілася сур'ёзнай. Нейкія хвалі Раманавых пачуццяў пачалі нібы перадавацца дзяўчыне. А лейтэнант здаваўся цяпер не такой ужо сур'ёзнай перашкодай на яго шляху. А якая яна мілая.

Ужо дзве пары вачэй па-захопніцку ўлоўлівалі яе і вылучалі з гурту дзяўчат. Раман ужо адкрыта сачыў за Галубкай, а лейтэнант пабляднеў і з пагардай глядзеў на нечаканага саперніка. Зайгралі танга, Раман зноў кіўнуў галавой у бок лейтэнанта, просячы ўжо не дазволу, а прабачэння. Але той нібы адсек.

- Я не дазваляю, - сказаў ён тады, калі рука дзяўчыны ўжо была на плячы ў Рамана.

Дзяўчына крыва ўсміхнулася, пачырванела. Але невядома чаму. Ці што была пераканана ў згодзе свайго паклонніка і паспяшалася пакласці руку на плячо, ці ад сораму перад Раманам, які мог падумаць, што той мае над ёй вялікую ўладу.

- Ваш муж пакрыўдзіўся на вас, - раптам сказаў Раман і паглядзеў дзяўчыне ў вочы.

Яна ўсміхнулася:

- Які муж, проста знаёмы, - адкінуўшы галаву назад, глядзела зблізку на Рамана дзяўчына.

- Тады і я стану такім, - знайшоўся хлопец. - Раман.

- Надзя, - у адказ паціснула руку дзяўчына.

- А я думаў, буду вас называць іншым імем - Галубкай - і ніколі не даведаюся сапраўднага. Думаў, не скажаце, не пажадаеце...

- А я вас яшчэ раней ведала.

Раман спачатку падумаў, што дзяўчына хоча пажартаваць. І, як звычайна, асабліва ў маладых людзей, смелы жарт не можа ўжывацца з вялікім заляцаннем. Раптоўнае каханне робіць юнага чалавека нясмелым, скаваным у сваіх першых кроках. Раману здалося, што Надзя хутка пачне адкрыта смяяцца з яго. Маўляў, я ўжо такіх бачыла. І яму зрабілася ніякавата. Раман хацеў закончыць размову і таму з ледзь улоўнай крыўдай уздыхнуў і ціха сказаў:

- Гэта няпраўда. Адкуль вы маглі мяне ведаць?

Надзя зразумела, што Раман не паверыў ёй. Але ж яна не памыляецца, некалі ж бачыла яго.

- Вы былі ў нашым інстытуце? - запытала Надзя.

- У якім?

- У пед...

Раман здзіўлена паглядзеў на дзяўчыну і адказаў:

- На першым часе меркаваў паступіць у педінстытут, але мяне не прынялі. Я перад вайной закончыў толькі восем класаў, і мне ў інстытуце сказалі, што калі б прайшоў падрыхтоўчыя курсы, тады была б іншая размова. І я паступіў адразу на другі курс рачнога тэхнікума. Тым больш што флот - гэта мая даўняя мара.

- Чаму я запомніла вас, ды не толькі я, а яшчэ некаторыя нашы дзяўчаты? Павінна ў гэтым ваша шапка. Сапраўды, я не жартую, мы ўсе бегалі глядзець на вас. Нехта сказаў, што ў інстытут партызан паступае. А ў нас уяўленне было аб партызанах, што яны ўсе з бародамі, старыя.

- Ну і што, калі ўбачылі?

- Нічога, толькі здзівіла ваша шапка.

«Так, шапка...» - падумаў Раман. Ён, можа, і расказаў бы пра гісторыю з шапкай, але ці будзе дзяўчыне цікава, ды і танец ужо канчаўся. Шапка, што тады была на галаве Рамана, - падарунак былога салдата царскай арміі, які быў узнагароджаны двума Георгіеўскімі крыжамі. Пасля адной адчайнай аперацыі, у якой Раман адмарозіў вушы, бывалы салдат аддаў яму сваю шапку як узнагароду за мужнасць і адвагу. Цяпер Раман не насіў тую шапку, бо яна сапраўды вылучала яго з усіх вайсковых і цывільных людзей.

Але Надзя не прызналася, што не так шапка, як вочы маладога партызана тады запалі ёй у памяць.

- А мы думалі, куды вы тады зніклі з нашага інстытута? - калі сціхла музыка, сказала Надзя.

- Хто гэта мы?

- Дзяўчаты.

- Добра, я яшчэ буду з вамі танцаваць? - паблізу лейтэнанта прашаптаў Надзі Раман.

Дзяўчына сцвярджальна кіўнула галавой. Лейтэнант, напэўна, зразумеў, што ў гэты вечар ён можа быць толькі сведкам, як яго дзяўчына захоплена ў палон гэтым чарнявым, сінявокім хлопцам. Якая сутычка адбылася паміж імі, Раман не бачыў. А калі вярнуўся на сваё месца і глянуў на лейтэнанта, то заўважыў, што той ужо апранае шынель. Надзя стаяла крыху разгубленая, а яе сяброўка нешта гаварыла лейтэнанту і ўтрымлівала яго за руку. Ён вырваў руку і шпарка пайшоў да дзвярэй. Надзя глянула на Рамана, а потым, відаць, са злосцю шмарганула за рукаў сяброўку, якая працягвала глядзець услед лейтэнанту.

Да Рамана падышоў Хведар.

- Кажаш, адшыў? - усміхнуўся ён.

- А ты бачыў?

- Ты толькі адышоў, ён нешта сказаў ёй, а яна ў адказ. І той - ходу.

- Добра, добра атрымалася. Але, напэўна, яна перажывае, штосьці задумалася, глядзіць уніз. А калі падысці да яе?

- Не трэба. Ужо амаль усе звярнулі на гэта ўвагу.

- Ну і што, я не хачу, каб яна і хвіліну думала пра яго ці як адной дадому зайсці.

- Атрымаецца, што ты смелы стаў, як той пайшоў.

- Усё роўна я пасля гэтага танца буду каля яе.

- Гэта іншая справа.

Раман так і зрабіў. Ён ужо не пакідаў Надзю ні на хвілінку. Каля іх стаяла і Вера - старэйшая сястра Надзі. Сястра паводзіла сябе з Раманам больш смела. Яна адразу ж зрабіла яму папрок, што ён пакрыўдзіў іхняга маладога чалавека.

- Асабіста я да яго ніякіх прэтэнзій не меў. А чаму ж вы з ім не танцавалі?

- Ён не танцуе.

- Тады не трэба было ісці на вечар танцаў.

- Другі раз не пойдзе.

- Гэта мяне не цікавіць. А вы прыйдзеце?

- Таксама не, - адказала Вера і хітра паглядзела на Рамана, чакаючы, што ён адкажа.

- Дарэмна, лепшага аркестра ў горадзе няма, як у нас... і клуба.

- А чаму вы да нас не прыходзіце? - не пакідала выпытваць Вера.

- Куды гэта - да вас?

- У педінстытут.

- Дык і вы там вучыцеся?

- Там. Я таксама вас бачыла, калі ішоў набор.

- Можа, не мяне, а шапку, як і Надзя? - усміхнуўся Раман.

- А ты сказала? - звярнулася Вера да сястры.

- Ага.

- Няпраўда, Надзя заўважыла тады не толькі вашу шапку, а і вас.

- Ну, як табе... - пачырванела Надзя.

- Я веру, веру, што шапку, але задаволены, што вы пазналі мяне і без яе. А вы, Надзя, таксама не прыйдзеце больш сюды?

- Ды вы не слухайце, што яна кажа. Мяне ніхто не абмяжоўвае, куды захачу, туды і пайду.

- А што гэта вам, Вера, тут не падабаецца?

Да дзяўчат падышла яшчэ адна маладая асоба, і Вера адразу ж пазнаёміла яе з Раманам і паведаміла, што Зоя - яе аднакашніца і даўняя сяброўка.

Зоі было за дваццаць, яна яшчэ да вайны закончыла першы курс інстытута. Дзяўчына была прыгожая і, як Вера, смелая і незалежная. Зоя адразу павяла бойкую размову з хлопцам. Надзя крыху адступілася ўбок і адчула сябе нібы лішняй. Раман гэта заўважыў, але не ведаў, як спыніць размову з Зояй. Выручыў Хведар. Ён таксама падышоў да свайго сябра. Раман адразу ж пазнаёміў яго з дзяўчатамі. Вера з Зояй лічылі сябе старшакурсніцамі. І сапраўды - вышэй другога курса ў той час у інстытутах горада студэнтаў не было.

З Хведара яны пачалі адразу кпіць, што ён не ведае, што такое скерца. Кідаліся словамі з музычнай тэрміналогіі і смяяліся. Раману гэта не спадабалася, і ён ціха сказаў Надзі, што кожны дурань можа задаць столькі пытанняў, што на іх не адкажуць і сто разумных.

- Не звяртайце ўвагі, - ціха сказала Надзя.

- Не, я ўсё ж запытаю ў іх. Скажыце, дзяўчаты, а што такое МЗД?

Тыя засмяяліся.

- Не, не, усё ж адкажыце.

- Мужчына... мужчына, - спрабавала расшыфраваць Вера.

- Ага, мужчына, такі як Скерца, - заўважыў Раман. - Міна запаволенага дзеяння. Бачыце - і вы не ўсё ведаеце.

Надзі напэўна спадабалася, што Раман заступіўся за сябра. Дзяўчаты замоўклі, а яна смяялася і паўтарала: «мужчына, мужчына».

Раптам знадворку данёсся роў сірэн, і ўсе хуценька кінуліся да сваіх паліто.

Хтосьці крыкнуў:

- Без панікі! Справа ад клуба ў падвале разбуранага дома бамбасховішча!

Раман паводзіў сябе спакойна, дапамог дзяўчатам апрануць паліто.

- А вы ведаеце, дзе бамбасховішча? - звярнулася Вера да Рамана.

- Ведаю.

- Дык вы, калі ласка, правядзіце нас.

- Абавязкова.

Раман накінуў на плечы шынель і пайшоў услед за дзяўчатамі да выхаду. На дварэ было светла. Гэта фашысцкія самалёты развесілі ракеты. Загрукаталі зенітныя гарматы, захадзілі па хмарах промні пражэктараў. Недзе каля моста, што злучаў два берагі Сожа, пачалі рвацца бомбы. Раман схапіў за рукі дзяўчат, і яны кінуліся па крутых прыступках у падвал. Там было цёмна, пахла плесенню. Маладыя людзі прабраліся ад увахода да халоднай цаглянай сцяны. Раман адпусціў Верыну руку, а Надзіну сціснуў, прыхіліўся да яе пляча.

Ух-ух-ух! - страсянуліся сцены сховішча - недзе зусім блізка разарвалася бомба.

- Табе страшна? - прашаптаў Раман.

- Ага, - адказала Надзя.

Ён узяў Надзіну руку, паднёс да сваіх губ і пацалаваў. Гэта атрымалася неяк само па сабе.

Хутка збліжае людзей небяспека. Раман раней і ў думках не дапускаў, што ён з першага знаёмства з дзяўчынай зможа так сябе паводзіць.

Надзя не вызваляла сваёй рукі ўжо з дзвюх Раманавых. Яна хоць і не бачыла добра хлопца, але адчувала перад сабой яго як абаронцу. У час бамбёжак або артылерыйскага абстрэлу яна заўсёды хавалася за маці, дрыжала, нават плакала. А цяпер перад ёй была нібы сапраўдная ахоўная браня. А навокал вухалі бомбы, грукаталі гарматы. Ёй нават хацелася бліжэй прытуліцца да Раманавых грудзей, але нешта не дазваляла зрабіць гэтага.

- Вы, можа, шкадуеце, што не пайшлі дадому разам з лейтэнантам? - ціха запытаў Раман.

- Не, я толькі шкадую, што мы не ў нашым бамбасховішчы, там маці.

- А са мной вам горш?

- Каб і вы там былі.

Раман зноў прыціснуў Надзіну руку да сваіх вуснаў.

Выбухі сціхлі.

Хтосьці ў цемры сказаў:

- Дзякуй Богу, пранесла...

Зарава калыхалася ў снегавых хмарах рэдкай чырванню. Штосьці гарэла каля моста. Дзяўчаты, што жылі ў тым баку горада, глуха ўскрыквалі і хуценька знікалі ў цемры. Раман выйшаў следам за Надзяй і Верай. Вера прапанавала спыніцца і пачакаць Зою.

- О, глядзіце, мы тут яе чакаем, а яна там з Хведарам ніяк не расстанецца, - не прамінула папракнуць сяброўку Вера, калі тая падышла з хлопцам.

- Я якраз выйшла адна, але вас шукала і з Хведарам сустрэлася, - апраўдвалася Зоя.

- Няпраўда, няпраўда, так, Хведар? - сказаў Раман.

- Так, так.

- Дык правядзём дзяўчат, - прапанаваў Раман сябру.

- Пойдзем хутчэй, а то маці будзе хвалявацца, - сказала Надзя.

Раман узяў Надзю пад руку, і яны пайшлі папераду.

- Ваша маці, напэўна, таксама недзе за вас хвалюецца, - павярнулася Надзя да Рамана.

- Мая маці хвалюецца, але ўжо не так. Раней вельмі хвалявалася, калі я, як кажуць, ішоў прама немцу ў зубы.

- І яна пра гэта ведала?

- Ведала.

- Ох, гэтым мамам, колькі ім даводзіцца перажыць...

Сыпаў мяккі сняжок, у горадзе было ціха. Зарава з небасхілу хутка знікла, і Раману было лёгка на душы. Здавалася, усе мары яго павінны здзейсніцца.

Пасля шпіталя ён марыў вучыцца і вось вучыцца. Жадаў сустрэцца з любай дзяўчынай. А якая яна будзе, яшчэ не ўяўляў. Быў перакананы, што сустрэне толькі бландзінку, і ўжо добра ўяўляў сабе яе валасы, якія звісаюць пышным хмелем на плечы, пабліскваюць, нібы аўсяная салома на сонцы. А вочы... Ён бачыў такія ў адной сялянскай дзяўчыны, і яму здалося, што яны - з самага яснага блакіту. Цяпер такія ж вочы побач з ім. Ну, валасы, праўда, крыху не такія, як колісь уяўлялася, але хто ведае, можа, ён і хацеў бы раней уявіць іменна такія, ды не мог. Надзіны валасы пахнуць суніцамі, якія збіраў Раман на сонечнай паляне, нават больш: яны ўвабралі ў сябе водар той паляны, на якой ён адпачываў, калі ўзарвалі варожы бронецягнік. Яны ішлі, і Раман расказаў Надзі пра свайго сябра, таксама падрыўніка, як той закахаўся ў дзяўчыну, а потым загінуў у баі.

- Яна перажывала? - запыталася Надзя.

- Не ведаю. Мне здаецца, што толькі ён яе кахаў. А яна... Спыніліся аднойчы ў вёсцы. Якраз была вечарынка. Зайшлі і мы туды. Яны пазнаёміліся. Майго сябра Мішам звалі, а дзяўчыну Раяй. Ён з ёй танцаваў увесь вечар. Быў бязмерна шчаслівы. А яна танцавала без асаблівай ахвоты, проста не хацела хлопца пакрыўдзіць, тым больш партызана. Збоку гэта было вельмі прыкметна. І вось закончыліся танцы. Мы падбухторылі Мішу, каб ён праводзіў дзяўчыну дадому. Усе маладыя, самі яшчэ ні разу не хадзілі з дзяўчатамі пад ручку, цікава было паназіраць за хлопцам. І вось ён выйшаў на вуліцу і пакрочыў следам за ёй. Дагнаў, узяў яе за руку. А тая: «Што табе трэба?» Хлопец разгубіўся, стаў і не выпускае рукі. Яна зноў паўтарае тое самае. Тады ён, бядак, гаворыць: «Дай закурыць!» Ну, мы і паехалі са смеху. Рая схапіла яго шапку ды - пад плот. Міша нагнуўся падняць, а дзяўчына бягом ад яго. Як потым мы даведаліся, просьба закурыць была ў некаторай ступені апраўданай. Яе маці, калі ў сорак першым адступілі нашы байцы, на агародзе знайшла дзве скрынкі махоркі і захавала. Калі хто з курцоў дапамагаў жанчыне па гаспадарцы, яна плаціла махоркай. Міша раней чуў, што і Рая частавала некалі партызан. Вось і прыйшло яму ў галаву папрасіць закурыць. Наш смех, вядома, збянтэжыў дзяўчыну. А Міша страшэнна пакутаваў. Шкада хлопца. Можа б, ён цяпер смяяўся сам з сябе. А можа, гэта так трэба чалавеку, каб хоць у кароткім жыцці, а ведаць, што гэта такое - каханне.

- А ў вас яно было? - з прыглушаным смяшком запытала Надзя.

- Я ж сказаў, што і той, каму мала наканавана пражыць, павінен зведаць гэтае пачуццё. А мне, мабыць, Бог адтэрміноўку даў да пэўнага часу. І я ўсё пакідаў на потым, як закончу вайну. Я многа такіх хлопцаў ведаю, што ўсё хапалі на хаду ад жыцця і... загінулі. Можа, гэта - адчуванне, лёс які існуе...

- Ды што вы - у Бога верыце?

- Ні ў якога Бога я не веру, а вось лёс нейкі для чалавека існуе. Ну, чаму гэта так: адзін сустрэне і дзяўчыну на сваім шляху і кулю, а іншага ўсё абміне.

- Значыць, вас усё абмінае, а я яшчэ баялася сёння, каб бомба не трапіла ў нас. Не ведала, што ў вас лёс такі добры.

- Цяпер можаце пераканацца, што і бомба не трапіла і вы побач былі.

- Не ведаю, ці ў гэтым усё шчасце.

- Што бомба не трапіла?

- Не, што я побач.

- І тут я цалкам спадзяюся на лёс. Як вы думаеце: гэта шчасце ці не, калі я ў бамбасховішчы хацеў, каб адбою не было да раніцы? - засмяяўся Раман.

- Калі вы так верыце ў шчаслівы свой лёс і не баіцеся бамбёжкі, дык можна было б і ўсю ноч пад трывогай быць вам.

- А чаму толькі мне?

- Я свайго лёсу не ведаю.

- Ну, калі вам было яго зведаць. Лічыце, што ён толькі пачынаецца.

- А я не веру, што ў вас дзяўчыны не было і няма. І вы нейкім лёсам гэта маскіруеце. Вы ж не сядзелі недзе ў нары, а ўвесь час сярод людзей. А дзяўчат цяпер вунь колькі... І не такі вы ўжо баязлівец.

- Па чым вы заключылі?

- Хоць бы па сённяшнім вечары.

- Гэта таму, што міліцыянера не пабаяўся?

- Хаця б.

- Я інакш не мог.

- Значыць, не ўпершыню.

- Мне ўжо даўно хацелася пакахаць каго-небудзь. Ці на самай справе, ці мне здавалася, што мяне кахалі, а вось я не. Вас таксама кахалі і кахаюць, а вы?

- Так, як і вы, калі гэта праўда. Ну, вось мы і прыйшлі, - спынілася Надзя.

Раман азірнуўся.

- А дзе ж Вера?

- Яны пайшлі другой дарогай.

- Шкада, што вы так блізка жывяце.

- Хіба гэта блізка? - усміхнулася Надзя. - Я заўтра раскажу дзяўчатам, што з вамі пазнаёмілася.

- А што ім з гэтага?

- А тое, што вас часта ўспамінаюць. Кажуць, нідзе той шапкі не сустрэць у горадзе, напэўна, кудысьці з'ехала. Асабліва ў нас там ёсць такая прыгажуня, вы ёй спадабаліся. Хочаце, я вас пазнаёмлю з ёй. Сапраўды, яна ў нас самая прыгожая.

- Не веру.

- Чаму не верыце?

- Што яна самая прыгожая.

- Усе так кажуць. Яна абавязкова папросіць мяне, каб я пазнаёміла яе з вамі.

- І вы гэта ахвотна зробіце?

- Яна ўвесь час трызніла вамі. Казала нават, што вы не партызан, а малады генерал.

- Ха-ха, - усміхнуўся Раман. - Скажыце, што такія шапкі, як у мяне, насілі ўсе салдаты царскай Расеі, і яна перастане трызніць.

- Не, яна ведае, што вы ніякі не генерал, але так узвышае.

- Дык вы хочаце мяне з ёй пазнаёміць?.. У такім выпадку я магу пазнаёміцца, з кім захачу, сам, так, як і з вамі. - Раман зрабіў выгляд пакрыўджанага, хаця зусім не думаў, што можа яшчэ хто спадабацца яму так з першага погляду, як Надзя.

А яна ўсё больш выпрабоўвала Рамана, бо ў інстытуце намячаўся вечар і яна не супраць была запрасіць на яго былога партызана. Дзяўчына з прыемнасцю ўспрыняла крыўду хлопца, але баялася пераступіць мяжу, каб назусім не расстацца з ім.

- Ну, калі не жадаеце, дык я не буду знаёміць. А можа, убачыце і ў вас зменіцца настрой?

- Ніколі, ніколі, - Раман паглядзеў Надзі ў вочы і ўзяў яе за руку.

«О, калі б ты ведала, што ў мяне на душы!» - падумаў ён.

Набліжаўся момант - назначыць спатканне. А што, калі яна не згодзіцца і на гэтым будзе ўсё. Лейтэнант, можа, толькі коніка выкінуў, а заўтра з'явіцца да яе. І Раман не вытрымаў:

- Лейтэнант ведае, дзе вы жывяце?

- Чаму раптам у вас такое пытанне ўзнікла?

- Так, ён вас будзе мацней кахаць пасля сённяшняга вечара.

- А я лічу, што яму стане больш зразумела.

- Што?

- Ды я ўжо вам сказала, што мне яшчэ ніхто не падабаўся.

- Затое вы, відаць, многім.

- Ну і што з таго, на гэта ж вы самі адказалі.

- Я крыху эгаіст: буду задаволены толькі тым, што вы нікога не пакахаеце.

- Так, гэта эгаістычна. А калі мне хто спадабаецца?

- Для мяне будзе балюча.

- А калі не будзе?

- Тады буду я шчаслівы.

- Ну, жадаю вам шчасця. Мне пара ісці.

- Калі ж я з вамі яшчэ змагу сустрэцца?

- Не ведаю, калі-небудзь.

- Што - выпадкова?

- Ну, у вас жа ёсць лёс.

- А калі ў вас яго няма?

- Будзе ў вас - дык будзе і ў мяне, - усміхнулася Надзя.

- Добра, у наступную суботу ў шэсць гадзін, каля клуба імя Леніна, сходзім у кіно. - Раман сказаў і насцярожана чакаў адказу.

- Білетаў не будзе.

- Мне дадуць.

- Добра.

Раман павольна адпусціў Надзіну руку, крута павярнуўся і хуценька пайшоў. Крочыў лёгка, не адчуваючы ног.

 

III

 

Снег раставаў. І не ад часу, бо на дварэ стаяў люты. Здавалася, ён плыве ад той суматохі, якая панавала навокал. Бесперапынны рух машын, рыпенне двухконных вайсковых калёс, лязганне гусеніц самаходных гармат, танкаў, цяжкія крокі салдат - усё гэта рэзала, таптала, змешвала са снегам зямлю, награвала паветра. І яно сціскалася пад нізкімі хмарамі, напоўненае пахамі саляркі, бензіну, поту. Раманаў конік ледзь цягнуў з'езджаныя да капылоў сані. Хлопец часта саскокваў з іх, зварочваў каня на абочыну дарогі, даючы праезд машынам.

Ужо гусцеў змрок. Чуваць было, як дзяўблі зямлю снарады, цьмяна ўспыхвалі ракеты, зрэдку ганяліся адна за адной трасіруючыя кулі. Перадавая лінія фронту была не так далёка. Рамана здзіўляла, што столькі часу ён цягнецца на захад, а ніхто не спыніў, не запытаў нават, куды ён едзе. І салдаты, і афіцэры звярталі ўвагу толькі на Раманаву шапку з чырвонай істужкай. А куды ён цягнецца на гэтым худым коніку, нікога не цікавіла.

Калі Раман тузаў лейцы, конік яшчэ спрабаваў бегчы трушком, але нічога не атрымлівалася. Ён перабіраў тонкімі нагамі так, што можна было не адставаць, ідучы шырокім крокам.

Раману трэба было праехаць вёсачку, што стаяла пад гарою ўздоўж балотца, і, мінуўшы грэблю, выехаць на поле, з якога ён можа ўбачыць і сваю хату. Але толькі ён пераехаў вуліцу, як уткнуўся ў шлагбаўм. Адразу ж да Рамана падышоў малады салдат. Ён здзіўлена паглядзеў на Раманаву шапку і са злосцю тузануў за лейчыну.

- Апят партызан, сычас жа паварочвай аглоблі, што б я тэбя не відзел тут, - з грузінскім акцэнтам сказаў салдат.

- Калі гэта ты мяне відзел, давай не крычы, а лепш прапусці. Мне дазволілі, нават у сельсавеце каня далі. Я павінен з'ездзіць у сваю вёску - Карму, ведаеш такую, і ўзяць крыху харчоў. Сям'я пухне ад голаду, хворыя ўсе.

- Хто тэбе дазволіў?

- Сельсавет.

- Назад! - выхапіўшы ў Рамана лейцы, салдат павярнуў каня ад шлагбаўма. - Матай, матай, ваш сэльсавет, а мой Сталін.

- А дзе твой начальнік?

- Здэсь, - паказаў на хату салдат. - У нас нет начальнік, маёр, ён то жэ скажэт.

Раман павярнуў да двара, на які ўказаў салдат. Знешне здавалася, што ў хаце няма ніякага жыцця. Але калі хлопец адчыніў дзверы, убачыў: у другім пакоі гарэла лямпа і за сталом сядзеў ужо немалады маёр. Раман прывітаўся і запытаў, ці можна яму праехаць у Карму.

- Чаго вам туды, там жа пярэдні край.

- Я ведаю. Але мая маці з сям'ёй эвакуіравана адтуль за Дняпро, і ім няма чаго есці. Трэба адкапаць і завезці хоць пару мяшочкаў збожжа. Я дамовіўся там з камандзірам часці, і ён мне паабяцаў змалоць.

- Вашы дакументы?

Раман дастаў з кішэні партызанскую даведку, ордэнскую кніжку, пасведчанне тэхнікума і ўсё працягнуў маёру.

Раптам з пярэдняга пакоя ўвайшла сялянка. Маёр разглядваў дакументы, а жанчына - Рамана.

- Прапусціць вас не можам, - сказаў маёр, аддаючы назад дакументы. - Нядаўна тут ля Кармы пад выглядам партызан злучылася група з нашымі войскамі. І да яе аднесліся бяспечна. Ноччу тыя «партызаны» схапілі нашага салдата і павярнулі назад цераз перадавую... Вось бачыце.

Загаварыла жанчына:

- А сынок мой, вы былі партызанам! Я ж думала, вы загінулі. Вы памятаеце, былі тут у маёй хаце, я вам есці наварыла, і вы толькі паселі за стол, а ваш вартавы падхопліваецца і крычыць, што немцы акружаюць. Вы пабеглі, і адразу ж каля балота паднялася такая страляніна. Тады нашы людзі закапалі там некалькі партызанаў, я, праўда, не хадзіла. Вы былі камандзірам у іх, я запомніла.

- Дык вы ведаеце яго? - звярнуўся маёр да сялянкі.

- А як жа, гэта свой хлопец, партызан, яго тут многія ведаюць. А дзе ж ваша маці? - зноў звярнулася жанчына да Рамана.

- За Дняпром. Ды ўсе захварэлі на тыф.

- І я ж там. Але вось прыйшла, каб тое-сёе ўзяць. Да нас яшчэ пускаюць, а да вас - не.

- Што, вам даводзілася да нашага прыходу тут змагацца? - запытаўся маёр.

- Так, таварыш маёр.

- Тады я вас прапускаю. Вазьміце вось гэта, - маёр паставіў трохкутную пячатку на паперку і працягнуў Раману.

Раман глянуў на паперку. Там было напісана: «Вартавы, прапусціць». Ён падзякаваў і хуценька пайшоў з хаты.

Салдат асвяціў ліхтарыкам пропуск, штосьці буркнуў на сваёй мове і падняў шлагбаўм.

«Пашанцавала, - думаў Раман. - Каб не гэтая жанчына, давялося б ехаць паражняком назад. А там так спадзяюцца і маці, і сястра, і брат, што я іх выратую ад голаду».

Раман успомніў жанчыну і бой каля гэтай грэбелькі. Тут загінуў тады Міша, пра якога ён расказваў Надзі. Каб крыху яшчэ, дык і яму, Раману, тады была б смерць. Ён сутыкнуўся нос у нос з гітлераўцам у кустах, абодва кінуліся назад і адначасова абодва павярнуліся, але Раман паспеў стрэліць першы. Немцы трупы сваіх салдат забралі, а партызан пахавалі людзі.

Раман спыніў каня на грэблі, саскочыў з санак, зняў сваю цяжкую шапку і моўчкі пастаяў на тым месцы, дзе некалі адбыўся бой. Паглядзеў па абочынах, нідзе ніякай магілкі не відаць. «Закончыцца вайна, тады я прыеду сюды, - падумаў ён. - Цудоўныя тры хлопцы загінулі». Сеўшы на санкі, Раман крануў каня і задумаўся. Перад вачыма паўсталі маці, сястра, брат, Надзя. І як ён, ідучы да маці, марыў пахваліцца, што ў яго ёсць дзяўчына, студэнтачка. Але маці на хвіліну апрытомнела, глянула на сына і зноў пачала трызніць. Пра якую дзяўчыну гаварыць ёй у такі момант...

Раптам за балотцам пачулася: «вы-ы-ў - вы-ы-ў - вы-ы-ў...» - і ўгору шмыганулі стрэлы ярка-белага агню. Недзе за вёскай, куды ехаў Раман, громам пракаціліся выбухі. Раман здагадаўся, што гэта дала залп «кацюша». За ёй ударылі некалькі гармат, залапаталі мінамёты. Прыфрантавы конік хлюпаў па лужынах і не звяртаў увагі на выбухі. Кананада была нядоўгай. Але, пад'ехаўшы бліжэй да вёскі, Раман пачуў, як недзе там, недалёка, на захадзе, трашчалі кулямёты, аўтаматы, убачыў, як узвіваліся ракеты, асвятляючы невысокі лясок. Нават даносіліся крыкі «ўра». Гэта праходзіла так званая разведка боем.

Не пазнаць было роднай вёскі. Некаторыя хаты былі разбураны ўшчэнт, вакол двароў ніякіх агароджаў, дзе-нідзе толькі тырчалі адзінокія дрэвы. Там-сям аднекуль з-пад зямлі выскоквалі іскры. Салдаты не жылі ў хатах, а сядзелі ў бліндажах, з якіх на паверхню выходзілі распаленыя да чырвані бляшаныя трубы. У Раманавым двары таксама быў такі бліндаж. Каля яго спыніў ён свайго каня.

Адразу ж перад хлопцам вырас салдат і запытаў:

- Хто вы такі?

- Гаспадар гэтай хаты.

- Хутчэй у бліндаж. Гэта сёння немец штосьці заспаў, а то вы і не прыехалі б сюды.

Раман пакрочыў услед за салдатам. Толькі ў бліндажы хлопец убачыў, што з ім размаўляў не салдат, а капітан. У бліндажы было светла. У пяколку, выкапаным у земляной сцяне, стаяла сплюшчаная ўверсе гільза з-пад «саракапяткі» і гарэла на ўвесь кнот. Па тэлефоне размаўляў палкоўнік. «Толькі ж не прыстрэльце, а дастаўце яго на маяк», - гаварыў ён у трубку. Капітан прысеў і падкінуў у чыгунную печку дроў. Пачуўшы, што палкоўнік паклаў трубку, нібы сам сабе сказаў:

- Гаспадар гэтага дома да нас у госці прыехаў.

- Прыехаў? - здзіўлена паглядзеў на Рамана палкоўнік. - Да нас дабрацца не так проста.

- А я пад прыкрыццем артылерыі пранік.

- Смела, смела, сынок. Што - адваяваўся ўжо?

- Так, таварыш палкоўнік.

- Дакументы ёсць?

Раман працягнуў пропуск. Палкоўнік уважліва паглядзеў і сказаў:

- Корабаў са СМЕРШа выпісаў. За правізіяй, мабыць. Сядай вунь на калодку, расказвай, як тут у вас жыццё-быццё працякала.

Раман сеў, паглядзеў у вочы палкоўніку, і яны здаліся яму вельмі падобнымі на бацькавы. Мокрыя, бліскучыя, глыбока пасаджаныя пад ілбом. Праўда, у бацькі яны былі такімі ў той апошні дзень, калі ён развітваўся перад адыходам на вайну, а ў палкоўніка яны, напэўна, заўсёды такія. Раман глядзеў у іх і расказваў пра партызанскую барацьбу, пра цяперашняе жыццё, вучобу. І раптам: «Б-б-бу, бу, бу». Палкоўнік падхапіў гільзу, якая падала з пяколка.

- О, маць іх... артналёт зноў. Ноч спакою не дадуць, - сказаў ціха палкоўнік.

Артналёт працягваўся хвілін пяць.

- Партызан, мабыць, так не абстрэльвалі? - запытаў капітан.

- Не, калі нас пачыналі так абстрэльваць, мы адразу ж пераходзілі ў іншае месца, а вам жа трэба сядзець.

- Вось так, удзень снайперы сочаць за кожным нашым рухам. А ўначы, калі нічога не відаць, дык яны так званым згубным агнём нас накрываюць. Пакуль спасціглі іхнюю тактыку, дык многа загінула нашага брата. Толькі вылезе салдат або афіцэр, каб што-небудзь зрабіць, а яны і сыпануць адразу ж мінамі. А дзе ж вы каня пакінулі? - неўзабаве запытаў палкоўнік.

- Тут, у двары, - адказаў Раман.

- Капітан, чаму ж за хату не паставілі? - заўважыў палкоўнік.

Раман хуценька кінуўся з бліндажа, за ім капітан.

Конь ляжаў сярод двара і яшчэ дрыгаў нагамі.

- Вяртайся назад! - сказаў капітан і сам шмыгануў у бліндаж.

Раман не паслухаў яго і хацеў падысці да каня, але раптам засвісталі міны і зноў грымнулі выбухі. Раман стралой уляцеў у бліндаж.

- Што - добры конь? - запытаў палкоўнік.

- Ды не вельмі, але што мне цяпер рабіць? Там так чакаюць. Сястра гаварыла, што хутка бліны будзе пячы. Напячэ...

Палкоўнік задумаўся, паглядзеў на хлопца і сказаў:

- Не журыся, сынку, нешта прыдумаем, будзеце пячы блінцы. А дзе захавана зерне?

- У хляве.

- О, зусім добра. Фрыцы, бывае, і па дзве гадзіны маўчаць, выберам час і ўсё зробім.

- А што мне ў сельсавеце сказаць, дзе я каня дзеў?

- Хто там старшыня?

- Наш партызанскі камандзір.

- Я напішу паперу, што каня забілі на перадавой. Капітан, ідзі вазьмі двух салдат з рыдлёўкамі.

- Можа, не трэба, яшчэ заб'юць, - скрывіўся Раман.

- Мы ведаем, калі могуць забіць, калі не, - усміхнуўся палкоўнік.

Капітан пайшоў, а Раман паглядзеў на палкоўніка і падумаў: «Божа мой, у такім пекле сядзіць, а яшчэ смяецца».

- Я беларусаў люблю. Колькі на маім вяку іх праслужыла ў мяне! Заўсёды быў задаволены імі. Адважныя, працавітыя і дысцыплінаваныя, выканаюць усё як належыць.

- А вы адкуль? - перабіў Раман.

- Я сам з Сібіры, мае даўнія продкі адсюль. І я, стары, ганаруся вашымі беларускімі партызанамі.

Сказаўшы гэта, палкоўнік лізнуў кончыкам языка паперу і штосьці напісаў алоўкам.

- На, аддасі старшыні сельсавета.

Увайшоў капітан, а за ім двое салдат.

- Вось што, рабяты, гэта сын франтавіка і сам ваяваў. Сям'я эвакуіравана з гэтай хаты і знаходзіцца ў цяжкім становішчы. Дапамажыце яму адкапаць збожжа і паднясіце за поле да артылерыстаў. Туды часта ідуць машыны. Яны падкінуць яго за Дняпро.

- Ёсць! - адказаў салдат, які стаяў уперадзе.

- Не спяшайцеся, зараз немцы адстраляюцца, а за паўзу вы справіцеся выйсці на поле, туды не б'юць.

Чакаць доўга не давялося. Толькі палкоўнік паглядзеў на гадзіннік і нібы сам даў каманду. Загрымелі выбухі, пасыпалася зямля са сцен бліндажа...

- Ну вось, цяпер можна ісці, - сказаў палкоўнік, калі скончыўся артналёт. - А ты пасядзі крыху, нам павінны хутка паднесці тэрмасы, павячэралі б...

- Не. Вялікае вам дзякуй, таварыш палкоўнік. Нашу сустрэчу я запамятаю на ўсё жыццё.

Палкоўнік падняўся і правёў Рамана да выхаду. На развітанне моцна паціснуў руку і пажадаў шчаслівай дарогі.

Салдаты хутка адкапалі скрыню і насыпалі два паўмяшкі пшаніцы. Раман у кутку хлява з-пад пацярухі дастаў некалькі плітак толу і венгерскі пісталет. Гэта ўсё ён захаваў, яшчэ калі быў у партызанах. Тол у атрад прыслалі з Вялікай зямлі, але група падрыўнікоў не паспела яго выкарыстаць, а пісталет Раман адабраў у палоннага, якога партызаны захапілі каля чыгункі. Тол Раман выкарыстае на будаўніцтве тэхнікума. На нарыхтоўку цэглы адвялі вялізную сцяну з разбуранага дома... А вось навошта яму пісталет, ён сам не ўяўляў.

Узяў так, няхай будзе.

Салдаты заўважылі, што Раман паклаў штосьці ў рэчавы мяшок, і хлопец нават пачуў, як адзін з іх шапнуў другому: «Напэўна, сала». Салдаты жылі не так ужо ў дастатку, і Раман спачатку вырашыў: «Скажу, што гэта за сала, а то падумаюць пра мяне, што нейкі скупярдзяй». Але завагаўся. Не, яны могуць яшчэ западозрыць, што ўзяў узрыўчатку з якой-небудзь нядобрай мэтай. Як-ніяк ужо выйшлі на поле і крочылі ў тым напрамку, адкуль давала залп «кацюша». Яму здавалася, што салдаты не ў настроі, і толькі праз гэта «сала». У аднаго нават нешта хруснула на зубах. «Напэўна, грызе сухар, есці хоча», - падумаў Раман. Ды і ў самога ад раніцы ў роце нічога не было. «О, каб у мяне было сала, хоць без хлеба, а ўсё роўна па кавалку з'елі б», - аблізаў Раман салёныя ад поту губы.

- Адпачнём, - прапанаваў салдат, што ішоў ззаду. - Пшаніца цяжкая, нібы волава.

- Перакурым, - сказаў другі. - На, партызан, паперу, і ты закуры.

- Не, дзякую, я не куру. - Яшчэ горш стала на душы ў Рамана. «А я засыпаў зернем «сала» ў рэчавым мяшку і маўчу».

Хлопцу нават стала горача. «Сказаць?» - задаў сам сабе пытанне. «А навошта яму тол?» - падумаюць салдаты. Калі б яшчэ Раман не ведаў пра шпікоў, якія тут блукалі пад выглядам партызан, а так западозраць і яго ў нячыстай справе. Не, ён не прызнаецца, хутка салдаты вернуцца назад.

- Жраць хочацца, - сказаў зусім малады салдат, які хрумстаў штосьці па дарозе.

- Хлопцы, у мяне няма сала. Гэта я толу ўзяў кілаграмы два.

- А хто табе што гаворыць пра сала. Мы пажартавалі там, у хляве. Выляжала б яно там у кутку, на перадавой, калі мышэй поўна галодных.

- Тол мне патрэбен на нарыхтоўку цэглы для будаўніцтва тэхнікума.

- Якога тэхнікума? - пацікавіўся той жа салдат.

- Рачнога.

- Будуйце, будуйце, жывым застануся, і я туды пайду вучыцца. Яшчэ з дзяцінства марыў капітанам парахода стаць.

- Чаму ты не сказаў нам, мы б табе яшчэ толу далі, - заўважыў старэйшы.

Пасля гэтай размовы Раману стала лягчэй на душы. Выглянуў месяц у акно разарванай хмары, прабег сваім халодным святлом па полі, пашарыў у кусточках ля балота, па сетках, нацягнутых над гарматамі, і ці то ад сораму, што падгледзеў сакрэты зямлян, ці то ад крыўды, чым яны займаюцца, зноў закрыўся хмарай.

Раману пашанцавала. Раніцай вайсковая машына падвезла яго да хаты, у якой часова пасялілася маці з дзецьмі. Праўда, маці ўжо дома не было, яе забралі ў тэрмінова арганізаваны прыфрантавы шпіталь для цывільных, якія хварэлі на тыф. Абстрыжаныя сястра і брат ужо адчувалі сябе лепш, але яшчэ былі слабыя. Ім неабходна было добрае харчаванне, так сказаў лекар. Раману змалолі пшаніцу, затым ён збегаў да камандзіра вайсковай часці, які аддаў загад, каб з кухні выдавалі штодзённы салдацкі паёк партызану, што вярнуўся нядаўна са шпіталя. Раману неабходна было затрымацца яшчэ на некалькі дзён, каб падтрымаць сястру і брата. Хутка брат мацней стане на ногі і будзе сам з кацялком хадзіць да салдацкай кухні. Так Раман дамовіўся з кухарам.

Але як ні спяшаўся Раман уладкаваць усе свае гаспадарчыя справы, на спатканне з Надзяй ён не паспеў.

«І чаму я не сказаў ёй, што паеду дадому?» - дакараў сябе хлопец.

 

IV

 

Да гэтай сустрэчы Надзя рыхтавалася асабліва старанна, нават лязом нажа заламала свае доўгія вейкі, выкленчыла пудры і духоў у старэйшай сястры. Як і кожнай маладой дзяўчыне, ёй здавалася, што ад гэтага ў значнай ступені будзе залежаць яе поспех. А Вера кпіла з сястры. Яна ўжо даўно сябравала з хлопцамі і нават дамовілася з адным маёрам, што, як толькі закончыцца вайна, ён прыедзе і яны згуляюць вяселле. А пакуль яна штодня атрымлівала лісты-трохкутнікі з-пад Ковеля, куды неўзабаве перакінулі яе сябра і дзе ён удзельнічае ў жорсткіх баях мясцовага значэння. Маёр яе пераканаў, што савецкаму афіцэру больш падабаюцца тыя дзяўчаты, якія ходзяць проста, нават у зусім танных сукенках, чым расфарбаваныя, расфуфыраныя. Апошнія - гэта выключэнне з тых людзей, якія доўгі час жылі пад ярмом акупантаў. І Вера хадзіла проста. Нават сваю лепшую сукенку яна аддала сястры.

Надзя была задаволена. Верына песенька спета, лічыла яна.

Надзя апранула сваю лепшую сукенку, паставіла люстэрка на падлогу, адыходзіла, паварочвалася, папраўляла паясок на таліі і ўжо бачыла сябе на танцах, якія цяпер сталі звычайнымі ў клубе перад пачаткам кіно.

- Дачушка мая, цябе сёння хоць пад вянец, - сказала маці. - Куды ж ты збіраешся так?

- На спатканне з партызанам, - усміхнулася Вера.

- А што? - глянула на яе Надзя.

- Я нічога не гавару, прыгожы хлопец, нават з узнагародамі, здаецца, і не дурны.

- Я з дурнямі не хаджу. А што зараз за мужчына, які ўзнагароды не мае, навошта мне такі? Можа, дзе з-пад печы вылез?

Маці засмяялася, слухаючы гэтую размову дачок, і сказала:

- З'еш хоць свой кавалачак хлеба і амлету крышку вазьмі.

- Не, мама, лепш, калі вярнуся, тады з'ем, а то галодная не засну.

Яшчэ было а палове шостай, а на дварэ ўжо змяркалася. Ляпіў мокры сняжок, і Надзя злавалася, што ён абмые ўсю пудру. «Трэба было ў Веры папрасіць, каб дала хоць крышку з сабою», - падумала Надзя і хутка пакрочыла па вуліцы, якая ўпіралася ў чыгуначны вакзал. Там, побач з вакзалам, і ўзвышаўся клуб. Ён быў знешне непрывабны, шэры, з маскіровачнымі плямамі на сценах. Чым ён вызначаўся як клуб, дык гэта толькі тым, што цэлымі днямі з рэпрадуктара над уваходам разносілася музыка.

Вакол клуба звычайна было многа моладзі, ды і салдаты і пасажыры выходзілі з вакзала і з задавальненнем слухалі песні і музыку. Надзя ўжо чула мелодыю, пад якую танцавала з Раманам факстрот: «Мишка, Мишка, где твоя улыбка...» Яна ўсміхнулася і прыбавіла крок.

Яна не адразу пайшла на вызначанае месца спаткання. Вырашыла з прывакзальнай плошчы паглядзець на людзей, што былі каля клуба. Там тоўпілася шмат народу, але ў флоцкай форме нікога не было. «Напэўна, яшчэ рана», - падумала Надзя і засмуцілася. Зайсці ёй у вакзал, дык без білета не пусцяць. А можа, яна не пазнае Рамана, ужо ж цемнавата. Раптам Надзю хтосьці схапіў за руку. Дзяўчына аж здрыганулася. Глянула: перад ёй стаіць знаёмы лейтэнант міліцыі. Надзя нават не адказала яму на прывітанне. Яна не хацела, каб Раман убачыў яе побач з лейтэнантам.

- Колькі часу? - запытала яна.

- Вы што? На спатканне прыйшлі або каго чакаеце з цягніка?

- Вам павінна быць усё роўна, - адказала Надзя і накіравалася да клуба.

- Мне не ўсё роўна, - запярэчыў лейтэнант і пакрочыў услед за дзяўчынай.

- Адчапіцеся вы ад мяне, - спынілася Надзя.

- Не, я павінен з вамі пагаварыць.

- Няма нам пра што гаварыць, - зноў у тым жа напрамку пайшла яна.

Лейтэнант не адставаў. Тады Надзя вырашыла, што няхай сарвецца лепш спатканне з Раманам, чым ён заўважыць яе з лейтэнантам. Ды наогул невядома, што можа здарыцца, калі яна звядзе іх твар у твар. Навошта гэта ёй? Надзя кінула апошні позірк на дзверы клуба. Рамана не відаць. Яна крута павярнулася і пайшла зноў на прывакзальную плошчу. Сутыкнулася з нейкім мажным чалавекам і запытала ў яго, колькі часу.

- Вам дакладна? - спыніўся мужчына. - Дзесяць хвілін сёмай.

- Дзякую, - сказала Надзя і з крыўдай паглядзела лейтэнанту ў вочы. - Чаго вы прычапіліся, што мне - міліцыю клікаць?

- Ха-ха, - усміхнуўся лейтэнант. - А я хто? Я і стаю на варце, ахоўваю цябе.

- Вы нахабны чалавек, я з вамі размаўляць не хачу.

- Дарэмна, дарэмна. У наш час такімі кавалкамі не кідаюцца. У мяне сотні знаёмых дзяўчат, але ніхто не падабаецца, акрамя вас.

- Ну дык ідзіце да сваіх соцень, вы прыгожы малады чалавек, вам і ўсе козыры ў рукі. А я не магу больш з вамі траціць час, зразумейце.

- Дык чаму ж вам з прыгожым не сустракацца? Мабыць, матрос больш даспадобы? Як гэта ў песні: «По морям, по волнам, нынче здесь, а завтра там...»

Надзя раззлавалася да слёз і вырашыла пайсці дамоў. Лейтэнант яшчэ доўга ішоў разам з ёю.

Дома ўсе здзівіліся, што Надзя так доўга збіралася на спатканне і так хутка вярнулася.

- Што - не прыйшоў? - адразу ж запытала Вера.

- Можа, жулік які, - сказала маці.

Надзя моўчкі распранулася і гэтак жа моўчкі падышла да стала, хутка з'ела свой хлеб з амлетам. Потым узяла кароткі курс гісторыі партыі, лягла ў ложак і адкрыла чацверты раздзел.

Вера адразу ж заўважыла:

- Толькі ў такім настроі і вучыць дыялектыку.

- Адкуль ты ведаеш мой настрой? Чаго ты чапляешся?

- А як жа, не відаць, ці што...

- Ты ж падсунула таго дурніцу. Пазнаёмілася, дык і важдалася б з ім.

- Каго падсунула?

- Ды міліцыянера твайго.

- Ну і што? Чалавек што трэба.

- Ага, такі, як і ты. Табе ён падыходзіць, а мне - не.

- О, разумніца, бачылі вы? Ужо разбіраецца: хто мне падыходзіць, а хто ёй. Дык што ён вас - разагнаў? - засмяялася Вера.

- Ай, не дуры ты галавы, мне трэба вучыць.

Вера замоўкла. Надзя чытала, а сама ўсё думала пра Рамана, і таму ў галаве нічога ад прачытанага не заставалася. Яна ўзяла другую кніжку - «Граф Монтэ-Крыста».

Вера і тут не прамінула заўважыць:

- О, гэта што трэба. Экзамен праваліш - стыпендыі не атрымаеш.

- Я ж не такая тупіца, як ты. Я на семінарскіх добра адказвала, і мне залік паставяць. - Надзя павярнулася, даючы сястры зразумець, што размова закончана.

Раптам у яе ўзнікла думка: «А што, калі Раман не прыйшоў на спатканне, проста не пажадаў? Я ж яго не бачыла. Каб ён быў, заўважыў бы. А можа, і бачыў, ды не падышоў? Хаця ён, відаць, адважны, не пабаяўся б падысці».

Спачатку Надзя нават не задумвалася, што Раман мог не прыйсці на спатканне. Цяпер жа гэтая думка пачала непакоіць яе. Яна не прачытала яшчэ ніводнай старонкі, а ўжо колькі часу глядзела ў кнігу. «Каб ведала, што ён цяпер думае. А можа, нічога? Кажуць жа, што хлопец думае зусім інакш, чым дзяўчына. Але ж кахаюць і яны, ды яшчэ і як! І ў кнігах пра гэта пішуць. Хіба толькі ў яго хто іншы ёсць?» І Надзя ўся аддалася летуценням.

Вось яна зноў у тым жа клубе воднікаў. Глядзіць крадком на Рамана, а ён стаіць з прыгожай дзяўчынай і смяецца. Ён не бачыць Надзю і, па ўсім відаць, не імкнецца ўбачыць яе. «Але ж з кім ён можа сустракацца, з кім? - задавала сабе пытанне Надзя і перабірала ў памяці ўсіх дзяўчат. - Ён жа, чорт, прыгожы. Нашы ўсе дзяўчаты казалі так. Вось дурніца я, прызналася сяброўкам, што танцавала з тым партызанам і нават спатканне назначылі. У панядзелак будуць дапытвацца, дзе я была з партызанам. Ой, сорам. Не прыйшоў. Калі сустрэнуся выпадкова, ну, можа, адкажу на прывітанне, а так размаўляць не стану». Яна ўявіла сабе, як яны з Раманам падыходзяць да іхняга даваеннага асабняка, за агароджай якога вялікі сад. Не, яна б не пасаромелася паказаць Раману, дзе жыве. Але і цяпер ён мог бы прыйсці. І хоць бацька ляжаў, разбіты паралічам, але ж там, у асабняку, ён ляжаў у асобным пакоі. А цяпер паспрабуй запрасі Рамана ў гэты катух. Вунь бацька ля парога ляжыць на тапчане. Божа мой, якое жыццё. І трэба ж, каб у апошні дзень адступлення нейкі фашыст падпаліў дом. Назаўтра ўжо былі ў горадзе нашы. Раман чамусьці і не запытаў, дзе яна жыве, калі спыніліся ля школы. Хіба ён мог здагадацца, што яна жыве ў школе ў нейкім пакойчыку? А бацька кажа: добра, што маці ўладкавалася прыбіральшчыцай у школе і ім далі гэты пакойчык.

- Пасунься крыху, я лягу, - сказала Вера. - Дык ты і не чытаеш? Штосьці ў цябе не тое. Не прыйшоў? Можа, ён яшчэ з кім назначыў спатканне? Не турбуйся, сустрэнешся зноў з лейтэнантам. Той сапраўдны...

- Не дуры ты мне галавы сваім лейтэнантам, - перабіла сястру Надзя. - Я яго ненавіджу. Ты мяне прымусіш з ім сустракацца, ці што? І сёння ўсё праз яго так атрымалася, учапіўся, як дзядук які ў валасы.

- Дык ты Рамана і не бачыла?

- Не.

- Чаму?

- Твой міліцыянер не даў сустрэцца.

- Значыць, у вас уся сувязь парвалася. І ён недзе перажывае...

Апошнія словы сястры асабліва кранулі Надзіну душу. Яна закрыла твар кніжкай і ўздыхнула.

«Вось што значыць - першы раз у жыцці спадабаўся хлопец», - падумала Вера, але сястры гэтага не сказала.

- Нічога, у наступную суботу ў нашым інстытуце будзе вечар, і ён прыйдзе, - сказала Вера.

- Адкуль жа ён будзе ведаць?

- А мы зробім так, што запросім хлопцаў з рачнога тэхнікума да нас. І ён абавязкова даведаецца. Я не думаю, што ў яго ёсць дзяўчына. Каб была, дык яна б танцавала з ім у той вечар. Трэба абавязкова паведаміць у іх тэхнікум і запрасіць хлопцаў на вечар.

- Ат, дурная, - адвярнулася Надзя.

А сама тым часам думала, што сястра дала добрую параду для іх сустрэчы. Тым больш што Раман не зразумее, чыя гэта задума запрасіць з іх тэхнікума хлопцаў у інстытут. Тут ужо, калі ён не прыйдзе, - значыць, усё кончана. Надзя больш не пойдзе да іх у клуб. Яна не хоча бачыць Рамана з некім іншым. Пастараецца не сустракацца з ім і забыцца, што ёсць такі. А хто ёй тады спадабаецца? Мабыць, ніхто...

- Я не ведала, якое гэта пакутлівае пачуццё - каханне. Мне неяк смешна было, калі ты гаварыла і гаварыла пра свайго маёра. А цяпер зразумела, што ніхто іншы, апроч Рамана, мне не падабаецца.

- Ай, дурненькая ты. Памятаеш Генку, я таксама думала, што нікога на свеце лепшага не сустрэну. А пасля ён пайшоў у паліцыю, і я спачатку разгубілася, шкадавала яго, а потым зненавідзела. І цяпер брыдка ўспамінаць.

- Што ты параўноўваеш таго самазадаволенага дурня з гэтым малайцом?

- Ну, зразумела, Раман напэўна быў геройскі хлопец.

- І ён жа быў паранены, мог і загінуць. Мне нават жудасна, не таму, што ён мой знаёмы, а што такога чалавека магло не быць, - зноў уздыхнула Надзя і ўжо ціха дадала: - Здаецца, я тады нікога і не пакахала б.

- Так, яшчэ калі той канец вайны. І многа такіх хлопцаў загіне... Ай, не дай Бог...

- Скажы, а хлопцы так, як мы, кахаюць ці яны толькі падманшчыкі?

- Мой Міша гаварыў, што калі кожны дзень глядзіш смерці ў вочы, дык заўсёды перад табой стаіць маці, а побач дзяўчына, якую кахаеш. А гэта пачуцце святое.

- Дык гэта на вайне.

- Няхай сабе, але там выхоўваецца і загартоўваецца чалавек. Я не веру, каб Раман быў нейкім распуснікам. Калі яму было стаць такім?

- Праўда, ён расказваў мне пра свайго сябра, які толькі пакахаў дзяўчыну і загінуў. Я не думаю, каб Раман мне хоць адно слова зманіў. Мне здаецца, што ён вельмі хацеў са мной яшчэ сустрэцца.

- Дык чаго ты? Сама не пайшла з ім на сустрэчу і перажываеш.

Надзя нічога не адказала. А думка, што Раман не прыйшоў на спатканне, ніяк не выходзіла з галавы. Карцела дакладна даведацца, прыходзіў ён у назначанае месца ці не. Цяпер жыла ў чаканні наступнай суботы і хвалявалася, ці прыйдзе на вечар у інстытут. Бо калі не прыйдзе, дык, здавалася, яна не вытрымае, пойдзе з вечара дамоў.

І вось доўгачаканая субота. Вечар у інстытуце.

Калі ўвайшла ў інстытуцкі клуб група хлопцаў-рачнікоў, як называлі іх студэнты, многія звярнулі ўвагу на Рамана, які вылучаўся з усіх формай і ўзнагародамі. Некаторыя перашэптваліся: «Гэта Надзін», і ўжо вачамі шукалі, дзе яна. Надзя першая заўважыла Рамана і ці то ад тых думак, якія не давалі спакою ўвесь тыдзень, ці то ад радасці, яе нібы ўдарыла токам. Штосьці сказала Вера, але яна не пачула. Твар яе пабялеў, і яна стаяла нерухома. Толькі прама глядзела некуды на сярэдзіну залы і нічога там не бачыла, але заўважыла, як Раман штосьці сказаў хлопцам і накіраваўся да яе. Надзя прывіталася з Раманам. Па яе твары прабегла ледзь улоўная ўсмешка. У гэтай усмешцы Раман адчуў нейкі дакор, і хаця доўга рыхтаваў сябе, што скажа ў апраўданне, чаму не прыйшоў на сустрэчу ў мінулую суботу, але разгубіўся, бо побач з Надзяй стаялі сястра і сяброўкі. Добра, што на выручку прыйшла Вера.

- Дзе гэта вы так доўга прападалі? - запытала яна.

- Так склаліся абставіны, што на перадавую давялося з'ездзіць. Мяне ў горадзе амаль увесь тыдзень не было.

У Надзі адразу ж знікла напружанасць, яна нібы абмякла. Вера паглядзела ёй у вочы, і яны зразумелі адна адну, а Раман нясмела прасіў прабачэння, што не прыйшоў на спатканне. Надзя хоць і была ўзрадавана такім зыходам, але зрабіла выгляд, нібыта ёй усё роўна: быў ён тады каля клуба ці не. Гэта Надзіна штучная абыякавасць адразу ж выклікала сумненне ў хлопца, ці прыходзіла яна сама на спатканне. І ён падумаў, што, можа, дарэмна просіць прабачэння.

- Так, каб я ведаў, - уздыхнуў Раман, - я б сёння не пайшоў сюды.

- Што, каб вы ведалі? - зноў хуценька перапытала Вера.

- Туды няма чаго хадзіць, дзе цябе не чакаюць.

- Якраз я ў мінулую суботу прыходзіла да клуба, - не вытрымала Надзя.

- Тады прашу яшчэ раз прабачыць мяне. Я вам раскажу пазней, калі, канечне, будзе цікава, чаму не змог своечасова прыехаць у горад.

- Я і так вам веру, - сказала Надзя.

- Як яна перажывала, што не сустрэлася, - паднялася на дыбачкі і прашаптала на вуха Раману Вера.

Надзя хаця ўсё і чула, але зрабіла выгляд, што яе не цікавіць шэпт сястры, і весела ўсміхнулася. А потым схамянулася і пазнаёміла хлопца з сяброўкамі, што стаялі побач. Раман крыху супакоіўся, што яму паверылі. Толькі цяпер ён агледзеў залу і вачамі знайшоў таварышаў. Хведар ужо стаяў каля Зоі. Раман хацеў, каб хутчэй зайграла музыка, каб пагаварыць хоць у час танца з Надзяй, бо ў прысутнасці іншых размова не вязалася. Раптам Раман заўважыў, што Надзя скрывілася, нібы ад болю, і пачала туліцца за плячо сяброўкі. Ён спачатку не зразумеў, у чым справа, і нават запытаў: «Што з ёй?» - але Надзя змоўчала. Толькі Вера падміргнула і паказала на дзверы. Раман азірнуўся і заўважыў таго ж лейтэнанта, які быў у іх клубе. Але Рамана гэта не ўразіла, бо Надзя яму расказала пра свае адносіны да лейтэнанта міліцыі яшчэ ў мінулы раз.

- Вы напалохаліся? Калі не пажадаеце, каб вас турбавалі, дык ніхто гэтага не зробіць.

Надзя выйшла з-за пляча сяброўкі і падступілася бліжэй да Рамана. Зашыпела пласцінка, і палілася музыка вальса. Раман з Надзяй закружыліся першыя.

- Вы ведаеце, - сказаў Раман, - здавалася, вайна прынесла пакуты ўсяму жывому, але ўсё роўна прыемна адчуваецца музыка. Я ўспамінаю, калі нямецкія самалёты ноччу разбамбілі астравок сярод багністага балота, дзе знаходзіўся партызанскі атрад. Страт мы не мелі, але напалохалі нас моцна. Коні, якія былі навязаны да калёс, паадрываліся і разбегліся ў розныя бакі. І вось адзін партызан кажа: «Я зараз збяру коней». Узяў патэфон, паставіў на пень і завёў такую пласцінку, як цяпер, вальс «Абарваныя струны», і, што вы думаеце, сабраў усіх коней. А потым я не адзін раз пераконваўся, што коні любяць слухаць музыку.

- А ёсць жа людзі, што не любяць яе, такіх зняважліва называюць жывёлінамі. Дык гэта не так, значыць?

- Не, канечне.

- А вось лейтэнант, калі я сказала, што таму, хто не танцуе, усё роўна прыемна прыйсці ў клуб і паслухаць музыку, адказаў, што музыку таксама не любіць.

- Я не веру. Ён проста не хацеў вас весці на танцы.

- Не, ён нават ніводнай мелодыі правільна не высвішча. Спрабаваў - дык мы смяяліся з Верай.

- А кахаць жа дзяўчат умее.

- Так ён, напэўна, і кахаць умее.

- Але ж вас заўважыў, што вы прыгожая, і пакахаў.

- Калі мне хто не падабаецца, дык не веру, што і я магу яго цікавіць.

- А мне верыце? - Раман кружыўся і, адкінуўшы галаву, глядзеў на Надзю.

Яна ўзняла вочы, усміхнулася і сцвярджальна кіўнула галавой.

- Як я пакутаваў гэтыя дні, думаў, ужо больш не сустрэнуся з вамі.

- Вы б і ў той назначаны вечар не сустрэліся са мной.

- Чаму, вы не прыходзілі? - схамянуўся Раман.

- Прыходзіла. Але потым усё раскажу.

- Дык вы не ведалі, быў я ці не?

- Сэрца падказвала, што не былі.

- Для вас гэта было ўсё роўна?

- Ну як сказаць, думала, што вы недзе з некім сустрэліся.

Танец закончыўся, і Надзя заўважыла, што лейтэнант пайшоў да Веры.

- Не пойдзем туды. Як я ненавіджу яго!..

- Каго?

- Вунь.

- А-а. Чаго ён прыстае? Што - вы абавязаны яму чым?

- Яшчэ чаго не хапала. Ліпне як смала, ды і ўсё.

- Ён цябе кахае.

- А я не веру.

- А калі сапраўды?

- Усё роўна не змагу паверыць, - засмяялася Надзя.

Да Веры падышла высокая сівавалосая жанчына, і Раман запытаў у Надзі, хто гэта.

- Ваша знаёмая, загадчык навучальнай часткі інстытута.

- Так, я з ёй размаўляў, калі спрабаваў паступіць.

- Яна мне расказала, што вы са шпіталя, былі паранены. Гаварыла, што чытала вашу характарыстыку і вельмі хацела прыняць вас у інстытут, але фармальна нельга было.

- А чаму яна тут на танцах?

- Яна адзінокая і заўсёды хоча быць са студэнтамі. У яе ўся сям'я ад бомбы загінула. Яна мяне вельмі любіць.

- А чаму яна іменна вам расказвала пра мяне?

- Яна неяк пры дзяўчатах запытала, ці ёсць у мяне хлопец, дык тыя расказалі ёй.

- А чаму яны не сказалі, што ў цябе ёсць міліцыянер?

- Не ведаю. Я гаварыла, што ў мяне нікога няма.

- Цяпер пераканаецца.

- Няхай. Яна вельмі любіць партызан. Кажа, гэтыя людзі самыя сумленныя ў нашай Беларусі.

- Ты яе паважаеш?

- Вельмі.

- А калі б я сёння не прыйшоў сюды, з кім бы ты тут была? Не пацвердзіла б тое, што гаварылі. Яна б цябе бачыла з міліцыянерам.

- Я пайшла б дамоў.

Раман замоўк. Так, нездарма ён не знаходзіў месца ўвесь гэты тыдзень. Побач з такой дзяўчынай толькі і забываеш, што ідзе вайна, што навокал лютуе гора. У час танцаў Раман з Надзяй весела смяяліся і амаль нікога не заўважалі.

Зноў зайгралі вальс, і нехта аб'явіў: «Дамскі вальс». Яшчэ не выйшла ніводная пара, як перад Раманам схілілася дзяўчына. Ён толькі паспеў паглядзець ёй у вялікія бліскучыя чорныя вочы, кіўнуў у бок Надзі галавой і пайшоў. Высокая, гнуткая, з каштанавымі валасамі, якія буйнымі спіралямі звісалі на плечы, дзяўчына лёгка закружылася з Раманам. А ён крадком паглядаў на Надзю, больш з цікаўнасці, каго ж запросіць яна. Надзя нерухома стаяла і глядзела кудысьці ўніз, на ногі тых, што танцавалі.

Раптам дзяўчына сказала Раману:

- А вы добра танцуеце. Напэўна, праўда, што на флоце матрос з матросам вучацца танцаваць. - Яна глядзела Раману ў вочы.

- Якраз не ўгадалі, я вучыўся танцаваць у лесе з пнём, - абыякава і смела адказаў Раман.

Дзяўчына не чакала такога адказу, бо яна прывыкла сяброўкам у інтэрнаце расказваць пасля кожнага вечара пра хлопцаў, якія звычайна губляліся, знаёмячыся з ёй. І тут яна далей пайшла ў наступ:

- Я думала, што ў лесе танцуюць толькі пень з пнём.

- Так, у вайну больш даводзіцца танцаваць з сабе падобнымі. Хаця вам, напэўна, мала даводзіцца танцаваць з дзяўчатамі.

- Па чым вы мяркуеце?

- Па вас.

- Не думайце, што я заўсёды запрашаю сама.

- Я гэтага якраз не падумаў. Лічу, што ў такой дзяўчыны хапае паклоннікаў.

- Дзе тыя паклоннікі, у нас у інстытуце хлопцаў няма. Чаму ж вы ў нас не засталіся вучыцца?

- Не прынялі.

- Шкада. А скажыце, вам падабаецца наша дзяўчына?

- Якая?

- Надзя Валенцік.

- О, я нават прозвішча не ведаў. Хіба пра гэта ўсім гавораць, хто каму падабаецца?

- Дык скажыце толькі мне.

- Што з таго, калі вас хто кахае, а вы не? - пытаннем на пытанне адказаў Раман.

- Надзя прыгожая дзяўчына.

- Здаецца, і вы прыгожая, - усміхнуўся Раман і паглядзеў прама ў вочы дзяўчыне.

Тая зачырванелася. Гэта сяброўкі падбухторылі яе, каб яна ўскружыла галаву Раману і расказала ім потым пра свой поспех. Аб гэтым здагадвалася і Надзя. Яна неўзаметку сачыла за імі. Ёй было крыху ніякавата, што Раман бесперапынна аб нечым размаўляе, смяецца. Але пасля заўважыла, што іх прыгажуня Ліля ўжо к канцу танца прыціхла і толькі, саромеючыся Раманавага позірку, раз-пораз апускала вочы. Звычайна яна з хлопцам або зусім не размаўляла, або паводзіла сябе больш вольна. А тут яна неяк сціснулася, а Раман працягваў гаварыць.

«Што ён ёй гаворыць?» - думала Надзя і заўважыла, як Лільчыны сяброўкі паглядалі на яе.

Танец закончыўся, і Раман адразу ж падышоў да Надзі.

- Дык гэта ваша тая, якую вы называеце зоркай інстытута?

- Так, яна ў нас самая прыгожая.

- А я не сказаў бы. - Раман паглядзеў на Лілю, якая стаяла перад сяброўкамі спіной да Рамана і нібы знарок паказвала сваю фігуру.

Сяброўкі, напэўна, заўважылі, што Раман глядзіць на яе, нешта сказалі, і дзяўчына прайшла між імі і павярнулася тварам.

- Да нас прыходзілі раней ваенныя, дык усе заляцаліся да яе.

- Проста яна ўмее вылучыць, паказаць сябе. А мне, напрыклад, больш падабаецца ў дзяўчыне сціпласць.

- А я так не магу, як яна. Як бы мне хто ні спадабаўся, я ніколі не падышла б сама да яго. Наадварот...

- Вам гэтага не трэба рабіць. Мне здаецца, што яна да мяне больш не адважыцца падысці. Напэўна з многіх яна здзекавалася.

- А што вы ёй такое сказалі?

- Нічога такога, у каханні не прызнаўся.

- Я думала, прызнаецеся, дык заўтра б ужо ўсе паўтаралі вашы словы і смяяліся. Ліля з Бранска, бацька яе вялікі чын, і яна лепш за ўсіх у інстытуце апранаецца.

Раман адразу ж падумаў пра сваіх родных, у якім яны становішчы, пра сябе - што, апрача гэтага флоцкага касцюма і салдацкай формы, якую выдалі яшчэ ў шпіталі, у яго нічога няма. Праўда, у штабе партызанскага злучэння далі паліто, што прыслалі з Амерыкі па ЮНРА, дык і ў тым мышы адгрызлі крысо. Відаць, амерыканец насіў у кішэні бутэрброды і яно набрыняла тлушчам. Бо паліто было паношанае, і нават запіска ляжала ў кішэні: «Доблесным партызанам Беларусі ад амерыканскага рабочага. Чыкага. 1943 г.». Праўда, паліто падкарацілі і сшытымі кавалкамі залаталі дзірку, але крысо ўсё роўна выдавалася, нібы бубен. Вось і ўсё багацце хлопца. А як жыве Надзя, Раман не ведаў. Ён толькі здагадваўся, што няважна, бо гаварыла яна пра Лілю з нейкай крыўднай зайздрасцю. А як жа! Тая на кожны вечар прыходзіць у новай сукенцы, а Надзя ўсё ў той жа блакітнай. Але сукенка гэтая вельмі пасавала да яе твару.

Танцы закончыліся. Калі Надзя з Раманам ішлі па цёмнай разбуранай вуліцы, ім здавалася, што шчаслівейшых за іх няма нікога на свеце. Раман здзівіўся, што ў такім ціхім горадзе ў некага яшчэ заспяваў певень. Хлопец раптам успомніў сваю вёску, дзе не спяваюць пеўні, а рвуцца яшчэ фашысцкія снарады, што разбураюць хаты і спыняюць чалавечыя сэрцы, у якіх, безумоўна, таксама было да некага пачуццё, была прага да жыцця. І Раману і Надзі не хочацца расставацца, але яны ўжо дамовіліся аб наступным спатканні, і наогул час ісці дамоў. Раман памкнуўся быў пацалаваць Надзю, але яна злёгку адкінулася, і ён толькі крануўся губамі яе шчакі, прашаптаў «да пабачэння» і пайшоў.

 

V

 

Ноччу ў некаторых мясцінах горада фашысцкія самалёты зноў змяшалі снег з зямлёю, памалолі цэглу разбураных дамоў. Бомба трапіла і ў лагер нямецкіх ваеннапалонных, які размяшчаўся побач з будынкам рачнога тэхнікума. З аднаго боку будынка тэхнікума ўсе шыбы з вокан павысыпаліся, давялося забіваць іх дзе кавалкамі бляхі, а дзе ўстаўляць шкло.

Раман толькі прыставіў лесвіцу да сцяны, як раптам заўважыў, што з даху дома, які стаяў побач з тэхнікумам, скокнуў немец на галіны таполі, што была за драцяной агароджай, і хуценька палез угору, на самую вершаліну.

- Даніла Гаўрылавіч, паглядзіце, паглядзіце! - крыкнуў Раман дырэктару тэхнікума.

Даніла Гаўрылавіч у званні капітана першага рангу ваяваў на Чарнаморскім флоце і пасля цяжкага ранення пад Наварасійскам быў камісаваны. Цяпер ён у тэхнікуме выкладаў ангельскую мову, добра ведаў і нямецкую. Ён крыкнуў палоннаму:

- Куды ты палез, заб'юць!

Палонны, пачуўшы нямецкую мову, здзіўлена глянуў уніз, зарагатаў:

- О, мне здалося, што крычыць мой бацька. Мне будзе корошо, мне ўсё роўна.

Немец сядзеў у рагаціне галін і, нібы злоўлены і прыкуты да дрэва каршун, бездапаможна круціў галавой, разглядаючы наваколле.

- Злазь, твой бацька цябе чакае дадому, - зноў звярнуўся да палоннага Даніла Гаўрылавіч.

- Хопіць! Хопіць! Нас усіх чакаюць дома, а колькі сёння разарвала бомба. Гітлер, чуеш, ад цябе ратунку няма! Навошта ты нам кожнаму даў гэтую бляшку са словамі: «З намі Бог». - Немец дастаў з кішэні рэмень і пачаў круціць ім над галавой. - Гітлер! Ты чуеш?! Ты чуеш нас?! Але мы не ваюем, і ты хочаш нас забіць. Бог, ратуй нас, калі Ты з намі. Мы верылі ў фюрэра і ў Цябе. Цяпер застаўся толькі Ты адзін, забяры мяне да сябе...

Немец сціх, пакруціў галавой, паглядзеў у ранішняе неба і пачаў закручваць рэмень вакол галіны, зрабіў пятлю, усунуў галаву і каўзануўся ўсім целам уніз. Дзынкнула на разбітую цэглу спражка ад рэменя, а за ёю, чапляючыся за сучча, падаў нядаўні фашысцкі салдат. Ён рухнуў паўз калючы дрот на кучу цэглы і, зяхаючы ротам, шырока адкрыў вочы. Нехта паведаміў пра гэта вартавому, які сядзеў каля варот у будцы. Напаўжывога палоннага панеслі за дрот.

- Даніла Гаўрылавіч, - звярнуўся Раман да дырэктара, - палонны, напэўна, звар'яцеў?

- Так, відаць, не вытрымалі нервы. Сяброў яго, пэўна, разнесла бомбай, і ён надумаўся штосьці выказаць небу і пакончыць з сабою. Калі чалавек доўгі час слепа верыць у што-небудзь адно, а потым адразу ўся вера рушыцца, яму становіцца ўсё агідным. І тады ён заходзіць у тупік. Цікава, што гітлераўскія ідэолагі настолькі пераканалі сваіх салдат у праваце дзеянняў, што яны маральна аслеплі. Памятаю, у сорак першым годзе мы ўзялі ў палон салдата, дык ён прасіўся, каб забілі яго, бо ён здрадзіў фюрэру. Здрада заключалася ў тым, што ў жорсткім баі ён напалохаўся, перастаў страляць у нашых матросаў і трапіў у палон. Дык за гэта і забіце яго. І вось цяпер тое самае, толькі пераўвасобілася ў смелае выказванне Богу.

- А мне шкада яго. Бачыце, калі вы крыкнулі, ён падумаў, што кліча бацька яго, папярэджвае ад смерці. Мяне хвалілі, што я добры воін, узнагароджвалі, але ворага, калі той падымаў рукі, я не забіваў. Іншы раз і пабойваўся, застаючыся з палонным адзін на адзін, але гэта боязь не даходзіла да таго, каб нарадзілася думка абясшкодзіць праціўніка.

Дырэктар пагладзіў пальцамі сваю клінападобную бародку, глянуў Раману ў вочы і ўсміхнуўся:

- Я ўспамінаю твае выказванні, калі ты паступаў у тэхнікум. Тады ты сказаў, што ты невук, што прабадзяўся тры гады ў лесе. Не, сынку, для цябе гэта быў своеасаблівы інстытут. Ты ўжо ўсур'ёз задумваўся аб жыцці чалавека на зямлі. Добры, відаць, ты быў воін і добрай душы чалавек. Толькі малады яшчэ і таму не ведаеш, колькі трэба клопатаў, каб вырасціць бацькам сына, якога потым нехта можа бессэнсоўна куляй - хлоп, і няма тваёй плоці. А ты гэта па прыродзе сваёй разумеў. Мой сын таксама загінуў у баі, мне нават яго ордэн Айчыннай вайны прыслалі. Значыць, і ён не аднаго ворага забіў. І гэта справядліва. Смерць за смерць, кроў за кроў - такі лозунг вайны з фашыстамі. Яны лічылі, што чым больш заб'юць нашых людзей, тым хутчэй будзе перамога. Але, бачыш, у іх гэтага не выходзіць і не выйдзе. Мы пераможам. Паражэнне, а яго фашысты ўжо адчуваюць, само за сябе гаворыць.

- Няўжо тыя немцы, якія ваююць на фронце, не разумеюць, што іх песня спета? - запытаўся Раман.

- Калі яны ішлі на ўсход, то ўсё бурылі на сваім шляху і нічога не стваралі, а мы ўслед за фронтам будуем. І камандаванне іхняе ведае пра гэта, а таму страшэнна вар'яцее. Хаця Гітлер і абяцае ім зрабіць круты паварот у вайне, але якімі сродкамі і сіламі - не гаворыць.

- А якія вывады немцы робяць з таго, што мы будуем? - зноў задаў пытанне хлопец.

- Калі б наш урад не быў перакананы, што гарады і вёскі адваяваны намі навечна, дык не траціў бы дарэмна сродкі. Немцы гэты фактар улічваюць. Так, будуем. Бяры, Зімін, сваю ўзрыўчатку, хлопцы ўжо заканчваюць латаць вокны, і пойдзем да каробкі, якую нам вылучыў выканком для нарыхтоўкі цэглы, - звярнуўся дырэктар да Рамана.

- О, гэта добра, бо слухаць толькі нямецкія выбухі і не рабіць сваіх, дык на душы сумна, - засмяяўся Раман і пабег у падвал.

Хутка хлопец вярнуўся адтуль з рэчавым мяшком, у якім быў тол. Раман на заняткі хадзіў у салдацкай форме і цяпер нагадваў салдата.

Да сценкі, якую прызначылі ўзарваць для нарыхтоўкі цэглы, Даніла Гаўрылавіч з Раманам прыйшлі першыя. А за імі Хведар прывёў сваю роту, камандзірам якой яго прызначылі, калі і Рамана прызначылі камсоргам тэхнікума і камандзірам батальёна.

- Замінае нам крыху вось гэты дом, - паказаў Раман на шматпавярховы будынак, у якім жылі людзі.

- Што - баішся, каб і ён не паляцеў? Колькі ж у цябе таго толу? - усміхнуўся Хведар.

Дырэктар сказаў, што не ведае падрыўной справы і таму нічога не можа параіць.

- Толу хопіць, але адно баюся, што мала пакладзеш, дык дзюрку праб'е, а сцяна застанецца. А пакладзі больш, вокны ў суседзяў пасыплюцца. Але была не была! Дзяўбіце пячурку вось тут, - паказаў ён рукой.

Раман прадугледзеў усе меры перасцярогі на вуліцы. Расставіў хлопцаў нават у пад'ездах суседняга дома. Калі падасць каманду, прахожых не прапускаць.

Неўзабаве Раман папрасіў Данілу Гаўрылавіча адысці ўбок. Зашыпеў агняправодны шнур, і з пячуркі заклубіўся шызы дым. Раман перабег на супрацьлеглы бок вуліцы і спыніўся. Ён быў бліжэй за ўсіх да выбуху. І раптам як грымне! Вугал сцяны адкалоўся і з вялікай хмарай пылу рухнуў на зямлю. Раман усю вастрыню свайго слыху сканцэнтраваў у напрамку суседняга дома. Там адразу ж зазвінела шкло. Усе кінуліся да месца выбуху, а Раман накіраваўся да дома, дзе на двух паверхах высыпаліся шыбы. Але ён не ўбачыў у акне ніводнага чалавека. Людзі, напэўна, спужаліся і таму баяліся выглядваць на двор. Неўзабаве, відаць, страх прайшоў, адзін за адным з цёмных шчылін у вокнах пачалі паказвацца твары.

І ўжо немалады чалавек асцярожна запытаў у Рамана:

- Што гэта - на міну хто трапіў?

- Не, мы самі сцяну ўзарвалі, - пацягнула за язык Рамана.

Вось тут стары і задаў. Ён пачаў лаяць і пагражаць.

Раман спрабаваў супакоіць яго, што яны самі ім паставяць шкло.

Тут пачулі, у чым справа, жанчыны і, нібы сарокі, застракаталі ў тон старому.

Хлопцы стоўпіліся на месцы выбуху і не звярталі ніякай увагі на гэты лямант. Дзве сцяны патрэскаліся, і ў іх мякка ўваходзіў лом.

- Адну сцяну мы зараз развалім, вось тут крыху падзяўбём - і яна асунецца, - сказаў Хведар.

Дырэктар пайшоў у пад'езд, каб супакоіць людзей.

Неўзабаве да месца здарэння пад'ехаў «газік». З машыны выскачыў міліцыянер.

- Хто ўзарваў сценку? - запытаў ён у хлопцаў.

- Я, - адказаў Раман і выйшаў з гурту.

- Чым вы ўзарвалі?

- Звычайным трацілам.

- А дзе ты ўзяў яго?

- У мяне ёсць.

- А, ёсць. Тады пройдзем у машыну.

Раман глянуў на дом, з якога высыпаліся шыбы, хацеў папрасіць міліцыянера, каб ён пагаварыў з дырэктарам, але перадумаў, махнуў рукой і пакрочыў да машыны.

У Рамана і кроплі сумнення не ўзнікла, што ў яго можа быць якаясьці сур'ёзная непрыемнасць. Але калі пад'ехалі да доўгага барака і ён убачыў, што на яго вокнах краты, яму стала неяк ніякавата. Тым больш што міліцыянер груба крыкнуў: «Вылазь!» і перад сабой павёў яго па доўгім калідоры. У канцы калідора за сталом сядзеў дзяжурны лейтэнант. Раман пазнаў яго і крыва ўсміхнуўся. Так выпадкова сышліся два сапернікі. Лейтэнант зрабіў выгляд, што не ведае гэтага маладога хлопца, і загадаў міліцыянеру абшукаць яго. Рамана ахапіла злосць. Ён адпіхнуў руку міліцыянера ад сваёй кішэні і, сцяўшы губы, глянуў на лейтэнанта.

- Я хто вам?! - крыкнуў Раман. - Вунь кіламетраў за сто адсюль перадавая, туды ідзіце лавіць ворага.

Лейтанант іранічна хіхікнуў у адказ на гэтыя словы і прагаварыў:

- Бач, певень бойкі. Колькі гадоў ужо я аператыўнік, а такога не сустракаў. Бывала, якога зуха ні затрымаеш, адразу ж крылы апускае.

- Навошта вы мяне прывезлі сюды, што вам патрэбна? - запытаў Раман.

- Папаўся, дык маўчы! - крыкнуў лейтэнант.

- Ловяць таго, хто ўцякае або хаваецца, а я?..

- Ты аказаў супраціўленне ўладзе, ты ўдарыў майго супрацоўніка, - перабіў лейтэнант.

- Вы не толькі недалёкі, як гаварыла Надзя, а і подлы. Каго я ўдарыў? Вы адказваеце за свае словы?

- Ты адказвай, а не нас вучы. Падымі рукі ўгору. Зараз жа абшукай яго, - звярнуўся лейтэнант да міліцыянера, што стаяў побач.

- Я калі падыму, дык адразу ж і апушчу на вашу галаву, дрэнь вы, а не чалавек.

- Добра, тады складзем пратакол. Хібарын, што там за выбух быў і чаму вокны вылецелі ў жылым доме? - звярнуўся лейтэнант да міліцыянера.

- З гэтага вы б і пачалі, - сказаў Раман.

- Замаўчаць! Не да цябе звяртаюся.

- Я яго не дапытваў. Ён сам сказаў, што ў яго ёсць узрыўчатка і што гэта ён зрабіў выбух. Відаць, спецыяліст, бо тол назваў па-навуковаму - трацілам.

- Як тваё прозвішча, імя і імя па бацьку? - запытаў лейтэнант.

- Зімін Раман Васільевіч.

- Год нараджэння?

- Дваццаць шосты.

- На акупаванай тэрыторыі пражываў?

- Я быў у партызанах.

- Я пытаю, ці пражываў на акупаванай тэрыторыі?

- А як жа, пражываў.

- Ну, вось.

Лейтэнант замаўчаў і, моршчачы лоб, штосьці пісаў. Потым, нібы любуючыся сваёй пісанінай, самазадаволена ўсміхнуўся, узяў брудную прамакатку, пагладзіў яе рукой па аркушы паперы і падсунуў пратакол на край стала.

- Падпішы.

Раман пачаў чытаць. У яго аж запякло ў скронях, нібы рэшатам хто замітусіў перад вачамі, і ён схапіў паперу ў жменю, скамячыў і кінуў яе пад ногі.

- Як гэта невядома, дзе ўзяў і для чаго хаваю ўзрыўчатку? З якой мэтай зрабіў выбух каля дома, у якім жывуць работнікі дзяржаўнай бяспекі? Што вы напісалі?..

- Пасадзі! - загадаў міліцыянеру дзяжурны.

Міліцыянер упіхнуў Рамана за дзверы, абітыя бляхай, і з грукатам зачыніў іх. У пакойчыку на падлозе ляжаў здаравенны дзяцюк са скрыжаванымі на грудзях рукамі і адкрытым ротам. Ён спаў.

Раптам Раман схамянуўся: ён пачуў за дзвярамі голас дырэктара тэхнікума. Раман устаў, падышоў да дзвярэй, прыслухаўся. Даніла Гаўрылавіч гаварыў павышаным голасам, і Раман зразумеў, што размова ідзе пра яго. Скрыганула засаўка, і дзверы адчыніліся.

- Зімін, выходзь! - сказаў незнаёмы старшы лейтэнант. - Прабач, таварыш. Сарокін дэталёва не разабраўся, хто ты, і таму атрымалася такая памылка.

- Ды ён і не жадаў разбірацца, гэта, відаць, не з тых людзей. Вы б прачыталі, што ён быў напісаў на мяне.

- Дзе? Тут нічога няма, - паглядзеў на стол старшы лейтэнант.

- Ён з мяне хацеў ворага зрабіць. Мне ж прыслалі ўзрыўчатку з-за лініі фронту, калі я партызаніў. Я яшчэ магу мяшок прынесці.

- Нічога, я ведаю, мне расказаў усё ваш дырэктар. Але ж самі сцен не ўзрывайце.

- Крыху пралічыўся, і вокны пасыпаліся.

- Мы ўжо шкло ўставілі, - усміхнуўся дырэктар. - Пойдзем.

Па дарозе Раман сказаў дырэктару, што ён, напэўна, пойдзе ў ваенкамат і папросіцца на фронт.

- Чаму?

- Неяк непрыемна на душы. На фронце, дык там хоць ведаеш, што перад табой вораг. А тут як быццам свой, а ні за што ні пра што піхае за краты. Ды і галадаць надакучыла.

- Наконт таго, што галадаць надакучыла, дык мы што-небудзь прыдумаем. Я прызначаю цябе брыгадзірам. Цяпер на нарыхтоўцы цэглы, а вясной пачнём будаваць тэхнікум. У бліжэйшыя дні ты атрымаеш яшчэ адну картачку. Адну атаварыш, а па другой будзеш хадзіць у сталовую. А тое, што цябе пакрыўдзілі, дык, сын мой, ты павінен быць мужны да канца. Жыццё пражыць - не мяшок пашыць. На сваім шляху сустрэнешся яшчэ з усялякімі людзьмі. Будаваць новае грамадства не так лёгка. Пачалі новы тэхнікум будаваць, і ўжо непрыемнасць. Галоўнае, каб у цябе была мэта і чыстае сумленне, тады ўсё пераможаш. Па такой прычыне, што нехта цябе не зразумеў, і ўжо кідацца ў адчай, нельга. Нам патрэбен флот, кадры.

- Разумееце, Даніла Гаўрылавіч, з гэтым лейтэнантам, які мяне пасадзіў, могуць быць яшчэ непрыемнасці. Яму падабаецца тая дзяўчына, што і мне.

Дырэктар паглядзеў у вочы Раману і ўсміхнуўся.

- Дык што вы на дуэль пойдзеце з-за дзяўчыны? Такі ты ў мяне арол! Твае ўсе дзяўчаты.

- Не трэба мне ўсіх, мне толькі патрэбна адна яна.

- А хто тая дзяўчына?

- Студэнтка педінстытута.

- Значыць, дарослы чалавек. Ну дык яна сама і разбярэцца, хто з вас ёй больш па душы. А калі ёй спадабаецца дурань, дык такой і не шкадуй.

- Бачыце, ён дужэйшы за мяне, не фізічна, а вось можа мяне пасадзіць за краты.

- Смешна ты разважаеш. Ён дужэйшы над усімі, хто парушае наш закон, а ў астатнім ён павінен ахоўваць цябе, падтрымліваць.

- А калі мая дзяўчына даведаецца, што ён мяне можа пасадзіць, у яе вачах мой аўтарытэт зусім-зусім упадзе...

- Не, так у каханні не бывае. Калі яна цябе кахае, дык яна больш зненавідзіць таго, хто цябе пакрыўдзіў.

- Ну, вы мяне крыху адукавалі, Даніла Гаўрылавіч. Дзякую, пайду дадому!

 

VI

 

Раман, каб выйсці з таго напружанага стану, у якім прабыў амаль увесь дзень, вырашыў прыйсці і адразу ж кінуцца ў ложак, з гадзіну паспаць. Пасля сну ў чалавека звычайна мяняецца настрой і ўсе непрыемнасці, калі яны яшчэ і вісяць над ім, неяк пакрысе адыходзяць.

Але як толькі ён увайшоў у пакой, яго здзівіла новая дэкарацыя. Раман зразумеў, што Хведар ужо выбраўся ад яго, і на месцы скрыпучага, аднаспальнага жалезнага стаяў нікеліраваны двухспальны ложак з высокім матрацам. Ён быў прыгожа засланы, з пульхнай падушкай наверсе. На стале ляжаў белы з мохрыкамі абрус, стаяла круглае люстэрка, а таго кавалка, перад якім галіліся хлопцы, ужо не было. Складзеныя роўненька кніжкі ляжалі на тумбачцы, на акне з'явіўся вазон-слёзка, падлога вымыта. Па ўсім было відаць, што тут пахадзіла жанчына. Нават і Раманаў ложак быў перасланы. Хлопец скінуў шынель, сеў перад люстэркам і задумаўся: каго сюды яшчэ хто мог пасяліць?

А можа, гаспадары, Сіма Навумаўна і Навум Майсеевіч, вынеслі сюды сынаў ложак са свайго пакоя? Бо і гэты пакой, і наогул увесь дом - іхні. Яны ж не пярэчылі райвыканкому, калі той вынес рашэнне падсяліць да іх былых партызан. У іх быў адзіны сын, і той загінуў на фронце. Паведамленне яны атрымалі, калі жылі яшчэ ў Горкім, Сіма Навумаўна Рамана паважала, а Хведара крыху недалюблівала. Магчыма, яна вырашыла стварыць Раману такую ўтульнасць? Яна не раз гаварыла, што Раман нечым нагадвае ёй сына. Бывала, заўважыць, што Раман галодны, запросіць да сябе і чайком пачастуе.

Аднойчы Сіма Навумаўна нават і ў госці яго запрашала, калі прыехала яе пляменніца Роза з Масквы. Роза закончыла юрыдычны інстытут і цяпер працуе тут у горадзе памочнікам пракурора, а жыве недзе ў другой цёткі. Роза ўсяго на тры гады старэйшая за Рамана, а ўжо, глядзі, інстытут за плячамі. І Раман употай зайздросціў ёй, падлічваў, колькі яшчэ часу пройдзе, калі і ён атрымае вышэйшую адукацыю. Праклятая вайна перарвала вучобу. Ён ужо сталы хлопец, а яшчэ ў тэхнікуме. Хоць і гавораць, што вайна своеасаблівы інстытут. І ўсё ж Раман не вельмі ўпэўнена ўступае ў размову з людзьмі, якія закончылі інстытут. Хаця нічога такога незразумелага яны не адкрывалі перад ім, бо ён і ў тыле ворага знаходзіў час, каб пасядзець за кніжкай. У многіх вяскоўцаў захаваліся падручнікі па астраноміі, біялогіі, па гісторыі, літаратуры. Але ўсё гэта яму здавалася далёкім ад той сапраўднай навукі, якую спасцігаюць маладыя людзі недзе ў Маскве, Менску і ў іншых вялікіх гарадах. Праўда, Роза прызналася, што ёй вельмі цікава размаўляць з Раманам, хаця ён і стрымліваў сябе ў разважаннях. Сустракаліся яны часта тут, але размаўлялі ўсур'ёз усяго двойчы.

Раптам нехта пастукаў у дзверы. Хлопец хуценька адвярнуўся ад люстэрка і сказаў:

- Уваходзьце.

На парозе з'явілася Роза.

Раман устаў, прывітаўся і запытаў:

- Гэта вы ў мяне такі парадак навялі?

- Як бачыце. Люблю парадак, чысціню.

- Хочаце сказаць, што я брудны? Гэта толькі сёння. Законаў не ведаў, дык так здарылася, што давялося ў рабочай форме ўвесь дзень быць.

- Законам для цывільных не прадугледжана мяняць форму.

- Я ведаю, але трапіў у такія абставіны, што хоць бы і хацеў, дык не памяняў.

- Не разумею вас. Лепш давайце пойдзем пап'ём чаю.

- Што вы, дзякую. У мяне ёсць што есці.

- Ведаю я, што ў вас ёсць. Я без вашага дазволу і тумбачку праверыла.

- Ну і што, хлеб ёсць, - усміхнуўся Раман.

- А я сёння па літару атрымала добры паёк.

- А што такое літар?

- Гэта такая картачка. Адказным работнікам выдаюць.

- А я таксама быў сёння адказным работнікам, але мне не далі літара.

- На самай справе пойдзем, я запрашаю вас.

- Чаму гэта вы запрашаеце, а не ваша цётка?

- Я перабіраюся сюды жыць. - Яна пільна глядзела на Рамана і толькі, калі сустрэліся іх позіркі, адвяла вочы ўбок.

Раман на хвіліну разгубіўся і не ведаў, што сказаць. Як гэта яны будуць удваіх у адным пакоі? Хаця ў партызанах даводзілася спаць у адной зямлянцы з жанчынамі, але ж там ніхто не распранаўся.

«А што, калі даведаецца Надзя пра такое яго жыццё?» - мільганула думка, і Раман спахмурнеў.

- Бачу, вам не падабаецца, што я пераходжу да Сімы Навумаўны. Тут будзе чыста, утульна. Не сорамна будзе і дзяўчыну запрасіць.

- Мая дзяўчына сюды не пойдзе.

- Хадземце павячэраем, а потым музыку паслухаем. У мяне патэфон ёсць і многа пласцінак.

- О, музыку я люблю.

- Але ж, як кажуць, на галодны страўнік музыку не слухаюць.

- Гэта праўда. Тады, прабачце, я пераапрануся і зайду.

Роза павярнулася і выйшла.

«Што рабіць? - пераапранаючыся, думаў Раман. - Як жыць разам? Надзенька мая, не ведаеш ты, у якое я сёння трапіў становішча, раскажу пры сустрэчы табе ці не? Не, напэўна, бо табе будзе гэта непрыемна. А можа, і раскажу. Так будзе лепш, чым ты сама даведаешся».

Раман пайшоў. На стале ўжо былі талерачкі, на якіх ляжалі лустачкі бекону, джэм з апельсінавых лупінак, побач стаяла пляшка гарэлкі, ляжаў пачак цыгарэт.

- Вось і адсвяткуем наваселле маёй пляменніцы, - з усмешкай сказала Сіма Навумаўна.

- Так, так, - пацвердзіў яе муж, - сядай, Раман, будзь як дома.

Раман сеў. Гаспадыня наліла ўсім па чарцы. Навум Майсеевіч пасля першай чаркі стаў вельмі гаваркі. Ён прызнаваўся ў вялікай любві і павазе да партызан, выказваў сваю нянавісць да фашыстаў і здраднікаў, шкадаваў па-бацькоўску сына.

- Нам намнога стала весялей і смялей, як ты, Раман, пасяліўся ў нашай хаце. А то што - двое старых. Хто хочаш пакрыўдзіць. Ну, які я абаронца? Вось цяпер дык мы ўсе будзем смялейшыя, бо з намі пракурор. А, як вядома, пракурора ўсе баяцца.

Роза рассмяялася. Затым узяла цыгарэту, закурыла і прапанавала таксама Раману, але той адмовіўся.

- Дзякую, я не куру. У партызанах хто курыў, дык пакутаваў без табакі. А дзе ж вы навучыліся?

- У мяне быў адзін знаёмы афіцэр, таксама не курыў, а папяросы атрымліваў, дык я балавалася. А потым, калі ён загінуў, дык мяне ўжо і ўсур'ёз пацягнула на курэнне. Давайце яшчэ вып'ем.

- Цётка штосьці зусім не п'е. Навум Майсеевіч таксама не дапіў сваёй, - сказаў Раман.

- Яны многа не п'юць. Давай з табой вып'ем, - перайшла на «ты» Роза.

- Я многа не п'ю, ды і гарэлка нейкая вельмі моцная.

- Які ж ты партызан, воін мне называецца. А я сёння хачу напіцца.

Раман скора забыўся пра сённяшні непрыемны дзень. У галаве стала светла і весела, а Роза ўсё падлівала ў чаркі сабе і яму.

- Я ніколі такім п'яным не быў, як цяпер у вас на наваселлі.

- Гавары: у цябе.

- Не магу, вы хто, а я навучэнец.

- Добры навучэнец. З ордэнамі сядзіць.

- Не будзем спрачацца, лепш давайце паслухаем музыку, што вы абяцалі.

- Праўда, я абяцала? Здаецца, так, зараз, зараз.

Роза ўстала, падышла да століка, што стаяў у кутку, і адтуль запытала:

- Ты танцуеш, Рома?

- У танцах я ўжо не навучэнец.

- Добра, танцуем танга.

Роза расчырванелася, шчыльна прыціскалася грудзьмі да Рамана, і вадзіць яе было цяжка. Раман глядзеў цераз яе плячо кудысьці ўдалеч і ўяўляў Надзю. Ён чамусьці бачыў яе пакрыўджанай. Яна то знікала з яго ўяўлення, то зноў з'яўлялася. Гаспадары пастаялі крыху, паглядзелі на маладую пару і пайшлі спаць.

Роза адразу ж спынілася.

- Давай вып'ем.

- Баюся, кепска будзе, гэта ж спірт.

- Ну і што?

Яны зноў выпілі. Роза ўзяла патэфон і панесла ў Раманаў пакой.

- Вазьмі пласцінкі і выключы святло, - сказала яна.

Раман узяў пласцінкі, выключыў святло і пакрочыў услед за ёй.

- Тут акно не занавешана, і паліць святла не будзем. Відаць усё, - сказала Роза.

- А як ты ўбачыш, што за пласцінка?

- Я іх вобмацкам убачу, - засмяялася яна.

- Тады пастаў якую-небудзь добрую.

- Я пастаўлю такую, што ты ніколі не чуў.

У некалькі жаночых галасоў палілася цудоўная песня. «Тумбала, тумбала, тум балалайка, тум балалайка шпіль балалайка...»

- Так, сапраўды я ніколі не чуў, - сеў на свой ложак Раман.

- Дзе ты мог чуць? - Роза падышла і пагладзіла яго па шчацэ, па валасах, а затым скінула пакрывала са свайго ложка, распранулася і юркнула пад коўдру.

- Падыдзі да мяне, мне кепска, - умольна папрасіла Роза.

Раман падышоў.

- Добры мой, не асуджай мяне, я, я была замужам... - І яна мяккімі цёплымі рукамі абвіла Раманаву шыю.

У вачах хлопца замітусілася нейкая сетка, і ён адчуў шчакой падушку... Патэфон сціх...

Прачнуўшыся, Раман ніяк не мог зразумець, дзе ён і што з ім. Здалося, што пасінелае акно ў пакоі свеціцца не ў тым месцы, як заўсёды. Было цёпла, не так, як звычайна перад раніцай, калі ён у дадатак накрываўся паверх коўдры яшчэ шынялём і ўсё роўна мерзнуў. Роза ляжала плячамі да Рамана, мерна пасопвала, спала.

Губы ў хлопца перасохлі, у роце было брыдка, не лепш было і на душы. Касцюм яго ляжаў ля спінкі ложка на падлозе. Ад ранішняга святла на ім цьмяна блішчалі ўзнагароды.

У ваенны час не чалавек ідзе па дарозе, а яна фактычна вядзе яго і заводзіць іншы раз туды, куды сам ніколі б не пайшоў. Асабліва часта здараецца такое з маладымі людзьмі. І таму ім ёсць над чым задумвацца, бо куды ён ні трапіць - усё новае. А новае - непрывычнае і не заўсёды задавальняе яго.

«Як жа я далей буду жыць тут?» - задаваў сабе пытанне Раман і не знаходзіў ніякага адказу. Глядзеў на сябе, і яму здавалася, што не цяльняшка на ім, а нейкія сіне-белыя абручы спавілі яго, і ён, як дзіця, бездапаможна ляжыць дагары. Што з таго, калі ён зараз устане, гэта не значыць, што ён зменіць нешта ў сваім становішчы. Душа, як і ложак, не церпіць траіх. Ісці куды-небудзь і шукаць іншую кватэру - патрэбны грошы. У райвыканком заявіць, каб Роза тут не жыла, засмяюць. Ёсць такія нябачныя путы, якімі чалавек сам сябе апутвае, няхай яны не такія ўжо моцныя, але трымаюць добра.

З дзяцінства Раман марыў пра мора, дзе больш за ўсё прастору, а трапіў вось у якую пастку. А што было б, думаў ён, калі б не сустрэў Надзі? Можа, тады б так і ўяўляў, што вяршыня адносін паміж маладымі людзьмі - гэта тое, чаго ён дасягнуў цяпер? Але не! Вопытныя людзі кажуць, што кожны чалавек на сваім вяку ўсё роўна павінен спазнаць сапраўднае пачуццё кахання, толькі ў аднаго гэта здараецца раней, а ў другога пазней. І ў сённяшнюю раніцу, каб не было яе, Надзі, напалову было б спакайней на душы ў Рамана. А так здаецца, што яна ўсё роўна пазнае, убачыць, не, не ўбачыць, але адчуе ўсё. І запытае ў Рамана, неабавязкова пра сённяшнюю, але пра такую ж другую ноч, і што ён будзе адказваць? Хлусіць з першых крокаў знаёмства чалавеку, з якім ты марыш быць разам усё жыццё? Колькі тады маны цяжарам асядзе ў тваіх мазгах, і ты заўсёды будзеш баяцца, каб выпадкова не паварушыць гэты пласт. А самы страшны суд, калі ты судзіш самога сябе.

- Рома, ты не спіш? - павярнулася Роза і паклала руку на яго грудзі.

- Ужо даўно. Думаю пра ўчарашні дзень, ён для мяне быў страшны. Ён напэўна паверне ўвесь мой лёс.

- Як гэта паверне?

- Пайду на фронт. Мне яшчэ трэба многага дасягнуць, стаць дужэйшым, каб людзі не зневажалі мяне і я быў варты сапраўднага кахання.

- А хто цябе зняважыў?

- Учора я сядзеў за кратамі, мяне арыштаваў нейкі Сарокін, лейтэнант, і пасадзіў. Напісаў на мяне такое глупства, што жах. І ён зняважыў мяне больш, чым сапраўдны вораг. З такімі людзьмі трэба змагацца, а для гэтага патрэбен аўтарытэт.

Раман гаварыў і не ведаў, чаго будзе каштаваць яму такое прызнанне. Роза адразу ж вырашыла, што яна знойдзе таго Сарокіна і разбярэцца ва ўсім, і калі не было нічога сур'ёзнага, то прымусіць папрасіць прабачэння ў Рамана. Яна павінна падтрымаць маладога хлопца і духоўна і матэрыяльна. Гэта ў яе інтарэсах. Ён яшчэ раней расказваў Розе, што яго заўсёды хвалілі ў школе, а потым у партызанах. І цяпер для такога чалавека любая абраза, ад каго б яна ні зыходзіла, будзе ўспрымацца вельмі балюча.

«Ён, відаць, вялікі сябелюб і ўсюды хоча быць пераможцам», - заключыла ў думках Роза. Затым пільна паглядзела на Рамана і пацалавала яго.

- А чаму ты думаеш, што ты не варты сапраўднага кахання?

- Я ўвогуле так не думаю. Але ўяві сабе, што ў мяне можа быць такая дзяўчына, перад якой я буду адчуваць сябе нікчэмнасцю. Я лічу, што хлопцу, каб быць вартым кахання прыгожай дзяўчыны, трэба быць на галаву вышэй за яе або хаця б роўным з ёю.

- Я цябе тым-сім перасягаю, дык ты не можаш мяне кахаць? - падняла галаву Роза і паглядзела ў вочы Раману.

Раман не ведаў, што ёй адказаць. Ён не хацеў прызнацца, што ў яго ёсць дзяўчына, якіх на свеце больш няма. Сказаць Розе пра Надзю, гэта значыць стаць яшчэ больш агідным самому сабе. Ён хацеў бы, каб усё, што з ім здарылася ў гэтую ноч, было сном.

- Ну, чаго ты маўчыш?

- Я зусім не хачу, каб мяне ў чымсьці пераўзыходзіла жанчына.

- А ты ўяві сабе, што жанчына на гэты конт думае наадварот.

Раман саскочыў з ложка.

Роза працягвала ляжаць, яна сачыла за кожным рухам Рамана.

Той паглядзеў на яе збоку і задумаўся: «А мне ўсё-такі ніколі не падабаліся чорныя вочы, я іх баюся, яны нейкія калючыя. Іншая справа блакітныя. Тыя мяккія, вабяць цябе, як нябесны прастор. Калі глядзіць Надзя, здаецца, нібы сама пяшчота глядзіць на цябе, а вось у Розіных вачах быццам глыбокі вір, напоўнены вадою, настоенай на даўно апалым лісці. І я ўжо акунуўся ў гэты вір, а да блакітнай пяшчоты далёка».

Раман падышоў да тумбачкі, глянуў у расклад і пачаў збіраць падручнікі.

 

VII

 

23 лютага ў клубе воднікаў праходзіў урачысты вечар. А Надзі з Верай, нягледзячы на тое, што яны цвёрда дамовіліся з Раманам сустрэцца іменна там, усё не было. Праўда, запрашальныя білеты былі раздадзены толькі напярэдадні, і Раман не паспеў перадаць іх дзяўчатам. Магчыма, у гэтым прычына іх адсутнасці.

Раман, хаця яго выбралі ў прэзідыум, не пайшоў на сцэну, а стаяў каля ўваходных дзвярэй і ўсё чакаў. На ўсякі выпадак папярэдзіў матросаў, якія стаялі на кантролі, што калі прыйдуць яго знаёмыя дзяўчаты, каб іх адразу ж прапусцілі. За месцы Раман не турбаваўся, бо два першыя рады былі пакінуты для прэзідыума.

Сустрэча была назначана на сем гадзін вечара. А ўжо восем. Начальнік упраўлення Днепра-Дзвінскага басейна канчаў свой даклад. Дзесьці дастала запрашальны білет і прыйшла на вечар Роза. У клубе знаходзіўся і лейтэнант Сарокін. Раман заўважыў, што яны з Розай зрэдку паварочваюцца і назіраюць за ім. Хлопец пачаў хвалявацца. Вырашыў яшчэ пачакаць крыху і пайсці з вечара. Але ў дзвярах паказалася Вера, за ёй - Надзя. Ён кінуўся насустрач ім. Вера, прывітаўшыся, усміхнулася, а Надзя паводзіла сябе больш стрымана. Раман заўважыў, што яе губы былі крышку надзьмуты. Раман запрасіў дзяўчат у залу. Яны прайшлі і селі ў другім радзе.

Раман сеў паміж дзяўчатамі.

- Даруйце, што так атрымалася. Учора толькі раздалі запрашальныя білеты. Я прынёс бы вам, ды не паспеў. Але, думаю, прыйдзеце. Дамовіліся цвёрда. Вось і ў прэзідыум выбралі, а я не пайшоў, каля дзвярэй прастаяў.

Надзя, як ніколі, уважліва прыслухоўвалася да кожнага яго слова. «Дык ён пра нас клапаціўся», - мільганула ў яе галаве. А Вера не вытрымала і сказала:

- Мы ўжо хацелі не ісці, думалі, што цябе не будзе. Ты ж быў арыштаваны.

Кроў прыліла да твару Рамана, у галаве яго зашумела.

Надзя ўважліва паглядзела ў вочы хлопцу.

- Так, быў, - прыкусіў ніжнюю губу Раман.

- А што я казала? - глянула на Веру Надзя.

- І жонка вызваліла? - запытала Вера.

Тут Рамана нібы хто абдаў кіпенем, ноздры яго затрымцелі, зубы заскрыгалі.

- Што гэта за лухта? - абурыўся Раман.

- Ціха, - папрасіла Надзя, - а то на нас людзі звяртаюць увагу.

Раман апусціў галаву.

«Толькі на фронт, толькі на фронт, - думаў ён. - Але не, адразу не пайду. Спачатку трэба пераканаць Надзю, што я яе люблю, люблю больш за ўсіх на свеце і што ніякай жонкі ў мяне няма».

Ён падняў галаву і паглядзеў на Надзю:

- Дзяўчаткі, не верце, я вам усё раскажу, нават тую жонку пакажу...

Урачыстая частка закончылася. Усе, хто быў у прэзідыуме, ішлі і садзіліся каля сваіх жонак. А жонка дырэктара чамусьці паднялася з першага рада і ў суправаджэнні мужа накіравалася да Рамана.

- Добры вечар, - устаў і прывітаўся хлопец.

Падняліся і дзяўчаты.

Даніла Гаўрылавіч у форме капітана першага рангу, пры ўсіх ордэнах, відаць, зрабіў вялікае ўражанне на Веру і Надзю. Тым больш яшчэ, што кінуў жарт:

- Вы майго арла і ў прэзідыум не пусцілі... Каторая ж твая паненка? Хоць бы пазнаёміў.

Раман схіліў галаву да Надзі.

- Вось мы і сядзем каля яе, - прапусціў уперад сваю жонку, а затым і сам сеў Даніла Гаўрылавіч.

Раман крыху ажывіўся, пасвятлела і Надзя. Даніла Гаўрылавіч яшчэ раз паглядзеў на Надзю, а потым нахіліўся і сказаў Раману:

- Не жартую, яна варта таго, каб і ў прэзідыум не ісці.

- Баяўся, матросы маглі не прапусціць іх, - адказаў Раман. - У дзяўчат не было білетаў.

- Ты ж сам іх раздаваў. Чаму ж ужо сваёй дзяўчыне не даў?

- Так здарылася. Даніла Гаўрылавіч, прабачце, сорамна гаварыць, але ж скажу. Пра мяне пусцілі чутку, што я жанаты і што не вы мяне вызвалілі з міліцыі, а жонка.

- І так сказалі вам? - звярнуўся Даніла Гаўрылавіч да Надзі.

- Так, - кіўнула галавой тая.

- Гэта прыкрая лухта. Той, хто гэта прыдумаў, відаць, несумленны чалавек. Ён, напэўна, ва ўсіх адносінах ніжэй за Рамана на галаву. За тую справу, што яго арыштавалі, я загад падрыхтаваў аб выдачы Раману прэміі. Я ведаю, што яго пакрыўдзілі нізашто. А наконт жонкі дык хто-хто, а я ведаў бы, бо ён у нас камсорг і камандзір батальёна. Вы з педінстытута?

- Ага.

- Дык ён мне расказаў нават пра гэта.

Раману было і радасна і адначасова крыўдна чуць з вуснаў свайго дырэктара такую пахвалу, і ён вырашыў, што цяпер трэба абавязкова ісці на фронт, каб вырвацца з таго пакойчыка, якому ён некалі быў вельмі рады.

Надзя паглядзела на сястру, а потым кінула свой пяшчотны, мілы позірк на Рамана. Ён узяў яе руку, моцна сціснуў. Напэўна яшчэ некалькі хвілін назад яе рука была напружанай, як бывае ў дзяўчыны, калі яна чымсьці незадаволена. А цяпер гэта рука была паслухмяная, мяккая, цёплая, прыемная.

Калі кахаеш чалавека, дык не хочаш верыць нават праўдзе, сказанай пра яго, калі яна непрыемная табе. А тут так лёгка высветлілася, што Раман нежанаты, і нават пра яго дзяўчыну амаль усё вядома дырэктару.

Надзя яшчэ дома паспрачалася з-за Рамана з сястрой і цяпер сядзела з выглядам пераможцы. Канцэрт, які давала Дняпроўская флатылія, ёй асабліва падабаўся. Яна гучна смяялася, моцна пляскала ў далоні, нават штурхала Рамана, калі той і ўпадаў у роздум. Яна была рада, што Раман не «прайдзісвет», як назвала яго Вера. Толькі не зусім зразумела, чаму гэта і цяпер ён так перажывае. Ці таму, што моцна закранулі яго сябелюбства, ці, можа, перастала ўжо падабацца...

І толькі па дарозе дамоў, калі Вера пайшла крыху ўперад, Надзя сказала яму, каб так не перажываў за той паклёп, таму што яна больш верыць іх дырэктару, чым каму-небудзь іншаму.

- Надзенька, у мяне за гэтыя дні столькі назбіралася на душы, што не ведаю, з чаго пачаць, каб пра ўсё табе расказаць. Хто са мной сутыкаўся, той прызнаваўся, што пазнаюся я вельмі хутка, а вось ты яшчэ нічога не ведаеш пра мяне.

- Нельга сказаць, каб я зусім не паверыла ў тое, што расказаў пра цябе сястры Сарокін і пра дзяўчыну - памочніка пракурора, якая нібыта яго лаяла. Мне здавалася, што я цябе ведаю, і толькі пагэтаму не хацела верыць канчаткова. І я, можа, не вельмі пераканаўча, але даказвала сястры, што гэта няпраўда.

- Я табе ўсё раскажу падрабязна, добра?

- Добра.

Яны выйшлі на доўгую цэнтральную вуліцу, якая была ўжо амаль расчышчана ад камення. Абапал яе стаялі каштаны, на іх галінах яшчэ трымаўся снег, які нядаўна выпаў. На тратуары была вытаптана нешырокая сцяжынка, па якой і крочылі паціху Раман з Надзяй.

Зрэдку ў небе загудзе самалёт, разрэжа цёмную глыбіню прамень пражэктара.

Раптам за некалькі крокаў ад іх з двара выскачыў вялізны шэры кот і, нібы заяц, доўгімі скачкамі пабег цераз вуліцу. Надзя насцярожылася, неўзаметку паглядзела на Рамана. А ён у гэты час гаварыў ёй пра тое, што яму няма дзе жыць і ён збіраецца ісці на фронт. «Нешта ўсё супраць нашых сустрэч», - падумала Надзя. Відаць, праўду яе бацька гаварыў, што дзяўчаты цяпер павінны быць вельмі асцярожныя. Выходзіць замуж у час вайны вельмі рызыкоўна. Ён ваяваў і ў імперыялістычную і ў грамадзянскую, наглядзеўся ўсяго. Бывала, як спыняцца дзе-небудзь у населеным пункце, дык і глядзі, што пайшлі хлопцы ўгаворваць дзяўчат выйсці замуж. Многа выпадкаў было, што і жаніліся. А потым здымаецца часць, прыйдзеш на станцыю - дык, Божа мой, што там робіцца. Галосяць маладыя жанчыны: «На каго ж ты мяне пакідаеш, Іваначка, вазьмі і мяне з сабой...» А што ён можа зрабіць? Хлясцікі ў шынялях паабрываюць, у вагоны лезуць. А іншы нежанаты і прыпяе яшчэ ім: «Наши жены - пушки заряжёны, вот кто наши жены...» У другой вёсцы Іваначка тое самае паўтарае. І думай, як хочаш, можа, ён трапіў на перадавую і яго ўжо няма. Бацька расказваў адзін надзвычай цікавы выпадак, як да іх у часць прыбегла аднойчы жанчына і пытала, ці не ведае хто афіцэра такога з вусікамі, гарбаносага, чорнага. Яна чакае ад яго дзіця. А ў яе пытаюць, як яго прозвішча. «Нейкае мудронае, не запамятала», - адказала тая. Тады Надзя з сястрою смяяліся. А цяпер яна бачыць, як пакутуе Вера і як чакае пісьма з фронту ад свайго маёра. Надзя спачатку думала, што яна больш шчаслівая, бо ёй спадабаўся хлопец, які ўжо адваяваўся і імкнецца да радаснага будучага разам з ёй. А цяпер яна слухала Рамана і пачынала шкадаваць, што пакахала яго. Але што зробіш? Як складзецца іх лёс, так няхай і будзе, бо іншага каго пакахаць цяпер яна не зможа. Так гаворыць і Вера пра свайго хлопца.

Раман ішоў і паслухмяна прытрымліваўся таго напрамку, куды скіроўвала Надзя. Неўзабаве яны апынуліся паблізу чыгункі. Надзя спынілася.

- Вось тут мы жылі, - паказала яна рукой на заснежаны сад. - О, калі б застаўся цэлы наш дом. Мы нават кватарантаў трымалі.

- Цяпер бы ўзяла мяне на кватэру?

- Я якраз пра гэта падумала. Табе не трэба было б і на фронт ісці.

- Хведара жанчына ўзяла да сябе на кватэру, і многія нашы хлопцы ўладкаваліся не кепска, - сказаў Раман.

- Я не зайздрошчу Хведару. Так уладкоўвацца, як ён, - гэта абясцэньваць сябе, страчваць сваю хлапечую годнасць. Я разумею, калі ўжо няма іншага выйсця і ў цябе няма надзеі на каханне, тады можна жыць і так. Ты сказаў, што не можаш жыць у сваёй кватэры, інакш кажучы, у тых абставінах, толькі праз мяне?

- Я не думаў пра тое, што б я рабіў, калі б не сустрэў цябе. Толькі адно скажу, што жаніцца - я не жаніўся б з Розай, але ж мог бы і на фронт не пайсці.

Надзя стаяла супраць Рамана, уважліва глядзела на яго і слухала, як настаўніка.

- Табе холадна? - спытаў ён і падняў цыгейкавы каўнер яе паліто, затым моцна прытуліў Надзю да сябе і пацалаваў у губы. Надзя адхіляла галаву, а Раман цалаваў, цалаваў яе шчокі, шыю. Твар яе стаў цёплы-цёплы.

- Не трэба, пусці, - глыбока ўдыхнула яна паветра.

- Добра, пойдзем, - сказаў Раман.

Было чуваць, як крануўся са станцыі цягнік і, цяжка сапучы, набіраў хуткасць. Ён ішоў у бок фронту.

- Няўжо ты пойдзеш на фронт? Там жа могуць забіць.

- Могуць. Але каб усе так думалі, дык хто б ваяваў?

- Ты ж ужо і паранены быў, цяпер толькі такім спакойна і жыць.

- Што гэта за жыццё, Надзенька?

- А Горкі гаварыў, што жыццё і ў акрываўленых сарочках добрае.

- Я не чуў такога. Правільна ён сказаў, але ж асабіста мне было лепш у акрываўленай сарочцы ў шпіталі, чым на сваёй кватэры.

- А можа - чым са мной?

- Не, міленькая, ты не тузай маю душу. Мне ад тваіх слоў больш балюча, чым ад ран.

- Калі мы з табой пазнаёміліся, дык я думала, што я самая шчаслівая. А цяпер што атрымліваецца? Хутка вясна... - задуменна гаварыла Надзя.

- Будзеш мяне чакаць.

- Я не хачу так.

- Пазнаёмішся тады з другім, - з'едліва ўсміхнуўся Раман.

- А ты ж гаворыш, што з-за гэтага знаёмства з другой уцякаеш на фронт.

- Я іду на фронт для таго, каб сапраўдную вясну наблізіць. О, калі будзе перамога, тады будзе і вясна.

Надзя сціснула Раманаву руку. Ён хуценька нахіліўся і пацалаваў яе.

- Хлопцам верыць нельга, - сказаў Раман.

- То хлопцам, а гэта табе.

- Добра, што так атрымалася. Вера думае, што такога больш няма, як яе маёр, а той думае, што такой больш няма, як твая сястра. А я думаю, і гэта сапраўды так, што такой больш на свеце няма, як ты.

- Аднолькавых людзей і сапраўды на свеце не бывае.

- Не, такой прыгожай. Мне трэба стаць такім, каб для цябе я быў лепшы за іншых на ўсё жыццё.

- Гэта няпраўда! Калі ты мяне кахаеш і так думаеш, як гаворыш, дык ты не пойдзеш на фронт.

- Дык я тады буду жыць у адным пакоі з дзяўчынай.

- Я не хачу так. Калі б яна адносілася да цябе абыякава, тады іншая справа.

- І я не хачу так, а якое ж ты прапануеш выйсце?

- На іншую кватэру перайсці.

- Няма чым плаціць.

- Пачакай, Рома, у мяне тут жыве таксама цётка. Праўда, хатка ў яе малая, але я папрашу яе, каб яна цябе часова прытуліла. Яна добрая і платы не будзе браць.

- Па-мойму, табе няёмка будзе прасіць за нейкага там хлопца.

- Як за нейкага? Прыйшоў са шпіталя партызан, жыць няма дзе. Няўжо такому чалавеку не паспачуваюць?

- Я не хачу, каб пра цябе абы-што думалі. Не, не...

- Тады ты мяне не любіш! І праз пракуроршу тую ты...

Раман прамаўчаў. Яны паціху ішлі ў напрамку да школы, дзе жыла Надзя, кожны думаў пра сваё.

Нарэшце Надзя сказала:

- Я ўсё роўна не хачу, каб ты ішоў на фронт.

Раман абняў Надзю, пацалаваў і прашаптаў:

- Не, у імя цябе, нашага будучага трэба ісці, каб наблізіць перамогу.

- Гэта зробяць без цябе, - амаль не адрываючы губ, прашаптала яна.

- Я павінен удзельнічаць у гэтым.

- У цябе невыносны характар, ты хочаш вельмі многа.

- Міленькая мая. Можа здарыцца так, што спатканне, якое мы назначым, абарвецца. Бо я павінен яшчэ пагаварыць са сваім дырэктарам, потым з'ездзіць наведаць маці, а затым - у ваенкамат. Пойдзем, пакажы мне свае дзверы, можа, я выберу калі-небудзь хвілінку, каб забегчы да цябе.

- Пойдзем, але ж я не думаю, каб цябе дырэктар адпусціў.

- На такую справу адпусціць.

- Ты мяне не любіш, - падымаючыся па лесвіцы на другі паверх школы, сказала Надзя.

Яны спыніліся ў кутку калідора. Надзя моўчкі паказала рукой на дзверы. Раман кіўнуў галавой.

На душы ў Надзі было надзвычай горка. Яна глядзела на яго чорны, як ноч, шынель з крыўдай і злосцю. Маці яе плакала, калі захварэў бацька, што сям'я засталася без дужых рук. І Надзя тады думала: вось яны, дужыя Раманавы рукі, становяцца яе рукамі. Яна стала адважная, як ніколі, і смела ходзіць з ім па горадзе. Яна лічыла, што ён вызваліў яе ад боязі, і недзе глыбока ў душы ганарылася гэтым, хаця нікому пра Рамана не расказвала, што ён быў выдатны воін. Няхай бы лепш ён быў вайсковы і яны пазнаёміліся. Гэта было б звычайна. А так ні тое ні сёе. Пакіне яе, і ніякай надзеі на будучую сустрэчу не застаецца.

- Не трэба, не цалуй! Мне здаецца, што ты цалуеш першы і апошні раз.

- Я гэтага не адчуваю. Я цалаваць цябе буду ўсё жыццё, усё жыццё, і толькі я, - адказаў Раман і пайшоў.

Надзя не адразу пайшла дамоў. Яна стаяла і слухала яго крокі, пакуль тыя зусім не згубіліся ў цішыні.

 

VIII

 

Першыя вясновыя дні былі надзвычай цёплыя. Машына «студабекер» ішла па разбітай дарозе на ўсход. Яна раз-пораз нырала ў глыбокія выбоіны і распырсквала чорны снег-кашыцу. Асабліва кідала яе ў бакі на старой грэбельцы. Каржакаватыя, абгніўшыя камлі вербаў, што некалі ўгацілі ў гразь, сталі зверху слізкімі, а знізу моцна прымерзлі да зямлі, і машына коўзалася на іх, падскоквала так, што нельга было сядзець у кузаве. Салдаты лаялі хто шафёра, хто дарогу. Толькі Раман стаяў каля адкінутай лаўкі, аберуч трымаўся за борт і маўчаў. Ён быў задаволены, што шафёр згадзіўся яго падвезці. Як ні ехаць - абы даехаць да той часці, у якой служыць яго бацька. Тым больш што шафёр ведае тую часць і нават самога каменданта кантрольна-прапускнога пункта. А таму каменданту і падпарадкоўваецца Раманаў бацька.

Кім яго бацька там цяпер, Раману невядома. Маці ў бежанцах атрымала некалькі пісем адразу. Бацька ведае, што перадавая праходзіць каля іх вёскі, і вось ён піша то на свой сельсавет, то на суседні. Ён дамагаўся даведацца пра лёс сям'і. Бо як пакінуў у сорак першым, дык ніякай весткі не атрымаў. Сястра напісала Раману пісьмо, у якім паведаміла, што маці крыху ачуняла, і пераслала бацькава пісьмо, дзе напісаны адрас: «ВАД-10, КПП-92». Бацька піша, што ён знаходзіцца недалёка ад родных мясцін, у Чарнігаўскай вобласці.

Вось Раман і спяшаецца, каб убачыць бацьку перад тым, як самому пайсці на фронт.

Ён ужо пабываў у ваенкамаце. Але, напэўна, зрабіў промах, што спачатку вёў размову аб фронце з дырэктарам тэхнікума, а потым пайшоў у ваенкамат. Трэба было зрабіць наадварот. А так ваенком сказаў, што яго папярэджвалі ўжо з райкома партыі, каб Зіміна не адпраўлялі на фронт. Раман зразумеў, што гэта работа дырэктара. Але Раману падказалі ў ваенкамаце, што калі ён так хоча на фронт, то з яго дакументамі няцяжка трапіць туды. Ён абстраляны дыверсант-разведчык, і яго возьме да сябе любы камандзір.

Перш чым знайсці бацьку, Раман выпадкова сустрэўся ў размяшчэнні часці з маёрам, намеснікам каменданта па палітычнай рабоце. Высокі, з паголенай галавой, маёр запрасіў Рамана да сябе ў кабінет. Пачаў распытваць пра ўсё.

- Бацька пайшоў на вайну, калі я быў яшчэ падлетак. Тады я вельмі любіў лазіць па дрэвах і забіраць з гнёздаў яйкі варон, сарок, каршуноў. І якраз перад самай вайной бацька мяне рэменем насцябаў. І за што? Я прынёс маладога каршуна, але дома не было свежага мяса, каб накарміць яго, дык я пайшоў і злавіў у агародзе дваіх куранят і ўпусціў іх у клетку да каршуна. Той выпусціў свае кіпцюры і імгненна расправіўся з куранятамі. Пра гэты мой учынак расказаў бацьку меншы мой брат. Бацька, напэўна, і памятае мяне такім.

Маёр рассмяяўся. Але калі Раман працягнуў яму ордэнскую кніжку, характарыстыку ад камандзіра партызанскай брыгады і сказаў, што быў паранены, той зморшчыў лоб і падняў вочы на хлопца.

- Бацька пра гэта не ведае?

- Ён яшчэ ніводнага пісьма не атрымаў і не ведае нават, што мы жывыя.

- Ён гаварыў, што вызвалілі яго вёску і што чакае ад вас вестак. А ці атрымаў ён што-небудзь, мне невядома.

- Сястра пераслала мне яго пісьмы адразу ж, як толькі атрымалі.

Маёр устаў, некуды выйшаў з пакоя. Праз хвіліну вярнуўся. Хутка яму рапартаваў старшына, што з'явіўся па выкліку.

- Зімін дзе цяпер, на дзяжурстве?

- Не, адпачывае.

Маёр на хвілінку замоўк, потым устаў з крэсла і выйшаў за старшыной за дзверы. Там ён штосьці сказаў яму і вярнуўся. Больш за стол не садзіўся, а ўсё хадзіў па пакоі. Зрэдку задаваў Раману пытанні: як жыве сям'я, ці ёсць хата, ці ёсць карова. Раман адказваў, што жыццё вельмі цяжкае. Маёр спыніўся пасярод пакоя, паглядзеў на яго і сказаў:

- Я, будучы тваім бацькам, і цяпер бы даў табе рэменя, як за тых куранят. Гэта ж не сорак другі ды і не сорак трэці гады. Управімся ўжо як-небудзь без цябе. А вось у некаторых галінах народнай гаспадаркі людзі могуць прынесці шмат карысці фронту. Многіх спецыялістаў, выкладчыкаў ужо адзываюць з фронту.

- Таварыш маёр, дык я ж не спецыяліст і не выкладчык, а проста бедны студэнт.

- Напэўна, з табой вучацца такія, што яшчэ нічога не зрабілі ў імя перамогі. І маўчаць, вучацца.

- Ім лепш жыць...

Адчыніліся дзверы, і ў пакой шустра ўвайшоў каржакаваты пажылы салдат. Раман устаў, а салдат, прыставіўшы руку да шапкі, рапартаваў маёру. Потым бацька кінуў позірк на сына, які ў флоцкай мічманцы і ў чорным шынялі быў ростам амаль з маёра. Сын кінуўся да бацькі, абхапіў яго за плечы і пачаў цалаваць. Бывалы салдат разгубіўся, адступіў на крок да дзвярэй і толькі тады пазнаў Рамана. На вачах у абодвух выступілі слёзы. Бацька абхапіў яго за шыю.

- Сынок мой, як гэта ты мяне знайшоў?

Маёр накінуў шынель і выйшаў з пакоя, пакінуўшы бацьку з сынам удвух. Вярнуўся ён толькі праз гадзіну.

- Зімін, вядзі сына ў сталовую, пакармі, а потым пойдзеце на прадпункт. Я загадаў старшыне выдаць вам канцэнтраты, мяшок бульбы, ну і яшчэ тое-сёе. Потым ён падвязе вас да шашы, а там спыніце машыну, і сына завязуць да самай кватэры. Ён табе гаварыў наконт фронту?

- Сказаў.

- Гэта сумленны парыў, але твой сын ужо заслужыў таго, каб вучыцца. Мы хутка бацьку таксама дадому адправім. Хопіць! Ён ужо і так трэцюю вайну топае.

Зіміны развіталіся з маёрам і пайшлі.

На зваротным шляху ў Рамана думкі плылі ўжо ў іншым напрамку. Бацька даў сыну многа грошай. Іх ён сабраў за гады вайны, а гэта значыць, што ў Рамана можа быць новая кватэра, і Надзі ён можа зрабіць добры падарунак на жаночае свята. Толькі цяпер Раман пачаў перадумваць тое, пра што раней яму гаварыў дырэктар. Вайна хутка закончыцца, і не франтавымі подзвігамі будуць жыць людзі, а мірнай працай, вучобай. Хто яму, Раману, сказаў, што яго вучоба закончыцца тэхнікумам? Можна працаваць і вучыцца далей, каб і ў адукацыі не адстаць ад сваёй дзяўчыны. Ён прыедзе і зараз жа пойдзе да Надзі дамоў. У яе ёкне сэрца, што Раман забег развітацца, і хто яго ведае, можа, і назусім. А калі ён прызнаецца, чаго забег да яе, яна, канечне, узрадуецца, і яны адразу пойдуць у кіно. А да сённяшняга дня кішэня была такой, што ён вельмі рэдка мог запрасіць дзяўчыну ў кіно. Хацеў часцей сустракацца і саромеўся. А цяпер іншая справа, калі знайшоў бацьку.

На змярканні Раман прыехаў дамоў. Розы ў хаце не было. Ён хуценька перанёс з машыны ўсе прадукты і толькі цяпер разгледзеў, што яму далі на прадпункце. Раман адклаў у кораб некалькі бляшанак кансерваў, пачкі канцэнтратаў і раздзяліў сушаныя яблыкі.

Раптам хлопец пачаў хвалявацца, як гэта расцэніць Надзя, калі ён занясе ёй такі падарунак. Нядаўна прызнаваўся ў сваёй беднасці, а тут столькі прынёс. Прытым ён яшчэ незнаёмы ў іх кватэры чалавек. Каб не падумалі, што нейкімі бляшанкамі ці канцэнтратамі хоча купіць каханне. Можа, для іх прадукты не маюць такога значэння, як для яго, і тады гэты падарунак будзе зусім недарэчны. А можа, Надзя пераканалася ў тым, што Раман ідзе на фронт, і вырашыла наладзіць сувязь з Сарокіным? Можа, ён, Сарокін, будзе сядзець там? Што тады рабіць? Раман тады кіне гэты кораб на парозе і сам пойдзе назад. Надзя супакоіцца, што яго ў горадзе ўжо няма.

Але што ён малюе ў сваёй фантазіі? Надзя, напэўна, чакае Рамана і ў той жа час баіцца апошняга яго візіту. Яна забываецца пра Рамана хіба толькі ў інстытуцкіх сценах, на лекцыях. А дома любы стук у дзверы насцярожвае яе, як насцярожвае ўсякую жанчыну, у якой муж на фронце і да якой паштальён заяўляецца на парог.

Вось так, як паштальёна, і сустрэла Надзя Рамана. Яна не заўважыла нават кораба ў яго руцэ, а глядзела на хлопца не то вінаватымі, не то спалоханымі вачамі.

Раман таксама стаў і спалохана глядзеў на Надзю, якая ляжала на ложку высока на падушцы з нацягнутай да барады коўдрай.

- Што з табой? - нарэшце запытаў ён.

- Не ведаю, нешта кепска адчуваю сябе.

- Нічога з ёй, - выйшла з пярэдняга пакоя, які аддзяляўся шырмай, маці. Яна ганарліва, вострым позіркам змерала з ног да галавы Рамана.

- Пазнаёмся, Раман, гэта мая маці.

Раман паставіў кораб на падлогу, зняў мічманку і, схіліўшы галаву, працягнуў руку:

- Раман.

- Вольга Паўлаўна, - сказала маці і прапанавала зняць шынель. - Засумавала штосьці мая дачка. Прыходзіць з вучобы і - у ложак. Я ўжо думала, што вы чаго пасварыліся з ёй, бо злуе немаведама на каго.

- Не, ваша Надзя такая добрая, што з ёй сварыцца нельга.

- Я не цярплю яе звышапякунства. Чаго я не іду нікуды, чаго я ляжу? Кепска адчуваю, дык і ляжу, - з крыўдай гаварыла Надзя.

- Я ведаў, што Надзя хворая, і вось нават пачастунак ёй прынёс. Вазьміце, Вольга Паўлаўна, - Раман падняў кораб і працягнуў маці.

Жанчына была не без гумару. Яна ўсміхнулася і сказала:

- А я думала - вы міну і ў нас паставілі.

- Якую міну?

- Ды такую, якой можна вокны выбіць у доме. Лейтэнант нам усё расказаў.

Маці паставіла кораб на крэсла і выйшла.

- Ну, навошта ты прынёс? - зморшчылася Надзя.

Раман падсунуў крэсла да ложка і сеў.

- Надзенька, ты і не здагадваешся, што адбылося толькі што ў маім жыцці. Ужо не іду на фронт. - Раман знарок зрабіў паўзу і глядзеў, як адрэагуе на гэта Надзя.

А яна не ўзрадавалася, толькі пільна паглядзела яму ў вочы. А потым адвярнулася.

- Я так і ведала, што ты на фронт не пойдзеш, а прыжэнішся. Дык гэта ты да мяне прыйшоў, каб паведаміць? - бубнела яна ў бок сценкі.

Раман хацеў яшчэ маўчаць, але не вытрымаў, каб не расказаць ёй, што ён сустрэўся з бацькам і цяпер пяройдзе на другую кватэру і што за яе ён можа заплаціць за год уперад.

Надзя сапраўды не хварэла, але ўсе гэтыя дні ёй хацелася быць толькі адной. Яна ўсё перадумала і спынілася на тым, што Раман вагаецца ў сваіх адносінах да яе і хутчэй за ўсё ён застанецца жыць у той памочніцы пракурора. Ён недзе разам з ёй смяецца з Надзі. Надзя звядзе вочы і бачыць ужо іх удваіх. А што, калі яна сапраўды ўбачыць іх у клубе ці на вуліцы? Ды лепш праваліцца скрозь зямлю.

Яна брала ў ложак люстэрка, глядзела на сябе і ўжо пачынала сумнявацца ў сваёй прыгажосці. Хаця не магла сябе ўявіць з якім-небудзь іншым хлопцам, але і Раман ужо стаў чужы. Ну навошта ён так глыбока параніў ёй сэрца! Яна была вырашыла больш не сустракацца з ім, але што ж з таго? А можа, ён і не збіраецца да яе прыйсці? А калі прыйдзе і яна яго не сустрэне, тады наогул не будзе ведаць, што ён думае. І нейкая нябачная сіла супраць волі прыкоўвала яе да ложка.

Яна лаяла сябе за слабаволле, спрачалася сама з сабой. Адчувала сябе раздвоенай: то бачыла шчаслівай, вясёлай, закаханай, то ўцякала ад яго, хавалася, а куды прыстаць - не знаходзіла такога берага.

Раман не ведаў усяго таго, што адбывалася ў душы ў Надзі. Але праўдзівыя, непасрэдныя яго словы рабілі сваё. Нарэшце Надзя павярнула галаву, усміхнулася і, гледзячы на шырмачку, пальцам паклікала Рамана бліжэй да сябе.

Ён нахіліўся. Надзя хуценька цмокнула яго ў шчаку і адпіхнула. Гэты жэст зняў з Рамана ўсё напружанне і тое адчужэнне, якое было ўзнікла паміж імі. Раман устаў з крэсла і ўжо смела прайшоўся па вузкім пакойчыку.

- Так, а дзе ж Вера?

- Яна ў інстытуце, у кабінеце вучыць.

Каля ўваходных дзвярэй за фанернай сценкай на ложку ляжаў Надзін бацька. Калі Раман яшчэ толькі ўвайшоў і прывітаўся, адтуль данесліся словы: «Добры вечар». Але цяпер Раман пра бацьку нічога не пытаў. Ён падышоў да Надзі, нахіліўся і пацалаваў яе ў цёплую шыю.

- У-у-у, - з шумам удыхнула паветра Надзя. - Не трэба, не трэба, - і засланілася рукой ад Раманавага твару. - Адвярніся на хвілінку, я ўстану.

- Добра, р-раз-два-тры, - смяяўся Раман.

- Ну, ну, ну.

Надзя надзела сукенку і падышла да люстэрка. Яна была задаволена сабой. На душы стала лёгка, нібы добра выспалася пасля доўгай бяссонніцы.

- Я правяду цябе, - сказала яна і надзела паліто.

- Табе, можа, нельга выходзіць на вуліцу?

- Не, ужо ўсё ў парадку.

Надзя спяшалася выйсці з кватэры да прыходу Веры, бо сястра абяцала сур'ёзна пагаварыць з Раманам аб тым, што ён уклініўся ў жыццё яе яшчэ «зялёнай» сястры. І цяпер Надзя праз яго нервуецца і захварэла нават.

Да гэтага дзяўчына згаджалася, каб сястра пагаварыла з ім. Любы сродак, які перапыніў бы хлопца і не даў яму ажыццявіць сваю задуму - пакінуць вучобу, горад, яе, Надзя апраўдвала. А зараз усё перамянілася.

Як толькі яны выйшлі з дома, Надзя сказала:

- Мне здаецца, што ты ўжо адваяваўся і з перамогай вярнуўся дамоў і што цяпер табе няма куды ехаць.

- Калі ты мяне кахаеш, то гэта так.

- Герой ты, герой, я праз тваё геройства колькі вунь бяссонных ночаў правяла. Здаецца, паводжу сябе звычайна, а ўсе, хто ні сустрэне, пытаюць, што здарылася са мной.

Надзя сказала гэтыя словы і злавіла сябе на думцы, якую выказвалі ёй больш вопытныя дзяўчаты, што нельга прызнавацца хлопцу ў сваіх пачуццях. А чаму? Яна гэтага яшчэ канчаткова не разумее. Сказаць Раману, што ён для яе абыякавы? Не, яна так не можа. Раман ганарысты і ўраз пакрыўдзіцца. Не кожнаму такое можна гаварыць. Гэта не Сарокін. Вось таму, колькі б яна ні намякала, што ён не падабаецца ёй, той усё роўна не пакідае свайго.

Канечне, ад кахання да нянавісці зусім недалёка. Але ж нянавісць да чалавека можа з'явіцца толькі праз яго паводзіны і ўчынкі. А Раманавы паводзіны такія, што варта толькі яго падштурхнуць, і ён можа апынуцца, як кажуць, за тысячу вёрст.

У Надзі не хапала той сілы, якая пераможна магла б трымаць яго. І яна нават злавала на сябе за гэта.

А Раман быў рады, што будзе з Надзяй. У чалавека іншы раз адносіны дыктуюцца жыццёвымі абставінамі. Але невядома, каму лепш, ці таму, хто цалкам паддаецца жыццёвым абставінам, ці таму, хто ідзе, не падпарадкоўваючыся ім. Тут зачастую чалавек не можа прадбачыць. І толькі потым, азірнуўшыся назад, ён назаве ўсё гэта сваім лёсам. Маўляў, так павінна было і быць...

- Я хадзіла каля вашага тэхнікума, - прызналася Надзя. - Думала выпадкова сустрэцца з дырэктарам.

- Навошта ён быў табе? - здзівіўся Раман.

- Мне здаецца, што ён вельмі добры і разумны чалавек.

- Так, ну дык і што?

- Я расказала б яму пра цябе.

- Ха, расказала б. Не турбуйся, ён, што хацеў, тое зрабіў. Я быў бы ўжо ў вайсковай часці, а ён мяне тармазнуў, і раптам пісьмо ад бацькі. Так што, міленькая, дырэктар таксама быў заадно з табой. Я пасля шкадаваў, што яму прызнаўся, але ж інакш нельга было. На маёй адказнасці зброя ў тэхнікуме, усе камсамольскія справы. Каб не гэта, дык я ўжо быў бы далёка і займаўся б глыбокай разведкай. Я добра ведаю ўсю мясцовасць амаль да Менска. Арганізаваў бы там такія дыверсіі, што і да цябе рэха дакацілася б. Але цяпер ужо ўсё вырашана. Я застаюся з табой.

Вось гэта толькі Надзя і хацела пачуць ад яго. Прыйдзе дадому і адразу ж скажа Веры, што Раман застаецца цяпер з-за яе, бо сястра ўвесь час казала, што Раман несур'ёзна ставіцца да Надзі. А яна ім дакажа адваротнае. Надзя аж сама сабе ўсміхнулася.

- Чаго ты смяешся?

- Ты сказаў, што рэха да мяне дакацілася б. Сарокіна там жа не было б.

- А я яшчэ буду ўзрываць сценкі, толькі цяпер ужо там, дзе дамоў цэлых побач няма. Так дырэктар сказаў.

- Бачыш, дык табе і тут праца будзе цікавая. Яшчэ лепшая - у імя стварэння, а там - знішчэння.

- Хутка ўсе мы будзем толькі будаваць, - выказаў Раман думку, якую пачуў ад палітрука, маёра з часці, у якой служыць бацька.

Нядоўга прагульвалася маладая пара каля школы, бо Раману трэба хутчэй пайсці дадому і сказаць Розе, што ён пераходзіць ад іх на другую кватэру.

Роза з аголенымі грудзьмі ляжала на ложку і чытала кніжку. Раман увайшоў, ціха прывітаўся. Зняў шынель, сеў за стол і пачаў гартаць свае канспекты. Роза закрыла кніжку і павярнула галаву да хлопца.

- Бачыла я тваю дзяўчыну ў клубе.

- Ну і што?

- Прыгожая, чарцяка, маладая. А яна цябе любіць?

- Гэта ў яе трэба спытаць.

- А ты яе?

- Вельмі.

- Рома, а што такое любоў?

- О, юрысту не ведаць гэтага - сорам. Напэўна, у вас шмат спраў і грамадзянскіх і крымінальных, звязаных з каханнем. Значыць, вам, як нікому, трэба разбірацца, што гэта за сіла - каханне.

- Каб добра разбірацца, думаю, што трэба самому перажыць гэта пачуццё, а не толькі юрыспрудэнцыю ведаць. А вось у мяне гэтага не атрымліваецца.

- А каго ж ты кахала? - запытаў Раман.

- Нікога. Я лічыла, што ўсё прыгожае, маладое, светлае прайшло міма мяне, а ты сказаў, што я абкрадзеная. Гэта так. Калі табе прызнацца, дык, напэўна, я ўжо не буду нікому добрай і сумленнай жонкай. Дарэмна падобныя мне жанчыны выходзяць замуж, правільней, дарэмна іх хлопцы бяруць. Не падумай, што я толькі па сабе мяркую, хаця я і аналізую сябе. А вось яшчэ мая небагатая юрыдычная практыка паказвае, што пачатак нягод і сямейных распадаў у большасці залежыць іменна ад такіх жанчын. Яны з першага дня свайму бліжняму павінны маніць. А як Горкі сказаў, што калі зманіў табе сябра ў нейкай малой справе, не збірайся з ім ісці ў вялікі шлях. Іншая справа, калі выходзіць замуж дзяўчына не таму, што хлопец нейкай рыскай спадабаўся ёй, а таму, што моцна пакахала. І калі яна ўжо здрадзіць мужу, дык у яе такі выпадак выклікае жах, агіду да самой сябе, бо за яе плячамі сябра, дзеці, жыццё. А гэта толькі выпадковая ўспышка, якая хутка гасне. Сумленная жонка, якую муж кахае, аказвае на яго вялікі ўплыў. У час скасавання шлюбу гэта ўсё відаць. Але суды не капаюцца ў інтымных справах, таму што часта гэта недаказуема. Іншы раз слухаеш жанчыну, якая не жадае жыць таму, што муж з'ядае яе ад рэўнасці, і бачыш, што ён правільна з'ядае, але ж прамых улік няма, і ты, юрыст, не павінен зневажаць жанчыну. Пачынаеш гаварыць, што муж заблудзіўся ў сваіх меркаваннях, і ўсё ж развядзеш. Выходзіць такая жанчына з суда з узнятай галавой, маўляў, муж на яе нёс паклёп. Глядзіш, а недзе за вуглом яе чакае палюбоўнік, якому яна тут жа падміргне, што ўсё ў парадку, яна выглядала чыстай і сумленнай. Нядаўна быў цікавы выпадак у нашым горадзе. Вярнуўся са шпіталя салдат без нагі, пасяліўся ў сваёй хаце. Маці і сястру забілі гітлераўцы. Жыве адзін. Пазнаёміўся з дзяўчынай. Ёй так гадоў трыццаць. Прыгожая. Расказвалі, што ў час акупацыі зоркай у парку была. З немцамі круцілася. Інвалід ажаніўся з ёй. Добры хлопец, у шавецкай майстэрні працуе. Пражыў з тыдзень. І звычайна пасля работы ён ішоў пешшу на кавёлах. А тут, як на ліха, папрасіў у некага веласіпед і прымчаў дадому. І калі яго выклікалі ў пракуратуру на допыт, як так здарылася, што ён пабіў чужы веласіпед і спаліў сваю хату, то ён расказаў, што ўвайшоў у хату, а з жонкай у ложку ляжыць хлопец. Як потым высветлілася - дапрызыўнік. Інвалід сказаў, што не памятае, як выскачыў на двор, разбіў веласіпед, а потым падпаліў хату. Тыя выскачылі і пабеглі. І што ты думаеш, калі слухалася іхняя справа, яна адмаўлялася. Гаварыла, што ўсё гэта хлусня і што яна сама не хоча з ім жыць, а сведак не было. Заявіла, што яна цяжарная і давядзецца інваліду плаціць васемнаццаць гадоў аліменты. Вось табе і жыццё.

- Ведаеш, Роза, каб не лічыцца распусным, я заўтра пакідаю гэты пакой і пайду куды-небудзь на прыватную кватэру.

- Смешны ты, Раман. Я ўбачыла тваю дзяўчыну і зразумела, што няма чаго мне падбірацца да тваёй душы. Будзь ты шчаслівы, ты заслужыў гэта. Я вярнуся назад да той цёткі, дзе жыла раней, а ты заставайся тут.

- А ты ж мне даказвала, што ў распусных жанчын высакароднасці няма?

- Я не распусная. Ты вельмі трапна сказаў, што я некалі абкрадзеная, а цяпер у мяне нічога няма, і вось іншы раз я не баюся пусціць злодзея. Тым больш такога, каб не прынесці шкоды іншай сям'і.

- Твае бацькі загінулі?

- Так, - у Розы імгненна напружылася шыя і заторгаліся па ёй жылкі. Яна сцяла губы, заморгала павекамі, і з яе вачэй пакаціліся слёзы.

Кажуць, што чалавек выплаквае ўсе свае слёзы, але ж хоць Роза і наплакалася ў сваім жыцці, навучылася стрымліваць сябе, а вось цяпер не можа спыніцца. Слёзы бягуць, нібы з параненай бярозкі вясною сок.

Рамана заўсёды хвалявалі слёзы, у каго б яны ні з'яўляліся, ці ў дзіцяці, ці ў дарослага. На яго душу адразу ж клаўся адбіткам чалавечы боль. І ён сказаў:

- Будзем спаць, будзем спаць, мне шкада цябе, - і выключыў святло.

 

IX

 

Горад агаліўся і пачарнеў. Халодны снег толькі дзе-нідзе нясмела выглядваў з-пад іржавых блях, што злупіла вайна з дахаў дамоў, з-пад бетонных пліт, якія ляжалі на рэштках цагляных сцен, з-пад печаў згарэлых хат. У коміны печаў ныралі галкі, аблюбоўваючы сабе месца для гнязда, выцягвалі шыі з узлахмачаным пер'ем вароны і каргаталі: «Кіры-кірык-крэ-рыр...» Насцярожвалі гэтым саперніка і вабілі самку на вяселле. Толькі шпакі не турбаваліся за сваіх сябровак, ім не трэба было траціць сілы на бойкі за іх, яны ўдваіх шукалі кватэру для будучых птушанят. Іншы раз выганялі з доміка адзіночку, які згубіў сваю сяброўку недзе на доўгім шляху пералёту да родных мясцін. Ты адзіночка і дзяцей не павінен мець, прэч з кватэры. Лётай па агародах, шукай чарвякоў і еш іх сам. А пройдзе час, і знойдзеш сабе з нейчага маладога вывадка сяброўку. І ўся асалода кахання і клопаты аб працягу роду прыйдуць да цябе толькі ў наступным годзе.

Батальён, які складаўся з усяго асабістага саставу навучэнцаў тэхнікума, спыніўся каля вёскі, што была кіламетраў за сем ад горада. Тут вясна праяўляла сябе не так, як у горадзе, нават снегу не было дзе хавацца. Радаваў сэрца неабсяжны прастор. Тым больш што ўвесь ён ужо быў вызвалены ад чужынцаў. Здавалася нават, што ў тыя гады, калі зямля была пад акупацыяй, не так звонка спявалі жаўранкі, як цяпер. Сонейка свяціла цёпла, лёгкі ветрык дыхаў ад сожанскіх заліўных лугоў, нёс пахі травы і кветак. На поплаве над капытнікам, які зацвіў золатам, трапяталі белыя, падобныя на буйныя сняжынкі, матылькі, а дзе-нідзе між імі мітусіліся бледна-жоўтыя матылькі-канарэечнікі. Яны нібы купаліся ў вясновым паветры: то ляцелі бокам, то, мяняючы напрамак, уздымаліся ўгару, то адмысловымі ласкуткамі паласкаліся над зялёнай траўкай.

Абапал вёскі ў агародах, на полі ўжо корпаліся дзеці, жанчыны, старыя. Далёка на ўзгорку поўзаў трактар, крыху ніжэй некалькі пар коней цягалі плугі.

Да навучэнцаў падышла апранутая ў ватоўку вялікая, мужчынскага складу жанчына. І дзе яна так паспела загарэць, што нават аблупіўся нос і блішчала ружовая, маладая скурка на шчоках.

Раман падышоў да жанчыны.

- Хто ў вас тут галоўны? - запытала яна.

- Я - камандзір батальёна.

- О, дык гэта ў вас войска. А я - брыгадзір. Дзе ж ваш дырэктар?

- Вунь ён з выкладчыкамі ідзе, адсталі яны.

- Дзе ж з такімі арламі справяцца старыя. Добрая сіла, добрая. Праўду ваш дырэктар гаварыў, што вы мне за тыдзень увосень увесь ураджай збераце.

- Убяром, было б што.

- Што ж мы будзем рабіць цяпер? Факт той, што ў нас у рэзерве адзін слабенькі кульгавы конік. Я, праўда, вам адвяла пяць гектараў леташняга бульбоўніку, зямля тут мяккая, але баюся, што конік адзін плуга не пацягне. Бульбу зараз падвязём, гною няма. Дырэктар ваш сказаў мне, што сярод вас ёсць воіны, і таму я выдзеліла самы лепшы ўчастак у брыгадзе. Мяне калгаснікі былі не з'елі за зямлю. Але што ж - трэба і вас падтрымаць. Увосень будзеце есці сваю бульбу.

- Таварыш брыгадзір, - звярнуўся Раман да жанчыны, - я пазаўчора быў каля перадавой, там шмат бежанцаў, ніякіх коней няма, а людзі сеюць.

- Як жа яны сеюць?

- Шэсць жанчын у плуг і...

- Гэта ў прыфрантавых вёсках, а наша мясцовасць ужо далекавата ад фронту. Я гэтага не дазволю сваім жанчынам, ды і сама не хачу ўпрагацца. Там напэўна яшчэ няма МТСа, а ў нас ёсць, і трактар далі.

- Дайце нам пару плужкоў.

- Плужкі ў нас ёсць, цяглавай сілы не хапае.

- А ў нас яе залішне.

- Трэба ж яшчэ ўмець і араць.

- Ну, сялянскаму хлопцу гэта не навіна. Давайце бульбу, плугі, колькі будзе, пяць дык пяць. А коніка дайце якой-небудзь мнагадзетнай салдатцы, няхай прысядзібны ўчастачак засее.

- Ха, малайчына ты, хлопец. Табе трэба дзеўку добрую пасватаць.

- Наконт дзевак не гаварыце, у мяне ёсць.

- У яго ёсць... Там гарадская, заморак які. У нас жа дзеўкі як на падбор, поўныя, здаровыя. Во баба будзе, калі палюбіш, - засмяялася брыгадзір. - Пойдзем.

- А мне жонку ў плуг не запрагаць. Хопіць таго, што маці цягае, - ужо на хаду сказаў Раман.

- Я пажартавала, выбіраць дзеўку ваша справа.

Дырэктар з выкладчыкамі ўжо былі на месцы, калі хлопцы прынеслі плугі і падвезлі бульбу. Хуценька да валькоў прычапілі цягі, і аратыя нагатове. Першую баразну ўзяўся пракласці Раман, у яго плуг упрэглася восем хлопцаў.

- Пачакайце, пачакайце, што гэта - араць будзеце на сабе? - разгублена гаварыў Даніла Гаўрылавіч і глядзеў на поле.

Ён яшчэ не ўвайшоў у курс справы, і ў яго мільганула думка, што заўтра яго могуць выклікаць у райком і накласці спагнанне за такое выкарыстанне навучэнцаў або, чаго добрага, з'явіцца фельетон у газеце, дзе распішуць такое адкрыццё дырэктара.

- Я не дазваляю, не дазваляю. Зімін, гэта ты так выдумаў?

- Не, Даніла Гаўрылавіч, я быў бы рады такой вынаходлівасці, але да мяне ўжо прыдумалі гэта людзі ў нас, у Беларусі. Вы праедзьце ў бок фронту, толькі белыя хусцінкі і мільгаюць у плугах, а інваліды або старыя мужчыны аруць. Араць таксама трэба ўмець.

- Ты кажаш, па Беларусі, жанчыны, - астываў, але яшчэ ніяк не супакойваўся дырэктар. - Далібог, колькі год пражыў, а такога не бачыў, каб жанчыны плугі цягалі.

- А што рабіць? Зямлі не ляжаць жа пустой. Гарматы таксама цягаюць машыны, а бывае дзе трэба - валакуць на сабе салдаты.

- Але ж не жанчыны, - апусціў плечы Даніла Гаўрылавіч.

- І мы не жанчыны, а ўчарашнія і заўтрашнія салдаты. Людзі нашы здольны на такія адкрыцці, каб хутчэй будаваць, уздымаць зямлю.

Даніла Гаўрылавіч успомніў, як у райкоме партыі ён расказваў пра свайго камсорга, які зрабіў выбух, каб хутчэй нарыхтаваць цэглу, і трапіў пад арышт. Там смяяліся і гаварылі, што нельга было яго арыштоўваць, напэўна, і за ворыва не будуць папракаць. Даніла Гаўрылавіч усміхнуўся.

- Давайце, - махнуў ён рукой.

Жанчыны-выкладчыцы хуценька падвязалі фартухі, напоўнілі іх бульбай і гуськом пайшлі па барознах.

Але яшчэ не скора на свежае ворыва прыляцелі гракі, каб пахадзіць услед за плугам ды давыбіраць тлустыя лічынкі хрушчоў. Птушкі здалёк заўважаюць трактар або коней на полі, а такое ворыва для іх яшчэ непрывычная з'ява, і яны прыляцелі тады, калі заўважылі вялікую плаху раллі. І то спачатку садзіліся і назіралі за групай людзей здалёк, а потым толькі падляталі на свежапракладзеную баразну.

За два дні навучэнцы пасадзілі бульбу на сваім участку і перакінуліся на будоўлю новага тэхнікума, якой кіраваў адзіны прараб - сухенькі стары чалавек, што добра разбіраўся ў чарцяжах будынка, які трэба было ўзвесці пад тэхнікум. Адно ён баяўся міны, снарада, якія маглі застацца ў зямлі. У час раскопкі траншэі пад фундамент варта было хлопцу бразнуць па нечым рыдлёўкай, як прараб адскокваў убок і кідаўся на зямлю.

Аднойчы прараб расказаў Раману пра сваё жыццё. Стары доўгі час сядзеў у фашысцкім засценку, і яго нават ганялі на чыгунку, на дарогі здымаць міны, якія ставілі партызаны. Трапляліся міны, пастаўленыя на баявы ўзвод, і варта было такую міну крануць, як яна ўзрывалася. Фашысты прымушалі нашых людзей, ці, як яны называлі, «смертнікаў», здымаць такія міны. Аднойчы немцы пагналі і старога на чыгунку, паказалі, у якім месцы міна, а самі адышліся ўбок. Стары адламаў доўгую бярэзіну ў абсадцы каля чыгункі, каб ёю спачатку падкалупнуць міну. Заўважылі гэта гітлераўцы і той бярэзінай збілі старога да паўсмерці. Як гэта так ён зламаў у абсадцы дрэва?.. І калі стары рукамі разгроб зямлю, дык заўважыў, што гэта крот падняў кучу пяску. Але стары прызнаўся, што цяпер у яго з'явілася такая хвароба, калі дзе ўбачыць кучку зямлі або дзынкне пад ломам жалеза, яго адразу нібы электрычным токам б'е па галаве.

Пасля гэтай гутаркі Раман ставіўся да яго з павагай і катэгарычна забараніў хлопцам кпіць са старога чалавека.

Кожны дзень пасля заняткаў хлопцы ішлі на будаўніцтва тэхнікума. Сцены яго раслі. Раман жыў добра, атрымліваў дадатковую картачку як будаўнік.

На гэты раз, прыйшоўшы з работы, не рыхтаваў, як звычайна, сабе вячэру, а пачаў збірацца ў госці. Рамана запрасіў яго лепшы сябар партызан Хведар на дзень нараджэння. Сябар прызнаўся, што нават забыўся пра гэты дзень, але неяк жонцы Марыне расказаў, што нарадзіўся па дарозе ў горад у маленькай вёсцы перад Вялікаднем. І яна сказала, што пагэтаму ён, Хведар, вельмі шчаслівы.

Раман задумаўся, які ж падарунак занесці сябру. Кансервы - гэта яму не падарунак. Вось калі той яшчэ не меў жонкі - гэта, бадай, быў бы самы лепшы яму падарунак. Кветкі? Ён не жанчына. Ну, няма нічога. І вырашыў Раман прысвяціць Хведару верш.

Праз гадзіну атрымаўся верш. Раман вырваў з сшытка два лісткі паперы, акуратна перапісаў верш, паклаў у кішэню і хуценька пайшоў.

Хведарава трыццацігадовая жонка ведала, што Раман быў супраць жаніцьбы свайго сябра, але, нягледзячы на гэта, яна прадыктавала мужу, каго запрасіць. І, як прызнаўся Хведар, на першым плане стаяў Раман. Ён крыху здзіўляўся такому павароту справы, бо, калі атрымліваў стыпендыю ці так чаго забягаў у бухгалтэрыю, яна да Рамана ставілася пагардліва. З якой мэтай жонка сябра запрасіла Рамана, ён не мог уявіць.

Калі Раман зайшоў у кватэру, стол ужо, як кажуць, ламаўся ад закусак і бутэлек самагонкі. Кінулася ў вочы, што з навучэнцаў былі запрошаны толькі тыя, якія ажаніліся з прадаўцамі крамаў, паварамі. Былі яшчэ дзве дзяўчыны. Марына прапанавала Раману пазнаёміцца з жонкамі Хведаравых таварышаў і з дзяўчатамі.

- А з вамі мы знаёмы, - сказаў Раман, калі чарга дайшла да высокай чарнявай дзяўчыны.

- Не зусім, мяне завуць Ліля, а вас?

- Раман. Прабачце, але я на самай справе падумаў, што вы помніце мяне па вечары ў педінстытуце. Гэта здараецца часамі са мной.

- А якая ў вас думка наконт жаночай прыгажосці?

- Ну якая? Мне дзяўчына можа падабацца, а другому - не.

- О, тады вы нічога не разумееце ў гэтым...

Раман зразумеў, на што намякае дзяўчына. Яна лічыцца зоркай прыгажосці ў педінстытуце, а Раман лічыць лепшай першакурсніцу Надзю. Ліля адразу ж і дала зразумець, што яго разуменне прыгажосці ідзе ўразрэз з многімі. Другая дзяўчына Рая была прадаўцом у краме і таксама бачыла Рамана. Яна прасіла Лілю пазнаёміць яе з ім. Цяпер Рая стаяла моўчкі збоку і прыслухоўвалася да размовы Рамана з Ліляй. А Ліля зноў наступала.

- Вас ледзь не ўсе дзяўчаты ведаюць у горадзе, але гэта пакуль што.

- Чаму? - усміхнуўся Раман.

- Як толькі вернуцца ўсе з вайны, дык вашы акцыі ўпадуць.

- Я пытаю, чаму мяне ведаюць?

- А як жа, вы ходзіце збоку і камандуеце ўсімі студэнтамі. А дзяўчаты камандзіра заўсёды хутчэй заўважаюць. Паспрабуй там разбярыся ва ўсіх вашых хлопцах астатніх. А нашы студэнткі прыходзяць і расказваюць, што бачылі, як маршыравалі рачнікі, а збоку які... А я ўжо ведаю, каго яны маюць на ўвазе.

- Затое я гэтага не ведаў.

- Вы з нашай студэнткай дружыце?

- А што?

- Яна напэўна баіцца вас у наш інстытут запрашаць.

- Гэта я баюся на вашы вечары яе пускаць.

- Так, за ёй там ухлёстваюць.

У Рамана ёкнула сэрца, але ён са спакойным выглядам сказаў:

- Чаму ж не за вамі?

- Мне яны не падабаюцца.

- Зразумела, такой дзяўчыне, як вы, няма чаго баяцца. У вас заўсёды хлопец будзе.

- Вы разумееце, што такія заявы мяне злуюць. Дзе з кім ні сустрэнуся, кожны думае, што ў мяне многа хлопцаў, па-сапраўднаму мяне яшчэ ніхто не кахаў.

Гаспадары запрасілі за стол. Ліля села побач з Раманам, а Рая села з другога боку, насупраць. Раман нахіліўся да Лілі і прашаптаў:

- Вас баяцца кахаць. Той, хто не пабаіцца, яшчэ на вайне.

- Вы таксама баіцеся?

- Не, я ж ваяваў. Бывае, што да прыгожай дзяўчыны страшней падысці, чым кінуцца на ўзброенага немца. Але ў мяне такіх пачуццяў цяпер няма.

- Цікава, да каго ж яны ў вас такія былі.

- Уявіце сабе, што да вашай студэнткі, Галубкі.

- Гэта вы так яе завяце?

- Так назваў. А што - не адпавядае назва?

- Дык хто тады я, па-вашаму, варона? - засмяялася Ліля.

- Вас яшчэ не так назавуць, не Галубкай, а яшчэ лепшае слова нехта знойдзе.

- Чорт пабяры, дык калі гэта, хто?!

- Таварышы, - устала гаспадыня, - падымем чаркі.

- За імянінніка! За імянінніка!.. - загучалі галасы.

- Паважаныя таварышы, з выпадку дня нараджэння майго лепшага сябра Хведара я прысвяціў яму верш. Прабачце, калі ў ім што не так, я не паэт.

 

Родился сын в двадцать шестом,

Не в городе столичном,

А в малом домике чужом

Под шестоком кирпичным...

 

Калі Раман скончыў чытаць, усе заапладзіравалі, нехта нават крыкнуў: «Ура!» Марына была не надта задаволена першым радком верша. Раман у ім дакладна назваў год нараджэння Хведара. Яна нікому не гаворыць, з якога года яе муж. А Хведару верш спадабаўся. Ён устаў і сказаў:

- Я ўжо сумняваюся, што Раман мой сябар, а не хросны бацька. Гэта вы не ведаеце, а ў вершы пераданы ўсе абставіны майго нараджэння. Так, па крайняй меры, мне маці расказвала. Дзякую за верш, дзякую.

- Я гэты верш перапішу. Вы назіральны чалавек, добра пішаце. Прысвяціце і мне верш, - сказала Ліля.

- Трэба, каб вы мне са свайго жыцця што-небудзь цікавае расказалі.

- У мяне нічога не было цікавага. Я яшчэ нікога не кахала. А вось вы спадабаліся мне.

- І чаму гэта чалавек, калі вып'е, у большасці сваёй прызнаецца свайму суседу, што той падабаецца яму. Падабацца - адно, а кахаць - іншае.

- Я не ведаю гэтай розніцы, але з вамі прыемна быць разам.

- Вы паўтараеце словы адной маёй знаёмай. Я не хачу дапускаць думкі, што вы такая, бо ў той было зусім іншае жыццё.

- Якая я? - схамянулася Ліля.

- Сказаць?

- Гаварыце.

- З абкрадзенымі пачуццямі, - на вуха сказаў Раман.

- Яны яшчэ ў мяне нікім не кранутыя.

- Гэта добра, хаця не, кахаць лепш, чым быць каханым.

- Праўда, бо мяне кахалі, а мне ад гэтага было толькі надакучліва і смешна.

- Ну вось, дык і я не хачу, каб вам было смешна. Вы проста сэрцаедка, як толькі дабіваецеся, што хтосьці закахаецца, вас ён ужо не цікавіць. І гэтым хлопцу прыносіце вялікі душэўны боль.

- Адкуль вы гэта ўсё ведаеце, з вамі было такое?

- Не, але думаю, што можа падобнае быць, варта толькі сустрэць такую дзяўчыну.

- Гм, з вамі не здарыцца гэтага.

- Самі сказалі, што хутка вернуцца з вайны арлы.

- Яны будуць для іншых, а да майго берага ніякі арол чамусьці не далятае.

- Бо на вашым беразе небяспечна і арлу садзіцца.

- Вось іменна - арол, як вы кажаце, баіцца, а які-небудзь абшчыпаны певень - не.

- Так і я думаю, лепш мне вас баяцца і лунаць арлом, чым упадобіцца пеўню, - усміхнуўся Раман.

- Вы не гэтага баіцеся, вы закаханыя ў Надзю. Шчаслівая...

- Вы нават і самой сабе пярэчыце. Я закаханы, а яна шчаслівая. Вы толькі сказалі, што такога «шчасця» ў вас многа было.

- Нічога вы не ведаеце або не хочаце ведаць... Мы ехалі з Марынай у Бранск, я да бацькоў, а яна да сваёй сястры. З размовы я даведалася, што яна ў рачным тэхнікуме працуе. Марына сказала, што вы сябар яе мужа. І я нават прызналася ёй... Гэта вы сэрцаед.

Раман усміхнуўся, а потым задумаўся, крыху засумаваў. Сядзеў бы ён вось тут з Надзяй, зусім іншае было б на душы. А так, хаця і сядзіць побач з прыгожай дзяўчынай, ведае, што перастрэлка з ёй вядзецца халастымі патронамі. Цікава, як адчуваюць сябе яго таварышы каля сваіх жонак? Яны тут утрох: Ваня, Пеця і Лёня. Ваня ўважліва адносіцца да сваёй. Ён малады і напэўна кахае сваю выбранніцу. Пецю жонка не дазваляе піць, і ён сядзіць сумнаваты. А расчырванелы Лёня то паглядвае маслянымі вачамі на Лілю, то хаваецца за плечы сваёй тлустай жонкі-повара і працягвае руку, каб крануць Раю, а тая паціху адсоўваецца са сваім крэслам ад яго жонкі. Лёнева жонка флегматычная, яна закусвае і не заўважае ўсяго гэтага. Толькі адзін раз кінула папрок Раі:

- Чаго ты ад'ехала ад мяне так далёка?

Рая прамаўчала і крышку пачырванела. Марына не спадзявалася, што на дзень нараджэння яе мужа можа прыйсці Ліля, і яна запрасіла Раю, каб пазнаёміць з Раманам. Рая сціплая дзяўчына, з няправільнымі рысамі твару, але вельмі сімпатычная. Галоўная вартасць Раі, з якой лічылася больш за ўсё Марына, - гэта яе дом і ў ім адна маці. Здавалася, што Марына толькі тым і займаецца, каб знаходзіць такіх нявест і зводзіць іх з навучэнцамі тэхнікума. Яна не асабліва была задаволена прыгажуняй Ліляй, на якую паглядвае нават і яе Хведар, і, як ёй здавалася, зайздросціць Раману. Ліля яшчэ выпіла, і яе самалюбства агалілася. Як гэта так, яна дачка такога бацькі, якога нават не пускалі ўсю вайну на фронт, а пасылалі толькі на вызваленую тэрыторыю наводзіць парадкі, а хлопец, які падабаецца ёй, з нейкай насмешкай адносіцца да яе.

Няхай толькі вызваляць Беларусь - бацьку накіруюць сюды, і Раман тады даведаецца, хто такая Ліля Козырава.

- І што вам падабаецца ў Надзі? Яна ж нейкая сіняя, заўсёды ёй холадна, трымціць, - трасучыся над сталом, перадражніла Ліля дзяўчыну.

- Са мной ёй не бывае холадна, - рэзка адказаў Раман.

- Вы пакрыўдзіліся, што я на вашу дзяўчыну так сказала.

- Так. Гаварыць мне кепска пра дзяўчыну, якую я люблю, значыць, крыўдзіць і мяне.

- А я хачу вас пакрыўдзіць!

- Мабыць, вам гэта звычна. Але, даруйце, любая ваша калючая шпілька для мяне будзе не больш чым камарыны ўкус. Ну, ды не будзем аб гэтым, тым больш за святочным сталом. Дарэчы, дзе вы жывяце? - пасля хвіліннай паўзы запытаўся Раман.

- Я думаю, што вы павінны валодаць элементарнай культурай, каб з вечара праводзіць знаёмую дзяўчыну дадому. Вось тады і ўбачыце. Я неаднойчы заўважала, як вы выходзілі з дому, я жыву амаль побач з вамі. Так што вам не будзе вялікіх цяжкасцей.

- Вы кепска падумалі пра мяне, што я толькі элементарнай культурай валодаю. Калі мне спадабаецца чалавек, я з ім магу на край свету ісці. Ды наогул неабавязкова маладому чалавеку вучыцца культуры ў іншых, раскладваць па паліцах: вось гэта добрае бяру, а гэта кепскае - не. Чалавек ад прыроды сваёй самая арганізаваная і разумная істота. Трэба толькі не ашукваць самога сябе і іншых і паводзіць сябе так, дзе тваё сумленне падказвае, што гэта добра будзе і для сябе і для іншых.

- А што, я не культурная, што, вам не падабаюся? - нібы прачнулася Ліля.

- Вы і прыгожая і культурная...

- Дык у чым жа справа?

Раман рассмяяўся:

- Вы хочаце, каб я прызнаўся ў каханні? Так? Але ж, зразумейце, я люблю Надзю і толькі яе, хаця яна, як вы кажаце, і баіцца холаду, дрыжыць...

Ліля адвярнулася, густа пачырванела.

Сталы вынеслі на кухню. Пеця ўзяў баян, правёў пальцамі па гузіках то ўніз, то ўверх. Раман сказаў Хведару, што баліць галава і яму трэба ісці дамоў.

- Увесь вечар многа гаварыў, а піў зусім мала. Шкада, што я далёка ад цябе сядзеў. У наш час, браце, трэба ўмела карыстацца момантам.

Ліля пацвердзіла, што галава баліць толькі з прычыны, якую выказаў Раманаў сябра. Хведар учапіўся за гэта і прымусіў Рамана з Ліляй пайсці на кухню, дзе наліў ім па чарцы першаку.

- Зараз, зараз у галаве пасвятлее.

- Ты распіўся тут, бачу, - заўважыў Раман.

- А як жа - мы з жоначкай кожны вечар па чарцы бяром.

- Сапраўды, у галаве пасвятлела, аж Ліля прыгажэйшай стала.

- Дык давай яшчэ выпі, - засмяялася яна.

- Баюся.

- Баішся, каб я такой, якая ў сапраўднасці ёсць, не паказалася табе?

- Я на цябе досыць нагледзеўся. Але паўтараю, я кахаю Надзю, толькі яе.

- Я злую, усе гавораць, што я прыгажэйшая. Хведар, пацвердзі.

- Я на месцы Рамана вас абедзвюх кахаў бы.

- А траіх ты не хацеў бы? - спытаў Раман.

- І траіх.

- Бачу я, што ў вашых галовах таксама стала светла. Столькі ў нашым тэхнікуме хлопцаў! А пажаніліся адзінкі. А там кожны з іх марыць знайсці па сэрцу прыгожую дзяўчыну. Многія цудоўныя хлопцы не ходзяць на вечары толькі таму, што чаравікаў няма або ёсць якія з вышчаранымі зубамі, дык у іх жа да Лілі не падступішся.

- Такому, як ты, я сама б купіла.

- Каб у мяне не было, дык ад дзяўчыны я ўсё роўна не ўзяў бы. Мне б дзяржава боты дала і ўсё абмундзіраванне. Гэта да рэвалюцыі за пасаг бралі ў жонкі, а потым той пасаг мужу бокам вылазіў. Мне бацькі расказвалі пра тагачаснае жыццё.

- Ты ж кажаш, чаравікаў няма, дык і кахання няма, - заўважыла Ліля.

- Усё гэта часовая з'ява. Ты мяне кахай у такіх чаравіках, якія ёсць, і не прапануй лепшых. Думаю, што хлопцы, якім даюць пасаг, сапсуюць сабе жыццё. Не вечна ж вайна будзе. Неўзабаве мы пераможам, і тады ўсё пераменіцца...

- Вось чаму ты Надзю і кахаеш, што яна не мае нічога, - скрывілася Ліля.

- У яе ёсць усё, для мяне яна самая багатая.

- І выпіў, а ўсё роўна ў яго не пасвятлела ў галаве. Пойдзем, Хведар, станцуем, а ён няхай уздыхае па сваёй Надзі.

Ліля заспявала і закружылася ў танцы.

Раман - ужо другі раз - пайшоў танцаваць з Раяй, і, калі пасля танца яны спыніліся, Лілі было непрыемна, што ён не падыходзіць да яе.

- Ты баішся нават патанцаваць са мной? - прыжмурыла яна чорныя вочы.

- Кінь. Давайце лепш усе разам спяем што-небудзь.

- А якая табе песня больш падабаецца? - запыталася Ліля.

- Гледзячы калі і дзе. У страі - «Свяшчэнная вайна». А дома, само сабой разумеецца, - «Студэнтачка». Пеця, сыграй «Студэнтачку».

Пеця шырока расцягнуў баян. Усе, дзе хто быў, заспявалі: «Студенточка, заря вечерняя, под липою я ожидал тебя...»

У Лілі голас быў нікуды не варты, яна проста крычала. І калі кончылі спяваць, Раман гучна засмяяўся:

- Ну, сябры мае, калі б мая бабуля пачула, як мы спяваем, дык сказала б, што гэта ваўкі за гарою жарабя дзяруць.

Ліля аблізвала губы і глядзела па баках, нібы шукала таго, хто гэта так дрэнна спяваў. Праўду кажуць, што людзі без музычнага слыху не адчуваюць таго, што яны, спяваючы, страшэнна фальшывяць. Раман пасаромеўся сказаць пра гэта Лілі.

 

У апошнія месяцы фашысцкія самалёты не рабілі налётаў на горад. Хутчэй за ўсё яны не маглі прарвацца сюды, бо на захад ад горада стаяла моцная зенітная заслона і часта чуваць было тахканне аўтаматычных гармат. Але ўсё роўна маскіроўка захоўвалася, як і раней. Ноч, а ні ў адным акне не заўважыш агеньчыка.

Раман з Ліляй ішлі з вечара разам.

- Ты ў гэтым доме жывеш? - запытаў Раман, калі Ліля спынілася ля кветніка і ў двары забрахаў сабака.

- Так, тут здымаю пакой дваццаць метраў, - мнагазначна адказала Ліля.

- На адну? І што рабіць у такім пакоі?

- Іншы раз бывае сумна.

- Зразумела, у вялікім пакоі адзін чалавек заўсёды адчувае, што нечага не хапае. А вось калі сядзіш у маленькім, звыкаешся з тым, што цябе абмяжоўваюць сценкі, і больш ніхто і нішто не патрэбны табе. Калі каго хочаш, дык трымаеш толькі ў душы.

- Ты і такому становішчу тлумачэнне знайшоў. Што з таго - трымаць у душы? Быць побач - іншая справа.

- Многа студэнтаў, можна сказаць, пакутуюць без жылля. Я сам колькі месяцаў жыў там, дзе і вучыўся. Спачатку яшчэ масціўся на скамейках, а потым закручваўся ў шынель і клаўся ў куток на падлогу, спаў. А ты б узяла сюды са дзве дзяўчыны, весялей было б.

- Навошта яны? У сваім пакоі што захачу, тое і раблю, сама сабе гаспадыня.

- І хлопцаў прыводзіш?

- Ніводзін яшчэ парога не пераступаў.

- Не дазваляеш заходзіць?

- Не, няма такіх, каго можна было б запрасіць.

- Добра, я цябе пазнаёмлю з хлопцам.

- Я такіх знаёмстваў не прызнаю. Перш павінна сама ўбачыць хлопца, а потым...

- Пры выпадку пакажу, - на развітанне сказаў Раман.

Не паспела Ліля адчыніць веснічкі, як паўз яе ногі шмыгануў невялікі сабака, гыркнуў і ўпіўся Раману ў нагу.

Ліля закрычала, і сабака кінуўся назад у двор.

Раман сагнуўся, падцягнуў калашыну, па назе ў чаравік пабег струменьчык крыві.

- Ай-яй-яй, гэта праз мяне ўсё. Я яго заб'ю, - залямантавала Ліля. - Табе баліць?

- Не, кепска вось, што штаны парваў. Добра хоць - не на знешнім баку, зацыраваць можна, і не будзе відаць.

Раман выняў з кішэні хустачку і выцер кроў.

- Ай, пойдзем у хату, я перавяжу. У мяне ёд ёсць.

- Хочаш, каб твой сабака мяне зусім раздзеў?

- Я пабягу навяжу яго. - Ліля пайшла ў двор, і чуваць было, як заскуголіў сабака.

Раман пайшоў за Ліляй у хату. Яна ўключыла святло і дастала з шафы кавалак ваты, марлю, ёд. На назе, ніжэй лыткі, былі дзве ранкі. Ліля прамакнула ватай кроў і даволі спрытна перавязала марляй нагу. Раман разагнуўся, уздыхнуў і агледзеў дзявочы пакой. Над ложкам, прымацаваныя да сценкі, блішчалі рэпрадукцыі нямецкіх паштовак, якія звычайна прапаноўваліся на базары лаўкачамі-прайдзісветамі, каб набыць лёгкую капейку. Раман не вытрымаў, устаў і падышоў да ложка. Побач стала Ліля. На паштоўках то саладжавыя, прылізаныя мужчыны цалавалі ў аголеныя грудзі жанчын, то воблакі абрамлялі контур вялізнага сэрца, праткнёнага стралой, то, хаваючы твары, ляжалі ў прыбярэжным пяску стомленыя бяссоннымі начамі жанчыны ў майтках і без іх.

- Прыгожыя, праўда? - сказала Ліля.

- Што ж, гэта справа такая - у каго які густ. Напрыклад, вось гэта паношанае цела можна параўнаць з падэшвамі маіх босых ног, калі я ў дзяцінстве часта бегаў па ржышчы і сенажаці. Тады так адшліфоўваў скуру, што яна не адчувала не толькі нічыйго дотыку, а нават шчэбеню. Звычайна я баяўся шчыкоткі, а пасля такой загартоўкі брат мяне колькі ні спрабаваў рассмяшыць, драпаючы па падэшвах, нічога не атрымлівалася, я нічога не адчуваў. Думаю, што такія жанчыны, як на тваіх карцінках, таксама ўжо не баяцца шчыкоткі, і яны мяне не цікавяць. Цьфу, - зморшчыўся і адвярнуўся ад сценкі Раман. - Дзякую табе за першую дапамогу, пайду спаць, хаця нага разбалелася.

- Гэта я вінаватая, прабач.

- Вось смешная, хіба ты мяне ўкусіла?

- Я не заўважыла, як ён выскачыў.

- Цяпер я паверу, што да цябе ніхто не заходзіць, калі ў двары такі злосны сабака.

Ён чуў, як шчоўкнула за ім зашчапка на дзвярах. Ціхенька прайшоў па двары, хаця сабака ўжо не абзываўся. Таксама ціха ўвайшоў і ў свой пакой. Розін ложак стаяў акуратна засланы. Яна ўжо тут не жыла.

«У Розы лепшая душа, чым у Лілі», - ужо ў пасцелі падумаў Раман.

 

X

 

Адышла пара жоўтых коцікаў на вербалозінах, патрэскаліся і разляцеліся па ветры доўгія махрынкі арэшніку, надламаліся валасатыя трубачкі-ножкі светла-сініх званочкаў сон-травы, адцвілі пралескі, і апалі белыя пялёсткі кураслепу.

Пікіруючы над лугам, адмыкалі крыльцамі бакасы, не ўказвае цяпер свайго месца вялікі вераценнік, які раскрываў доўгую дзюбу ў паветры і, наводзячы сум, крычаў: «Гэта-а, гэта-а, гэта-а...», адтрымцелі натапыранымі рознакаляровымі каўнерыкамі на такавішчах турухтанчыкі, адчуфыкалі, адбуркаталі цецерукі. Дрэвы ўжо выкінулі поўны ліст, нават старыя дубы і тыя стаялі ва ўсёй сваёй прыгажосці. Птушкі селі на гнёзды, а некаторыя ўжо мелі дзяцей.

Была нядзеля. Раман сядзеў у лодцы з закасанымі рукавамі цяльняшкі і веславаў супраць цячэння, каб высадзіцца на тым баку Сожа каля лесу. У носе лодкі на дошчачцы сядзела Надзя. Яна паставіла локаць на калена, падперла рукою падбародак і глядзела на Рамана...

Раман тады і не падумаў, што пакусаная сабакам нага з'явіцца першым неабвержным доказам яго нявернасці да Надзі. У інстытуце ўжо назаўтра было вядома, што Надзінага хлопца ўкусіў Лілін сабака. І сярод студэнтак бываюць пляткаркі. Як кажуць: не накармі, а дай для размовы повад. Яны і данеслі Надзі, што ўначы Раман ішоў да Лілі і ў двары на яго накінуўся сабака. Вось якія цяпер хлопцы, вер ім. І якая ў чалавека ні была б сціплая фантазія, а калі ён даведаецца што-небудзь з чужых вуснаў пра свайго каханага, яна запрацуе ў яго на поўную сілу. Ужо каторы дзень Надзя бачыла Рамана на Ліліным ложку з забінтаванай нагою. Але ж не падыдзе яна да Лілі і не запытае, дзе Раман. І адраса не ведае яго. У тэхнікум зайсці саромелася. Хоць і ганарліва яна праходзіла па калідоры міма Лілі, а ў душы было хоць плач. У суботу сустрэча, і Надзя паглядзіць на яго нагу. Яна набярэцца мужнасці і плюне яму ў твар. Няхай як ні будзе перажываць, але больш сустракацца з ім не стане. Гаварыў пра нейкае сумленне, а дзе яно ў яго? Можа, і дырэктар яго характарызаваў няправільна? Яна, дурніца, адразу паверыла. Трэба было тады не ісці на вечар, і на гэтым было б усё. Дык з-за яе ў прэзідыум не пайшоў. Няўжо ён думаў, што так усё абыдзецца і ён будзе сустракацца і з Ліляй і з ёй? Хаця не, а як жа на гэта Ліля глядзіць? Ну, няхай яна, Надзя, не ведала пра яго сувязі з Ліляй, а тая ж ведае ўсё. І, канечне, ён сказаў, што ў суботу не можа назначыць спаткання. Значыць, павінен тады ў нядзелю сустрэцца з Ліляй, а што ён будзе гаварыць ёй, Надзі? Як Раман будзе выкручвацца?..

Раман быў у надзвычай узнёслым настроі: яго маці з дзецьмі паехала ўжо недзе дадому. У тым лесе, дзе ён партызаніў, нашы салдаты злавілі нямецкага генерала, камандзіра арміі, якая змагалася супраць арміі Раманенкі. Нашы войскі таўкуць у «катле» пад Бабруйскам гітлераўскіх захопнікаў. Раман шкадаваў, што няма яго там. Лепш было б перамогу святкаваць не ў тыле Радзімы, а там, разам з атакуючымі воінамі. Раман і гэта выказаў Надзі. Яна слухала, а разам з тым думала, што заўтра ён гэтак жа радасна і натхнёна будзе расказваць пра падзеі на той зямлі, якую ён схадзіў уздоўж і ўпоперак, Лілі.

Яны перад гэтай прагулкай ішлі па алеі парку, і Надзя ўжо хацела яму напомніць пра Лілю, але сустрэўся Сарокін і павітаўся з ёй. Тут Раман зможа адразу запярэчыць, што ты, маўляў, не пра Лілю, а пра Сарокіна лепш гавары. І Надзя на нейкую хвіліну палічыла сябе вінаватай, што Сарокін некалі так абышоўся з Раманам. Але ж Сарокін дурань. Ён усё роўна хлопцу зробіць непрыемнасць. Як ён яшчэ твар Раману не знявечыў.

- Такая перамога, а ты штосьці сумная, Надзенька? - запытаў Раман.

- Я гляджу, што ты нібы сам пабываў у тым Бабруйскім «катле», кульгаеш, - хаця штучна, але ўсміхнулася Надзя.

- Пра гэта я табе ўсё раскажу.

Заставаўся ў Надзі толькі адзіны факт для праверкі сумленнасці Рамана: што ён скажа пра заўтрашні дзень. А Раману нібы падказала інтуіцыя. І калі дамаўляўся на развітанні аб наступнай сустрэчы, то сказаў, што хоча заўтра ўзяць лодку і правесці з Надзяй дзень на лузе.

Цяпер толькі Надзя вырашыла прызнацца Раману, што яна ведае пра яго сустрэчу з Ліляй. Раман хуткаранімы чалавек, і ў яго імгненна зашумела ў галаве. Здалося, што гойдаюцца дрэвы. Яму не сорамна было за сябе, а балюча за Надзю. Як яна, бедненькая, перажывала! Лепш бы ён тады адразу пайшоў з вечара, як толькі ўбачыў Лілю...

Тады Раман з Надзяй селі на абрывістым беразе Сожа. Унізе пад ветрыкам гойдаліся і хіліліся адна да адной бярозкі. Меншая хавала сваю вершаліну ў галінках большай, і здавалася, што гэта дзяўчына прыпадае да грудзей больш дужага хлопца. Яна то адхінецца ад яго, гляне ўгару, нібы што даказвае, заплача і зноў з ім сальецца.

- Міленькая мая, мне неяк балюча, што ты магла нядобра падумаць пра мяне, - загаварыў Раман.

- А як бы ты мог думаць на маім месцы?

- Але я табе ва ўсім веру.

- А я яшчэ толькі хачу верыць табе.

Надзя сказала і заўважыла, што ён не прытвараецца, яму сапраўды цяжка на душы, бо нават не датыкаецца да яе. Ён баіцца, каб Надзя не падумала, што такі-сякі лезе са сваімі пяшчотамі. Здавалася, каб была магчымасць, ён бы вывернуў душу і паказаў ёй. А так што, ён можа толькі паказаць ёй раны, дзе ўкусіў сабака. Але ён хацеў забыцца пра іх ды ўжо і забыўся, каб Надзя не сказала, што ён накульгвае.

- Ой, які ты для мяне быў усе гэтыя дні, а сустракала Лілю, дык не памятала, як праходзіла. А яна толькі ўбачыць мяне, адразу схамянецца і, нібы цыганка, чорнымі вачамі блісне і пайшла. Здаецца, каб у цябе былі чорныя вочы, дык я не любіла б цябе.

- А так... Я думаю, што ты ўжо і так не любіш.

- Няпраўда. Толькі думаю, няўжо заўсёды будзе гэтак цяжка цябе любіць. Ніякага спакою на душы. Іншы раз было, што хочацца чытаць канспекты, хочацца спяваць, а потым раптам баішся ісці ў інстытут, бо там зноў нешта пра цябе скажуць. Ведаеш, калі слухаю цябе - веру. Варта толькі застацца адной, як лезуць у галаву розныя думкі. Я з імі спрачаюся, многа пытанняў узнікае да цябе, папрокаў, а цяпер і няма нічога. Ну, Лілька тая, каб яна хадзіла па гары і сонца не бачыла. Трэба ж трапіць да Хведара. Я адна нізашто ў жыцці не пайшла б куды-небудзь. Праўда, я сама здагадвалася, што наўрад ці быў у яе поспех. Яна б спецыяльна расказала ўсім, каб адразу ўдарыць па мне. А так я і такі варыянт чула, што вам разам ісці і ты праводзіў яе да двара і ўжо развіталіся, калі сабака кінуўся да цябе. Яшчэ кепска, што Вера там вучыцца. Я ёй пра цябе асабліва нічога не расказваю, а вось яна, як толькі што пачуе пра цябе, адразу ж: «Ты глядзі, ты глядзі, які ён». Усё дапытвалася, ці цалуемся. Я гавару, што не, бо яна тады адразу маці раскажа.

- Добра, Надзенька, табе ўжо, напэўна, холадна, пойдзем. Я нацалаваўся з Ліляй, дык з табой цяпер не магу.

Раман сказаў гэта жартам, а Надзя адразу ж насцярожылася. Сапраўды, ён так любіць цалавацца, а сёння за ўвесь вечар і не памкнуўся. Можа, у яго сумленне загаварыла, што так нельга - то з адной, то з другой. Раман прапанаваў яшчэ зайсці на летнюю танцпляцоўку, якая раней дзейнічала толькі ўдзень, а сёння ўжо святломаскіроўка знятая, хаця лямпачкі свецяць слаба.

Хутка танцы закончыліся, і Раман з Надзяй пайшлі дадому.

Яны ішлі па вуліцы хутчэй звычайнага, і Раман нават не затрымаўся каля яе дома, а пайшоў да сябе. За ноч ён многа чаго перадумае і супакоіцца.

Прыйшоўшы дамоў, лёг у ложак, каб заснуць. Але сон не прыходзіў. Усё мроіўся сённяшні дзень.

Надзя плыве ў лодцы, глядзіць на моцныя Раманавы рукі, у яго вочы. Ёй хочацца ведаць не толькі тое, што ён гаворыць, але і тое, што думае. А ў Рамана добры настрой, галоўнае, што ён расказаў Надзі ўсё і не пакінуў у душы ні кроплі, што б турбавала яго. Можа, калі б не было ў яго такога выпадку з Розай, дык, чаго добрага, мог бы залішне выпіць і цалаваць Лілю. А так ён тады, на Хведаравым вечары, наструніў сябе, каб не дурманіць галаву гарэлкай і праз гэта не згубіць таго шчаслівага і радаснага кахання, якое з'явілася на яго жыццёвым шляху.

Раман спыняў лодку: то ля крутога берага ракі, дзе яны з Надзяй дзівіліся на высокую зялёную траву, якую ў глыбіні нахіліла і бесперапынна гойдала рыжаватая вада, то на водмелі, дзе назіралі за стройнымі чорнымі зуйкамі, якія паблісквалі белым падхвосцем, пераляталі і перабіралі ножкамі па жоўтым пяску. Ціха падплылі да скапы, якая сядзела на вытыркнутым ражне каля берага і, прытаіўшыся, падпільноўвала рыбу.

- Раман, гэта не каршун? - сказала Надзя.

- Не, гэта драпежнік, але ён не шкодны. Такі, як я, - усміхнуўся Раман.

- Не шкодны, а на рыбу палюе.

- Гэта рэдкая птушка, і яе шкода зусім нязначная.

- Як і твая, так? Калі адну рыбіну знішчыць з такой вялікай рэчкі, дык хіба гэта шкоднік? Рыбы ж многа? - з хітрынкай глядзела Надзя ў вочы Раману. - Давай тут выйдзем, глядзі, які прыгожы луг, лес блізка.

Адразу ж нос лодкі ўткнуўся ў бераг. Надзя скокнула, але няўдала - намачыла свой беленькі прарызінены тапак, які яна пафарбавала зубным парашком, ідучы на спатканне. Яна зморшчылася і паскакала на адной назе на траву. Яе паркалёвую сукенку ў жоўты гарошак лёгка крутануў прыбярэжны ветрык і загаліў вышэй каленяў. Надзя стала на ногі і прыціснула падол абедзвюма рукамі.

«А ўчора гаварыла, што яна мяне не саромеецца. Каб Ліля так сказала, я паверыў бы...» І тут жа Раману стала непрыемна, што ён зноў успомніў Лілю, праз якую ён і так паўночы не спаў. Раман усцягнуў лодку на бераг і пайшоў услед за Надзяй. Калі ступіў на луг, неабсяжны прасцяг яму нібы даў крылы. Ён паклаў на траву пакунак, кіцель, зняў чаравікі і пабег за Надзяй. Раптам яны апынуліся ля зарослага лілеямі і сітнякамі яра. Штосьці залапатала, Надзя напалохалася і адскочыла, а Раман прысеў і рукою клікаў яе.

- Гэта качка з маленькімі качанятамі. Бачыш, яна лопае крыламі нібы падстрэленая, вунь паплыла на сярэдзіну, а качаняты юркнулі ў ваду. Яны зараз не будуць выплываць на паверхню, а высунуць галоўкі, каб дыхаць, і так прасядзяць, пакуль старая не зробіць, як кажуць, адбою, што небяспека мінавала. Вунь крануўся лісточак лілеі, а за ім галоўка тырчыць. Качанё нас бачыць і, можа, нават першы раз у жыцці глядзіць на такіх дзіўных істот, іменна драпежнікаў, так яно і разумее, бо маці не ўздыме трывогі, калі нават сюды з'явіцца конь або карова.

- Я хацела табе так і сказаць, што не скапа драпежнік, а ты, - уважліва гледзячы на качанё, гаварыла Надзя.

- Усе звяры, птушкі і цябе лічаць драпежнікам, толькі я - не.

- Бо я і не драпежнік, нікога жывога не забіла.

- Якая ты добрая, але чалавека можаш забіць.

- Што ты мелеш?

- Варта табе сказаць, што ты мяне ненавідзіш - і ты мяне забіла. Мне лягчэй кулю паслаць сабе ў скроню, чым расстацца з табой. А хоць і не зраблю гэтага, дык буду жывым мерцвяком.

- Я пачала аналізаваць сябе, хто я такая, калі сустрэлася з табой. Увесь час толькі думала, хто мне сустрэнецца і які хлопец у мяне будзе. Я ніколі не думала, якая буду побач з ім.

Раман схапіў Надзю на рукі, закруціў яе і панёс назад да берага рэчкі.

- Адпусці, адпусці, табе цяжка.

- Мы ўдвух у блакаду па балоце выносілі станкавы кулямёт. Ты ў параўнанні з ім матылёк.

- Адпусці, а то за руку ўкушу.

- Кусай, нага пакусаная, дык няхай і рука будзе.

- Не, сапраўды, мой добры драпежнік, табе цяжка.

Раман паставіў Надзю на ўзгорку. Яна моўчкі пагладзіла яго па галаве.

- Глядзі, якая прыгажосць навокал!

Непадалёк ад рэчкі, ледзь абдымаючы луг на даляглядзе, маўкліва стаяў лес. Ён нібы любаваўся на заліты сонцам травяністы прасцяг, на далёкі вятрак, што ўзвышаўся за лугам, і чакаў, калі той узмахне крыламі, тады і ён не будзе маўчаць, а заспявае сваю адвечную песню.

Надзя разаслала на траву пасцілку, а Раман паклаў пад галаву кіцель.

- Чаго ты на краёк легла, сунься бліжэй, - падняў адну руку Раман.

- Мне і тут добра. Як гэта ляжаць побач з хлопцам?

- А ты ж гаварыла, шкада, што не бачыла партызанаў, а то пайшла б з імі. Там, міленькая, сама б ціснулася да мужчынскага боку.

- А што - там не было асобных па-а... - хацела сказаць «пакояў» і запнулася Надзя.

- Спалі дзе даводзілася, холад прыціснуў бы, дык пасярод мужчын легла б.

- Гэта страшней, чым ваяваць, - зноў задумалася яна. - Яшчэ б з табой...

- Ой, мая родненькая, са мной яна б не баялася. - Раман падсунуўся і абняў Надзю за плечы, а тварам прытуліўся да яе валасоў.

- Пусці, пусці, а то зусім устану.

- Пацалуй мяне, тады адпушчу. Што - саромеешся?

- Не, баюся ды і не ўмею.

- Хіба гэта трэба ўмець. Можа, і я не ўмею, а цалаваў цябе.

- Ну, ты недзе навучыўся. Напэўна, у партызанах. Хоць бы расказаў што-небудзь цікавае.

- Пра што?

- Пра тое, як некага цалаваў, ці пра баявы подзвіг.

- Было, што хацеў адну пацалаваць, але... - Раман падняў галаву і задуменна паглядзеў удалеч.

- Чаму але? - перапытала Надзя і сама дадала: - Напэўна, не такая дурная была, як я. Бо пацалункі маюць якуюсьці дзівосную сілу. Ты мне паказаў, што гэта значыць. А тая, напэўна, не захацела звязвацца з партызанам. Я ўяўляю, каб ты цяпер пайшоў у бой, я не вытрымала б. Ну як гэта было б, каб цябе забілі? А самой што?

- Фантазіруй, фантазіруй. А мне што? Люблю цябе, а тая загінула, якую хацеў пацалаваць.

- Раскажы.

Быў летні месяц сорак другога года. Дыверсійная група прыехала ў прыдняпроўскую вёсачку з сямі хатак - Картон. А паабапал яе раскінуўся стары бор. Маладыя хлопцы-партызаны на чале з Раманам спыніліся на адпачынак. З імі быў баяніст. «Палонны» - так яго звалі хлопцы. Ці таму, што ён з нямецкага палону ўцёк, ці таму, што яго забралі і прывезлі ў атрад разведчыкі ад жанчыны, у якой ён жыў. Іншы раз яго бралі з сабой дыверсанты, хаця на заданні пакуль што ён не хадзіў. Граў ён на баяне выключна. Не злазячы з калёсаў, баяніст зайграў. З усіх хат на музыку пачалі збягацца дзеці, падыходзіць старыя жанчыны. Раман глядзеў на людзей і раптам аж здзівіўся: каб у такой глухой вёсачцы была на рэдкасць такая прыгожая дзяўчынка. Ёй было тады гадоў пятнаццаць. Апранута яна была не па-сялянску. У цёмна-сінім шарсцяным плацці з чырвонымі коймачкамі на накладной кішэні, з якой тырчаў ражок белай насоўкі, на нагах туфлі на высокіх абцасах. Раман падышоў да яе, а з чаго пачаць размову - не знайшоўся, і ён выцягнуў у яе з кішэні насоўку.

- Вазьміце, - сказала дзяўчына і адступіла назад.

Раман якраз не пра гэта думаў, ён хацеў загаварыць з ёй.

- Не, не, мне не трэба. - Ён ступіў крок да яе.

- Я дару, а ад падарунка не адмаўляюцца.

- Я ж, як злодзей, выцягнуў сам.

Дзяўчынка ўзяла насоўку, патрымала крыху і паклала ў кішэню Раманавай гімнасцёркі.

- Цяпер вы будзеце памятаць, што я падарыла.

- Та-ак, буду памятаць.

Раман з баяністам пайшлі начаваць у тую хату, дзе жыла дзяўчынка. Лена, як называла яе гаспадыня, узяла баян і нядрэнна іграла. Нарадзілася і расла дзяўчынка ў Менску. Вучылася ў музычнай школе. А калі пачалася вайна, бацька надзеў вайсковую гімнасцёрку са шпаламі на пятліцах, забраў яе, маці, і яны паехалі на ўсход. На адной станцыі наляцеў фашысцкі самалёт. Маці тады загінула. Бацька пайшоў далей на ўсход, а Лена засталася ў Картоне.

У Рамана тады закруцілася ў галаве. Закончыцца вайна, Лена падрасце, сам ён за гэты час узмужае і яе не пакіне. У Лены нікога няма, ніякай радні. У тую ноч Раман з ёй прагутарыў да раніцы. Ён дамовіўся, што яна пяройдзе ў вёску да Раманавай маці. Вось толькі пагаворыць з маці, раскажа ёй, што дзяўчынка сірата, і тая згодзіцца, яна душэўны і жаласлівы чалавек.

Прайшло тыдні два. Раман з'ездзіў да маці, запэўніў яе, што Лена сумленная дзяўчынка, і дамовіўся, каб яна жыла ў іх. Цяпер ён ехаў верхам на кані ў Картон задаволены. А хлопцы яго засталіся ў лесе. Яны са снарадаў выплавяць тол і ўвечары прыедуць у Картон на калёсах і забяруць Лену.

Раман спешыўся каля хаты, дзе жыла Лена. Каня ўвёў у двор. Лена сустрэла Рамана на парозе ў сенцах і паведаміла, што ў іх абедаюць двое партызан-разведчыкаў, якія ўбачылі Рамана праз акно і сказалі, што ведаюць яго.

- Я сам буду з тваёй гаспадыняй гаварыць. Скажу, што ты паедзеш у атрад, а там на самалёце паляціш на Вялікую зямлю.

- А што гэта за «Вялікая зямля»? - шэптам запытала Лена.

- Гэта - Савецкі Саюз.

- Ведаеш, як я пакутую тут. За тое, што я адзелася тады і выйшла да вас, яна ледзь мяне не з'ела. А чаго, я сама не ведаю. Хутчэй бы мне адсюль вырвацца. Ніхто не ведае, адна я, што прыязджаў да гаспадыні яе брат з Менска. Ён там вялікая шышка ў немцаў. Я не спала і падслухала. Яшчэ ён гаварыў, каб яна мяне трымала, як камісараву дачку, затое яе не зачэпяць бандыты. Гэта ён вас так называў.

- Зразумела, ціха. Пойдзем у хату, - апошнія два словы Раман сказаў гучна.

За сталом сядзелі знаёмыя Раману партызаны. Перад імі стаяла бутэлька з недапітай самагонкай. Гаспадыня корпалася ў парозе каля печы. Раман прывітаўся.

- Цешча жывая, якраз трапіў у час, а то мы б дапілі, - сказаў адзін з партызан.

- Нічога, нічога, скажы, Раман, што для цябе знойдзецца. Гэта ж зяць мой будзе, - хітра бліскала вачамі гаспадыня.

- У вас жа дачкі няма, - прабасіў усё той жа партызан.

- А як жа, а гэта, - яна паказала рукой на Лену.

- Яна не ваша, - сказаў другі.

- Ну і што? Прыёмная, а я ёй усё роўна як маці.

Раман маўчаў з нейкім гнятучым прадчуваннем. Здавалася, забраў бы Лену і паехаў адсюль, але ж трэба хлопцаў чакаць. А Лена не зводзіла з яго вачэй. Яна глядзела, як ён паставіў каля грубкі аўтамат, глядзела, як ён расшпіліў каўнер гімнасцёркі і сеў на лаве каля краю стала. Здавалася, што яна хоча нешта яму сказаць. Але ўмомант адскочыла і села паблізу Рамана, калі гаспадыня буркнула, чаго яна снуе пад нагамі.

- Вось і паўлітэрка зяцю, - ставячы бутэльку на стол, сказала гаспадыня.

- Не, я не п'ю, забярыце яе назад, - адказаў Раман і мелькам глянуў на Лену.

Дзяўчынка з нейкай пакрыўджанай радасцю глядзела на гаспадыню, і яе позірк нібы гаварыў: «Глядзі вось, які ён, бутэлькай не купіш...»

Але другі разведчык узяў бутэльку і пачаў разліваць у шклянкі.

- Раману штрафная.

- Што ты, Іван, запытай у Міколы, мы з ім не адзін раз былі за сталом, я не п'ю.

- Ну, выпі, ты ж у цешчы, - не адставала гаспадыня.

- Цешча ж павінна быць задаволена, што зяць не п'е.

- Давай, давай, і я з табой вып'ю. Лена, давай падтрымай кампанію, бо я зараз пайду на поле палоць бульбу, а ты будзеш карміць тут Рамана. Гэтых хлопцаў пакладзі спаць, яны выпілі ды і стаміліся.

- Не, мы будзем піць і смяяцца, як дзеці, - зацягнуў Іван.

- Што ты нясеш, пець, а не піць, - паправіў Мікола. - Дзеці не п'юць.

- А гэта вось яшчэ дзеці, - Іван абняў Рамана. - Зайздрошчу я табе. Каб такія ўсе хлопцы былі, як ты, на нашай зямлі, дык мы б далі дыхту немцам у Беларусі.

Гаспадыня неяк непрыкметна знікла з хаты. Раман з'еў кавалачак сала і выпіў шклянку малака. Лена запрашала яшчэ есці, але ён не хацеў. Раман думаў, што прыедуць хлопцы і ён нават ім не скажа, куды паедзе Лена. А скажа, каб яна забрала свае манаткі і ішла да іншай хаткі. Бо рана ці позна гэта жанчына яе загубіць. Яна хоча пакуль што прыкрывацца дачкой камісара. Раман са спачуваннем глядзеў на Лену. Па дарозе ён думаў, што абавязкова пацалуе яе сёння. Які ён будзе, гэты першы пацалунак у яго і яе жыцці? Але адразу ўсё разбурылася, і настрой знік. Цяпер зусім не час лезці да яе, яшчэ, чаго добрага, напалохаецца і не паедзе з ім. Ён гэта зробіць дома. Маці не будзе ведаць, ніхто, а яна будзе яго назаўсёды. Прагоняць фашыстаў, і яны паедуць разам вучыцца. І тады ён маці скажа дзякуй, што дапамагла ўзрасціць яму жонку.

- Слухай, Лена, а дзе гаспадыня? Можа б, яна яшчэ паўлітэрку дала. Мы тую ноч не спалі, а сёння ў глухамані гэтай можна і адпачыць, - сказаў Іван.

- У глухамані? Тут менш за тры вярсты да нямецкага гарнізона. Скажы, што яны сюды амаль не наведваюцца. Тут нават ніякага соцкага няма. Немцы і паліцаі ездзяць па вёсках і праз сваіх стаўленнікаў кіруюць, а што тут ім рабіць? Праўда, Мікола? - звярнуўся Раман да разведчыка, які, седзячы, драмаў.

- Гаспадыня, гаспадыня пакінула адну Лену і не пабаялася. А калі Раман размаўляў з яе Ленкай за дзвярамі, дык да шчылінкі пад клямкай вуха прыкладвала. А можа, ты там Лену і пацалаваў? Чаму гаспадыня цябе зяцем назвала, а не мяне? Падслухала штосьці, падслухала, - гаварыў Іван.

Лена сціснула руку ў кулачок, другой рукой абхапіла і прытуліла яго да грудзей і збянтэжана глядзела на Рамана.

- Іван, Мікола, вы ведаеце, што гэта гаспадыня сястра во...

Расчыніліся насцеж дзверы, і ў хату ўскочыў паліцай Грыбоўскі.

- Рукі ўгару! - зароў паліцай.

- Ай-й! - крыкнула Лена і кінулася на дула аўтамата.

- Бальшавіцкая кроў, не падха...

«Тр-р-р...» Змяшаліся дым, кроў, гільзы, шкло. Яшчэ Лена не ўпала, і Раман за яе плячамі шмыгануў за грубку, Іван кінуўся ў акно і быў зрэзаны той жа чаргой, што і Лена, Мікола нырнуў пад стол. Другая чарга адсекла вугал грубкі, але Раман паспеў высунуць дула аўтамата і пусціць доўгую чаргу ў жывот Грыбоўскаму. Затым пераскочыў цераз яго і кінуўся ў сенцы. Там тварам у твар сутыкнуўся яшчэ з адным паліцэйскім. Той стрэліў першым і трапіў Раману ў руку, але пакуль ён перазараджаў вінтоўку, Раман змог націснуць спускавы кручок аўтамата, і паліцэйскі ўпаў, як сноп. Раман асцярожна паглядзеў за вуглы хаты. Выскачыў Мікола ўжо з аўтаматам Грыбоўскага.

Раман адчапіў каня і кінуўся да веснічак, але тут жа заўважыў, як з-за крайняй хаты вёсачкі выскачыла многа немцаў. Ён хуценька павярнуўся, вывеў каня за хлеў і ўскочыў у сядло.

- Давай хутчэй! Сядай ззаду!

Мікола адразу стаў цвярозы. Нібы вавёрка, спрытна ўзлез на каня. Яны паехалі рыссю па мяжы за вішняком да лесу.

Стрэлаў было не чуваць. Раман азірнуўся. Пагоні не было.

- Давай я перавяжу табе руку, а то з крыві сыдзеш, - сказаў Мікола.

- А чым?

Мікола падняў сваю верхнюю сарочку і са сподняй адарваў вялікі кавалак матэрыі. У лесе Раман спыніў каня. Куля прайшла ніжэй локця па мякаці, не зачапіўшы косці. Раман дастаў з кішэні гімнасцёркі хустачку.

- На, спачатку прылажы вось гэту, яна чысценькая. Ай, Лена, Леначка, - моршчыўся Раман.

- Ён ёй секануў прама ў твар, - сказаў Мікола.

- Я толькі зразумеў, як на мяне пырснула яе кроў. Каб не Лена, ён бы нас усіх пасек. Ён думаў, што можа хто з нас на яго кінуцца, але такога не чакаў, каб аўтамат засланіла дзяўчынка, і крыху разгубіўся, празяваў мяне. Пакажы аўтамат, а сваю ржавую ты кінуў?

- Так.

- Гэта аўтамат дэсантніка. Значыць, яго Грыбоўскі забіў. Глядзі, выпуск адзін - 1942. Фрыцы лепшаму ваяку нават свайго аўтамата не далі, хаця для Грыбоўскага і гэты аўтамат - гонар. Я Грыбоўскага яшчэ да партызанаў бачыў у сваёй вёсцы. Ён трымаў за ствол таксама нашу вінтоўку і ішоў па вуліцы, як з кіём. Трэба заехаць на дарогу і сустрэць сваіх хлопцаў. Піць смаліць.

Раман з Міколам зноў паехалі рыссю...

 

- Есці і ты напэўна захацела, а я загаварыўся. - Раман дастаў з-пад кіцеля скрутак. - Цяпер я адну картачку атаварваю, а па другой у сталовую хаджу. Ведаеш, я табе на гэты месяц аддам «Р-7», а мне «СП» застанецца.

- Не хачу пакуль што. Я пад уражаннем твайго расказу. Гэта так было ў партызанах з табою. Як жудасна! А дзе тая гаспадыня дзелася?

- Расстралялі. У яе на агародзе. - Надзя паглядзела на яго з нейкім своеасаблівым здзіўленнем, а ён працягваў: - У мяне апухла і пасінела рука, а я з групай не адыходзіў ад Картона. Нам ужо ўсё было пра яе вядома. Яна пабегла ў гарнізон і далажыла, што ў яе доме трое партызан п'юць гарэлку і што з імі збіраецца пайсці камсамолка Лена. Пра Лену ўжо ведалі ў нямецкім гарнізоне. Нават лічылі, што яе бацька-камісар недзе ездзіць па вёсках і арганізоўвае людзей на барацьбу з немцамі. Лену хацелі ўзяць заложніцай, але дакладна яшчэ не вызначылі след бацькі. Ды і брат гаспадыні наведваў гарнізон і там аб нечым дамовіўся. Ён быў нейкім прыхлёбнікам у гітлераўцаў.

Гітлераўцы хацелі самі расправіцца з намі, але вызваўся Грыбоўскі, які ўжо не аднаго партызана забіў. Грыбоўскі захапіў з сабой свайго лепшага паплечніка. На краі вёсачкі ён сказаў немцам, каб тыя пачакалі, а яны, маўляў, удвух прывядуць партызан. А што немцам лезці ў хату на ўзброеных партызан? Ідзіце. І ўрэшце яны справіліся выцягнуць толькі труп Грыбоўскага і паехалі. Мы ведалі, што яны не будуць ахоўваць гэтага дурня.

Карова прыйшла ў двор і раўла ўсю ноч нядоеная. Глядзім - на світанні чэша па загараддзі «мая цешча». Мы яе...

Зноў з ценем жаху паглядзела Надзя на Рамана. Яна думала, што чалавек, які забівае ў час вайны людзей з мэтай абароны сваёй краіны, робіцца чэрствым і бяздушным. Але не, наадварот, ён набывае высакароднасць. Таму што ён ведае цану жыцця. Не забіваў бы ворагаў, дык яны б знішчылі цэлыя народы, сцерлі б з твару зямлі і зусім ні ў чым не павінных людзей. У імя гэтага наш воін не лічыўся паставіць на вагі жыццё і смерць.

- Мне здаецца, што і цяпер табе нічога б не склала застрэліць чалавека? - сказала Надзя.

- Ой, міленькая, у мяне ўзнікае сумненне, ці пайшоў бы той малады чалавек на смерць за цябе, які недзе хаваецца пад печчу ад вайны, як бы ён ні кахаў цябе. А вось я не раздумваючы, пайшоў бы. Уяві на хвілінку, што вораг перамог. Ён усё роўна знішчыў бы дачку камісара Лену, няхай не знішчыў, дык зняважыў бы. І цябе таксама. Ты, думаеш, вучылася б у інстытуце? Не. І мяне не было б.

- О, я так не хачу, - ускрыкнула Надзя.

- Я зрабіў столькі, што магу лічыць, што адваяваў цябе ў захопнікаў для сябе. Не ў прамым сэнсе. Тут павінны выступаць на першы план асабістыя пачуцці.

- Ты ж есці хацеў, дык еш, а то толькі жуеш, - перабіла Надзя.

- Я ўжо гатовы, пад'еў.

- І што, многа ў цябе было такіх выпадкаў за той час, як ты ваяваў?

- Якіх? Што пацалаваць дзяўчыну хацеў? Дык то быў адзіны. А вось як я цябе хацеў пацалаваць адразу, і ў вусны, такога яшчэ не было. Пры размове варушыш імі, а я не магу, і, можа, заўважала - адступаў, бо варта было нахіліцца - і не ўтрымаўся б. Але баяўся, каб ты не пайшла. Бачыш, які я смелы?

- А цяпер?

- Цяпер таксама, але ўжо хачу, каб ты мяне пацалавала.

- Ты ваяваў і баяўся, а я не ваявала, - засмяялася Надзя. - Я яшчэ нават нікога не хацела пацалаваць.

- І мяне не хочаш?

- Калі-небудзь, можа, і скажу.

- Калі-небудзь і каму-небудзь, - уздыхнуў Раман. - Так, ад такога прызнання мне стане лепш. Будзеш з некім цалавацца і расказваць, што ты хацела мяне пацалаваць. Калі правесці аналогію, як атрымалася ў мяне, дык гэта так. Не, даражэнькая, цалуй мяне, дык, можа, потым не будзеш прызнавацца іншаму.

...Адышла дзённая спякота, і птушкі сталі больш рухомыя. Ужо з ценю цяцёрка выводзіла на жыраванне сваіх цецеранят, а саракапут не глытаў сам спайманых жучкоў, а лётаў у густы куст альшэўніку і карміў птушанят свежым кормам. З лесу цераз луг пацягнуў вялікі белакрылы голуб-вяхір на поле, каб там набіць валлякі зярнятамі, затым змяшаць іх са сваім малаком і адрыгваць кашку ў дзюбу малому.

А над лугам ужо залунаў ястраб-цецеравятнік, у засаду сеў перапялятнік, каб схапіць голуба. Ён не вінаваты, што яго так называюць, але ж перапёлак мала, дык ён не супраць паласавацца галубяцінай, ад якой не адмаўляюцца ні каршуны, ні ястрабы.

Адзіным паратункам для голуба служыць яго пер'е. Варта ястрабу ўчапіцца кіпцюрамі не за жывое цела, а за пер'е, як голуб нібы сам скідае яго са спіны і ўцякае аголены, бо крылы яго вельмі моцныя.

Дадому па хуткай плыні амаль не трэба было веславаць. Настрой быў узнёслы. І Раман упершыню тут пачуў Надзін голас. Яна заспявала ціха, і голас, такі прыемны, паліўся з глыбіні грудзей. Спачатку яна нібы спрабавала яго, без слоў, а потым узмацніла і закратала губамі: «Оля любіла раку, ноччу на ёй не баялась...»

Праменні заходзячага сонца больш ярка афарбавалі пясок абрывістых берагоў Сожа. Нібы сагнуліся і беглі насустрач лодцы па беразе кусточкі лазняку і ракітніку. Белае апярэнне чаек чырвоным адлівам паблісквала над вадою. Лодка зашуршэла на пясчаным беразе і стала.

 

XI

 

Поле было пустое, толькі дзе-нідзе выкінула свае каласкі жыта-самасейка ды выглядалі бела-сінія зорачкі бульбоўніку, што пабуяў на месцах леташніх капцоў. Зямля была спрасавана вайною ўшчэнт. Замест дарог віднеліся жоўтыя змеі траншэй, якія цягнуліся на кіламетры, а між імі акопы, акопы, варонкі ад бомбаў і снарадаў...

Вёска больш нагадвала вялізны лоўж, падобны на той, які складвалі нашы продкі, калі церабілі ляда. Хаты, што засталіся, былі ў прабоінах, куды, каб была, магла б без перашкоды зайсці свіння, дахі абваленыя, з-пад якіх тырчалі паламаныя жэрдкі і кроквы, закіданыя вершалінамі і голлем дрэў, нават у калодзежных жураўлёў і ў тых перабіты шыі. А вуліца, якая ўжо не мела абрысаў, зарасла лебядой, конскім шчаўем, гарчаком і палыном. Больш за ўсё яго было ля Раманавай хаты.

Усё гэта Раман убачыў, калі прыйшоў у вёску пасля таго, як яна ўжо перастала называцца пярэднім краем. Калі наблізіўся да сваёй хаты, пачуў плач маці з прычытаннямі: «А сыночак мо-ой, а ножкі мае, лепш бы ты быў маленькі, ды не ўмеў хадзіць...» Раман ужо ведаў пра няшчасце. Яго брат пайшоў у агарод, каб ускапаць градку і пасеяць турнэпс. Маці звычайна сеяла турнэпс летам, як сажне жыта. Да замаразкаў паспявалі сабраць нядрэнны ўраджай. Вось і цяпер яны хацелі так зрабіць. Бо не паедзе ж маці туды, за Дняпро, у такую далеч па бульбу, якую садзіла з жанчынамі, цягаючы на сабе плуг. У агародзе брат зачапіўся за дроцік, і ўзарвалася міна, пасекла яму ногі і жывот. Праз суткі ён памёр. Маці не хавала сына, а чакала, пакуль прыедзе Раман.

Раманавага брата занеслі на новыя могілкі і пахавалі каля радочка свежых магілак. Старыя могілкі былі зруйнаваны фронтам, і да іх людзі баяліся нават падыходзіць, бо на заходнім баку вёскі, дзе лічылася нейтральная паласа, было спляценне мін. І пад свежымі насыпанымі градкамі зямлі не было чалавека, які б памёр, як кажуць, сваёй смерцю. Двое хлапчукоў раскручвалі снарад каля вёскі, а астатнія трапілі на міны. І ўсіх пахавалі на новым могільніку.

Толькі цяпер Раман больш уважліва агледзеў хату. У адным кутку ад снарада абвалілася столь. Ён падлічыў, што ўсяго ў хату трапіла шэсць мін і снарадаў. Сценку з заходняга боку трэба было наогул перасыпаць. Хлява не было зусім. Салдаты яго разабралі і па бервяну перанеслі на балота, а там угацілі яго ў багну для пераходу танкаў. Гай, што стаяў паблізу вёскі, таксама пайшоў туды. «Міны, канечне, здымуць, ужо ў некаторыя вёскі сапёры прыехалі. А вось дзе ўзяць лесу, каб хоць крышку адрамантаваць на зіму хату?» - задумаўся Раман.

Не шанцуе ім. У мінулым годзе, калі цвілі сады, у гэтай хаце гітлеравец забіў Раманаву любімую бабулю. І ўсё праз тое, што яна была па нацыянальнасці палячка і добра размаўляла па-польску. Мова і падвяла яе. Бабуля расказвала Раману, як яна трапіла ў Беларусь, і ў яго памяці засталіся ўсе дэталі.

Яшчэ ў мінулым стагоддзі на беразе Віслы непадалёк ад Варшавы стаяў цудоўны маёнтак. Там у двараніна Лазоўскага і нарадзілася будучая Раманава бабуля - Фрося. Маладой дзяўчынай яна часта выходзіла на бераг Віслы і спявала: «На сярэбранай рацэ, на залатым пясочку, доўга дзеўкі маладой я шукаў слядочкаў...» І вось аднойчы да берага супраць маёнтка прысталі дубовыя плыты. З іх сышлі маладыя, дужыя хлопцы. Асабліва вылучаўся адзін сваёй статнай фігурай, загарэлым тварам і чорнымі, з сінім адлівам, нібы пер'е на шыі цецерука, валасамі. Фросі і прыглянуўся ён. Звалі яго Андрэй. Ён крыху мог гаварыць па-польску, таму што часта прыплываў туды з Беларусі. Ці з-за Фросі, ці з прычыны кепскага надвор'я, Андрэй з хлопцамі затрымаўся ў маёнтку Лазоўскіх. Бацькі лічылі сваю семнаццацігадовую Фросю яшчэ малой дзяўчынкай, дзіцем. І яны нават не заўважылі, як паміж беларусам Андрэем і паненкай узнікла моцнае каханне.

Толькі калі хлопцы на дубах адплылі ад берага, дзяўчына засумавала і прызналася маці, што яна закахалася ў Андрэя. Маці і слухаць не хацела, што вярзе яе дачка. На зваротным шляху Андрэй зноў забег у маёнтак, але Фрося хутчэй праводзіла яго і ўжо не спявала на беразе песню, а плакала, што іх разлучае такая далечыня. Андрэй паабяцаў, што ў наступным годзе з адкрыццём навігацыі ён зноў будзе спяшацца да яе. У дзяўчыны хутка знік сум, а спадзяванне на сустрэчу з Андрэем засталося.

Прыгожая дзяўчына расцвіла яшчэ больш. Затурбаваліся і бацькі, каб найлепш выдаць замуж сваю паненку. Яны наладзілі розныя сувязі, вазілі нават сваю дачку ў Варшаву на вечары. Маёнтак над Віслай пачалі наведваць гжэчныя, сталыя жаніхі. Але Фрося дзяўчына, як кажуць, з характарам, увесь час была незалежнай. Яна была з усімі ветлівая, але ў душы трымала толькі Андрэя. Калі, бывала, хто да яе датыкаўся, адразу ж адпрэчвала яго, з-за чаго з маці былі нярэдкія непрыемныя сутычкі.

Адна сур'ёзная спрэчка з бацькамі адбылася якраз перад прыездам Андрэя. Лазоўскія былі недзе ў Варшаве, калі Андрэй ступіў на парог маёнтка. Ён нібы асляпіў Фросю. Яна жмурылася, выцірала слёзы і гаварыла, што калі яшчэ яны на год разлучацца, дык яе аддадуць замуж. Андрэй разгубіўся, а яна ўгаворвала яго застацца дзе-небудзь у Варшаве і не вяртацца дадому. Андрэй завагаўся. Што ў яго на радзіме? Ну, бацька дасць кавалачак пясчанай зямлі на беразе Дняпра - і разжывайся сын з паненкаю. Застацца ў Варшаве, шукаць работу? А што ён умее? Апрача сілы няма нічога. І ўсё ж Андрэй пачаў угаворваць дзяўчыну паехаць з ім. Калі Фрося пераканалася, што Андрэй не застанецца, яна набралася мужнасці пакінуць маёнтак і паехаць з каханым чалавекам. Хто яго ведае, у чым большае шчасце: ці ў раскошы з нялюбым, ці ў горы з любімым чалавекам? Толькі вядома, што больш не вытрымліваюць першыя. А Фрося была шчаслівая - яна нарадзіла шасцёра дзяцей: трох сыноў і тры дачкі. І вось адна з іх - Раманава маці.

Толькі на старасці вайна разлучыла Фросю з Андрэем. Дзядуля якраз быў у свайго зяця, старшыні калгаса, камуніста, які да самага прыходу немцаў займаўся гаспадарчымі справамі, эвакуіраваў жывёлу на ўсход. Гітлераўцы наляцелі знянацку, і дзядуля разам з зяцем і дачкой ледзьве паспелі пераехаць цераз Дняпро і заехалі аж у Саратаў, за Волгу, а бабуля засталася з Раманавай маці.

Неяк зайшоў да іх у хату гітлеравец і загаварыў на змешанай беларуска-польскай мове. Бабуля з ім загаварыла па-польску. Гаманілі доўга. Гітлеравец прыкінуўся палякам і выказаў сваю нянавісць да савецкіх людзей. У бабулі тры сыны афіцэры на фронце. І яе вельмі зняважылі словы чалавека адной крыві. Яна выказала таму нянавісць да фашыстаў і сказала, што іх усё роўна чакае пагібель. Гітлеравец скрыгатнуў зубамі і сказаў:

- А ты ведаеш, што з гарышча твайго маёнтка мярзотнікі-палякі ў трыццаць дзевятым годзе забілі майго бацьку, палкоўніка. Я потым туды папрасіўся і столькі крыві пусціў... але думаю, што яна не адкупіла кроў майго фатэра. Сярод забітых мною быў і Лазоўскі. Я сын вялікай Германіі, а то быў твой брат. - І ён пусціў кулю з аўтамата ў грудзі старой Фросі.

Бабуля яшчэ паўдня была жывой і толькі на захадзе сонца закрыла вочы.

Раман, наплакаўшыся, стомлены дарогай, папрасіў маці, каб чаго падаслала на падлогу.

- Я пасцялю, сынок, але яшчэ рана, сонца не зайшло.

Раман ведаў перакананні маці, што калі ляжаш на захадзе сонца, дык сон будзе цяжкі. Яна нават ставіла ложак і слала пасцель, каб узгалоўе было на ўсход, маўляў, калі сонца ўсходзіць, яно падымае чалавека, тады лёгка ўставаць. Сцвярджала, што хвораму і параненаму чалавеку таксама значна цяжэй у час захаду сонца, чым раніцай. Раней хлопец гэтаму зусім не верыў, але назіранні і свой вопыт пацвердзілі довады маці. Сапраўды, паранены адчувае сябе горш увечары і ноччу, чым раніцай і ўдзень. Праўда, залежыць гэта ад сонца ці не, Раман не ведаў. І цяпер сын не пярэчыў маці. Ён сеў за стол, падпёр рукамі галаву і маўчаў. Маці паглядзела на сына і сама адступіла ад свайго пераканання. Паслала на канапе, якая была пасечана асколкамі, а замест ножкі пад яе была падстаўлена ржавая, з прагарэлым дном каструля. Сама маці лягла не скора. Яна хадзіла з кута ў кут, выходзіла на двор, стаяла падоўгу ля дзвярэй, нібы чакала каго. Сялянцы хацелася пачуць у сваім двары, як жуе жвачку карова, як рохкаюць свінні, галгочуць гусі, лапочуць крыламі куры, якія ўзлятаюць на седала, але нічога гэтага не было ў яе. Не было да чаго прыкласці рукі. Усе работы, якіх было процьма, былі мужчынскія. Трэба было адрамантаваць хату, збудаваць які-небудзь хляўчук, набыць парсючка або цялушку. Быў пры маці сынок, які ўжо мог тое-сёе зрабіць за мужчыну, дык і таго праглынула праклятая вайна. А Раман, можа, і пабудзе яшчэ з дзянёк, а далей нельга - экзамены трэба здаваць.

Калі лягла спаць маці, Раман не чуў. Разбудзіў яго пад раніцу якісьці грукат на падлозе. Гэта, нібы коні, гарцавалі пацукі. Раман расплюшчыў вочы і пачаў за імі назіраць. Хвастатыя істоты барабанілі косткай ці сухаром, адбіралі адна ў адной, кідаліся ў дзюрку пад падлогу, зноў выскоквалі. Раман устаў, і яны ўраз схаваліся. Ён знайшоў старую заваксаваную шчотку і заткнуў ёю дзюрку. Няхай хоць маці з сястрою паспяць. Але дзе там! Толькі лёг, яны зноў зачэкалі: «чэк-чэк-чэк...» і пачалі грызці шчоткі і падлогу побач з ёй. Раман ваяваў з імі да таго часу, пакуль зусім не развіднела. Толькі тады яны заціхлі недзе ў цёмных норах пад хатай. А ён ляжаў і думаў, што зрабіць сёння тут за дзень. Можна было б разабраць якія бліндажы ды прыцягнуць хоць некалькі бярвенняў, але ж падыходзіць да іх боязна, можна наткнуцца на міну. Зразумела, такія міны, на якой падарваўся брат, ён ведае і нават можа іх абясшкодзіць. Яны над зямлёю - на калках, а ад іх адыходзіць тоненькі нацягнуты дроцік, а вось тыя, што ў зямлі, без мінашукальніка або даўжэзнага штыра не знойдзеш. Раман палезе на дах і хоць крыху залатае яго, каб не так ужо ліло ў хату, калі ідзе дождж.

Маці ўстала і, заўважыўшы, што сын не спіць, падышла да яго і, гладзячы па валасах, напаўголаса спытала:

- Ну, як спалася, сынок?

Раман паклаў сваю цёплую далонь на яе руку:

- Добра, мама. Нават ніякіх сноў не бачыў. Спаў, як праваліўся. Думаю цяпер, чым дапамагчы табе?

- Трэба, каб ты пайшоў да Іванчукоў ды змалоў жыта крыху на жорнах.

- А я змагу? Пра жорны чуў, але ніколі не бачыў.

- Камень на камені. У верхнім ёсць дзюрачка, куды засыпаеш зерне, а затым круціш. Там вельмі проста, але сіла патрэбна і чаргу займаюць. Можа, цябе ўважаць.

Раман хуценька апрануўся, узяў торбачку з жытам і пайшоў. Праўда, яго прапусцілі аднавяскоўцы без чаргі. Ён не змалоў, а хутчэй падраў жыта, нібы на крупадзёрцы. «А на жорнах і не змелеш лепш», - растлумачылі яму.

Паснедаўшы, хлопец палез на гарышча. Адтуль вылез на дах, паадрываў з краёў гонту і пачаў латаць дзюркі. Раптам яго ўвагу прыкаваў да сябе чалавек, які крочыў па той жа зарослай дарозе, па якой прыйшоў і ён. Чалавек набліжаўся хутка, і ўжо можна было разгледзець, што ідзе з рэчавым мяшком за плячыма салдат.

«Бацька, няйнакш бацька», - ёкнула ў Раманавым сэрцы.

Салдат, задраўшы галаву, глядзеў на дах сваёй хаты і аж спатыкнуўся на варонках ад снарадаў.

«Бацька!» - не то выкрыкнуў, не то падумаў Раман і хутчэй палез уніз.

- Мама, бацька ідзе! - не зачыніўшы дзвярэй, крыкнуў Раман.

Тая толькі ўспляснула ў далоні.

А пры сустрэчы так расплакалася, што не магла суняцца. Бацька таксама не мог стрымаць слёз, але супакойваў маці.

- Кажаш, сынок падарваўся на міне? Што ж ты зробіш? Вайна не аднаго нашага забрала і забярэ яшчэ многіх.

- Бацька, ты назусім? - запытаў Раман.

- Так, сынок. Каб ты не наведаў мяне ды не пазнаёміўся з нашым зампалітам, то я, напэўна, яшчэ б не скора прыйшоў. Душэўны, добры ён чалавек... - Бацька паглядзеў удалеч з застыўшымі слязьмі на вачах, нібы ўбачыў маёра, і дадаў: - Добры вы чалавек.

Зампаліт ведаў кожнага салдата ў сваёй часці, ведаў, чым ён жыве, што ў яго дома. Пагаварыўшы з Раманам, ён неяк сустрэў яго бацьку і кажа:

- Твой сын ужо адваяваўся, а ты вось топаеш. Думаю накіраваць цябе на медкамісію, і паедзеш дамоў. Будуй хату, глядзі дзяцей.

- Таварыш маёр, вельмі б хацелася на Берлін шлях указваць. Я ж рэгуліроўшчык. А дома адзін хату не збудую, вярнуся ўжо разам з усімі, тады і будаваць будзем.

- Хату не збудуеш, дык хоць сям'ю абуеш, - хітра ўсміхнуўся маёр.

- У што гэта я іх абую? - крыху разгубіўшыся, Зімін глядзеў на маёра ўжо выцвілымі блакітнымі вачыма бывалага салдата.

- За пяць месяцаў, што мы тут стаім, у колькіх вёсках ты скуры вырабіў і ботаў нашыў? Ты думаеш - я не ведаю. Але маўчаў, думаў, няхай салдат робіць, людзі таксама босыя.

- А хто ж за мяне на КП стаяў?

- Ты і стаяў. Суткі аддзяжурыш, а на двое ў вёску.

Зімін скеміў, што адмаўляцца няма як, і сказаў:

- Шкуры вырабляць - не простая работа, таварыш маёр.

- Я не супраць, умець усё трэба.

- Так, навучыўся яшчэ да рэвалюцыі, а потым у час нэпа ў майстэрні аднаго жыда выцяжкі хіліў. Зарабляў добра.

- А тут як?

- Людзі бедныя, ды і адкуль у іх грошы могуць быць, калі пражылі столькі пад акупацыяй. Маглі б што-небудзь з прадуктаў даць, дык куды я - у кішэню ж не вазьму. Іншы раз дадуць паўлітэрку, скварку ў рэчавы мяшок, дык і пачастуемся з хлопцамі, хто вольны ад дзяжурства. А што салдату: выпіў, закусіў і весялей жыць.

- Дык сапраўды не хочаш ісці дадому?

- Да часці прывык. І вяртацца дадому з перамогай значна лепш.

- Падумай, - на адыходзе сказаў маёр.

Але доўга думаць не давялося. Зімін атрымаў вестку, што трагічна загінуў яго меншы сын.

Зампаліт падарыў на развітанне Зіміну шавецкі малаток, некалькі пар калодак, каб рабіць боты, і прасіў не ўбівацца ўжо так па сыне, а быць салдатам.

Ён можа прынесці вялікую карысць людзям - вырабляць скуры.

Акрамя таго, трэба набыць жывёлу, перасыпаць хату, аднавіць сад.

І Зімін працаваў, працаваў ад світання да цемнаты, выцягваў з балота бярвенні, якія ўгацілі нашы салдаты для праходу танкаў і аўтамашын, драў з лазы кару для дублення вырабленых скур, шыў людзям боты, чаравікі. Людзі дапамагалі ў адбудове двара. Ён купіў цялушку, парсючка, увогуле разжываўся пакрысе. Раманава дапамога такі не спатрэбілася бацьку. Сын паспяхова здаў экзамены, прайшоў практыку ў Днепра-Дзвінскім параходстве па суднаваджэнні і толькі ўвосень прыехаў да бацькоў. Хата ўжо была з новым жоўтым бокам, дворык абгароджаны карытамі з-пад нямецкіх бомбаў уперамешку з смалістым шчыкетам, стаялі хлеў, павець.

Раман заўважыў свайго бацьку яшчэ на вуліцы. Ён стаяў каля свайго двара з маладым чалавекам, які трымаў на павадках трох сабак. Бацька хадзіў вакол іх, нібы кінолаг на выстаўцы сабак, вызначаючы іх экстэр'ер.

Прывітаўшыся з сынам, ён зноў павярнуўся да маладога чалавека і, каб хутчэй закончыць сваю справу, сказаў:

- За гэтага даю пятнаццаць, - ён паказаў на вялікага з нявылінялай кудлатай поўсцю сабаку. - А за гэтых двух па дзесяць.

- Дзядзька, - звярнуўся малады чалавек, - мне грошы не трэба.

- А што табе трэба?

- Мне сказалі, што вы скупліваеце блудных сабак і з іх скуры хромавыя боты робіце.

- Жывяце за сем кіламетраў адсюль, а ведаеце?

- Так, мне трэба боты. Бачыце, босы зусім.

- Ты ж малады, а чаму не ў арміі? Там бы і боты далі.

- Мяне па зроку не ўзялі. Мне патрэбны прыгожыя боты. Я вам змагу і дзесяць сабак прывесці, толькі пашыйце боты.

- Чаму ж табе так спатрэбіліся боты, і прыгожыя? - Бацька падышоў да хлопца бліжэй, калі пачуў, што той можа прывесці і дзесяць сабак.

Хлопец крыху засаромеўся, памуляўся і прызнаўся:

- Я... я жаніцца думаю, дык мне хромавыя боты патрэбны, а іх нідзе не купіш, хоць бы і грошы былі.

- Зразумела, але што з тваіх дзесяці сабак, ды яшчэ пакаёвак якіх, як вось гэтыя, - ён паказаў на двух меншых.

- Дзядзька, я налаўлю большых.

Раман стаяў збоку і слухаў. Яго кранулі довады хлопца, і ён зразумеў, што значыць ісці да дзяўчыны, калі ў цябе на нагах парваныя чаравікі. Раману стала шкада хлопца.

- Тата, бяры сабак і вядзі, зрабі боты, а хлопец разлічыцца, зловіць яшчэ некалькі. Ты сур'ёзна падумай, жаніцца будзе. Скуры можна драць з сабак, а не з чалавека.

- Ну, дарэмна ж я не магу, сынок, працаваць.

- Зразумей час, калі крайне неабходна - дык не гэта для чалавека робяць. Мне ж далі ў чужым прыватным доме пакойчык, і я плачу капейкі.

Бацька зноў паглядзеў на сабак, пашкрабаў свой загарэлы, з мокрымі маршчынкамі ад поту карак.

- Пойдзем, - сказаў ён хлопцу, - трэба зняць мерку з тваёй нагі.

Сабакі ўпіраліся і, нібы зразумелі ўсю размову, не хацелі ісці ў двор.

- І не шкада вам іх? - спытаў Раман і пагладзіў вялікага сабаку па галаве.

Сабака прыціснуўся да Раманавай нагі, сеў і ні з месца. Хлопец моцна рвануў за павадок, сабака вылузнуўся з вяроўчатага ашыйніка і кінуўся наўцёкі. Раман засмяяўся, а хлопец збянтэжана аддаў старому ў рукі два другія павадкі і пабег па вуліцы за сабакам. Той, уціснуўшы хвост, азіраўся і ўцякаў як мог. Вось-вось хлопец яго нагоніць. Ужо ўпаў на сабаку, але ў жмені застаўся толькі шматок поўсці. Хлопец падняўся і зноў пабег. Бег нібы за сваім лёсам, які быў ужо ў яго руках, але не ўтрымаў. Нарэшце загнаў сабаку да ўдавы Гарпіны ў двор, які быў абгароджаны дротам, і там злавіў цюцьку. Узяўшы яго на рукі, нёс перад сабою, нібы свой лёс.

- Гэта ж баяўся, каб ён тут курэй не падушыў, - знайшоў чым апраўдацца хлопец. - Ён у нашай вёсцы многа шкоды нарабіў, у нас пеўня загрыз.

Бацька зняў з нагі хлопца мерку, і той, задаволены і радасны, пабег дадому. Ён, канечне, раскажа сваёй каханай, што заказаў боты, і назначыць дзень вяселля. Жыццё ёсць жыццё.

Але, напэўна, не паспеў ён выйсці за вёску, як у хату да старога гарбара ўвайшоў міліцыянер. Раман адразу зразумеў, у чым справа, калі той запытаў, ці тут жыве Зімін Васіль. Ён адказаў, што гэта яго бацька і што зараз пакліча яго.

Не паспеў яшчэ бацька ўладкаваць сабак пад павеццю, як сын паведаміў, што да яго прыйшоў міліцыянер.

- Значыць, усё, нехта данёс.

- Не бойся, скажам, што вырабляем скуры ўдвух. Няўжо ён будзе судзіць воінаў?

Пакуль увайшлі сын з бацькам у хату, дык міліцыянер ужо агледзеў усе пустыя куткі. Праўда, з-за печкі ён дастаў два кавалкі падэшвы, якую Зімін зрабіў са скуры дохлага каня, некалькі вырабленых сабачых скурак. У цэбры, каля парога, ён агледзеў засыпаныя тоўчанай лазовай карою кавалкі скуры.

- Так, таварыш Зімін. Усе скуры я ў вас забіраю, складаю пратакол і перадаю ў пракуратуру. Шавецкія прылады таксама канфіскую.

- Не, шавецкія прылады вы не возьмеце. Гэта падарунак зампаліта вайсковай часці, дзе я служыў.

- Дзе ты, стары, служыў, калі ўжо дома. Ведаю я такіх служакаў, адседжваліся тут і нават нам, партызанам, напэўна, пары ботаў не пашыў.

- Ды я каб тут быў, дык вам бы ўвесь атрад абуў. А то вось і сын расказвае, што босы хадзіў, пакуль у немца не зняў.

Міліцыянер глянуў на Рамана. Хлопец зразумеў, чаму той так пільна паглядзеў на яго. Раман падышоў да ложка, узяў кіцель і апрануў яго на сарочку.

- А ты ў якім атрадзе быў? - адразу ж запытаў міліцыянер, убачыўшы ордэн Чырвонага Сцяга.

- «Смерць фашызму».

- Як, я ж там быў.

- І я быў.

- А ў якой роце?

- Я ротным амаль не падпарадкоўваўся. Я камандзір дыверсійнай групы.

- Чакай, чакай... Ты Раман, падрыўнік?

- Так.

- Вось што значыць канспірацыя! Мы ж там жылі без прозвішчаў. Я адразу падумаў: знаёмы хлопец, але ж не мог успомніць, дзе цябе бачыў. Ледзьве, браце, бацьку нашага лепшага падрыўніка не пасадзіў.

- Ну, не так ужо і проста пасадзіць, - сказаў Раман.

- Законы ж не памяняліся, якія былі да вайны, тыя і цяпер існуюць.

- Законы ж не прадугледжвалі такую вайну. Што цяпер лепш для дзяржавы, каб калгаснік або калгасніца паўгода сядзелі на печы ці набыць у шаўца якія-небудзь чаравікі і працаваць? Да вайны можна было купіць, а цяпер дзе купіш? - сказаў Раман.

- Яно так, але адсюль і спекуляцыя, - тлумачыў міліцыянер.

- Якая спекуляцыя? Вось хлопец толькі што прывёў трох бяздомных сабак, хоча боты. Ён робіць тую справу, якую павінны былі выконваць спецыяльныя людзі: адстрэльваць блудных сабак. А тут, думаю, усім добра.

- Яно так, - паўтарыў міліцыянер. - Але закон ёсць закон, і ён не намі пісаны.

- Пагаварыце вы з нашымі ўсімі людзьмі, з тымі, каму я рамантаваў абутак, і з тымі, каму нічога не рабіў, і вы ўпэўніцеся, мяне ніхто не папракне ў нейкай там спекуляцыі.

- Хопіць, бацька, я дарую толькі таму, што з вашым сынам ваяваў, а так бы вы не даказалі сваю правату.

- Тата, схадзі лепш ды самагонкі ў каго пляшку дастань. Паабедаем разам з паплечнікам па вайне, - засмяяўся Раман.

- Куды гэта маці сышла, яна больш ведае, у каго можа быць, хто там рослікі малоў нядаўна.

Хаця міліцыянер і знаёмы, але ён загадаў згортваць старому гарбару сваю вытворчасць, бо могуць быць непрыемнасці.

- Тата, ты набудзь сучку, - ужо за сталом смяяўся Раман.

- Навошта яна мне? - сур'ёзна ўспрыняў бацька.

- Калі не дазволяць табе скупліваць сабак, дык будзеш разводзіць сваіх. Як нагадуеш іх поўны двор, тады і я задумаю жаніцца. Трэба ж будуць і боты, і чаравікі, і пантоплі і жонцы і мне. А як ты думаў? - смяяўся Раман.

Бацька на жарт сына адказаў:

- Пакуль будзеш жаніцца, дык мая ўся саматужная вытворчасць не трэба будзе ні табе, ні другім.

 

XII

 

На апошнім курсе тэхнікума хлопцы лічылі сябе ўжо сталымі і самастойнымі. Многія прасілі Рамана, каб ён пазнаёміў іх са студэнткамі з педінстытута. Ці таму, што ён часта там бывае на вечарах і яны лічылі, што ён знаёмы амаль з усімі дзяўчатамі, ці таму, што бачылі яго Надзю і яна ўсім падабалася. Але, напэўна, больш за ўсё таму, што Раман пазнаёміў Лілю з таварышам з трэцяга курса Віктарам Еўдачком і яны пажаніліся.

Віктар мясцовы, гарадскі хлопец. Вышэй сярэдняга росту, стройны, добры гімнаст. З твару падобны на дзяўчыну: сам бландзін, вочы сінія, прамы невялікі нос, чысценькі белы твар з ружовымі шчокамі, банцікам губы. Вельмі рухавы і вясёлы хлопец, выдатна іграў на гітары, спяваў. З мяккім і добрым характарам, слабавольны. Яго былі абралі па прапанове Рамана старастам групы, а неўзабаве выбралі другога, бо Віктар нават не мог загадаць дзяжурнаму выцерці дошку. Спадабаўся Віктар Раману за адзін выпадак, пра які ён расказаў.

Было гэта ў час акупацыі. У парк цывільных хлопцаў гітлераўцы не пускалі. Гулялі там толькі нямецкія афіцэры і нашы дзяўчаты, якія хацелі гуляць. Віктару падабалася адна дзяўчына з той вуліцы, на якой жыў і ён. Але Віктар ёй не падабаўся. І хаця яны правялі разам некалькі вечароў на іх вуліцы пад цвітучымі каштанамі, але Віктар нават да яе рукі не дакрануўся. А што гэта за хлопец, калі дзяўчына цвіце, нібы той каштан, а ён уздыхае, топчацца, расказвае, як ён хлопцаў абганяў зімою на каньках, як нядаўна паслізнуўся і запэцкаў штаны і што маці яму дазваляе да дванаццаці ночы гуляць.

«І што яму з гэтай гульні?» - відаць, думала дзяўчына.

Лепш было слухаць яго збоку, калі ён смяяўся, размаўляў, іграў на гітары. Але і гэта хутка надакучыла дзяўчыне. І яна пачала хадзіць у парк. Віктар вельмі перажываў. Стаў маўклівы, хутка ўспыхваў, калі сябры пачыналі з яго кпіць. І вось аднойчы ён надумаўся пайсці ў парк і паглядзець, што там робіцца. А як пранікнуць туды? На дапамогу прыйшла суседская дзяўчына. Яна прапанавала Віктару надзець яе сукенку, чаравічкі, капялюшык. Так і зрабілі. Разам з сяброўкамі яны ўсе зайшлі ў хату да суседкі Віктара, прымералі сукенку, напхалі ў ліфчык ваты. Адна дзяўчына збегала дадому і прынесла свае большыя чаравікі, бо суседчыны не налезлі Віктару. Плойкай накруцілі яму валасы, падфарбавалі вусны, шчокі, бровы, вейкі, нават рыдыкюль далі. Атрымалася дзяўчына - заглядзенне.

Віктар хваляваўся, у парк ён не ішоў, а хутчэй ляцеў, хаця зусім няёмка было ступаць на высокіх абцасах. Тулава было перахілена ўперад, ён ледзь паспяваў перабіраць нагамі, каб не ўпасці ды нос не разбіць. Ужо каля парку ён выняў з рыдыкюля люстэрка, паглядзеўся. Сапраўды, прыгожы, як ніколі. Не, калі толькі дзяўчыну з яго вуліцы не будзе сёння праводзіць немец, дык ён падыдзе да яе і хоць жартам, але пацалуе. Таму што старэйшы за яго сябра вучыў Віктара, каб ён дзяўчыну абдымаў, цалаваў, а не стаяў ля яе, як манекен.

Прайшоў Віктар у парк без ніякай прыгоды. Нямецкі салдат, што стаяў каля ўвахода, калі і звярнуў увагу, дык больш, відаць, на тое, што свежая і прыгожая дзяўчына. Ён нават ветліва ўсміхнуўся ёй. Віктар паблукаў крыху па алеях і раптам сутыкнуўся са сваёй знаёмай. Яе трымаў пад руку нямецкі афіцэр. Хлопец разгубіўся, ён нават забыў, што ў жаночым адзенні. Вось яна прывітаецца, а потым скажа гітлераўцу, што гэта Віктар. Тады - канец. Адзін жа хлопец пранік у парк, праўда, непераапрануты, дык гітлераўцы разгушкалі яго за рукі і ногі і кінулі цераз агароджу на асфальт. А там вышыня метры са тры. Дык бедны хлопец чуць вычухаўся.

Але, на шчасце, дзяўчына не звярнула на Віктара ўвагі. Тады ён апамятаўся і зноў пачаў уваходзіць у ролю дзяўчыны.

Было гэта на захадзе сонца. Перад Віктарам спыніліся двое афіцэраў. Ён нясмела хацеў іх абысці. Настрой у хлопца быў сапсаваны з-за дзяўчыны, а тут яшчэ гэтыя сталі на шляху. Зноў Віктар забыўся, хто ён, і напяў мускулы. Але калі адзін з афіцэраў сказаў: «О, паненка гут» і ўзяў Віктара за руку, ён расслабіў мускулы, каб рука была падобна на жаночую. Цяпер бы яму толькі не прагаварыцца, што ён не паненка. Адзін афіцэр пайшоў далей, а той, што пахваліў, узяў Віктара пад руку і запытаў:

- Как тэб'я зват?

Вось пра гэта ні Віктар, ні тыя, хто апранаў яго, і не падумалі.

- Вікта... - запнуўся хлопец, і ў скронях яго зашумела. - А вам не ўсё роўна?

- О, не, корошо ім'я, Вікторыя. Победа, значыт.

А Віктар і сам не ведаў значэння слова «Вікторыя». І ён падумаў, пра якую перамогу гітлеравец пляце. Але перапытваць не адважыўся. Ён заўважыў, што афіцэр неўзаметку хоча паглядзець яму ў вочы. Віктар пасмялеў і кінуў позірк сініх вачэй насустрач позірку афіцэра. Афіцэр задаволена ўсміхнуўся і сказаў, што ён упершыню тут бачыць Вікторыю. Цяпер хлопец вельмі баяўся, каб не сустрэць «сваёй» дзяўчыны, якая снавала па цэнтральнай алеі. Таму, калі афіцэр прапанаваў зайсці ў піўнушку, Віктар узрадаваўся, што там ён хоць вып'е з гора. Яму хацелася што-небудзь зрабіць назло дзяўчыне, але што і якім чынам, ён не ведаў. І тут афіцэр якраз падаў Віктару ідэю. Ён вып'е, пойдзе дадому, а заўтра ўжо будзе кпіць з дзяўчыны, з якім яна таўстазадым старым афіцэрам хадзіла. Сеўшы за столік, афіцэр запытаў:

- Што ты піёш?

- Усё, - адказаў Віктар.

- Я люблю, когда, как это, не ломаецца паненка.

Афіцэр лічыў, што яму сёння пашанцавала. Ён з задавальненнем глядзеў, як яго Вікторыя куляла разам з ім чаркі. Афіцэр падсунуў сваё крэсла бліжэй і намагаўся асцярожна ўзяцца рукой за калена. Віктар гэта заўважыў, але не ведаў, што яму рабіць. Ён баяўся, каб па каленях афіцэр не пазнаў, што ён хлопец. Ногі ў яго былі, як у галагуцкага пеўня. Віктар адпіхнуў руку афіцэра. Той глянуў яму ў вочы, уздыхнуў і прыкусіў сваю верхнюю губу, а затым сказаў:

- Я не люблю грубасцей.

- А я не грубы. - У галаве круцілася, і Віктар зноў забыўся, што трэба быць дзяўчынай. - Я добры і люблю нямецкую армію.

Афіцэр не заўважаў, што Віктар вядзе размову ад імя мужчыны, але разумеў, што ў яго не атрымліваецца інтымнай размовы. І ён палічыў, што Вікторыя падпіла ўжо дастаткова, але паглядае па баках і толькі саромеецца прысутных.

Ужо зусім сцямнела. Афіцэр вывеў Вікторыю з піўнушкі і накіраваўся ў густы зараснік на бераг Сожа.

Віктар скрыгануў зубамі і сказаў:

- Дзе яна?

- Хто? - запытаў афіцэр.

- Мая дзяўчына, прастытуткай стане.

- Хто? Ваша сястра?

- Так, сястра, маць яе...

Афіцэр крыху супакоіў Віктара. Ён даказваў, што ўсё роўна вайна і добра робіць сястра, што прыносіць задавальненне іхняму афіцэру, а той ёй.

- Ды вы ведаеце, што я яе люблю? - зноў узарваўся Віктар.

- А хто сястру не любіт. Наш афіцэр тожа, а я теб'я.

Афіцэр абхапіў Віктара за спіну і палез цалавацца. Той выкручваўся і павярнуўся так, што афіцэр стаў плячамі да абрывістага берага. Але схапіў Віктара рукой за талію і пачаў прыціскацца. Віктар не стрымаўся і з усяе сілы ўдарыў кулаком у твар. Афіцэр паляцеў уніз. Хлопец спачатку напалохаўся, але хутка ачомаўся: зняў з ног туфлі і што ёсць сілы пабег па цёмным баку парку да агароджы. Ускараскаўся на дрэва, з яго на сценку і саскочыў на вуліцу. Па дарозе ён успомніў, як, ідучы ў парк, хацеў пацалаваць сваю дзяўчыну, а што атрымалася...

«Няўжо ёй не брыдка...» - падумаў Віктар, плюнуў і павярнуў у завулак, які вёў дадому.

Раман успомніў пра Віктара, калі ўбачыў, што на вечар, прысвечаны адкрыццю іх новага памяшкання тэхнікума, прыйшлі Хведар з жонкаю і Ліля. Ён, калі абяцаў Лілю пазнаёміць з сваім таварышам, меў на ўвазе іменна Віктара. А потым здарылася такая непрыемнасць, што не да гэтага было, і ён забыўся на колішняе абяцанне. Цяпер Раман вырашыў пазнаёміць іх. Ды і Надзі з сястрою пакуль што не было.

І вось Раман улучыў момант, каб пазнаёміць Лілю з Віктарам. Якраз Хведар паказваў Лілі Дошку гонару. У гэты час Раман і падышоў да іх. Прывітаўшыся, Раман адразу ж запытаў, ці падабаецца Лілі партрэт хлопца ўнізе, пад якім напісана - Віктар Еўдачок.

- Я перш звярнула ўвагу на вось гэты, - паказала яна на Раманаў партрэт. - Глядзіце, як распісалі - выдатнік вучобы і стаханавец працы.

- Ты паглядзі вось на каго, - зноў паказаў Раман на Віктараў фотаздымак.

Раман павярнуўся і сказаў аднаму з таварышаў, каб той паклікаў Віктара. І калі падышоў Віктар, Раман гучна сказаў:

- Лёгкі на ўспамін. Я вось толькі дзяўчыну пазнаёміў з тваім партрэтам, а цяпер вось ён - арыгінал.

Ліля і Віктар пазнаёміліся.

А месяцы праз тры Раман з Надзяй былі запрошаны на вяселле.

Прайшла зіма, Віктар нічога нікому не расказваў пра сваё жыццё. Раман толькі ведаў, што Ліля не ўжылася з Віктаравай маці, і яны перайшлі ў пакой, дзе раней жыла Ліля, па суседству з Раманам. Вясною Віктар хадзіў сумны. Але Раман не пытаўся, у чым справа. І вось у Дзень Перамогі ва ўзнёслым, лікуючым натоўпе ў парку Раман з Надзяй сустрэлі Віктара. Ён быў адзін, выпіўшы, у руцэ трымаў гітару.

- Чаго ты, Віктар, у такі дзень адзін? - запытала Надзя.

- Я ненавіджу прыгожых жанчын.

- А я люблю, - усміхнуўся Раман.

- Дай Бог, каб табе шчасце было. - На сінія вочы Віктара набеглі слёзы. - Пойдзем дзе-небудзь сядзем, я вам раскажу пра ўсё, - прапанаваў Віктар.

Пад клёнам стаяла нікім не занятая лаўка. Там было яшчэ вільготна, і з мінулай восені вытаптаная зямля была зеленаватая і слізкая. Віктар сеў першы, гітару ён паставіў за спінку лаўкі на маладую траву. Гітара адразу ж упала, дзынкнуўшы струнамі. Віктар махнуў рукой і сказаў:

- Няхай ляжыць.

- Я падыму. - Надзя пайшла і паставіла гітару да клёна.

- Каб знайсці кніжку такую, дзе можна было б прачытаць, як жывуць жанатыя людзі. Маю на ўвазе адносіны, будні іхнія. Бацька памёр, калі было мне пяць гадоў. Асэнсаваць жыццё сваіх бацькоў я не мог. Памятаю толькі, што маці вельмі плакала і гаварыла, што больш такога чалавека яна для сямейнага жыцця не знойдзе. Нельга сказаць, каб ён ёй якое-небудзь багацце пакінуў, але чаму яна так гаварыла - не разумею. Ажаніўся я, дурань. Можа, мне не варта было гэтага рабіць. Я не зразумеў сябе і Лілю. Ажаніўся, а змены ў жыцці ніякай не ўбачыў. Хіба толькі спачатку ложак быў на дваіх. І тады ўжо яна мне пачала гаварыць, кім бы яна мяне хацела бачыць. Вось, каб я быў вайсковым, мне б вельмі быў да твару афіцэрскі шынель. Я ў маці папрасіў грошай, купіў адрэз і пашыў шынель, як у Рамана. Прайшла са мной разы са два па горадзе, нават пад руку трымала. Потым зноў вырывалася ўперад. А я хаджу ззаду. І куды ні ідзём, заўсёды так - свае думкі яна трымае пры сабе. А я іду і намагаюся разгадаць іх або таксама думаю пра сваё. Толькі няма ў нас агульных размоў. Калі запытаюся, у колькі гадзін яна з інстытута прыйдзе, адкажа са злосцю, што не ведае. І каб я гэтага не пытаўся, ніколі не запытвае ў мяне, калі я буду дома. Я зразумеў, што яна чалавек, які чакае нейкага выключнага выпадку ў сваім жыцці, а якога - яна і сама не ведае. І атрымалася, што лічымся мы мужам і жонкай, а душы нашы далёка адна ад адной. Душэўна я вельмі стаміўся. Нядаўна яна мне сказала, каб я стаў паэтам. Паспрабаваў я ўпотай вершы пісаць...

- Чакай, - перапыніў яго Раман. - Дык ты ж цудоўна іграеш на гітары, у цябе цудоўны голас.

- Тое, што ў мяне ёсць, яе не цікавіць. Думаю, каб гэта было ў каго іншага, а не ў мяне, у яе заззялі б вочы. У сваім уяўленні яна стварае нейкага звышчалавека. І варта толькі ў кім-небудзь заўважыць якую дэталь з таго намаляванага ва ўяўленні чалавека, яна думае, што вось гэта той герой, пра якога яна марыла.

- Раман казаў, што яна пяшчотная і добрая, - сказала Надзя.

Але Віктар працягваў сваё:

- У кожнага чалавека ёсць нейкія дэталькі, якія падабаюцца ёй. У аднаго падыход, у іншага ўмельства да чаго-небудзь, трэці ў белай сарочцы з адпрасаванымі штанамі ды і з прывабнымі чорнымі вусікамі, а чацверты той, і хто яе пахваліць, значыць, ён зразумеў яе. І з гэтых дэталек у яе ўяўленні ўтвараецца сетка, і яна, жанчына, у ёй, яна ўсіх любіць. Толькі не свайго. Я думаю, што яна была замужам. Афіцыйна не была, а жыла. І, напэўна, тое ж самае было, што і са мной. Тая першая прывабная дэталька сціралася, і заставалася ўсё звычайнае, як і ў мяне. Мне здаецца, што такі чалавек нарадзіўся і існуе не для сям'і, каб мець друга ў жыцці, а для нейкіх авацый, каб яна лунала з рук у рукі над галавой джэнтльменаў. Іншы б раз апускалася да каго і хавалася б з ім у шчыліну. Яна лічыць, што жаніцьба яе звязала, хаця і мае ад мяне поўную волю, але ж многія людзі ведаюць, што яна замужам, і гэтае веданне бунтуе яе душу. Ёй хочацца кінуцца туды, дзе б яе не ведалі. Там бы яна звонка смяялася. Я думаў, што яна хоча адзіноцтва, але не. Яна аднаго вечара не можа пабыць сама з сабой, хіба толькі калі рыхтуецца да заняткаў. Мая маці знаходзіць час пачытаць, знаходзіць час звязаць, пашыць і на работу ходзіць, як усе людзі. А гэта выйшла замуж і томіць свой дух. Яна мне сказала, што пакуль нам будзе лепш жыць поразнь, каб я перайшоў да маці. Трэба вучыцца і мне, і ёй, а тут яшчэ гатуй абеды, займайся мыццём бялізны, хаця я ва ўсім ёй дапамагаў, і я перайшоў да маці. Думаў, можа, у час кароткіх сустрэч яна будзе адносіцца да мяне, як перад жаніцьбай. Але нічога не змянілася. Наадварот, прыйду, дык яна хоць чым мяне зойме, каб не пасядзеў. Сама ў летуценнях. Аднойчы прыйшоў міліцыянер да маці, і я сяджу, правяраў пашпарты. А мой у Лілі ў шафе недзе. Запісаў прозвішча і сказаў, што дае паўдня тэрміну, каб сам у аддзяленне прынёс. Я двое сутак шукаў Лілю, міліцыя ў інстытут званіла. Ніхто не ведае, дзе яна.

- Ну, дзе яна ўсё-такі была? - запытаў Раман.

- У яе хіба даб'ешся чаго? Яна зманіць, а праз некалькі дзён ужо верыць у тую ману сама. Кажа, была ў сяброўкі.

- А ў якой сяброўкі, можа, я ведаю?

- Ды не, у яе інстытуцкіх сябровак няма. Яна сябруе толькі з распуснымі. Нейкая ёсць, развялася з мужам, цяпер займаецца абы-чым, у міліцыі гаварылі, што праз гарсавет яе выселяць з горада. Цяпер пра галоўнае скажу. Я ж апошні час запіў, жыць не хочацца.

- Віктар, што ты нясеш? - сурова сказаў Раман.

- Цікава, што б ты рабіў на маім месцы? Вы, напэўна, бачылі камандзіра вадалазнай групы, што прыехала затопленыя судны падымаць. Ён быў неяк у клубе воднікаў на танцах. Высокі, з гарбатым носам, чорныя вусікі. Мы з Ліляй сядзелі на крэслах у кутку. Я заўважыў, што яна на некага ўгледзелася. А яна, калі хто ёй прыглянецца, дык адразу ж забывае, што я побач. Але ёй заміналі дзяўчаты, якія стаялі ўперадзе. Я падняў галаву і ўбачыў гэтага новага чалавека з вусікамі.

- Я таксама бачыла яго, - сказала Надзя.

- Вось бачыш, а мне не сказала, што прыглянуўся нехта, - усміхнуўся Раман.

- Падумаеш, там біцюг нейкі і так яшчэ аглядае ўсіх з ног да галавы. Ён і на мяне паглядзеў, дык і што? На ім намалявана самаўлюбёнасць.

- Бачыш, а мая, - працягваў Віктар, - устала, выцягнулася, падняла рукі і сказала, што ёй вельмі надакучыла сядзець, хаця мы пасядзелі хвілін дзесяць. Я не паспеў яшчэ ўстаць, як той падышоў і запрасіў яе на танец. На мяне яна і не азірнулася. Лілю нібы хто падмяніў. Смяялася, размаўляла з ім, нібы з даўнім знаёмым. Закончыўся танец. Яна падышла, павярнулася да мяне спіной, і нібы я не існую для яе. Другі танец яна таксама пайшла з ім. Я ў гэты час устаў і пайшоў дадому. Нядаўна мне стала ўсё вядома. Тады ён праводзіў яе. А потым адзін раз заходзіў у кватэру. Гаспадыня ёй сказала, што так паводзіць сябе нельга. Тады яна ўпускала яго з агарода ў акно. А іншы раз ён яе браў на рукі і нёс у сад на лаўку. Гэта бачыла суседка. Ды і я, як выпыльваў коўдру, знайшоў мужчынскую запанку за матрацам ля сценкі...

- Ну, і што яна гаварыла? - зноў запытаў Раман.

- Што яна магла сказаць? Маўляў, я знарок падклаў. Калі я ў жыцці запанак у руках не трымаў. Потым у яе медальёне знайшоў яго фотакартку і пасму скручаных валасоў.

- А на гэта што адказала?

- Чаго я корпаюся там, дзе мне не дазволена.

- Вось гэта жаніцьба, вось гэта адзіныя душы, адзінае ўсё, - сказаў Раман.

- Уй, якая брыдота, - плюнула Надзя.

- Я ёй сказаў, што падам на развод. Яна крыху разгубілася, пачырванела, ледзь не пусціла слязу. Мне яшчэ больш агіднай здалася яна, але тады ж сказала, што цяжарная. Вось тут мне і паскачы. Яна сама, напэўна, не ведае, ад каго будзе дзіцё. Калі б маё, дык не крыўдна было б плаціць васемнаццаць гадоў, а так знявечана жыццё. У апошні час той з вусікамі ўжо, напэўна, не ходзіць, бо я неяк бачыў - ён ішоў у парк з маладзенькай, прыгожай дзяўчынкай. Вось і ўсё, дарагія мае. Цяпер пайду піць.

Віктар узяў гітару за грыф, закінуў абыякава яе на плячо і заспяваў: «Не вчера ли я молодость пропил, не вчера ль разлюбил я тебя?..» Потым развітаўся і пайшоў.

Раман з Надзяй сядзелі некалькі хвілін моўчкі. Надзя была задаволена расказам Віктара. Няхай Раман ведае, хто яму таксама крыху падабаўся. А потым пачала думаць інакш. Раман напэўна турбуецца за таварыша і, можа, абагульняе ўсіх жанчын, што яны такія, як Ліля. Бо сядзіць цяпер каля яе і нібы не адчувае, што побач з ім яна, зусім не такая, як Ліля.

- Чаго ты задумаўся? - запыталася Надзя.

- Думаю, што кожны злодзей, які яшчэ не злоўлены і не лічыцца злодзеем, а ведае пра гэта толькі сам, разважае пра іншых затрыманых, што ён бы ніколі так сябе не паводзіў, як яны.

- Да чаго гэта ты так сказаў?

- Надзенька, думкі такія ёсць у несумленных людзей. Калі я ішоў з Ліляй ад Хведара дадому, то па дарозе расказаў ёй пра жонку інваліда, якая здрадзіла яму. Пра гэта Роза мне расказвала са сваёй юрыдычнай практыкі. Ліля плявалася, са злосцю асуджала тую жанчыну. У маіх вачах, як у прастака, Ліля тады ўзнялася. А ёсць, напэўна, яшчэ хітрэйшыя, яны не асуджаюць адкрыта, а самі сабе думаюць, што калі давядзецца, дык яны будуць хітрэйшыя і сведкамі іх дзеянняў будуць толькі глухі лес ці цёмная ноч. Баюся, як Віктар тэхнікум закончыць. Раптам так упаў чалавек. А быў выдатнік, цудоўны хлопец. Трэба неадкладна сказаць дырэктару, каб пагаварыў з ім. Толькі ён можа падказаць, як выйсці маладому чалавеку з такога тупіка.

- Вось ты гаворыш, што ёсць такія людзі і гэткія. Дык нельга ж падазрона глядзець на кожнага.

- Я гавару, каб кожны сам на сябе глядзеў сур'ёзна: будзе з яго муж, а з яе жонка ці не.

Раману было непрыемна, што ён пазнаёміў Віктара з Ліляй, хаця той не зрабіў ніякага папроку. Ён моўчкі ўстаў і працягнуў Надзі руку. Яна ўстала з лаўкі.

Духавы аркестр абуджаў стары парк. Гукавыя хвалі плылі ад дрэва да дрэва і, здавалася, дапамагалі сонцу зеляніць іх кроны. Прама на вачах гусцелі лісточкі на ліпах, асыпаліся ліпкія пялёсткі ад бутонаў на каштанах.

З мастка Раман заўважыў, як па парку да высокай вежы пабегла моладзь. Вежа з даўніх часоў стаяла на крутым беразе Сожа. Яна была разы ў тры вышэйшая за дрэвы. У сярэдзіне яе крыху расцягнутай спружынай звівалася лесвіца, якая ў самым версе выходзіла на кругленькі балкон. Раман з Надзяй бывалі на тым балконе. Адчувалі хістанне вежы, з асалодай любаваліся сярэбранай стужкай Сожа, глядзелі ўніз на вершаліны высокіх дрэў, якія адтуль здаваліся зусім маленькімі.

- Штосьці там ля вежы здарылася, - сказаў Раман. - Спачатку пабеглі, а цяпер людзі ідуць і ідуць туды. Пойдзем і мы паглядзім.

- Я таксама заўважыла, але думала, што гэта людзі гуляюць, бегаюць.

Падысці да вежы было немагчыма. Яе акружыў вялізны натоўп. Колькі Раман ні пытаўся ў задніх, што там здарылася, ніхто нічога не мог сказаць. Гаварылі, быццам хтосьці з вежы зваліўся. Нарэшце з акружэння людзей вырваліся два хлопцы. І адзін з іх на хаду кінуў:

- Дык я пабягу па «хуткую дапамогу»!

- Хто там разбіўся? - запытаў Раман у другога хлопца, які расшпіліў свой каўнер і махаў хустачкай.

- Разбіўся адзін малады хлопец. Я на балконе там стаяў разам з ім. Ён быў выпіўшы і пайшоў у заклад на пляшку гарэлкі вось з гэтым, што пабег па «хуткую». Паспрачаўся, што хутчэй злезе ўніз па громаадводным дроце, чым той збяжыць па лесвіцы. Ну, і пралез цераз балкон, павіс на ім, а потым адной рукой учапіўся за канец дроту, які быў прымацаваны да кастыля, умазанага паміж цаглінамі. Не паспеў я глянуць уніз, як хлопец паляцеў на зямлю. Аказваецца, вырваўся кастыль. Тут, кажуць, раней нехта ўжо спускаўся па громаадводзе, - гаварыў хлопец Раману, а потым паглядзеў уверх і нібы сам сабе дадаў: - Гітара яго там засталася...

Раман аслупянеў, глянуў на Надзю.

- Дык гэта ж Віктар... Ты пачакай.

Раман пачаў распіхваць людзей і прабірацца да вежы.

Віктар ляжаў і зрэдку хапаў ротам паветра. Раман глянуў, і па яго шчоках пакаціліся слёзы. Як вытрымае яго маці? Калі яна так пакутавала з-за няўдалай жаніцьбы сына. А што няўдалая жаніцьба ў параўнанні са смерцю? Але не, гэта яна, няўдалая жаніцьба, прывяла да смерці Віктара. Па-першае, быў бы з жонкай, ён бы ніколі туды не палез, па-другое, ён бы не так ставіўся да свайго жыцця, хаця б і не было каля яго жонкі. Пакуль Віктар не быў жанаты, амаль не піў гарэлкі. Навошта была яму тая пляшка?

З вайсковага шпіталя прыйшла «хуткая дапамога». Лекар зрабіў укол.

Праз некалькі хвілін Віктар адкрыў вочы, пачаў уставаць, але не мог. Глянуў на лекара.

- Я не хачу жыць, ідзіце адсюль, мне добра... Перадайце ёй, што няхай гадуе дзіцё... чыё, чыё... - Віктар замаўчаў.

- Скажыце, калі ласка, - звярнуўся Раман да лекара. - Гэта наш студэнт. Будзе ён жыць?

- Ну, што вы, уся грудная клетка патрушчана, ён ударыўся плячом, - ціхенька сказаў лекар. - Тут ясна, ніхто яго не скінуў, мы забяром.

Віктара павезлі. Натоўп пачаў разыходзіцца. Надзя стаяла каля дрэва і спалоханымі вачамі шукала Рамана. Людзі разышліся, і яны сустрэліся.

 

XIII

 

Не дачакаўшыся дня да спаткання, Раман пабег да Надзі. Хлопца ўстрывожыла сённяшняя размова з начальствам пра яго далейшае жыццё і работу. Праўда, Раман спрабаваў адмаўляцца, але не цвёрда. Ды і падышлі яны да яго вельмі ўжо трапна. Ён закончыў на выдатна тэхнікум, кандыдат у члены партыі, і яму адзінаму толькі аказана такое давер'е. Хлопцу засталося цяпер толькі раіцца з Надзяй. Хаця якая можа быць яе парада, іх разлучаюць. А каму з закаханых людзей доўгая разлука прыносіць шчасце?! Надзя надзьме губы, нахмурыцца, а можа, і заплача. Іншая справа, каб Раман ехаў вучыцца, тады разлука - заканамерная з'ява. А ў даным выпадку - разлука не пажаданая. Ды і наогул Надзя пакуль што лічыць, што Раману хопіць вучыцца. Чым дрэнна быць капітанам парахода, а яшчэ лепш тут, на месцы, ва ўпраўленні працаваць. Жанатыя выйгралі, бо іх тут і пакінулі, а Раманава каханне нікім не ўлічваецца. Толькі ён і яна з гэтым павінны лічыцца. Але ёсць тут супярэчнасці. Надзя пераканана ў тым, што іх адносіны будуць моцныя і шчаслівыя тады, калі Раман будзе на спакойнай рабоце, а той думае наадварот: каб заслужыць моцнае Надзіна каханне на працягу ўсяго жыцця - трэба нечага дасягнуць выключнага. А ўся яго далейшая работа, пра якую гаварылі сёння, уяўляецца цьмяна. Можа, яны разбяруцца ў ёй больш дэталёва з Надзяй.

Надзя крыху напалохалася, калі Раман увайшоў у пакой.

- Што здарылася? - запытала яна.

- Ты думаеш, калі толькі што здарыцца, дык прыходжу ў неназначаны час? Не вытрымліваю без цябе...

- Добры дзень, - высунула з-за шырмы галаву Вера.

- А, добры дзень, і ты дома?

- Дзе ж я магу быць.

- Думаў, зубрыш, грызеш граніт навукі.

- Табе добра, ты адгрыз.

- Не вельмі, адчуванне такое, быццам штосьці згубіў. - Раман прайшоў да шырмы і сеў каля століка, на якім стаялі дзве фотакарткі: Раманава і Верынага маёра.

- А мне здаецца, хутчэй бы закончыць інстытут, якое б было шчасце.

- Гэта толькі здаецца так. А потым накіруюць куды-небудзь у вёску і сумуй.

- А нам і ў вёсцы з мужам будзе добра.

- Дзе ён яшчэ, твой муж? - усміхнуўся Раман.

Падышла Надзя. Яна ўважліва глядзела на Рамана, стараючыся зразумець яго настрой. Надзя ведала, што ў іх павінна ўжо быць размеркаванне на працу, і таму запытала:

- Што ў цябе новага?

- У мяне заўсёды не так, як у людзей, жыццё паварочвае на сто восемдзесят градусаў. Разумееце, сёння выклікаў палкоўнік, начальнік аддзела кадраў, прапанаваў ехаць аж на Чорнае мора, каб я прайшоў там пэўную стажыроўку, і потым буду прызначаны камандзірам катэра спецыяльнага прызначэння, для барацьбы з бандытызмам у заходніх абласцях Беларусі. Нагаварыў мне, што гэта адказнейшая работа і што яе давяраюць толькі мне. А што там за бандытызм, я зусім не ведаю. Можа, які паліцай уцёк у лес. Дык нідзе не дзенецца - прыйдзе. Навошта на яго яшчэ катэр? Заўтра трэба ехаць, бо дакументы яны самі накіруюць туды.

- І ты згадзіўся? - сур'ёзна запытала Надзя.

- Для мяне гэта было так нечакана, што я пачаў быў адмаўляцца, але потым вырашыў, што так непрыгожа. Падумаюць яшчэ, што справу маюць з баязліўцам. А ў гэтым я не магу распісацца, не ў маім характары.

- Смяльчак, - іранічна заўважыла Вера. - Міша вунь расказваў, што быў недзе блізка, калі бандыты забілі камандуючага фронтам Ватуціна. А ты ўжо гэткі герой. Вайна, лічы, закончана, і не лезь сам пад кулі. А як у вас будзе з Надзяй?

- Я думаю, што ўсё гэта - часовая справа.

- А астатніх хлопцаў куды? - запытала Надзя.

- Мяне аднаго толькі пасылаюць. Ды хто там ёсць у нас? Хведар партызан, дык ён беспартыйны, жанаты.

Надзя падышла і села на край ложка, надзьмула губы, глытала сліну і глядзела на падлогу. Затым, не ўзнімаючы галавы, запытала:

- І заўтра едзеш?

- Ага.

Надзя павярнулася і тварам упала на падушку. Яна ўвесь час лічыла сябе шчаслівейшай за Веру, бо Веры ўжо другі тыдзень не было пісьма ад Мішы з японскага фронту, а Раман заўсёды тут. І ўжо каго, як не Рамана, трэба было пакінуць на месцы. А тут на табе. Стажыроўка стажыроўкай, а потым - чакай пісем. Раман устаў і падышоў да Надзі. Яна ціха плакала.

- Не супакойвай мяне, Раман, я ведаю: цяпер ужо цябе ніхто не спыніць, нават твой бацька. Сапраўды няшчасце - нарадзіцца дзяўчынай.

- Не трэба наперад хвалявацца, як будзе, так будзе, свайго лёсу ніхто не абыдзе.

Прыйшла Надзіна маці. Яна прывіталася і запыталася ў Рамана:

- Што, вучобу закончыў?

- Так.

- Вось і слава Богу. - Яна села на крэсла.

- Слава-то слава, але не зусім. Вось і Надзя пакрыўдзілася на мяне.

- Чаму?

- Еду адсюль.

- На колькі?

- Невядома. Пакуль падвучыцца трэба, а потым на захад.

- І нельга цяпер адмовіцца?

- У тым і справа, што нельга. Ужо, напэўна, дакументы накіравалі ў Адэсу. Зразумела, магу не паехаць, я не вайсковы, але потым куды кінуцца? Мне дарогу закрыюць.

Маці таксама задумалася. Прыгожы некалі твар яе быў парэзаны маршчынкамі, вочы праваліліся. Больш года прайшло з тае пары, калі Раман убачыў яе, а як яна за гэты час змянілася, пастарэла. Раней жылі яны ў сваёй хаце, дзяўчат не пускала ні на якія гульні. А цяпер што з імі зробіш. Сталі студэнткамі, расцвілі. А вось каб хлопец які добры трапіўся ну хоць бы адной, дык не. Так лічыла маці. Раман не дрэнны, прыгожы, але што, малады яшчэ і жаніцца, напэўна, не скора будзе. А Верын - шукай у полі ветру.

Надзя ўстала і, нічога не гаворачы, пачала збірацца. Раман зразумеў, што яна хоча выйсці і пагаварыць з ім адзін на адзін. Раман развітаўся з усімі, нават зайшоў да Надзінага бацькі і таму паціснуў сухую, белую руку.

Доўга блукалі Раман з Надзяй па зялёных вуліцах горада. Жнівеньскі туман рассцілаўся па садочках, ахутваў дрэвы на абочынах вуліц. І па якім бы маршруце маладая пара ні ішла, уперадзе ў іх стаяў туман. Вільготныя ад туману, Надзіны валасы пахлі мёдам. Раман туліўся да іх шчакою. Праз іх ён адчуваў і матчыну пяшчотнасць і ўсё дарагое, блізкае сэрцу, чым толькі можа прырода шчодра ўзнагародзіць чалавека.

Раман цалаваў Надзю, а яна плакала. Планы на далейшае былі туманнымі, бо ён іх і сам не ведаў.

Надзя нават згаджалася на тое, каб ён пакінуў усе свае флоцкія мары, а паступаў у іхні інстытут. Але Раман ведаў, што не так проста адпусціць яго ўпраўленне Днепра-Дзвінскага параходства. Тым больш што ён вучыўся і быў на броні, якая давала права не ісці на вайну, а з іх інстытута хоць бы і не хацеў, дык забралі б. Можа, райком партыі і ўступіўся б, бо яго там ведаюць, але гэта трэба прасіцца, што Раману не па характары.

Раман развітаўся, потым зноў вярнуўся, падбег, схапіў Надзю на рукі і данёс да яе парога, паставіў, глянуў моўчкі. Павярнуўся і пайшоў дадому, каб пераспаць апошнюю ноч у гэтым горадзе.

Не сам абраў сабе Раман, а яму вызначылі галоўны напрамак у жыцці. Але ж ён усё думаў, думаў, як змяніць яго, каб быць бліжэй да Надзі. Ды што ён можа, калі ўсе добрыя месцы па спецыяльнасці ў горадзе занялі іншыя выпускнікі. І яму адмовіцца ехаць па прызначэнні, значыць - трапіць толькі якім-небудзь другім памочнікам капітана на параходзік, які цягае старую баржу.

Там таксама тыднямі не будзеш у горадзе. А ён у апошні час не мог і некалькі дзён пражыць без сустрэчы з Надзяй. Раман толькі думаў пра ўсё гэта, а дзеянняў не прадпрымаў ніякіх. Тым больш ён успомніў пра першыя дні разлукі з маці, калі пайшоў у партызаны. Была яшчэ невялікая група партызан, калі ён трапіў да іх. Ні зямлянак, ні буданоў ніякіх не было. Тыднямі былі на нагах, спалі дзе даводзілася. Няма маці, няма пасланага ложка, няма падрыхтаваных ёю сняданняў, абедаў, вячэр. А галоўнае - ахапіў Рамана сум. Бывала, на прывале адлучыцца ад партызан, сядзе дзе-небудзь каля вываратня і плача. Але неўзабаве ўсё гэта прайшло. Любоў да маці яшчэ больш узмацнілася, а жыцця свайго без барацьбы з ворагам Раман не ўяўляў. Можа, так і цяпер будзе. З такімі думкамі Раман пакінуў горад.

Цягнік ішоў не вельмі хутка. І чым далей, тым больш душна станавілася ў вагоне, адчуваўся поўдзень. Ужо не сустракаліся пясчаныя ўзгорачкі з маладымі сасонкамі, якія выкінулі за лета ўгару паўметровыя шызыя вершалінкі-свечкі. Знік з далягляду адмысловы арнамент елак, адплылі ўзад цягніка гаі. Пачалі сарамліва паказваць з зараснікаў кіяшніку аблупленыя бакі гліняныя хаткі, прабягаў сутулы сланечнік. А кінеш позірк вышэй, то няма на чым затрымацца яму да самага схілу чыстага неба. «Ведаць бы, што робіць цяпер Надзя, што думае. Ці яна безнадзейна махнула на мяне рукой, ці будзе чакаць таго яснага дня, якога чакаю і я?»

З задумення Рамана вывеў хлопец, які злез з верхняй полкі і сеў насупраць. За ўвесь шлях Раман яшчэ не прамовіў і слова.

Было цёмна, калі сеў у вагон, і ён крышку падрамаў, нахіліўшыся на столік, а потым глядзеў у акно.

Цяпер Раман заўважыў, з якой цікавасцю хлопец разглядаў на яго расшпіленым кіцелі ўзнагароды, глядзеў на плечы, нават кінуў позірк на мічманку, якая вісела на вагонным кручку.

- Скажыце, калі ласка, - не вытрымаў ён, - што гэта ў вас за форма?

- Флоцкая, - адказаў Раман.

- Прабачце, але я прачытаў на вашым медалі, што вы партызан. А я ніколі не бачыў партызан і падумаў, што гэта яны ў такой форме ходзяць. Не, спачатку думаў, што вы з гандлёвага флоту, бо без пагонаў, а потым... - паціснуў плячамі хлопец.

- Ну, вось і ўбачылі партызана.

- А куды вы едзеце? - запытаў хлопец.

- На Чорнае мора, вучыцца.

Хлопец усміхнуўся і паглядзеў Раману ў вочы.

- Чаго вы смеяцеся?

- Я таксама еду вучыцца, але ж не на мора, а ў горад.

- І я ў горад.

- Паступаць?

- Куды? - перапытаў Раман.

- Я, напрыклад, еду паступаць у вышэйшае мараходнае вучылішча.

- А што - ёсць набор?

- Ёсць.

- У аб'яве пішуць?

- Гэта першы набор. Вучыцца пяць з паловаю гадоў, забеспячэнне дзяржаўнае, даюць форму. Яшчэ што? Трэба здаць уступныя экзамены. Так, яшчэ - тры факультэты: суднавадзіцельскі, суднамеханічны і радыё.

- Вас выклікалі? - запытаў Раман.

- Не, я вязу з сабою дакументы і буду здаваць уступныя экзамены.

- Гм, - Раман рукой крануў кішэню, дзе былі яго дакументы.

У думках ён вярнуўся сам да сябе. І толькі на імгненне аднекуль з далечыні з'явіліся мілыя вільготныя вочы Надзі, паглядзелі з сумам, а потым яна ўся: кранула губамі, але голасу Раман не пачуў. І адразу ж знікла.

- А што, калі мне паступіць? - хацеў падумаць, але словы самі вырваліся з вуснаў Рамана.

- Вы дзесяць класаў закончылі? - запытаў хлопец.

- Не, тэхнікум.

- Гэта ўсё роўна. Давайце прыедзем і разам будзем паступаць. Вучылішча добрае, мне пра яго расказвалі. Там рыхтуюць капітанаў, інжынераў для замежных плаванняў.

Чым бліжэй пад'язджаў Раман да Чорнага мора, тым больш у думках аддаляўся ад яго і ўжо недзе вітаў то на паралелях ля экватара, то ля Сінгапура, то ля Рыо-дэ-Жанейра, Нью-Йорка. Раману здавалася, што ён ужо ўчапіўся за ланцужок, які зменіць напрамак яго жыцця. Ён зменіць яго, і Надзя ўпэўніцца, што разлука была неабходная, каб ён мог набраць вышыню. Ён пойдзе па адрасе, куды трэба з'явіцца, і скажа там, каб яго не чакалі, а сам у мараходнае... Не, а навошта дакладваць? Не прыехаў, і ўсё. Хіба тут так ужо яго чакаюць? Ці на самай справе ім бандыты так ужо спаць не даюць?..

- Значыць, і я еду з вамі паступаць! - узнёсла выпаліў Раман і палез у кішэню. - Вось мой дыплом, пашпарт, вайсковы білет, застаецца напісаць заяву. Толькі медыцынскай даведкі няма.

- Медыцынскую камісію праходзяць на месцы.

- О, гэта зусім добра. Я быў паранены, але ж не знявечаны. Я здаровы, - з хваляваннем сказаў Раман.

- Вы паступіце, - паглядзеўшы на дыплом, сказаў хлопец.

Раман ужо ўяўляў сябе ў вышэйшым мараходным. Яго прымуць, уступныя экзамены ён вытрымае. І больш ніякай перашкоды Раман не бачыў, каб не быць там...

Аднак на першым жа кроку ў вучылішчы ў яго адбылася непрыемнасць. Далі запоўніць анкету, дзе ён напісаў, што жыў на часова акупаванай тэрыторыі з VIII.1941 г. да IV.1942 года, а потым быў у партызанах. У прыёмнай камісіі Раману адразу ж сказалі, што дакументаў ад асоб, якія пражывалі на акупаванай тэрыторыі, пакуль што не прымаюць. І калі да гэтага Раман вагаўся, паступаць ці не паступаць у мараходку (бо гэта рашэнне з'явілася незнарок), то цяпер ён усур'ёз расхваляваўся. Як гэта так? Няўжо ён у вайну не здаў экзамен на сваю стойкасць? Усе не выпрабаваныя жыццём юнакі без ніякіх сумненняў прызначаюцца ў групы для здачы экзаменаў, і толькі таму, што ім пашанцавала ў час вайны жыць у Ташкенце, Уфе, Тбілісі. Раман пачаў абурацца, але яго і слухаць не хацелі. Тады ён вырашыў зайсці да начальніка вучылішча. Там сутыкнуўся з флагманскім сакратаром вучылішча - старшым лейтэнантам. На Раманава шчасце, старшы лейтэнант аказаўся беларусам, і ён вельмі ўзрадаваўся, калі ўпершыню ў гады вайны ўбачыў жывога сведку з яго радзімы. Ён цікавіўся не толькі біяграфіяй Рамана, але падрабязна распытваў пра жыццё і барацьбу беларусаў. Потым ён узяў Раманавы дакументы і разам з ім пайшоў у прыёмную камісію. Раман чуў, як флагманскі сакратар спрачаўся з старшынёй прыёмнай камісіі.

- Загад загадам, - казаў старшы лейтэнант, - а ў дадзеным выпадку няхай хлопец здае экзамены, яго лёс вырашыць мандатная камісія.

- Няхай ідзе ў карабельнабудаўнічы, а так дарэмна патраціць час, - гаварыў старшыня камісіі. - Давайце прыму, але ж ведаеце, што мне за гэта будзе...

Невядома, хто быў больш рады з землякоў такой сустрэчы. Старшы лейтэнант назначыў на вечар спатканне з Раманам. Раман з ахвотай згадзіўся сустрэцца. Вельмі хацелася паглядзець на мора.

А вось і мора. Яно падобна на вока велізарнейшай жывёліны, і бачыш ты яго толькі частку. О, зусім яно не падобна на нашы шырокія рэкі і вялікія азёры. Яно неяк гарою і чаму толькі не выроўніваецца і не залівае зямлю? Не, гэта Зямля надала яму такую форму, і яно не ў сілах самастойна парушыць яе.

Раман вышэй узняў галаву. З мора набег густы струмень свежага паветра і абдаў твар.

Здаецца, што там, удалечыні, мора хвалюецца беспарадкава і ад гэтага хвалявання пляж пакрываецца мноствам залатых пясчынак і рознымі адшліфаванымі каменьчыкамі. Вада часта мяняе сваю афарбоўку, то робіцца сіне-чорнай, то колеру сталі з ружовым адлівам, то зноў становіцца цёмна-зялёнай. А якое яно магутнае, гэтае мора! Здаецца, што ў параўнанні з ім вецер, які ганяе туды-сюды лёгкія хмаркі, - нішто.

Раман, нагледзеўшыся на мора, уявіў сябе маленькаю пясчынкаю, якая зусім нічога не варта, калі адарвецца ад сваёй роднай зямлі. Ён зажмурыў вочы і там, недзе далёка-далёка, убачыў маленькую хатку, сваіх бацькоў. Яны нічога не ведаюць, што іх сын ужо не збіраецца хадзіць па тарфяністых балотах, пясчаных дарогах і глухіх барах, а па цяжкіх, бязмежных марскіх шляхах.

Хлопец страсянуў галавой і нібы прачнуўся.

«Не, узяўся за гуж, дык не кажы, што не дуж», - падумаў ён і пайшоў назад у будынак, за ўваходнымі дзвярамі якога на ўсю даўжыню сцяны было напісана: «На моры - значыць, дома, на беразе - у гасцях».

Прайшло некалькі дзён. Хлопцы, якія нядаўна закончылі па дзесяць класаў і ехалі паступаць, прывезлі з сабою па чамадану кніжак. Цяпер яны нервова гарталі іх, задавалі адзін аднаму пытанні. Раман слухаў і радаваўся, што можа адказаць на любое іхняе пытанне. Здаваць трэба было якраз тыя прадметы, на якія звярталася вялікая ўвага ў тэхнікуме. Бадай, самым цяжкім для ўсіх была медыцынская камісія і фізічная падрыхтоўка. Так гаварылі ўсе хлопцы, якія паступалі на суднавадзіцельскае аддзяленне.

А Рамана гэта не хвалявала. На медыцынскай і фізічнай камісіях атрымаў станоўчыя ацэнкі. Можа, вайна і беларускія лясы ўдасканалілі яго прыродныя дадзеныя, а можа, лазанне па дрэвах у дзяцінстве загартавала яго мускулы, і Раман тройчы на руках падымаўся па канаце да высокай столі спартыўнай залы. Толькі неўрапатолаг зрабіў заўвагу, каб ён так не хваляваўся. А Раман чым бліжэй было да мандатнай камісіі, тым больш хваляваўся. Але калі ўвайшоў у пакой, дзе сядзелі сем членаў камісіі, адразу ж памужнеў. Флагманскі сакратар чытаў Раманавы анкетныя дадзеныя. Ён выразна падкрэсліваў інтанацыяй тыя пункты, дзе значылася, што Раман актыўна змагаўся ў тыле ворага. Нават сам падкрэсліў, што з шаснаццаці гадоў; неяк мімаходзь сказаў аб пражыванні на акупаванай тэрыторыі. Надзьмуты маёр, які быў да гэтага знаёмы з анкетай, загадаў сакратару прачытаць гэты пункт яшчэ раз. Раман глянуў на маёравы пагоны і падумаў, што ён, відаць, такі ж самы, як і палкоўнік у Днепра-Дзвінскім параходстве. «Хаця б яму не было ўсё вядома, куды ехаў і куды трапіў я, тады ўсё, лічы, прапала», - падумаў хлопец.

Старшы лейтэнант паўтарыў пункт з анкеты, але ніхто ніякіх пытанняў больш не задаў. Толькі начальнік вучылішча падазваў Рамана бліжэй да сябе, пакруціў на яго грудзях партызанскі медаль і ціха сказаў, што ён такога не бачыў. З хвіліну стаяла маўчанне, а потым начальнік сказаў:

- Ідзіце, вам паведамяць.

Раман пайшоў за дзверы нібы з параненым сэрцам. Выйшаў у вестыбюль і не ведаў, што рабіць. Падышоў да акна, плюнуў у куток і рашыў: «Калі мне не давяраюць плаваць па морах і акіянах, не паплыву і па рэчках. Паеду і буду прасіцца ў свой педінстытут. Там мяне зразумеюць».

Каб не распальваць больш сябе, Раман вырашыў крыху развеяцца: схадзіць у парк і на развітанне пакупацца ў моры, бо дома на радзіме ўжо будзе халодная вада. Не паспеў зачыніць за сабой дзверы, як раптам пачуў, што за ім хтосьці бяжыць. Ён азірнуўся.

- Куды ты? - запытаў яго зямляк і з радасцю абхапіў Рамана за плечы, закруціў яго ля парога. - Прынялі, цябе прынялі, разумееш?..

- Што вы?.. Я не веру, я ўжо вырашыў ехаць дамоў.

- Прынялі. Праўда! Пасля некаторых дэбатаў начальнік сказаў: «Няхай хоць адзін партызан бараздзіць моры і акіяны. Я гэтага беларуса прыму». А ты... дадому. Вось куды глядзі, - флагманскі сакратар паказаў на плакат.

- Так: «На моры - значыць, дома, на беразе - у гасцях», - яшчэ раз прачытаў Раман.

 

XIV

 

Гора не ходзіць адно, яно, нібы шкодная бацыла, якая трапіла ў спрыяльнае асяроддзе, аслабляе арганізм, куды лёгка можа пранікнуць любы мікроб.

Сям'ю Валенцікаў гора нібы падсцерагала на кожным кроку. Мала таго што бацька ў такім становішчы, дык і Вера, цяжарная, атрымала ад начальніка штаба часці паведамленне, у якім гаварылася, што яе муж, маёр Міхаіл Яўстахавіч Сініцын, загінуў у Маньчжурыі і пахаваны з усімі вайсковымі пашанамі.

Усхваляванае і радаснае пісьмо ад Рамана Надзя нікому не паказала. Загінуў Верын, дык няхай ніхто нічога не ведае і пра яе хлопца. Надзя ўжо некалькі разоў бралася напісаць адказ, але пра што яна будзе пісаць? Пра Верыны слёзы, лаянкі маці, стогны бацькі? А што ён паможа? Пра асабістае жыццё таксама няма чаго пісаць...

Неяк у нядзелю да Надзі зайшла дачка настаўніцы, якая пасялілася нядаўна ў вызваленым пад кватэру класе, і запрасіла пайсці разам у парк. Калі яны прахаджваліся па алеі, да іх падсуседзіўся мужчына. Яму было, відаць, за трыццаць. Надзя і не падумала, што ён можа мець яе на ўвазе. Тым больш што зусім непрыгожы: невысокага росту, з тоўстым жыватом, прыплюшчаным малым носам, невыразнымі вачамі. Загаворваў ён больш з Надзяй, бо тая дзяўчына была яшчэ маладзейшая. Надзя ўжо памкнулася сказаць, каб ён ішоў сваёй дарогай, але той прызнаўся, што ён даўно ведае яе і Рамана. Мільганула думка, што гэта Раманаў знаёмы, і яна стрымалася. Ён працягваў хваліць Надзю.

- Я зусім недалёка ад вас жыву і часта ўвечары спецыяльна выходжу на вуліцу, саджуся на лаўку, каб убачыць вас і палюбавацца. Раней вы часта гулялі па маёй вуліцы, а цяпер нешта не відаць, - гаварыў мужчына.

- Вы ведаеце Рамана? - запытала Надзя.

- Добра.

- І ведаеце, куды ён паехаў?

- Так. Ён у партызанах быў у нашых краях.

Надзя паглядзела на яго больш уважліва.

«О, ён, напэўна, Раманаў знаёмы па партызанах», - падумала дзяўчына.

- Давайце пазнаёмімся, - прапанаваў ён.

- Валя, - напаўголаса адказала сяброўка.

- Надзя.

- Раней, ведаеце, якія дурныя людзі былі? Самі бацькі не давалі імя, а беглі ў царкву. Поп паглядзіць у кніжку з імёнамі і па чарзе называе. Вось мне і выпала - Ісідар.

- Дык у нас жа такіх няма, - заўважыла Надзя. - Сідар ёсць.

- Гэта калі я ў інстытуце вучыўся, дык там мне прыставілі літару «І».

- Ды галоўнае добрую літару: з кропкай наверсе, - засмяялася Надзя.

- Маці мая расказвала, што ў яе родзе нехта быў з вялікім носам, і яе дзявочае прозвішча Носава. А па бацькавай лініі былі спрадвечныя цесляры, дык іх Касякамі празвалі. Я і ёсць Сідар Касяк.

Надзі хацелася пагаварыць пра Рамана, і яна запытала:

- А як разумець прозвішча Зімін?

- Зімін? - паўтарыў Касяк. - Паходзіць, відаць, ад холаду, ад нечага зімняга.

- Ой, лухта гэта ўсё!

Касяк заўважыў, што не варта пакуль што дзяўчыне гаварыць дрэннае пра яе хлопца. Трэба лепш выпытаць, куды ён знік, тады будзе ясна, як дзейнічаць далей. І ён запытаў:

- А куды паехаў Раман і наколькі?

- Калі ён ваш знаёмы, дык вы павінны былі ведаць, - падазрона паглядзела Надзя на Касяка.

- Мой зямляк, вучыўся разам з ім, але я ў апошні час яго таксама не бачыў. Хацеў бы Раманаў адрас мець, можа б, пісьмо напісаў калі яму.

Надзя спачатку не хацела гаварыць, а потым перадумала і сказала.

- О, вышэйшае мараходнае. Там вучыцца не менш пяці гадоў, а закончыць - дык памінай як звалі. Сёння тут, а заўтра там, - узнёсла сказаў Касяк.

- Што гэта значыць? - запытала Надзя.

- А гэта значыць, што сям'і ў іх ніколі не бывае. У якім горадзе спыніцца, там і жонка. Не тое што я, інжынер, магу прасядзець усё жыццё на месцы.

- Нічога падобнага. Ён вучыцца на суднавадзіцельскім аддзяленні. А капітан далёкага плавання мае права браць з сабою і жонку.

- Так, ён хлопец нішто сабе. У яго будуць жонкі і на моры і на сушы.

- Кепска вы думаеце пра свайго таварыша, - успыхнула Надзя.

- Чаму? І я быў бы на яго месцы такім.

- Вы, напэўна, па сабе і мяркуеце.

- Быў бы ён на маім месцы, мог бы стаць выключным мужам.

- Гэта вы - выключны муж? Пакінулі недзе жонку і самі блукаеце па парку, - засмяялася Надзя, і яе падтрымала сяброўка.

- Каб у мяне была жонка, дык чаго б я тут блукаў?

- Божа мой! І не знайшлі жонку да гэтай пары, - штучна ўздыхнула Надзя.

- Не знаходжу. Вось ужо амаль два гады ведаю вас і не знаходжу падобнай.

Надзя не разумела, куды гне Касяк, але душой адчувала, што вяжацца да яе. Калі на працягу двух гадоў яна цікавіла яго, дык зразумела, што ён цікавіўся і яе хлопцам. Яна напіша Раману пісьмо і запытае, ці ведае ён такога Касяка.

- Так, а скажыце, вы адкуль будзеце? - запытала Надзя.

Касяк самазадаволена выпраміўся.

- Мой дом - адсюль рукой падаць, дваццаць кіламетраў ад горада.

- Раман партызаніў за сто кіламетраў ад нас.

- Ну і няхай, - не зразумеў, да чаго сказала Надзя.

- А я думала - вы з ім у партызанах былі?

- Я ў партызанах не быў.

- А дзе, у арміі?

- Нідзе. Я быў дома, маці старэнькую даглядаў. Яна адзіная ў мяне. А лёгкага хлеба не шукаў, як некаторыя, што ішлі ў партызаны, каб за чужы кошт жыць.

- А за чый кошт жыла армія?

Раман на падобныя пытанні - пра абарону радзімы, вайну, жыццё - адказваў зусім не так. І Надзя пачала злавацца за такія разважанні Касяка, які гэтым самым зневажаў яе каханага.

- Скажыце, адкуль вы ведаеце Рамана і як вы можаце гаварыць, што ён пайшоў у партызаны дзеля таго, каб жыць за чужы кошт?

- Я не гавару пра Рамана, а пра іншых партызан.

- Дык вы ведаеце яго?

- Столькі, колькі і вас, паважаная Надзя.

Надзя ўшчыпнула сяброўку і зморшчылася, паказваючы, што ёй вельмі непрыемна.

- Пойдзем дадому, - сказала ўголас Надзя сяброўцы, - бо ўжо цямнее.

- І мне трэба ісці. Нам жа па дарозе.

- Ідзіце.

- Дык дазвольце, я вас абедзвюх вазьму пад рукі.

- Дзякуем. Абыдземся і без вашай дапамогі.

Касяк усё ж паспрабаваў узяць іх пад рукі, але дзяўчаты звонка засмяяліся і пабеглі ўперад.

«Нічога, нічога, пачакаю яшчэ два гады, але ж свайго дасягну», - думаў Касяк, ідучы следам за дзяўчатамі. Ён ведаў, што Надзя жыве ў школе. А вось у якім пакоі, невядома. Ён спыніўся ля школы і заўважыў, што дзяўчаты пайшлі ў пад'езд, а неўзабаве ўспыхнула святло ў крайнім акне на другім паверсе.

Назаўтра Надзя атрымала яшчэ адно пісьмо ад Рамана. Ён пісаў, што яго назначылі камандзірам роты, і што іх інтэрнат абнесены цаглянай высокай сцяной, і што курсантаў адпускаюць у горад толькі па спецыяльных білетах, а ён ходзіць вольна, колькі захоча. Але гэтым ён карыстаецца мала, бо трэба многа вучыць. Вось ён прыводзіць раніцай роту да вучылішча, і адтуль яны ўжо не выходзяць да вечара. Толькі семсот гадзін у год адной ангельскай мовы, працы шмат.

«А я яшчэ ўхітраюся і вершы пісаць, адзін з іх дасылаю на твой суд, мая дарагая Надзенька.

 

Так здаецца, быццам назаўсёды,

Любы край, пакінуў я цябе,

Дзе дзяліў з дзяцінства ўсе прыгоды,

А цяпер адзін тут у жальбе.

Ты мне маці, ты мне і дзяўчына,

Я цябе не кіну у бядзе,

І прызнацца, што такога гімна,

Як тваіх лясоў, не чуў нідзе...

 

Пішы мне пра ўсё-ўсё, бо іншы раз так сумна, што я гадзінамі думаю пра цябе ў надзеі, што мае думкі даляцяць да цябе і ты адклікнешся на іх. Толькі так, мая міленькая, мы можам быць разам. У нас недзе летам канікулы, і я прылячу да цябе, я прыеду, я прыйду.

Твой Рамэо».

Сёння на лекцыі Надзя рашыла напісаць адказ. Яна раскажа пра незвычайную сустрэчу з Раманавым ілжэзнаёмым. Але Раман пытаецца пра Веру, як у яе справы, ці атрымлівае яна пісьмы ад Мішы, няхай перадае яму прывітанне. Але зноў не напісала. Спрабавала і нават ужо некалькі першых радкоў вывела на лісце, але ўсе яны нейкія халодныя, не такія, як піша ёй Раман. Не, на лекцыі яна не будзе пісаць, дзе побач сядзяць сяброўкі і кідаюць позіркі на лісток паперы, што ляжыць перад ёю. Яна прыйдзе дамоў і тады напіша.

З інстытута Надзя ішла не звычайнай дарогай. Яна вырашыла пайсці па тых ціхіх вуліцах, дзе яны некалі часта гулялі з Раманам.

«Аднекуль жа Касяк назіраў за намі, - падумала Надзя. - І якая я нездагадлівая? Каб ён сапраўды быў Раманаў знаёмы, дык навошта было назіраць збоку, узяў ды і падышоў. Раман заўсёды мяне знаёміў не толькі са сваімі сябрамі, але і з таварышамі па вучобе. Але ж дзе тая лаўка, што Касяк заўсёды сядзеў на ёй? Ніякіх лавак няма на тых вуліцах, па якіх мы хадзілі. Ён, відаць, аднекуль з агародаў за намі сачыў. Інжынер, сталы чалавек, а займаецца абы-чым. Мы тут з Раманам амаль на кожным кроку цалаваліся, смешна, а Касяк наглядаў».

Яна ўсміхнулася сама сабе і прыбавіла крок. Зараз жа яна прыйдзе дамоў, павячэрае і напіша пісьмо.

Дарэмна Надзя пакутавала і не магла напісаць Раману пісьмо з той прычыны, што не магла прызнацца, у якое становішча трапіла яе сястра. Цяжкае становішча іншых выкарыстоўваюць толькі несумленныя, з дробязнымі душамі людзі.

Надзя толькі пераступіла парог сваёй кватэры, як у яе з-пад пахі выкаўзнуліся ўсе кніжкі. «О Божа мой, што гэта такое?» - глянула яна на Касяка, які сядзеў каля бацькі. Ніжні канец шырмы быў закінуты пад столь на вяроўчыну, каб уваход да бацькі быў адкрыты. Задуменная маці сядзела каля стала.

- Добры вечар, - устаў з крэсла Касяк і пакланіўся Надзі. - Я да вас у госці.

- Мы не рыхтаваліся вас прымаць, бо не запрашалі, - адрэзала Надзя, сабрала з падлогі кніжкі і пайшла ў суседні пакойчык.

Там сядзела Вера. Яна пальцам паклікала Надзю да сябе і толькі хацела штосьці сказаць, як з-за шырмы пачуўся голас.

- Можна да вас? - Шырма рассунулася, і ўвайшоў Касяк. - Ну, што там, у вашым інстытуце, новага?

- Якая вам справа да інстытута, а калі ёсць, дык схадзіце. Вас жа сюды ніхто не запрашаў, як вам не сорамна?.. - зморшчылася Надзя.

- А як жа, я з тваім бацькам знаёмы, - хацеў быў сесці на заезджанага свайго коніка Касяк.

- Хопіць, як вы ведаеце Рамана, так і бацьку. У вас нейкі несумленны падыход.

- Вы запытайцеся ў сваіх бацькоў, ці ведаюць яны мяне?

- Я вас не ведала і ведаць не хачу.

- А я толькі білеты ўзяў на «Вяселле ў Малінаўцы», думаў, сходзім.

Надзя крута павярнулася і выйшла з кватэры, ляпнуўшы дзвярамі.

- Вы сястра? - звярнуўся ён да Веры. - Вы павінны ўздзейнічаць на Надзю. Чаго яна чакае - з мора пагоды?

Вера нічога не адказала.

- О, трэба тады ісці ў клуб і білеты прадаць, - паглядзеў на гадзіннік Касяк. - Я хутка вярнуся.

Касяк пайшоў.

Маці падышла да Веры і села.

- Куды яна галодная пабегла, дурніца, - сказала маці. - Слухай, дачка, думаю, што не трэба Надзі грэбаваць такім чалавекам. Ён непрыгожы, але ж мужчына ёсць мужчына. Асабліва ў цяперашні час.

Вярнулася Надзя.

- Ну, пайшоў, жаніх гэткі... Слава Богу. Я чула, як ад нас нехта выйшаў. Начавала б у Валі, калі б ён не пайшоў. Перш трапіў да Валі і запытаў, дзе я жыву. Смешны чалавек.

- Зусім ён не смешны, дачушка. Сталы і пра сур'ёзнае думае. Куды ж яму цягнуць, вайна закончылася, гады ідуць. Хлопец не які-небудзь вецер. У вайну не хацеў жаніцца, бо маглі б забраць на фронт, забіць, а сям'я пакутуй.

- Ён яшчэ прыйдзе, - сказала Вера. - Пайшоў у клуб білеты прадаваць.

- Узрадавала ты мяне, я ўсё роўна сыду з дому. Во інжынер, білецікі панёс прадаваць. Я аднойчы рыхтавалася да семінарскіх і не магла пайсці, дык Раман парваў білеты і выкінуў у вядро са смеццем.

- Відаць па чалавеку, - зноў пачала маці, - ён ведае, што капейка рубель зберагае, дбайны, значыць. А мне гэтыя якасці падабаюцца. Хаця я не супраць Рамана, але ж ты ўтойваеш і не гаворыш мне пра яго праўды. Ды што казаць, хлопец ён малады, прыгожы, далібог, ён знойдзе там, у горадзе, сотні, тысячы такіх, як ты.

Надзя павярнулася і кінулася тварам у падушку.

- Адчапіцеся ад мяне, - з плачам гаварыла Надзя, - куды мне ўцякаць ад такога жыцця?

- Маці ж хоча, каб свайму дзіцяці было лепш. Як кажуць, зжывецца-злюбіцца. А то адна хныкала, цяпер крыху адышла, дык другая ў падушку на яе месца слёзы лье. Ну, у Веры прычына, а табе чаго? Ты ж не ведаеш, што чалавек расказваў. У яго дом дзевяць на дванаццаць, зусім блізка ад горада.

- Ага, ты была і змерала, - заўважыла Надзя.

- Слухай, там жыве толькі старэнькая маці, трымае карову, свіней, гусей, курэй. Усё гэта ён вунь і бацьку гаварыў, перавязе сюды, і ўсе мы пяройдзем да яго. А так, з'явіцца дзіцё ў Веры, далібог, будзеш спаць пад ложкам.

- Правільна маці гаворыць, правільна, - данёсся хрыплы голас бацькі. - О, дачушка, я ніколі б не стаў падтрымліваць маці, каб Раман застаўся тут на месцы працаваць. Слаўны хлопец, я многа людзей бачыў на вяку, скажу прама - хлопец на рэдкасць. Але - што не, відаць, не наша - шчасце, яго падхопяць. Будуць у яго дочкі і генералаў, і адміралаў. Я думаў, што ў зямлю лягчэй будзе лажыцца, калі ён стане маім зяцем. А так не лёс, не, не, дачушка...

- Бачыш, што бацька кажа, мы ж не згаварваліся. А гэты хлопец прыйшоў, паглядзеў на наша жыццё і адразу кажа, што ён прыйшоў сур'ёзна пагаварыць з намі, ну і сказаў, чаго ён хоча, паказваў бацьку дакументы. У яго распараджэнні многа машын, рабочых.

- Няхай імі і кіруе, навошта ён вам? Галоўнае адразу ж жаніцца думае, нягледзячы на тое, падабаецца ён ці не. Ды ён, можа, яшчэ і вам абрыдае за месяц, - гаварыла Надзя.

- Не бойся, ён культурны і не дурны хлопец, - заўважыла Вера.

- І ты за яго, дурніца? Які ён хлопец, стары чалавек, - са злосцю паглядзела Надзя на Веру.

- Не так ужо і стары, трыццаць два гады, - адказала Вера.

- Як табе не сорамна, я напішу Раману. Скажы, ты б так зрабіла?

- Не ведаю, каб з табой здарылася тое, што са мной, можа б, і зрабіла. Тут галоўнае, на што ты можаш спадзявацца. Я не думала, што Міша загіне, а ты думаеш, што Раман праз нейкіх пяць гадоў прыедзе і забярэ цябе. Ты верыш у гэта?

Надзя крыху памаўчала, уздыхнула і не зусім цвёрда сказала:

- Упэўнена.

- А ты ўпэўнена, што мы ўсе вытрымаем такое жыццё на працягу пяці гадоў? Толькі ты маеш магчымасць знайсці выйсце з такога становішча, падтрымаць усіх.

Надзя вельмі шкадуе бацьку, маці, Веру і Рамана. Калі б яна магла паручыцца за Рамана, што ён закончыць вучобу і прыедзе да яе! А так што? Закончыць, а там практыка. Хаця б практыка была на зямлі, а то пойдзе, можа, на паўгода ў мора. Ён, пакуль добра не ўсталюецца, не возьме, а кіне адну на беразе. «Іншая справа ажаніцца яму з такой дзяўчынай, якая там на месцы жыве з бацькамі. Напэўна, так і будзе, - падумала Надзя. - Кінуць інстытут і пайсці ўладкавацца дзе-небудзь афіцыянткай, тады яна зможа падтрымаць і бацькоў і сястру». Гэтыя Надзіны думкі перапыніў стук у дзверы. Яна ўперлася рукамі ў ложак і хуценька ўстала. «Халеру ён убачыць, а не тое, што я плачу», - падумала Надзя і паправіла падушку.

- Адразу з рук выхапілі білеты, а ваша Надзя не захацела ісці, - пераступаючы парог, гаварыў Касяк. - Куды Надзея зноў збіраецца?

- Якая ваша справа? - злосна буркнула Надзя.

- Чаго ты, не можаш пагаварыць з чалавекам, ці што? - заступілася за Касяка маці.

- Вы гаварыце, а я з ім ужо ўчора нагаварылася, - на парозе кінула Надзя.

Касяк асабліва і не намагаўся затрымаць яе. Ён быў задаволены і самім сабой і тым уражаннем, якое зрабіў на яе бацькоў. Кахаць можна па-рознаму. І гэта розніца асабліва відаць у тым выпадку, калі адну і тую ж асобу кахаюць двое. Нельга сказаць, каб Касяку не падабалася Надзя так, як і некалі Раману, з першага позірку. Ён толькі ўбачыў яе і паставіў сабе мэту: яна павінна быць яго жонкай. Разліку, каб узяць сабе ў жонкі якую-небудзь дзяўчыну з вядомай багатай сям'і, у яго не было. Ён лічыў сябе дастаткова вопытным і разумным для вядзення сямейных спраў. Галоўнае для яго было - узяць прыгожую жонку. Але такое аднабаковае рашэнне ў яго ўзнікла крыху раней, калі яшчэ ў час акупацыі ён прывёў у матчын дом маладую, прыгожую сялянскую дзяўчыну. Але што ж? Яна ў яго была дурніца. Спачатку, што ні скажуць ён або маці, яна ўсё смяялася, а потым скажуць ён або маці, што яна дурніца - раве. І настаяла на сваім, што дамоў хоча да сваёй маці - усё. Ну, дык і бяжы, дурніца...

Цяпер яму вельмі спадабалася Надзя. Дзяўчына як-ніяк гарадская, у інстытуце вучыцца, ну, а прыгажуня - дык ён ва ўсіх сваіх навакольных вёсках, ды і тут, у горадзе, яшчэ не бачыў такой. Замінаў яму Раман. Касяк нават знайшоў у тэхнікуме хлопца з аднаго з ім сельсавета і пасябраваў. Той пра ўсё дакладваў Касяку: колькі вучыцца Раману, хто яго дзяўчына. Але не заўсёды той сам дакладна ўсё ведаў. Так, напрыклад, Касяк усё чакаў, што Раман пойдзе на фронт, але не дачакаўся. Былі чуткі, што Раман ажаніўся з пракуроршай, але Касяк сам бачыў хлопца зноў з Надзяй. Ён нават, сеўшы моцна на бронь, як «спецыяліст», быў не супраць таго, каб працягнулася далей вайна. Можа, яшчэ забяруць Рамана, ды і не хлынуць у горад хлопцы з фронту.

Касяк надзвычай узрадаваўся, калі ўбачыў, як жывуць бацькі і сама Надзя. Больш спрыяльных умоў, дзе ён зможа адчуць сябе гаспадаром, бадай, не знойдзеш, стварыўшы адносна забяспечанае жыццё Надзі, дык ёй не будзе куды бегчы. О не, ён ніколі не скажа на яе так. Ён яе апране, як каралеву, і яна будзе ўпрыгожваць яго жыццё, ствараць у доме ўтульнасць. А сродкаў у Касяка на гэта хопіць. Ён не такі, як некаторыя дурні, што ішлі ў партызаны. Потым палілі іх хаты, абіралі, распраналі сем'і. Ён жа сядзеў спакойна, нават бародку адпускаў. Няхай хто скажа, што ён не чысцейшай душы чалавек або не чакаў вызвалення. Яго нават цяпер правяралі, і ніхто нічога не сказаў. Няхай правераць партызана - і на яго могуць сказаць, што ён чужую гуску забіў або ўсім вядомаму старасту даведку падпісаў, што той для нейкай разведкі служыў. А дзе тая разведка? Знікла! І вось партызан няхай чухае тады патыліцу.

У яго і агародзік, і дом, і жывёла - усё ўцалела, бо як турнулі нашы немцаў, дык тыя прамчалі міма вёскі на такой хуткасці, што Касяк іх нават не бачыў. Цяпер толькі яму і жыць. Ажаніцца, і адразу гарвыканком кватэру дасць. Так ужо яму гаварылі.

Адзіная непрыемнасць свідруе душу Касяка, гэта каб не бадзялася дзе жонка былога начальніка паліцыі. Яго, сабаку, забілі партызаны, а яе чамусьці не чапалі. Яна-то нічога нікому не рабіла кепскага, але лепш, каб і яе знішчылі. Яна адзіная ведае, што Касяк распрацоўваў праект умацаванняў вакол паліцыі. І грошай тады грабануў ад іх, ворагаў.

Надзіна маці расказвала пра сваё жыццё ў час вайны, а Касяк думаў пра сваё. Нарэшце ён выказаў такое прызнанне:

- Надзя, відаць, думае, што я яе буду меней любіць, як Раман. Яна проста прывыкла ўжо да яго. І зразумейце мяне правільна і Надзі растлумачце, шту ён можа даць, каб падмацаваць сваю любоў. Аднымі пацалункамі сямейнае жыццё не наладзіш.

Надзя сядзела, сядзела ў сяброўкі і не вытрымала. Яна ціхенька ўвайшла і шмыганула паміж маці і Касяком за шырму, а той працягваў:

- Матэрыяльная аснова - вянок усяму, як асабістай сям'і, так і ўсяму грамадству ў цэлым. Няма матэрыяльнай асновы, няма дзяржавы, а не толькі сям'і. Матэрыяльная аснова - гэта базіс, а любоў гэта - надбудова.

Надзіна маці ў знак згоды толькі ківала галавой. Касяк замоўк і прыслухаўся, што там робіць Надзя. Няўжо яна не выйдзе, не пагаворыць з ім? Хаця ўжо дванаццаць гадзін ночы. Ён чуў, як зарыпелі спружыны ў ложку. Значыць, Надзя лягла спаць. Касяк устаў з крэсла, шмыгануў у спальны пакойчык і ўпаў на калені ля ложка. З пярэдняй праз шырму цьмяна падала святло. Вера спала з краю ложка, паклаўшы аголеную руку на коўдру. Касяку здалося, што гэта Надзя, і ён схапіў Верыну руку і пачаў цалаваць.

- Надзя, я прашу тваю ручку...

- Што гэта такое? - вырвала руку Вера.

Надзя, прыкрываючы грудзі коўдрай, села.

- Мама, правядзі гэтага чалавека з кватэры і лажыся спаць.

- Прашу прабачыць мяне, добра, добра, я пайду. - Касяк адскочыў ад ложка. - Да пабачэння...

Яму адказала толькі маці.

У гэту ноч Надзя доўга не магла заснуць. Няўжо сапраўды можна прывыкнуць да чалавека, які нават не кране твайго ўражання з першага позірку. Можа, калі абдымае, цалуе хаця і непрыгожы, а ўсё роўна прыемна? Многія ж ходзяць і з непрыгожымі, а затым, напэўна, добра жывуць. Надзя нават спрабавала запытацца ў сястры, якое пачуццё ў яе было, калі Касяк пацалаваў руку вышэй локця. Але тая толькі прабубнела, каб яна спала, і нічога не адказала.

- Вера, ты спіш?

- Чаго ты?

- Можа, там засохла сліна ад пацалунка Касяка.

- Нічога страшнага, смерць страшней. Лепш бы я выйшла замуж за іншага, а Міша жыў. Можна і табе выйсці, каб аблегчыць жыццё ўсім. А потым кепска будзе, дык ніхто не звяжа.

Надзя сціхла і задумалася.

 

XV

 

У кубрыку, так называлі пакойчыкі ў інтэрнаце мараходкі, жыло чацвера хлопцаў. Напэўна, ніхто з іх так не чакаў пісьмаў, як Раман. З дому калі атрымліваў пісьмы, ніколі не заўважаў, рэгулярна яны ідуць ці не, а вось ад Надзі - падлічваў дні, гадзіны. Ужо была наладзілася перапіска, а цяпер зноў пісьмы пачалі дастаўляць рэдка.

Звычайна ў такіх выпадках ён браў апошняе пісьмо і перачытваў, каб улавіць яе думку, якой яна будзе жыць да наступнай пісьмовай сустрэчы. Вось і цяпер, лежачы на ложку, ён перачытаў нават два апошнія. Але яго таварыш па кубрыку, які толькі што ўвайшоў, узняў руку ўгару і сказаў:

- Камандзір, табе пісьмо, танцуй!

- Дай, браце, хутчэй, я так чакаў!

Раман умомант разарваў канверт і змераў вачамі, колькі напісана. Зморшчыўся: паўтары старонкі, мала. Але тут жа сам сабе ўсміхнуўся і пачаў чытаць, уяўляючы Надзіну руку, якая рухалася па лісце паперы толькі на адзін радок уперад, як ён чытаў. Штосьці ён мала разумее яе. Ужо ў папярэднім пісьме было пра нейкага яго знаёмага Касяка, цяпер зноў пра яго. Галоўнае, каб Раман не думаў, што яна любіць Касяка. Адкуль яна гэта ўзяла, ды ў Раманаву галаву і не прыходзіла такая думка. Чамусьці папракае Рамана, што ён не можа застацца верным ёй да канца вучобы, ды і потым перад ім зусім новыя шляхі ляжаць, не такія, як у звычайных людзей. Яна плача, але інакш пісаць не можа. А ў канцы «даруй мне».

«Што там здарылася?» - ніяк не мог зразумець Раман. Ён яшчэ раз перачытаў пісьмо, глянуў на канверт і на ім заўважыў розніцу ад папярэдніх. Зваротнага адраса не было, а стаяў толькі неразборлівы подпіс прозвішча. Не інакш яна пісала пісьмо і некуды спяшалася. Ён дастаў з тумбачкі стосік яе пісем і хуценька пачаў іх пераглядваць. Усе яны пісаліся без спешкі, нідзе няма «даруй», а «цалую». Напісаць Веры і ў той запытаць, што здарылася з Надзяй? А можа, і нічога, проста быў кепскі настрой. Усе ішлі гуляць, а ёй няма з кім. Ён зноў узяў пісьмо і паглядзеў, калі яно датавана. Вызначыў дзень - нядзеля. Значыць, яго меркаванні правільныя. Бо ў яго самога ў выхадны дзень смутак з'ядае душу, нібы туман снег. Хадзіў і ў парк, быў на танцах, а ўвесь час бачыў сябе ў парку над Сожам з Надзяй. Хоць бы адна дзяўчына была падобна да Надзі. Усе нейкія, нібы з адной гліны злепленыя. Як толькі пачне змяркацца, дык ужо іх не адрозніць. Яго Надзя між імі свяцілася б белізною, ззяла б зоркай. Нават танцаваў з адной, дык што гэта за дзяўчына, калі не засталося ў памяці ні адной яе рыскі. Можа, і былі прыгожыя дзяўчаты, але Раман параўноўваў іх з Надзяй і не хацеў бачыць іхняй прыгажосці.

Сёння Раман усхваляваны. Ён не будзе пісаць адказ, а заўтра сядзе ў чытальнай зале, дзе-небудзь у куточак, і напіша. Доўга ён варочаўся на ложку, папраўляў, падбіваў падушку і, здавалася, толькі заснуў, як пратрубіў горн - пад'ём.

Сыпаў снег. Дахі дамоў, зямля, дрэвы - усё здалося Раману шэрым, цяжкім, непрыемным. Рота стала ў строй. Раман падаў каманду, і ўжо больш глуха чуцён быў крок навучэнцаў. Яны ішлі па вуліцы, чорныя шынялі хутка рабіліся ад снегу шэрымі. Узняўся сцяг над вучэбным корпусам.

- Рота, стой! - скамандаваў Раман. - Напра-ва! Першая шарэнга, шагам марш!

Раман увайшоў у вестыбюль апошні, страсянуў з мічманкі снег, зняў шынель, павесіў у гардэроб і пайшоў у сталовую. Ужо ў канцы снедання да Рамана падышоў дзяжурны курсант з павязкай на рукаве, нахіліўся і сказаў, што яго выклікае маёр.

Ёкнула ў сэрцы. І Раман, калі б хто назіраў, пабялеў. У самым жорсткім баі ніколі ён не адчуваў, што яго цела мярцвее і робіцца непрыемна на душы. А цяпер усё гэта было з ім. Не дапіўшы шклянкі чаю, ён устаў з-за стала і пайшоў.

- Па вашым выкліку курсант Зімін з'явіўся, - пераступіўшы парог, адрапартаваў ён і ўважліва паглядзеў на квадратны твар маёра, стараючыся зразумець па ім, для чаго спатрэбіўся.

- Сядай, - абыякава сказаў маёр.

Раман сеў на крэсла каля парога. Ці крэсла маёр спецыяльна паставіў для Зіміна, ці яно заўсёды стаяла далёка, невядома.

- Пакажы свой партыйны білет, - расцягнута, спакойна сказаў маёр.

- Я не камуніст, а толькі кандыдат, - адказаў Раман.

- Усё роўна.

Раман падаў кандыдацкую картачку і сачыў за маёрам. Той выняў яе з вокладкі, паглядзеў з абодвух бакоў, потым раскрыў, бліснуў спадылба на Рамана, звяраючы падабенства з фотакарткай, узяўся за адзін лісток і націснуў пад вушаком акна кнопку. На сценцы ўспыхнуў ліхтарык з матавым шклом. Маёр прасвяціў лісток. Раман нават ад парога заўважыў на лісточку вялікія літары «ВКП(б)». Маёр вярнуў Раману кандыдацкую картачку.

- А цяпер скажы, што ты натварыў у сваёй Беларусі?

- Многа чаго, усяго не пералічыш, бо прыйдзецца дзень страціць. І то, калі расказваць усё збольшага.

- Як гэта цябе разумець?

- Падрываў эшалоны, паліў масты, забіваў, а потым вучыўся, любіў, ненавідзеў. Вось бачыце, колькі натварыў. А яшчэ ўзарваў з разбуранага дома сценку. Нарыхтоўваў цэглу для будаўніцтва тэхнікума. Я за гэта нават быў пад арыштам, наша міліцыя пасадзіла.

- І ты ўцёк? - спахапіўся маёр.

- Чаго мне было ўцякаць. Мяне выпусцілі, і за нарыхтоўку цэглы дырэктар нават прэмію даў.

- Эшалоны, масты, дык гэта ў тыле ворага? - зноў спадылба паглядзеў маёр.

- А няўжо ж цяпер, за што ж мне ўзнагароды далі?

- Значыць, ты ніякай віны за сабой не адчуваеш? Скажы, а чаму цябе шукаюць з Днепра-Дзвінскага басейна?

- А-а, зразумела! Адразу б так і сказалі, а то пачалі з партыйных дакументаў, нібыта я іх падрабіў. Справа ў тым, што мяне накіроўвалі сюды, каб я добра пазнаёміўся з вайсковым катэрам, а потым даехаў на заходнія рэкі вылоўліваць бандытаў. Ну, а я паступіў да вас. Закончу, а потым магу і бандытаў вылоўліваць.

- Іх тады ўжо не будзе.

- Яшчэ лепш!

- Чаму ж тады напісана, каб неадкладна накіраваць цябе ў іх распараджэнне? Праўда, не сказана, што арыштаваць. Ты сам туды згодзен паехаць?

- Як гэта, а вучоба? Вы паведаміце ім, што я вучуся і ехаць мне туды няма чаго, бо я не хачу.

- Ты не ведаеш, хто цябе выклікае.

- Як не ведаю? Палкоўнік з нашага параходства.

- Начальнік аддзела кадраў. Цябе тут я не магу трымаць.

- І начальнік вучылішча, калі захоча, дык не ўтрымае?

- Не ведаю, але не.

- Дык што я зрабіў злачыннае? Я ўсё роўна да іх не пайду, бо самі мне гаварылі, што справа добраахвотная.

- І ты згадзіўся.

- Ну і што? А цяпер перадумаў.

- Добра, выйдзем, я схаджу да начальніка вучылішча, бо мы думалі, што табе давядзецца ехаць з нашым суправаджаючым.

- Яшчэ чаго не хапала, пад канвоем?

Маёр пайшоў да начальніка вучылішча, а Раман застаўся чакаць. «Божа мой, што робіцца, - думаў ён. - Я - на гару, а чорт - за нагу». Але Раману нядоўга давялося стаяць на калідоры. Яго выклікалі да начальніка.

- Што ж ты мне раней не прызнаўся, партызан гэткі. А я так хваляваўся, думаў, што ён там мог зрабіць варожага? Я ж цябе шкадую больш за ўсіх. Лічыў, што ты будзеш гонарам нашага флоту. Гавораць, што ты пішаш цудоўныя вершы пра мора, ды і сам чытаў у насценнай газеце, добра. А што мы цяпер можам зрабіць? Мне зразумела, чаго цябе выклікаюць. Яны не хочуць цябе выпусціць, таксама шкадуюць. Выдадзім табе білет туды і назад, на колькі трэба - паёк. Утрасі ўсе свае справы і вяртайся. - Начальнік вучылішча зрабіў паўзу і дадаў: - Калі адпусцяць.

- Я ж адстану ў вучобе, - зморшчыўся Раман.

- Нічога, ты ідзеш добра, навярстаеш, марскі партызан, - засмяяўся і падаў руку начальнік вучылішча. - Дамовіліся, да пабачэння.

Раман выйшаў, а калідор пад нагамі гойдаўся, нібы палуба. Яму і самому хацелася з'ездзіць у родную Беларусь, а галоўнае - пагаварыць з Надзяй. І ў той жа час ён баяўся, бо маёр сказаў, што той палкоўнік у Днепра-Дзвінскім басейне можа яго не адпусціць. Начальнік вучылішча контр-адмірал, і той не можа нічога зрабіць.

Няпраўда, ён гэтага палкоўніка пашле да ўсіх чарцей і прыедзе назад вучыцца.

У той дзень Раман ужо не быў на занятках. Ён атрымаў сухі паёк на тыдзень, білет, схадзіў на базар, купіў вінаграду, нават не забыўся зайсці ў краму і купіць кветку ружы, зробленую з тонкай скуры. Была якраз мода на такія кветкі, і дзяўчаты прышпільвалі іх да вячэрніх сукенак. Усё адзенне і рэчы Рамана змясціліся ў чамадане. Толькі вінаград ён упакаваў у кораб, які даў яму сын генерала, што жыў разам з Раманам у кубрыку. Таварышам сваім ён сказаў, што праз тыдзень вернецца і калі прыйдзе якое-небудзь пісьмо, няхай схаваюць у яго тумбачку.

Зноў вакзал. Раман прыкінуў, што ў нядзелю ён будзе якраз на месцы.

Дарэмна намагаўся Раман, залезшы на верхнюю полку, адагнаць ад сябе розныя думкі, каб заснуць. Заплюшчыўшы вочы, ён уяўляў то сівога каня на поплаве, то хвалюючыя каласкі жыта - тое, што вучыла яго некалі маці на сон. І невядома, ці ад гэтых уяўленняў, ці ад роўнага і бесперапыннага грукату колаў цягніка, урэшце пад раніцу зніклі і конь, і жыта, і грукат. Раман здаўся на якія гадзіны. А тут і развіднела. Раман устаў і сеў ля акна.

Ужо не ўцякалі назад пагоркі з маладым сасняком, а нібы сустракалі яго ўсё гусцейшымі зараснікамі. Не знікаў дым ад паравоза ў бязмежную сіняву, а затрымліваўся лесам і хаваўся ў яго ігліцы.

«Вось здзівіцца Надзя, як убачыць мяне», - падумаў Раман. Ужо як-ніяк прайшло чатыры месяцы. Многа вады ўцякло з Сожа, і недзе ўжо Чорнае мора зрабіла яе горка-салёнай. Ды наогул: хто гэта рвецца на гэты поўдзень, не было б справы - Раман бы век не паехаў туды. Гэта ж ляжаш на беразе Сожа, трава, нібы косы дзяўчыны, мяккая, пяшчотная, пахучая, дае такую прыемную прахалоду. А лісточкі на лазняках, бярозках, алешніках - аксаміт, прыкладзі іх да ранкі - зацягнуць, загояць яе. А на поўдні - гэта толькі здзек рабіць над целам чалавека, якое прызвычаена да сваіх кліматычных умоў. Там жа амаль усё ў калючках.

Хіснуўся цягнік на стрэлках, засіпела пад вагонамі, і ён стаў. Куды ж цяпер Раману ісці? На пакойчык ён правы страціў, ды наогул па рашэнні райвыканкома можна было жыць толькі да заканчэння вучобы. Гэта добра, што Рамана паважалі гаспадары, і яны гаварылі заязджаць да іх як дадому. Можа, Роза цяпер пасялілася туды.

Раман ішоў на старое месца. Заняты пакой ці не заняты, некалькі дзён пражыве. Рыпеў пад нагамі снег, віхрыўся з завулкаў, сек у твар. Раман не сустрэў ні аднаго знаёмага аж да самага дома. І гэта лепш, бо пачаліся б распытванні, адкуль ды чаго. На парозе ўспляснула рукамі гаспадыня.

- Божа мой, хто да нас! Думалі, што зазнаўся і ніколі не наведае нас, старых.

- Ну, як гэта так, паблукаў па свеце і да вас, на той самы сук.

Гаспадары нічога не ведалі, дзе Раман. А ён усё збіраўся напісаць, але так і не сабраўся, і ўжо быў вырашыў, што толькі ў дні канікул зойдзе да сваіх гаспадароў.

Было гадзін дванаццаць. Толькі што прыйшоў аднекуль і Навум Майсеевіч. Пакуль яны гаманілі, гаспадыня падрыхтавала абед.

- Нешта ж тут і ў мяне ёсць. Я ж на вайсковых харчах пакуль. - Раман адкрыў чамадан і дастаў кансерву, сухароў, тры гронкі вінаграду.

За абедам Раман даведаўся, што Роза ўжо працуе адвакатам, жыве адна. Навум Майсеевіч бачыў Хведара, але і той не ведаў, куды Раман знік.

- Мы пасля цябе нікога на кватэру не пускалі, можаш ісці легчы на свой жа ложак і адпачыць, - сказаў Навум Майсеевіч пасля абеду.

- Дык вы яшчэ маю тую жалязяку не выкінулі?

- Можаш легчы на тую, дзе Роза спала.

- Ды не, мне ўсё роўна, я проста так сказаў.

У пакойчыку ўсё было на тых жа месцах, як і пакінуў Раман. Толькі са стала Надзіна фотакартачка перакачавала на тумбачку ў інтэрнат мараходкі. Раман хацеў узяць, але хлопцы папрасілі, каб пакінуў гэтую прыгажуню на тыдзень, бо яны звыкліся з ёю і ім будзе сумна без яго і яе. І Раман згадзіўся. Па дарозе ён ужо думаў, што дарэмна. Але, у крайнім выпадку, ён напіша пісьмо, і яны прышлюць.

Спаць не хацелася. І, напэўна, свайго рашэння, якое ўзнікла ў Рамана па дарозе, ён не здзейсніць. Надзя пісала, што ў парку на зіму пабудавалі закрытую танцавальную пляцоўку. І вось Раман хацеў пайсці туды сёння гадзін у сем вечара і схавацца дзе-небудзь у куточку. Надзя можа прыйсці на танцы, і ён убачыць, з кім, і паназірае за ёю. Вельмі ж усхвалявала яго яе апошняе пісьмо. Напісала так, што можна падумаць - сапраўды апошняе. Але ж калі пазнаёмілася з кім, дык прама б напісала, што яна ўжо Рамана не кахае і няхай ён забудзе пра яе. Або не адказвала б на пісьмы, і Раман бы зразумеў сам. Але думку, каб пайсці прасачыць за Надзяй, ён адхіліў. Заглянуў у сваю душу і зразумеў, што так зрабіць не зможа. Калі ён нават і ўбачыць там Надзю ці адну, ці з хлопцам, яму, напэўна, будзе больш сорамна, чым ёй. Ён, Раман, які марыў толькі на поўным давер'і будаваць свае адносіны да каханага чалавека, мог зрабіць такі недаравальны крок. Не, ён зараз жа будзе ў яе! І калі ўжо Надзя захоча на танцы, яны пойдуць разам.

Як не шанцуе Раману. Ён марыў, што заўсёды будзе разам з Надзяй, і смяяўся з жыцця свайго сябра Хведара, які хадзіў у кіно сёння, а жонка яго заўтра.

Усё трэба рабіць разам. Раман не мог пагадзіцца з жыццём Хведара, калі той гуляў на двары ў даміно, а жонка ў кухні чысціла свежую рыбу. Маўляў, я купіў, прынёс, а ты, што хочаш, рабі. Раман тады думаў, што няма паміж імі ніякага зладу, а значыць, няма і кахання. І чаго Раману цяпер быць лішнюю гадзіну аднаму, калі ён можа правесці яе разам з Надзяй. Ён хуценька падшыў на кіцелі чысценькі падкаўнерык, адпрасаваў штаны, наваксаваў чаравікі. Узяў кораб з вінаградам і ўсміхнуўся: «Зноў скажуць - забяры назад». Дастаў з чамадана і паклаў у кішэню падарунак для Надзі - ружу. Здаецца, усё. Раман чамусьці як ніколі хваляваўся: пад лыжачкай злёгку шчыкатала, ад грудзей у рукі нібы хто пускаў слабы ток. Думак канкрэтных не было. Толькі ўяўляў, як разгубіцца Надзя, убачыўшы яго.

Раман спыніўся каля дзвярэй. У кватэры чуецца гамонка. Ён ціхенька пастукаў.

- Ага, уваходзьце, - пачуўся жаночы голас.

Раман не ўвайшоў, а хутчэй ускочыў і прывітаўся. Пакой ахапіла цішыня. Стаў як укапаны і Раман, але паспеў позіркам ахапіць усіх прысутных, якія сядзелі за двума сталамі. Надзя была апранута ў сваю лепшую сукенку і сядзела ў кутку пад абразом Мікалая Цудатворца, побач з ёй сядзеў чарнявы пажылы чалавек з тоўстым тварам і двума падбародкамі. Да сталоў быў падсунуты тапчан, на якім ляжаў Надзін бацька, а ля ўваходных дзвярэй сядзела Вера. Астатніх Раман яшчэ не паспеў разгледзець. З-за шырмы выйшла маці з вялікай міскай студзеню. Убачыўшы Рамана, яна хуценька паставіла міску на край стала і ўскрыкнула:

- Ай, Раман, праходзь, распранайся, сядай з намі.

Яшчэ некалькі галасоў паўтарылі запрашэнне. Раман крыху апамятаўся, усміхнуўся і зрабіў некалькі крокаў да сценкі, на якой збіраўся павесіць шынель. Раман яго ўжо зняў з адной рукі і, павярнуўшыся, глядзеў на Надзю. У яе была незвычайна высокая прычоска, белы, нібы папера, застылы твар і нерухомыя, накіраваныя на Рамана, вочы. Зноў настала цішыня, толькі за шырмай закугыкала дзіцё. Маці нагнулася і нешта шэптам сказала бацьку, Вера заплакала і кінулася за дзверы. Раман паправіў на плячы шынель і пайшоў услед за Верай. Ён хацеў запытаць, што ў іх тут здарылася, адкуль дзіцё? Выйшаў у калідор, Веры нідзе не было. Ён заўважыў прыадчыненыя дзверы ў пакоі настаўніцы, што жыла па суседству, і ўвайшоў туды.

- Добры дзень, а Вера не заходзіла да вас?

- Не, - адказала дачка настаўніцы Валя, якую Раман бачыў толькі адзін раз. - Раман, а я вас пазнала. Вам хто паведаміў, што Надзя выходзіць замуж?

- Так, - сказаў Раман, і яму здалося, што кроў у жылах пабегла ў адваротны бок. - Так, я ўсё ведаю, - нічога больш не сказаўшы, ён знік за дзвярамі.

На калідоры ўжо стаялі Надзя і маці.

- Раман, адкуль ты?.. - пачуўся голас Надзі.

Раман не памятаў, як ён выхапіў з кішэні закручаную ў паперку ружу, кінуў да калідорнай сценкі, затым кіўнуў рукой у бок Надзі і заклёкаў абцасамі па прыступках з другога паверха ўніз.

«Так, жыццё, гары яно гарам. Усе казалі, што самыя цяжкія выпрабаванні я вытрымаў на вайне. Не, вось яны дзе пачаліся», - удыхнуў свежае паветра Раман і, не ведаючы чаму, спыніўся. Не, ён ведае, што ён - ёсць ён. Але ж куды ісці? Напэўна, ніколі так доўга не цягнуўся час да нейкага вырашэння яснасці свайго лёсу, як цяпер. Сядзеў у засадах і чакаў смяртэльнай сутычкі з ворагам, і там было лягчэй, бо верыў у перамогу. А тут усё апусцела і ў душы, і навокал. «Няўжо гэта быў побач з ёю той Касяк, пра якога яна пісала? Божа мой, хоць бы было на каго паглядзець. Усе маўчаць, а ён чаўкае, уплятае за абедзве шчакі і паглядвае на мяне рудымі вачамі, нібы сабака, захапіўшы костку. Не так бы брыдка і крыўдна было, каб сядзеў побач з ёю арол, мужчына. Я пракаўтнуў бы горкую пілюлю і пайшоў. Нічога не зробіш, звычайны прыродны адбор. Ідзі па жыцці, шукай сабе падобную. Хто ён і як усё атрымалася? Пакуль не даведаюся, адсюль не паеду», - ішоў і разважаў Раман. Але не, напэўна, у яго гарачка. Ён прыклаў далонь да лба. Лепш хутчэй паехаць адсюль і хутчэй забываць, забываць, забываць. Пераконваць сябе, што гэта быў сон. Будзе жыць, знойдзе падобную на яе, няпраўда, знойдзе. Але як гэта ўсё атрымалася? Няўжо ўсе такія дзяўчаты? Ён лічыў Надзю выключным чалавекам, можа, яна і сапраўды такая? Хто б мог так зрабіць, як зрабіла яна? Няўжо так можна прыкідвацца ў каханні? А можа, яна сама сябе не ведала, хадзіла з Раманам і лічыла, што кахае, пайшла з іншым - і тое самае. Цяпер Раманавы мазгі свідравала адна думка, ці кахала Надзя яго. А пра тое, што ўсе карэнні пачуццяў дзяўчыны абумоўліваліся пэўнымі абставінамі, Раман нават і не падумаў. Ён аналізаваў становішча толькі са свайго пункту гледжання. Любыя выпрабаванні, нават самыя цяжкія, не маглі разлучыць яго з Надзяй. Ён не ўлічваў аднаго, і бадай самага галоўнага, фактару, што Надзя жыла ў сям'і і ні разу не адрывалася нават на тыдзень ад яе. І таму ўсе доказы бацькоў, сястры на яе дзейнічалі асабліва. Спачатку яе пачуцці да Рамана прарываліся ў паводзінах, у выказваннях і былі відаць усім. Потым яна пачала іх хаваць, а калі толькі гэта здарылася, усе пачалі ўзносіць іншага чалавека. Трэба сказаць, што і Касяк не спаў у шапку. Ён маляваў ёй жыццё, у якім можна будзе проста і лёгка забыцца пра былое каханне. Лягчэй на самай справе перажываць час у пакутах, чым іх уяўляць перад сабою. У такім становішчы чалавек губляецца і думае, што не вытрымае. Такое ўяўленне, напэўна, паўставала і перад Надзяй. Пяць гадоў - і ўсё адзін туман у яго над морам. А ці вытрымае яна такое жыццё?

Ужо лежачы на ложку ў пакойчыку Навума Майсеевіча, Раман падумаў не пра душу, а пра абставіны, у якіх знаходзілася яго дзяўчына. І яму стала шкада Надзю, шкада Веру, шкада ўсіх іх. Ён яшчэ перад ад'ездам заўважаў змены ў Верынай фігуры, але думаў, што яна паправілася. А цяпер усё зразумела. Дзіця, якое закрычала там, Верына, а Міша загінуў. І чаму Надзя ўтойвала і не напісала, што ў Веры ёсць дзіця?

Такое становішча, у якое трапіла Вера, зразумела, не магло не ўздзейнічаць адмоўна на псіхіку Надзі. Маўляў, вось да чаго прыводзіць каханне, і Надзі пра сваё трэба маўчаць. Застаўся б Верын Міша жывы, і ўсё было б інакш у хаце Валенцікаў. Маёр цікавы мужчына, і Надзя б не згадзілася, каб у яе муж быў нават на выгляд горшы. А так, апрача выніку кахання, у Веры не засталося нікога, а Надзя гоніць змястоўнага і багатага ў дадзены момант кавалера. А мужчын няма, як гаварыла ёй маці, жанчыны рады калекам. Не, заўтра Раман павінен у апошні раз сустрэцца з Надзяй, даведацца, за каго яна выходзіць замуж, ці думала яна паведаміць Раману пра гэта і як гэта здарылася, бо ніякія здагадкі Рамана не могуць нічога дакладна праясніць у гэтай складанай сітуацыі. Калі яна прызнаецца Раману, што не па любві выходзіць за Касяка, яму будзе значна лягчэй. Можа, гэта крыху і эгаістычна, але для яго так лепш, бо яна будзе ўсё жыццё ўспамінаць яго. А сам ён хацеў як мага хутчэй забыцца пра яе.

Раман не пойдзе да іх дадому, не. Ён сустрэне яе на вуліцы, па якой Надзя ходзіць у інстытут. Не можа быць, каб яна не захацела з ім гаварыць. Раман хацеў падагнаць час, каб хутчэй наступіў той момант сустрэчы. Але атрымлівалася наадварот. Час яго зводзіў да знямогі. Раман спаў і не спаў, думаў і не думаў, еў і не еў.

Яшчэ задоўга да пачатку заняткаў у інстытуце Раман хадзіў узад-уперад па той вуліцы. Лепш было б стаяць ля газетнай вітрыны: чытаць і чакаць. Але ён не мог быць на адным месцы, ды і бляха якаясьці над вітрынай агідная, здаецца, і ветру няма, а яна малоціць па слупе, нібы знарок, каб адагнаць Рамана. Нарэшце паказалася Надзя. Раман пазнаў яе здалёку па паходцы. Ішла яго Надзя, якую цяпер нехта чужы называе сваёй. Некалі так прайгравалі ў карты маёнткі. Той, хто прайграў, мог узяць толькі адну лішнюю карту, каб быў перабор, і ўжо яго маёнтак рабіўся чужым. Раман не выцягнуў лішняй карты, каб згубіць самае каштоўнае багацце, што было прызначана для яго душы. Ён зараз даведаецца пра ўсё. Ён ужо чуў яе крокі, але глядзеў на газету ў вітрыне. Не, ён толькі павярнуўся тварам да газеты, а позірк яго быў скіраваны кудысьці праз газету, праз шчыт. Таму Раман нічога не бачыў, а толькі якаясьці шарызна стаяла ў вачах. Раман павярнуўся ў той момант, калі Надзя была побач з ім. Яна спынілася, і іх позіркі сустрэліся. Якія пачуцці кіравалі маладымі людзьмі пры гэтай сустрэчы, невядома, але прывіталіся яны абое без слоў, абое на імгненне зажмурылі вочы і кіўнулі галовамі. З хвіліну Надзя не паднімала вачэй, нерухома глядзела на гузікі Раманавага шыняля, а Раман на яе вейкі. Затым яны моўчкі пайшлі ў яе напрамку. Раман не мог прамовіць і слова. Горла сціснулі спазмы, дыхаць стала цяжка. А ў Надзінай душы быў вулкан, і здавалася, варта толькі крануць яе чым, як ён выбухне. Так яны прайшлі з паўкіламетра. Затым Раман спыніўся і глуха выціснуў з сябе:

- Далей не пайду.

Надзя глянула на яго і, прыпаўшы тварам на грудзі Раману, затрымцела ўся, заплакала.

Людзі, што праходзілі міма, пачалі са здзіўленнем азірацца. Раман не ведаў, што рабіць. Становішча ў яго было, нібы ў таго чалавека, які зрабіў крок на вузкую, хісткую кладку, а яму ў гэты час падаюць у руку штосьці дарагое і цяжкае. Раман паціху адхіліў Надзю ад грудзей, павярнуўся і пайшоў.

«Не магу гаварыць, хоць рэж, во дурань», - падумаў ён і, аблаяўшы самога сябе, пазбавіўся спазм. Яму нельга сустракацца з ёю, тым больш размаўляць. Не, няма больш на свеце такіх, як яна, і не трэба хваляваць сябе, ірваць душу на часткі. Яе для яго больш няма, а як усё здарылася - няхай застанецца невядомасцю. Ён толькі напіша ёй пра свае адносіны да таго, што здарылася, прыйдзе - і напіша. Ён апіша ёй пра ўсе свае мары, якія нарадзіліся ў час разлукі, пра тое, як думаў пабудаваць з ёй сціплае, але даволі шчаслівае жыццё, як думаў шчасце і гора дзяліць на дваіх. Ён з ёй не баяўся б нічога ў жыцці. А цяпер яму ўсё роўна, што з ім здарыцца і як будзе ўсё далей. Ён напіша ёй, каб толькі яна была шчаслівая. А Раман будзе лічыць яе сваёй сястрою. І хаця яны ні разу не паспрачаліся, але ў госці заходзіць нельга. І ўсё ён гэта зробіць дзеля яе шчасця, а каб лягчэй было і яму, ён пакіне гэты горад назаўсёды. І самае лепшае для яго цяпер тое, чаго Надзя так баялася - акіянскія туманы.

Заўтра Раман пойдзе да палкоўніка і скажа, каб не ламаў ён другую частку яго лёсу. Няўжо ён не ўвойдзе ў Раманава становішча? Няўжо ёсць афіцыйныя людзі, якія каханню іншых не надаюць ніякага значэння? А толькі крычаць, каб падкрэсліць разуменне прыроды чалавека, агульна, што яны за моцную сям'ю ў грамадстве. Палкоўнік не палічыўся з нясмелай Раманавай заявай, каб пакінуць яго на месцы, бо ў яго тут дзяўчына, якую ён кахае. І што палкоўнік зрабіў, па яго віне ў Рамана ўжо не стала часткі радзімы, і яму ўсё роўна, дзе цяпер быць. Цягі той не будзе да сваёй роднай Беларусі. Толькі заедзе іншы раз, каб наведаць сваіх бацькоў. Заўтра ён скажа палкоўніку, што паедзе толькі назад у мараходнае вучылішча. А зараз напіша Надзі пра ўсё тое, што ён думаў, прыйдзе да інстытута к канцу заняткаў і ўручыць ёй.

Раман дакладна не ведаў, у колькі гадзін заканчваюцца заняткі, і яму давялося таптацца зноў каля інстытута амаль гадзіну. Нарэшце студэнты высыпалі з будынка. Раман стаяў на супрацьлеглым баку вуліцы. Не спыняючыся, з інстытута выйшла Надзя і накіравалася на той жа тратуар, дзе яны ўдзень рассталіся. Раман чамусьці стаў брыдкім самому сабе. Навошта хадзіць, паказвацца лішні раз ёй і бачыць яе. Надзя не заўважыла яго, калі ён ішоў паралельна з ёю. І толькі, калі наўскасяк пачаў пераходзіць вуліцу, яна звярнула на яго ўвагу і сцішыла крок. Ён параўняўся з ёю.

- Вось тут усё, што я хацеў сказаць табе, - Раман працягнуў ёй некалькі складзеных лісткоў паперы.

Надзя ўзяла, разгарнула кніжку і паклала іх туды. І яны зноў пайшлі моўчкі. Раптам Раман заўважыў, што Надзя схамянулася, нібы стукнулася ў нешта нябачнае. Ён кінуў позірк уперад. Насустрач ім ішоў той чалавек, які ўчора сядзеў у куце побач з Надзяй. Невысокага росту, з выпучаным жыватом, ён рабіў уражанне, што не ідзе, а сунецца, шырокія калошы яго штаноў мялн тратуар. Надзя спынілася, Раман таксама, а ён, нібы нацэльваючыся схапіць перад сабой матылька, ступіў яшчэ некалькі крокаў насустрач ім.

- Я пайду, - напаўголаса сказаў Раман.

- Бывай, Рома, я ніколі цябе не забуду. - Яна працягнула Раману руку і заплакала.

Раман па-ястрабінаму глянуў на мужчыну, які стаяў побач з Надзяй. І адзінае, што Раман заўважыў у жаніха, гэта кроплю, якая вісела на канцы носа. Надзя яшчэ штосьці сказала, але Раман не разабраў што, бо ў яго імгненна мільганула думка: «Гэта брыда будзе цалаваць яе». Раман вызваліў сваю руку з Надзінай і, хутка сунуўшы яе ў кішэню, пайшоў. Метраў праз дзвесце ён выняў з кішэні невялікі пісталет і прачытаў надпіс, выбіты на варанёнай сталі: «Будапешт», неяк часта задыхаў, нібы ўцякаў ад каго, глянуў па баках і цяпер толькі апамятаўся, дзе ён і што з ім.

«Пранесла, добра, што той не стаяў наперадзе, калі ступіў я ад Надзі, а так бы здалося, што ён замінае...» - падумаў Раман і паклаў пісталет у кішэню.

 

Прайшла салаўіная ноч: гуло, звінела, шчоўкала ў галаве. Раман памыўся сцюдзёнай вадой і раніцай пайшоў да палкоўніка.

Пастукаў у дзверы.

- Ага, - пачуўся басісты голас.

Раман увайшоў і яшчэ чамусьці запытаўся, ці можна.

- Зімін! Нарэшце з'явіўся, птах. Праходзь, сядай. - Палкоўнік паправіў накінуты на плечы шынель.

Раман сеў і адразу ж паклаў на стол пісталет. У палкоўніка пабялеў твар, рука машынальна пачала намацваць кабуру свайго пісталета.

- Што, што гэта значыць?! - амаль крыкнуў ён.

- Вазьміце, ён мне не патрэбен.

- А навошта ты яго прынёс сюды?

- Каб здаць вам!

Палкоўнік хуценька ўзяў пісталет, выцягнуў касету, набітую латуннымі клыкамі, пакруціў усё ў руках і паклаў у стол.

- Дзе ты яго ўзяў? - насупіўся палкоўнік.

- Цікава, усе ў мяне пытаюць: дзе я тол узяў, дзе я замежны пісталет узяў. Вам далі, а я сам адабраў у мадзьяра. А вось летась ездзіў дадому і забраў, каб ён не ржавеў у хляве.

- І год насіў?

- Яшчэ б насіў, таварыш палкоўнік. Але праз вас я ледзь глупства не зрабіў учора.

- Чаму праз мяне і якое глупства?

- Пакуль вы мяне піхалі туды-сюды, дык мая дзяўчына замуж выйшла.

- Ну і што? - перабіў палкоўнік.

- Як што? А каб я вас куды накіраваў, а ваша жонка раз - і замуж?

- Няхай, такая яна жонка была б! Столькі жанчын цяпер. Дык якое ж ты глупства хацеў зрабіць?

- Ледзьве не застрэліў яе мужа. Ноч не спаў. Але перадумаў і прыйшоў да вываду, што ён не вінаваты перада мной. Калі і будзе вінаваты, дык толькі перад ёй.

- Правільна, вінавата яна, - цвёрда сказаў палкоўнік.

- Яна таксама не вінавата.

- А хто? - сцяўшы тонкія губы і адваліўшыся на спінку крэсла, глядзеў палкоўнік у вочы Раману.

- Вінавата вайна, смерч, які пранёсся над намі. Ён знішчыў яе хату, прыкаваў да ложка бацьку, і пакуты перамаглі каханне. Цяпер вы павінны даць мне паперу, што мяне адпускаеце на ўсе чатыры бакі, і я буду зусім вольны. У мяне выпісаны білет назад, і я паеду ў сваё мараходнае.

Раман гаварыў, а палкоўнік іграў жалвакамі і штосьці думаў сваё. Ён яшчэ лагодна размаўляў з Раманам, што той зрабіў сумленны крок - здаў пісталет. А цяпер, калі паўстала другое пытанне, пяцідзесяцігадовага палкоўніка нібы хто падмяніў.

- Нікуды ты не паедзеш. Мы будзем цябе судзіць за ўхіленне ад выканання нашага задання.

- Што датычыць майго ўхілення, дык лічу, што мой крок быў сумленны. Я прынясу там Радзіме больш карысці, чым у вас. І мяркую, што кожны чалавек павінен думаць так, шырока. Я ваяваў і думаў, што загіну, але не шкадаваў свайго жыцця дзеля таго, каб добра было не толькі вам, а і ўсім іншым людзям.

- Дай сюды дакументы!

- Якія ў мяне дакументы, - палез у кішэню Раман. - Вось праязны білет, пасведчанне курсанта. А партыйны я паказваў у вучылішчы маёру, а потым успомніў, што нельга было гэтага рабіць. Яго можна паказваць толькі работнікам партыйных устаноў і сакратару партарганізацыі, а больш нікому.

- Ха-ха-ха, - засмяяўся палкоўнік, - ты адукаваны хлопец. - Палкоўнік падсунуў пад настольнае шкло білет і пасведчанне Рамана.

«Так, цяпер паеду, - падумаў і ўздыхнуў Раман. - Не, я зараз жа пабягу да былога камандзіра злучэння, ён мяне ведае. Ці працуе ён толькі цяпер сакратаром абкома партыі?»

- Не, таварыш палкоўнік, я ўсё ж павінен паехаць назад у мараходку.

- Цябе адразу ж адтуль накіруюць пад арыштам назад. Магу даць табе пару дзён на роздум, а потым зойдзеш да нас, і мы цябе накіруем па прызначэнні. Памятай, што ў іншым выпадку ты павінен будзеш выплаціць сродкі, якія страціла дзяржава на тваю вучобу ў тэхнікуме.

- Добра, я закончу мараходнае і тады выплачу.

- Цяпер выплаціш.

- Дык у мяне, акрамя адзення, няма больш нічога.

- У прымусовым парадку будзеш працаваць і выплачваць.

- Добра, я падумаю.

- Ну вось і дамовіліся.

Раман пайшоў, і яму здавалася, што ў яго з'явіўся на шыі ланцуг, другі канец якога шыпіць на падвешаным дроце, цягнецца. Раман прайшоў крыху і азірнуўся. «Ой! - пракаціўся па яго скуры халадок. - Добра, што вырваўся, сюды я больш не вярнуся». І ён амаль подбегам накіраваўся ў абком партыі.

Абком размяшчаўся недалёка, і Раман праз некалькі хвілін ужо быў там. Дзяжурны міліцыянер сказаў нумар пакоя сакратара абкома Паўла Іванавіча. У прыёмнай сакратарка запытала, па якім пытанні Раман хоча зайсці да Паўла Іванавіча.

- Я былы партызан, і мне неабходна зайсці, зразумейце гэта.

- Добра, як ваша прозвішча?

- Зімін, Раман Зімін, - сказаў ён.

Сакратарка знікла за дзвярыма і хутка паказалася зноў.

- Заходзьце.

- Дзякую.

Раман толькі ўвайшоў у другі кабінет, і яму адразу стала радасна. Па ўсім было відаць, што Павел Іванавіч самы большы начальнік за ўсіх тых, да каго ён звяртаўся ў сваім жыцці. На грудзях у Паўла Іванавіча гарэла Залатая Зорка, на плячах - генеральскія пагоны. Ён устаў з крэсла, выйшаў з-за стала і падаў Раману руку.

- О, дыверсант мой, як ты вырас, папрыгажэў, - усміхнуўся Павел Іванавіч. - Сядай, сядай.

- І вы змяніліся, таксама папрыгажэлі.

- Няпраўда, які быў стары, такі і застаўся.

- Я калі быў у вашай зямлянцы ў сорак трэцім годзе, дык вы тады былі ў простай сцёганцы, а цяпер...

- Дык і ты ж, бачу, у марской форме. Форму можна мяняць, галоўнае, каб заставацца самім сабою. - Павел Іванавіч зрабіў доўгую паўзу і дадаў: - Чалавекам.

- Так, Павел Іванавіч, але абставіны мяняюць і чалавека. Я вось зайшоў да вас прасіць, каб заступіліся, мяне хочуць пасадзіць у турму.

- Хто і за што? - спакойна, але здзіўлена запытаў сакратар абкома.

Раман расказаў усё падрабязна. Іншы раз, каб што-небудзь удакладніць, сакратар абкома задаваў пытанні.

- Значыць, ты не хочаш у іх служыць?

- Не, уцяку, куды вочы будуць глядзець.

- Яны, зразумела, сарвуць цябе з мараходнага вучылішча. А садзіць - цябе ніхто не пасадзіць, і сродкаў ніякіх ты зусім не будзеш выплачваць, - засмяяўся Павел Іванавіч.

- Чаму вы не можаце загадаць палкоўніку, каб ён не чапаў мяне? Вы ж вышэйшы за яго. Начальнік.

- Як вышэйшы? У яго ёсць сваё начальства, каму ён падпарадкоўваецца.

- Мяне ж не з турмы вызваляць, - сказаў Раман.

- Я разумею, але тут атрымаецца, што я дапамагаю ўцечцы кадраў з рэспублікі. Да нас многа накіроўваюць, а сваіх мы не ўтрымліваем, а наадварот... Я думаю іншае табе прапанаваць. На вось лісткі па ўліку кадраў, запоўні іх і паедзеш у партшколу пры ЦК КП(б)Б, там добрая стыпендыя, харчаванне.

- А дзе гэта і колькі вучыцца?

- У нашай сталіцы Менску, вучыцца год. Якраз табе ў камсамоле і папрацаваць, ты ж быў сакратаром камсамольскай арганізацыі тэхнікума і добра зарэкамендаваў сябе.

«Год павучуся тут і паеду зноў у мараходку. А цяпер толькі б пакінуць гэты горад», - падумаў хлопец і з радасцю адказаў:

- Згодзен. Вялікі вам дзякуй.

- Хочаш ужо ісці? - здзіўлена паглядзеў Павел Іванавіч на Рамана. - Ведаў, што ты жывы, а вось сустрэцца ніяк не даводзілася. Спраў вельмі многа. Вобласць разбурана ўшчэнт. Знешне руіны заўважныя больш у гарадах, а вось колькі ў вёсках людзей засталося без хат! І наша першаступенная задача - перасяліць сем'і з зямлянак. А тут коней засталося менш паловы, як было да вайны. Няма на чым лес вазіць...

Павел Іванавіч задумаўся і глядзеў чамусьці не ў вочы, а на грудзі свайго былога партызана.

- Бачыў я, як гуськом цераз балота неслі жанчыны ў мяшэчках жыта са станцыі, - сказаў Раман.

- Гэта на пасяўную, - схамянуўся Павел Іванавіч. Глянуў Раману ў вочы, устаў з крэсла і дадаў: - Уся краіна дапамагае нам. Выйдзем, выйдзем з гэтага цяжкага становішча. Галоўнае, каб мы ўмела вялі гаспадарку. Вось паедзеш, павучышся і арганізоўвай камсамол. Толькі моладзі па сіле хутка залячыць раны, нанесеныя вайной. Ты быў добры воін, добры воін...

- А чаму не пытаецеся, ці выканаў я ваша апошняе заданне? - перабіў Раман.

- Я памятаю сваё заданне. І перакананы, што ты яго выканаў. Нават паглядзеў, што ты малавата ўзнагароджаны.

- Так, мы выканалі ваша заданне. І я паранены нават быў.

- Вось гэтага не ведаў. Мы злучыліся з Чырвонай Арміяй, а твая ж група заставалася яшчэ ў тыле ворага. І што - цяжка паранены? - запытаў Павел Іванавіч і зноў сеў за стол.

- Не.

- Значыць, мост вы ўзарвалі?

- Было вельмі цяжка, Павел Іванавіч, гітлераўскія войскі якраз па чыгуначным насыпе займалі абарону. Дык мала таго, што добра ахоўваўся мост, але і на флангах - мноства салдат.

- Ну, і як вам удалося?

- Двое сутак сядзелі ў балоце, назіралі, думалі. Спачатку хацеў накіраваць хлопцаў да насыпу, каб тыя завязалі перастрэлку, адцягнулі ўвагу аховы моста і ў гэты час з другога боку падкласці міну. Але перадумалі, палічылі, што немцы не дурныя, зразумеюць наш намер і яшчэ больш стануць пільнымі. Думалі падпаўзці і зняць вартавых з бясшумкі, але заўважылі, што на змярканні ахова ўзмацняецца: падыходзяць яшчэ двое з ручнымі кулямётамі. Яны партызан не баяліся, бо лесу паблізу няма, а абапал рэчкі, як вокам акінуць, хмызнякі, балота. Гітлераўцы ведалі - фронт набліжаецца, і, напэўна, пабойваліся вайсковых разведчыкаў. Так што ўзарваць мост можна было толькі ўдзень, калі цягнік снаваў узад-уперад, падвозячы розныя матэрыялы для ўмацаванняў. Трэба сказаць, што нам пашанцавала. Якраз падняўся вецер, пайшоў мокры снег. Вартавыя паўцягвалі галовы ў шынялі і не паварочваліся тварам да нас. З нашага боку ляпіў снег. Мы хуценька нарэзалі сітніку, павязалі яго ў пукі, змацавалі іх, і атрымаўся невялічкі плыток. Паклалі на яго чатыры пліты. І, ведаеце, Павел Іванавіч, я тады няправільна думаў, што калі сам не буду мініраваць, дык ніхто так не зробіць. Хлопцы не дазвалялі, але я бухнуў жыватом на плыток, і ён пагрузіўся ў ваду. Ну што ж, намачыўся, набраў поўныя боты вады. Махнуў рукой: паплыву паціху каля берага. Ведаеце, Добысна - рэчка гнілая, звілістая. І я дзе за лазіну, навісшую над вадой, вазьмуся і падцягнуся, дзе торф дастану рукамі і грабу. І так рухаўся па цячэнні пад мост. Цікава, што ціснула да плыта мяне нейкая нябачная сіла, і я не паднімаў уверх галавы. Слухаў толькі плячамі: куды трапіць варожая куля, а яшчэ больш баяўся пачуць чаргу з боку сваіх. Бо загадаў, як толькі заўважаць, што вартавы павярнуўся і цэліцца, адразу ж біць па ім. Слава Богу, нада мною ўжо мост, а стрэлаў няма. Абмінуў калючы дрот, выпаўз на бераг. Ціхенька зняў тол, сеў у цёмны слізкі куточак. Мост увесь свіціцца, і рэйкі відны. І як мы меркавалі няправільна, падумаў я: узарваць з двух бакоў. Запаліш бікфордаў шнур з аднаго боку, пакуль перабярэшся на другі, дым могуць заўважыць. І мне не церпіцца, хацелася хутчэй мініраваць, а тут нейкі холад ахапіў, трасе. І думаю, зраблю так, не выскачу з-пад гэтага моста. А з аднаго боку ўзарву, што ж, немцы хутка дзюрку залатаюць. Чую, грукоча цягнік. Я дастаў з рэчавага мяшка скрутак дэтануючага шнура, па канцах заціснуў зубамі капсулі і папоўз уверх. Выгнуў шнур, каб ён нагадваў жураўліную шыю, прасунуў паміж шпал і зачапіў дзюбай-капсулем за рэйку. Цягнік набліжаўся, і я імгненна каўзануўся ўніз. Ускарабкаўся на свой плыток і паўз бераг, нібы лягушка, узняўшы галаву, рухаўся супроць цячэння. О, як я намагаўся, каб хутчэй дасягнуць хоць бы прыбярэжнага густога лазняку. Раптам страшэнны выбух, заскрыгатала жалеза. Я азірнуўся: паравоз уторкнуўся носам у ваду, а задняя частка яго паціху паварочвалася пад напорам вагонаў. Мяне заўважыў вартавы і стрэліў з вінтоўкі. Пырснула вада мне ў твар. Не памятаю, як я выскачыў на бераг. Было зусім блізка да кустоў, але адчуў, што маю нагу нібы хто рвануў уперад якімсьці крукам. Але я дабег да кустоў. Там ці зачапіўся і ўпаў, ці знарок папоўз на чацвярэньках. У ботах было поўна вады, але адна нага менш слухалася і пачала гарэць. З моста раздаваліся адзіночныя стрэлы. Я крыкнуў. Хлопцы падбеглі да мяне і паднялі на ногі. Адкуль узялася ў мяне сіла! Я без іх дапамогі яшчэ бег з паўкіламетра. І толькі тады мне зрабілі перавязку. Добра, што варожая куля не кранула костку. Ну, а потым злучыліся з нашымі. Вайсковы шпіталь. І вось які я ёсць сёння.

- Добра, мы запоўнім на цябе яшчэ адзін узнагародны ліст, - сказаў Павел Іванавіч. - Думаю, што цяжэйшае ў цябе ўсё ззаду. Так, сынок?!

- Не, Павел Іванавіч, ці таму, што ўсё гэта было даўно, ці з якой іншай прычыны, не магу выказаць, але мне цяпер вельмі цяжка.

- Чаму? - здзіўлена паглядзеў на Рамана Павел Іванавіч.

- Жыццё неяк недарэчна склалася. Паеду вучыцца, але да вас назад не вярнуся.

- Ты штосьці скрываеш ад мяне, а?

- А што скрываць, калі ўсё пайшло марна.

- З такой вайны выйшаў здаровым, прыгожым, на ўзлёце... Мне не падабаюцца твае ноткі. Не разумею, з чаго гэта?

- Бачылі б вы маю дзяўчыну... Ай, навошта мне цяпер гэта прыгажосць, узлёт, узнагароды?

- Дык што здарылася?

- Замуж выходзіць.

Раман бачыў, як Павел Іванавіч стрымліваў усмешку, але заплюшчыў вочы і задумаўся, нібы пераўвасабляў сябе ў стан маладога хлопца. І не адважыўся сказаць што-небудзь кепскае на дзяўчыну. Хутчэй за ўсё ён скрыў сваю думку і, вытрымліваючы такт, запытаў:

- І доўга ты з ёй сустракаўся?

- Доўга.

- Яна ж напэўна кахала цябе. Ды я інакш і не думаю, - ледзь усміхнуўся Павел Іванавіч.

- Здаецца, так!

- Значыць, яна не па любві выходзіць. А гэта не моцны шлюб.

- Ёй і жыць цяжка было.

- Так, калі добрая дзяўчына, дык шкада, што з прычыны цяжкага становішча выходзіць замуж. І ты лічыш, што ў цябе цяпер цяжкае становішча?

- Так.

- Якое? Ты ж жаніцца не збіраўся, а думаў вучыцца пяць гадоў. Вось і пажыві пяць гадоў. Паглядзі навокал. Колькі згубілі ў час вайны сваіх мужоў, жонак, жаніхоў, нявест. Дык усе і нос павесілі? Сорамна, такі мужны хлопец, і якім я цябе бачу. Ідзі запоўні ўсе дакументы, выспіся добра, а заўтра яшчэ пагаворым.

Раман выйшаў з абкома з палёгкай на сэрцы. Ужо не шыпела так над галавой, не здаўліваў шыю ланцуг...

«Дык Павел Іванавіч другі сакратар, а ёсць і першы, можа б, той пазваніў палкоўніку, і мяне б адпусцілі ў мараходку. Напэўна, Павел Іванавіч палічыў дробязнай справай маё пытанне».

Нічога. Раман з задавальненнем паедзе ў сваю сталіцу на год. А можа, яшчэ зусім адмовіцца там ад мараходкі ды паступіць у юрыдычны інстытут. Роза гаварыла, што суд падпарадкоўваецца толькі закону. Тады Раману ніхто не будзе ўказваць, і ён будзе сам наводзіць парадак, нягледзячы ні на якіх там асоб. Галоўнае, быць самому сумленным, а сам пажыве, павучыцца, убачыць, што рабіць далей.

Пастаяўшы крыху на ганку абкома, Раман вырашыў пайсці ў парк. Парк быў бязлюдны, заснежаны. На галінах дрэў не пінькалі сініцы, не стукалі дзятлы. Толькі ў марозным паветры гулі правады, што наснаваны над цэнтральнай алеяй. Раман трасянуў галавой, глянуў уверх. «Ці гэта ў мяне ў галаве так гудзе?» - падумаў ён і спыніўся каля тоўстага клёна. Раман угледзеўся ў камель, і раптам парк нібы ажыў.

Ва ўяўленні паўстаў той зімовы мінулагодні дзень, калі Раман удзельнічаў у гарадскіх лыжных спаборніцтвах. Ён тады на апошнім крузе, не дабегшы некалькі метраў да фінішу, урэзаўся ў гэты клён, і лыжа зламалася. Якраз уперадзе зайграў духавы аркестр, і Раман хуценька адчапіў зламаную лыжу і пабег па адной. Але хтосьці абышоў яго, і Раман заняў другое месца.

Перад ім і цяпер паўстаў белы разгублены Надзін твар, і здавалася, што навокал чуваць апладысменты моладзі. Надзя не пляскала тады ў далоні, яна напалохалася, калі пачула, як трэснула лыжа і Раман упаў. Гаварыла, што ледзьве не ўскрыкнула, але нехта засмяяўся побач, і яна са злосцю папракнула яго.

Раман уздыхнуў і паціху пайшоў на круты бераг Сожа. Здавалася, і ветру няма, але з рэчкі ён набягаў, халодны, калючы. Па лёдзе даганялі адна другую снежныя пасмы, віхурыліся, вырываліся ўгару і нібы раставалі ў паветры. Бярозкі, што стаялі на беразе і некалі шапталіся ліствою, туліліся, спляталіся галінкамі, цяпер нібы разышліся і былі на пэўнай адлегласці адна ад другой.

«Вось тут мы некалі сядзелі з Галубкай, - падумаў Раман. - Тады гойдаліся сожанскія сярэбраныя хвалькі, дыхаў цёплы, пяшчотны ветрык». Раман крута павярнуўся і хутка пайшоў, нібы хацеў уцячы сам ад сябе. Азірнуўся, глянуў на вежу і вырашыў злазіць на яе, бо калі давядзецца яшчэ быць тут, невядома. Па вінтавой лесвіцы ён шпарка паднімаўся ўверх. У пустой вежы разносілася рэха ад абцасаў, і здавалася, што ззаду ў Рамана яшчэ нехта ідзе. Раман вылез на балкончык і паглядзеў навокал. Ці таму, што зімою Раман ніколі не глядзеў з вежы на горад, ці таму, што закончылася вайна і знялі ўсю маскіроўку, горад быў белы. Толькі чатырохпавярховая школа, у якой жыла Надзя, вылучалася сваёй шарызной. Раман раней і не заўважаў, што школа не тынкаваная. Вунь у той сцяне акно яе пакоя. Цікава, што Надзя цяпер там робіць? Збіраецца, напэўна, на заняткі. Раман звёў позірк са школы, паглядзеў на магутныя краны, што ўзвышаліся над горадам, на вялізны белы элеватар. «Напэўна, ён ужо напоўнены зернем. Будуюць, хлеб вырошчваюць. А я? Трэба ехаць вучыцца. Правільна Павел Іванавіч сказаў».

Раман паглядзеў на гадзіннік і пайшоў з вежы.

 

XVI

 

У жыцці, відаць, заўсёды існуе нейкая залежнасць паміж тым, што было і што ёсць. І таму кожны чалавек, якому некалі давялося саромецца сваёй беднасці, не супраць паказаць з цягам часу змены і дасягненні ў сваім жыцці. І асабліва гэта хочацца паказаць таму чалавеку, які быў сведкам мінулага. Праўда, мужчыны больш падкрэсліваюць свае асабістыя, як кажуць, унутраныя дасягненні і, як вынік іх, - пэўныя працы, творы, рэчы свайго ўмельства. А жанчыны ў сваёй большасці любяць моды, утульнасць у кватэры і рэчы, набытыя няважна за чый кошт - мужа ці яе. А гэта, бадай, першаступеннае і асноўнае ў шчаслівым жыцці чалавека.

Калі Надзя запрасіла Рамана ў сваю кватэру, ён з ахвотаю прыняў яе прапанову. Сеўшы ў мяккае крэсла, хлопец задумаўся.

А якое ў Надзінай кватэры жыццё? У ёй ёсць усё: ціха загуў халадзільнік, зарубежны ў зале гарнітур, дарагі дыван на ўсю падлогу, шторы на вокнах з дэталямі колеру сценкі, люстра з мноствам шкляных сасулек пад столлю, тэлевізар.

- Чаго ты як толькі ўвайшоў да мяне ў кватэру, дык і засумаваў?

- Скажы, а табе не сумна і не цяжка жыць адной?

- Не, уключу тэлевізар, а наконт цяжкасці, - паціснула плячыма Надзя, - усё ёсць. Як кажуць, вада на месцы, дровы не трэба, а што больш? Ты, напэўна, маеш на ўвазе цяжкасці без мужчыны. На гэтае пытанне я табе не магу адказаць, бо прыкладна такое ж становішча ў тысяч жанчын.

- Ну, мы яшчэ вернемся да гэтага. Я звярнуў увагу, што мая фотакартка ў цябе стаіць на відным месцы. Калі б ты не ішла са школы на спатканне са мной, яй-богу, падумаў бы, што спецыяльна дастала аднекуль і паставіла.

- Вось і мужчына ёсць, - засмяялася Надзя. - Тут ёсць вобраз, тут вітае твой дух.

- Хіба бывае так, што пяцёра сапраўдных мужчын не могуць замяніць вобраз, дух аднаго?

- Ты мяне крыўдзіш гэтым. Не толькі бывае, а ты бачыш, так ёсць.

- Ага, а дзе ж Вера цяпер?

- Вера выйшла замуж за вайсковага і цяпер недзе ў Германіі з мужам.

- А дзе твае дзеці? Галоўнага я ў цябе і не запытаў.

- У мяне адзін сын, закончыў дзесяць класаў, цяпер на флоце служыць.

- Раскажы, Надзенька, спачатку ўсё пра сваё жыццё.

- Мне здаецца, што яго ўсе ведаюць. А яно такое, што...

Выйшла Надзя замуж і спачатку жыла з маці, дома. А потым далі Касяку пакойчык у разбураным доме з пячным ацяпленнем. Толькі Надзя перайшла туды, прывозіць нейкі чалавек дровы на машыне. Надзя адчыніла дзверы. А ў яе пытаюць:

- Бацька ваш дома?

- Не, няма. - Надзя разгубілася і пачырванела.

- Дзе ж скінуць іх?

- Скіньце вось тут, у двары.

Надзя пайшла і лягла на ложак. Без маці, без сваіх было жудасна. А цяжарнасць была надзвычай цяжкая. Частая страта прытомнасці, рвоты, санлівасць. Надзя пачала папракаць мужа:

- Ісідар, ты ж абяцаў, што перавязеш дом, будзем жыць разам з усімі.

- Навошта мне такая сям'я, гармідар нейкі ўстрайваць, - адказаў Касяк. - Што, табе няма дзе жыць?

- Мне цяжка адной.

- Ты ж у акадэмічным адпачынку.

- Ну, а потым?

- Не будзе як, дык хопіць з цябе навукі. У інстытутах замужнія жанчыны толькі гуляюць, я ведаю, сам заканчваў. На адзенне я зараблю, а маці мая свінні гадуе, сала будзе, ды і парсючка дасць, выгадуем.

Так і павялося. Ісідар - на работу, а Надзя - да маці. Цяпер ужо і маці разам плакала. Нарадзіўся сын. Надзя магла б да сваёй маці вазіць малога і працягваць вучобу, дык куды там, Касяк і блізка такой думкі не дапускаў: «Прыгожых жанчын навука псуе». І сем гадоў жыцця вылецела з кухонным дымам у трубу. Раўнаваў, нават не дазваляў у парк выйсці з дзіцем. Памёр бацька. Надзя ўзяла дзіця за руку, а ў другую - усе свае нажыткі ды за шырмачку, дзе ляжаў бацька. Так дзве прыгожыя дачкі і абедзве з дзецьмі - у маці. Вера хоць інстытут закончыла, а Надзі давялося паступіць на трэці курс завочнага аддзялення і працаваць у бальніцы медсястрой. Ад вялікіх турбот сканала і маці.

- Ну, і чаму ты да гэтага часу не выйшла замуж? - запытаўся Раман.

- Прызнацца табе, як кажуць, сваталі. Ну, што. Прыехаў адзін стары халасцяк, ён тут ля горада дырэктарам школы працуе. Прызнанні... Спадабалася я. Хлопец на выгляд так сабе. Чысценькі, не п'е, не курыць. Я і пытаюся ў яго: «Чаму вы рашылі жаніцца?» Падумаў ён і кажа: «А ведаеце, як цяжка жыць аднаму». А я: «У якім сэнсе?» Адказвае: «Няма каму памыць бялізну, падрыхтаваць есці, кідайся сам, так можна і язву нажыць». Думаю: «Не хачу, ні ў якім разе не хачу і я сабе нажываць язву, зразумела, не ў страўніку, а ў мазгах, у нервах, на целе. Ідзі ты, мілы, далей».

- А як ты глядзіш на сучасную моладзь, якая не звяртае ўвагу на эканамічнае становішча? Многія жэняцца і разыходзяцца.

- Такія больш прыдаюць значэнне самой жаніцьбе і зусім не звяртаюць увагі, а ці будзе сямейнае шчасце. У нас было каханне, але быў і жах. Абставіны прымушалі думаць аб жыцці. А цяпер такіх абставін няма, і трэба, каб малады чалавек разам з каханнем розумам пранікаў у папярэдняе жыццё. А ён толькі паддаецца, як Ленін гаварыў у адказе Інэсе Арманд наконт тэорыі «шклянкі халоднай вады», палавому зуду. І ім кіруецца і ў каханні і ў сваім жыцці.

- А ці не мае адмоўнага значэння (у сямейным жыцці з жаночага боку) тое, што ты папярэдне сказала: вада ёсць, дровы не трэба, жыць ёсць дзе. Ну само сабой разумеецца, мужчына знойдзецца.

- Я лічу, што гэта падзенне ўсякага нораву ў жанчыны. Як патрэбен сапраўдны друг у жыцці! Як лёгка згубіць, а потым і прытупіць пачуцці кахання, і як потым, нібы нервовыя клеткі, не адновіш іх. Так я і жыву. А як мне хацелася б шчасця! Я нікому пра гэта не гавару, бо некаторыя легкадумныя засмяюць. Маўляў, маючы такую знешнасць, яшчэ і ўздыхаць па некім? Ведаеш, я заўсёды хадзіла з сынам, з сынам, з сынам. І вось глядзіш, бывала, ідзе пара, з ёю адно або двое дзяцей. І раптам адстала дзіцё і крычыць: «Папа». Мой схамянецца, гляне ў той бок, потым на мяне, падыдзе, абчэпіць за шыю ручкамі, нібы падкрэслівае, што я адзіная ў яго. Чаму і гавораць, што сямейнае жыццё поўнае. З якіх толькі элементаў яно не складаецца. Чалавек зжываецца, яго нешта збліжае, родніць. А так ліслівыя словы - і ты можаш чорта да сваёй душы дапусціць. Мужчыны адкрытыя паміж сабой, і яны заўсёды смяюцца з мімалётных поспехаў. І яны маюць рацыю. Адзінота для мяне - жах. Але ты ведаеш, як усё атрымалася. Можа, каб не трапіў ты мне ў юныя гады, я не ведала б кахання і жыла б з Касяком. А так настолькі ўсё здавалася брыдкім у яго, што ты ўявіць сабе не можаш. Я цябе ведаю і веру ў тое, што ты без кахання не жаніўся б.

- Правільна, я многія гады пасля цябе нікога не мог пакахаць. І толькі тады, калі ты далёка адышла з душы, у мяне з'явіўся павышаны інтарэс да вашага полу. Але ўсё роўна шукаў падобную да цябе.

- Ну і як, знайшоў? - усміхнулася Надзя.

- Уяві сабе, што ў некаторай ступені так. Але ж перакананы, што каб я звязаў тады свой лёс з табой, дык, як кажуць, жыццё было б і ў акрываўленых сарочках найлепшым, бо я цябе вельмі моцна кахаў.

Надзя апусціла галаву і задумалася. Потым устала, адчыніла шафу, дастала адтуль пакуначак і паказала Раману.

У ім была кветачка ружы і яго апошняя споведзь. Раман з цікавасцю перачытаў сваё тварэнне.

- А ты ведаеш, някепска тады напісаў. Можа б, цяпер і слоў такіх не знайшлося. Бачыш, мне нічога іншага не заставалася, як прасіць, каб ты была, ну як табе сказаць, маёй сястрой.

- У мяне такое пачуццё і захавалася.

- Гэта вельмі добра, вельмі добра на цяперашні час. Бо я, грэшнай справай, думаў, што, каб паглядзеў раней кінафільм «Беспасажніца», мог бы парушыць свае братнія адносіны.

- О, які ты, - са штучнай крыўдай надзьмулася Надзя, і нечым даўнім павеяла з яе вуснаў. - А можа, гэта было б і лепш. Таму што я цябе вельмі шкадавала за твае беражлівыя і далікатныя адносіны.

- Не, калі гаварыць адкрыта, я мог бы тады цябе ўзяць з вяселля і завесці хаця б у той пакойчык, дзе я жыў?

- Я чакала ад цябе хоць бы аднаго слова. І каля інстытута, калі ты мяне сустракаў, думала, скажаш, што пойдзем. Перажылі б, напэўна, і добра было б. А потым атрымала ад цябе гэта пасланне, у якім ты пажадаў мне шчасця, і мне стала ўсё зразумела, як глядзіш ты на жыццё. Маці баялася, каб я не ўцякла з табой. Маўляў, людзей было б сорамна, і яна пасылала Касяка, каб сустракаў мяне.

Раман падумаў, але не выказаў, што магло б здарыцца з яе Касяком у час той сустрэчы.

- Я доўгі час нічога не ведала пра цябе, а потым Хведар сказаў, што ты закончыў у Менску юрыдычны інстытут. А чаму ты не юрыст?

- Выйшаў я з вайны, ты ведаеш, з чыстым сумленнем. А жыццё - складаная рэч. Яно б і не было такім складаным, бо само вучэнне, наша сістэма - добрыя, выключныя ў свеце, а вось усё гора ў тым, што некаторыя людзі, якія трапілі на пасады, адразу ж абюракраціліся, палічылі сябе выключнымі ўра-патрыётамі і пачалі зневажаць і церці сумленных. Я стаў з гэтым сутыкацца, заўважаць і асабліва ў вёсцы, калі прыязджаў да бацькоў, ды і чуў ад сялянскіх хлопцаў, якія вучыліся разам. Там часта карысталіся законамі хто як хацеў.

- Ну і як, ты наладзіў парадак?

- Я вырашыў, што больш карысці прынясу не на юрыдычнай пасадзе, а на журналісцкай. І для журналіста веданне юрыспрудэнцыі - неабходная справа.

- А я ў бальніцы працавала і біялагічны факультэт закончыла. Лічу сябе больш лекарам, чым настаўнікам. А гэта горш - ведаць пра ўсякія хваробы. Здаецца, што і сама хворая на многія з хвароб, і мяне гэта вельмі трывожыць. Крыху раней я значна лепш і адчувала сябе, і выглядала... - неяк задуменна сказала Надзя.

- Ну, што ты, такая сімпатычная, табе яшчэ трэба думаць аб прыгожым і добрым жыцці.

- Не, Раман, на мой лёс выпала самае для мяне страшнае - адзінота. Думала, выгадую сына і выйду з гэтага становішча, а яно запаланіла мяне яшчэ больш. Не было б у мяне такой душы, а толькі б існавала як фізіялагічнае стварэнне, я была б шчаслівая і ў такім стане.

- Так, а як жа прыгажуня Ліля жыве?

- У-у, добра, што ўспомніў. Мне так хацелася, каб ты ўбачыў яе некалькі гадоў таму назад. Змардаваная, выкручаная, нібы ануча, толькі па-ранейшаму вочы гараць. Махнула некуды ў Казахстан, кажуць, бацьку яе туды накіравалі. Лічу, што гэта таксама вынік адзіноты, да якой імкнуцца некаторыя жанчыны, яшчэ будучы замужам.

- Якія ўмовы ў наш час для стварэння прыгожай сям'і! Толькі праверце сваё каханне, звяжыце свой лёс, і будзе шчасце. Гэта не тое што ў нас, мы былі, як паэма называецца, «Босыя на вогнішчы»... Я гляджу, цяпер у цябе такія ўсе рэчы дарагія, нават крышталю колькі...

- Калі мы ўвайшлі, я крадком заўважыла, як ты паглядзеў на мае рэчы, і зразумела, што падумаў... Магу толькі дапоўніць твае думы, што ўсе гэтыя рэчы - мярцвячына. І не пойдуць яны за мною ў апошні шлях. Не думай кепска. Я ўсё-ўсё разумею.

- Што гэта ў цябе за ноткі песімізму?

- Нічога, нічога. Ведаеш, іншы раз хочацца нажом на іх выразаць словы, каб яны загаварылі, накшталт як выразае на стройнай асіне безадказна закаханы юнак: «Ваня раўняецца сэрцу з праткнутай стралой». Дык там жа жывое дрэва, яно гамоніць, яно цвіце. А тут глядзі, толькі ў адпаліраваных сценках кожны дзень цень свой акрэслены і бачу. А пайшла, дык і ён знік, хоць бы які адбітак і без мяне ўтрымлівалі, дык не. Была нейкая плынь у жыцці: бегала, крышталь шукала. Думала, што ў акружэнні прыгожых рэчаў будзе больш натхнёнае жыццё. Але заўважыла, што не, і я рашыла кінуцца ў навуку. Цяпер толькі засталося дысертацыю напісаць, абараніць... Хутка пап'ём чаю, пайду пастаўлю, - схадзіла ў кухню і працягвала гаварыць Надзя. - Я хачу на цябе і за сваім сталом паглядзець. Вось гэты дзень толькі і прыбавіцца ў шчаслівыя дні майго жыцця, а як іх было мала, калі не лічыць дзіцячых гадоў. Божа мой, калі мы з табой пазнаёміліся і каб у мяне тады былі вось такія плацці, як цяпер, здаецца, што шчасце хлынула б цераз край. Я ўпэўнена ў гэтым.

- Дык якія ты дні лічыш самымі шчаслівымі?

- Тыя, калі я любіла цябе. А потым усё было не тое.

- Чаму ж для мяне мая жонка тое?

- Бачыш, ты ў іншым становішчы быў. Мог выбіраць, мог знайсці, як кажуць, любоў. Ты сам сказаў, што шукаў мне падобную. А я не магла так нават падумаць. Засталася з дзіцем. А разуменне правільнае ў мужчын. Ты разышлася - адно, або твой муж загінуў, ці так якое няшчасце здарылася, іншае. Разышлася, значыць, нехта з дваіх вінаваты. А каб даведацца, што гэта не ты, трэба многа часу для праверкі. Навошта добраму мужчыну гэтым займацца, калі для добрага ёсць добрыя дзяўчаты. А вось у Веры муж загінуў, і яе ўзяў добры чалавек. Калі ж запытае хто ў мяне, які ў мяне муж быў, і я кажу, што нецікавы, намнога старэйшы і наогул моль, а не чалавек. Скажу так, як на самай справе. І адразу ж адчуваю, што чалавек думае, нібыта я круцёлка была і не раз здрадзіла мужу, а таму і жыцця не было. І ён тады робіцца нахабны. Прызнаюся табе, што дырэктару школы, які хацеў ажаніцца са мной, я сказала, што мужам быў ты і што я вельмі любіла цябе, але ты знайшоў іншую і пакінуў мяне. Дзеля праверкі сказала. Гляджу, у яго нават рэўнасць узнікла, навошта я трымаю фотакартку і што ты можаш вярнуцца да мяне. А так нават жанчыны, якія мала ведаюць мяне, чамусьці лічаць, што ў мяне можа быць дваццаць мужчын і таму я з мужам не жыву. А на самай справе ў мяне ніякага няма.

- Значыць, цябе баяцца ў жонкі браць. Я гэта ўсё яшчэ тады разумеў, што для цябе патрэбен муж, варты цябе. І гора таму хлопцу, які, молячыся на каленях, просіць выйсці за яго замуж дзяўчыну, якая не кахае яго. Ён можа схіліць яе сваім поўзаннем на каленях, але ўсё ж жыццё не прапоўзаеш, не-не ды вырвецца і грубае слова. А варта пачуць не ад любага чалавека папрок, адразу ж рушацца ў адносінах устоі мірнага суіснавання і ўзнікае нянавісць. А калі ненавідзіш чалавека, то як з ім жыць пад адным дахам?

- Якраз так і атрымалася ў мяне. Бывала, зробіць мне якую заўвагу або папрок, дык я ў сценку суткамі гатова была глядзець, а не на яго. Уяўлялася такая брыдота, што калі гляджу, дык сама сліна пырсне яму ў твар.

- А ты думаеш, са мной бы пражыла без заўваг і папрокаў?

- Не думаю, але каб ты мне зрабіў незаслужаны папрок, я пакрыўдзілася б і, напэўна, плакала. А калі б заслужаны, прасіла б прабачэння, цалавала. Па крайняй меры, думаю і нават ведаю, што ў сем'ях, дзе адно аднаго любяць, іменна і ёсць так.

Час, як і калісьці ў Рамана з Надзяй, ляцеў вельмі хутка. Яны пасядзелі яшчэ крыху на кухні, папілі чаю, і Раман сказаў, што пойдзе начаваць у гасцініцу.

- Яшчэ што выдумаў, - сказала Надзя, - хіба ў мяне месца мала?

- Ну, можа, няёмка для цябе, раніцай суседзі ўбачаць і панясуць на языках славу.

- Пра мяне не скажуць кепскае. Слава Богу, у маёй кватэры ні суседзі, ні сын не бачылі п'янак, прыёмаў. Я сама скажу, што заязджаў да мяне стары мой сябра.

- Я сам баюся заставацца з некалі глыбока любімым чалавекам.

- Тады іншая справа.

- Не, няхай застанецца чыстай і святой наша любоў. Можа, каму з часам будзем расказваць, дык хто пасмяецца з нас.

- Няхай пасмяецца і паплача, што яго не надзяліла прырода іншымі пачуццямі, якія падобны пачуццям да роднай крыві, - гаварыла Надзя і слала пасцель Раману на сынавай тахце.

Раніцай Раман з Надзяй выйшлі з пад'езда.

Раману трэба было пайсці на вакзал, заехаць яшчэ ў раён па справах, а ёй трэба было ісці ў школу. Надзя паглядзела Раману ў вочы і сказала:

- Цяпер дазволь, я цябе пацалую на развітанне. Якая шчаслівая ў цябе жонка...

 

* * *

 

Прайшла яшчэ адна вясна. Адшчоўкалі, адцуркаталі салаўі ў сожанскіх затонах, адбуркаталі цецерукі на такавішчах, адхрыпелі на цязе вальдшнэпы. Зноў працягнуў у нябеснай сіняве над шырокім лугам сваю задуменную песню «гэта-а-а, гэта-а-а, гэта-а-а...» вялікі шэры кулік-вераценнік і на дзынканне тонкай нітачкі звёў яе, абарваў да наступных вёснаў. Ужо ўдавілася жытнёвым каласком зязюля і не адлічвала некаму наканаваных гадоў. Стаяў гарачы, ціхі летні дзень. Лісточкі дрэў пакрыліся засцерагальнай, бліскучай плёнкай, каб адбіваць спякотныя сонечныя праменні і ўтрымліваць у сабе вільгаць. Раман стаяў у цяньку пад ліпай супраць Надзінага пад'езда.

Тонкая, з дзіцячых год хваравітая здольнасць адгукацца на заклік чужой душы сціскала Раманава сэрца. І чаму Надзя не паведаміла яму, што ёй цяжка, ён бы прыехаў, прыехаў не дапамагчы, дык хоць бы развітацца.

Надзіны суседзі яму толькі што сказалі, што яе няма і кватэра апячатана райвыканкомам да вяртання сына з арміі. Раман вырашыў недзе па дарозе купіць кветак і схадзіць на могільнік. Час ёсць, і няхай страціць дзень, але ён знойдзе яе магілку. Вось чаму Надзя летась і рабіла перад ім неасцярожныя выказванні аб сваім кепскім здароўі, ледзь улоўліваліся ноткі яе адчаю. А яна ўжо напэўна здагадвалася, хаця і не гаварылі дактары, што хваробу пячонкі не спыніш. Але, Божа мой, была ў росквіце жанчына, і Раман ніколі б не паверыў, што ён глядзіць на яе ў апошні раз.

Мінуў год, і яе не стала.

Не запытаў у суседзяў Раман, ці прыязджаў сын, ці прыязджала сястра.

Але напэўна не, бо сын на падводным флоце, а сястра за мяжой.

Раману тады не здалося, што Надзя з прагнасцю глядзела неяк назад у сваё пройдзенае жыццё, а не так, як усе здаровыя людзі, нібы плануюць яго і ўсё глядзяць уперад. Адзінота яе зводзіла, кідала ў роспач. Яна, напэўна, думала пра свайго сына і толькі хацела ўчапіцца за жыццё, каб убачыць яго мужчынам і яго сямейны лёс. Але прырода без жальбы, калі яна ўжо накіравала смерць - не спыніць, нават якая б неабходнасць ні была для працягу жыцця чалавека. Так недзе і засталася ляжаць недапісаная Надзіна дысертацыя. Надзіна душа - дар неба сумленнаму і праўдзіваму чалавеку. А які ёй выпаў лёс, і ўсё праз вайну праклятую. Існаванне чалавека не вымяраецца па гадах, а па жыцці. Няхай бы хоць гэтыя гады, якія ёй былі наканаваны прыродай, былі светлымі, лёгкімі, радаснымі.

Раман ішоў па вуліцы яшчэ старога горада, абапал яе стаялі драўляныя домікі, ахутаныя зелянінай. Ён паглядваў у людскія агароды і нарэшце ля аднаго доміка спыніўся. Ледзьве знайшоў, як адчыніць веснічку, і ўвайшоў у двор.

Там, на табурэтцы ў цяньку, абапёршыся на палку, сядзеў сівы дзядуля.

Раман прывітаўся і запытаў:

- Дзядуля, вы будзеце гаспадар гэтага дома?

- Так, так, а што вы хацелі? - у сваю чаргу хуценька запытаў стары.

- Вы прабачце мне, але я ў вашым агародзе заўважыў многа кветак. Можа б, вы мне прадалі букет. Колькі скажаце, столькі я вам і заплачу.

- А вы, малады чалавек, сам мясцовы?

- Не, я прыезджы, здалёку.

- А то я мясцовым не даю. Трэба маладым людзям самім вырошчваць кветкі для ўпрыгожвання жыцця. А навошта вам кветкі? - Стары ўстаў і павёў Рамана ў агарод.

- Ну, ведаеце, трэба.

- Якія вам трэба?

- Ружы.

- Ружы вырошчвалі яшчэ старажытныя рымляне. І кожны колер адпавядаў таму або іншаму прызначэнню. Адна справа - вы ідзяце на вяселле, іншая - на спатканне з дзяўчынай.

- Тады я прызнаюся, дзядуля, мне трэба на магілку любімай дзяўчыны.

Стары паглядзеў у вочы Рамана, хуценька павярнуўся і адчыніў скрыначку, якая была прымацавана да сценкі сенцаў, і адтуль дастаў нож з загнутай, падобнай на яго нос, дзюбай.

- Вам трэба ружы цёмнага колеру. Яны азначаюць бессмяротнасць сэрца. Рымляне клалі іх у труну нават, - хацеў паказаць сваю дасведчанасць у кветках стары.

- Чаго не ведаю, дык не ведаю, дзядуля.

Стары нарэзаў вялікі букет цёмна-ружовых кветак і працягнуў іх Раману.

- Колькі ж вам?

Дзядуля зноў глянуў у вочы Раману.

- Я нічога не вазьму, што вы - гэта грэх браць грошы. Мне самому хутка будуць добрыя людзі прыносіць на магілку кветкі. Не, не.

- Вазьміце, - Раман працягнуў пяцірублёвую паперку. - Кветкі ж вырашчаны вашай працай.

- Чалавек усё жыццё працуе дзеля таго, каб мець заробак, а я вырошчваю кветкі, каб на свеце крышку прыгажэй было. І за гэта грошы не бяру. Не, не, сынок.

- Што ж, вялікае вам дзякуй, дзядуля. Жадаю вам яшчэ многа год пражыць, каб было прыгажэй на свеце, - сказаў на адыходзе Раман.

Парыла. З-за небасхілу ляніва паднімалася пухлая чорная хмара, якая нібы выпусціла лёгкі ветрык, ад якога журботна зашумелі старыя хвоі на могільніку. Вецер яшчэ не спусціўся да зямлі, і малыя дрэўцы стаялі нерухома, нібы на жалобнай варце салдаты.

З другога боку, аднекуль з-пад сонца, несла паветраная рэчка больш светлую хмару. Яна плыла насустрач цёмнай, але значна вышэй. Неба замітусілася над бязлюдным востравам лесу. Раман здаваўся сам сабе маленькай кропелькай пад вялізным нябесным купалам, але з жывой душой, з думкай зямляніна, што свет бязмежны і вечны, а жыццё - не.

Зямля дыхала стомленым спакоем. Сум і жальба зноў агарнулі Раманаву душу. Ён прайшоў па могільніку: помнікі, крыжы, агароджы, а ў іх - кветкі, рабіны, ніцыя вербы - дрэўцы, што любілі нябожчыкі пры жыцці. Раман павярнуў на сцяжынку да больш свежых магілак, спыняўся, чытаў надпісы. І вось зямля, пад якой ляжыць любы сэрцу яго чалавек. Недзе далёка прагрымеў гром, а над могільнікам толькі прашумелі буйныя, рэдкія кроплі дажджу. Яны падалі на жоўты пясок і нібы хацелі захавацца, хуценька ўкручваліся ў яго і ляжалі шэрымі гарошынкамі. Перад Раманам была магілка, у якой пахавана адзінокая жанчына. Ён выняў з кішэні сцізорык, зрэзаў быллё і паклаў на яе ружы. І якаясьці горыч пракацілася па Раманавай душы, нібы ўдыхнуў ён пылок зацвіўшага палыну.

Сэрца сціснулася ў такі камяк, так падступала, здавалася, у самае горла, што стала цяжка дыхаць.

У думках Раман пераходзіў з аднаго стану быцця ў другі, і ў ім паўставалі то далёкія часіны юнацтва, то мілы твар любімай дзяўчыны з даверліва-радаснай усмешкай, з кранаючымі ямачкамі ля губ.

Вось яна з'явілася на імгненне аднекуль з далёкай далечы з апушчанымі чорнымі вейкамі на бледным твары і тут жа растала. Такой Раман запамятае яе цяпер на ўсё жыццё.

Дождж гусцеў.


1971-1975?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая